epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

Навальніца

Паблякла сонца, і на лес пануры

лёг раптам цень злавеснага крыла.

І разам з подыхам неспадзяванай буры

затрэсла кроны дрэў і ў нетрах загула,

завыла, загукала навальніца.

Пярун, бы звар’яцелы — свет спалю! —

пачаў хрысціць маланкамі зямлю,

і неба ўдарыла ў званы ў завоблачных званіцах.

 

Зайгралі на цымбалах чорных хваль

жыты азімыя і яравы палетак.

А на пагорку млявыя, амаль

змярцвелыя, сцяблінкі траў і кветак,

як маці, да грудзей прыціснула зямля.

Пранёсся ўспуджаны віхор, як звер шалёны,

закапалі на дол раскідзістыя клёны

буйной лістотай з пашарпанага галля.

 

Віхор пранёсся, і ў імгненне вока

з нябёсаў на счарнелыя палі,

на лес, які стагнаў і глуха войкаў,

з такою лютай злосцю дождж паліў,

як быццам нехта зверху з сілай выбіў

дно ў бочцы назапашанай вады.

Тугі струмень умомант змыў сляды

і на пяску фантанам пырскі ўздыбіў.

 

Сцяна вады — стыхія, у якой

маланкі слепнуць, глухне грукат грому.

Раўчук на час адчуў сябе ракой —

знёс кладку, па якой ішоў я з дому...

Але ўжо дождж крыху свой сцішыў шал.

Яшчэ ў смузе лугоў і ніў абшары,

а ў небе ўжо рассунуліся хмары,

і сонца зверху глянула ў прагал.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан