epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

Ранак у лесе

Пранік прамень святла ў лясныя нетры,

пазаганяў у дуплы шэрых соў.

У кронах дрэў прачнуўся лёгкі ветрык

і дружны хор птушыных галасоў.

Ноч прэч наўскоч пабегла без аглядкі,

прачнуўся лес, і — хоць славутым не радня —

асіна й тая запляскала ў ладкі

дрыготкім лісцейкам сваім — у гонар Дня.

 

Адна Яліна сумная стаіць.

Пыхлівы Дуб рашыў з яе пакпіць:

«Чаго надзьмутая стаіш, кісейная паненка?

Чаму не радуешся сонцу, адшчапенка?»

 

«Не для мяне яно, — адказвае Яліна, —

калі ўзыходзіць, ззяе ў вершалінах

высокіх самых і магутных дрэў, а ўдзень

ты, як заўсёды, свой раскінеш цень,

і сонца я ўсё роўна не пабачу.

І хоць прывыкла я: не скарджуся, не плачу —

не мне яно прамень свой шчодры шле...»

 

На момант цар лясны задумаўся, але,

збянтэжаны і здзіўлены бясконца,

наўрад ці ён галоўнае спасціг —

што не для ўсіх прыносіць радасць сонца,

калі яно ўзыходзіць не для ўсіх.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан