epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

На магіле маці

Ты чуеш, маці? Сын з табой гаворыць.

На хвалях дзён я наўздагад плыву.

Абрыдла ў цемры жыць, аднак жыву:

свет мне яшчэ не толькі церні дорыць.

 

Калі душу ў блуканнях стома зморыць,

прыйду, каб ніцма ўпасці на траву,

або схілю ў жалобе галаву

і рэха скаргу — сэрца ўздых — паўторыць.

 

О, калі б ты магла ў хвіліну гэту

паслаць мне суцяшэнне з таго свету —

адбыўся б Усявышняй воляй цуд:

 

лёс адмяніў бы жорсткі свой прысуд,

і я ў жыцці зноў змог бы ўбачыць мэту

і патаемны сэнс зямных пакут.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан