epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

Неспакой

Устрывожаных думак

нястомны перпетуум-мобіле

б’ецца сэрца ў грудзях

і да ранку заснуць не дае.

Нараджае ў ім смутак і гнеў

памяць грозных падзей у Чарнобылі

і на кроснах збалелай душы

павуціну адчаю снуе.

 

Ад гвалтоўнай бяды,

хто падкажа, каму ратавацца як?

Ад яе ж не ўцячэш,

як ад карнікаў некалі ў лес.

Супакойвалі: гэта часова —

павышаны фон радыяцыі...

Не вайна ж, а ўсяго толькі збой

у рабоце звычайнай АЭС.

 

Не вайна, а штодня

людзі гінуць — не толькі пад коламі,

ад шматлікіх хвароб, ад аварый,

але і ад куль.

Каранямі жыццё ў зямны шар

учапілася кволымі

і ляціць, і сляпому яму —

усё роўна, куды і адкуль.

 

Усё роўна сцяблінцы,

якая не чуе, не ведае

і не ўскрыкне,

калі горла ёй перарэжа каса.

Мы ж як быццам паверылі ўжо

ў непазбежнасць Вялікай Трагедыі:

гіне край, і на нашых вачах

непаўторная гіне краса.

 

Прагай выгад імгненных жывём.

Успрымаем з іроніяй

жах свайго існавання,

і боль нас не ўзрушыць чужы.

Быццам самі сабе

мы ўсяго толькі людзі староннія —

нават рэха і тое маўчыць

у пустыні здранцвелай душы.

 

Што няроўнасць людзьмі

для ўзаемнай нянавісці створана,

што ніхто ў поце твару свайго

ўдосталь хлеба не еў —

відавочнае бачылі ўсе,

і цяпер мне балюча і сорамна,

што хаваў я свой сум у душы

і як мог толькі стрымліваў гнеў.

 

Мне б свой край апяваць.

Ад Заходняй Дзвіны і да Брэстчыны

мне б прайсці і з надзеяй

заглянуць у кожны куток,

а я бачу вялізны натоўп

прагавітых, нахабных, разбэшчаных

і ласкавага слова для іх не знайду

і не ўцісну ў радок.

 

Пасміхаюцца: жыць трэба ўмець.

Самавіта і ўпэўнена:

«Хай патоп, а мы ўсё-такі выйдзем

сухімі з вады».

Пачакайце! Яшчэ не патоп,

але мора ўжо хвалямі ўспенена,

і Зямля — карабель наш — ужо

пад пагрозай страшэннай бяды.

 

Хто ўратуе яго,

хто Зямлю нашу здолее вывесці

на арбіту святла

з небяспечных касмічных віроў,

покуль згоды няма сярод нас,

а ў саміх — пачуцця справядлівасці,

покуль розум і талент людзей —

на ўзбраенні ў драпежных звяроў?

 

Вось чаму, калі ноч

люстру зорнага неба запальвае

і палову Зямлі

спавівае у дрымоту і сон,

пранікае ў душу неспакой

і расце ў ёй, і сэрца зашкальвае —

радыяцыя роспачы ў сотні разоў

перавысіла фон.

 

Устрывожаных думак

нястомны перпетуум-мобіле

б’ецца ў цемры яно

і да ранку заснуць не дае.

Нараджае ў ім смутак і гнеў

памяць грозных падзей у Чарнобылі

І на кронах збалелай душы

павуціну адчаю снуе.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан