epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

Вэртумн і Памона

Бог пораў года, ветру і дажджоў,

Вэртумн няўрокам у багіню дрэў і кветак,

Памону, моцна закахаўся гэтак,

што выйсця лепшага ў адчаі не знайшоў,

як з мэтай прыгажуні спадабацца

любымі сродкамі, любой цаной

прыхільнасці абранай дамагацца,

штораз мяняючы на іншы выгляд свой.

Любое меў ён дар прыняць аблічча:

то грозны воін ён, то малады марак.

і ўсё-такі не мог злавіць яе ніяк —

Памона на вачах знікала таямніча,

хавалася ў густой лістоце дрэў,

прыняць яго ў чужым абліччы не жадала.

І гэтак кожны раз яму не шанцавала,

пакуль памылкі ён сваёй не зразумеў...

Калі ж ён вырашыў больш не хітрыць —

самім сабою стаць перад каханай,

аблічча ёй сваё сапраўднае адкрыць —

быў ёю з радасцю прыняты нечаканай.

Пабраліся яны і разам зажылі

з тае пары ў сапраўднай шчырай згодзе

і ў клопатах аб тым, каб кожны год палі

прыносілі ўраджай і ўсё цвіло ў прыродзе...

 

О мудрасць першабытнай даўніны!

Наіўная, а сэнс глыбокі мае:

сапраўднае каханне не прымае

ні хітрасці ніякай, ні маны.

 

Чаму ж мне ўсё-такі ад гэтай казкі сумна?

Ці не таму, што ў нетрах сэрца я

зайздрошчу ўдачы закаханага Вэртумна?

Хай зайздрасць і не чорная мая,

аднак употай крыўдна мне да болю,

што, покуль я не стаў самім сабой,

пакуль чужую мне выконваў ролю —

да часу быў аблашчаны табой,

але адрынуты, як белая варона,

калі ў каханні больш ілгаць табе не мог.

Прычым — не з-за таго, што я не бог,

але таму, што ты таксама — не Памона.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан