epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

Санет II

Жахлівы сон адразу нас разбудзіць —

усхвалявана сэрца б’е ў званы,

і доўга потым успамінам студзіць

душу той, перажыты, жах начны.

 

Калі ж ёй радасныя сняцца сны,

прачнуцца кожны раз душа марудзіць —

каб іх вясёлкавы настрой не спудзіць,

каб і на яве сніліся яны.

 

Каханне — гэта светлы сон душы,

які калісьці мне ў начной цішы

надоўга вобраз твой навеяў мілы.

 

Я знаю: сон той скончыўся даўно,

і ўжо мне ранак стукае ў акно,

а я прачнуцца ўсё не маю сілы.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан