epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

Песня

Не сумую, душой не пакутую

без цябе, боль мой, радасць мая,

калі зноў, у дзяцінстве пачутую,

тую песню прыгадваю я:

«Там за гаем зеляненькім

брала ўдова лён драбненькі...»

 

Спакваля змест яе і мелодыя

тонкай ніццю ўпляліся ў мой лёс.

Песня дарам прарочым валодае

І таму так кранае — да слёз:

«Дазволь, маці, ўдову ўзяці —

ўдова будзе шанаваці...»

 

Неўпрыкмет часу бег замарудзіцца,

каб у сэрцы змагла прарасці —

хай усё, што ў ёй сказана, збудзецца,

што яшчэ не збылося ў жыцці:

«Счаравала мужа свайго,

шчэ счаруе й сына майго...»


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан