epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

«На хвалях пяшчоты...»

На хвалях пяшчоты

плыве маё сэрца — не тоне.

У лісціку кожным

і ў кожнай рабінавай гронцы

дрыготкія пробліскі радасці

бачу я сёння,

і светла мне ў зорнай цішы вечаровай

на захадзе сонца.

 

А заўтра

сланечнікам жоўтым зары

ў заімглёным акенцы

нязгаснага шчасця чакае мяне залатое

жніво і яна,

светлавокая фея ў святочнай сукенцы,—

якую я сёння сустрэць не паспеў,

але заўтра сустрэну затое.

 

Загадкавы вобраз яе

сярод ночы бязлітасна чорнай

прымроіўся мне,

і яму я ўсміхнуўся спрасоння.

Хачу, каб адбіўся ў вачах яе

свет непаўторны,

часцінку якога

я ў сэрцы адчуў сваім

сёння.

 

Настане пара паўналецця,

і сталасці плённай настане.

І лета аддасць ёй

свае незлічоныя скарбы.

Зайграе на струнах вясёлкавых промняў

світанне,

і ў кроплях звычайнай расы

ярка ўспыхнуць чароўныя фарбы.

 

Дзень заўтрашні прыйдзе —

зарок маіх мар і здзяйсненняў —

як жнівень, гарачы і хмельны,

як верасень, шчодры,

падорыць мне цэлую вечнасць

бясхмарных імгненняў,

і я прывітаю яго, як жаданага госця:

«Дзень добры!»


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан