epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

Смерць

Васілю Сахарчуку

 

Зыркім вогнішчам зары над лесам

летні дзень паволі дагараў.

Збіты шпаркім чорным «мерседэсам»

на шашы сабака паміраў.

 

Ён стагнаў-скуголіў, быццам плакаў.

Ледзьве да абочыны дапоўз.

З горла колеру пунсовых макаў

кроў на рыжую сцякала поўсць.

 

Адчуваў, што выжыць немагчыма,

але жыў яшчэ і жыць хацеў,

і вільготнымі ад слёз вачыма

моўчкі ў высь пустых нябёс глядзеў.

 

Позірк прадсмяротны, несабачы,

боль нясцерпны і туга ў вачах...

Я ў тым позірку знянацку ўбачыў

чалавечы — перад сконам — жах.

 

Смерць была і будзе шматаблічнай,

але кожны ўцяміць пакрысе:

перад рэчаіснасцю трагічнай —

перад смерцю — роўныя мы ўсе...

 

Ён сканаў, і ў сэрца мне як быццам

упілося вастрыё ляза:

так яму балюча стала — біцца,

і з вачэй скацілася сляза.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан