epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

«Шчэ душа не паспела прачнуцца...»

Шчэ душа не паспела прачнуцца,

а зямля ўжо ўладарна і смела

затапляе паводкай пачуццяў

востраў сэрца майго здзірванелы.

 

Зносіць смецце, што ўпотай пакрыла

востраў сэрца пластамі здранцвення.

Падмывае той бераг, дзе крыўда

ўвачавідкі пусціла карэнне.

 

Перажытага прэлае лісце,

ствол засохлага дрэва кахання,

што цвіло тут, буяла калісьці

сном ружовым былых спадзяванняў —

 

хай вясноваю змые паводкай

тая жыццесцвярджальная сіла,

ад якой так шчымліва-дрыготка —

чую: кроў абуджаецца ў жылах.

 

Хай світальнае зоймецца ранне

ў ачунялай душы і ў прыродзе.

І хоць раз яшчэ прыйдзе каханне —

як за зімамі вёсны прыходзяць.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан