epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

Спагада

Прыпякала. Нерухома, ціха

млявы летні дзень вісеў над полем.

Нават дуб і той ужо ледзь дыхаў,

ценю прагнучы сасмяглым голлем.

 

Хмарка хвораму паспагадала —

адвяла бязлітасныя промні.

Пад крыло ўзяла — павеццю стала,

і заварушыўся непрытомны.

 

«Дай дажджу», — прашапацеў.

Ды дзе там!

Вецер падхапіў яе знянацку

і панёс яе над белым светам,

лёгкую ў яго руках — як цацку.

 

І хоць нават цень яе ледзь бачны

знік ужо за рысай далягляду,

ачунялы дуб ёй шчыра ўдзячны —

не за паратунак, — за спагаду.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан