epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

«Зноў з-за хмаркі выплыў месяц...»

Зноў з-за хмаркі выплыў месяц,

а ў вачах і сэрцы — змрок.

Бляск фальшывы не ўваскрэсіць

і не вылечыць твой зрок.

 

Тым, хто ў ноч — у ёй, бясконцай,

усляпую ідучы —

цэлы век не бачыў сонца,

цяжка зрок свой зберагчы.

 

Так яно, бадай, і лепей:

невідушчаму лягчэй.

У начы, бы ў цёмным склепе,

лепш зусім не мець вачэй...

 

Адхінаю ўбок фіранку:

цемра — чорны сплаў свінца.

Толькі б дачакацца ранку —

не аслепнуць да канца.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан