epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

Рака

А.

 

Даруй, што не ў маёй твая рука:

паміж табой і мной цячэ рака,

якую мы ніколі не пяройдзем —

у ёй, бяздоннай, броду мы не знойдзем.

 

Дарэмна спрабавалі я і ты

над ёй навесці штучныя масты.

Рака два сэрцы без мастоў злучыла,

плячо ў плячо нас крочыць навучыла.

 

Ні ўзрост, ні лёс вандроўны, ні гады

не могуць замуціць у ёй вады.

Цячэ яна, раскручваецца стужкай.

Над ёй любоў лунае вольнай птушкай...

 

Шырэй становіцца, цячэ шпарчэй, —

і знікне ўрэшце бераг твой з вачэй.

Рака ў бяскрайняе ўвальецца мора.

Раку марская праглыне прастора.

 

І назаўжды разлучыць далячынь

два берагі адной ракі — дзве долі.

І кане ў вечнасць нашых жыццяў плынь.

І болей мы не ўбачымся ніколі.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан