epub
 
Падключыць
слоўнікі

Васіль Галавачоў

Волат на дарозе

 

1

 

Хмары віселі нізка суцэльнай заслонай, іх вільготны подых разагнаў нават крыклівых чатырохлапых птушак, адзіных буйных драпежнікаў на кантыненце. Здавалася, само неба, шэрае, беспрасветнае, манатоннае, упала на мокры лес.

Унізе на схіле ўзгорка варухнуліся галіны сінявіта, і на лясную паляну выйшлі двое: невысокі таўставаты мужчына з зусім сівай хваляй кучаравых валасоў і танклявая, як сцябліна рамонка, жанчына з журботнымі вачыма. Вядома, адсюль, з вышыні, Грэхаў не мог бачыць выразу яе вачэй, проста ведаў, што яны зусім сумныя. На гэтую дзіўную, маўклівую пару ён звярнуў увагу ў першы ж дзень іх прыезду ў санаторый. Здалёку прыняў іх за бацьку і дачку, на самай жа справе былі яны мужам і жонкай. Яго звалі Грант, Яраслаў Грант, яе - Ціна. Ад лекараў Грэхаву стала вядома, што ён зорны лётчык, камандзір карабля, трапіў у нявыкрутку, атрымаў псіхічную траўму і цяпер наўрад ці зможа вярнуцца да сваёй працы.

Аднойчы Грэхаў выпадкова сустрэў іх у лесе, і яго ўразіў выраз болю і пяшчоты на твары Гранта, калі той звяртаўся да жонкі. Увогуле бачыў іх Грэхаў даволі часта, вось як цяпер, напрыклад: тэрыторыя запаведніка, дзе размяшчаўся санаторый, была невялікая. Двойчы прылятаў да іх малады чалавек гадоў дваццаці, нечым падобны на Гранта, напачатку Грэхаў нават прыняў яго за сына, але з часам зразумеў, што памыліўся. Тады жанчына пакідала іх ненадоўга, быццам не жадаючы прысутнічаць пад час размовы, але, і застаючыся сам-насам, яны, на думку Грэхава, маўчалі. Можна было падумаць, што юнак толькі дзеля таго і прыляцеў, каб пастаяць побач з сівым, моўчкі, сурова, без ценю ўсмешкі. У паводзінах іхніх была нейкая недагаворанасць, якая прымушала задумвацца пра дзіўную загадкавасць чалавечых узаемаадносін. Але Грэхаў, як і яны, шукаў самоты, спадзеючыся на яе гаючыя ўласцівасці, не знаходзіў яе і ўрэшце зразумеў, што выдатныя чарыянскія лекары могуць вылечыць цела, але не ў стане загаіць душу.

Мужчына паглядзеў угору, заўважыў яго хуткалёт, узмахнуў рукой. Грэхаў таксама памахаў у адказ. Жанчына азірнулася, пацягнула Гранта за рукаў, і яны зніклі за дрэвамі. Шолах ветру ў лістоце заглушаў іх крокі.

Грэхаў зябка перасмыкнуўся і ўзмацніў абагрэў касцюма, хоць холадна яму не было - чыста псіхалагічны эфект. Зарадзіў спорны дождж, і Грэхаў зачыніў ліхтар кабіны, уладкаваўся каля пульта кіравання і задрамаў.

Пабудзіў яго піск выкліку, і, яшчэ не расплюшчыўшы вочы, ён дакрануўся да кальца прыёмніка на запясці.

- Грэхаў, да вас наведвальнік. Вашы каардынаты?

- Заходні сектар лесу, - сказаў ён у мікрафон, - даю пеленг. А што здарылася? Хто наведвальнік?

Але дзяжурны ўжо адключыўся, і Грэхаву заставалася толькі варажыць, каму ён спатрэбіўся. Можа, яму нарэшце дазволяць пакінуць санаторый? Бо чуецца ён цудоўна... калі не лічыць заўсёднай хандры ад думак пра сваю працу, пра сяброў, пра Паліну. Пасля падзей на Самніі, спадарожніку Чары, калі ён тры гадзіны праляжаў мёртвы ў радыеактыўным склепе - былым выратаваўчым караблі, лекары на Чары амаль год змагаліся за яго жыццё, а Паліна... Яна нават не ведала, што ён на Чары... Зрэшты, яна ўвогуле не ведала, што Грэхаў застаўся жывы. Ды і лічаныя адзінкі ў аддзеле гэта ведалі, бо чарыяне не палічылі патрэбным паведаміць пра яго на Зямлю, сумняваючыся ў тым, што ён выжыве, але ён выжыў і выдатна пачуваецца... калі не лічыць... Так, пра Паліну ён думаў увесь час. І баяўся паслаць ёй вестку, сам не ведаў чаму, але баяўся. Грэхаў усё чакаў, што яна даведаецца сама. Можа, хтосьці ўсё ж паведаміў ёй? Дыега Вірт, напрыклад... альбо Сташэўскі. Яны ж ведаюць, што ён тут. Але калі гэта Паліна...

Грэхаў прыўзняўся з сядзення, углядаючыся ў заслону дажджу. Потым зазлаваў на сябе і сеў. Пасля сваёй часовай смерці... як гучыць, га?! - пасля смерці!.. Што ж, ён мог сказаць так з поўнай рацыяй. Пасля смерці ён стаўся больш уражлівы, хутка ўзбуджаўся, і, шчыра кажучы, гэта яму не падабалася.

А дзевятай гадзіне раніцы побач з яго апаратам апусціўся нарэшце нечы аранжавы хуткалёт. Грувасткая постаць выбралася з яго, і ён уздыхнуў: радасна і засмучана адначасна - сэрца чакала іншага наведвальніка. Гэта быў Сташэўскі, шэф другога аддзела Кіраўніцтва аварыйна-выратавальнай службы (КАВС), яго сябра і непасрэдны начальнік.

- Здароў, пустэльнік, - прабурчаў ён, залазячы ў кабіну. - Чаго пануры? Не рады мне? Занядужаў?

- І рады і здаровы. - Грэхаў з задавальненнем разглядаў яго карычневы ад загару твар. - Настрой паганы. Чарыяне не выпускаюць з санаторыя, навесілі на мяне кучу датчыкаў...

Грэхаў змоўк і звыкла агледзеў купал неба і сцяну лесу на схіле ўзгорка. Нешта змянілася там, нічога пагражальнага, вядома, але абвостранае пачуццё небяспекі неаднойчы ратавала калі не яго жыццё, дык шкуру, і пагарджаць інтуіцыяй ён не меў права.

- Жоўты туман, - растлумачыў Сташэўскі.

- Ну вядома ж, - з палёгкай сказаў Грэхаў. - А ты выдатна разбіраешся ў асаблівасцях чарыянскіх запаведнікаў.

Сташэўскі засмяяўся.

- Проста я даведаўся пра гэта ад дыспетчара медыцынскага цэнтра. Да таго ж па ўсёй тэрыторыі запаведніка лячэбныя туманы выпускаюцца рэгулярна двойчы на суткі. Пара б ужо ведаць.

- Ты і пра гэта даведаўся ад дыспетчара?

- Не. - Сташэўскі пазмрачнеў. - Некалі я таксама адпачываў тут... пасля хваробы. Была такая справа... Дык ты здаровы, кажаш?

- Як мур.

- Выдатна! Сёння з цябе здымуць ненавісныя датчыкі, і ты вольны. Шчыра кажучы, я не верыў у твае... словам, ты зразумеў. Яны чарадзеі, асабліва старшы лекар! Не пярэч, гэтая жанчына ўратавала не толькі тваё жыццё, але і здароўе, да таго ж, кажуць, яна аддавала табе часу больш, як трэба было...

- Мажліва, - неахвотна згадзіўся Грэхаў. - Як гэта незвычайна і арыгінальна - каханне зямляніна і іншапланецянкі... Хоць якія чарыяне іншапланецяне? Перасяленцы.

Сарказм у ягоным голасе прымусіў Сташэўскага нахмурыцца; але Грэхаў паклаў яму руку на плечы і, павярнуўшыся ўбок, прамармытаў:

- Ты ж ведаеш, Святаслаў, ты ўсё цудоўна ведаеш...

- Што я ведаю? - адказаў спахмурнелы Сташэўскі пытаннем на адказ. - Нічога я не ведаю. Паліна змучылася, схуднела. Ты ж ёй не паведамляў, што жадаеш яе бачыць, а яна чакае... Паехалі.

- Не паведамляў, - з цяжкасцю сказаў ён. - Такіх паведамленняў не чакаюць, ляцяць адразу, калі ведаюць куды... А калі яна ведае... Куды паехалі?

- Да карабля.

- Вось так адразу?

- А табе што - фрака не хапае? Э-э, дружа, відаць, ты не зусім яшчэ здаровы, разгубіўся, стаў бледны... Можа, застанешся яшчэ на пару тыдняў?

- Досыць смяяцца. - Грэхаў уключыў рухавік, і яны ўзняліся ў паветра. - Дык куды ляцім? Трэба ж папярэдзіць у медцэнтры, датчыкі зняць...

- Гэта мы за адну хвіліну! А на караблі цябе агледзяць медыкі КАВС. Як жывы экспанат. Не пярэчыш?

Грэхаў не пярэчыў.

- Але я яшчэ не ўсё сказаў, - прыжмурыўся Сташэўскі. - Я таксама думаю, як і чараянка твая, што ты здаровы, таму скажу адразу: вылятаем мы ў раён туманнасці Чорная ружа, зорка Ціна, планета Тартар. Па каналах Кіраўніцтва абвешчана трывога: планета смяртэльна небяспечная для чалавека, неабходна наша ўмяшанне. Код трывогі - жыццё людзей! І ўлічы - там будзе вельмі нясоладка.

«А дзе бывае соладка? - падумаў Грэхаў. - Там, куды пасылаюць нас, заўсёды горка і цяжка. І небяспечна. Навошта ён гэта кажа? Думае, я адмоўлюся? Неразумна...»

- Я выбраў цябе, - працягваў Сташэўскі, - бо... словам, бо я ведаю. Праўда, паглядзеўшы на цябе, там могуць мяне няправільна зразумець, яны ж не ведаюць, што табе ўжо дваццаць восем, а не тыя пятнаццаць гадоў, на якія ты выглядаеш.

- Гэта жарт з барадой, Святаслаў. Ты можаш толкам сказаць, што нас чакае?

Сташэўскі паціснуў плячыма, павярнуўшы напаўпаварота сваё грувасткае тулава.

- Звычайны выратавальны рэйд. Ну не зусім звычайны, вядома. Пацярпі, у караблі пра ўсё даведаешся. Аднак давай хутчэй... Дождж сціхнуў, сталася куды святлей, над лесам, кіламетраў за пятнаццаць, бліснуў у белаватай смузе спічак лячэбнага цэнтра.

 

* * *

 

У раёне тэты Ліры, на прамежкавай станцыі, карабель падабраў групу асаў, узначальваў якую, на радасць Грэхава, Дыега Вірт. Яны прагаварылі ўсе тры гадзіны падрыхтоўкі і палёту трансгала да Тартара, таму калі Сташэўскі зайшоў у каюту і пацікавіўся, ці знаёмы Грэхаў з інфармантам па Ціне і яе адзінай планеце, той толькі вінавата апусціў галаву.

- Та-ак, - працягнуў Сташэўскі, зірнуў на гадзіннік і ледзяным тонам нагагаў яму дакладнае значэнне слова «дысцыпліна».

Выходзячы, ён забраў з сабой Дыега, які падміргнуў Грэхаву, а той прыладзіў крышталь інфарманта ў свой інфармблок і стаў таропка «перагортваць» запісы, спадзеючыся за паўгадзіны да фінішу разабрацца ў матэрыяле хоць бы ў агульных рысах.

Тартар быў адкрыты выпадкова ў сто семдзесят чацвёртым годзе, гэта значыцца год назад, сумна вядомай экспедыцыяй да ядра Галактыкі, яе галаўным караблём «Спір» з камандзірам Яраславам Грантам... Грэхаў перастаў успрымаць тэкст, праслухаў некалькі фраз, не зразумеўшы іх сэнсу, і тут толькі ўспомніў, адкуль яму знаёмае імя камандзіра - Грант. Чарыянскі санаторый... мокры ад дажджу лес... дзве постаці, якія нетаропка брыдуць па кароткай густой траве, сівы мужчына і кволая жанчына... Дык вось хто адкрыў Тартар - Яраслаў Грант! Іронія лёсу звяла іх разам і развяла, а чакае Грэхава выратавальны рэйд на адкрытай Грантам планеце, небяспечнай планеце...

 

Нейкі час ён сядзеў, бяздумна ўключаючы і выклключаючы інфармблок, потым уздыхнуў і стаў слухаць далей. Са скорагаворкі чытаючага аўтамата ён зразумеў, што экіпаж карабля амаль увесь загінуў (вось яна, траўма Гранта), ратуючы людзей, што былі на зоркалёце «Магіканін», які невядома як апынуўся на планеце. Яны ўратавалі двух, але загінулі самі...

«Што ж, я разумею цябе, Грант, гэта цяжка. Але ты абвінаваціў сябе ў іх гібелі, і ў гэтым я з табой не згод ны. Ты быў камандзір, а калі ў табе загаварыў проста чалавек, які спалохаўся адказнасці, ты забыўся, што камандзір таму і камандзір, што боль свой ён абавязаны хаваць у сабе. Зрэшты, не ведаю, ці вытрымаў бы я...»

Грэхаў раптам зразумеў, што не слухае запіс, і раззлаваўся. Хуценька пракруціўшы запіс назад, пусціў яго зноў.

- ...атмасфера: вадарод, семдзесят тры працэнты, гелій, пятнаццаць, кісларод, азот, неон, аргон... (відаць, ужо дадзеныя па планеце). Пароды мацерыка... (гэта потым). Акіяны (...таксама потым). Так, вось яно, галоўнае... Утварэнні, як мяркуецца, штучнага тыпу, названыя Гарадамі. Актыўнае жыццё ў насычанай радыяцыяй атмасферы... Гіпотэза ўніверсаліста Сергіенкі: негуманоідная цывілізацыя. Гіпотэза ўніверсаліста Гілкоўскага: супольнасць гнотабіёнтаў - арганізмаў ці калоній арганізмаў, якія жывуць у поўнасцю вядомых і кантралюемых варунках...

Далей прачытаць запіс Грэхаву не ўдалося. Карабель выйшаў на сілавую падушку стартадрома доследнай Станцыі, і па адсеках пайшоў пявучы сігнал адбою гатоўнасці. Пакуль рупныя гномікі - робаты тэхнічнай службы - правяралі корпус карабля і рухавікі на астаткавую дэфармацыйную няўстойлівасць, ён разглядаў планету ў перыскоп без оптыкі. З вышыні Станцыі яна здавалася пушыстым палевым эліпсоідам з крыламі жамчужнага зіхцення - там, дзе нябачнае зараз свяціла асвятляла атмасферу; Станцыя якраз праходзіла над начным бокам Тартара. «Змрачнаватая назва для планеты», - падумаў ён мімалётна.

- Экіпажу на выхад! - вымавіў дынамік гучным голасам, і ён паспяшаўся з каюты.

У шырокіх светлых калідорах Станцыі было нашмат менш народу, чым ён чакаў. Зрэдку сустракаліся навуковыя супрацоўнікі вышэйшых рангаў, цвет навукі Зямлі, у аднолькавых светла-блакітных з зялёнымі змейкамі шчыгульных гарнітурах. Толькі эмблемы на грудзях і на рукавах у іх былі розныя. Грэхаў з цікаўнасцю праводзіў вачыма спецыялістаў фізікі прастораў, бо сам колькі гадоў назад яшчэ насіў іх эмблему: пунсовы дыск, перакрэслены залатой стралой і аточаны роем срэбраных іскраў. Але ўсе твары былі незнаёмыя, і лёгкі смутак закраўся ў сэрца: падзеі мінулага заўсёды згадваюцца з сумам, не катастрофы, вядома, хоць катастрофы суправаджалі яго з дня нараджэння, такі ён ужо «ўдачлівы» па-свойму чалавек.

Загледзеўшыся на гурт тэхнікаў, што валаклі па калідоры грувасткую скрыню (няма грузавых аўтаматаў, ці што?), Грэхаў торкнуўся ў спіну Вірта і хутка ступіў убок. Перад імі стаяў начальнік сектара КАВС Кротас і ўважліва разглядваў іх сваімі светлымі вачыма. Побач з ім, крывячы худы нервовы твар, стаяў незнаёмы Грэхаву чалавек у шэрым аднатонным трыко без усялякіх эмблем і значкоў. Ён быў сівы, маленькі, танклявы, ад крывой усмешкі беглі па твары маршчынкі, і ніяк нельга было дакладна вызначыць яго ўзрост.

- Грэхаў? Рад вас бачыць... э-э, жывога і здаровага.

- Дзень добры, - прамармытаў ён. - Даруйце, дзякуй.

Сівы нахіліў галаву, і Грэхаў прачытаў усмешку ў яго непранікальна чорных вачах. Выручыў Грэхава Сташэўскі. Ён падышоў да іх аднекуль збоку, некалькі імгненняў глядзеў на сівога з няпэўнай мінай на твары, потым рэзка працягнуў руку і адрывіста кінуў:

- Наш праваднік? Я - Сташэўскі, Святаслаў.

- Малчанаў, Эвальд, - нечакана ракатлівым басам адказаў сівы, і Кротас, што стаяў побач, з незразумелай палёгкай уздыхнуў.

- Хадземце. А шостай пасяджэнне навуковай рады. Спадзяюся, вы не галодны?

- Не, - коратка адказаў Сташэўскі.

Іх маўклівую групу праводзілі вачыма - усе ведалі, што прыбылі выратавальнікі, - а Грэхаў, машынальна адказваючы на прывітанні, спрабаваў успомніць, дзе яму ўжо сустракалася гэтае прозвішча - Малчанаў.

Яны падышлі да каманднай залы Станцыі - паўсферычнага памяшкання з шэрагамі пультаў і туманнымі сценамі выключаных відэомаў*. У зале лёгка перакотвалася гамонка двух дзесяткаў людзей. Грэхаў, азірнуўшыся, заўважыў тут Джаваіра, кіраўніка другога сектара, Юрэвіча - начальніка аддзела бяспекі, і яшчэ некалькі асаў, якіх ён ведаў па ранейшай рабоце. Амаль усё Кіраўніцтва...

* Відэом - аб'ём каляровай відэаперадачы.

- Зараз пачнём, - ціха сказаў Кротас, як быццам адчуўшы хваляванне Грэхава.

- Што ж тут адбылося? - гэтак жа ціха спытаўся Грэхаў.

- Атрад вучоных і камунікатараў пайшоў на паверхню Тартара і не вярнуўся... - адказаў начальнік сектара і не дагаварыў.

У залу ўвайшоў высокі агніста-рыжы мужчына з вялізным носам. Грэхаў з цікаўнасцю стаў яго разглядваць. Ён ні разу не бачыў намесніка старшыні Камітэта Камунікацый у твар, толькі чуў пра яго, але памыліцца, відаць, было немагчыма. Лявада коратка павітаўся з усімі і прайшоў да пультаў.

Грэхаў дакрануўся пальцамі да пляча Сташэўскага - нейкі інстынктыўны рух, дальбог, і падрыхтаваўся слухаць.

 

* * *

 

Дэсантны шлюп - іглакол, на жаргоне асаў, - павольна аддзяліўся ад ажурнага цела Станцыі і срабрыстай кропляй стаў падаць у бездань. Сіні дыск Тартара здаваўся адтулінай у чорнай тоўшчы, а іглакол - паветраным шарыкам, што ўзнімаўся да неба з-пад зямлі.

Пакуль іх маленькі караблік вялі па энергапромню да Станцыі, Сташэўскі быў спакойны: збоку іх ніхто не мог убачыць і запеленгаваць. Але ў атмасферы яны маглі спадзявацца толькі на вопыт і ўменне пілота, і Сташэўскі міжволі паглядваў на Дыега Вірта, які з нядбайнай грацыяй прафесіянала сядзеў ля пульта.

У цеснай рубцы іглакола размясціліся разам чатыры чалавекі: сам Сташэўскі, Вірт, Малчанаў, што апраўдваў сваё прозвішча, і Грэхаў, які з цікавасцю назіраў за ходам спуску. Тое, што іх экспедыцыя - выратаваўчы рэйд, яго турбавала мала. Дакладней, турбавала, вядома, але за тры гады працы ў КАВС ён даўно прывык да заўсёднай рызыкі, чакання сутыкнення з невядомымі ці вядомымі сіламі прыроды, таму гэтая экспедыцыя была для яго звычайнай формай работы. Яго работы...

Грэхаў цяпер ведаў, што з таго часу, як Тартар быў адкрыты, мінула больш за год, але па-сапраўднаму вывучыць чужы свет за гэткі кароткі тэрмін людзі не змаглі: не шмат чаго ўбачыш з тысячакіламетровых арбіт, аўтаматы ж, акрамя вымярэння асноўных фізічных параметраў планеты, нічога больш не ўмелі. Да асэнсавання жыцця Тартара патрэбны былі працяглыя назіранні, назіранні прамыя і без пасрэднікаў. Праўда, спробы гэтыя пакуль у большасці заканчваліся выратаваўчымі аперацыямі накшталт гэтай. Хіба што меншага маштабу.

Шэсць сутак назад, калі Грэхаў яшчэ блукаў па Лесе Журбы на Чары, група вучоных і камунікатараў у колькасці сарака шасці чалавек накіравалася на ТФ-зоркалёце да аднаго з Гарадоў, найбольш загадкавых аб'ектаў Тартара, для дэталёвых даследаванняў. І вось ужо шэсць сутак залар з раёна пасадкі чуецца рэзкі голас аўтамата: «Увага! Выкідваю...» - маўчанне, доўгі скрыгат, трэск і зноў: «Увага! Выкідваю...» - маўчанне, скрыгат - і так без канца. Шэсць сутак запар людзі на Станцыі спрабуюць з дапамогай зондаў і тэлеробатаў разгледзець, што здарылася з караблём, спрабуюць, але беспаспяхова, наладзіць з ім сувязь. Здалёку калона карабля здаецца непашкоджанай і стаіць трывала, але яго нерухомасць трывожная, не з'яўляліся каля яго і перасоўныя лабараторыі, з дапамогай якіх меліся правесці даследаванні. Карабель не адчыняў люкаў, ператварыўшыся ў падабенства тых скал, каля якіх ён так дзіўна фінішаваў. Адзіным рухам у гэтым месцы быў рух «павуцін», якія чародамі кружылі вакол зямнога карабля. Дарма ўглядаліся ў мутны акіян атмасферы тэлезонды і чуйныя прыборы: у раёне пасадкі панавала дзіўная цішыня.

А ў іншых раёнах адзінага мацерыка Тартара ўсё было інакш: праносіліся над раўнінамі і адгор'ямі «цікаўнікі» - так чамусьці ахрысцілі даследнікі лятаючыя скалы; нетаропка плылі па сваіх загадкавых справах «павуціны»; у гарах з'яўлялася і доўга не знікала барвовае свячэнне; рэзка і незразумела мяняўся рэльеф знаёмай мясцовасці... Так, з вышыні ўсё гэта вельмі нагадвала актыўную цывілізаваную дзейнасць, пабудаваную па сваіх, невядомых людзям, законах...

- Крыўдна, што мы натыкаемся на раўнадушнасць... - не заўважыўшы, як загаварыў услых, вымавіў Грэхаў. Спахапіўшыся, змоўк.

- Што? - спытаўся Сташэўскі, паглядзеўшы на яго.

- Нічога, - прамармытаў Грэхаў, адчуўшы на сабе дапытлівы позірк Малчанава.

- Увага! - прамовіў з аператыўнага відэома інжынер сувязі Станцыі. - Дальнасць на мяжы. Далей пойдзе сваім ходам.

- Гатовы, - коратка кінуў Дыега Вірт, трымаючы руку над рэгулятарам кіравання. Шлем біякіравання ён ужо надзеў.

- Жадаю поспеху, - суха сказаў з суседняга відэома Кротас. - Пакуль яшчэ не позна, задавайце пытанні.

- Позна, - без усмешкі адказаў Сташэўскі.

- Старт! - энергічна вымавіў інжынер сувязі. - Выключаем поле.

Сташэўскі кіўнуў, і Дыега ўціснуў педаль уключэння ўласнага ахоўнага поля.

Цяжар хлынуў у целы людзей, не цяжар паскарэння, а нейкі дзіўны цяжар, што запавольваў рухі і думкі. Дыск планеты прысунуўся, хілячыся, набрыняў фіялетавым паўзмрокам і засланіў панарамны відэом з трох бакоў. Мільганулі і зніклі светлыя плямы, чаргуючыся з чорнымі праваламі, імклівыя бруі пранесліся побач, потым іглакол працяў нешта шэра-блакітнае, і людзі як быццам аслеплі.

Дыега сказаў кароткае энергічнае слоўца, раскірэчыўся над пультам, і відэомы сталі відушчыя. Цвёрдае і заплямленае белым, ляцела на людзей фіялетавае поле, закружылася каруселлю, мільгануў і прапаў нейкі знаёмы сілуэт, і звонкім ударам абарваўся раптам рух. Запанавалі цішыня і нерухомасць.

- Д'ябал! - сказаў Сташэўскі амаль з захапленнем. - Я думаў, канец!

- І сапраўды... - буркнуў Малчанаў, расціраючы скроні.

- Майстра, - сказаў Грэхаў, паляпаўшы Вірту па плячы, - не прамазалі?

- Думаю, максімум на паўтара-два кіламетры, - сказаў спакойна Дыега, здымаючы шлем. У мэтах бяспекі, вядома, яны зрабілі пасадку за сто сорак кіламетраў ад месца пасадкі зоркалёта, што змоўк, па другі бок Кінжальнага хрыбта.

- Зірніце!

Грэхаў прасачыў кірунак позірку Вірта і проста пад ліловым яйкам цьмянага святла заўважыў гіганцкую белаватую «павуціну», якая нерухома лунала ў паветры. Яна была велізарная, далёкі край яе губляўся ў жоўтай смузе неба, і вісела зусім спакойна, як бязважкая. Узор яе з сапраўднай павуцінай меў надзвычай аддаленае падабенства, але, падумаўшы, Грэхаў вырашыў, што той, хто назваў гэты прадмет «павуцінай», быў недалёкі ад ісціны. Але якія ж тады павукі?

- Вартаўнік, - з незразумеяым выразам твару сказаў Малчанаў.

 

2

 

Было ўжо добра за поўнач, калі далягляд наперадзе раптам асвяціўся серыяй страшэнна зіхоткіх сіне-зялёных успышак.

- Стоп! - імгненна адрэагаваў Сташэўскі. Рукі аўтаматычна ўтапілі штурвал у выемку пульта, і танк рэзка спыніўся, уздыхнуўшы гасіцелем інерцыі, як стомлены браніраваны яшчар. Яшчэ адна серыя акрэсліла далягляд, высвеціўшы пранізлівай сінечай найдробныя дэталі ландшафту і твары людзей. Успышкі мільганулі абсалютна бязгучна, і пасля іх настала поўная цемра, якая паглыбіла змрок перад світаннем.

- Паўднёвы-паўднёвы-захад, - вызначыў Малчанаў, - кіламетраў сто за хрыбтом. Што за ўспышкі? Грэхаў кінуў погляд на прыборную панель.

- Эмісійныя, тыпу выбухаў шаравых маланак. Пасля сліпучага зарыва ўспышак вочы не заўважалі ні пульта, ні панелі, і здавалася, фасфарысцыруючыя эліпсы і квадраты індыкатараў вісяць у паветры, ні на што не абапіраючыся.

- Хоць вока выкалі! - прабурчаў незадаволены Сташэўскі.

Ён сядзеў злева, у крэсле біямеханіка, і Грэхаў, вочы якога адаптаваліся хутка, бачыў яго шырокі сілуэт. Ва ўсё больш і больш карычневай цемры паступова выступалі невыразныя контуры крэслаў, апаратаў і людзей. Увесь купал кабіны ўяўляў сабой экран апаратуры прамога бачання, таму часам рабілася няўтульна ад думкі пра - здавалася - безабароннасць машыны.

Ззаду пачулася пазяханне - прачнуўся Вірт.

- З якой прычыны прыпынак? Прыехалі?

- Ціха! - пагрозным шэптам сказаў Сташэўскі. Грэхаў напружана ўслухаўся і недзе на мяжы ўспрыняцця пачуў далёкае, яно ледзь угадвалася, ціканне вялізнага механізма. Як быццам парыў ветру данёс сюды ў непраўдападобнай цішыні тартарскай начы павольныя раўнамерныя ўдары: баннг!.. баннг!.. баннг!..

- Звон, - шапнуў Малчанаў. Грэхаў хацеў яму запярэчыць, бо гэтыя гукі больш за ўсё былі падобныя на ўдары ў гонг, але было ў іх штосьці і ад званоў, аксамітны бронзавы тэмбр. А можа, спрычынілася ўяўленне, якое заўсёды дамалёўвае тое, што чалавек жадае ўбачыць або пачуць.

Яны гэтак захапіліся дзіўным гучаннем, што прамаргалі з'яўленне «цікаўніка». Ён прымчаўся хутчэй за ўсё з боку Кінжальнага хрыбта і свяціўся, як белаваты прывід, падобны на шкілет гіпапатама, але Грэхаў ужо ведаў, што ўдзень пры святле ён уяўляў бы сабой каменнападобную глыбу незвычайнага чорнага колеру, які не апісаць, не перадаць, і яна з нечаканай лёгкасцю лунала ў паветры. «Цікаўнікамі», выяўляецца, іх назвалі за відавочную цікавасць да зямных апаратаў, асабліва да тых, што выкарыстоўвалі сілавыя палі. Часам пад час руху нізка над сушай за імі цягнуцца доўгія, шматсотметровыя хвасты павольна сыпучага пылу. Некалькі гадзін назад Грэхаў і сам бачыў са Станцыі некалькі такіх хвастоў, праз аптычныя ўзмацняльнікі, вядома.

«Цікаўнік» павіснуў над танкам, яго свячэнне страціла раптам структурную выразнасць і расплылося зелянявым воблакам, ахутаўшы паўсферу кабіны. Раптоўнае галавакружэнне прымусіла Грэхава ўхапіцца за штурвал, увушшу паплыў камарыны звон, сталі нямець мышцы шыі і плячэй. Ён паспрабаваў трымацца, напружваючы волю, але з такім жа поспехам можна было спрабаваць выгадаваць на твары другі нос. Малчанаву ззаду стала блага, ён ускочыў, ногі яго не трымалі, і ён неўсвядомлена ўчапіўся Грэхаву за шыю. Той вяла тузануў ацяжэлай галавой, не адрываючы позірку ад зіхатлівай кляксы «цікаўніка». Здавалася, ён вырас да велічыні горнага хрыбта, і гэты яго мільённатонны цяжар хлынуў у галаву.

Абаронай займаўся Сташэўскі, Грэхаў не разумеў, чаму ён марудзіць, адзіны, на яго думку, хто не страціў здольнасці рухацца, але нарэшце ён скінуў задумлівасць і ўключыў гефы - генератары форм.

Пад ударам сілавога поля белаваты спрут адскочыў ад танка і ўзвіўся ў неба. Праз імгненне хваля здранцвення спала, цела сталася незвычайна лёгкае, як быццам запоўненае геліем. Грэхаў пакруціў галавой і са здзіўленнем убачыў, што Вірт сядзіць на падлозе. Рубку заліло святло. Дыега заўважыў яго позірк і ўсміхнуўся.

- Я, відаць, рагаты, як карова. Падобны?

- А што такое карова? - з цікаўнасцю спытаўся Малчанаў, падымаючы на Вірта свой вечна пахмуры вузкі твар.

- Карова... - з усмешкай пачаў Дыега, - гэта такая вялікая жывёліна з чатырма нагамі па кутах... Сташэўскі пырснуў, а Грэхаў упершыню ўбачыў на твары Малчанава ўсмешку. Усмешка ў камунікатара была незвычайная: як бліск маланкі, што прасекла цёмныя навальнічныя хмары. Малчанаў быў самы старэйшы з іх. Ён нарадзіўся ў тысяча дзевяцьсот восемдзесят дзевятым годзе, гэта значыцца ў дваццатым стагоддзі. Грэхаў спачатку нават не паверыў, калі даведаўся пра гэта, але потым успомніў, што менавіта Малчанава выратаваў экіпаж зоркалёта «Спір», яго і камандзіра карабля «Магіканін». Малчанаў вярнуўся да Тартара, а камандзір «Спіра» Яраслаў Грант... Грант на Чары, у санаторыі... Няўжо такое моцнае было ўзрушэнне? Ці ён судзіць гэтага чалавека занадта прадузята?.. Але Малчанаў які! Перажыць гэткае і вярнуцца! Бадай, у яго можна павучыцца рашучасці і мужнасці. Калі толькі такія сталёвыя нервы не сведчанне яго зашэрхласці або, яшчэ горай, раўнадушша...

- Та-ак, - працягнуў Сташэўскі, спадылба аглядаючы іх. У характары гэтага чалавека нялёгка разабрацца, не ведаючы яго так, як ведаў Грэхаў. У яго суровы, колеру паўночнага каменю твар, халодныя шэра-блакітныя вочы, моцна сціснутыя, быццам акамянелыя, губы. Ён шырокі ў плячах, масіўны і вельмі дужы. Аднойчы на Самніі пад час аварыі блокпаста ён ударам кулака сарваў двухсоткілаграмовае мацаванне экрана і вырваў сілкуючы фідэр разам з гняздом, бо часу на адкручванне ўжо не было. Вядома, захапляўся Грэхаў не дужасцю Сташэўскага, ён быў не слабейшы за Святаслава, хоць знешнасць меў далёка не тыповую для асілка. Ростам ён быў, бадай, ніжэйшы за Малчанава, шчуплы, але важыў гэтулькі ж, колькі і Сташэўскі, - сто два кілаграмы. Праз гэта яму яшчэ ў інстытуце далі мянушку «Малы пярэварацень». А вінаватае ў гэтым дзяцінства: Грэхаў нарадзіўся ў зоркалёце, што цярпеў бедства, і цэлых пятнаццаць гадоў з моманту нараджэння да фінішу на Зямлі рос у полі прыцягнення, у тры-чатыры разы больш магутным, як земляное. Натуральна, гэта не магло не адбіцца на яго целабудове. Ну а Сташэўскі... Мала сказаць - ён ім захапляўся, ён яголюбіў...

- Та-ак, - яшчэ раз вымавіў Сташэўскі. Камандзір групы, ён умела хаваў свае трывогі і сумненні. Грэхаву ж, шчыра кажучы, было нявесела, тым болей што ўварваліся яны ў абсалютна незнаёмае жыццё, а ісці яны маглі толькі наўздагад, і гэты павольны і стамляючы рух дзейнічаў на нервы больш, чым загадкавае выпраменьванне нярэдкіх «цікаўнікаў».

- Нашы меры абароны ад «цікаўнікаў», - уздыхнуў Сташэўскі, - на жаль, пакуль што малаэфектыўныя, і фактычна мы безабаронныя...

Ён перахапіў позірк Вірта.

- Так-так, безабаронныя, нягледзячы на тыямат*. Бо можа ўзнікнуць сітуацыя, у якой мы проста не паспеем прывесці яго ў дзеянне. - Ён меў рацыю. Тыямат - «вялікі разбуральнік», «генератар праматэрыі», «ініцыятар ціхага распаду» - як яго толькі ні называлі, - наймагутнае са сродкаў абароны і нападу (на жаль...), якім нядаўна авалодаў чалавек. Але і тыямат не гарантаваў бяспекі ва ўмовах Тартара, які меў вялізны арсенал паражаючых фактараў, ніводны з якіх яшчэ не быў як след вытлумачаны чалавекам.

* Тыямат - генератар асобага поля, у якім разбураюцца электронныя, атамныя і міжнуклонныя ядзерныя сувязі.

- Ну, не глядзіце на рэчы гэтак песімістычна, - прабурчаў Малчанаў. - Трэба прывыкаць і да «цікаўнікаў» і да іншых формаў жыцця Тартара, а іх багата, і, запэўніваю вас, усе яны агрэсіўныя...

- Акрамя пластуноў, - сказаў усёвед Дыега Вірт.

- Пра пластуноў асобная гаворка...

- Так, - у трэці раз сказаў Сташэўскі, - Мы стаім ужо паўгадзіны, гэта недаравальна шмат. Гатовыя? Паехалі.

Танк злёгку прысеў і рэзка пабег па светлым тунелі, што высеклі ў цемры пражэктары. Дарога рабілася горшая. Спачатку ехалі па пласкагор'і, якое дзе-нідзе парасло паўзучым нізкім кустоўем дзіўнага выгляду. Яно чамусьці нагадвала Грэхаву абстрактныя канструкцыі з металічнага дроту, укручаныя ў масу пушыстых сіняватых нітак. Гусеніцы з ходу ламалі яго, і яно рассыпалася на асобныя кавалкі, крохкае, як шкло.

Потым пад'ём стаў больш стромкі, і неўзабаве Грэхаў зразумеў, што яны ўжо недзе каля адгор'яў Кінжальнага хрыбта, які ім трэба было пераадолець. За тыя восем гадзін побыту на планеце з імі і вакол іх нічога не адбылося, і Грэхаў нават падумаў, што свет Тартара даволі ардынарны - скалісты дзікі «нецывілізаваны» свет. Незразумела было, чаму адбываліся катастрофы, гінулі робаты і людзі, абароненыя, як здавалася да гэтага, ад усіх сілаў прыроды ўменнем прымяняць гэтыя сілы сабе на карысць. «Многія рэчы нам незразумелыя не таму, што нашы паняцці слабыя, але таму, што гэтыя рэчы не ўваходзяць у кола нашых паняццяў». Так, здаецца, казаў Казьма Пруткоў. «Што, калі жыццё Тартара не ўваходзіць у кола нашых паняццяў?» - падумаў Грэхаў.

Схілы гор узнімаліся ўсё вышэй і больш стромка, сціскаючы іх часовую, выпадкова знойдзеную дарогу ў каменных цяснінах. Сталі трапляцца доўгія трэшчыны, што разрывалі яе на пункціры, і буйныя абломкі скал са свежымі зломамі. Нарэшце ехаць далей ранейшым шляхам стала немагчыма - даваўся ў знакі нядаўні землятрус, танк падыходзіў да актыўнай мяжы яго эпіцэнтра. Ён марудна прапоўз сотні дзве метраў і ўпёрся ў ірваны вал з абломкаў і друзу: дарога была перагароджана ім. За валам пачулася нагрувашчванне базальтавых пліт гіганцкай таўшчыні.

- Горст*, - вымавіў Сташэўскі, злазячы з крэсла, шырокі, спакойны, нават трошкі вялы.

* Горст - прыўзняты ўчастак планетармай кары, абмежаваны скіднымі трэшчынамі.

- Збірайся, Дыега.

Удвух з Віртам яны надзелі скафандры і выйшлі з танка. На прыборнай панелі ўспыхнулі зялёныя агні індыкатараў прысутнасці - запрацавалі індывідуальныя радыёмаякі. У святле пражэктараў дзве постаці ператварыліся ў асколкі асляпляльнага вадкага агню - плёнкі скафандраў адбівалі амаль усе віды радыяцый, у тым ліку і святло. Яны выйшлі з асветленай паласы і зніклі. Дыегаў голас прагучаў, здавалася, зусім побач:

- На хуткалёце да мэты можна дайсці за дзесяць хвілін, можа, я рызыкну?

Адказ Сташэўскага яны не пачулі, але Малчанаў усміхнуўся даволі красамоўна. Цяпер ужо Грэхаў шмат чаго ведаў пра Тартар, у тым ліку і тое, як загінулі экіпажы «Спіра» і «Магіканіна». Лятальныя апараты праследаваліся «павуцінамі» з асаблівай настойлівасцю, менавіта з гэтай прычыны іх выратавальны рэйд пачаўся на цяжкім танку-лабараторыі, разлічаным на эксплуатацыю ў атмасферах гіганцкіх планет-паўсонцаў тыпу Юпітэра. Ну а далейшае залежала ад іх, ад «запасу надзейнасці чалавечага элемента», бо тэхніка Зямлі больш за тое, чым яны валодалі, даць не магла...

Малчанаў уключыў свой інфармблок і ўзяўся праслухоўваць запісы, неспакойна паглядаючы на ясную зелень індыкатараў прысутнасці. Грэхаў спачатку прыслухоўваўся, потым перастаў. На вяршыні горста нешта адбывалася. Як быццам там без дай прычыны пачала выпарвацца чорная вадкасць і цяжкія непразрыстыя выпарэнні заварушыліся змеямі.

- Дыега! - на ўсялякі выпадак паклікаў Грэхаў. - Святаслаў!

Дынамікі маўчалі. Індыкатары прысутнасці наліліся жаўцізной - адзнака кароткачасовых перапынкаў сувязі.

- Што здарылася? - трывожна спытаўся Малчанаў, але ўжо і сам заўважыў благое. «Вадкасць» працягвала выпарвацца. Цяпер бруі пары набылі глыбокі сіні колер, і ў іх зазіхацелі яскравыя іскрынкі. Іскры павялічваліся, збіраліся ў вялікі шар і праціналі начны змрок, як маленькія маланкі, патрэсквалі і гудзелі, як пчаліны рой. Нарэшце іх стала гэтулькі шмат, што яны здаваліся вялізным вогненным вокам, зрэнка якога шалёна круцілася.

- Гравістралок! - ярасным шэптам вымавіў Малчанаў і скочыў да ўвагнутага люстра наводкі тыямата.

Ён спазніўся на секунду, можа, на паўсекунды. На скалах зашыпела, і Грэхаў кулём пакаціўся да супрацьлеглай сцяны рубкі: па танку, дакладней, па яго ахоўным полі як быццам стукнулі гіганцкім молатам, і ён адскочыў назад, загуў і завібрыраваў на амартызатарах. Грэхаў яшчэ толькі ўзнімаўся, чапляючыся за сценку, як ударыла другі раз. Ён тыцнуўся носам у нешта цвёрдае і на пэўны час страціў здольнасць штосьці кеміць.

Малчанаў усё ж дацягнуўся да пускальніка тыямата, Грэхаў зразумеў гэта з таго, што ў яго спачатку занылі зубы, а потым дынамікі данеслі скрыгат-лямант ускатурханай атмасферы. Пакуль ён вылупліваў мутныя ад слёз вочы, усё было скончана. Вішчаў лічыльнік радыяцыі (страшная ўсё-такі штука тыямат!), палову горста як языком злізала, а ля яго падножжа курчылася пакамечаная, але ўцалелая(!) «павуціна», якая згубіла свой рэжучы бляск.

- Удалы пачатак, - легкадумна прамовіў Грэхаў, выціраючы з губы і пад носам кроў. Малчанаў здушана прамармытаў нешта, злосна памасіраваў горла, паказаў некуды ўбок, і Грэхаў убачыў далёкія светлякі ліхтароў, што выпісвалі мудрагелістыя траекторыі пад час руху. Гэта вярталіся разведчыкі, ні пра што нават не здагадваючыся. Няўжо яны не чулі ляманту тыямата?! Вірт нешта ціха казаў, Сташэўскі маўчаў. Яны павольна спусціліся па схіле застылай лававай хвалі, разрэзваючы змрок шпагамі святла, выйшлі на асветленую пражэктарамі прастору, і тут Сташэўскі заўважыў знікненне вершаліны горста, мітуслівую «павуцінку», ды і дым яшчэ не разышоўся поўнасцю, і радыяцыя не спала. Ён застыў з паднятай нагой, потым штурхнуў Дыега ў плячо, і яны, не дбаючы пра захаванне годнасці, кінуліся да машыны.

У кабіне Сташэўскі акінуў няўважлівым позіркам ашаломленую фізіяномію Грэхава і, як быццам нічога не адбылося, сеў у крэсла. Увайшоў ураўнаважана-спакойны Дыега Вірт, прыжмурыўся на «параненага» і, сказаўшы: «Герой», - сеў побач з камандзірам.

- Гравістралок, - раптам прамовіў Малчанаў, як бы просячы прабачэння, Грэхаў аж вылупіў вочы. - Даруйце мне, Святаслаў! Я абавязаны быў папярэдзіць, даруйце.

На яго было шкода пазіраць, і Грэхаў адчуў да яго калі не прыязнасць, дык, прынамсі, павагу. Відаць, ён сапраўды мужны чалавек.

- А-а... - сказаў у адказ Сташэўскі бесклапотна. - Лухта. Сам вінаваты. Мне ж гаварылі, і неаднойчы, а я забыўся.

Ён павярнуўся да апаратуры сувязі, крутануў рукаятку павароту арыентаста, выклікаў Станцыю.

Доўгі час, пакуль арыентаст абмацваў неба, відэом сувязі адно мігцеў няяркім блакітам, патрэсквалі дынамікі прыёмнай прылады ды паляскваў аўтамат перашкод, спрабуючы розныя частоты. Нарэшце відэом мігнуў, разгарэўся, і ў ім паступова праявіўся такі знаёмы Грэхаву стомлены твар з яскравымі губамі, трошкі ўзнятым носікам і ўмольнымі вачыма. Ён замёр.

«Паліна! Паліна... Каханне маё і жыццё маё... і боль мой... Праз усе цуды космасу і будзённасць працы, жыцейскія дробязі і буйныя падзеі, страты і набыткі я пранёс твой погляд з сабой. Я моцны чалавек і да шмат чаго прывык у гэтым шчодрым на сюрпрызы свеце, але я слабею, калі цень адчужэння, часам уяўнага, з'яўляецца ў тваіх вачах, былая ўпэўненасць пакідае мяне, як кроў параненае цела... Чалавек жывы чалавекам, і няхай хто-кольвек дакажа мне іншае. Я жывы ўсімі сябрамі сваімі, але больш за ўсё я жывы табой... Мы так і не пагаварылі на Станцыі, хоць Дыега зрабіў усё, каб мы сустрэліся. Гэта, вядома, ён пастараўся, каб ты апынулася тут, ля Тартара. Не без ведама Сташэўскага, пэўна ж. Хітрыя і добрыя мае сябры, вам не зразумець, мабыць, што для Паліны я толькі што ўваскрос. А да гэтага быў год адзіноты, год маёй смерці, уяўнай - для мяне, сапраўднай - для яе...»

Дыега скасавурыўся на Грэхава і сказаў:

- Прывітанне сувязістам. Што новага, Паліначка? Палініны губы заварушыліся, але гуку не было. Відэом пакрыўся рабізной перашкод, ачысціўся, і замест жаночага твару ў яго ўплыў твар Кротаса, з няправільнымі дробнымі рысамі, не надта ветлівы, з вострым позіркам трохі касых вачэй.

- Новаўтварэнне, - сказаў Сташэўскі ў нос і бязгучна чхнуў. - Праз эпіцэнтр нам не прайсці, дайце найкарацейшы шлях.

- Гэтак блага? - прахрыпеў дынамік скрозь выццё суправаджальнай перашкоды.

- Не прайсці нават з гефамі, я глядзеў. Паведаміце як найдакладней, дзе мы завязлі.

- Хвілінку... - Кротас скасавурыўся і стаўся падобны на камбалу з носам. - Вы зараз... на паўночным схіле хрыбта, побач з перавалам Шэрага Прывіду. Да карабля ад вас усяго восемдзесят дзевяць кіламетраў па прамой... Але калі па гэтым перавале не прайсці, дык найкарацейшы шлях праз другі.

- Другі - гэта Звілісты?

- Так.

- Дзякуй... - задумаўся Сташэўскі. - Да Звілістага недзе каля ста кіламетраў? Трохі зашмат... Ну а калі праз Тора-Ора?

- Ты ж ведаеш... там стаіць...

- Горад, ведаю. Затое мы сэканомім гадзін шэсць-сем. Гэта не так ужо блага, як ты думаеш?

За экранамі загаварылі адразу некалькі галасоў. Кротас, адказваючы, адмоўна паківаў галавой і зморшчыўся. Гаварыць і пераконваць яму было цяжка, ён выдатна разумеў Сташэўскага, рызыка была вялікая, але і Святаславу прымаць рашэнне было нялёгка, Грэхаў цудоўна гэта бачыў. - А новага нічога? - упаўголаса спытаўся Малчанаў.

Кротас паглядзеў на яго адным вокам з экрана, крутнуў галавой. Начальнік аддзела быў у горшым становішчы, як яны, ён мог толькі чакаць.

- Прыйдзецца ісці праз Горад, - сказаў Сташэўскі, падводзячы вынік невясёлых сваіх разважанняў, і дадаў, як бы просячы прабачэння: - Хутка раніца, і, магчыма, прабіцца праз перашкоды мы не зможам, то вы ўжо не надта непакойцеся... З гары танк вам бачны, вось і назірайце.

Кротас ківаў пры кожным слове, і твар у яго быў нейкі няшчасны, добра было відаць, што ён кепска адпачываў і наўрад ці еў, і Грэхаў падумаў, што дарма Сташэўскі згадаў пра неспакой. Неспакой - падмурак чакання, а для людзей на Станцыі яно сталася асновай існавання. Да той пары, пакуль яны не дойдуць да карабля і не даведаюцца, чаму ён маўчыць.

У відэом уціснуўся славуты нос Лявады і яго рыжая шавялюра.

- Мы тут падрыхтавалі яшчэ два «панцыры» з танкамі. Экіпажы гатовыя стартаваць у любы час.

- Не трэба, - сказаў Сташэўскі грубавата, а Малчанаў красамоўна павярнуўся. Ні ў кога не было гарантый, што і гэтыя дэсантныя караблі не змоўкнуць пад час пасадкі, як зоркалёт. Да таго ж у выпадку непрадбачаных цяжкасцей яны маглі і не паспець.

Па відэому заструменіліся белыя зігзагі і раскалолі выяву.

- Што там яшчэ? - незадаволена павярнуўся Сташэўскі.

- «Цікаўнікі», - лаканічна адгукнуўся Дыега Вірт, тыцкаючы пальцам у неба.

Грэхаў таксама ўбачыў іх. Адзін нагадваў сваім свячэннем медузу, двое іншых - мудрагелістыя камбінацыі зіхоткіх жыл.

Сташэўскі выключыў апаратуру сувязі і скасавурыўся на пульт тыямата. Сувязі ўсё роўна не будзе, пакуль побач баражыруюць гэтыя фасфарысцыруючыя камяні. Іх выпраменьванне стварае перашкоды ў любым дыяпазоне хваляў, у чым выратавальнікі ўпэўніліся яшчэ пад час пасадкі.

«Цікаўнікі» не «нападалі», пакружлялі на значнай вышыні, з нязменным эскортам «павуцін», і неўзабаве пайшлі, растварыўшыся ў зелянявым мігценні неба без зор.

- А я ні разу не быў у Горадзе, - сказаў раптам з пэўным здзіўленнем Малчанаў. Хацеў яшчэ нешта сказаць, але паглядзеў на Сташэўскага і перадумаў. Няўжо ён і праўда не быў у Горадзе? - падумаў Грэхаў з недаверам. - Або гаворыць наўмысна для нас, каб супакоіць, падбадзёрыць?» Грэхаву, натуральна, таксама не даводзілася знаёміцца з Горадам, але наслухаўся ён такіх гісторый больш як дастаткова.

Сташэўскі махнуў рукой, Грэхаў павялічыў абароты матораў, і танк палез на стромкі чырвона-карычневы бок каменнага кража.

 

3

 

Ён выключыў акустычныя прыёмнікі, і прыглушанае мармытанне рухавіка змоўкла, стала зусім ціха. Толькі ў кабіне зрэдку хто-небудзь шамацеў вопраткай ды рыпелі рамяні крэслаў.

Дарогі як такой не было. Танк ішоў беражком свежага разлому, потым вухнуў некуды ў цясніну і хвілін дваццаць шлёпаў гусеніцамі па плыткай рэчцы з зіхатлівай смарагдавай вадой.

Потым пайшла параўнальна роўная паверхня - столападобнае плато, на сярэдзіне якога машына з ходу ўляцела ў воблака шызага дыму. У гэтым дыме не дапамог нават лакатарны зрок - чарговы цуд прыроды, і Грэхаў кіраваўся толькі стрэлкай арыентаста, каб машына ішла дакладна па прамой. Такія дымныя падушкі яны праязджалі ўжо, памеры іх не перавышалі некалькіх кіламетраў. Абазначалі яны спуск у плыткую, але шырокую варонку, надзіва роўную. Растлумачыць іх прызначэнне не змог і адзіны «ветэран» у танку - Малчанаў.

Калі танк выязджаў з дыму, яго моцна трасянула. Грэхаў узняў вочы і ўбачыў над сабой гіганцкую белую «сетку», што павольна адплывала ў дым. І зараз жа гучна зашалясцелі дынамікі прыёмніка, дзесьці ўнутры яго загаварылі, зашапталі сотні галасоў, разабраць якія выразна ён не змог. Калыхаючыся, край «павуціны» яшчэ пэўны час свяціўся скрозь дым, потым растварыўся ў сіняй смузе. Змоўк і шэпт.

«Што за лухта?» - падумаў занепакоены Грэхаў. Патрымаўшы штурвал рукой, азірнуўся. Дыега Вірт спаў, патануўшы ў крэсле. Малчанаў пазяхаў, далікатна прыкрываючыся далонькай. Праз хвіліну і ён задрамаў, не раскладаючы крэсла. У кабіне панаваў утульны паўзмрок, які ствараўся рассеяным водблескам пражэктараў.

«Дзіўна, што гэта яшчэ за шэпт? Галюцынацыі са слыхам?..»

- Адпачні, - параіў Сташэўскі. - Дарога тут адна - на паўночны ўсход. Трэба будзе - пабуджу.

«Ён таксама нічога не чуў?» Засмучаны Грэхаў уступіў месца камандзіру і адкінуў суседняе крэсла, спаць захацелася непераадольна, і заснуў ён амаль імгненна, забыўшы пра свае «галюцынацыі». Прыснілася яму, што стаіць ён з Палінай у нейкай жахлівай чорнай цясніне, аддзелены ад каханай шкляной сцяной. Паліна аддаляецца, твар яе трывожны, але яна маўчыць, а ён б'ецца ў сцяну, крычыць... Паліна робіцца ўсё меншая, тоне ў імгле... Потым быў вар'яцкі бег па гулкім металічным памосце, уперадзе мільгала белая плямка, і трэба было яе не ўпусціць. І зноў цясніна, а ў ёй глыбокая чорная рака, вада бурліць і шыпіць каля сцен, ён плыве з апошніх сіл, супраціўляючыся, але яго нясе з галавакружнай хуткасцю да велізарнай бездані (чамусьці ён ведае, што наперадзе бездань), і ён нічога не можа зрабіць...

Праз высілак Грэхаў прачнуўся.

Танк стаяў. У кабіне ўсе спалі, акрамя Сташэўскага. Пражэктары былі выключаны, але тым не менш нейкі шараваты водбліск ляжаў на пульце і футаралах прыбораў. Танк застыў носам уніз на пахілай вяршыні ўзгорыстага вала, бакі якога губляліся ў цемрадзі вышчарбленай пікамі скальнай грады. Наперадзе ішоў яшчэ адзін вал, які цьмяна адсвечваў золатам у святле сігнальнага ліхтара. Вал быў складзены з трох пластоў лавы і здаваўся адхонным. Сташэўскі выключыў ліхтар, і тады над гэтым складкаватым валам устала серабрыстым воблакам асцярожнае рассеянае зіхценне...

- Горад? - шэптам спытаўся Грэхаў, адчуваючы, як міжволі напружыліся мышцы жывата.

Сташэўскі азірнуўся, звыклым жэстам прыгладзіў шорсткі чуб і ўступіў месца вадзіцелю. Цяпло яго рук сагрэла штурвал, і Грэхаў пачуўся больш упэўнены.

Танк нырнуў у калдобіну, пераваліў цераз ланцуг пляскатых пагоркаў у даліне паміж масівамі і рушыў угору па базальтавым уздуцці. Пад'ём цягнуўся доўга, амаль раўнамерны і не надта стромкі, як здалося спачатку. І, не дабраўшыся да вяршыні вала, яны ўбачылі асобныя «будовы» Горада. Машына ўз'ехала на шырокую рыхлую паласу, што аблямоўвала Горад па перыметры, і замерла.

За паласой цягнуўся дзіўны празрыста-шкляны лес... не, не лес - сцяна льду, рассечаная частымі трэшчынамі і шырокімі праходамі, сцяна ўзгорыстага льду, што сачыўся цяжкім шэра-срабрыстым свячэннем. Найбольш моцнае свячэнне ішло ад падмурка сцяны, вышэй яно паступова слабела, і верх сцяны ўжо ледзь свяціўся, быццам зацягнуты шыза-чорным попелам. Праходы ў сцяне, падобныя на цясніны, былі не вузейшыя за вуліцы зямных гарадоў, і ўсе яны здаваліся пакрытыя вільготнай бліскучай чарнечай, якую здалёку можна было прыняць за бяздонныя каналы з чорнай стаячай вадой.

Гулкая, насцярожаная цішыня панавала ў Горадзе, вадаючы гратэскнаму «ледзяному» масіву няўлоўную празрыстасць эфемернага жыцця.

Грэхаў міжволі замёр, захоплены, бадай, самай незвычайнай з усіх карцін, бачаных ім раней на планетах іншых сонцаў... З задумлівасці яго вывеў Малчанаў, які праціснуўся паміж крэслам і пультам паходнага вылічальніка.

- Ну што, паехалі? - пытальным тонам сказаў Сташэўскі.

Танк перасек адкрытую прастору да блакітнаватай сцяны Горада. Зараз жа некалькі «павуцін» нырнулі да іх з неба, быццам узніклі з пустэчы.

Спачатку ў Грэхава з'явілася дзіўнае і агіднае адчуванне, быццам на руках у яго па пяць мезенцаў. Потым ён адчуў погляд. У спіну ці, хутчэй, адусюль, з усіх бакоў на яго глядзеў нехта, у каго быў мільён нябачных вачэй; нехта, валодаючы бязмернай магутнасцю; нарэшце, нехта невыказна, да жахлівасці чужы, чыя раўнадушнасць, грозная і выразная, затапіла ўсю прастору вакол... І яшчэ ён адчуў, што іх прысутнасць тут непатрэбна і непажадана гэтаму нябачнаму гаспадару Горада.

- Зашпіліце рамяні, - рашуча сказаў Грэхаў. Марудзіць было нельга, і на размовы не заставалася часу.

На карме і на носе танка з рокатам высунуліся ажурныя вежкі эфектараў. На імгненне ўвесь купал вежавага экрана зацягнула вясёлкавай плёнкай - і вось ужо пяцісоттонная машына ледзь кранаецца гусеніцамі глебы, асноўную вагу танка прыняла на сябе, падтрымліваючы яго, сілавая падушка. Штурвал паслухмяна ўвайшоў у паз, «Мастыф» мякка набраў хуткасць і апынуўся ў Горадзе.

На першым павароце па незразумелай прычыне выйшаў са строю аўтамат магнітных рытмаў, Грэхаў вылаяўся скрозь зубы, але танк ужо імчаўся па гладкай струменістай чарнечы «вуліцы», і рэактар працаваў на фарсажнай мяжы, і даводзілася маніпуліраваць эфектарамі, замяняючы аўтамат, каб танк меў дастатковую абарону і ў той жа час дастатковае падтрымліваючае поле; і жахліва выў гамарадыёметр, што ўлавіў ачаг радыяцыі, які невядома адкуль узяўся; і яшчэ нейкія пабочныя гукі драбіліся ў агульнай гукавой кашы, і ўсё гэта перабіваў ліпкі ўсеабдымны позірк Горада, і таму часамі здавалася, што танк плыве ў страшнай бязважкай цішыні, а наперадзе разяўляецца пякельная прорва - і тады ўжо наогул даводзілася спадзявацца на чуццё ды інстынкты, яны адзіныя захоўвалі хуткасць чалавечых рэакцый.

Свячэнне серабрыста-празрыстых жыл і фігур па баках дарогі злілося ў туманную паласу, над якой вузкай звілістай стужкай цякла лілаватая рака пасвятлелага купала неба...

Дваццаць кіламетраў, больш за тры чвэрці дыяметра Горада, танк прайшоў на адной звінячай ноце за чатырнаццаць хвілін, Грэхаў ужо лічыў сябе героем, але раптам з-за чарговага павароту паказаўся адзінокі «цікаўнік», які падганяла выгнутая конусам «павуціна», не святлівы, чорны, падобны на лятучую труну. Паварочваць не было куды, тармазіць позна, і Грэхаў паспеў толькі да мяжы павялічыць напружанне ахоўнага поля. Ён чакаў цяжкага ўдару і феерверку абломкаў, але нічога такога не адбылося. Пры сутыкненні ахоўнага поля з «цікаўнікам» на яго месцы раптам узнялося іскрыстае жоўтае полымя, разануўшы па вачах. Танк кінула ўніз і ўгору, і абвальны грукат выбуху дагнаў іх ужо на павароце. Азірацца не было калі, Грэхаў толькі перакасіў плечы, утрымліваючы машыну на восі дарогі, калі яе штурхнула паветраная хваля.

- Хутчэй! - унушальна сказаў ззаду Малчанаў, і потым Грэхаву здалося, што ён аглух.

«Павуціна» над імі ўспыхнула асляпляльным белым напалам, поле падтрымкі танка тут жа села, перакінутае на абарону, танк на поўнай хуткасці тыцнуўся ў чорную масу дарогі і зарыўся ў яе ледзь не па лабавую браню...

Грэхаў адчуў сябе складзеным з вострых вуглоў, што перашкаджалі адзін аднаму. Хтосьці лез у яго, рассоўваючы вуглы, і яны скрыпелі і вішчалі, як металічныя. Гэта ўразіла яго так, што ён не надта здзівіўся, выявіўшы ў сабе здольнасць адчуваць светлавую гаму. Зялёныя агні пульта, напрыклад, здаліся шаўкавістыя і мяккія, чырвоны аварыйны сігнал быў шурпаты і пругкі, як шкура акулы, а срабрыстае свячэнне Горада здавалася рыхлае, сырое і патыхала гніллю...

І вось Горад заварушыўся. Вялізныя «ледзяныя» фігуры яго «будынкаў» задрыжалі, няўлоўна павольна скажаючы былыя абрысы, і сталі як бы набліжацца, павялічвацца ў памерах.

Нечае гулкае сэрца аддавалася ўвушшу кананадай, і скрозь шалёны гул Грэхаў пачуў раскацісты шэпт... Усё знікла: гукі, адчуванні, думкі, застаўся шэпт, громападобны раскацісты шэпт...

 

* * *

 

Ён павольна ўсплываў з дна акіяна, усплываў, як падводная лодка, прадзімаючы цыстэрны. Потым вылез на мулкі бераг і «выліў ваду з вушэй». Імгненна вярнулася здольнасць чуць, бачыць і адчуваць на дотык. Адчуваць сябе на дотык чамусьці было балюча, асабліва нос і левую руку. Баючыся горшага, Грэхаў скасавурыўся ўніз, заўважыў кроў на пальцах абедзвюх рук, прыўзняў іх. Правая была цэлая, а цераз далонь левай праходзіў ірваны неглыбокі шрам. Нос пасінеў і распух, відаць, у гэтай экспедыцыі ўсе ўдары ён прымаў на сябе. Тут Грэхаў убачыў штурвал з адламаным рогам і ўсё зразумеў. Як жа гэта ён ухітрыўся?..

Сташэўскі прыводзіў да прытомнасці Малчанава, але той проста самлеў. Дыега Вірт ляжаў у крэсле бледны, але спакойны.

- А цяпер уяві, што ты пралятаў бы тут на хуткалёце, - прабурчаў Сташэўскі, скоса глянуўшы на Дыега. Той паціснуў плячыма і змоўчаў.

- Якім жа чынам мы ацалелі? - спытаўся Грэхаў, пакуль Сташэўскі лячыў яму нос і руку без звыклага бурчання і павучанняў.

Сташэўскі быццам не пачуў пытання, скончыў, акінуў купал вежавага крана хуткім позіркам і ўключыў сістэму бачання. Купал растаў, і ўсе ўбачылі зусім светлае ліловае неба з мутнымі разводамі нейкіх выпарэнняў, гладкія ўздуцці базальтавых патокаў, хаос ценяў у гіганцкай дузе горнага хрыбта.

А зусім побач, над вертыкальнай сцяной слупавых скал, варушыўся тлусты буры дым, па якім час ад часу прабягалі барвовыя ўспышкі. Над гэтай сцяной дзе-нідзе праглядвала нешта чорнае, бачнае як скрозь няшчыльны шэры туман, і Грэхаў, заўважыўшы ў тым кірунку гурт навіслых «павуцін», зразумеў, што чорнае - Горад. Дык яны прайшлі праз яго...

Дым над скаламі ўзляцеў угору султанамі і выпаў снегападам попелу. Да іх даляцеў моцны трэск, як пад час разраду маланкі.

- Як мы апынуліся тут? - панура спытаўся Малчанаў, моршчачы пашарэлы твар.

Маўчанне разлілося, як снегавая вада, доўгае, халоднае і плыткае. Чакаць адказу не мела сэнсу, ніхто не ведаў, як яны апынуліся за рысай Горада, але яны стаялі і глядзелі на чорны дым, што расцякаўся коўзкімі цяжкімі бруямі паміж шпілямі і ледзяшамі скал. Потым Грэхаў паціху ўрубіў рухавікі і крануў машыну з месца. Сташэўскі, які спрабаваў звязацца са Станцыяй, са злосцю махнуў рукой і натапырыўся ў сваім крэсле. Настала раніца, і ў атмасферу Тартара ўрывалася шырокае ўзбуральнае электрамагнітнае поле зоркі, магутнасць якога перавышала сціплыя магчымасці станцыі сувязі іх «Мастыфа». Толькі тая акалічнасць, што за іх рухам сачылі вочы сяброў, гатовых прыйсці на дапамогу, і паляпшала настрой.

Танк пакінуў ззаду цыклапічны грэбень Кінжальнага хрыбта і выбраўся на вялізнае пахілае плато Рубінавых жыл, пасечанае шматлікімі трэшчынамі. Трэшчыны былі падобныя на барозны, нанесеныя велізарнымі граблямі, яны цягнуліся паралельна паміж сабой па дзевяць-дзесяць трэшчын запар, неглыбокія і даволі правільныя. Танк шпурляла і хістала, кабіне кіравання перадавалася толькі малая доля штуршкоў, але і ад іх не станавілася прыемна.

Парода плато адсвечвала блакітным, часам сустракаліся цэлыя палі зіхоткага «крышталю», пры з'яўленні якога пачынаў вішчаць лічыльнік радыяцыі. Часамі танк ішоў быццам па дне велізарнай жалезнай бочкі - скрыгат і віскат каменю змяніўся гулкім дробным грукатам. Адначасна Грэхаў адчуў, як цяжэе цела, і ў адзін з такіх момантаў Малчанаў сказаў:

- Масконы.

Гэта былі загадкавыя канцэнтрацыі мас - масконы на жаргоне планетолагаў. Выяўлялі іх, як і яны, па тым, што павялічвалася гравітацыйнае поле.

Праехалі голую пустэльную мясцовасць, абкружаную толькі блізкім размытым гарызонтам. Край неба на ўсходзе стаў чыста аранжавы і святлеў цяпер на вачах, распальваючыся да жоўтага свячэння. А на захадзе, куды адышла ноч, усё яшчэ стаяла, зліваючыся з гарызонтам, фіялетавая цемра.

Блакітнае плато з плямамі ўкрапін, з рэдкімі скаламі, што тырчалі, як пальцы, спускалася ўступамі ў прасторную катлавіну, далёкі край якой губляўся ў смузе атмасферы. Дзесьці там, кіламетраў за сорак, размяшчаліся дзве дзіўныя па форме ўпадзіны: След Чаравіка і Другі След, у адной з якіх, ва ўпадзіне Другі След, стаяў адзін з буйнейшых Гарадоў планеты, а побач з ім карабель з камунікатарамі, канчатковая мэта іх шляху... Можна было паспрабаваць злавіць хвалю маяка, тую самую, з «...Увага! Выкідаю...», але маяк быў востраскіраваны, аварыйны, а магутнасць яго бакавых пялёсткаў выпраменьвання наўрад ці прабівала тутэйшую атмасферу на сорак кіламетраў.

Сташэўскі трохі пажвавеў, хуценька пачасаў падбародак і сказаў:

- Мне здаецца, што ў той момант... калі ўзарваўся «цікаўнік»... а вы белыя і цёпленькія... праўда, і я ледзь не самлеў... - Ён памаўчаў, хмыкнуў.

- Не цягні, Святаслаў, - з дакорам вымавіў Дыега Вірт.

- Так... мне здалося, што згары на нас упаў «шэры прывід»...

- Шэрае воблака, што прасвечвае па краях? - хутка сказаў Малчанаў.

- Так. Раней я, вядома, не бачыў яго, але па апісаннях...

- Гэта ён. Дзіўна, не першы раз «шэрыя прывіды»... - Малчанаў абарваў свае словы і змоўк.

Малчанаў працягваць не збіраўся, і Грэхаў сам задаў пытанне, хутчэй рытарычнае, бо ў сапраўднасці не гэта займала яго: - А што такое наогул Горад?

- Зачараванае царства, - зрабіў здагадку Дыега Вірт, - злых чараўнікоў тут процьма.

- Паводле Галкіна, гэта калектыўны арганізм, маючы інтэлект, - нягучна вымавіў Малчанаў. - Зрэшты, так думаюць амаль усе вучоныя. І я таксама, - падумаўшы, дадаў ён.

- Вось табе тваё царства, - усміхнуўся Сташэўскі. - Гэта называецца «ўмярцвенне цудоўнай гіпотэзы агідным фактам».

Усміхнуўся і Малчанаў.

- Ну, да фактаў яшчэ далёка.

Грэхаў перадаў кіраванне камандзіру, бадзёра пацікавіўся наконт агульнага апетыту і схадзіў у адсек харчавання. Там ён зрабіў чатыры двухпавярховыя бутэрброды з тыіксам, гарачым, толькі што вырабленым, з румянай карычневай скарыначкай, дастаў з халадзільніка чатыры тубы з вінаградным і гранатавым сокам, нагрувасціў усё гэта на падносе і панёс у кабіну.

За той час танк увайшоў у паласу «лесу». Расліны дзіўных формаў, то ў выглядзе гіганцкай шапкі пушыстых блакітных нітак, то ў выглядзе мноства шароў са зблытанай «воўны» сіняга ці блакітнага колеру, раслі не густа, але дзякуючы сваім памерам стваралі ўражанне непраходных нетраў.

Сташэўскі вёў машыну амаль напрасткі, і вонкавыя дынамікі даносілі часты трэск і хруст, быццам яны трушчылі шкло.

- Крышталікі кварцу, - вытлумачыў Малчанаў, гледзячы на «дрэвы». - Незвычайная крышталізацыя, ці не так?

- Ды ўжо ж... - адгукнуўся Сташэўскі.

Праз некалькі хвілін «лес» скончыўся, і пайшла суцэльная паласа рыжай, надзвычай рыхлай глебы. Хуткасць адразу ўпала, давялося павялічыць цягавую магутнасць.

Неба пацьмянела, стала жоўтае і нагадвала цяпер смугу размытых дажджом воблакаў, што спусцілася амаль на галаву. Зыбкае і пухнатае свяціла ціхенька ўсплывала з-за невыразнай лініі гарызонту, выглядам сваім яно магло прывесці ў стан меланхоліі.

Сташэўскі ўжыў новы арыентаст, што аўтаматычна накіроўваў антэну прыёмаперадатчыка ў бок Станцыі, паспрабаваў розныя рэжымы, але канал прыёму поўнасцю перакрываўся хвалямі перашкод, а ці чуюць іх на Станцыі, яны не ведалі.

Танк скаціўся ў вузкую даліну паміж градамі крышталічных стометровых астанцоў і нырнуў у воблака кісейна-жоўтага туману, дакладней, не туману, а смугі, бачнасць у якой моцна пагоршылася. Вакол прадметаў зазіхацелі светлыя арэолы, што ўскладнялі арыентаванне.

Прыкінуўшы свае магчымасці, Грэхаў перавёў сістэму бачання на радарны зрок. На агульным экране абазначыўся нешырокі авал, у якім той жа пейзаж змяніў колеры ў самых нечаканых спалучэннях. Смуга знікла, гасячы арэол.

На карце вылічальніка ўспыхнулі каардынаты танка. Да мэты засталося трохі больш за трыццаць кіламетраў напрасткі. Яны ўжо спусціліся ў дзіўную даліну, у форме чаравіка, нармальнага чаравіка, толькі ненармальных памераў. Быццам велізарны, пяцісоткіламетровага росту дзяцюк саскочыў на планету, пакінуў два сляды глыбінёй у кіламетр і знік, загадзя пасмяяўшыся з бясплённых спроб людзей вытлумачыць форму ўпадзін ад яго валатоўскіх ног. Са Станцыі яны праглядаліся досыць выразна, і ў калідорах Грэхаў бачыў малюнкі жартаўнікоў, што намалявалі меркаваны воблік асілка. Адзін з іх быў дужа падобны на Ляваду, і, на яго погляд, гэта было не надта дасціпна.

- Стоп! - раўнуў раптам Сташэўскі страшным голасам.

Грэхаў яшчэ нічога не выявіў, але рукі самі рванулі аварыйны тормаз, танк торкнуў носам, а пад імі раптоўна загрукацела, цяжкі гул ускалыхнуў паветра, і ў метры ад гусеніц раскалолася зямля, утварыўшы трэшчыну, якая хутка расла. За хвіліну пад няспынны гул і трасенне глебы трэшчына ператварылася ў прорву, супрацьлеглы край якой на пэўны час схаваўся ў смузе барвовых выпарэнняў. У апошні раз зямля здрыганулася, і гул абарваўся. Толькі з прорвы чулася булькатанне і шыпенне, быццам у велізарнай бочцы кіпела і выпарвалася вада.

Анямеўшы, яны глядзелі на нечаканую перашкоду і маўчалі. І працяг не прымусіў сябе чакаць. У глыбіні разяўленай, як пашча, бездані штосьці рванула з аглушальным трэскам, і паўз танк праслізнулі ў нізкае неба вялізныя асляпляльныя вясёлкавыя «пухіры». Аўтаматычна спрацавалі фільтры, што пагасілі напал «пухіроў», зараўлі ўнутраныя (прабіла поле!) лічыльнікі радыяцыі танк захістала і павалакло ад прорвы.

Трэск паўтарыўся, новая серыя «пухіроў» пранеслася паўз іх, і Грэхаў паспеў ужо заўважыць, што за кожным ценем імчыцца «павуціна». Зноў «павуціны», усюдыісныя «павуціны», што чамусьці з'яўляюцца там, дзе адбываюцца падзеі! Ці гэта падзеі адбываюцца там, дзе яны з'яўляюцца?..

Грэхаў высунуў з верхняй вежы перыскоп, зазірнуў ім у прорву і ўбачыў толькі яскравае свячэнне, якое ішло з таемных глыбіняў. Свячэнне было роўнае і моцнае, і яму здалося, што там яшчэ поўна «павуцінаў», якія губляліся за смугой туманнага свячэння.

Раптоўна пачуўся той жа самы пякельны трэск, з прорвы бліснула востра і моцна, і вясёлкавыя шары, як быццам іх падтрымлівалі «павуціны», адзін за адным ірвануліся ўгору.

Экранчык перыскопа пагаснуў. У агульным экране яны бачылі скурчаны пачарнелы канец трубы, падобны на носік закурадымленага імбрыка.

- Д'ябал! - вылаяўся, спахмурнеўшы, Сташэўскі. - А гэта навошта?

- Можа, гэта зварот да нас? - асцярожна выказаў здагадку Дыега Вірт. - Папярэджанне або перасцярога...

- Не, - нявесела сказаў Малчанаў. - Шары - гэта закапсуліраваныя якімсьці магутным сілавым полем ядзерныя выбухі. «Павуціны» вышпурваюць іх у космас.

- Навошта? - здзівіўся Дыега.

- Навошта - мы можам толькі здагадвацца. Паводле тэорыі таго ж Галкіна, шары - прадукты жыццядзейнасці Гарадоў, адыходы, ад якіх «павуціны» вызваляюць планету. Увогуле гэта вельмі рэдкая з'ява, нам проста пашанцавала...

Сташэўскі ўважліва назіраў за прорвай. Гул узнімаўся адтуль, трэслася глеба. На ўсякі выпадак Грэхаў адвёў танк ад абрыву метраў на пяцьдзесят і не паспеў яшчэ спыніцца, як глыбока ў целе планеты загучаў цяжкі грукат, над прорвай узляцеў густы рой доўгіх пунсовых іскраў, і сцены толькі што створанай цясніны сталі збліжацца. Страсенне глебы было не гэткае вялікае, як раней, і яны заўважылі, як у момант судакранання сцен з вузкай шчыліны, што засталася ад цясніны, вымахнуў вал аранжавага агню, затым з гучным чвяканнем сцены злучыліся, рэзкі штуршок падкінуў танк на амартызатарах, і дарога стала вольная.

 

4

 

Яны ўжо ладна ад'ехалі ад месца штучнага ці натуральнага, невядома, катаклізму, а зіхоткі шнур аранжавага туману, шчыльны, як вогненнае жэле, усё яшчэ трымаўся над глебай. Ён скручваўся ў трубу, дыхаў, але не разыходзіўся, і Грэхаў зразумеў, чаму плато назвалі плато Рубінавых жыл. Давялося поўнасцю пераключыць увагу на дарогу, каб не зваліцца ў прорву пад час наступнага новаўтварэння.

Сташэўскі заняўся пеленгам і ўхітрыўся-такі злавіць знаёмае ўсім «...Увага! Выкідваю...», выразна распазнавальнае скрозь трэск і выццё перашкод. Калі доўгі час паўтараць нейкае слова, сэнс яго знікае, і ўрэшце Грэхаў перастаў успрымаць гэтую надакучлівую песню-фразу. Рабіць здагадкі можна было бясконца, але, на думку Грэхава, гэта працаваў няспраўны аўтамат-перадатчык, а не маяк, што настройваецца - звычайна - на радыёбляск. Такія бомбавыя аўтаматы скідваюцца разведвальнымі караблямі ў месца маючай адбыцца пасадкі або любымі караблямі ў выпадках аварыйных сітуацый.

Грэхаў паўтарыў у думках апошнія словы, і марозны вецер хвалявання пагладзіў спіну шурпатымі пальцамі. «Ліха на іх! - падумаў ён. - Няўжо ніхто не разглядаў гэты варыянт - аварыя на караблі камунікатараў? Ці, магчыма, наогул катастрофа?! Але што можа здарыцца з ТФ-караблём? Самым надзейным і магутным зямным апаратам? Чаму толькі гэтае дзіўнае сугучча мучыць слых на працягу ўжо сямі сутак? Ці сапраўды аварыя на караблі?»

Відавочна, ён чымсьці выдаў сябе, бо Сташэўскі раптам уважліва да яго прыгледзеўся, паказаў пальцам на дынамік, адкуль усё неслася хрыплае гучанне двух слоў, і кіўнуў. Значыцца, і ён думаў пра тое ж. За тры гады сумеснай работы яны навучыліся разумець адзін аднаго без слоў.

У нейкі момонт, што не запомніўся сваёй ардынарнасцю, Грэхаў звыкла адзначыў сабе з'яўленне на гаразонце размытай чорнай гары, падумаўшы пры гэтым каб не давялося яе аб'язджаць. Потым цьмяны неспакой прымусіў яго прыгледзецца да гэтай гары пільней, і, унутрана халадзеючы, ён зразумеў, што перад імі Горад, той самы загадкавы Горад, каля якога павінен быў размяшчацца карабель. Не паспеў ён так падумаць, як Малчанаў раптам сарваўся з месца і штосьці здушана выгукнуў. Танк уз'ехаў на вяршыню доўгага адхону, і прыкладна за пяць-шэсць кіламетраў ад Горада яны ўбачылі карабель. Відаць ён быў кепска, быццам скрозь бруі вады, аднатонна шэры, падобны на тоўсты аловак, пастаўлены тарчма, і вельмі ўжо доўгім здаваўся ён адсюль. І тут Сташэўскі сказаў нягучна:

- Ды ён жа вісіць...

І тады Грэхаў зразумеў, у чым несамавітасць карціны. Карабель сапраўды вісеў у паветры, не апускаючыся і не ўзнімаючыся, вісеў абсалютна спакойны і ў гэтым спакоі чужы. Можа, яны стартавалі, убачылі іх і чакаюць? Але навошта марнаваць энергію на вісенне? Спакойней і разумней было б дачакацца «седзячы»... Што ж гэта тады? Карабель вісіць з той пары, як яны яго ўбачылі, і ніякай рэакцыі. Не можа ж ён вісець так доўга дзеля задавальнення...

Але вось яны пад'ехалі бліжэй да мяжы яснай бачнасці пыльнай атмасферы Тартара, і стаўся прыкметны нейкі рух вакол трансгала, як быццам празрыстае полымя мігцела і струменілася вакол яго... Грэхаву дужа захацелася спыніцца, асабліва пасля таго, як над «алоўкам» карабля ён убачыў некалькі вялікіх «павуцін», што выгнуліся купалам над ім. А яшчэ каля дзесятка «павуцін» утварылі штосьці накшталт крацістай сцяны паміж блізкім Горадам і караблём. Зноў «павуціны»...

Сташэўскі, відаць, таксама нешта адчуў, ён паглядзеў на вадзіцеля неяк дзіўна, скоса, і Грэхаў спачатку запаволіў ход, а потым зусім спыніў машыну. Мясцовасць перад імі паніжалася, і пакат гэты цягнуўся да самага трансгала, што вісеў над дном конусападобнай нізіны на вышыні шасцідзесяці метраў. Трохі злева адтуль, дзе спыніўся танк, Грэхаў заўважыў грыбападобны выступ чорнай пароды: памерамі той не саступаў «Мастыфу», затрымаў на ім позірк, падазроны ён ямў здаўся, потым убачыў яшчэ некалькі такіх жа «грыбоў», што ланцужком адступалі ў каламуць атмасферы.

- Ты чаго? - спытаўся Дыега Вірт, паварочваючыся да яго. Малчанаў ні пра што не пытаўся але і ён захваляваўся, калі мінула некалькі хвілін чакання, а нічога не змянілася. «Чакаю яшчэ хвілін пяць», - вырашыў Грэхаў, і ў гэты момант з чорнага «грыба» з такім гукам, з якім вылятае з пляшкі шампанскага корак, шугануў да зямнога зоркалёта, што лунаў паблізу яго, гіганцкі язык найяскравага смарагдавага агню: пок!

Толькі дзякуючы фільтрам колерабачання яны не аслеплі. Факел агню за секунду выцягнуўся да корпуса карабля, як бы абцёк яго, не кранаючыся самога корпуса, утварыўшы вогненны кокан, і тут жа ўцягнуўся назад пад «грыб». Затое ўспыхнуў яго сусед, такі ж «грыб», што і першы, выкінуў язык агню, потым наступны, і пайшло: пок! пок! пок! - па перыметры вакол карабля. Агонь быў халодны, вонкавы тэрмавымяральнік нават не спрацаваў, затое пад час кожнай успышкі скрыўляўся гарызонт, скрыўляліся ўсе мясцовыя прадметы, скрыўлялася кабіна танка, і па нервах біла хваравіта і моцна, быццам электраразрадамі. Уласна кажучы, і прыборы адзначылі іанізацыю паветра звонку, такую, што не бывае нават у эпіцэнтры магутнай навальніцы.

Языкі зялёнага агню абеглі па коле вакол карабля і зніклі, але ў вачах яшчэ доўга скакалі цёмныя плямы.

Усё адбылося так хутка, што Грэхаў не паспеў зрагаваць і вывесці машыну з небяспечнай зоны, ды і наўрад ці гэта дапамагло б. Скрыўляць прастору ўмеюць і людзі, дастаткова ўключыць генератары форм або дэфарматар, але тады спрацавала б сілавое поле, спрацавала вельмі лёгка, можна сказаць, нават элегантна, без адчувальнага змянення мас і палёў...

- Падобна на тое, што ўначы мы бачылі менавіта гэткія ўспышкі, - меланхалічна заўважыў Малчанаў. - Я не ведаю, што гэта такое. Інфармблок танка ўключаны?

- Вядома.

- Прабіла абарону? - пацікавіўся Дыега Вірт.

- Нельга сказаць, каб прабіла... - туманна адказаў Грэхаў.

- Так, - вымавіў Сташэўскі. - Нерашучасць - сімптом няўдачы, а ісці да карабля мы абавязаны. Ці, можа, хтосьці думае інакш?

Мяжу, уздоўж якой размясціліся «грыбы», што шугалі агнём, яны праехалі без усялякіх эксцэсаў. Іанізацыя пайшла на спад, чырвоныя агні індыкатараў пацямнелі. Карабель вырастаў у памерах. Без адтулін, шчылін і дробных дэталей шэры маналіт, ён быў суровы і маўклівы, ён быў падобны на манумент, на гіганцкі помнік самому сабе, на гару мёртвага металу, застылага невысока над глебай... Вось такія параўнанні лезлі ў галаву Грэхава.

Але карабель не мог быць мёртвы, ён быў абавязаны быць жывы, стогн яго паўтараўся кожныя паўхвіліны: «...Увага! Выкідваю...», маўчанне, шолах, скрыгат, і зноў той жа стогн або ўскрык, паўтораны аўтаматам, цяпер Грэхаў у гэтым не сумняваўся.

Да карабля заставалася менш за паўкіламетра, яны ўсё спрабавалі зразумець, чаму ён відаць як праз слой тоўстага шкла, як раптам шкло гэтае ўспенілася і разляцелася ў бакі белымі ніткамі рознай таўшчыні. Ніткі былі скручанымі ў рулоны «павуцінамі», яны круцілі карусель вакол карабля з хуткасцю, у выніку якой «размазваліся» да нябачнасці. Яны зрабілі аднолькавы піруэт у паветры, разгарнуліся і завіслі над караблём лесвічкай, адна над другой, а самая першая з іх, быццам адчуўшы набліжэнне чужынцаў, раптам павольна паплыла да іх і накрыла слабым ажурным ценем. І зноў паўтарыўся той дзіўны эфект, што суправаджае з'яўленне «павуцін»: «унутры» Грэхава забіліся, зашапталіся невыразныя чалавечыя галасы, ён адчуў ціск звонку на скроні, які змяніўся паколваннем у патыліцы, а потым па ўсёй галаве. Здалося, што бачыць ён зыбкія празрыстыя контуры нейкіх прадметаў, потым на іх накладваюцца каляровыя ўспышкі і нешта яшчэ вялізнае, нераспазнавальнае, як яма, у якую ўваліўся танк. Ён зрабіў высілак, прывід растаў, толькі шэпт не знікаў і казытліва паколвала скуру на патыліцы, і гэта было нават прыемна.

Паўз іх праплыла яшчэ адна велізарная «сетка», горб якой апусціўся нізка над галавой. Давялося адступіць убок, каб размінуцца з «сеткай» на добрай алегласці. Мясцовасць прыкметна паніжалася, танк спускаўся ў глыбокую варонку, цэнтр якой, па разліках Грэхава, павінен быў знаходзіцца дзесьці амаль пад караблём. Глеба варонкі была дзіўнага рыжага колеру, быццам усю яе пакрыла ржа, нічога асаблівага на ёй не было.

Грэхаў сабраўся павялічыць хуткасць, і ў гэты момант яго быццам вывернулі, як апратку. А калі ён ачнуўся ад незразумелага забыцця, выявілася, што танк караскаецца ўгору па схіле варонкі, зусім недарэчным чынам павярнуўшыся да зоркалёта кармой.

Таварышы выглядалі гэтак жа прыгнечана, як і ён, і гэтая акалічнасць дазволіла Грэхаву зрабіць выснову, што метамарфоза адбылася з усім танкам, а не толькі з ім адным.

- Паварочвай назад. Паспрабуем яшчэ раз. Грэхаў павярнуў «Мастыф», на малой хуткасці пакаціў уніз, і прыкладна ў тым жа самым месцы ўладарная, але мяккая рука павярнула яго з ног на галаву, патрымала і апусціла. Танк зноў быў павернуты кармой да карабля. Яны паспрабавалі падысці да яго ў другім месцы, у трэцім, і ўсюды іх чакала тое ж самае: таемным чынам танк апынаўся павернуты на сто восемдзесят градусаў да кірунку руху. Іх не пускалі да карабля. Хто - невядома, але спосаб быў нагэтулькі просты і красамоўны, што не зразумець яго было немагчыма.

У апошні раз павярнуўшы машыну, Грэхаў спыніў яе каля вялізнай дзіркі, што ішла некуды ў нетры планеты. Маторы змоўклі, і сталася зусім ціха. Толькі перад вачыма ўсе яшчэ плыло, быццам яны працягвалі рухацца.

 

5

 

Тры гадзіны праляцелі ў марных спробах наблізіцца да карабля на адлегласць бліжэй як тыя няшчасныя сто метраў, якія ім засталося прайсці. Дайшло да таго, што Сташэўскі пры маўклівай згодзе Малчанава выпрабаваў на нябачнай сцяне, якая выкручвала навыварат, усе віды зброі танка аж да тыямата. Разрады лазераў і дэфарматараў паглыналіся гэтым асяроддзем бясследна, а промень тыямата, дрыжачае блакітнае бруенне атамнага распаду, выклікаў ланцужок зыркіх зялёных успышак у «павуцінах», што віселі этажэркай над караблём. Там, угары, узнялася ціхая паніка, «павуціны» парушылі строй, захісталіся, але да іх далучыліся сабраты, што вольна плавалі паблізу, і становішча стабілізавалася. На ціхі шэпт у вушах Грэхаў ужо не рэагаваў, толькі часам заўважаў іншыя з'явы: то глухнуў беспрычынна, то ўсе прадметы пачыналі здавацца яму скрыўленыя або пляскатыя, часам мутнеў зрок. Адно толькі ратавала і адцягвала - ён быў заняты работай.

Перайсці магічную мяжу «перагортвання» яны гэтак і не змаглі. Радыё і тэлезапыты заставаліся без адказу, быццам гразлі ў стометровым слоі празрыстага, па мерках Тартара, паветра. Цяпер і вісенне зямнога зоркалёта ў паўсотні метраў ад глебы іх не здзіўляла, хоць часам Грэхаў механічна задаваў сабе пытанне: якім чынам можна падтрымліваць амаль мільён тон без адчувальных затрат сродкаў і энергіі?..

Свяціла схілілася ад гарызонту, настаў той вечаровы час, калі промні яго плывуць паралельна зямлі, паветра здаецца запоўненым пунсовым туманам і ўсе прадметы ў ім бязважкія. Неба пацямнела, набыло падабенства з малахітавым купалам, які псавалі мільгаючыя ў розных кірунках «павуціны».

Яны вырашылі чакаць начы каля карабля, каб паведаміць на Станцыю пра свае справы. Прадпрымаць што-кольвек без рашэння навуковай Рады асцерагаліся, бо, як выказаўся Малчанаў, «гэта пагражае наступствамі, у выніку якіх мы не зможам назіраць уласнае пахаванне».

Сташэўскі дамогся, каб яны павячэралі, што яны з ахвотай і зрабілі.

- Страўнік - гэта прыбор, - абвясціў з поўным ротам Дыега Вірт, - прызначаны для сталага нагадвання чалавеку пра тленнасць яго цела.

- Існавання, - удакладніў Грэхаў.

- Цела.

- Існавання.

- Ну добра, існавання. Якое гэта мае значэнне? Хіхікайце, калі больш нічога не ўмееце, як сказаў мудрэц.

- Так яму і трэба, - з ухвалой сказаў Сташэўскі, збіраючы посуд. Грэхаў паказаў Дыега, хто ён такі, і, рабіць жа не было чаго, пачаў катаваць Малчанава пытаннямі. Адказваў камунікатар даволі ахвотна, і за нейкую гадзіну Грэхаў даведаўся пра Тартар нямала новага, са здзіўленнем выявіўшы, што і Сташэўскі і Дыега Вірт з аднолькавай цікавасцю слухаюць аповяд. Малчанаў казаў пра першыя планамерныя экспедыцыі на паверхню планеты, пра тое, як многія ўсюдыходы і лятальныя апараты зямлян знікалі без вестак і паасобныя з іх потым знаходзілі ў космасе, за межамі атмасферы Тартара, быццам даставалі з-пад прэса - так яны былі разбіты і расплюшчаны. Пра тое, як людзі сталіся асцеражнейшыя, перасталі накіроўваць экспедыцыі на лятаючых машынах, потым і зусім перасталі выходзіць з караблёў, пасылаючы адны аўтаматы. Але і аўтаматы зніклі. Планета здавалася населенай нагэтулькі агрэсіўнымі жыхарамі, што ўмяшаўся спецаддзел КАВС і забараніў наогул пасадкі на планету. Вучоныя вымушаны былі задавальняцца толькі зондамі-аўтаматамі і назіраннямі з бяспечных арбіт: ні «павуціны», ні «цікаўнікі», ні пластуны і так званыя «шэрыя прывіды» ніколі не выходзілі за межы іанасферы Тартара, за дзей, якія яўна не належалі да работнікаў патрэбнай у дадзены момант спецыяльнасці.

Экран часта перакрываўся хвалямі перашкод, гэта спрычынялі «павуціны», аднаго ж разу праляцеў «цікаўнік», які цягнуў за сабой хвост радыеактыўнага газу і пылу, у выніку чаго прыём стаўся наогул немагчымы, і давялося пераязджаць на іншае месца, далей ад Горада і «павуцін». Пасля таго як яны паведамілі на Станцыю ўсю інфармацыю, якой валодалі, там пэўны час радзіліся, і нарэшце Кротас, больш нервовы, як звычайна, - у яго перасмыкалася шчака, якую ён увесь час расціраў, саромеючыся, - сказаў глухаватым голасам:

- Вам, напэўна, давядзецца сутак на двое затрымацца на паверхні. Прыкладна а дванаццатай начы мы пастараемся ў ваш квадрат пасадзіць глыбокі зонд-аўтамат... - Кротас выслухаў падказку і працягваў: - У яго вы пакладзяце аналізатар поля, фізікі надаюць яму вялікае значэнне, дадасце машынны інфармблок і крышталі запісаў. Ну а праз суткі-двое мы паспрабуем выцягнуць вас, калі нічога не зменіцца... Хвіліну... З вамі хоча пагаварыць намеснік старшыні Камітэта выключэннем тых выпадкаў, калі «павуціны» выкідвалі ў космас закапсуліраваныя ядзерныя выбухі. Але і без непасрэднай камунікацыі людзей з паверхняй планеты было адкрыта гэтулькі здзіўляючых з'яў, што на доследы іх не хапала спецыялістаў...

- Масконы, - кіўнуў Сташэўскі, - поклады трансуранаў.

- Чорныя вывяржэнні, - дадаў Дыега.

- Усё не пералічыш, - працягваў Малчанаў, парыў якога затухаў. - Шмат прынадных знаходак, з-за якіх кантакт з абарыгенамі больш як пажаданы, але... вы бачыце сітуацыю. Самы магутны з караблёў разведфлоту закапсуліраваны кімсьці і чымсьці, і мы не ведаем ні першага, ні другога. І, баюся, не даведаемся. Што?

- Даведаемся, - прамармытаў Сташэўскі і ўключыў канал сувязі. Ноч ужо ўладарыла. Горад і «павуціны» расквеціліся сваёй прывіднай ілюмінацыяй, нагадваючай зямныя паўночныя ззянні, і адно гранёны цыліндр карабля, на траціну пагружаны ў белае воблака туману, бачны ў вельмі зручным ракурсе, здаваўся абсалютна чорны. Грэхава падмывала спытацца Малчанава, ці ведае ён, дзе зараз Грант, той камандзір зоркалёта, што яго ўратаваў? Як ён да яго ставіцца? Чаму вярнуўся да Тартара, планеты, што забрала ў яго шмат сяброў? Як атрымалася, што з экіпажаў двух зоркалётаў, што сустрэліся на планеце, жывымі засталіся толькі чацвёра? Але спытацца так і не адважыўся. У гэты час арыентаст намацаў Станцыю, і відэом сувязі адкрыў ім уваход на камандны пункт спадарожніка.

Трэба было бачыць, якой радасцю асвяціліся ўстурбаваныя твары людзей у зале. Тут былі Кротас, і Лявада, і Паліна, і яшчэ багата невядомых Грэхаву маладых лю-Камунікацый, - сумны Кротас адплыў з відэома, і на яго месцы праявіўся рыжы Лявада.

- Ну як вы там? - спытаўся ён стрымана. - «Павуціны» даймаюць? Мы пачалі мантаж гравіпад'ёмніка, ліфтавая сістэма бяспечнейшая. Але вяртаць вас на Станцыю зараз - большая рызыка, чым рызыка пакінуць на планеце да заканчэння мантажу. Як толькі закончыцца - гэта максімум двое сутак, - мы пашлём вам спецыялістаў, дапаможаце ім разабрацца з караблём. І, калі ласка... - ён неяк з асаблівай увагай абмацаў іх позіркам, - пастарайцеся больш не ўмешвацца ў чужы... рух, абдумвайце кожны крок і будзьце далей ад усяго гэтага - Гарадоў, «павуцін» ды іншага. Вы мяне зразумелі?

- Добра, - сказаў Сташэўскі. - Тут узнікла такая думка: па нейкіх прычынах людзі пакінулі карабель, а назіральнікі на Станцыі гэтага проста не заўважылі.

Лявада павярнуўся ад відэома, зноў даляцелі галасы, але тыя, што сядзелі ў танку, бачылі толькі, як варушыцца спіна намесніка старшыні Камітэта Камунікацый. Нарэшце ён павярнуўся і знайшоў Сташэўскага вачыма.

- Вы вольныя дзейнічаць так, як патрабуюць абставіны, але ў межах разумнага. Я сумняваюся, каб вопытныя спецыялісты маглі выйсці без ахоўных сродкаў, а любы апарат назіральнікі заўважылі б. Вашу машыну, дарэчы, мы таксама бачым, хоць і не надта добра. Так што, калі сувязі доўга не будзе - паміргайце пражэктарам, мы будзем ведаць, што вы... э-э, што ў вас усё ў парадку.

Відэом ачысціўся і са словамі «канец перадачы» скруціўся ў белую аблачынку і пагаснуў.

- А цяпер спаць! - коратка загадаў Сташэўскі, выключыў апаратуру і цяжка паглядзеў на кожнага. - Дзяжурыць будзем па чарзе. Першы я, потым вы, Эвальд, потым Дыега...

Танк адвялі ад карабля і ад Горада з такім разлікам, каб быў бачны і той і другі, уключылі максімальную абарону і ўпершыню за двое сутак пайшлі ў адсек адпачынку, да ўтульных аэраложкаў. Сташэўскі застаўся ў кабіне рыхтаваць матэрыялы і апаратуру да прыёму аўтаматычнага зонда.

Ноч прайшла спакойна. Малчанаў пабудзіў іх ужо ўранні, каля васьмі гадзін, калі цьмяная Ціна даўно ўварвалася ў мутную атмасферу планеты над імі і аперазалася жамчужнымі галасамі. Вось як, час свайго дзяжурства Грэхаў бессаромна праспаў! Але і Дыега добры, не пабудзіў. Вельмі высакародна з яго боку...

Сташэўскі хутка сабраўся і выйшаў, а з кабіны прыйшоў Дыега і, не заўважаючы незадавальнення Грэхава, запрасіў яго на размінку. Хвілін дваццаць яны практыкаваліся ў дапрацоўцы некаторых каскадаў прыёмаў дзю-до. У выніку іх практыкаванняў была перабіта адна з кансолей падвескі адсека і ўвагнуты дзверцы шафы. Дыега, ківаючы ў бакі паголеным чэрапам, паказаў на ўвагнутасць:

- Гэта твая галава...

- А гэта твой нос, - знайшоўся Грэхаў, паказваючы на кансоль.

- Та-ак, не шанцуе...

- Яшчэ так пашанцуе, што не заскачам, а заплачам! Яны трохі пасмяяліся, потым успомнілі, дзе знаходзяцца, і паспяшаліся ў душ.

Пасля снедання Сташэўскі расказаў, як ён уначы прыняў ракету-зонд па пеленгу і накіраваў матэрыялы на Станцыю. «Павуціны» не перашкаджалі, хоць некалькі цікаўных экземпляраў набліжалася на небяспечную адлегласць. І камандзір раптам прызнаўся, што пад час з'яўлення «павуцін» ён кожны раз чуе неразборлівую чалавечую гаворку.

- Што б гэта азначала?

- І я чую, - вырвалася ў Грэхава.

- Нічога асаблівага, - раўнадушна вымавіў Малчанаў. - Мы завём гэта «псіхалагіраваным уплывам». Віноўнік яго, несумненна, невядомае выпраменьванне. - Вось так, - сказаў Сташэўскі з пэўнай палёгкай. - Што ж, бадай...

- Я думаў, вы ведаеце. Але вось тое, што зонд вы сустракаеце адзін...

- Нічога, - усміхнуўся аднымі губамі Святаслаў. - Я сябе на гэты выпадак засцярог ад небяспекі.

- Зонд не зносіла? - пацікавіўся Дыега Вірт.

- Зносіла, але ён запеленгаваў маяк танка і выйшаў па гіпербале амаль над машынай. «Павуціны» спрабавалі ў гэты момант падысці бліжэй, я іх адагнаў.

Памаўчалі трохі, нанова прывыкаючы да панурага пейзажу з дымнай падушкай, скрозь якую тырчаў шэры палец зямнога зоркалёта. Тут усё было па-ранейшаму. Стаяла над караблём лесвічка з дзесятка калыхлівых «павуцін», яшчэ каля дзесятка іх сплялі ўвагнутую крацістую сцяну паміж Горадам і караблём. Астатнія віселі або плавалі без справы на невялікай вышыні, быццам назіральнікі. Зрэшты, адна дэталь мясцовасці змянілася: павялічылася колькасць грыбападобных чорных нарасцей, што ланцужком атачалі карабель. Відавочна, не на дабро.

- Дык вось, - пстрыкнуў пальцамі Сташэўскі, - паедзем вакол Горада. Не вельмі хутка, пад сорак...

Грэхаў кіўнуў. На раўніннай мясцовасці «Мастыф» мог бегаць у пяць-шэсць разоў хутчэй, але трэба было глядзець па баках, а іх было ўсяго чацвёра, мінус сам Грэхаў як вадзіцель.

Малчанаў сеў справа ад яго і адчыніў футарал дзіўнага павукападобнага апарата з яшчэ больш дзіўнай і доўгай назвай: каардынатар ліній чакання раптоўна ўзнікаючай інфармацыі. Уяўляў ён сабой цуд нейрысторнай тэхнікі са спецыяльнага рыштунку камунікатараў, і ўсё, што Грэхаў ведаў пра яго, дык тое, быццам ён штосьці прагназіруе.

«Сумняваюся, каб дапамог нам хоць чым-кольвек», - падумаў ён з усмешкай.

- Цікава, - прамармытаў Дыега, відаць, больш знаёмы з апаратурай, і ўладкаваўся за спінай камунікатара.

Каб не адцягваць увагу, Грэхаў уключыў вонкавыя акустычныя прыёмнікі, і кабіну запоўнілі гукі руху: рокат матораў, хруст гусеніц, шолах і шалест пароды пад гусеніцамі. Разам з гэтымі гукамі часам даносіліся ўсклікі Дыега і невыразнае мармытанне Малчанава. Сташэўскі ўсю ўвагу звярнуў на дзейнасць «павуцін», рука яго выстуквала на падлакотніку крэсла кадзіраваную адзнаку сігналу.

Да абеду яны аб'ехалі Горад двойчы па спіралі, якая разгортвалася, не звяртаючы ўвагі на дужа настырнага «цікаўніка», што рухаўся ўслед за імі. Грэхава не пакідала адчуванне пабочнага позірку, і яму з цяжкасцю ўдавалася выдаваць сябе спакойным.

Паабедалі ў пахмурным маўчанні. Нават Дыега Вірт, які звычайна скула разлічваў свае рухі, насупліваўся і паглядваў на гадзіннік. Прыгнечаны стан групы трымаўся да вечара. Аж перад самым заходам Грэхаў раптам заўважыў далёка ўбаку незразумелы аб'ект. Бачны ён быў цьмяна, оптыка дапамагала мала, давялося павярнуць з арбіты руху на поўдзень. І тут Грэхаў заўважыў, што рухаюцца яны неяк дзіўна: ён кіраваўся дакладна на аб'ект, падобны здалёку на чорную коску, аб'ект жа раптам апынуўся трохі злева; Грэхаў павярнуў крыху ўлева, але праз некалькі секунд «коска» зноў апынулася злева, хоць ён не дакранаўся да кіравання. Ён павялічыў хуткасць, зноў трохі павярнуў улева - «коска» проста на вачах зрушылася ўлева, і на гэты раз значна хутчэй. Стваралася ўражанне, што каменны шчыт пад танкам паварочваецца вакол восі і чым хутчэй яны едуць, тым хутчэй ён паварочваецца.

Грэхаў спыніў танк. Нічога, усё стаіць на месцах. Як толькі паехалі - ланцуг скалаў на краі адкрытай прасторы закруціўся ўлева.

- У чым справа? - пацікавіўся Сташэўскі. Грэхаў прадэманстраваў яму дзіўную з'яву і паспрабаваў з ходу мінуць плошчу, на якой яны завязлі. Але за некалькі секунд танк разгарнула на сто восемдзесят градусаў, і ён імчаўся да цэнтра плошчы! І зноў... і зноў... Чым бліжэй да краю, тым хутчэй іх зносіла і паварочвала да цэнтра пусткі. Урэшце Грэхаў выдыхнуўся і спыніў танк.

Маўчанне ў кабіне было красамоўнае. Яны апынуліся ўнутры зачараванага кратэра, сцены якога на тры чвэрці складаліся з фіялетавых скал, а замыкаліся чорнай сцяной Горада і вежай карабля.

- Паспрабуй яшчэ раз, - парушыў маўчанне Сташэўскі.

Грэхаў паспрабаваў, але з тым жа поспехам.

- Гэта вы не праходзілі? - паспрабаваў пажартаваць Дыега Вірт, звяртаючыся да Малчанава, які задуменна церабіў падбародак.

- Не, - адказаў той сур'ёзна. - З такой з'явай сутыкаюся ўпершыню, і, наколькі я ведаю, пра гэта не згадваў ніводны даследчык.

- Усё гэта добра, - уздыхнуў Сташэўскі, - якасна іншая з'ява і гэтак далей... Аднак трэба ж адсюль і выбірацца.

Аддалены гул прымусіў усіх насцярожыцца. Гул нарастаў, задрыжала глеба. Яшчэ праз паўхвіліны гул ператварыўся ў магутны грукат, трэснула сцяна скал, і ў пралом, які ўтварыўся, слізганула... велізарная чорная скала і рушыла праз плошчу да Горада. Яна перасекла пустую прастору, пакінуўшы пасля сябе дыміцца глыбокую баразну, і бясследна растварылася ў цяснінах Горада.

Нядоўга думаючы, Грэхаў запусціў рухавік і кінуў танк уздоўж баразны да пралому. Праз хвіліну яны былі ўжо за межамі дзіўнай плошчы, якая не выпускала іх са сваіх абдымкаў больш за гадзіну.

Дыега паспрабаваў растлумачыць феномен «гравітацыйным полем, якое плыве», але Сташэўскі папрасіў Грэхава «як былога спецыяліста» зніштожыць гэтае «тонкае разважанне», і той папулярна вытлумачыў Дыега, што ён кампетэнтны ў фізіцы гравітацыі гэтак жа, як ён сам у чорнай, а разам з ёй і белай магіі. Праўда, Грэхаў таксама нічым не мог вытлумачыць іх прыгоды, нягледзячы на тое, што сапраўды тры гады назад скончыў інстытут фізікі прасторы. Для высноў патрэбны былі эксперыментальныя вымярэнні, паўтораныя не адзін раз.

На ноч танк пакінулі ў тым жа месцы, што і ў першы раз. Фарбы заходу хутка збляклі, затое зайгралі пералівамі халоднага святла «павуціны» і Горад. Магчыма, Грэхаў быў занадта эмацыянальны для работніка КАВС, але ў сузіранні маляўнічай феерыі святла ён знаходзіў сапраўднае задавальненне. Толькі часам свядомасць як бы ўспамінала свае абавязкі, і тады чутны быў шэпт - не вельмі прыемнае нагадванне аб прысутнасці іншага загадкавага жыцця. Яны ўжо звыкліся з ім, як прывыкаюць і не заўважаюць скуголення ветру ў непагадзь.

Правялі чарговы сеанс сувязі. Што-нішто змянілася на зямным фарпосце. Да Тартара прыбылі энергазабеспячэнцы і эксперыментальны карабель, бітком набіты рознага роду генератарамі.

- Намячаецца эксперымент, - паведаміў Кротас. - Фізікі хочуць «выразаць» кавалак прасторы разам з караблём і перакінуць яго з планеты за межы атмасферы.

- А мы? - вельмі своечасова спытаўся Дыега Вірт.

- А вас захопіць іглакол. Мантажнікі заканчваюць зборку пад'ёмніка, заўтра паспрабуем высвідраваць канал у атмасферы. А пакуль вы будзеце карэкціраваць наводку генератараў для эксперыменту.

- Зразумела, - адгукнуўся Сташэўскі, адказваючы ўсмешкай на ўсмешку Паліны, і сеанс скончыўся.

На гэты раз першы на вахту стаў Грэхаў. Чатыры гадзіны праляцелі незаўважна, ён нават спаць не захацеў, паглынуты назіраннямі за дзеяннямі цікаўнікаў і «павуцін». Так, яны яўна штосьці рыхтавалі, прыцягнулі аднекуль яшчэ некалькі «грыбоў», і цяпер вакол калоны карабля ўтварылася суцэльная чорная сценка. Аж перад самой здачай дзяжурства - Грэхаў якраз глядзеў на нерухомае воблака белага дыму, з якога вырастаў карабель, - воблака гэтае раптам з моцным трэскам апала, і над караблём усплыла сліпучая да болю ў вачах «павуціна». Яна як бы падхаліла карабель знізу, краі яе палезлі ўгору, і ўрэшце карабель быў загорнуты ў «авоську». Усё замерла на пэўны час. Потым «павуціна» з доўгім шыпеннем распаўзлася ранейшым белым дымам, і Грэхаў, расціснуўшы ўспацелыя ад напружання кулакі, прамармытаў зларадна:

- Што, не выйшла, галубкі?

Некалькі «павуцін»-назіральнікаў тут жа ўцяклі да Горада, і, пакуль Грэхаў правяраў функцыянаванне галоўных сістэм танка, адна з іх прывалакла чорны «грыб» і ўторкнула яго вышэй па схіле варонкі. Яны пачыналі будаваць другі ланцужок «грыбоў». Усё гэта адбывалася так мэтанакіравана, што Грэхаў раптам зразумеў тых, што баранілі прысутнасць на планеце розуму. І калі ён сапраўды быў, то па ўсіх чалавечых мерках выходзіў за межы спасціжэння. Ні ён, ні людзі не разумелі адзін аднаго, і невядома было, што ж патрабуецца для таго, каб зрабіць першы крок да гэтага ўзаемаразумення. Адзінае, што вынес Грэхаў са свайго назірання, было тое, што валтузня «павуцін» каля зямнога зоркалёта паказвала на іх зацікаўленасць у ім, гэта значыцца з'явілася надзея на паспяховае завяршэнне экспедыцыі як у самім караблі, так і выратавальнай.

Пабудзіўшы Сташэўскага, Грэхаў спехам пераказаў яму ўсё, што бачыў сам, і папрасіўся размясціцца на адпачынак у кабіне. Але камандзір застаўся няўмольны, і яму, хоць і з неахвотай, давялося пайсці. Сташэўскі ж сеў за перадатчык і выклікаў Станцыю.

 

* * *

 

За бортам разгараўся дзень, быццам штампаваны па заказе, так ён быў падобны на астатнія цьмяныя дні Тартара.

За ноч «павуціны» пабудавалі яшчэ адзін ланцуг загадкавых грыбападобных цел і тэрыконаў, падвоіўшы іх колькасць. Над танкам кружылі цэлыя тры «сеткі», таму ў адчуваннях людзей пераважала пачуццё цкаванага аленя. Пра перадачы на Станцыю не было чаго і думаць. Сташэўскі сказаў толькі, што роўна а шаснаццатай паводле ўніверсальнага часу адтуль паспрабуюць праткнуць атмасферу планеты накіраваным полем і, калі ўсё адбудзецца добра, да вечара яны будуць дома.

Грэхаў машынальна агледзеў купал неба, валакністая зялёная смуга якога з цеснымі разводамі навісла гэтак нізка над галавой, што здавалася, над імі вісіць цэлая планета, закрытая слоем аблокаў, і яны звернуты да гэтай планеты нагамі ўгору. Вяршыня даволі блізкага карабля хісталася, размытая, быццам пагружаная ў струменістую ваду, і там, на кіламетровай вышыні, Грэхаў убачыў, як перасоўваецца цёмная пляма. Яна павольна плавала на адной і той жа вышыні, часам ненадоўга замірала на месцы, потым зноў апісвала кругі і петлі, нетаропка і бязмэтна.

- Што гэта над караблём? - спытаўся Грэхаў у Сташэўскага ўпаўголаса.

- Дзе?

- «Шэры прывід», - паглядзеўшы, басам сказаў Малчанаў. - Няўлоўнае і надзвычай цікавае стварэнне. Галкін неяк натыкнуўся на гравістралка, і, калі б не «шэры прывід», які падплыў у гэты момант, жывы б ён не пайшоў.

- Я чуў пра гэта, - задумліва вымавіў Сташэўскі. - Але думаў, што гэта легенда.

- Не, - суха сказаў Малчанаў. - Я быў разам з ім...

- Дык як жа... - пачаў Грэхаў, злавіў рух Сташэўскага і змоўкнуў.

Малчанаў усміхнуўся.

- Не свідруйце яго позіркам, Святаслаў, цікаўнасць яго законная. На мяне гравістралок не напаў таму, што я ў той момант знаходзіўся ў кабінеце нульхода.

Штосьці ён не дагаворваў, Малчанаў. Грэхаў зразумеў гэта па яго секундным замяшанні, але працягваць камунікатар не стаў, а распытваць далей было няёмка.

Грэхаў паспрабаваў уявіць умяшанне «шэрага прывіду» пад час нападу гравістралка (якая тады яго сапраўдная магутнасць?!), але настаў адзін з перыядаў «сну на хаду», калі яму пачыналі трызніцца дзіўныя змазаныя карціны, хутчэй за ўсё ўплыў «павуціны», яе выпраменьванні на мозг, і пэўны час давялося правесці ў змаганні з забыццём. На кожнага з іх выпраменьванне відаць, дзейнічала па-рознаму. «Добра было б параўнаць адчуванні...» - мімалётам падумаў ён.

У зоне карабля спрацавалі нейкія таямнічыя механізмы, па перыметры вакол яго вежы замільгалі надзвычай зыркія сіне-зялёныя факелы полымя, скрыўляючыя кожны раз контуры зоркалёта. Праз некалькі хвілін успышкі спыніліся. Прыборы бясстрасна адзначылі з'яўленне і змяншэнне іанізацыі, танец электрамагнітных палёў.

Грэхаў звыкла адзначыў час і, разважаючы, ціха сказаў:

- Не магу зразумець адно - чаму на планету, жыццё якой не разгадана, прысутнасць розуму на якой яшчэ нікім не даказана, паслалі атрад камунікатараў. З кім яны збіраліся наладжваць кантакт? З «павуцінамі»? З «цікаўнікамі»?

- З пластунамі, - прамармытаў Дыега Вірт. - Або з «шэрымі прывідамі». Ці не ўсё адно...

- Так, тут вы маеце рацыю, - уздыхнуў Малчанаў, і вузкі маршчыністы твар яго спахмурнеў. - З пасылкай камунікатараў паспяшаліся. Але ў дадзены момант гэта ўжо не віна, а хутчэй наша бяда. На Станцыі ў той час было занадта шмат гарачых галоў...

- Гарачыя галовы... - па-старэчы прамармытаў Сташэўскі, гледзячы на роўную калону карабля. - Гарачыя галовы... Раней казалі: колькі галоў - гэтулькі розумаў, але першых заўсёды больш. Поўнае супадзенне з рэчаіснасцю...

У кабіне запанавала адносная цішыня. Але хіба параўнаеш гэтую жывую пульсуючую цішыню з невыказна халоднай і глыбокай цішынёй цэлай планеты? Незвычайнай цішынёй, цішынёй, здавалася б, абсалютна мёртвага свету. Як зразумець яе, з чым параўнаць яе? Як звязаць яе з тым, што свет гэты не мёртвы, што ён жывы, і жывы актыўна? Спусціўшыся са Станцыі, яны з волатаў, што аглядалі ўсю планету адзіным позіркам, ператварыліся ў мурашоў, якія поўзаюць па велізарным механізме невядомага прызначэння, мурашоў, няздольных зразумець асобныя рухі шасцерняў, спружынаў і колаў і аб'яднаць іх у цэлым у паняцце механізма. Як можна было гаварыць пра кантакт, не зразумеўшы, як і з кім яго наладжваць?

- Парадокс, - услых сказаў Грэхаў. Ніхто яму не адказаў.

- «Павуціны», - флегматычна заўважыў Дыега. - Нешта іх багата.

Грэхаў узняў галаву - «павуціны» ўжо накрывалі танк слабым сеткаватым ценем - і адчуў балючы штуршок у галаву і перастаў бачыць святло.

На нейкую долю секунды ён адчуў бег часу. Не, не бег - сціснутую спружыну часу. Процьму сціснутага да неверагодных межаў часу! Штосьці адбывалася вакол, адбывалася на ўсёй планеце, пачуццяў чалавечых не хапала, каб заўважыць гэта, убачыць, зразумець. Але прарвалася імгненне, нейкае «дзесятае» пачуццё, нават не інтуіцыя - імгненне, калі рытм чужога жыцця сам прабіўся ў мозг, прымушаючы яго напружвацца ў бясплённых спробах асэнсавання гэтага жыцця...

Грэхаў не паспеў нічога зразумець, проста адчуў, быццам прорва адкрылася пад ім, захапіла дух, і тут жа ён апынуўся на цвёрдай зямлі, і няма прорвы, а сэрца яшчэ не паспела адрэагаваць, замерла, калі ўсё ўжо мінула...

Ён нікому пра гэта не сказаў. Нават Сташэўскаму. «Потым, - падумаў ён, - на Станцыі. Калі можна будзе перавесці гэта ў жарт».

 

6

 

А шаснаццатай гадзіне паводле ўніверсальнага часу абяцаны Кротасам канал прамых безынерцыйных зносін са Станцыяй не з'яўвіўся. Сувязі таксама не было, усе дыяпазоны, як і раней, былі скрозь забіты перашкодамі.

Увечары Сташэўскі загадаў пад'ехаць да карабля бліжэй і спыніцца паблізу двайнога шэрагу часта натыканых «грыбоў». Нябачная адштурхоўваючая сцяна ўсё яшчэ была на месцы, рабіць не было чаго, заставалася толькі чакаць ночы, калі можна будзе наладзіць сувязь.

Барвовае свяціла напалову ўлезла ў зыбкі гарызонт, заліваючы даліну, Горад, карабель, туманнае паветра струменямі пунсовых вясёлак. На свеце ненадоўга запанаваў рубінавы колер, перакрэслены ценем карабля. Потым Ціна неяк адным рухам вухнула ўніз, і настала вішнёвая імгла, якая хутка цямнела.

Грэхаў разгарнуў танк кармой да павіслага зоркалёта і ціхенька адпрацаваў заднім ходам ушчыльную да празрыстай сілавой сцяны, але перастараўся, і танк павярнуўся кругом і адступаў ужо ўгору па схіле варонкі.

- Не забаўляйся, - прабурчаў Сташэўскі, уключаючы прыёмнік. Сувязь знайшлася амаль адразу, як толькі яны пераключылі антэну на гравііндукцыйную рашотку.

- «Мастыф», чаму не адказваеце? «Мастыф», чаму не адказваеце? - загаварыў у кабіне Палінін голас, і ў аб'ёме перадачы з'явіўся яе мілы зблажэлы твар. Убачыўшы іх, яна толькі ўздыхнула, знайшла вачыма Грэхава і, гледзячы на яго, сказала:

- Бачу вас, «Мастыф», чаму маўчыце?

- Усё нармальна, мышка, - сказаў Сташэўскі. - Давай нам начальства.

Паліна саступіла месца смугламу гарбаносаму чалавеку з блізка пасаджанымі зырка-жоўтымі вачыма. Сташэўскі і Малчанаў з пашанай схілілі галовы, Грэхаў з пэўным спазненнем зрабіў тое ж.

Гэта быў Банглін, старшыня Камітэта Камунікацый.

- Карабель усё яшчэ маўчыць? - спытаўся ён, хутка абмацаўшы іх сваімі пранізлівымі вачыма.

- Маўчыць, - адказаў Сташэўскі, - прайсці да яго не можам.

- Ведаю. Як паводзяць сябе «павуціны»?

- Суправаджаюць кожны наш крок. Але ахоўнае поле дапамагае, хоць і не поўнасцю. «Цікаўнікі» больш небяспечныя.

- А «шэрыя прывіды»?

- «Прывіды» кантакту з намі не мелі, хоць я ў гэтым не ўпэўнены.

- Як гэта? Як вас разумець?

- Пры пераходзе праз Горад мы сустрэліся з «цікаўнікам», і... словам, мне здалося, што вынес нас з Горада «шэры прывід». Дакладней, не нас, а ўвесь танк.

- Гэта надзвычай цікава, - ажывіўся Банглін. - А не мог аўтамат запісаць гэтую інфармацыю на машынны інфармблок?

- Не ведаю, не задумваўся. Інфармблок мы адаслалі з зондам. - Банглін спахмурнеў.

- Сапраўды... Бяда ў тым, што зонд не вярнуўся... Грэхаў пераглянуўся з Дыега. Настала кароткая цішыня.

- Так. - Банглін паморшчыўся і працягваў: - Ваш побыт на паверхні лічу немэтазгодным. Эксперымент з «вырэзваннем» карабля адкладваецца, мы атрымалі новую інфармацыю ад суседзяў... На планеце не павінна быць людзей. Рыхтуйцеся, праз дзесяць хвілін мы ўключым тунель і апусцім па промні іглакол. Усё зразумела?

- Як быццам усё...

Банглін уважліва паглядзеў на Сташэўскага і сціснуў губы ў адну лінію.

- Добра. Чакаем вас тут.

Відэом апусцеў.

- Давай, - скамандаваў Сташэўскі, але Грэхаў ужо і без яго даў ход, і танк загрукацеў па каменных хвалях.

Слуп накіраванага выпраменьвання з'явіўся дакладна праз дзесяць хвілін, заўважны, як дрыжачы паток гарачага паветра, які скрыўляе свячэнне Горада. Слуп не стаяў на месцы, хістаўся, танцаваў. Ці то яго збівала агульнае поле планеты, ці то было цяжка падтрымліваць факусіроўку промня на такой адлегласці... Гравіпад'ёмнік на Тартары выкарыстоўвалі ўпершыню, і Грэхаў з трывогай падумаў, што ніхто не ведае, якой рэакцыі чакаць пры гэтым ад невядомых насельнікаў Тартара.

Першы на аддалены нізкі гул, што загучаў услед за з'яўленнем сілавога тунеля, звярнуў увагу Малчанаў. Ён дакрануўся да пляча Сташэўскага, той з перасцярогай узняў руку, і ў гэты момант адбылося незразумелае: слой глебы, у якую ўпіраўся сілавы промень пад'ёмніка, раптам лопнуў з аглушальным грукатам, краі разлому задраліся ўгору, і з-пад глебы ўдарыла чорная бруя. Грэхаў, спахапіўшыся, паміргаў пражэктарам, але было позна. У вышыні загарэлася жоўтая зорка - лазерны пражэктар іглакола, са Станцыі пачалі ўжо спуск выратавальнага шлюпа.

Новая хваля грукату: яшчэ адна бруя шуганула ўгору і дасягнула карабля. У тым месцы нешта асляпляльна ўспыхнула, і іглакол стаў валіцца на Горад, пакідаючы за сабой трасу гаснучых жоўтых агеньчыкаў. Праз некалькі хвілін пачуўся доўгі раскацісты рык. - Чорнае вывяржэнне! - прашаптаў Дыега. Яны ўжо імчаліся на поўнай хуткасці, і за кармой узнялася паласа пылу. А з дзіўнага разлому раптам з лямантам плюнула яшчэ адна чорная бруя, шугаючы на незвычайную вышыню. На Станцыі здагадаліся выключыць канал пад'ёмніка, і чорны слуп, які толькі што рос, абарваўся і стаў падаць з неба велізарнымі чорнымі пырскамі, адна з якіх, памерам з гару, цудам мінула танк. «Павуцін» з'явілася незвычайна багата, яны мітусіліся ў паветры, не заўважаючы танка, але Грэхаву назіраць за тым, што адбывалася, не было калі, і ён не ўбачыў, чым скончылася жудасная сваёй магутнасцю і незразумеласцю з'ява.

Танк з ходу паглыбіўся ў першую з «вуліц» Горада, што ішла чорнай лававай ракой у глыбіню прывіднага, насычанага блакітнаватым туманам свячэння масіву. Тут таксама раіліся «павуціны», большасць іх заляцела да месца падзення іглакола, астатнія выстройваліся ў адну вялізную сетку, якая накрывала Горад згары. Чамусьці позірк Горада было лягчэй трываць, а можа, людзі адцягваліся ад аналізу сваіх адчуванняў. Ва ўсялякім выпадку, мозг спраўляўся з уплывам пабочнага псіхатроннага выпраменьвання. Прыёмнікі перасталі грымець, і ў ватнай з шэлестам цішыні яны раптам пачулі... плач дзіцяці! Гэта было дзіўна і пачварна! Адкуль у Горадзе магло ўзяцца дзіця?!

Сташэўскі пераключыў дыяпазоны і свіснуў. Плач, дакладней, тоненькае тужлівае завыванне панавала на ўсіх нясучых хвалях. Больш таго, плач чуўся з усіх бакоў, браць пеленг было бескарысна.

Яны так і не разабраліся, што гэта было - ці рэха перадачы са Станцыі, ці фокус нязвыклай перашкоды, ці нешта яшчэ... Буйная вібрацыя скаланула раптам Горад. Аднекуль знізу, з таямнічых яго глыбіняў, пачулася нізкае магутнае гудзенне. Адразу ў некалькіх месцах загучалі мулкія моцныя ўдары - выбухалі «павуціны». Грэхаў зірнуў на пульт і жахнуўся. У прасторы адбываўся канец свету! Прыборы паказвалі вар'яцкі танец сілавых палёў, неверагодную шчыльнасць выпраменьвання! Ціск за бортам то падаў да нуля, то ўзнімаўся да велічыні ўнутрызоркавага! Тэмпература мянялася штосекундна!..

Але на ўсё гэта яму было напляваць, галоўнае было тое, што ў цэнтры пульта глядзела на яго злавеснае рубінавае вока: ахова рэактара давала збоі, поле не трымала, пульсавала, нешта яно расчапляла, і разгублены аўтамат хутка-хутка пераключаў генератары з асноўнага на дубліруючы.

Сташэўскі ацаніў небяспеку хутчэй за Грэхава.

- З танка, мігам! - гаркнуў ён і адным рухам адкінуў Малчанава да люка.

- Навошта?! - незвычайна здзівіўся той.

Грэхаў прытармазіў. Дыега Вірт моўчкі падштурхнуў ахопленага разгубленасцю камунікатара да выхаду і махнуў на развітанне рукой.

«Дружа, прыйшла твая чарга дзейнічаць самастойна...» - мільганула ў Грэхава імгненная думка.

Танк ізноў імчаўся над струменістай чарнечай «вуліцы», пад ім грукацела і гуло, і наперадзе паказаліся ўжо рэдкія клубы шэрага дыму: дзесьці дагараў пасля падзення іглакол. Дзве бліскучыя фігуры змяншаліся ў памерах і неўзабаве зніклі за паваротам.

Сташэўскі спрабаваў нешта зрабіць з наладкай аховы, але рубінавае вока палала нястрымна, да выбуху заставаліся, магчыма, нейкія імгненні, і Грэхаў усё павялічваў хуткасць, быццам спрабуючы ўцячы ад самога сябе, ад сваіх думак і страху.

На адной з «вуліц», што перасякалі дарогу, дагаралі рэшткі разбітага дэсантнага шлюпа, яны праскочылі паўз яго, але Сташэўскі крыкнуў: «Стой!» - і Грэхаў спыніў танк.

- Бяжы!

- Не!

- Ды бяжы!..

Сташэўскі раптам схапіў Грэхава за плячо, і ўсе яго сто з лішкам кілаграмаў вылецелі з крэсла.

- Я прашу цябе, Габрыэль, - амаль бязгучна сказаў ён.

Ніколі Грэхаву не забыцца на яго твар, калі ён гаварыў сваё: «Я прашу цябе, Габрыэль...»

Унутры яго быццам нешта зламалася. Ён не памятаў, як выбіраўся з кабіны, а калі азірнуўся, танк быў ужо далёка. Нарэшце схаваўся за паваротам, а Грэхаў усё пазіраў яму ўслед праз слёзы, што набягалі на вочы, быццам ад злога ветру. Дзіўна, што «павуціны» не звярнулі ўвагі на такую зручную для іх цэль: ас забыўся ўключыць генератар ахоўнага поля, горб якога адчувальным цяжарам ціснуў на спіну. Ён толькі глядзеў і лічыў услых секунды. А потым асляпляльнае святло ўспыхнула над Горадам, выпаліла ўсе цені да смяртэльна зыркай белізны і апаліла твар гарачым дыханнем.

- Святаслаў! - прашаптаў Грэхаў застылымі губамі. - Святаслаў...

А Горад скаланаўся, вібрыраваў, стагнаў, хісталіся паўпразрыстыя сцены «будынкаў», растрэскваючыся пад акампанемент сатанінскага грукату і скрыгату, нізкі гул выбуху распаўзаўся цяснінамі «вуліц», са свістам праляталі, як віхуры, над Горадам чароды «павуцін». Пурпуровы смерч узносіўся ў неба. Зыркі, вясёлы і страшны смерч...

Грэхаў зрабіў крок наперад, і ў гэты час з чарады «павуцін» над галавой выпаў «шэры прывід» і апусціўся зверху. На адзін міг незвычайная глыбіня раскрылася перад Грэхавым. Быццам расчынілася брама ў іншы свет, у зусім чужы яму свет інакшай гармоніі... Сусвет калыхнуўся і закружыўся вакол яго... І ён пачуў, і не толькі ён - пачулі і Дыега Вірт з Малчанавым, якія паспелі пакінуць Горад, і пачулі людзі на Станцыі...

- Разумныя, спыніцеся! Не ўсе дарогі пазнання вядуць да мудрасці, задумайцеся над гэтым! Мы не рыхтаваліся да кантакту з вамі, так атрымалася, што надышла пара ўмяшацца. Вы даволі аператыўныя і паслядоўныя людзі, мы недаацэньвалі вас.

Мы, тыя, каго вы называеце «шэрымі прывідамі», даследуем жыццё дадзенай планеты не адно стагоддзе, але і да гэтай пары яна ў шмат чым загадка для нас. А вы... вы спрабуеце вырашыць гэтую праблему адным імгненным высілкам, вы спяшаецеся, падаеце, разбіваецеся, і нам усё часцей даводзіцца звяртаць на вас увагу, адрывацца ад сваіх задач і спраў.

Тое, што вы называеце Гарадамі, - гэта кантынуум больш складанага парадку, як прастора, гэта іншы сусвет, разумныя істоты якога, са свайго боку, спрабуюць наладзіць кантакт з намі.

Вашае ж з'яўленне на планеце змяніла ўмовы існавання Гарадоў, вы не валодаеце тымі відамі палёў, якія не дэстабілізуюць іх, і пры вашым з'яўленні Гарады распадаюцца. Вы, не ведаючы таго, знішчаеце свет, населены самымі старажытнымі з істот, якія абагналі ў сваім развіцці нават нас на мільёны гадоў!

Вашы спробы асэнсаваць жыццё Тартара зразумелыя і натуральныя, але вы яшчэ не гатовыя да кантактаў і павінны пайсці з планеты. Задумайцеся над сказаным, разумныя! Удачы вам на доўгім шляху!..

Уся перадача працягвалася імгненне - хто б яны ні былі, «шэрыя прывіды», у развіцці яны сапраўды нашмат апярэдзілі чалавецтва. Грэхаў яшчэ не паспеў ачуняць, як адчуў, што ён у палёце. Мільгануў і застаўся ўбаку Горад, наблізіліся скалы, і яго беражна апусцілі на рыжую глебу. «Шэры прывід» узняўся ўгару і знікнуў, ад скалы ж аддзяліўся металічны гігант і наблізіўся да Грэхава. Гэта быў Вірт.

- Жывы? - спытаўся ён з нейкай дзіўнай інтанацыяй. І Грэхаў зразумеў.

- Не... - амаль злосна адказаў ён. - Яны не паспелі яго...

З-за скалы выйшаў Малчанаў, падышоў да іх, раптоўна абняў іх за плечы, і яны не згаворваючыся паглядзелі ўгору, у зыбкую чарнечу начной атмасферы Тартара, за якой дзесьці іх чакалі ў трывозе таварышы. Зямляне...



Пераклад: Павел Марціновіч
Падрыхтавана: Уладзімір Васькоў

Беларуская Палічка: http://knihi.com