epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

«Пакінуты дом на вачах старэе...»

Пакінуты дом на вачах старэе.

Не палена ў печы, і сонца не грэе

сівых ад марозу — нібы ў золкім срэбры —

маршчыністых сцен заінелыя рэбры —

бярвенняў, знадворку — парэпаных, шэрых,

знутры — у падцёках на брудных шпалерах.

 

Няма гаспадыні ў пакінутай хаце.

Жыла адзінока ў ёй хворая маці.

Калі ж і зусім не магла ўстаць на ногі —

адкуль было хворай чакаць дапамогі?

Усё спадзявалася: сын вось прыедзе...

Праз тыдзень яе пахавалі суседзі.

 

Без догляду хаце пад гонтам счарнелым

самотна стаяць і глядзець на свет белы

праз вейкі пажоўклых аконных фіранак.

Пахіліцца комін, праваліцца ганак.

Адны толькі ластаўкі, як і спакон, тут

жыць будуць — у гнёздах пад дахам з гонту.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан