epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

Зорка радасці (вянок санетаў)

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI
VII
VIII
ІХ
Х
ХІ
XII
XIII
XIV
Магістраль


Г.С.

Тебе одной плету венок.

С. Ясенін

 

 

І

 

Сэрца ў цемры дарогу знайшло

і лунае ў бясхмарнай сінечы.

А дагэтуль няўцямна жыло

ў падсвядомым чаканні сустрэчы,

ад якой свой узлёт пачало...

Безліч мар увасобіла ў нечы

гожы твар, палахлівыя плечы,

бляск вачэй праз аконнае шкло...

«Хто ты? Чым так душу ўсхвалявала?

І адкуль тая радасць мая?»

Першай кветкай пад спеў ручая,

першым громам вясна мне гукала:

«Як адкуль? Гэта ж мара твая

сярод зорак сваю адшукала».

 

ІІ

 

Сярод зорак сваю адшукала —

так я потым санет свой пачаў,

а тады ўсхвалявана маўчаў —

слухаў: ты ў маім сэрцы — світала.

Шкадаваў, што так выпала мала

для знаёмства хвілін і падстаў...

Нават — хто ты, адкуль — не спытаў,

сэрца ж сэрца адразу пазнала.

І хоць варта прадбачыць было:

крыжам лягуць, разыдуцца сцежкі —

зерне радасці ўсё ж прарасло,

і сумненняў развеяла рэшткі

шчырасць позірку, шчодрасць усмешкі.

Дзякуй, дзякуй табе за святло.

 

ІІІ

Дзякуй, дзякуй табе за святло

і ў душы і ў няўтульным Сусвеце...

За ўсё лепшае тое на свеце,

што было і чаго не было.

І хоць сэрца спачатку ў сакрэце

ад цябе свой настрой берагло,

не сляпое — усё ж не магло

не заўважыць, што ёсць нехта трэці —

шчаслівейшы; яму, а не мне

ты ўжо ўсё, што магла, абяцала,

і што сам я па ўласнай віне

плыў кудысьці, бы ў казачным сне,

а надзея той сон вартавала

і ў адчаі душу сагравала.

 

IV

Што ў адчаі душу сагравала?

Мо ўсяго толькі ўсмешка адна?..

А між тым прад вачыма сцяна

непазбежнасці раптам паўстала.

Ці то з сэрцам знарок жартавала

чараўніца пачуццяў вясна?

Ці не ў час завітала яна?

У прыродзе такое бывала:

калі восень на кожным лісце

ўжо аўтографы ўсім раздавала,

раптам яблыня зноў зацвітала —

вяне ліст, а яна ўсё цвіце,

покуль вецер той цвет не змяце

дзён мінулых лістотай апалай.

 

V

Дзён мінулых лістотай апалай

не прыкідае час тых падзей,

што запалі мне ў сэрца трывала

разам з крыўдай — атрутай надзей.

Прыкмячаў: з цягам часу радзей

і ўсё менш мне ў жыцці шанцавала,

і баяўся пачуць ад людзей:

«Лёс жыцця яго склаўся няўдала...»

Покуль ваша вяселле гуло,

я з самотай заручыны справіў.

Выпіў з ёй. Свет мяне не цікавіў —

пачуццё адзіноты гняло...

Лёс апошнюю кропку паставіў...

Золкім снегам шляхі замяло...

 

VI

Золкім снегам шляхі замяло.

Доўга ў сэрцы ўладарыла сцюжа.

Спрабаваў я разблытаць сіло;

раіў сам сабе: мудрым будзь, дружа,

не твая гэта белая ружа....

І патроху ў душы пачало

праясняцца. Лёс хмурыў чало,

ды нядоўга і ціснуў не дужа,

а сустрэліся — зноў усплыло

перажытае. Зноў на паверхні,

што хмяліла, а потым гняло,

прагучала: «Прабач» і «Павер мне...»

Зерне радасці — кволае зерне,

але ў сэрцы ізноў ажыло.

 

VII

Але ў сэрцы ізноў ажыло —

нагадала самотнаму, хто я —

шчасце ў думках быць побач з табою

аднавіла і пераўзышло

ўсе мае спадзяванні. Без бою

за былое рэванш узяло.

Забуяла ў душы, зацвіло —

ты ўзышла ў ёй нязгаснай зарою.

Сам я з сэрца таму толькі змог

вырваць крыўды смяротнае джала,

што ты сціпласць майго ашчаджала

пачуцця — каб не зблытаць дарог,

каб я чыстымі ў сэрцы збярог

зорных мар і ўспамінаў нямала.

 

VIII

Зорных мар і ўспамінаў нямала

застаецца ў душы назаўжды.

Іх мне ў дні адзіноты хапала.

Іх, як скарб, я нясу праз гады

мо таму, што ты мне спачувала,

калі чэз я ў палоне бяды —

можа, ты мне ў самоце тады

гэтым самым душу ратавала

і знайшла ў маім сэрцы жытло.

І калі я адзін сярод ночы —

лёс кахання майго — не сірочы:

хай два жыцці ў адно не звяло —

ды яно прасвятліла мне вочы,

рэшткі крыўды распаліся ў тло.

 

ІХ

 

Рэшткі крыўды распаліся ў тло.

Веру яве, якая не гіне.

Гэта значыць, каханне было,

ёсць, і будзе, і нас не пакіне,

будзе кветкай цвісці ва ўспаміне.

Можа, возьме яшчэ пад крыло...

Калі ў хвалях раз’юшанай плыні

злосна выла, гудзела, раўло,

калі човен мой вабіла дно,

калі плыў без руля і матора

і варожым здавалася мора,

над якім нават зор не відно —

зноў вярталася у думкі яно,

 

і святлеў далягляд і прастора.

 

Х

Пасвятлеў далягляд, і прастора

неабсяжнасцю радуе зрок...

Бачу — сэрцам — той дзень і той горад,

дзе спаткаў я цябе незнарок.

Твой ад’езд... Твой няўпэўнены крок...

Ціхі сум у вачах і пакора...

Еднасць душ, і ні кроплі дакору...

Расхінаючы ранішні змрок,

твой цягнік выплыў з-за семафора...

Вобраз твой — Маці Боскай абраз —

неўміручы — не счэз і не згас,

ува мне ён такі ж, як і ўчора,

і здалёк — праз адлегласць і час —

усміхаецца мне ясназора.

 

ХІ

 

Усміхаецца мне ясназора

незадымлены мой далягляд.

На раўніне жыцця кожны ўзгорак

непаўторнасцю лашчыць пагляд.

Не хачу я шукаць сярод зорак

іншай роднай душы — наўздагад:

хісткіх кладак і прывідаў шмат

тоіць цемрай прасмолены морак...

Тут заўжды, побач з сэрцам, каханне —

кожны дотык праменіць святло.

Неўпрыкмет іншы змест набыло

і сапраўдны свой сэнс існаванне,

і на схіле жыцця, як світанне,

пачуццё замірэння прыйшло.

 

XII

Пачуццё замірэння прыйшло

з цэлым светам, з людзьмі, з гэтым лёсам.

Без яго мяне ўраз апякло,

а цяпер хоць на вогнішча босы.

Што мне з ім небяспечныя плёсы!

Я вяслую ўсім бурам назло!

Хай глядзяць, хай зайздросцяць нябёсы:

я надзейнае маю вясло!

Хай мне будзе мой вопыт апорай.

Ці ж я сёння дазволю сабе

над мінулым схіляцца ў журбе,

як ратай над няўдалай разорай?

Ноч — я ў думках лячу да цябе,

і не страшны мне цемра і гора.

 

XIII

І не страшны мне цемра і гора,

і няўзнак мне, што мала сяброў.

Ёсць святло і ў імгле вечароў:

б’е фантанам на захадзе ўгору —

пырскі сыплюцца ў нетры бароў —

апаўдня цень хаваецца ў норы,

а ўначы свецяць месяц і зоры —

што ім прывідны бляск ліхтароў!

І нязгасны твой вобраз — як сонца,

што ў захмараным сэрцы ўзышло...

І, хоць болем наскрозь працяло

і ўявілася цемра бясконцай, —

носьбіт сонца, яго абаронца, —

сэрца знойдзе і ў цемры святло.

 

XIV

Сэрца знойдзе і ў цемры святло.

Прыгадай, калі смутак нахлыне —

не адна ты ў жыццёвай пустыні...

І, хоць рэха тых дзён адгуло, —

тут, у сэрцы, дагэтуль не стыне

слоў тваіх развітальных цяпло...

Як ні гне нас адвечнае зло —

сэрца сэрца ў бядзе не адрыне.

Свет яшчэ не дарэшты сапсуты.

Перажытае плён свой дало —

каб нікому не крыўдна было,

каб заўжды быў твой голас пачуты,

каб, да зор ідучы праз пакуты,

сэрца ў цемры дарогу знайшло.

 

Магістраль

Сэрца ў цемры дарогу знайшло —

Сярод зорак сваю адшукала.

Дзякуй, дзякуй табе за святло,

што ў адчаі душу сагравала.

Дзён мінулых лістотай апалай,

золкім снегам шляхі замяло,

але ў сэрцы ізноў ажыло

зорных мар і ўспамінаў нямала.

Рэшткі крыўды распаліся ў тло,

пасвятлеў далягляд, і прастора

усміхаецца мне ясназора.

Пачуццё замірэння прыйшло.

І не страшны мне цемра і гора —

сэрца знойдзе і ў цемры святло.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан