epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

«Зноў душу апякае ўспамінам...»

Зноў душу апякае ўспамінам

чырвань лісця на чорнай раллі.

Зноў над краем лясным і раўнінным

клін за клінам ляцяць жураўлі.

 

З ціхім сумам калісьці я шчыра

і ўсур’ёз ім зайздросціў: яны

мелі дзесьці свой сонечны вырай —

край, дзе ўдосталь цяпла і вясны.

 

Іх палохалі снежныя зімы.

Сніўся ў верасні ім белы май.

І хацелася мне ў след за імі

паляцець у той казачны край.

 

А цяпер толькі горкую ўсмешку

выклікае той даўні ўспамін...

Я стаю, і вачыма — на ўзмежку —

жураўліны праводзячы клін,

 

чую ў небе іх сумныя крыкі:

ёсць у птушак старонка свая,

але свет перад імі — вялікі,

і яны адлятаюць. А я

 

маю тут свой куток і ў кутку тым

мушу, сын шматпакутнай зямлі,

зноў і зноў заставацца — прыкуты

лёсам продкаў да чорнай раллі.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан