epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

«Стаіць, нібыта заварожаны...»

Стаіць, нібыта заварожаны,

лес у вячыстым харастве.

На ўскрайку — стомлены, здарожаны —

спіць ветрык у сухой траве.

 

Плывуць хмурынкі ў золкай просіні.

Туман — як прывід над ракой.

Паўсюль прыкметы блізкай восені,

і ў сэрцы восеньскі спакой.

 

Няма ні смутку ў ім, ні горычы.

І ліст, пажоўклы без пары,

яшчэ свіціцца, радасць дорачы, —

у німбе гаснучай зары.

 

Шчаслівы той, каму прызначана —

перш чым надыдзе судны час —

іскрынкай радасці не страчанай

успыхнуць — у апошні раз.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан