epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

«Па-над хатамі, па-над гумнамі...»

Па-над хатамі, па-над гумнамі —

полаг неба, сатканы з хмар.

З прадчуваннямі ў сэрцы сумнымі

на знямелы глядзіш абшар.

 

Зноў куды ні кінь — і на выгане,

і ў палях — сівы снег ляжыць.

Пачакай: яшчэ сонца выгляне.

Сонца выгляне — будзем жыць.

 

Сэрцу дай свайму супакоіцца,

акрыяць ад шэрай нуды.

Хай табе ў страшных снах не мроіцца

цёмнай ноччу прывід бяды.

 

Неаднойчы ужо хмара засціла

чорным ценем наш доўгі шлях.

Хай нам сто разоў не пашчасціла,

хай чарнобыльскі ў сэрцах жах,

 

хай разлічана, што ў нядолі нам

жыць на гэтай зямлі сто год —

у вяках нікім неадолены

немагчыма скарыць народ.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан