epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

Увосень

Вецер сцежку згубіў —

прыпыніўся на ўзлеску і вобмацкам

разграбае лістоту,

шукаючы нешта ў траве.

А высока над лесам

крыштальна-празрыстае воблака

велізарнаю белаю крыгай

з усходу плыве.

 

Не пакінуўшы следу,

дакладней нябачнага скальпеля

сінь нябёсаў шкляных

па-над шэрай смугою балот

клін рассек жураўліны,

і з воблака раптам закапала —

усяго толькі некалькі кропляў,

халодных як лёд.

 

Крывяню сабе вусны

калінавай ягадай спелаю.

П’ю ляснога паветра

духмяны смалісты настой.

І ўплятае мне восень

яшчэ адну нітачку белую —

урачыстага смутку —

у мой жураўліны настрой.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан