epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

Роднае дрэва

Вунь лісцік на дрэве — ахоплены тлом,

гарыць — дагарае апошнім святлом.

І хутка на дол разам з іншымі ляжа.

Пануры вятрыска яму так і кажа.

І чуе, як ліст яму шэпча ў адказ:

«Дарма ты вярэдзіш душу мне ўвесь час

хаўтурным сваім, сумным восеньскім спевам:

душой назаўжды знітаваны я з дрэвам.

Бо разам з братамі яго гадаваў:

лавіў промні сонца — яму аддаваў,

сцярог яго гонар ад хцівага вока,

і роднае дрэва ўзнялося высока,

і роўных яму сярод роўных няма.

Яму я жыцця свайго скарб нездарма

дарэшты аддаў — покуль сам быў зялёны:

хай заўтра я згасну, як згаслі мільёны,

хай кропелькай сонца згублюся ў траве —

мне ў памяці жыць, покуль дрэва жыве».


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан