epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

«Вецер вішчыць, як паранены вепр...»

Вецер вішчыць, як паранены вепр.

Шэрыя постаці клёнаў і верб.

Белае марыва ў белых палях.

Снежаньскай золлю пазначаны шлях.

 

Белы карункавы цюль на сасне

белы твой вэлюм нагадвае мне.

Ветру здзічэлага жудасны зык —

п’яныя полькі вясельных музык.

 

Цяжка мне. Камень на сэрцы ляжыць.

Думаў: былое змагу перажыць —

прыйдзе і страчаны верне спакой

радасць ад першай сустрэчы з табой.

 

Бачу цяпер: спадзяваўся дарма.

Ёсць успамін, а спакою няма.

Шлях мой самотны. Праз тоўшчу імглы

зноў прарастае мой смутак былы.

 

Цёмна ўваччу і губляецца след.

Збочу з дарогі, пайду ў белы свет.

Лепей хай снег на пустэльнай вярсце

ў сэрцы ўваскрэслы той боль замяце.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан