epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

Спёка

Аж млосна на сэрцы,

аж вусны пасмяглі, здаецца.

Сцякае смуга валасоў

ручайкамі на лоб твой спацелы.

Вадой рачной пахне,

ад дотыку рыбінай б'ецца

пад тонкім купальнікам

пруткае гнуткае цела.

 

Крык першы здзіўлення і радасці

выдыхся ў ціхія стогны —

з грудзей у салодкай знямозе

і з вуснаў гарачых...

Гайдаюцца лодкамі ў хвалях рачных

твае голыя сцёгны.

Гайдаецца свет у вачах

і бліскучага сонца гарлачык.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан