epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гарбацэвіч

Чырвоныя кветкі Беларусі

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
  КАРЦІНА ПЕРШАЯ
  КАРЦІНА ДРУГАЯ
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
  КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ
  КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ


 

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

Андрэй, малады вясковы хлопец, 26 год.

Надзея, прыгожая дзяўчына, 22 гады.

Агей, бацька Андрэя, 60 год.

Сымон, бацька Надзеі, 55 год.

Паніч, памешчык суседняга маёнтка, 30 год.

Ганна, Наста — таварышкі Надзеі.

Аўдуля, Мірон, Панас — сяляне.

Тодар, Пятрок, Астап — таварышы Андрэя.

Міхась, Самусь — дваровыя хлопцы.

Міхась Рудовіч, студэнт Мар’інагорскага тэхнікума.

Зося, сястра Рудовіча.

Хлапец.

Паручнік.

Белапольскія салдаты. Чырвонаармейцы.

Баравік, фальварковец.

Сяляне.

 

 

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

 

 

КАРЦІНА ПЕРШАЯ

Лес. Светлы, цёплы веснавы дзень. Шчабечуць птушкі, кукуе зязюля. Як адчыняецца заслона, чуваць песня, якую спяваюць дзяўчаты, збіраючы грыбы.

 

А ў лесе, лесе

Ды на верасе...

Вясна-красна на ўвесь свет.

Малады там хлопец

Ды каня пасе,

Вясна-красна на ўвесь свет.

А яму дзяўчына

Ды абед нясе...

Вясна-красна на ўвесь свет.

Сядзем разам, любы, паабедаем...

Вясна-красна на ўвесь свет.

А я па абедзе скажу табе дзіва...

Вясна-красна на ўвесь свет.

 

Песня абрываецца. Чуваць, як крычыць адна з дзяўчат: «Ой, заяц!» Зараз жа заяхкаў сабака. Выбягаюць Надзея і Аўдуля.

Надзея. Аўдулька, любка, як жа я спалохалася! Ледзь-ледзь не наступіла на зайца. Як падскочыць ён ды бегчы. А ззаду ў мяне сабака: «Гаў! Гаў! Ях! Ях!» І чый гэта? Вялізны, кудлаты. У нашай вёсцы такога няма. Няўжо гэта з маёнтка? Можа, паніч на паляванні?

Аўдуля. Ай! Во дабрачок сядзіць. (Кідаецца да куста ядлоўцу.) А які ж прыгожанькі! Высыпальнічак.

Надзея. А я зусім не назбірала грыбоў. Табе вось шанцуе. З-пад носа ў мяне хапаеш.

Аўдуля. Каму што, Надзейка: мне шанцуе ў дабраках, а табе — у дзецюках. Адзін Андрэй чаго варты, а тут яшчэ і паніч. Шчаслівая ты.

Надзея. Кінь, Аўдулька, мне зайздросціць. Праўда, люб мне Андрэй. Не такі ён нейкі, як іншыя хлопцы. Калі скажа слова, дык яно адразу да сэрца ідзе. А ў вачах столькі чароўнасці і пяшчоты. Іншы раз задумаецца: стаіць, як дуб малады. Ні адна галінка не скранецца. Глядзіш — і бачыш, што на твары ў яго нейкая важная думка блукае. Не, Аўдулька, што хочаш кажы, а захавана нешта ў яго сэрцы. А гэты... паніч. Не ведаю, чаго ён да мяне чэпіцца. Колькі разоў казала, каб не лез, а ён... Як той слімак. Андрэй ужо ведае аб гэтым. Чуе маё сэрца, што быць бядзе.

Чуваць шорах.

Аўдуля. Ой, нехта ідзе!

Надзея. Ён! Бяжым!

Выскоквае паніч са стрэльбай.

Паніч. Э, не ўцечацё. Ды чаго вы палохаецеся? Хіба ж я воўк? (Падыходзіць да Надзеі і працягвае ёй кветкі.) Вось, Надзейка, паглядзі, як прыемна пахнуць. Дзеля цябе ў самую твань лазіў.

Аўдуля адыходзіць.

Надзея. Ніхто не прасіў вас лазіць, і не трэба мне вашы кветкі. Захачу — сама нарву.

Паніч. І чаго ты заўсёды такая злосная? Няўжо і з Андрэем ты такая?

Надзея. Якая я з Андрэем, да гэтага панічу няма ніякай справы. А вас апошні раз прашу — не чапіцеся да мяне, усё роўна з гэтага нічога не будзе.

Паніч. Эх, Надзейка, сама ты ад свайго шчасця адмаўляешся. Ты падумай, кім бы стала? Паўзірайся, якая ты зараз? І босая, і ўчарнелая. А ў мяне ты цвіла б, як ружа.

Надзея. Не клапаціцеся пра мяне, калі ласка. Цяпер я хоць і босая, але здаровая, хоць і ўчарнелая, але вясёлая. Ды не змагла б я хадзіць па вашых коўзкіх падлогах. Лепей хай мяне сонца пячэ ў полі, чым халадкі церці ў вашых пакоях.

Паніч. Дурная — дурное і пляце.

Надзея. Дык чаго вам з дурнымі чапацца? Шукайце сабе такіх, як і самі.

Паніч. Ну не злуйся, Надзея. Яшчэ раз кажу табе: паслухаеш — будзеш паняй жыць у пакоях. Вось ты зараз прыйшла ў грыбы. Ці ж ты смела ходзіш? Усё азіраешся, каб ляснік не ўбачыў. Тады ж як усяўладная гаспадыня хадзіла б тут пад парасонам.

Надзея. Не жадаю я вашых багатых пакояў. Жыць у іх жудасна. Колькі там загублена людзей вашымі дзядамі і прадзедамі. Уночы яны павінны кішэць зданямі запакутаваных мужчын і згвалтованых кабет. Не жыццё ў вашым палацы, а пекла.

Паніч. Ха-ха-ха! Вось якое страхоцце ты кажаш. А я вось жыву і нічога гэтага не чую і не бачу. Начаўплі табе ў галаву ўсяго гэтага з малых гадоў. Вось прыйдзі сёння, сама пабачыш, што ўсё гэта — выдумкі.

Хоча абняць Надзею, але тая б’е яго па твары і адбягае. Паніч хапаецца за шчаку.

Надзея. Прэч свае панскія рукі! Думаеце: у лесе ды са стрэльбай, дык усё і зрабіць можаце? Памыляецеся.

Паніч (злосна). А, дык ты вось як. Мяне біць?! Пачакай жа. Вон з майго лесу! Зараз ведай: калі хто прыйдзе сюды ў грыбы ці ў ягады — атрымае добры гасцінец. Для гэтага ў мяне ёсць выдатныя майстры.

Надзея. Ведаю, ведаю, што вашы хваленыя палацы кішаць зараз жандарамі, якія выдатна пісяжаць скуру народа. Хваліцца, здаецца, няма чым. (Пайшла.)

Паніч. Вось чортава насенне! Нічым не ўлагодзіш. Усе ўжо спосабы перапрабаваў. Засталося толькі сілаю ўзяць. Але дзе і як? Гэты пракляты Андрэй перашкаджае. І як бы да яго дабрацца. Вось пацешыў бы рукі. Аж зараз свярбяць. (Пацірае рукі.)

Чуваць, як спяваюць дзяўчаты.

 

Хвалілася каліна ў густым лесе стоячы:

— Ніхто мяне ды не высеча

Без мяча, без тысячы,

Без вострае шабелькі.

Абазваўся марозе:

— Не хваліся, каліна,

Я цябе так высеку: без мяча, без тысячы,

Без вострае шабелькі.

Хвалілася Надзейка ў свайго роднага таткі:

— Ніхто мяне ды не вывезе без мёду саладзенькага,

Без віна зеляненькага.

Абазваўся Андрэйка:

— Не хваліся, Надзейка,

Я цябе так вывезу: без мёду саладзенькага,

Без віна зеляненькага.

 

Паніч стаіць і слухае. Дзяўчаты выходзяць, бачаць паніча, спалоханыя, пазіраюць на яго.

Паніч. А вам хто тут дазволіў хадзіць? На, цю, на!

Брэша сабака.

На, Марс, на! Кусі іх!

Дзяўчаты з крыкам разбягаюцца. Некаторыя нават пакідалі кошыкі. Чуваць, як недзе далёка стукае аб дрэва сякера. Паніч пільна прыслухоўваецца, потым хутка ідзе ў той бок, адкуль чуецца стук сякеры. Выбягаюць спалоханыя Ганна і Наста.

Ганна. Ой, любка, дай аддыхацца! Сэрца як не выскачыць.

Наста. Хай цябе немач! Ну і спалохала ж ты мяне.

Ганна. У мяне ў самой аж зелена ў вачах стала. Ты паслухай: толькі я сагнулася грыб браць, аж чую — нехта мяне за сярэдзіну бярэ. Падымаю галаву — і ледзь не самлела: пан Тадэвуш, гэты шалёны звер, з пісталетам за поясам, з бізуном у руцэ, чырвоны, як той клоп, выскаліў зубы ды рагоча, як жарабок. Не памятаю, як я ўцякла, кошык кінула і хустку згубіла.

Наста. Ты так нема закрычала, што я падумала: ці не гадзюка цябе ўкусіла. Калі ж пабачыла, хто каля цябе, сама давай наўцёкі.

Ганна. Я зараз не ведаю нават, у які бок дадому. Што калі нас знойдзе той гвалтоўнік. (Баязліва азіраецца.) Ціха! Нехта ідзе і моцна размаўляе.

Чуваць галасы.

— Дык вось як, лес красці?

— Да не, панічок, дальбог жа, мы толькі асінку думалі зваліць.

Уваходзяць паніч, Агей і Андрэй.

Паніч. Так, так, Андрэй. Рукі ў цябе хоць куды: і каля Надзеі ўмеюць хадзіць, і каля панскага лесу.

Андрэй. Не ваша справа.

Паніч. Як гэта не мая справа? Што і лес мой сячэш, не мая справа? Вось дык смяхоцце!

Андрэй. А чаму гэта ваш лес? Вось вы лічыце сябе разумным чалавекам, гэтага розуму набіраліся за межамі. Растлумачце нам, цёмным мужыкам, чаму гэта ваш лес? Чаму вось мой бацька, які бачыў, як кожнае дрэўца тут узгадавалася, не мае права сказаць, што гэта лес яго?

Агей. А сапраўды, чаму гэта лес панічоў? Ніколі я да гэтага не дадумваўся. Ты, сынок, разумна пытаеш.

Паніч (злосна). Быдлё! Як вы адважваецеся так са мною! Пабачым, што вы жандарам будзеце адказваць.

Агей (спужаўся). Панічок, даражэнькі, злітуйся! Даруй нам. Ніколі больш не будзем. Мы і цяпер бы... але, ведаеце, трэба было: Андрэйку на сёмуху жаню, ганак новы думалі зрабіць.

Паніч. Цікава, ці не з Надзеяй жэніцца твой сын?

Андрэй. Няма чаго цікавіцца: на вяселле ўсё роўна не паклічу. А ты, тата, годзе стагнаць. Ён перад табою блазнюк, а ты яму ледзь у ногі не кланяешся. Няхай пасылае жандараў. Няма чаго нашай працоўнай скуры баяцца ні бізуноў, ні шомпалаў. Мы ўжо нарадзіліся з пісягамі на ёй.

Агей. Ды як жа, сынок? Каб жандары прыйшлі да нас? Няўжо ж гэта можа быць? А курачкі мае! А парасятачкі мае! Не аглядаць жа нам вас!

Андрэй. Кінь, тата. Парасят шкадуеш, а сваёй скуры не шкада.

Паніч. Ага, а табе шкада сваёй. Вось мы яе пашкадуем. Гэтак па мякішу: хлясь! Цок!

Андрэй. Эх вы, вучоны! А яшчэ чалавекам хоча звацца! Мала бацькі і дзяды вашы нацокалі? Ну што ж, цокайце і вы. Пацерпім пакуль што.

Агей. Вось слухаю я, панічок, ды чую, што вы аб нейкіх цоках гутарыце. Нядобрыя, відаць, гэтыя цокі. Адпусці нас, даражэнькі. Няўжо ж ты забыўся, як я для цябе маленькага калісь ночы не спаў, а ўсё ў садзе сядзеў пад яблыняю, каб злавіць тую жар-птушку, пра якую ты ў казцы чуў ды ўсё хацеў, каб злавілі яе ў тваім садзе.

Паніч. Ты, стары, ідзі сабе, а сына не адпушчу. Вельмі ён у цябе разумны.

Агей. Дык як жа, панічок, гэта... Я ж казаў, што жаню свайго Андрэйку на сёмуху. Злітуйся над ім. Гэта ж як пачуе Надзея, што з Андрэйкам зрабілі, дык яшчэ не пойдзе за яго замуж.

Андрэй. Не бойся, тата, яна тады яшчэ мацней мяне пакахае.

Паніч. Пакахае! А калі я перашкоджу?

Андрэй. Не палохайце. Я ведаю Надзею, Надзея ведае мяне. Перашкодзіць нам ніхто не здолее, адно хіба смерць.

Паніч. Добра. Пабачым. Занадта не бярыся. Хваляцца з кірмашу едучы. Ну, а зараз хадзем, стары. Я раздумаў. Сын хай тут сабе застаецца. Думаю, у Амерыку не ўцячэ. А калі і хацеў бы ўцячы, дык Надзея перашкодзіць.

Ідуць у лес.

Андрэй. Адкуль яму вядома пра наша каханне? Няўжо яна яму сказала? Ну, што ж, тым лепш. Значыцца, вось адкуль гэта яго злосць да мяне? Пачакаем. Пабачым. Нічога, паночкі. Пацешцеся яшчэ трошкі. Хутка за вамі чарга. Не дагадваецеся вы нават, што тут жа, поплеч з вамі, расце сіла страшэнная. Мы размаўляем з вамі, а вы не здолееце прыслухацца, што ў нашым голасе чутно скорае адамшчэнне!

Тры разы кукуе зязюля. Андрэй пільна слухае, адсвіствае тры разы салаўём. Цішыня. Раптам пачуліся нечыя асцярожныя крокі. Андрэй замёр у чаканні.

Выходзіць Міхась Рудовіч.

Рудовіч. Здароў, браток Андрэй. (Цісне моцна руку.)

Андрэй. Прывітанне, Міхась.

Рудовіч. Я быў мімавольным сведкам усёй вашай дыскусіі з панічом.

Андрэй. Дзе ты быў?

Рудовіч. Там, дзе патрэбна быць падпольшчыку. Ну як у вас справы, Андрэй?

На жываце, затаіўшы дыханне і звіваючыся, як вужака, паўзе Баравік. Зялёныя велізарныя падушкі зязюльчынага льну надзейна хаваюць яго. Толькі зрэдку ўздымаецца галава, абвітая дзеразою. Каля вялікага густога куста ядлоўцу Баравік замірае.

Андрэй. Пытаеш, як справы? Пакуль нядрэнныя.,

Рудовіч. Шмат згуртавана моладзі?

Андрэй. Чалавек дваццаць пяць.

Рудовіч. Надзейныя хлопцы?

Андрэй. Вось гэта, Міхась, мяне і непакоіць. Захапіўшыся справай, мы спачатку бралі людзей без строгага падыходу. Баюся, каб не знайшліся малаверы сярод іх.

Рудовіч. А гэта, Андрэй, абавязвае цябе яшчэ і яшчэ, як мага часцей, правяраць сваіх людзей. Грош цана нашай падпольнай рабоце, калі сярод нас знойдуцца ненадзейныя людзі. Думаеш, вораг спіць, не адчувае, што ў яго гарыць зямля пад нагамі? Не трэба таксама забываць, што ў паноў на паслугах ксяндзы, фальваркоўцы. Мы вось з табой размаўляем аб вельмі сакрэтных справах, а можа, такая гадзюка дзе-небудзь прытаілася недалёка ад нас і падслухоўвае.

Андрэй міжвольна азіраецца па баках.

Думаеш, убачыш? (Смяецца.)

Андрэй. Скажы, Міхась, якая наша бліжэйшая задача?

Рудовіч. Узброіцца. Усім. Да адзінага. У самым хуткім часе мы павінны будзем перайсці да баявых дзеянняў, да аператыўных заданняў. А што за баец без зброі? Такі план Чырвонага падпольнага камітэта.

Андрэй. Даставаць зброю цяжка.

Рудовіч. Вядома, яна сама ў рукі не прыйдзе. Арыентуйцеся на сялян. У іх захавана мора зброі. Нават ёсць кулямёты. Ну і каля паноў можна жывіцца. Толькі ўсё трэба рабіць вельмі асцярожна. Гэта першая наша запаведзь.

Андрэй. А як там нашы справы ў вас, у тэхнікуме?

Рудовіч. Студэнтаў набралася шмат. Але ў нас вучыцца панскі шпег.

Андрэй. Вацлаў Цярпіцкі, сын аканома тутэйшага маёнтка?

Рудовіч. Ён. Напрошваецца ў сябры да мяне. Вось тут трэба ролю іграць выдатна. Ну, я пайшоў, Андрэй. Глядзіце дзейнічайце асцярожна. Бывай. У пятніцу, ля разложыстага дуба.

Андрэй. Міхась, у чацвер маё вяселле. Шчыра прашу.

Рудовіч (здзіўлены). Дзякую, Андрэй. Вось яно што... Такая вялікая справа і — вяселле. (Думае,) А можа, яно і нядрэнна. Бывай, Андрэй.

Андрэй. Бывай, Міхась.

Ціснуць адзін аднаму рукі, і Рудовіч знікае. Зараз жа ўбягае перапалоханая Надзея.

Надзея. Андрэйка, цябе жандары шукаюць!

Андрэй. Хай шукаюць, хаця гэта і лішняе. Я сам да іх пайду.

Надзея. Пойдзеш у кіпцюры да гэтых тыграў?! Апамятайся!

Андрэй. Што ж, уцякаць? Гэта я мог бы зрабіць, але што ж яны зробяць тады з маім старым, з табою? Не, аддамся ім у рукі. Пацярплю. А ты, Надзейка, тады, як мяне... скрывавяць, будзеш мяне кахаць?

Надзея (кідаецца яму на шыю). Яшчэ мацней, мой любы Андрэйка! Ніхто цяпер не адарве мяне ад тваіх прыхільных грудзей!

Андрэй. Пара дадому, радасць мая.

Ідуць, узяўшыся за рукі. Некаторы час цішыня. Потым з моху падымаецца абвітая дзеразою галава. На ногі ўскоквае Баравік.

Баравік. Небяспечна, затое прыбыткова. Валока зямелькі як з ветру наляцела. Паглядзім, Андрэй, як ты ў чацвер з сябрамі будзеш гуляць сваё вяселле! А зараз, Стась Баравік, да паноў! Хай частуюць, хай добра частуюць, бо сёння Баравік зарабіў гэта!

 

КАРЦІНА ДРУГАЯ

Горка каля лесу. Усюды густая трава, кветкі. Пяюць жаваранкі. Сонца слепіць вочы. На дзвюх бярозах павешана гушкалка. Надзея ходзіць па горцы, збірае кветкі і спявае.

Надзея (спявае).

 

Вясна-красна на двары,

А я хаджу па гары.

Хачу кветак я нарваць,

Каб вянок мне з іх звязаць.

Апрану я той вянок

У апошні ўжо разок.

Хай паглядзіць Андрулёк,

Як прыгожа мне вянок.

 

А зараз трэба паваражыць, ці кахае мяне Андрэй. Кахае, не кахае, плюне, пацалуе, да чорта пашле, да сэрца прыжме. О, да сэрца прыжме! Значыць, кахае. А як прыемна, калі ён прыціскае да сэрца! Слухаеш, а яно: так... так... так... так... Але чаму ён часамі нейкі дзіўны? Што ў яго на думках? Колькі разоў пытала — зверне, збочыць, што як бы ўсё вельмі добра.

Садзіцца на горцы, задумалася.

Песня дзяўчат.

 

Ты, калініца,

Ты, малініца!

Гэй, ты не стой, не стой

На гары крутой.

Не спускай голля

На сіне мора.

Гэй, па сіняму мору

Карабель плыве...

 

На горку са смехам і крыкам узбягае шмат дзяўчат. Усе абкружаюць Надзею і спяваюць.

Дзяўчаты (пяюць).

 

Любка Надзька,

Што з табой?

Скажы хоць славечка.

Хочаш — зробім карагод,

Супакой сардэчка.

 

Надзея (адпявае).

 

Ах вы, дзевачкі мае,

Не магу спяваці,

Бо апошні разок мне

З вамі ўжо гуляці.

 

Дзяўчаты.

 

Хіба стаў ужо не люб

Твой Андрэйка мілы?

Не жадаеш браць з ім шлюб?

Кахаць няма сілы?

 

Надзея.

 

Ах, скарэй бы ўжо часы,

Каб з Андрэйкам жыці.

Шкада ж дзявочай красы,

Мне не з вамі быці.

 

Дзяўчаты.

 

Усіх нас, знаць, такі лёс:

Дзеўкай не пражыці.

Калі трохі ўжо падрос,

Трэба йсці служыці.

 

Ганна. Дзяўчаты, давайце гушкацца.

Усе згаджаюцца і падбягаюць да гушкалкі. Ганна, Наста і Надзея лезуць на яе. Астатнія дзяўчаты іх гушкаюць і спяваюць.

Дзяўчаты (спяваюць).

 

Гу-та-та, гу-ля-ля!

Няма майго Андруля.

Гу-шкі, гушкі!

Ідзі, Андрэй, на падушкі.

Гэй-да-да, гэй-да-да!

Без цябе, Андрэй, нуда.

 

Наста. Годзе ўжо. Аж галава закруцілася. Давайце Надзеі апошні вянок саўём.

Усе збіраюць кветкі, спяваюць.

Дзяўчаты (спяваюць.)

 

Маладая Надзейка,

Усё тваё ды мінаецца:

Дзявоцкае пагуляннейка,

Хлапецкае жартаваннейка.

Годзе табе ў таткі быці,

Каб вяночкі ўсё віці

Ды таночкі вадзіці,

Йдзі свякроўцы служыці!

 

Назбіраўшы кветак, дзяўчаты садзяцца вакол Надзеі, і Ганна пачынае віць вянок.

Ганна. Ведаеце, сястрыцы, што мне цётка Агата казала? Калі пляцеш вянок перад сёмухаю і зломіцца хоць кветка,— быць вялікаму няшчасцю.

Усе пільна сочаць за работай Ганны.

Ну, тут пакуль што ўсё добра. Каб так і далей.

Надзея. Ах! Гора ж мне!

Усе. Чаго ты, Надзейка? Што з табою здарылася?

Надзея. Вы ўглядаецеся ў вянок там, дзе ўплятаюцца кветкі, а чаму ж не бачыце, што з самага пачатку?

Дзяўчаты глядзяць. Ледзь не ўсе кветкі пераламіліся, і кончык вянка павіс бездапаможна.

Наста. Ды кінь, Надзея. Мала чаго людзі наплятуць. Калі ўжо вам добра не жыць, дык каму ж тады? Андрэя ўсякі ведае, што ён за чалавек. Кожная з нас была б шчаслівая на тваім месцы.

У лесе кукуе зязюля.

Надзейка, запытайся ў зязюлі, ці доўга замужам будзеш?

Надзея. Зязюлька сівая, скажы праўду шчырую: колькі мне з Андрэем жыць?

Зязюля кукуе. Чуваць песня хлопцаў і ігра на гармоніку.

Ганна. Вось і хлопцы ідуць. Супакойся, Надзейка. Забудзь пра ўсё гэта глупства.

Песня расце і расце.

 

Па лугах вада разліваецца,

Ой, да лю-лі, лю-лі, разліваецца.

На вайну хлопцы ўсе збіраюцца,

Ой, да лю-лі, лю-лі, усе збіраюцца.

Яны з роднымі развітаюцца.

Ой, да лю-лі, лю-лі, развітаюцца.

Ой, бывай жа ты, уся радзіначка,

Ой, да лю-лі, лю-лі, уся радзіначка.

Уся радзіначка: бацька, матачка.

Ой, да лю-лі, лю-лі, бацька, матачка.

 

Паказваюцца хлопцы і бягуць на дзяўчат з крыкам: «Ура!» Тыя абступаюць Надзею і выстаўляюць кулакі супроць хлопцаў.

Мірон. Браточкі, пабачце: наш вораг нас у штыкі прымае.

Ганна. І няма чаго зубы скаліць. Падступіцеся толькі — павылятаюць яны.

Мірон. Эх ты, ваяка! Ці ж штыком у зубы поруць?

Ганна. Ды ўжо ж, глядзець не будзем, куды пападзе, а Надзею ўсё ж не аддамо.

Мірон. Чуеш, Андрэй! Ідзі, брат, сам мяркуйся з імі.

Андрэй. Кіньце, дзяўчаты, спрачацца. Давайце пагодзімся.

Ганна. Бач, які хуткі! Ну, а якая ваша згода?

Андрэй. Нічагусенькі я не ведаю, чаго вам трэба.

Махае рукою і адыходзіць.

Мірон. Дык няма чаго і рот разяўляць. Як бачу, трэба самому брацца за гэту справу.

Ганна. Падумаеш, гэтакі зыхар знайшоўся. Пабачым.

Мірон. Ну, ты не надта выстаўляйся з сваім розумам. Добра ведаем, што ты Ганна Ціхона, ды яшчэ Затыкі.

Хлопцы рагочуць.

Ганна. А мы яшчэ лепш ведаем, што ты Мірон Гаўрылы, ды яшчэ Глёза.

Дзяўчаты рагочуць.

Мірон. Па чым дурняў пазнаюць? По рогату.

Ганна. А разумных — па рыжай галаве?

Мірон. Залатыя валасы — багаты жаніх. Толькі пальцам кіўні — Ганна адразу пабяжыць.

Ганна. Не завідны жаніх, калі ўсё багацце наверсе, усяродку — макацёр гліняны.

Панас. Ну і язычок. Можна добра дзеду Нупрэю лапці падшываць: і падкавыркі з шылам не трэба.

Ганна. Ці ж тваёю скураю падшываць, што два тыдні назад паны спісяжылі.

Наста. Ганна, як табе не сорам успамінаць тут аб гэтым?

Ганна апамяталася, але позна.

Ганна. Панаска, братка, прабач мне, што не стрымала свайго бабскага языка. Сказалася — сама не ведаю як.

Хлопцы спахмурнелі.

Андрэй. Трэба заўсёды думаць, што гаворыш. Асабліва ў цяперашнія часы.

Мірон. Ну, Ганна, дагаварылася? Зараз, можа, пагодзімся?

Ганна. Добра. Што дасцё?

Мірон. Наша справа — даць выпіць, а ваша — закусіць. (Дастае бутэлькі.) Згода?

Дзяўчаты. Згода! Згода!

Бяруць клуначкі, што прынеслі з сабою, сцелюць на траве абрус і раскладаюць на ім закуску. Садзяцца ўперамежку з хлопцамі. Надзея з Андрэем уладзіліся побач.

Мірон (налівае чаркі, падымае сваю, усе пазіраюць на яго). Сёння я бачыў, як у нас на страсе галубок з галубкаю буркаваў. Як горача абдымаў ён яе крылом! Галубка аж дрыжала ад радасці і шчасця. Дык хай жа, як тыя галубкі, буркуюць і нашы Андрэй з Надзеяй усё сваё жыццё. І абсыпляюць хай іх дзеткі, як грушы ўвесну кветкі.

Кукуе зязюля. Усе прыціхлі.

Андрэй. Дык чаго ж вы змоўклі? Сябры, я жадаю найскарэйшага выканання таго, што задумана намі!

Надзея. Андрэй, што вы задумалі? Кажы, не палохайце нас.

Дзяўчаты пазіраюць на хлопцаў.

Мірон. Ды нічога цікавага. Думаем, каб як залезці ў панічоў кветнік і кветак вам нарваць.

Ганна. Загаварвай зубы. Ведаем мы вас. Э, ды кінем гэта. Мала што задумаюць гэтыя вар’яты. Давайце лепш вып’ем, добра закусім, а потым павесялімся, каб ведала Надзея, калі была дзеўкаю.

Пачынаецца частаванне. Крык, смех, жарты.

Наста (ускокваючы з зямлі). Давайце ў «Матыля»!

Усе таксама ўсхопліваюцца, апрача Андрэя і Надзеі, бяруцца па двое за рукі, твар да твару, і круцяцца надта шыбка. Андрэй з Надзеяй прытуліліся адзін да аднаго і глядзяць, як весяляцца.

Панас. Паўзірайцеся, паўзірайцеся, што гэта за двое старэнькіх там сядзяць? (Падыходзіць да Андрэя з Надзеяй.) Дазвольце вас паварушыць.

Андрэй. Не чапай нас, браток. Можа, не скора давядзецца так блізенька сядзець аднаму ля другога.

Надзея. Андрэй, чаму ты так гаворыш? У кожным тваім слове я чую нешта нядобрае.

Андрэй. Э, Надзейка, мала чаго ў жыцці можна чакаць, асабліва зараз, калі раз’юшаныя паны топчуць нашу зямельку, гвалтуюць народ. Ды кінем пакуль гэта. Давай глядзець, як весяляцца.

Наста. Дзяўчаты і хлопцы, давайце ў «Гару».

Становяцца парамі і гуляюць.

Ганна. Хлопцы, і навошта вы музыку вялі? Няўжо на тое, каб гармонік яго ляжаў ды нудзіўся?

Усе. Танцы! Танцы!

Музыка іграе, а моладзь танцуе польку, «Лявоніху», «Крыжачок», кадрыль. Нагуляўшыся, ідуць у лес, каб прахалодацца. На горцы застаюцца Андрэй і Надзея. З лесу чутны песні, смех.

Надзея. Андрэй, вось мы прычакалі часіны, калі адны. Скажы, што з табою? Я чую сэрцам нешта нядобрае.

Андрэй. Не ведаю, як табе сказаць. А трэба. Сёння ці ніколі. Заўтра наша вяселле. Не хачу падманваць цябе. Калі прызнаюся табе ва ўсім, дык не позна яшчэ будзе адступіцца ад мяне.

Надзея. Ды што ты? Каб я ад цябе адступілася? Ды ці ёсць на свеце такая сіла, якая нас раз’яднала б? Не, любы мой Андрэйка, не затым я цябе пакахала, каб адцурацца, хай сабе немаведама якое няшчасце страсецца над тваёю галавою.

Андрэй. Гэта праўда? О, які я шчаслівы! Ведай, Надзейка, ты мяне падбадзёрыла, і я пайду смела і цвёрда да сваёй мэты.

Надзея. Якая ж твая мэта? Раскрый мне сваю душу. Можа, я буду тваёю шчыраю спадарожніцаю.

Андрэй. Слухай, яшчэ нядаўна Ганна пакрыўдзіла Панаса, нагадаўшы, што паны яго скуру спісяжылі. А Рыгора Тодаравага. А Змітрака Язэпавага, а на днях мяне. Ды ці мала крыўды? Уся Беларусь стогне ад бізуноў і шомпалаў. Як адкормленыя парсюкі, ходзяць гэтыя «вяльможныя» па нашай роднай глебе, размахваючы бізуном. Ці ж мы жывём? Вось сабраліся хлопцы і дзяўчаты, каб павесяліцца. А хіба яны весяляцца як трэба? Кожны азіраецца, ці не стаіць у яго за плячыма жандар. А мы з табою? Хіба мы можам смела, адкрыта кахаць адзін аднаго? Вось, здаецца, як шыпячая гадзіна, з гэтай травы пакажацца бязлітасны, звярыны вобраз паніча. Дык дакуль жа цярпець? Чаго чакаць? Прыйдзе хто-небудзь і вызваліць нас з няволі? Чырвоны Усход зіхаціць і пасылае свае жыватворчыя праменні да нас. Але як загрыміць вялікі гром і разгуляецца навальніца, якая змые з твару нашай зямлі катаў народа, трэба, каб мы былі гатовы. І вось бядацкая моладзь, усе працоўныя Беларусі ўскалыхнуліся. Натхнёныя агнявымі словамі бальшавікоў, яны ўступаюць на шлях барацьбы з акупантамі. Я не ведаю ніводнай вёскі, дзе б у той ці іншай меры не адчуваўся гэты рух. У нас — асяродак мясцовай падпольнай арганізацыі. Я з'яўляюся адказным па нашай воласці. На мне ляжыць абавязак прыглядацца, каб усё было ў вялікім сакрэце да часу. Гэтыя панскія шпегі лазяць паміж нас і нічагусенькі не ведаюць. О, каб яны ведалі!

Надзея. Дык вас тады пахапалі б і пастралялі?!

Андрэй. Каля гэтага. Па галоўцы не пагладзілі б.

Надзея. Андрэйка, як гэта страшна! А вы верыце, што гэтага не ведаюць паны?

Андрэй. Пакуль што ўсё добра. Боязна вось чаго: у сваю арганізацыю мы прынялі шмат такіх, якія па сваёй наіўнасці могуць прагаварыцца. Гэта наша памылка. Патрэбна быць пільным і весці сярод членаў выхаваўчую работу.

Надзея. Які адказны абавязак ляжыць на табе, мой ясны саколе?

Андрэй. Надзейка, я табе ва ўсім прызнаюся, бо веру табе, як самому сабе. Ты мяне разумееш?

Надзея. Разумею. Вер, сокал мой ясны, Надзея цябе не зганьбіць.

З лесу бягуць перапалоханыя дзяўчаты.

Ганна. Седзіцё тут і не ведаеце, што ў лесе здарылася.

Андрэй і Надзея. Што?! (Усхопліваюцца з зямлі.)

Ганна. Нашы хлопцы з палякамі пасварыліся.

Андрэй. Як гэта было?

Ганна. Гулялі мы ў лесе, аж выходзіць насустрач паніч ды як крыкне: «Чаго, быдла, лес мой бэсціце!» Мірон і адказвае: «Хіба, паніч, недабачыце: мы ж такія, як і вы, на дзвюх нагах. Вось там, глядзіце, па балоце, дык, праўда, быдла ходзіць». І трэба было паказаць Мірону ў той бок, адкуль якраз выйшлі пяць палякаў, якія былі на паляванні. Як закрычыць паніч: «А, дык вы паноў палякаў быдлам завіцё!» І паклікаў апошніх. Тыя падскочылі — і пачалося. Мы ў крык і — ходу.

Дзяўчаты. Ой, боязна! Ці тут заставацца, ці дадому бегчы?

Андрэй. Чаго вы баіцёся? Можа, зараз хлопцы вернуцца.

Ганна. А вунь яны ідуць. Нешта крычаць. Ды з імі паніч і палякі.

Дзяўчаты збіраюцца ў кучу. Падыходзяць хлопцыз «гасцямі».

Паніч. А, Надзея, як маешся? Нацалавалася з Андрэем?

Андрэй. Абы не з панам.

Паніч. А можа, пацалуеш і мяне?

Падыходзіць да Надзеі, тая хаваецца за Андрэя.

Андрэй (адштурхоўвае паніча). Прэч, распуснік!

Паніч зачапіўся за стрэльбу і паваліўся. Палякі абкружаюць Андрэя і Надзею.

Мірон. Эй, панове, прыйшлі няпрошаныя і можаце адпраўляцца, пакуль цэлыя.

Усе хлопцы бяруць у кола паноў.

Паніч. Добра. Паспрабаваў бы сёння цокаў, але заўтра жэнішся — трохі ранавата дарыць. Пайшлі, панове.

Паніч і палякі ідуць.

Надзея. Андрэй! Чуе маё сэрца, што быць бядзе! (Прыпадае да грудзей Андрэя.)

Андрэй. Не забывайся, мая галачка: няма сілы, якая нас разняла б.

 

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

 

КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

Вёска. Сёмуха. Усюды маладыя бярозкі. Вяселле ў Андрэя і Надзейкі. На пярэднім плане двор Сымона. На прызбе каля хаты Ганна, Аўдуля, Панас, Наста, моладзь.

Ганна. Ведаеце, мне ўсю ноч лез пан Тадэвуш у галаву. Толькі заплюшчу вочы, а ён, здаецца, з-пад лавы і лезе. Страшэнны: вочы па добраму яблыку, рот, як вароты, губы, як каўбасы. Паўзе да мяне ды нешта мармыча. Як закрычала ж я, дык усіх у хаце пабудзіла.

Аўдуля. Занадта шмат думаеш аб Тадэвушу, вось і сніцца.

Наста. На ноч трэба менш наядацца.

Ганна. Вось і растлумачылі ўвесь мой сон. Не трэба і ў «Соннік» заглядаць.

Адзін з хлопцаў. Твой, Ганна, сон нядобры. Каб Тадэвуш лез на сцяну ды нема роў — было б добра.

Аўдуля. А калі гэта нема равуць?

Панас. Як жывот баліць.

Аўдуля. А чаго балець жывату ў пана?

Панас. Абапіўшыся крыві нашай — вось чаго.

Ганна. Ціха. Чаго разявіў свой млын? Ці не хочаш учарашняга?

Панас. А што там учарашняе? Хіба мы спужаліся? Нябось калі цыкнулі на паноў, дык тыя не асмеліліся сунуцца, хоць і ўзброеныя былі. Яны смела толькі з бізунамі каля звязаных ходзяць.

Наста. Ведаеце, мне ўчора аж шкада стала паніча. Гэтак штырыў яго Андрэй! І ўгадзіў жа сесці — зусім не па-панску — на востранькі корчык. Як ішоў дадому, дык усю, знаць, дарогу чухаў.

Панас. Няўжо ж толькі нам чухаць. А калі Насце шкада было паніча, дык трэба было дагнаць ды пастудзіць.

Выходзіць Надзея з распушчанымі валасамі пад хусткай.

Ганна. Надзейка, ідзі сюды, пасядзі з намі.

Панас. Чаго, Надзея, часта на вуліцу выбягаеш? Чакаеш не дачакаешся свайго Андрэя? Патрывай крыху. Хутка зайграюць музыкі, зазвіняць званкі і ты ўбачыш свайго сокала яснавокага.

Надзея. Дзевачкі, сястрыцы мае, чаму ў мяне на сэрцы так неспакойна? Хаджу — ногі мяне не слухаюць; гляджу — нічагусенькі не бачу. Тата гэтаксама з ног збіўся. Усюды адзін. Няма роднай мамкі, няма парадку. (Плача.) А тут... учора... Гэтакае здарылася. Адпомсцяць яны яму.

Дзяўчаты (спяваюць).

 

Ой, знаці, знаці па вяселлейку,

Што Надзейка сіраціначка.

Ды двор вялікі, збор невялікі —

Не ўся яе радзіначка.

Ой, каго наняць ды каго паслаць

На Украіну па радзіну?

Салавеечку шчабятлівага

На той свет па мамачку.

Салавей ляціць — не далятае,

А мамачка адказвае:

— Не магу ўстаці к свайму дзіцяці

Ды парадачку даці:

Сырая зямля дзверы залягла,

Акенечка засланіла.

 

Ганна. Кінь, Надзейка, плакаць. Усё добра будзе. Трэба быць вясёлай: ты ж сёння маладая.

Панас. Ты, Надзейка, паглядзела б, які Андрэй: вясёлы, прыгожы. Усе не надзівяцца. Вось і ты павінна быць такою, каб выйшла роўная пара.

Наста. Паглядзіце, як умее Панас пары падбіраць, а сабе вось ніяк не падбярэ.

Панас. З каго ж выбіраць? Ну пачнём з цябе хоць. Усім добра вядома, што валасы ў цябе вельмі доўгія. Значыцца, розум самы кароценькі. Другое: хатка мая маленькая, палоска вузенькая — значыцца, і ў хатку не ўпрэшся, і на загончыку не ўтоўпішся.

Наста. Дык хай жа табе трапіцца такая, дзеля якой і хатка твая будзе вельмі прасторнай, і загончык — вельмі шырокім.

Ганна. Ды годзе вам. Чаго гэта дзеці бягуць з таго канца? Ці не заручыны едуць?

Усе ўскочылі з прызбы. Дзеці крычаць: «Заручыны! Заручыны!»

Галасы. Праўда ж едуць.

Надзея, Ганна, Наста і Аўдуля бягуць на двор. Чуваць, як іграюць, звіняць званкі. З двара Сымонавага выходзяць Сымон, Пятрок і яшчэ некалькі мужчын, а да іх падыходзяць Агей, Андрэй, Павел -скрыпач, Мірон і Астап, у апошняга біклажка цераз плячо.

Астап. Дзень добры, людцы, вам! Ці рады вы нам?

Пятрок. Мы не ведаем, хто вы будзеце і чаго ад нас патрабуеце?

Астап. Мы людзі далёкія, дарогі нашы шырокія. Прыйшлі ж у госці да адной ягамосці.

Пятрок. Да якой жа гэта ягамосці? Ці не скажаце, якой яна масці? А можа, ведаеце, як яе зваць? Тады і мы, пэўна, будзем знаць.

Астап. Ды зваць яе Надзея, на яе ўся наша спадзея. Калі толькі яна занатурыцца, адзін з нас панурыцца. (Пазірае на Андрэя.)

Пятрок. А, дык ідзіце ж у хату, там будзем гаварыць і пра плату. Ды ўбачыце тую, пытаеце пра якую.

Усе ідуць на двор, адкуль зараз нясецца песня.

 

Наляцела сівых галубоў поўны двор,

Наехала сем заручнікаў к нам за стол.

Пазнай, пазнай, малада Надзейка, каторы твой.

Ці што па куце ў белым кажусе —

Ці то твой?

Ці па ўслончыку ды на кончыку —

Ці то твой?

Ці ля прыпечку грае ў скрыпачку —

Ці то твой?

— Што ля аконца ззяе, як сонца.

Дык то мой!

 

Бяжыць стомлены Міхась, дваровы хлопец. Ён пазірае на двор ды некага кліча рукою. Выбягае Мірон.

Мірон. Што ты такі страшны, Міхась?

Міхась. Кепскія, Мірон, паперы. У маёнтак прыехаў карны атрад. Рыгор Самусь, што служыць пры панічу, чуў, аб чым гаварылі ў палацах. Спачатку шапталіся, а потым самы тоўсты моцна сказаў: «Трэба, каб адразу іх накрыць, каб не вылецела ні адна птушка. Дрэнна будзе, калі ўцячэ хто і паведаміць у іншыя вёскі». А паніч і адказвае: «Сёння самы зручны момант: яны гуляюць вяселле свайго кіраўніка». Баравік трэцца каля паноў. Гэта справа яго рук, ён выдаў. Самусь прыбег да мяне і ўсё перадаў. Я шапку на галаву — і сюды. Усю дарогу бягом. Сэрца як не выскачыць.

Мірон. Што гэта значыць? Чаго зляцеліся груганы? Няўжо здрада?

Міхась. Трэба хутчэй Андрэя паклікаць. Але як?

Мірон. Не хацелася б трывожыць яго. Што з ім сёння робіцца, зразумець не магу. Такое шчасце на твары напісана, што, здаецца, праменні ад яго разыходзяцца. А сказаць трэба, і зараз жа. Ты, Міхась, пабудзь тут, а я як-небудзь выманю яго сюды. (Пайшоў.)

Міхась. Вось каб ведалі паны, што я тут раблю, заплацілі б добра. І на будучых дзетак маіх хапіла б. Цікава, што стануць рабіць хлопцы? Калі задумаюць хавацца, дык трэба, каб ужо гэта рабілі. А шкада Андрэя. Яму больш, як каму, патрэбна хоць кропельку шчасця. (Глядзіць на двор.) Вунь яны ідуць. Праўда, які ён светлы, прыгожы. Знаць, не дагадваецца, навошта яго вядзе Мірон.

Андрэй (вясёлы). Ну, чаго ты мяне клікаў, Мірон? Не мог нават сёння пацярпець.

Мірон. Некалі. Вунь Міхась прыйшоў.

Андрэй (убачыўшы Міхася). А, Міхась! Здароў, браток! Дзякуй, што на вяселле прыйшоў.

Мірон. Пачакай дзякаваць. Можа, ён не на вяселле прыйшоў, а бяду прынёс.

Андрэй (змяніўшыся ў твары). Што? Якую бяду?

Мірон. У маёнтак прыбыў карны атрад. Самусь падслухаў. Нас усіх хочуць пахватаць.

Андрэй (да Міхася). Гэта праўда?! Можа, ты напалохаць захацеў, як умоўлена было ў нас: хоць рэдка знарок палохаць, каб прывыклі не баяцца.

Міхась. Што ты, Андрэй! Ды ці стаў бы я ў такі для цябе дзень гэтым займацца. Усё праўда. Рашайце хутчэй што-небудзь, каб не было позна.

Андрэй. Рашаць? Што ж рашаць? Няўжо дазналіся аб нашай арганізацыі?

Міхась. Гэта справа Баравіка. Самусь дазнаўся.

Андрэй. Так... Значыць, недакончаная справа? Як гэта балюча! Хаця б яшчэ месяц. (Адразу рашуча.) А можа, гэта пачатак канца? Тады трэба прычакаць яго. А для гэтага нам трэба хавацца. Шкада бацькоў і гаспадарак, але нічога не зробіш.

Бяжыць жанчына, махае рукамі і крычыць.

Жанчына. Даражэнькія, што ж гэта робіцца. Харавічы ачэплены ланцугом польскіх салдат. Нікому не дазваляюць з вёскі выйсці. Божачка, што ж гэта будзе?! (Ломячы рукі і галосячы, бяжыць далей.)

Андрэй. Ужо? Спяшаюцца. Выгаладаліся. Чалавечай крыві зажадалася.

У хаце заўважылі на вуліцы трывогу, і сталі выбягаць людзі.

Ганна. Што нарабілася?!

Андрэй. Ганна, дзе Надзея?

Ганна. Яна ў каморы. Ды чаго вы такія ўстрывожаныя? Кажыце!

Мірон. Ачэплена войскам вёска. Нікога з яе не выпускаюць.

Ганна. Вось табе і вяселле!

Андрэй. Дык бяжы ж, Гануля, да Надзеі і затрымай яе ў каморы.

Ганна бяжыць. Зараз жа з Сымонавага і з суседніх двароў хлынулі ўзброеныя салдаты. Яны, наставіўшы карабіны, абступаюць натоўп. Плач дзяцей і жанчын.

Паручнік. Зараз жа навесці на гэта быдла кулямёт!

Салдаты наводзяць кулямёт. Крыкі і плач узмацняюцца.

Астап. Панок, завошта ж гэта?

Паручнік. За тое, што вы, пся крэў, нарадзілі такіх лайдакоў.

Андрэй. Чаго ж вы марудзіце? Бярыце. Напэўна, прагаладаліся?

Агей (амаль плачучы). Сыночак мой, Андрэйка, а як жа вяселлейка? Усё ж паглуміцца: і парсючка забіў, і бычка зарэзаў. Думаў як людзі справіць.

Андрэй. Дабаў, тата, што і адзінага сына страціш. Дарма. Не гаруй. Гэта страта прынясе вялікую карысць працоўнаму народу. На глебе, палітай нашай крывёю, узрасце моладзь, якую ніхто не пераможа. Яна не будзе ў такім сталёвым коле.

Паручнік (салдату). Чаго стаіш, галган! Прытрымай яму язык!

Салдат б’е Андрэя ў грудзі. Той адразу спыніўся, пахіснуўся, у яго з горла пацякла кроў.

Агей (кідаецца на салдата). Завошта ж ты, гіцаль, так яго выцяў! Я табе...

Салдат з такой сілай штурхнуў Агея, што той ляціць старчма на кучу камення. Чуваць, як бразнулі старыя косці. Агей цяжка стогне. З крыкам з варот вылятае Надзея. Яна без хусткі, з распушчанымі валасамі.

Надзея. Чаму ж вы мяне не клічаце?! Няўжо ж вы хацелі, каб я не ўбачыла больш свайго яснага сонейка? (Глядзіць на Андрэя.) Што з табою, Андрэйка? У цябе кроў на вуснах. Адкуль гэта?

Андрэй (знясілена). Запытайся вось у гэтага (паказвае на салдата).

Надзея дагадалася. Яна, як маладая тыгрыца, рынулася на салдата і шчапіла яго за валасы. Другі салдат стаў адцягваць дзяўчыну ад сябра. Яна не пускае і цягне за сабою ворага, пакуль не падскочыў паручнік і не свіснуў бізуном па руках Надзеі. Тая крыкнула і без сіл апусцілася на каменне. З яе вуснаў вырываецца пракляцце.

Надзея. Звяры шалёныя! Каб над вамі вашы родныя дзеткі так здзекаваліся!

Паручнік. Вядзіце іх у маёнтак!

Салдаты вядуць хлопцаў.

Надзея (кідаецца ўперад і крычыць). Андрэй, азірніся! Дай яшчэ хоць разок паглядзець на цябе!

Андрэй (прыглушана). Надзея, будзь цвёрдая. Калі растапталі наша асабістае шчасце, дык аддамо сваё жыццё за лепшую будучыню тых, хто зноў часова апынуўся ў ярме панскага прымусу.

Салдат штурхнуў ззаду Андрэя, той ледзь устаяў на нагах. Усе хаваюцца за будынкамі. Тыя, што засталіся, стаяць некаторы час як скамянелыя.

Надзея (ломячы рукі). Прапала маё шчасце! Закацілася маё яснае сонейка. Схапілі чорныя груганы сізакрылых галубкоў!

Стогне Агей.

Хто гэта? Дзядзька Агей? (Падбягае да яго.) Што з вамі? Вы на каменні? Хто гэта зрабіў?

Агей (яму цяжка гаварыць). Выцяў ён... смаркач... Андрэйку, вельмі моцна. Я хацеў... яму смаркачы падцерці, ажно... ён трохі... спрытнейшы. А што... яны з імі... зробяць?

Ганна. Паніч ідзе!

Усе пазіраюць у той бок, адкуль ідзе надта вясёлы паніч.

Паніч. Чаго гэта тут сабраліся? Чаму ж не на вяселлі ў Андрэя? А гэта што? (Глядзіць на А гея і Надзею.) Што гэта табе, Агей, прыспела ляжаць на каменні?

Агей. Панічу грэх смяяцца... з старога Агея. Усю сваю маладосць, усё сваё лепшае жыццё я аддаў табе. І вось за гэта... Як бяздомны сабака, я павінен паміраць на каменні, на гэтай пасцельцы. Панічок... Даражэнькі. За ўсю маю працу, пакладзеную на цябе, зрабі для мяне хоць пад канец майго жыцця што-небудзь добрае: заступіся за Андрэя, вярні яго мне. Хай бы мой любы сынок закрыў мае старыя вочы.

Паніч. Ну ты, стары, шмат хочаш. Андрэя не адпусцяць: ён вялікі злачынца. Расставіў пасткі панам, але сам у іх папаўся. Гэтакім, як Андрэй, ніколі ніхто не даруе. Іх, напэўна, пастраляюць.

Усе стаяць як громам аглушаныя, нічога не разумеючы. Адна Надзея схапілася аберуч за галаву і як бы застыла.

Агей. Андрэйку... застрэляць. Сыночка майго назаўсёды адбяруць... ад мяне. Ай, цяжанька мне!

Надзея. Шыпячая гадзіна! Мала з вас маладых ахвяр. Дабіваеце і старых, якія на ўласных плячах выгадавалі сваіх катаў. Вас бы пастраляць: зямельцы цяжка ад вашых гвалтаў!

Паніч. Чаго злуешся, Надзея? Бачыш, які я добры: хоць не запрашала на вяселле, але я сам прыйшоў.

Надзея. Не вяселле вам трэба, а хаўтуры. Да іх у вас вялікая прагавітасць. Вось чаму вы заўсёды нясеце з сабою смерць.

Паніч. Няпраўду кажаш, Надзея. Тваёй смерці я не жадаю. Наадварот, мне было б цябе вельмі шкада.

Надзея. Дзякую за літасць да мяне. Але праглыніце вы гэту самую літасць! Ведаю я, чаго вы лістам сцелецеся перада мною. Мала вам, што адабралі ў мяне маё шчасце,— яшчэ ласуецеся на мой гонар дзявочы. Не дачакаецеся ж! (Хапае камень.) Ідзі з вачэй маіх, валацуга! (Замахваецца.)

Сымон (хапае дачку за руку). Дачушка, апамятайся! Што ты робіш? Гэтым ты не дапаможаш.

Надзея. Праўду, татка, кажаш. Адна ў нас з Андрэем сцежка.

Паніч. А калі я звярну цябе з гэтай сцежкі?

Надзея. Ты? Гэткі недарэка? Цьфу на цябе! (Плюе панічу ў вочы.)

Паніч свіснуў: з суседняга двара выскокваюць два салдаты з карабінамі.

Паніч. Звязаць яе! І вядзіце ў маёнтак.

Салдаты схапілі Надзею і звязваюць ёй рукі. Яна спрабуе вырвацца.

Сымон. Дык вы Надзейку маю будзеце вязаць! Не дачакаецеся ж!

Кідаецца да дачкі, але салдаты яго адштурхоўваюць.

Мужчынкі, што вы стаіцё? Ратуйце!

Агей. Паніч, не здзекуйся з Надзеі, не чапай яе. Яна толькі Андрэйкава.

Паніч. Ну, вядзіце хутчэй!

Салдаты амаль цягнуць Надзею.

Надзея. Татка, родны, бывай! Дзевачкі, сястрыцы, успамінайце сваю Надзейку! Усе бывайце!!

Дзяўчаты плачуць наўзрыд, мужчыны выціраюць слёзы. Агей і Сымон стогнуць.

 

КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ

Пушча. Палянка. Раніца. Пятрок, Тодар, Астап, Сымон капаюць доўгі і глыбокі роў.

Пятрок. Яшчэ чэрці на кулачкі не браліся, а нас сюды прыгналі гэты роў капаць. Нашто ён, каб хто ў іх запытаўся. Ці не здохлых коней закопваць?

Тодар. Ці коней, ці сабак — гэта для нас усё роўна. Але вярнуліся часы прыгону — вось што кепска.

Астап. Горш прыгону. Толькі і бачыш бізун ды шомпал. Толькі і чуеш енк катуемых ды шалёную лаянку паноў. Крыўдзяць і гвалтуюць без разбору. Нават за старых узяліся. Ну што ім зрабіў Агей? За сына закінуў слова, і вось за гэта не сёння-заўтра памрэ.

Пятрок. А што, Сымон, пра Надзею нічога не чуў?

Сымон. Як павялі яе, я думаў рукі на сябе налажыць. Потым апамятаўся і пайшоў у маёнтак. Не пусцілі ў палац. Я да позняй ночкі блытаўся там. Думаў, можа, хоць голас яе пачую. Ажно ўбачылі мяне, паскуды, і прагналі. Не ведаю, што там з маёю ластавачкаю.

Астап. Кажуць, з Мар’інай Горкі прывезлі аднаго. Вучоны і дужа разумны хлопец. Трымаецца смела і смехам на ўсё адказвае. Як ні стараліся паны, каб выведаць што-небудзь аб таварышах,— нічога не дабіліся.

Пятрок. Кажуць, сёння будзе суд. Што чакае нашых сынкоў?

Тодар. Добрага чакаць няма чаго. Вельмі ўжо раз’еліся паны.

Сымон. Мужчынкі, дакуль жа цярпець такую крыўду? Была надзея на моладзь — прапала. Хутчэй бы ўжо свае прыйшлі.

Астап (шэпча). Чуў я ад аднаго чалавека, што не сёння-заўтра бальшавікі тут будуць. Багушэвічы ўжо нашы.

Пятрок. Дык вось чаму паны шалеюць! Эх, паспелі б яны вызваліць нашу моладзь! А то колькі можа легчы маладых галовак!

Сымон. Мужчынкі, паглядзіце, хто гэта да нас бяжыць?

Усе прыглядаюцца.

Тодар. Ды гэта ж Ганна Ціхонава. Чаго яна так бегчы завіхаецца?

Ганна (яшчэ не дабегшы). Дзядзечкі, родненькія, што ж гэта ў маёнтку нарабілася! Прапалі мы!

Астап. Ды кажы хутчэй! Чаго дарма мелеш!

Ганна. Надзея паніча... зарэзала!

Сынок. Ай, прапала ж мая дачушка!

Усе глядзяць адзін на аднаго.

Астап. Як гэта было, ты не ведаеш?

Ганна. Самусь перадаваў, што паніч усё больш і больш пачаў прыставаць да Надзеі. Тады яна сказала, што калі паніч развяжа ёй рукі, яна на ўсё згодзіцца. Загарэліся блудам яго вочы. Вось ён развязаў рукі і схапіў Надзею. Тая як бы скарылася ды просіць давесці да канапы, каля якой на стале ляжаў вялізны паляўнічы нож. Вось неўзаметкі Надзея схапіла нож і, калі паніч, ахоплены жаданнем, не бачыў нічога, перарэзала яму горла. Зараз Надзейку катуюць на стайні.

Сымон. Рушылася апошняя надзея. Думаў, можа, злітуецца паніч: папалохае ды адпусціць. А зараз — прапала мая галоўка. Ды ці варта пасля гэтага жыць. Мужчынкі, зарыйце мяне ў гэты роў. Засыпце вочы мае сырою зямелькаю, каб не бачылі яны, як здзекуюцца з майго роднага дзіцяткі. (Апускаецца на зямлю і плача)

Астап. Кінь, Сымон, выць. Думаеш, адзін ты такі няшчасны? А хто ведае, што чакае нашых сыноў? Можа, усе мы будзем роўна пакрыўджаныя. Дык вось не плакаць трэба, а пара падумаць аб помсце праклятаму ворагу.

Усе. Праўду Астап кажа!

Ганна. Каля стайні жудасна праходзіць.

І крык, і стогны, і плач, і свіст бізуноў. Калі праходзіла міма, немаведама чыя рука прасунулася ў акенца і кінула вось гэту паперку.

Паказвае паперку, мужчыны глядзяць з зацікаўленасцю, потым з жалем круцяць галовамі, што непісьменныя.

Ганна. Пачакайце, тут за ўзгоркам хлапцы коней пасвяць. Я клікну якога-небудзь. ( Выбягае.)

Тодар. Вось, браткі, што значыць быць цёмнымі. Можа, тут (паказвае на паперку) і надта важнае што; можа, у гэтых радках крыецца збаўленне нашым дзеткам. А ты стой як слуп і лыпай вачыма.

Астап. Затое ад нашай цемнаты вялікая карысць панам. Яны ж і школы нашы ўсюды пазакрывалі. Калі будзеш вучыцца па-польску — на табе школу. Нават ксёндз прыязджае і дае дзецям цукеркі, каб тыя добра стараліся вучыць польскую абэцэдлу.

Бяжыць Ганна з хлапцом.

Ганна. Ледзь упрасіла вось гэтага грамацея. «Не пайду і чытаць не буду — палякаў баюся». Давяла, што ніякіх палякаў тут няма. Толькі тады згадзіўся.

Астап. Не бойся, хлопчык! Бачыш, тут усе свае. Прачытай нам вось гэта. (Дае яму паперку.)

Хлопчык (разбіраючы па складах).Хто па-ды-ме гэ-тую па-пер-ку, хай за-раз жа дасць знаць у Пя-рэ-джа-ра, каб сён-ня ка-неш-не тут бы-лі род-ны-я. Нас а-су-дзі-лі на расстрэл.

Мужчыны павыпускалі з рук лапаты і стаяць як аглушаныя.

Ганна (плача). Што ж гэта робіцца? Калі ж перажыць гэта страхоцце! Адзінаццаць чалавек! О! Хай бы ўсяго гэтага вушы не чулі і вочы не бачылі.

Тодар. Значыцца, і майго Рыгорку. Ах, сынок мой, а ты ж усё мне казаў: «Пачакай, тата, прыйдуць бальшавікі, вызваляць нас з-пад панскай пяты, і стане шчасце на нашай зямлі». Не давядзецца, маё дзіцятка, убачыць табе гэтае шчасце.

Хлопчык. Ай, паляк ідзе!

Кідаюцца з Ганнай у лес. Уваходзіць салдат.

Салдат. Што, ужо гатова? Зараз можаце ісці дахаты.

Тодар. Можа, пан ведае, навошта мы гэты роў капалі?

Салдат. Навошта? Сёння будзеце ведаць.

Мужчыны і салдат пайшлі. Выбягае Ганна.

Ганна. І навошта яны прымусілі вырыць гэты роў, і абавязкова бацькоў арыштаваных? (Падыходзіць да рова.) А які ж шырокі і глыбокі!

Выбягаюць перапалоханыя Наста і Аўдуля.

Наста. Ганулька, ці не бачыла, дзе тут хлапцы коней пасвяць?

Ганна. Чаго вы такія перапалоханыя? Вы зараз з Харавіч? Ці не нарабілася там зноў чаго?

Аўдуля. Прыйшлі салдаты коней адбіраць. Калі даведаліся, што коні на пашы, дык думаюць там іх пахапаць.

Ганна. Бяжыце за гэты вось ельнік. Там, каля Крывяля, яны.

Аўдуля і Наста бягуць.

Ганна. Добра, што не запыталіся, чаго я тут. Ну што я ім адказала б? Няўжо не дачакаюся Самуся? Казаў, што каля паўдня будзе тут і раскажа ўсе навіны. Хаця б не падвёў ён мяне. Але, здаецца, не зробіць ён гэтага, тым больш са мною. Вось і паляк, а які чалавек! Сам ненавідзіць гэтых паноў. (Пазірае ўбок.) Хто гэта так бяжыць? Нейкая жанчына.

Прыбягае Зося. Яна запыленая і стомленая.

Зося. Сястрыца, родная, як гэта дайсці да маёнтка Дукоры?

Ганна. Хіба ты не тутэйшая? Вось гэтаю дарогаю трэба ісці. Яна завядзе ў маёнтак.

Зося. А далёка яшчэ?

Ганна. Вярсты дзве.

Зося. Дзякуй табе, сястрыца. Першы раз давялося тут хадзіць.

Ганна. А якая ж патрэба табе?

Зося (заплакаўшы). Няшчасце прывяло. Я з Пярэджара. Пачулі мы, што ў Мар’інай Горцы палякі арыштавалі нашага Міхася і прыгналі сюды.

Ганна здагадалася, аб якім Міхасю гаворыць дзяўчына, і з болем у сэрцы глядзіць на яе.

Як пачулі мы аб гэтым, дык маму ледзь адратавалі, а я зараз жа сюды сабралася. Ці давядзецца мне ўбачыць свайго роднага братку?

Ганна. Іх судзілі сёння. Не ведаю, ці пусцяць цябе да яго.

Зося. Ужо судзілі?! А ты не ведаеш, да чаго прысудзілі? Гавары, золатка, не таіся.

Ганна (збянтэжана). Не... я нічога... не чула. Ды іх, знаць, р... распусцяць.

Зося. Ой, маніш ты нешта, чуе маё сэрца! (Бяжыць у бок маёнтка, моцна галосячы.) А Міхаська наш дарагі... А братка мой родны!

Ганна апускаецца на зямлю і таксама плача.

Ганна. Як шкада яе! Ды як не шкадаваць іх. Маладзенькія, уся надзея бацькоў. Страшна нават падумаць, што іх сёння чакае!

Недалёка хруснула сухая галінка. З-за куста паказваецца Самусь, бачыць Ганну і падбягае да яе.

Ганна. Ай, як я спалохалася! Не чакала цябе з гэтага боку.

Самусь. Супакойся, Ганулька. Трэба было так рабіць, каб ніхто не бачыў.

Ганна. Кажы, якія навіны. Праўда, што хлопцаў асудзілі на расстрэл?

Самусь (здзіўлены). Адкуль ты гэта ведаеш?

Ганна. Калі прабягала я каля стайні, дык з акна выпала паперка. Напісаў яе гэты мар’інагорац. Піша, што быў суд і іх усіх расстраляюць. Просіць, каб далі знаць родным, хоча пабачыцца. Я думала сама бегчы ў Пярэджара, ажно толькі што прабягала дзяўчына, якая пыталася дарогі ў маёнтак. І вось я даведалася, што гэта сястра Міхася.

Самусь. Праўда, Ганулька, куля чакае нашых хлопцаў. Не з Надзеяй, а з ёй ажэніцца Андрэй. Калі сказалі ім аб гэтым, дык некаторыя не вытрымалі і сталі плакаць, але Андрэй з Міхасём пачалі іх сароміць, і тыя пакінулі. І што за чалавек гэты Міхась. На кожнае пытанне паноў толькі засмяецца ды скажа: «Не турбуйцеся, панове, нічога вам ад мяне не даведацца. Бальшавікі — асобага складу людзі». Ні лютыя катаванні, ні спакуслівыя прапановы не зламілі яго. Такі ж і Андрэй. Сядзяць, абняўшыся, і спяваюць рэвалюцыйныя песні.

Ганна. А што з Надзеяй?

Самусь. Пасля таго як яна зарэзала паніча, яе схапілі і катавалі, колькі хацелі. А зараз яна зноў ляжыць звязаная ў палацы. Я скарыстаў момант, калі нікога не было паблізу, прабраўся да яе і напаіў вадою. Як яна глядзела на мяне! Колькі ў яе вачах было мукі і ў той жа час удзячнасці! Гэты позірк назаўсёды застанецца ў маім сэрцы.

Ганна. Пазіраю я на цябе, Самусь, і дзіўлюся. Ты таксама паляк, але як ты далёк ад гэтых раз’юшаных паноў! (Глядзіць на яго з замілаваннем.)

Самусь. Бо ёсць, Гануля, палякі — паны і палякі — чорная костка. Я належу да апошніх, і адна з вамі дарога ў нас.

Ганна. А ты, Самусь, не ведаеш, дзе будуць хлопцаў расстрэльваць?

Самусь. Баюся, каб не спужаць цябе.

Ганна. Ты, не гаворачы адразу, яшчэ больш палохаеш мяне.

Самусь. Бачыш гэты роў? Ворагам зажадалася, каб самі бацькі сваім сынам вырылі агульную магілу.

Ганна. Які здзек! Няўжо ж не расступіцца зямелька-маці і не паглыне гвалтаўнікоў!

Самусь. Паны ў вялікай трывозе. Яны прадчуваюць, што нядоўга ўжо разгульваць па гэтай зямлі. Вось чаму яны шалеюць і спяшаюцца з расстрэлам. Нават паніча пастараліся хутчэй пахаваць. Быццам яго і не было. Мне здаецца, што і пра Надзею яны зараз забылі.

Ганна. Ого, забудуць яны пра яе. Ціха... Чуеш, Самусь, песня.

Пільна прыслухоўваюцца.

Самусь. Няўжо іх вядуць? Сюды... Ганулька, схаваемся.

Бягуць у лес. Песня расце і расце.

 

Вихри враждебные веют над нами...

 

Раптам песня спыняецца.

Галасы. Хутчэй ідзіце, галганы!

— А чаго нам спяшацца? Дайце ў апошні раз надыхацца, наглядзецца на прыроду.

— Зараз прырода ўжо не для вас.

— Хіба для вас? Дык яна ж ад вас хмурнее і апранаецца ў чырвоны колер ад крыві народа.

На сцэну выходзяць асуджаныя. Андрэй і Рудовіч наперадзе. Усіх іх абкружаюць узброеныя салдаты. На некаторай адлегласці велізарны натоўп народу. Жанчыны плачуць, мужчыны пахмурныя. Тут жа і Баравік.

Рудовіч. Вось, сябры, наша апошняя прыстань. Рана мы даплылі да яе. Думалася інакш. Не давялося. У самым пачатку нашай барацьбы наляцеў бязлітасны сівер і змяў яшчэ добра не расцвіўшыя чырвоныя кветкі. Жыццём паплаціліся тыя, якія асмеліліся паказацца з травы. Але ў апошняй засталіся мільёны маладзенькіх кветачак, якіх не заўважыла варожае вока. Гэтыя кветачкі, палітыя нашай крывёю, узмацняцца і смела сустрэнуць злы сівер. Не адолець будзе яму іх. Народзе мой любы! Спадзявайся і вер, што хутка дзень твайго вызвалення. Я чую, як з Усходу даносіцца магутны крок нашых братоў, якіх вялізная партыя Леніна паслала вызваліць нас з ланцугоў панскай няволі!

Зося. Міхаська наш дарагі! А хто ж нас з мамкай будзе цешыць. Мамка родная! А ты ж не ведаеш, што не ўбачыш больш свайго сыночка! А няўжо ж тваё матчына сэрца табе нічога не гаворыць?!

Рудовіч (прачулена). Зоська, падыдзі да мяне.

Тая кідаецца да брата. Міхась бярэ яе за галаву і цалуе ў твар і вочы.

Скажы, сястрыца, маме, што я пайду ў гэты роў, любячы яе. Хай доўга не плача. Так трэба. Скажы таварышам па школе, што я паміраў, смела гледзячы смерці ў вочы і шчыра верачы ў нашу хуткую перамогу. Хай адпомсцяць за нас! Ну а зараз ідзі, не плач.

Зося (абняла брата і крычыць). Я не адыду ад цябе! Хай і мяне страляюць разам з табою. Усё роўна нам без цябе не жыццё!

Увесь гэты час афіцэры ўбаку аб чымсьці радзяцца, салдаты стаяць, апусціўшы галовы, народ плача наўзрыд.

Паручнік (падыходзіць да асуджаных). Хопіць цалавацца і мілавацца!

Салдаты адрываюць ад Міхася Зосю, тая апускаецца на зямлю.

Андрэй (зусім слабы). Таварышы! Зараз загінем мы, але не загіне наша справа. Наша смерць будзе пачаткам шчаслівага жыцця для мільёнаў. Скажыце майму старэнькаму татку і Надзеі, што за нас і за іх адпомсцяць так, што зямля задрыжыць.

Паручнік. Стройся!

Салдаты становяцца ў рад і падымаюць карабіны. Асуджаных ставяць спіною да рова. Народ адганяюць, але ён не кратаецца з месца і з жудасцю ў вачах глядзіць на тое, што робіцца.

Гатоўся!

Салдаты цэляцца. Рудовіч спявае: «Вихри враждебные...»

Страляй!

Залп. У гэты ж час з боку двара без хусткі, з распушчанымі валасамі бяжыць Надзея.

Надзея. Андрэйка!!

Андрэй рынуўся наперад і падае з прастрэленымі грудзямі, астатнія хлопцы таксама падаюць у роў. Надзея падбягае да Андрэя і апускаецца на калені каля яго.

Бяжыць салдат з крыкам.

Салдат. Панове, уцякайце! Бальшавікі ў маёнтку!

Паны, як звар’яцелыя, кідаюць карабіны і імчацца ў лес.

Народ (радасна ўскрыквае). Дачакаліся!

— Узышло яснае сонейка!

— Каб хвіліначку раней!

Надзея. Андрэйка, родны мой! Нашы ж прыйшлі!

Міхась з Самусём вядуць са звязанымі рукамі Баравіка.

Самусь. Вось юда! Ён выдаў хлопцаў!

Усе. Баравік?!

Міхась. Хацеў уцячы разам з панамі. Але мы сачылі за ім. Што з ім будзем рабіць?

Усе. Смерць! Павесіць!

Надзея. Дык вось за што ты дапушчаны быў у палацы, сабака? Я бачыла, як ты там лізаў панам...

Бяжыць некалькі чырвонаармейцаў.

Народ іх радасна вітае.

Чырвонаармеец. Таварышы, у маёнтку мы даведаліся, што сюды павялі расстрэльваць партызан. Няўжо мы спазніліся?

Тодар. Спазніліся, даражэнькія. Усіх іх паглынула сырая зямелька, толькі адзін вунь застаўся наверсе: не хацелася яму ў цёмную зямлю, ён усё цягнуўся да свету.

Чырвонаармейцы падыходзяць да рова і здымаюць шлемы. Хвіліна глыбокага маўчання.

Чырвонаармец. А хто гэта са звязанымі рукамі?

Самусь. Гэта, таварышы, здраднік. Ён выдаў партызан.

Чырвонаармейцы. Смерць гаду!!

Надзея (падыходзіць да чырвонаармейцаў). Таварышы, я больш за ўсіх маю права на помсту: паны здзекаваліся з мяне, яны забілі майго Андрэйку, яны здзекаваліся з усяго народа. Дык дазвольце мне стаць з вамі плячо ў плячо, каб помсціць ворагам за ўсе гэтыя крыўды.

Чырвонаармеец. Страляць умееш?

Надзея. Андрэй навучыў.

Чырвонаармеец. Бяры карабін у ворага і станавіся ў нашы рады.

Надзея паднімае карабін і становіцца разам з чырвонаармейцамі.

Самусь і Міхась. Дазвольце і нам.

Чырвонаармеец. Станавіцеся.

Самусь і Міхась таксама паднімаюць карабіны і становяцца разам з Надзеяй.

Астап. Таварышы чырвонаармейцы, мая рука яшчэ даволі цвёрдая, каб трымаць зброю. Вазьміце мяне!

Чырвонаармеец робіць знак рукою, каб станавіўся ў строй. Сярод мужчын рух. Маладзейшыя выходзяць і папаўняюць шэрагі мсціўцаў.

Чырвонаармеец. Таварышы, вы бачыце перад сабой заўчасна загінуўшых барацьбітоў. Дык хіба ж мы не дамо над гэтымі дарагімі нам трупамі урачыстай клятвы адпомсціць вычварам чалавецтва за ўсе іх чорныя справы!

Усе. Помста! Помста!

— Хай жыве Чырвоная Армія!

Чырвонаармеец (да старэйшых). А вам, бацькі, пакідаем вось гэтага юду. Павесьце яго!

Тодар. Выберам самую горкую асіну. (Падыходзіць да Баравіка.)

Чырвонаармеец. А зараз, браты, на ворага!

Ідуць у нагу і спяваюць:

 

«Смело мы в бой пойдем...»

 

Заслона.

1922


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбацэвіч В. Чырвоныя кветкі Беларусі : П'есы. Мінск, «Мастацкая літаратура», 1983. - 194 с.
Крыніца: скан