epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

«Ранкам клён зялёны на маім падворку...»

Ранкам клён зялёны на маім падворку

дзіўную з лагодным ветрам вёў гаворку:

«Дружа мой крылаты! Ветру хутканогі!

Бачыш: там на ўскрайку лесу, бліз дарогі,

расцвіла чаромха ў вэлюме вясельным?

Прыляціш — напоіць гаркавата-хмельным

водарам пялёсткаў, белых — як сняжынкі,

што ўсыпаюць пухам сцежкі і сцяжынкі...

Ты з ёй прывітайся, ты з ёй пазнаёмся.

Скаргу майго сэрца перадай чаромсе.

Соладка ў палоне мар і летуценняў

дзён чакаць пагодных, а ў пару цвіцення

я ўдвая самотны. Крыўдна мне і горка

пазіраць удалеч са свайго падворка

на яе ў святочным, сонечным убранні,

аб нязбытным з ёю марачы спатканні.

Бо хоць і даўно я да яе імкнуся,

ды такі ўжо лёс мой: з месца не скрануся...

Папрасі, скажы ёй, сціплай і нясмелай:

хай мне хоць хусцінкай памахае белай».


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан