epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гарбацэвіч

Песні нашых дзён

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
  КАРЦІНА ПЕРШАЯ
  КАРЦІНА ДРУГАЯ
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
  КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ


 

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

Андрэй Саболь, былы матрос, актывіст, бядняк, 27 год.

Марыля, яго жонка, 25 год.

Банадысь, Марылін брат, 24 гады.

Тарас Баравік, Банадысёў бацька, серадняк, 50 год.

Матруна, Тарасава жонка, 45 год.

Анупрэй, Андрэеў бацька, 65 год.

Дрозд Язэп, кулак, 50 год.

Пятрок, дэмабілізаваны чырвонаармеец, 27 год.

Антось, каваль, актывіст, 25 год.

Дубаў, прадстаўнік з цэнтра, ён жа і аграном, 30 год.

Струновіч, настаўніца, 23 гады.

 

 

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

 

КАРЦІНА ПЕРШАЯ

Андрэева хата. На печы дзед Анупрэй. Марыля гушкае дзіця.

Марыля (спявае калыханку).

 

А-а-а-а, лю-лі...

Пайшлі каткі ў дулі.

Памарозілі лапкі,

Узлезлі на палаткі...

Сталі лапкі грэцца —

Недзе каткам дзецца...

 

(Да бацькі.) Тата... Устаньце.

Анупрэй. Чаго там табе?

Марыля. Андрэя няма. Ноч. Баюся я нешта.

Анупрэй (садзіцца на печы). А чаго поначы хадзіць. Яму дня мала. (Злазіць з печы.) Я схаджу. Можа, дзе напаткаю.

Марыля. Схадзіце, татка. А то ўсякія думкі лезуць у галаву.

Анупрэй (апранаючыся). Што, не спіць Уладзік?

Марыля. Відаць, зубкі будуць. Паліць і дзёсенкі чырвоныя. (Заглядае пад полаг у калыску.) Заснуў.

Анупрэй выходзіць, Марыля сядзіць задуменная. На дварэ забрахаў сабака. Марыля бяжыць да акна і пільна ўглядаецца ў цемру. У сенцах стук — нехта абцірае ногі. Марыля хутка ідзе да калыскі. Уваходзіць Матруна.

Матруна. Ты адна?

Марыля. Адна. Вось з Уладзікам баўлюся. Відаць, зубкі будуць.

Матруна. А дзе ж твой? Усё брэша?

Марыля (пакрыўджана). Выбачайце, мама. Андрэй не варты такіх слоў!

Матруна. Ды ведаю, ведаю, што ты за яго горлам. Пачакай, давядзе да торбы!

Марыля. Гэта вы так думаеце. А ён хоча, каб скінулі торбы і тыя, што яшчэ і цяпер іх маюць.

Матруна. А хто начапляў торбаў? Усё гэтыя, разумныя.

Марыля. Хто гэта?

Матруна. Ды што — брахаць добра ўмеюць. Андрэі, Банадысі.

Марыля. Банадысь — ваш сын!

Матруна (злосна). І твой брат!

Марыля. Я ганаруся такім братам!

Матруна. Во, дык хіба я не ведаю! Не адну навуку прайшлі?

Марыля. Дык каму гэта, мама, Андрэй з Банадысём торбы павешалі?

Матруна. А хіба ты не да торбы ўжо дайшла? А ўсё праз разумненькага мужыка! Не пайду кланяцца Дразду! А што, каб і пакланіўся? І галава не адвалілася б, і зацішней было б.

Марыля. Ну, мама, Андрэй Дразду не пойдзе кланяцца! Бо пакланіцца яму — гэта надзець торбу на плечы!

Матруна. І чаму гэта яму больш за ўсіх трэба выстаўляцца?!

Марыля. Такім ужо ён урадзіўся. І ніхто яго не перайначыць.

Матруна. Даскачацца! Пачакай.

Марыля (неспакойна). Чаму вы гэтак кажаце, мама? Ведаеце што? Кажыце!

Матруна. Нічога я не ведаю. Эт, сям-там гавораць.

Марыля. Што гавораць?

Матруна. Ды чаго да мяне прыстала сляпіцаю!

Марыля. Мама, кажыце праўду: што кажуць пра Андрэя?

Матруна. А тое і кажуць, што калі б не ён, дык і з гэтым праклятым калектывам не было б турбаніны.

Марыля. А хто гаворыць?

Матруна. Ну, ці бачылі вы гэта? Дык ці мала ж гавораць? Вось і Клім Дрозд.

Марыля. Ненавідзіць ён Андрэя. Хоць і прыкідваецца лісіцаю.

Матруна. Дык вось, дачушка, стрымлівай Андрэя. Ён цябе любіць. Пусціся на ўсе бабскія слабасці — паслухае.

Марыля. Мама, я ўжо казала, што Андрэя ніхто не перайначыць. А я, калі і магла б, дык гэтага не зрабіла б. Хіба ён дрэннае што робіць? Усім дабра хоча.

Матруна. І Дразду?

Марыля. Калі я сказала ўсім, дык думала такім, як мы самі.

Матруна. Вой, божачкі мае! Што з гэтаю кабетаю зрабілася? Зусім перавярнуў у сваю веру! Марыля, наплачашся! Паслухай матку!

Марыля. Ды чаго вы ўсё грагаеце? Боязна з вамі!!

Матруна. А-а-а... З роднаю маткаю боязна! Што ж гэта — вораг я табе?

Марыля. Прыяцель не будзе рабіць гэтак, як вы.

Матруна (устае, злосна). Ну, дык і аставайся здарова, дачушка. На парог твой больш і следу не палажу!

Марыля. Так, мамка, як з гэткім прыходзіць, дык лепш зусім не хадзіць!

Матруна. Цьфу на цябе! Прападайце вы і з насеннем вашым.

Марыля. Мама!

Матруна, моцна стукнуўшы дзвярамі, выходзіць. Прачнуўся Уладзік. Марыля калыша яго, зноў спяваючы калыханку. Супакоіўшы малога, яна зноў нешта задумалася, нават не чуе, калі адчыняюцца дзверы і ўваходзіць Дрозд. Толькі ад стуку дзвярэй апомнілася.

Марыля. Андрэй, гэта ты? (Бяжыць да дзвярэй.)

Дрозд. Гэта я, хросная. Добры вечар!

Марыля. Добры вечар. Сядайце.

Дрозд. Ну, як маешся, хросная? Можна віншаваць з чынамі?

Марыля. Я вас не разумею. Вы нечага прыйшлі?

Дрозд. Ды не, проста пагуляць прыйшоў да хроснай.

Марыля. Ніколі вы дагэтуль не хадзілі. Прабачайце. Сядайце, калі ласка.

Дрозд. Сяду. Сяду. (Садзіцца.) Адна?

Марыля. Андрэй на сходзе. А тата недзе выйшаў.

Дрозд. Усё калектыў гарнізуе. Пятлю людзям на шыі завязвае! Хэ-хэ-хэ! Мудрагель!

Марыля. А можа, развязвае петлі?

Дрозд. Не, хросная, завязвае! Мёртвым вузлом! Ужо дыхаць цяжка!

Марыля. Каму? Вам?

Дрозд (ціха, цяжка дыхаючы). Слухай, хросная, уймі Андрэя. Што ён на мяне, як шалёны звер, кідаецца? Вось і цяпер са сходу прагнаў. Хутка ўсіх на свой бок перацягне. Пішуцца...

Марыля (радасна). Пішуцца? Шмат?

Дрозд. Чаго страпянулася? Рада? Пачакайце! Пачэзнеце з голаду! Голым целам свяціць будзеце! Агульныя жонкі будуць. Сёння з адным, а заўтра з другім будзеш! Як быкі ў чарадзе — будуць распуснікі. Усякі сорам страціце. А можа, ужо бессаромная? (Накіроўваецца да Марылі.)

Марыля (хаваючыся за калыску). Ідзіце адсюль! Ай, людзі!

Дрозд. А, яшчэ не страціла. Добра. Слухай, хросная, набліжаецца канец свету. Паўстаў народ на народ. Царства на царства. Дзеці на бацькоў, сёстры на братоў, жонкі на мужыкоў. Хутка спадзе з неба агонь і паглыне ўсё. Ужо анцыхрыст пайшоў па зямлі і паварочвае людзей на сваю веру. Твой Андрэй ужо запрадаўся яму! Ратуй яго, пакуль не позна!

Марыля. Ай, я баюся вас! Ратуйце!

Дрозд. Угавары Андрэя. Чуеш? Хросная! (Накіроўваецца да яе.)

Марыля (крычыць). Андрэй!

Дрозд хутка выходзіць з хаты. Досыць доўгая паўза. У сенцах стук і галасы. Уваходзяць Андрэй, Пятрок, Антось, Дубаў і Анупрэй.

Марыля. Андрэй!

Андрэй. Што, Марыля?

Марыля. Андрэй, не кідай мяне адну! Я баюся! Чуеш?

Андрэй. Ну, супакойся. Раскажы, што здарылася?

Марыля. Андрэй! Сцеражыся! Мне страшна, каб табе чаго не было!

Андрэй. Чаму? Чула што?

Марыля. Матка прыходзіла. Каркала ўсё. А потым Дрозд быў.

Андрэй. Чаго ён прыходзіў?

Марыля. Страшыў. Андрэй, я яго баюся! (Прытульваецца да Андрэя.)

Андрэй. Дурненькая. Трэба было качаргою яго гнаць.

Марыля. Андрэй, пашкадуй сябе, мяне і Уладзіка. Ты ж адзін.

Андрэй. Як гэта я адзін? А гэта хто? (Паказвае на тых, што прыйшлі з ім.)

Анупрэй. Табе больш як усім трэба. Гаспадаркі лепш пільнаваўся б!

Андрэй. Тата, памаўчы лепш!

Анупрэй. Ды я нічога. Але вось яе і яго (паказвае на калыску) шкада.

Андрэй. Ды што за глупства! Аб якой небяспецы вы трубіце? Марыля, што яны тут гаварылі?

Марыля. Страшылі агнём нябесным і анцыхрыстам.

Андрэй. Дык ты гэтага і спалохалася?

Марыля. Не маленькая я, Андрэй. Разумею, што да чаго. Бойся Драздоў!

Андрэй. Ха-ха-ха! Слухай, Марыля, хутка мы іх абскубём!

Усе смяюцца.

Андрэй. Бачыце, таварышы, якія манеўры выбірае вораг? Хітры, падлюга!

Дубаў. А ты думаў, што ён супакоіўся? Наадварот, цяпер ён актыўнічае, як ніколі, бо гэта апошнія яго дні!

Пятрок. Я ўношу прапанову — зараз жа забраць Дразда і пасадзіць на двайны паёк.

Дубаў. Як гэта?

Пятрок. А так: адзін паёк хай міліцыя выдае, а другі жонка з дому.

Дубаў. А... а... Разумею. Пачакаем трошкі, таварышы. Як казаў Андрэй, хутка іх абскубём і выпусцім на любы свет. Хай тады актыўнічае сабе. А цяпер давайце пагутарым пра ацэнку маёмасці.

Марыля зусім супакойваецца, Андрэй, Дубаў, Пятрок і Антось сядаюць за стол, Анупрэй узлазіць на печ.

Дубаў. Таварышы, я думаю заўтра ж узяцца за ацэнку маёмасці, ды не адных тых гаспадароў, што запісаліся, а і тых, што адмовіліся. Гэта патрэбна, каб не разбазарылі гаспадаркі.

Антось. Добра кажаш. Нават з беднаты некаторыя думаюць, што ў калектыў можна ісці з голымі рукамі: дзяржава ўсё дасць!

Дубаў. Разам з ацэнкай трэба ўзяцца і за абагульненне насення. Пара ўжо брацца чысціць: праз два месяцы сяўба.

Андрэй. А дзе ссыпаць будзем?

Дубаў. Гэта трэба падумаць.

Пятрок. Я ўношу прапанову.

Дубаў. Ты ўсё з прапановамі. Ну, кажы.

Пятрок. Узяць царкву ды ў ёй і ссыпаць.

Дубаў. У яго ўсё — узяць. А ці дадуць?

Пятрок. А ў каго яшчэ пытацца?

Андрэй. Прапанова Пятра вельмі слушная. Трэба гэта пытанне паставіць на бліжэйшым агульным сходзе. Калі згодзіцца насельніцтва, дык збяром подпісы, і па ўсёй справе.

Анупрэй. Хлопцы, не чапайце царквы! Не дражніце народ.

Андрэй. А скажы, тата, калі ты ў царкве быў?

Анупрэй. Не быў даўно і цяпер не збіраюся. Але стаіць — хай стаіць. Яна ж есці не просіць.

Андрэй. Ну, а як ты думаеш, у калгасе патрэбна царква?

Анупрэй. А хто вас ведае: будзеце вы шлюб браць, хрысціцца ці не?

Андрэй. А як па-твойму?

Анупрэй. Нешта не відаць. Хутчэй шпэктаклі свае там заведзяцё.

Уваходзяць Банадысь з настаўніцаю Струновіч.

Банадысь. Добры вечар, Марыля!

Марыля. Добры вечар!

Струновіч падыходзіць да калыскі.

Струновіч. Уладзік спіць?

Марыля. Нешта маркоціцца. Відаць, зубкі будуць.

Струновіч (заглядае пад полаг). У-у, які здаравяк! Добры вечар, калгаснікі!

Банадысь. Таварышы, я толькі што ад бацькі. Ён ні прыступу, не хоча ў калектыў. Я наважыў адзін увайсці ў калгас.

Марыля. А бацькоў кінеш?

Банадысь. А як ты думаеш, сястра: з-за іх упартасці я павінен ісці супроць сваіх жаданняў?

Марыля. Паспрабуй іх угаварыць.

Банадысь. З бацькам яшчэ можна гаварыць, а з маткай — ані-ні.

Андрэй. Пракляты Дрозд іх з'агітаваў. Кумы!

Струновіч. А мне здаецца, дзядзьку Тараса вельмі лёгка пераканаць. Асабліва табе, Банадысь, бо бацька гэтак цябе любіць і паважае.

Банадысь. О, каб гэта зрабілася надзейнай зброяй у маіх руках? Тады — нашто там што.

Марыля. Андрэй, нехта ў акно глядзіць са двара!

Усе ўстаюць.

Андрэй, адыдзі ад акна!

Андрэй. Марыля, што табе робіцца? Ну, чаго ты ўся затрэслася?

У сенцах стук. Усе ўстрывожана глядзяць на дзверы. Дзверы адчыняюцца, і ў хату ўваходзіць Тарас.

Тарас. Банадысь, запісаўся?

Банадысь. Не, тата. Чакаю, пакуль ты адумаешся. Добра, што прыйшоў.

Тарас. Не, сынок, мяне-то ты не дачакаешся. Я табе гэта казаў.

Банадысь. Ну, тады не прыйдзецца чакаць цябе. Андрэй, дай спіс.

Андрэй дастае спіс.

Тарас (падбягае да Банадыся). Банадысь! Не пішы! Пракляну! Выракуся!

Банадысь. Пусці, тата! Я не маленькі. Сам ведаю, што раблю! Досыць ужо за бацькавы штаны трымацца!

Тарас. Не дазволю! Ты гэтага не зробіш! Банадысь! Сынок!

Банадысь. Скажы, тата, сёння ты бачыўся з Драздом?

Тарас маўчыць.

Чаго ж ты маўчыш? Ну, вядома, бачыўся. Ужо наспяваў, брыда!

Тарас. Банадысь! Гэта на хроснага бацьку?!

Банадысь. А на ліха ён мне, такі бацька! Калі сустрэну, дык я яму пакажу сынаву ласку!

Тарас. Ты ашалеў? Як ты важышся на такога паважанага чалавека ды яшчэ хроснага бацьку руку падымаць? Ды я хутчэй цябе самога... чым дазволю зрабіць гэта!

Банадысь. Ну, тата, не палохай! І не гавары глупства! Калі будзеш гаварыць толкам, дык гавары, а не, дык і слухаць цябе не хачу!

Тарас. Гэта мой Банадысь гаворыць! Мой адзіны сын! Дык выракаюся я цябе! Няма больш у мяне сына! Няма!

Марыля. Тата, тата! Апамятайцеся!

Тарас. І ты не мая! Анцыхрыставы вы дзеці. Прэч ад мяне! Прэч!

Банадысь. Ну, дому ў мяне цяпер няма. Адзін. Вольны, як вецер у полі. Давай, Андрэй, ліст. (Бярэ ліст і запісваецца.)

Тарас стаіць як слуп, да Банадыся падыходзіць Струновіч.

Струновіч. Банадысь, ты сказаў, што адзін... А ці не памыліўся ты? Га?

Банадысь. Прабач, Вяруся... Так, я не адзін!

Тарас (быццам спрасонку). Быў... Радаваў бацькава сэрца. І — няма! (Паступова твар яго робіцца страшным, ён гаворыць шэптам, з перапынкамі.) Дык... не пры-ходзь... Чуеш? А то кепска будзе!

Банадысь. Не прыйду! А частку з гаспадаркі мне суд дасць. Будзеце з міліцыяй мець справу.

Марыля плача. Тарас ціха, апусціўшы галаву, выходзіць з хаты. Цяжкая маўчанка.

 

КАРЦІНА ДРУГАЯ

Тарасава хата. Яшчэ досвітак. Спяваюць трэція пеўні.

Тарас і Матруна не спяць.

Матруна (гледзячы ў акно). Ужо трэція пеўні спяваюць і сітцо пад поўню падбіраецца. А яго няма. Слухай, Тарас, чаго ты маўчыш і воўкам пазіраеш? Ты бачыў на сходзе Банадыся? Чаму ён не прыходзіць дадому?

Тарас. Мабыць, і зусім не прыйдзе.

Матруна. Чаму ён не прыйдзе? Здарылася што? Ды кажы ты, стары дурань! Матачкі мае! Што ж гэта робіцца! (Плача.)

Тарас. Ціха! Варона старая. Ліха яго не возьме. У калектыве будзе жыць.

Матруна (перасціхае плакаць). Чаму? Запісаўся?

Тарас. А ты думала ў цябе прыйдзе пытацца?

Матруна. А ты дзе быў? Я пытаюся, дзе ты быў, рашэціна старая? На што дазволіў яму запісацца? Га?

Тарас. Годзе! Не ўспамінай мне яго. Чуеш? (Трасе кулакамі перад Матрунаю.)

Матруна. Чаго ты размахаўся, як вятрак? Цьфу на цябе!!

Тарас. Вырадзіла сокала.

Матруна. Ад цябе ж ёлупа.

Тарас падыходзіць да стала, садзіцца на лаве і аберуч бярэцца за галаву. Матруна плача.

Матруна. А хто ж нашу старасць дагледзіць. А дзеткі ж нас выракліся. А божа ж мой, божа!

Тарас. Годзе, Матруна! Ну, пакінь. Такі ўжо свет настаў. (Падыходзіць да яе.) Будзем ужо неяк дажываць век. Пакінь. Думаеш, адны мы такія?

Садзіцца каля Матруны. На вуліцы гармонік і дрындушка.

Хлопцы.

 

У калгасы, дзеўкі, стосам,

Бо жыць у вёсцы — марната,

Хутчэй, дзеўкі, а то з носам

Вас пакінем, дурната!..

 

Дзяўчаты.

 

Мы за вамі, хлопцы, гужам,

Бо на шнуры цяжка жаць,

Кулакам мы больш не служым —

Будзе час і паляжаць!

 

Хлопцы.

 

У калгасе ўбачым жыцце,

Будуць свінні — іаркшыр...

Ой, ды дзеўкі, вы не выйце...

Песні слухайце машын!

 

Дзяўчаты.

 

Самі, хлопцы, не трусіце,

Ідзіце смела у калгас...

А ўжо нас вы не прасіце,

Бо мы ўсе — бягом да вас!

 

Рогат і выкрыкі, зноў гармонік і дрындушка. Але паступова яны сціхаюць. Увесь час, як спявала моладзь, старыя сядзяць адно пры адным, пільна прыслухоўваючыся да дрындушкі.

Тарас. Чуеш, Матруна, новыя песні!

Матруна. Ціха. Нехта на дварэ стукнуў. Можа, Банадыська?

Тарас. Не, старэнькая, я сказаў, што ён не прыйдзе. Сам я вінаваты.

Матруна. Чаму? Скажы ты мне толкам, што ў вас было?

Тарас. У Андрэя здарылася. Пасля сходу заходжу туды, а там — усе разумнікі. І Банадысь з імі. Вось тут і здарылася.

Матруна. Што?

Тарас. Выракся я сына! Пракляў!

Матруна. Пра-к-ля-ў? (Асела на ложак.)

Тарас. Матрунка, што табе? (Падышоў да яе.)

Уваходзіць Дрозд.

Дрозд. Добры вечар ці добры дзень, старыя! (Глядзіць на ложак.) Што гэта, грэецеся? Ха-ха-ха! Вось табе і старыя!

Бачыць, што ніхто не адзываецца, падыходзіць да ложка бліжэй.

Дрозд. Што гэта з кумою?

Тарас. Слабасць... відаць, учадзела. Рана комін звечара зачыніла.

Матруна ціха стогне.

Дрозд. Сцюдзёных журавін пакласці ў вушы. Адразу пройдзе чад.

Тарас. Абыдзецца і без журавін. Хай спакойна ляжыць. (Адыходзіць да стала.)

Дрозд. Ну, кум, пятля ўжо на шыі. Давай патроху развязваць.

Тарас. Я цябе не разумею.

Дрозд. З сённяшняга дня пачнуць ацэньваць маёмасць. Хто запісаўся і хто не запісаўся. Усіх.

Тарас. Нага іх не будзе ў мяне на двары!

Дрозд. Разумна, кумок, разважаеш, разумна! Эх, каб усе такія былі! Банадысь добра ведае гаспадарку. І без цябе ацэняць.

Тарас. Дык што ж рабіць?

Дрозд. Трэба зараз жа збыць лепшую жывёлу. От ты жарабка, а я — жарабка і бугая.

Тарас. Дык ужо ж хутка будзе днець.

Дрозд. Не клапаціся. Усё ўжо гатова. За гумном чакаюць надзейныя людзі. К палудню і ў горадзе будуць.

Тарас. Кажы, кум, сумленна ўсё робіш?

Дрозд. Бог — сведка (хрысціцца).

Тарас. Веру. Толькі як жа я старую адну пакіну?

Дрозд. Не дзе дзенецца. Паляжыць.

Матруна (слаба). Тарас, куды ты? Што вы надумаліся?

Тарас (падыходзіць да ложка). Я на хвілінку выйду. Кума правяду.

Дрозд (падыходзіць таксама да ложка). Што гэта, кума, учадзела?

Матруна. Ой, кумок, і без чаду чадна!

Тарас. Дык я на хвілінку. Толькі за вароты правяду.

Матруна. Ды не баўся ж.

Тарас і Дрозд пайшлі. На дварэ голас Тараса.

Голас Тараса. Хто тут ходзіць?

Голас Банадыся. Я.

Голас Тараса. Што табе тут трэба?

Голас Банадыся. Прыйшоў паглядзець, ці дома жарабок!

Голас Тараса. Вон адгэтуль! Каб і следу твайго тут не было!

Голас Банадыся. Добра. Пайду. Толькі спачатку смаўжа гэтага ад вас адарву!

Матруна ўстае і садзіцца на ложку.

Матруна. Здаецца, Банадысёў голас. Чаго яны крычаць?

Адчыняюцца дзверы, і ў хату ўбягае збянтэжаны Дрозд, за ім гоніцца Банадысь, за Банадысём убягае Тарас. Матруна спаўзае з ложка.

Банадысь (хапаючы Дразда за каўнер). Раздушу, гадзіна!

Тарас. Банадысь! Не чапай! Ведаеш, на каго ты руку падымаеш?

Банадысь. На ворага лютага, што мяне з гэтай хаты выкурыў!

Матруна. Банадыська, сыночак! Гэта ж твой бацька хросны!

Банадысь. А цяпер я яго буду хрысціць!

Кідае Дразда ў парог, той ляціць і галавою адчыняе дзверы. Тарас хапае сякеру, што ляжала пад лаваю, і кідаецца на Банадыся. Матруна заступае сына.

Дрозд знікае.

Матруна. Тарас! Апамятайся! Ай, людзі!

Тарас. Зас-с-с-яку!

Матруна (ловячы сякеру). Тараска, гэта ж наш Банадыська. Наш любы сынок. Ці даўно ж ты яго пеставаў? Ці даўно мы радаваліся і цешыліся з яго вучэння?

Банадысь (адводзячы матку ўбок). Мама, пусці! Хай сячэ!

Стаіць спакойна перад бацькам. Той не апускае сякеры.

Банадысь. Ну, тата, чаго ж ты стаіш? Цяпер жа ніхто не перашкаджае, і я не баранюся. (У Тараса сякера валіцца з рук.)

Тарас. Як ты... наз-ваў? Здаецца, тата?

Банадысь. Так, тата!

Тарас ідзе, хістаючыся, да лавы, садзіцца і абапіраецца на стол, ашчаперыўшы галаву рукамі. Матруна на ложку ціха плача. Банадысь стаіць пасярод хаты, спусціўшы галаву.

Банадысь. Ну, бывайце. (Ідзе ў дзверы.)

Матруна. Банадыська! Сынок! Куды ты?!

Тарас. Банадысь, застанься.

Банадысь (цвёрда). Тата, я іду ў калектыў. Люблю вас, шкадую, але новае жыццё перамагае ўсё! І не ўтрымаеце вы мяне!

Матруна. Не пойдзеш! Не пушчу! (Абняла яго.)

Банадысь. Не, мама. Пайду. Я ўжо ў калгасе.

Адводзіць і садзіць матку на лаву, ідзе да дзвярэй.

Тарас. Банадысь, пачакай! Бяры і нас з сабою.

Матруна (усхопліваецца з лавы). Куды... бяры? У калектыў? Нізавошта! Ідзі, ідзі сабе, стары атопак. Я адна застануся! На парозе здохну ў роднай хаце!

Тарас. Ціха, дурная. Ніхто цябе і не выганяе з свае хаты. (Падыходзіць да Банадыся.) Ну, сынок, прабач. Усё той д’ябал зводзіў. Эх, чаму я яму не ўвагнаў сякеру ў плечы!

Матруна. Божачка ж ты мой! Што ж з гэтым чалавекам робіцца.

У хату ўваходзяць Андрэй, Пятрок і Антось.

Андрэй. Чаму гэта вы сенцаў не зачынілі? Хлеў таксама насцеж... (Глядзіць на хатніх.) Ды што гэта вы ўсе нейкія нашароханыя? Што ў вас тут было?

Банадысь. Нічога. Тату здалося, што нехта па двары ходзіць.

Андрэй. Сякера пасярод хаты.

Банадысь. Тата думаў, што злодзей, ды з сякераю выбягаў на парог. А тут і я надышоў.

Тарас. Няпраўда, Андрэй. Гэта я... на яго з сякераю выходзіў! Пракляты Дрозд давёў!

Пятрок. Я ўношу прапанову ў другі раз — узяць Дразда на двайны паёк.

Андрэй. Не клапаціся, Пятрок, возьмем.

Тарас. Андрэй, пры табе тая паперка?

Андрэй. Якая, тата?

Тарас. Ды дзе распісваюцца?

Андрэй. Пры мне... А навошта вам?

Тарас. Давай запішуся!

Банадысь. Праўда, тата?

Тарас. Праўда, сынок.

Андрэй дастае і кладзе на стол спіс.

Андрэй. Вось аловак. (Дае аловак.)

Матруна (кідаецца на Тараса). Не дазволю! Не дам! (Хапае за пояс і адцягвае ад стала.)

Тарас. Матруна, сваёю бабскаю сілаю нічога ты не зробіш. Пусці лепш. Не запішуся пры табе, дык запішуся без цябе.

Матруна (пускае Тараса, ідзе кладзецца на ложак і галосіць). Ані градачкі свае, ані макавачкі... Ані каровачкі... Ані лёну пучка... Ані палаценачка...

Тарас. Э, хай паплача: лягчэй будзе. Дзе тут, Андрэй?

Андрэй. Вось тут, тата.

Тарас садзіцца за стол і пачынае распісвацца. Піша доўга, напружана. Усе пазіраюць на яго. Уваходзіць Дубаў. На мігі паказваюць яму, каб маўчаў.

Дубаў. Што гэта?

Андрэй. Чалавек нараджаецца.

Дубаў. Дзе? (Глядзіць на ложак.)

Андрэй. Ды не там, а вось дзе!

Дубаў. Што тут такое?

Пятрок. Дзядзька Тарас запісваецца ў калгас.

Дубаў. Ну?!

Пятрок. А іншую лінію гнуў.

Тарас (скончыў пісаць, выцірае лоб). У-ух! Мудрэй, як за плугам нахадзіўся!

Андрэй (глядзіць на спіс). Вось гэта дык подпіс. Бы трактар прайшоў!

Тарас. А тым часам і днее ўжо.

Банадысь. А цяпер, тата, дай я цябе зацісну ў абнімках!

Тарас. На, на... Толькі ж парахні не цісні.

Банадысь абнімае бацьку, цалуе яго.

Тарас. Старая! Матруна! Бабка! Ідзі абнімемся!

Матруна. Хай цябе смертухна абніме! Без сарочкі ты хадзі!

Банадысь. Тата, дык сёння можна цаніць гаспадарку?

Тарас. Першымі ацэнім, сынок. А жарабка... Эх, сёння я хацеў яго ўкрасці! А тут Дразда нагнала. Дык вось жарабка — у першую калону! А цяпер пайду аўса яму засыплю! (Апранаецца.) Уга, як мае быць ужо развіднела! Сонейка па стрэхах папаўзло.

Выходзіць, потым зараз жа варочаецца.

Вось што, хлопцы, я забыўся сказаць: бяжыце зараз жа да Дразда. Ён збіраўся жарабка з бугаём сёння спусціць. Казаў — за гумном надзейныя людзі чакаюць.

Андрэй. Пятрок, ты бяжы да Дразда, а ты, Антось, за гумно. Калі што — дык кулак у цябе кавальскі.

Выходзяць Пятрок, Антось і Тарас.

Андрэй. Ну, з Драздом трэба скончыць!

Матруна. Як гэта?

Андрэй. Ды не бойцеся, мама, пэцкаць рукі аб яго паганую кроў ніхто не збіраецца. Раскулачым — і па ўсёй рабоце.

Уваходзіць Марыля.

Марыля. Што тут нарабілася? Мама, ты хворая?

Матруна. Праз добрых дзетак! (Плача.)

Марыля. Мама, ну што мы табе зрабілі дрэннае? Кінь плакаць. Няма чаго. (Садзіцца на ложку.)

Матруна. Гэта ж і стары звар’яцеў. Запісаўся паншчыну адбываць!

Марыля (радасна да мужчын). Тата запісаўся? Праўда?

Банадысь. Праўда, Марыля.

Марыля. Скажы, Андрэй?

Банадысь. Бач, матцы, брату не верыць, а толькі яму.

Дубаў (усміхаецца). Эх, зайздрасць бярэ на такую жонку.

Андрэй (падыходзіць і абнімае Марылю). Праўда, праўда, жоначка. Вось паглядзі, якую рэйку праклаў наш стары.

Паказвае спіс. Марыля глядзіць і смяецца.

Андрэй (ціха да Марылі). Слухай, Марыля, здаецца, старая трохі абмякла, вазьміся за яе: пакажы, што ты жонка Андрэя Саболя. (Адыходзіць.)

Дубаў. Таварыш Саболь, можа, выйдзем? (Паказвае на ложак.)

Андрэй. І я думаю. Хадзем, Банадысь.

Уваходзіць Струновіч.

Струновіч. Праўда?

Банадысь. Праўда, Вяруня. (Бярэ яе за руку.) А адкуль ты дачулася?

Струновіч. Ды ўсё сяло пра гэта ўжо гаворыць. Цяпер усё серадняцтва будзе ў калгасе!

Банадысь. Ты так упэўнена гаворыш, што быццам спіс прынесла, што пазапісваліся.

Струновіч. Я гаварыла з некаторымі. Кажуць: «Калі Тарас запісаўся, дык няма чаго доўга думаць».

Андрэй. Але Тарасіха не паддаецца.

Струновіч. Вы пакіньце нас. Мы тут зробім свой сход.

Банадысь. Хадзем, таварышы. (Выходзяць.)

Струновіч (да Марылі, паказваючы вачыма на Матруну.) Спіць?

Марыля. Мама, ты спіш?

Матруна. Я ўжо забылася, калі спала.

Марыля. Марнуеш толькі сябе, мама.

Матруна. Гэта вы, дзеткі, марнуеце маю старасць. Прычакала ўцехі. (Плача.)

Струновіч. Цётка Матруна, добры дзень.

Матруна. А гэта ты, Вяруня? Добры дзень. Сядай.

Струновіч. Пачула, што занемаглі вы. Прыйшла праведаць.

Матруна. Дзякуй, мая вішанька. Хоць ты мяне не выракаешся.

Струновіч. А хто ж вас выракаецца?

Матруна. Родныя дзеткі. (Плача.)

Струновіч (быццам здзіўленая). Няўжо Банадысь вас выракся? Вось ніколі не чакала. А гэтак ён вас любіў! Заўсёды ўсё «мая мама ды мая мама» і з такою любасцю!

Матруна (расчулена). Сыночак мой любы. Я ведала, што ён такі ў мяне. Гэта не дачушка Марылька, што выгнала матку з свае хаты.

Марыля. Мама!

Струновіч. Марыля! (Міргае ёй і паказвае на мігі, каб тая пайшла.)

Марыля выйшла.

Струновіч. Што ж, цётка Матруна, у Марылі свая сям’я, яна ўжо адышла ад вас.

Матруна. І дзеўкаю не вельмі радавала матчына сэрца. Бывала, ёй слова, а яна табе паўкапы. Вось Банадыська!

Струновіч. А што ў вас тут зрабілася з ім?

Матруна. Хацеў кінуць нас ды пайсці ў чортаў калектыў.

Струновіч (асцярожна). А хіба вы, цётка Матруна, супроць калектыву?

Матруна. Як, каб гэта я ды пайшла служыць чорту лысаму? Ніколі.

Струновіч. Каму гэта вы будзеце служыць? Пану?

Матруна. Знойдзецца дармаедаў на нашу галаву! Толькі працуй на іх.

Струновіч. А ці ведаеце вы, цётка Матруна, што ніводнага дармаеда не будзе ў калектыве? Гультай або той, хто захоча жыць з працы другога, і блізка не будуць каля калгаса.

Матруна. Але ж нехта будзе і там камандаваць.

Струновіч. Не камандаваць, а кіраваць. Будуць такія разумныя і сумленныя людзі, як Андрэй, Банадысь. Няўжо вы думаеце, што яны благога захочуць нам?

Матруна. Каб жа Банадысь ды Андрэй?

Струновіч. Мы ж самі іх выберам.

Матруна. А скажы, Вяруня, ці будуць там грады?

Струновіч. А як жа! А каб вы ведалі, цётка Матруна, што на гэтых градах будзе! Усё заводнае, усё незвычайнае! Рэпа па добрай місцы, буракі па таўкачу, капуста па самаму большаму цагану. Пра гуркі, гарбузы дык і казаць няма чаго.

Матруна. Ды што ж, не сваё ўсё будзе.

Струновіч. А чыё ж? Наша, цётка Матруна. Будзеце працаваць, будзе ваша ўсё гэта.

Матруна. Не дапусцяць нас, старых, ні да чаго. Памораць голадам або аддадуць на мыла.

Струновіч. Хто гэта вам такое глупства казаў?

Матруна. Разумны і паважаны чалавек казаў — Язэп Дрозд.

Струновіч. Вось яго ў калгас не пусцяць, каб і сілаю лез.

Матруна. Ён і адзін пражыве. Гэткае багацце!

Струновіч. Гэта будзе відаць, як пражыве.

Матруна. Ну, а ты ж запісалася?

Струновіч. Першая, цётка Матруна.

Матруна. І не баялася?

Струновіч. Баяцца ісці да лепшага жыцця? Да светлага шчасця! Вы толькі падумайце: агульная праца, вольная, разумная, без надрывання сілы, без зайздрасці. Здаровыя дагледжаныя дзеці, паважаныя ўсімі старыя, таварыскія дачыненні паміж усімі, ні п’янства, ні здзекаў мужа з жонкі, дзяцей з бацькоў! Новая радасная песня пакрые разоры, без межаў, без загончыкаў, без камення!

Матруна садзіцца на ложку і з захапленнем глядзіць на настаўніцу.

Матруна. Красуня ты мая! Каб усе былі такія ў калектыве. Можа, і добра жылося б. Эх, люблю я цябе, як роднае дзіця!

Уваходзіць Банадысь.

Банадысь. Мама, ты хочаш мець Веру сваім дзіцём?

Матруна. Ды мала, сынок, хацець.

Банадысь. Гэта вельмі лёгка зрабіць.

Матруна. Не цямлю я.

Банадысь. Зрабіць, каб Вера стала тваёю нявесткаю. (Падыходзіць да настаўніцы.) Ну, Вяруня, хочаш быць яе нявесткаю, а маёю жонкаю?

Струновіч. З ахвотаю.

Матруна. А, няхай вас кот убрыкне. Ну і час. Разам і плач, і смех, і радасць. Усё памяшалася. Дайце ж хоць нагляджуся на вас.

Уваходзяць, гамонячы, Андрэй, Дубаў, Дрозд, Пятрок, Антось і Тарас.

Дубаў. Кажы, грамадзянін Дрозд, што хацеў рабіць з жарабком і бугаём?

Дрозд. Што я хацеў рабіць? Нічога.

Пятрок. А чаму жарабок быў закілзаны?

Дрозд. Да вады хацеў яго вывесці.

Пятрок. А чаму ў бугая на рагах вяроўка была?

Дрозд. Да ясляў прывязваю. Б'ецца.

Пятрок. А торба з хлебам і салам на стале ў хаце нашто была падрыхтавана?

Дрозд. У млын збіраўся ехаць — мукі ні жмені.

Тарас. У горад збіраўся весці і жарабка і бугая.

Дрозд (спачатку збянтэжаны, а потым папраўляецца). І ты са мною разам.

Тарас. Праз цябе.

Дрозд. Праз мяне, праз мяне. Праўда. Я сам не ведаў, што рабілася са мною. Як зрабіў хто што. А вось цяпер усё праяснела. Бачу, што да чаго. Як заслонка з вачэй спала. Таварыш камісія, прыміце мяне ў калектыў. Кажу па шчырасці. Я там буду самы актыўны працаўнік.

Дубаў. Што ж гэта так адразу пацягнула ў калектыў?

Дрозд. Ды мяне заўсёды цягнула, а цяпер сама больш.

Дубаў. Ну?

Дрозд. Бог сведка. (Хрысціцца.)

Дубаў. Яшчэ такіх калектываў няма, каб Дразды туды заляталі.

Дрозд. Андрэй, чаго ж ты маўчыш? Ты, сусед, ведаеш мяне добра!

Андрэй. Але, дзядзька Язэп, мы — суседзі. Яшчэ змалку я добра ведаў Драздоў. Моцнае гняздо вы звілі сабе, але не ўласнымі рукамі. Колькі я выліў поту на вас. А ўсяго за тое, каб расолу з бульбаю пад’есці. Ану, успомніце, як калісьці апрыч елі вы, Дразды, і мы, парабкі апрыч. Вам чэрава распірала ад масла, мяса, сала, пірагоў, а нам бульба з расолам. А ці памятаеце, як з парабчанскага заробку вылічалі пяць рублёў, як адзін раз чарвівых ападкаў, што нават свінні вашы не хацелі есці, назбіраў і дадому матцы занёс? Ну, годзе ці яшчэ гаварыць?

Уваходзіць Марыля.

Пятрок. Дай, Андрэй, я сказану. А хто з касцоў і жней не ведае Драздоў? Да ўсходу сонца ў поле гналі, пасля заходу дадому варочаліся. На полудзень яблыкі гнілыя з цвілым хлебам давалі. Казалі, што спасаўка, пост. А самі нябось жэрлі скаромнае.

Марыля. Ды надоечы ж было. Пайшла я да іх малака Уладзіку папрасіць. Адну толькі шклянку... Паліла нешта яго. Прыходжу і кажу: «Нешта Уладзік захварэў, ці не дасце хоць шклянку малака?» Старая аж затрэслася: «Што ты, што ты, Андрэіха? Дзе тое малако, самі не каштуем!» І што ж вы думаеце: на пяколку дваццаць жбаноў стаяла. Я не вытрымала— заплакала. Тады вось ён (паказвае на Дразда) і кажа: «Слухай, старая, налі ёй маслёнкі — улетку ласку адробіць». Адцуралася я і маслёнкі і ласкі іх — хай яна ім у грудзях стане. І пайшла, плачучы, дадому.

Дубаў. Даволі. Усё ясна. Я ўношу прапанову — зараз жа раскулачыць!

Матруна. Раскудлачыць! Як жа гэта?

Андрэй. Вось добра сказана — раскудлачыць.

Дрозд. Пачакайце. Дык не прымеце мяне ў калгас?

Дубаў. Вас, грамадзянін Дрозд, не прымаем, а вашу гаспадарку — з вялікаю ахвотаю.

Дрозд. А я... а мы... Трэба ж жыць.

Дубаў. А жывіце як хочаце. І дзе хочаце. Толькі не ў нас.

Дрозд. Дык дзе ж праўда? Дзе бог? Але я яшчэ моцны! Гаспадарку маю не возьмеце! Я гвалт закрычу! Мяне ўся Еўропа пачуе!..

Дубаў. Ах ты — гніль смярдзючая. Еўропай страшыць! Узяць яго!

Пятрусь і Антось надыходзяць да Дразда.

Дрозд (збянтэжаны, увесь трасецца). Я... я... адзін... з голымі рукамі...

Дубаў. А каб не з голымі, дык пярэчыў бы? Мы гэта ведаем. Вазьміце яго!

Пятрок. Раскулачым!

Антось. А будзеш пярэчыць, дык і накулачым!

Андрэй. І раскудлачым!

 

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

 

КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

Пляцоўка ў канцы сяла. На пярэднім плане праз усю сцэну плакат: «Калгас «Краіна Саветаў». З правага боку царква, з левага — кузня, пасярэдзіне школа.

З царквы чуваць, як лапоча трыер, з кузні — стук малатоў і звон жалеза. Выходзяць з царквы Андрэй і Пятрок, абодва запрацаваныя, але бадзёрыя.

Андрэй. Ну, Пятрусь, дай пяць! (Трасе руку Петруся.) Заданне выканаў амаль на сто працэнтаў. Насенне ачышчана і абагулена.

Пятрусь. Упарыўся, брат. Прыйшлося браць, як кажуць, і просьбай, і грозьбай... Але затое — хоць заўтра выязджай на поле!

Андрэй (кліча). Антось! Антось!

Выходзіць з кузні Антось з закасанымі рукавамі і з молатам у руках.

Антось. Што загадае начальства?

Андрэй. Ну, што на фронце індустрыі?

Антось. Дымім... Іскрым... Стукаем...

Андрэй. І ўсяго?

Антось. Ну, брат, прадукцыя вышэй даваеннай! Толькі падавай сыравіну! А то не выканаем дагавора сацспаборніцтва. Сорам будзе!

Андрэй. Заўтра атрымліваем чарговую партыю чыгуну і жалеза.

Пятрок. А машыны калі?

Андрэй. Атрымалі сёння. Паехалі на вакзал па іх. А цяпер на сваё месца, браткі! Праца чакае.

Ідзе ў школу, Пятрусь у царкву, а Антось у кузню. Ціха выходзіць Матруна. Яна азіраецца ў бакі, загледзелася на царкву і хрысціцца. Пачуўшы трыер, яна пільна прыслухоўваецца, падыходзіць бліжэй да царквы і круціць галавою, потым становіцца на калені і моліцца.

Матруна. Госпадзі міласэрны, чаго ж ты цярпіш? Ці ж ты не бачыш, што зрабілі з тваім домам? Хлявом ён стаў, святыя абразы павыкідалі, на крыж чырвоны фартух прычапілі. Пакарай сукіных сыноў! Зрабі так, каб не рызыкавалі, трасца іх матары! Прасвятая матка! Хоць і ты спадакпілася — радзіла дзеўкаю, але стрымай распусніц дзяўчат. Каб нанач хлапцоў не пушчалі, каб нявенчаныя не жылі з імі і каб байструкоў не вадзілі. (Прыпадае галавою да зямлі і горача шэпча.)

З сяла ідзе Анупрэй. Ён не заўважае Матруны і накіроўваецца ў царкву, так захоплены працаю трыера. Толькі тады спыняецца, калі насунуўся на Матруну.

Анупрэй. А бадай цябе. Перапалохала чыста. Хто гэта?

Матруна (падымае галаву). Станавіся, сват, і маліся.

Анупрэй (здзіўлены). Гэта свацця?

Матруна. Маліся!

Анупрэй. Э, свацейка, некалі. Я прыйшоў пацікавіцца, што гэта тут лапоча. Уставай і ты, а то раматус на старасці схопіш або казінец у ногі ўваб’ецца.

Матруна. Цьфу на цябе! Д’ябал стары! Ад сынка пераняў.

Анупрэй. Не адгадала, свацейка. Не ад сынка, а ад нявесткі, значыцца, ад твае дачушкі роднае. Хадзем, Матруна, пацікавімся. (Паказвае на царкву.) Ну, пойдзеш?

Матруна. Ідзі ты, сасмуціцель. А то старыя хадулі пераб’ю.

Анупрэй. Чуеш, свацця, як спявае? (Прыслухоўваецца, потым накіроўваецца ў царкву.)

Матруна. Сват, пачакай.

Анупрэй. А, раздумалася? Ідзі сюды!

Матруна нясмела падыходзіць да Анупрэя, і яны абое ідуць у царкву. Хаваюцца ў царкве. На школьны ганак выходзяць Андрэй з настаўніцай.

Андрэй. Ну, а як у цябе з яслямі і пляцоўкаю?

Струновіч. Планы і каштарысы складзены. Заказана мэбля.

Андрэй. А як з кадрамі?

Струновіч. Гэта цяжэй. Я думаю вось што: трэба паслаць на курсы Надзею і Ніну. Дзяўчаты добра пісьменныя, камсамолкі.

Андрэй. Гэта надзвычай добра. Сёння гэта пытанне вырашым.

З царквы выходзяць Анупрэй з Матрунаю.

Андрэй. Паглядзі, паглядзі, ды гэта ж мой стары кавалер з Матрунаю. (Смяюцца.) Тата! Ты чаго гэта сюды заблудзіўся?

Анупрэй. Прыйшлі вось з сваццяю памаліцца, ажно выходзіць, што няма каму. Усіх святых паставілі засекі са збожжам вартаваць.

Андрэй. Так, хай і яны працуюць. У нас цяпер не павінна быць дармаедаў!

Матруна. Андрэй, не грашы! Што вы з маткай боскай зрабілі!

Андрэй. А што? І яна вартуе? Добра, жанчына цяпер — раўнапраўны грамадзянін.

Струновіч. Цётка Матруна, хадзем да мяне. (Вядзе ў школу.)

Андрэй (да бацькі). А ты, стары, куды?

За кузняю галасы: «Тпру! Не наязджай!..»

Андрэй (весела). Гэта машыны прывезлі. Хадзем, стары.

Ідуць за кузню. З царквы выходзіць Пятрок.

Пятрок. Андрэй! Прывезлі гатунковае насенне.

Голас Андрэя. Здымайце, я зараз!

Пятрок вяртаецца ў царкву. З-за кузні выходзяць Андрэй, Банадысь і Анупрэй.

Андрэй (радасны). Багацеем мы! Адразу столькі машын! Эх, хутчэй бы вясна!

Банадысь. Яно добра, але ўсё гэта дробязь. От, каб трактар...

Андрэй. Эх, чудачэц ты! (Б'е Банадыся па плячы.) Будзе і трактар. Абяцалі даць на куст.

Анупрэй. Гэта такая машына, што кусты выкарчоўваць?

Андрэй. Не, тата. Кустом завецца некалькі калгасаў, калі яны з’яднаны разам.

Уваходзіць Марыля.

Марыля. Тата, ідзіце з Уладзікам пабудзьце.

Андрэй. А ты куды?

Марыля. У кааператыў трэба схадзіць.

Анупрэй. Я пайшоў. (Хутка ідзе.)

Андрэй. Ну, Марыля, хадзем пакажу ўсе нашы навіны.

Ідуць за царкву. На ганак школы выходзяць Струновіч з Матрунай.

Струновіч. Прыходзьце часцей, цётка Матруна.

Матруна. Дзякуй, вішанька, прыйду. І ты не забывайся нас, старых. Адны мы цяпер. (Уздыхнула.)

Струновіч. Чаму гэта, цётка Матруна, вы адны?

Матруна. Пытаешся? (Жартліва ківае пальцам.) Абакрала ты нас.

Струновіч. Я вас абакрала? Як гэта? Не разумею!

Матруна. А сына хто ў нас адкраў? А? Ага, пачырванела! (Смяецца.) Ну, добра, жывіце на здароўе. Толькі хацела прасіць у цябе аднаго.

Струновіч. Чаго, цётка Матруна?

Матруна. Каб не звала ты мяне гэтак. Разумееш? (З матчынаю ласкаю глядзіць на настаўніцу.)

Струновіч. Добра, мама!

Матруна (уся ўстрапянулася). Залатая мая! (Цалуе Струновіч і зыходзіць з ганка.)

Струновіч. Дык заходзьце ж, мама.

Матруна. Зайду, зайду, дачушка!

Ідзе на вуліцу і хутка хаваецца. Струновіч стаіць на ганку, глыбока задумаўшыся, светлая ўсмешка не зыходзіць з яе твару, потым падыходзіць да бар’ера.

Струновіч (ціха спявае).

 

Ой, не раз удваёчку

Пад высокай вярбой

У зялёным садочку

Мы сядзелі з табой...

Хвалі вод не шумелі,

Вецярок зусім сціх,

Салаўі песні пелі,

А мы слухалі іх...

 

На ганак нячутна выходзіць Дубаў, слухае.

Дубаў. А я і не ведаў, што ў цябе такая паэтычная натура.

Струновіч. Няўжо ж як ты... Толькі аб конях ды каровах.

Спяшаючыся, уваходзіць Тарас.

Тарас. Матруна! Матрун-а-а! Не пільнуецца баба хаты, хоць ты што! Матруна!

Ідзе за царкву, але раптам адтуль з-за рога з’яўляецца Дрозд. Ён страшны: звярыны выраз твару, ускудлачаны.

Тарас (адступаючы назад). Цьфу на цябе! Адкуль ты ўзяўся?

Дрозд. З таго свету. Бо я ж мярцвяк! Хіба не ведаеш? Я мярцвяк!

Тарас (яшчэ адступаючы). Што ты пляцеш?

Дрозд (выразным шэптам). Паслалі мяне з таго свету паглядзець, ці ёсць ужо калгасы. Якія тут новыя парадкі. Слухай, скажы, што гэта тут у царкве лапатала? Можа, ужо моляцца па-новаму?

Тарас. Гэта на машыне насенне чысцяць.

Дрозд. У царкве насенне? Ты смяешся з мяне?

Тарас. Ды дзе там з табою смяяцца. Ідзі ты лепей к чортавай матары!

Дрозд. А ты з маладымі? Ты супроць нас? Ты царкву аддаў на здзек анцыхрыстам? (Наступае на Тараса.)

Тарас (адступаючы). Слухай, Дрозд, не шалей! Паклічу людзей!

Дрозд (шыпіць). Кліч! Кліч! Ты і мяне ўтапіў!

Выхапіў вялікі нож і кідаецца на Тараса. Кароткая барацьба. Тарас са стогнам валіцца на зямлю.

Дрозд. Ляжы. Чакай дапамогі ад сваіх маладых! Эх! І зраблю ж я зараз пацеху. Глядзі, глядзі, стары.

Бяжыць да царквы. Там з-пад ганка, адняўшы дзве дошкі, выцягвае ахапак сена і вялікую бутэльку газы. Потым узбягае на ганак, адчыняе дзверы, спыняецца на парозе.

Дрозд. Глядзі, глядзі, калгаснік! Дрозд будзе сеяць! У нас таксама ўдарная кампанія!

Бяжыць у царкву і завальвае за сабою дзверы. На ганак школы выходзіць Марыля, яна хутка зыходзіць з ганка і накіроўваецца ў бок сяла. Дайшоўшы да сярэдзіны пляцоўкі, заўважае бацьку.

Марыля (спыняючыся). Няўжо ж гэта хто п’яны? Вось знайшоў месца. (Падыходзіць бліжэй да бацькі і асцярожна нагінаецца над ім.) Тата! Чаго ты? (Убачыла лужыну крыві.) Ай! Кроў! Людзі! Ратуйце! (Падымае бацькаву галаву, што на карку ўжо не трымаецца.) Тата! Татачка! Родны мой!..

Выбягаюць Андрэй, Банадысь, Пятрусь, Антось, Дубаў і Струновіч.

Андрэй. Марыля, чаго ты?

Банадысь. Дзе тата?

Марыля (галосячы). А няма ж нашага любага! А няма ж дарагога!

Андрэй і Банадысь паднімаюць Тараса.

Банадысь. Тата... скажы хоць слова. Няўжо ж цябе ўжо няма? Тата!

Тарас (хрыпла і ледзь чутна). Ты... Банадысь? І Марыля з Андрэем тут?

Марыля (кідаецца да бацькі). Татачка!

Андрэй. Пачакай, Марыля, не перашкаджай. Можа, скажа што. Тата, ты чуеш?

Тарас. На-во-шта... у званы зво-няць? Можа, сён-ня за-ся-ваць... выяз-джа-еце? (Твар яго прасвятляецца.)

Банадысь. Тата, скажы хто?

Тарас (ледзь чутна, але выразна). Дрозд...

Усе аслупянелі, глядзяць адзін на аднаго.

Дубаў. Самі вінаваты. Выпусцілі гада з рук. Трэба было адразу даць належную дарогу. Ну, няма чаго марудзіць. Зараз жа ў бальніцу адвезці!

З акон царквы вырываецца дым.

Андрэй (спалохана). Што гэта? (Працірае вочы.) Таварышы, дым праз вокны ідзе!

Усе, апрача Марылі, што схілілася над бацькам, кідаюцца да ганка царквы. Андрэй узбягае першы, хапае за ручку дзвярэй.

Андрэй. Замкнута! З сярэдзіны!

Дубаў. Трэба ламаць дзверы!

Пятрок. Праз вокны хутчэй.

Андрэй. Вокны з кратамі.

Антось. Я зараз. (Бяжыць шпарка ў кузню.)

Дубаў. Таварышы, бярыце бервяно.

Мужчыны бягуць, хапаюць бервяно і цягнуць да царквы. З’яўляецца Антось з велізарным молатам.

Антось. Не замінайце мне.

Магутнымі ўдарамі молата адбівае дзверы. Усе кідаюцца да іх, але цэлая хмара дыму спыняе мужчын.

Дубаў. Зачыняйце дзверы! Ад цягі агонь яшчэ больш разгарыцца. У дыме ён затухне хутчэй.

Андрэй. Але ж трэба ратаваць дабро. Само ж не пагасне. Прапусціце мяне ўсярэдзіну.

Марыля. Андрэй. (Падбягае да яго.) Куды ты? Не пушчу. (Хапае яго за руку.)

Пятрок. Таварышы, хто за мною!

Адчыняе дзверы і знікае ў дыме, за ім знікаюць Андрэй, Банадысь, Дубаў і Антось.

Струновіч зачыняе зноў дзверы.

Марыла. Што ж гэта робіцца?

На званіцы пачуўся трывожны звон. Пачынае збірацца народ. Прыбягае Матруна.

Матруна. Дзе ж яны... мае?

Марыля (зрываецца з ганка і бяжыць да маткі). Мама!

Матруна. Дзе бацька?

Марыля. Няма! (Галосіць.) Няма ўжо , яго!

Матруна (крычыць). Што яму? Дзе ён? (Бачыць мужа, вырываецца, падбягае да яго і кідаецца на калені.) Та-а-рас! (Плача над ім.)

А не ўбераглі родныя дзеткі. А чаму ж я сама яго не дагледзела. А сірата ж я горкая.

Струновіч (нагінаючыся над Матрунай). Мама...

Матруна. А дзе Банадысь?

Струновіч. Там. (Паказвае на царкву.) Тушыць.

Матруна (усхопліваецца і кідаецца да ганка царквы). Аддайце хоць яго!

Струновіч (трымае Матруну). Мама, не можна адчыняць дзвярэй. Пачакайце, хутка яны выйдуць. Ужо дым перастаў ісці праз вокны.

Адчыняюцца дзверы; Пятрусь з Антосем выносяць абгарэлы труп і кладуць на зямлю. Усе абступаюць іх. Пятрусь з Антосем зноў бягуць у царкву.

Марыля. Андрэй! (Кідаецца да трупа.)

Матруна. Банадыська, сыночак! (Таксама кідаецца да яго.)

Марыля. Ай!! (Адскоквае.) Гэта Дрозд!

Усе з вялікім здзіўленнем бліжэй падыходзяць да нежывога Дразда. З царквы выходзяць Дубаў, Антось з Петрусём вядуць пад рукі Андрэя.

Марыля. Андрэй, што табе? (Кідаецца да мужа.)

Пятрок. Нічога страшнага. Ад вялікай цяжкай працы страціў прытомнасць.

Матруна (да Банадыся). Сыночак. Ці жывы хаця ты?

Банадысь. Хіба сваім вачам не верыш, мама?

Прыбягае Анупрэй з Уладзікам на руках.

Анупрэй. Андрэйка! Жывы ён?

Марыля. Тата, з Уладзікам. (Падбягае і бярэ сына, гледзячы яму ў тварык.)

Марыля. Жывы. Смяецца.

Да Андрэя падыходзіць Марыля з Уладзікам.

Андрэй (бярэ Уладзіка). Смяецца. Смейся, сынок! Бацька пасадзіць цябе на сталёвага каня.

Матруна. А мой жа ты каласок! А на каго ж ты мяне пакінуў?

Усе сціхаюць, Струновіч і Банадысь падыходзяць да маткі і падымаюць яе.

Заслона.

 

1929


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбацэвіч В. Чырвоныя кветкі Беларусі : П'есы. Мінск, «Мастацкая літаратура», 1983. - 194 с.
Крыніца: скан