epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

Сон

Ад пяшчотнага дотыку

першых сонечных промняў

я прачнуўся на досвітку

і адразу ж успомніў —

хоць яшчэ карагодзіла

ў млявых думках спрасоння:

да мяне ты прыходзіла

ў сне, што сніўся мне сёння.

 

Завітала, нябачная,

ты ў мой дом без прынукі,

і з пяшчотай, удзячны, я

цалаваў твае рукі,

шчочкі, вочы смяшлівыя,

вуснаў пругкую мякаць.

І такі быў шчаслівы я,

што хацелася плакаць.

 

Успамінам сагрэтае

ў дзённых клопатаў прозе

пачуцё ўва мне гэтае

яшчэ доўга не пройдзе.

Будзе соладка марыцца:

што, калі неўзабаве

з намі ўсё гэта здарыцца

ўжо не ў сне, а на яве?


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан