epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

«Не выдумляй, што для цябе я не памру...»

Не выдумляй, што для цябе я не памру —

што ў сэрцы буду жыць тваім бясконца:

жывы ў жыцця бясхмарную пару

пагляд свой цягне ўверх — туды, дзе сонца,

а не туды, дзе бездань цемры, дзе

ляжаць я буду ў цеснай дамавіне.

Але ў вялікім смутку ці ў бядзе,

калі апошні друг цябе пакіне;

калі адчай жыцця нам голаў долу гне

і цісне ўніз нясцерпных крыўд навала —

успомніш ты аднойчы пра мяне,

якога ты сама не ўратавала...


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан