epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

Шахматы і жыццё

Поле чорна-белай рэчаіснасці:

дошка шахматная — фон жыцця.

Як жа не згубіцца, як сваіх знайсці,

калі ты адзін, без прыкрыцця?

 

Выжыць і не страціць дабрачыннасці

ў гэтым тлуме шахматных віхур?

Надта ўжо няроўныя магчымасці

у амаль аднолькавых фігур.

 

Добра побач з каралём наверсе

ў прыкрыцці дружыны баявой.

Добра быць сланом, яшчэ лепш — ферзем —

той сабе гуляе па крывой.

 

Ці канём, які заўжды гатовы

па загаду з пенай на губе

і сягаць наўпрост цераз галовы,

і таптаць слабейшых за сябе.

 

Ты ж паспачувай звычайнай пешцы,

што заўжды трапляе ў лік ахвяр,

той, якую шахматысту ў спешцы

не шкада падвесці пад удар.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан