epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гарбацэвіч

Вяселле

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
  КАРЦІНА ПЕРШАЯ
  КАРЦІНА ДРУГАЯ
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
  КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ
  КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ


 

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

Цімох, селянін, 56 гадоў.

Матруна, яго жонка, 50 гадоў.

Грыпіна, іх дачка, 20 гадоў.

Архіп, кулак, 58 гадоў.

Зося, яго жонка, 53 гады.

Лявон, сын Архіпа, 25 гадоў.

Сямён, старэйшы сын Архіпа, паліцэйскі, 30 год.

Антон, старэйшы сват, 57 гадоў.

Васіль, бруснік Лявона, 23 гады. Поп Дармідон.

Мікалай, музыка.

Язэп.

Марыля.

Прузына, Параска, Алена - вясковыя кабеты

Ева сталага ўзросту.

Марцэля

Дзяўчаты, дружкі Грыпіны.

 

 

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

 

КАРЦІНА ПЕРШАЯ

Хата Цімоха. У хаце Цімох, Прузына, Матруна.

Цімох (глядзіць у акно). Ужо каля поўдня, а заручнікаў не чуваць. Хаця б не нарабілася ў маладога чаго? Мо Лявон занатурыўся? Ён хлопец фанабэрысты.

Прузына. Няма куму чаго казаць. Мала што магло затрымаць заручнікаў? Пакуль Лявон збярэ радню, пакуль выправяць яго ў дарогу, ці ж мала часу трэба.

Матруна. А я як падумаю, што трэба з дачушкаю расставацца, дык нават рада, што заручнікі позняцца.

Прузына. Кінь, кума. Не забывайся, Грыпіне ўжо дваццаць гадоў. А з малым пасагам нават прыгажуня можа засядзецца ў дзеўках. А тут трапіўся хлопец і прыгажун, і багаты.

Цімох. А як нажывалася гэта багацце, куме вядома? Парабкоў Архіп голадам марыў, ад цямна да цямна яны рвалі жылы на гаспадара. Ганна Ціхонава цэлы год пяклася, а як аддзякаваў ёй Архіп? Прагнаў з хаты, як бяздомніцу якую. Дзяўчына ў рачным віры знайшла сабе прытулак.

Маўчанне.

І Лявон, кажуць, вінен у яе смерці. Насмяяўся з дзяўчыны, а як трэба было прыкрыць грэх — адвярнуўся.

Прузына. Прымаўка ж кажа: у голад намруцца, а перад вяселлем налгуцца. А як багацце Архіп набываў — што вам да таго?

Цімох. Каб часам праз бакі не вылезла яно.

Матруна. Дачушка, чаго такая маркотная?

Грыпіна. Сэрца маё нешта ные. (Горнецца да маці.) Родныя мае! Хутка зазвіняць званкі, зайграюць музыкі. Яны скажуць, што блізка, блізка тая часіна, калі нам трэба будзе разлучыцца назаўсёды.

Маці і дачка плачуць, Цімох пазірае ў акно.

Прузына (спявае).

 

Мамачка мая родная,

Аддаеш, а не ведаеш,

Аддаеш, а не ведаеш,

Які мой мужык будзе:

Ці гультай, ці п’яніца?

Ці гультай, ці п’яніца,

Ці вялікі нядбайніца?

Ці вялікі нядбайніца.

Дзень пры дні п’е, гуляе,

Дзень пры дні п’е, гуляе,

Вечарам ў карты йграе,

Карчомкі ды не мінае.

 

Цімох. Чаго гэта дзеці бягуць?

Голас з вуліцы. Дзядзька Цімох, заручыны едуць!

Прузына. Вось і едуць.

Цімох. Жанчыны, вы ж глядзіце тут, а я пайду на двор сустрэну.

Выходзіць, за ім Грыпіна. Матруна і Прузына засцілаюць сталы, кладуць хлеб, ставяць талеркі з закускаю. На вуліцы званкі, гармонік заліваецца маршам, гоман, смех. Кабеты пазіраюць у акно. У хату ўваходзяць Цімох, старэйшы сват, у якога на плячы біклага, Лявон, Васіль, бруснік Лявона, гарманіст Мікалай і яшчэ мужчыны.

Старэйшы сват. Дзень добры вам. Ці рады вы нам?

Цімох. А хто вы будзеце? І чаго ад нас патрабуеце?

Старэйшы сват. Быў я ў вас улетку, бачыў пекну кветку. Каб вы яе мне не прадалі, а дарам аддалі.

Цімох. Наша кветка-ружа і прыгожая дужа, а цана ёй не чырвонец, а ўдалы малоец.

Старэйшы сват (паказвае па Лявона). Вось малоец той удалы, хлопец здатны, дужы, сталы. Кветка ваша, кветка-ружа будзе мець не зломка-мужа.

Цімох. Дык прашу за сталы, сватове, калі ласка.

Заручнікі садзяцца за стол. Старэйшы сват налівае гарэлку з біклажкі ў бутэлькі, потым з бутэлькі ў чаркі.

Старэйшы сват. Ну, сват, гарэлка мая, а закуска твая. Давайце вып’ем па чарцы ды закусім па скварцы.

Цімох. А так, сватка, купец твой, а тавар мой. Давай трохі пахмелімся, тады, можа, лепш асмелімся.

Усе п’юць, апрача Лявона.

Добрая гарэлка!

Старэйшы сват. А які ў свата сёлета ўраджай? Чаго больш: агуркоў ці дынь?

Цімох. Добрыя агуркі, але лепшыя дыні. Асабліва ёсць адна дыня: будзе з яе добрая гаспадыня.

Старэйшы сват. А ў нас, сват, ладныя агуркі. Асабліва ёсць адзін агурок: будзе з яго добры гаспадарок.

Усе глядзяць на Лявона, той чырванее.

Цімох. Чаго чырванееш, зяцька? Я ж табе буду бацька. Пакінь чырванець — трэба сокалам глядзець.

Старэйшы сват. Чаму ж гэта не відаць вашай кветкі? Малады сядзіць маркотны, як той бездамак гаротны. За гарэлку не бярэцца — ці ж парадак то завецца?

Матруна. Зараз, сватка, будзе маладая. (Да Прузыны.) Кумка, пакліч ты яе.

Прузына выходзіць.

Старэйшы сват. А зараз, Цімох і Матруна, пагаворым аб галоўным: які пасаг дасцё за дачкою?

Цімох. Аб гэтым ужо была размова з бацькамі Лявона. Да чаго ўсё гэта зараз?

Старэйшы сват. Так загадалі Архіп і Зося. Калі ў чым не дамовімся, дык сказалі не ехаць да вянца, а вяртацца дадому.

Цімох. Як ты, Лявон?

Лявон. Як тата і мама.

Васіль. Цікава, на кім ты, Лявон, жэнішся: на Грыпіне ці на яе пасагу?

Лявон (сярдзіта). Гэта ўжо я ведаю!

Старэйшы сват. Дык кажы, сват.

Цімох. Даю самую лепшую карову, паросную свінню, дзве авечкі, а маці повен куфар усякага дабра.

Лявон. А жарабка?

Цімох. З чым жа тады мы застанемся?

Лявон. Без жарабка я не паеду да вянца.

Васіль. Памаўчаў бы ты, Лявон. Слухаць агідна.

Лявон. Тады буду маўчаць, як усё будзе па-нашаму.

Цімох. Матруна, што будзем рабіць?

Матруна. Галава не ўбірае ўсяго таго, што вушы пачулі. Багатыя — яны хітрыя. Раней маўчалі пра жарабка. Падабралі часіну, калі нельга ўжо спрачацца — і давай ім жарабка. Гэта ж будзе вялікая ганьба для Грыпіны, калі заручнікі ўцякуць дадому.

Цімох. Тады бярыце і жарабка. Няма ў вас сэрца.

Старэйшы сват. Дык памятай, Цімох: пры людзях гаварылася.

Васіль. А я нічога не чуў. Як ты, Мікола, і вы, дзядзькі?

Мікалай. Я глухі на абодвы вухі. З гарматы стралялі блізка, а я рот не разявіў.

Заручнік маўчаць. Уваходзяць Грыпіна ў вянчальным убранні, Марыля і яшчэ некалькі дружак, Прузына, Зяноўя і Ева.

Старэйшы сват. Ідзіце сюды, дзяўчаты, а то сумуюць хлапчаты.

Грыпіна падыходзіць да стала і цалуе старэйшаму свату ў руку, астатнім кланяецца, тыя адказваюць тым жа.

Старэйшы сват. Ну, Грыпіна, выпі да дна ды садзіся ля акна. І вы, дружкі, проша да стола, дзе і наш музыка Мікола.

Грыпіна не п’е, а дружкі не падыходзяць.

Лявон, прасі маладую, а ты, Васіль, дружак.

Хлопцы вылазяць з-за стала і запрашаюць дзяўчат. Дружкі падыходзяць да Грыпіны і абступаюць яе, за стол не садзяцца. Лявон і Васіль займаюць свае месцы. Старэйшы сват дае дзяўчатам гарэлку, пачынаючы ад маладой. Тыя, таройкаючыся, п’юць.

Старэйшы сват. Можа, яшчэ прыгубіце? Тады і сорам згубіце.

Марыля. Ого, чаго свату зажадалася. Колькі ж сват гэта думаў, каб такое глупства вылепіць?

Цімох. Што, сваток, наскочыў?

Старэйшы сват. І не кажы, сваце, аж горача стала ў хаце. Дзяўчаткі, давайце гадзіцца, не прыстала нам сварыцца.

Марыля. А мы і не сварыліся, толькі за свой гонар заступіліся.

З я н о ў я прыносіць вядро вады і конаўку, а Ева кавалак даматканага палатна. Грыпіна бярэ конаўку, чэрпае ваду, падыходзіць да старэйшага свата, той выстаўляе рукі, Грыпіна лье на іх ваду, Ева падае яму кавалак палатна, сват выцірае ім рукі і завязвае каля сярэдзіны. Тое ж Грыпіна прарабляе з іншымі мужчынамі. Потым яна ставіць конаўку, падыходзіць да Лявона, прыколвае яму кветку з левага боку і дае вышытую хустку. Марыля і яшчэ адна дружка прыколваюць кветкі Васілю і Мікалаю з правага боку. Трэцяя дружка прыколвае кветку маладой з левага боку. Лявон дае Грыпіне сярэбраны рубель, а Васіль і Мікалай дружкам — цукеркі. Як пачалося дарэнне заручнікаў, жанчыны спяваюць.

Жанчыны (спяваюць).

 

Не крыўдуйце, маршалкі,

Што кароткі падаркі.

Што кароткі падаркі,

Па ігрышчах хадзіла,

Кудзеля не ўрадзіла,

Кудзеля не ўрадзіла.

Шчэ к таму ды драмалася,

Шчэ к таму ды драмалася,

Не тонка напралася.

Не тонка напралася,

Нядобра наткалася.

 

Цімох. Дзяўчаткі, лезьце за сталы.

Грыпіна садзіцца на покуце поплеч з Лявонам, дружкі каля Васіля і Мікалая. Кабеты каля іншых заручнікаў.

Цімох. Зараз ужо і гарэлка будзе мая. (Налівае чаркі, падымае сваю.) Дай жа, божа, каб усё было гожа. Каб нашым маладым жылося-былося, у кублах сала вялося, у хляве скацінка, у свірне збажынка, у доме ўнучаты: хлапцы і дзяўчаты.

Смех. Грыпіна апускае вочы.

Старэйшы сват. Калі пойдзе на тое, хай будзе й па двое.

Дык за такое пажаданне вып’ем усё дазвання ды закусім лустай хлеба, каб рабіць далей, што трэба.

Усе п’юць, дзяўчаты адмаўляюцца, хлопцы насядаюць. Тое самае ў жанчын і мужчын. Шум, гоман, смех.

Мікалай іграе.

Жанчыны і дружкі (спяваюць).

 

А сягоння ды заручыны

бог нам даў,

То таму, то сяму па падарачку

бог нам даў.

То таму, то сяму па падарачку

бог нам даў,

Нашаму Лявонку тры падарачкі

бог яму даў.

Нашаму Лявонку тры падарачкі

бог яму даў,

Першы падарак — залаты персцень

бог яму даў.

А другі падарак — шаўковую хустку

бог яму даў,

Трэці падарак — маладу Грыпінку

бог яму даў.

Трэці падарак — маладу Грыпінку

бог яму даў.

Залаты персцень заручаціся

бог яму даў,

Залаты персцень заручаціся

бог яму даў.

Шаўковую хустку выціраціся

бог яму даў,

Шаўковую хустку выціраціся

бог яму даў,

Маладую Грыпінку вянчаціся

бог яму даў.

 

У хату найшло многа людзей пацікавіцца вяселлем.

Старэйшы сват. Сват і свацця, давайце рабіць усё па звычаях дзедаўскіх, бо пара ўжо выпраўляць маладых да вянца. Калі спозняцца, дык яшчэ поп занатурыцца. Усім добра вядома, што гэта за цаца.

Усе вылазяць з-за сталоў. Кутні стол адсоўваюць ад лаў. Ціт, хросны бацька Грыпіны, які зайшоў нядаўна ў хату, бярэ ручнік за адзін канец, а другі падае маладой.

Ціт. Будзем заводзіць маладую на пасад.

Ідзе вакол стала, за ім ідзе Грыпіна і плача.

Айцец і маці, добрыя людзі, благаславіце маладую на пасад!

Усе. Благаслаўляем!

Ціт (вядзе другі раз). Другі раз!

Усе. Благаслаўляем!

Ціт (вядзе трэці раз). Трэці раз!

Усе. Благаслаўляем!

Дружкі (спяваюць).

 

Ды ляцелі гусачкі цераз сад,

Час табе, Грыпінка, на пасад.

 

Грыпіна (кідаецца ў ногі Цімаху і прычытае). Татачка родны, благаславі на пасад.

Цімох падымае дачку і цалуе яе, потым благаслаўляе караваем хлеба.

Дружкі (спяваюць).

 

Ці мяне на пасад вядзіце,

Ці вы маю мамачку знайдзіце.

 

Грыпіна (кідаецца ў ногі Матруне і прычытае). Мамачка, родная, благаславі на пасад.

Маці падымае дачку, і яны, ашчаперыўшыся, плачуць. Усе плачуць.

Прузына (стараючыся разняць іх). Матруна, кумка, годзе. Што гэта ты, як па нябожчыцы. Грыпінка, дзіцятка, ты ж на новую жыццёвую дарогу ступаеш.

Грыпіна (да дзяўчат прычытае). Дзевачкі сястрыцы, апошні дзянёчак, апошні часочак!

Жанчыны (спяваюць).

 

Маладая Грыпінка,

Усё тваё мінаецца.

Усё тваё мінаецца:

Дзявоцкае пагуляннейка,

Хлапецкае жартаваннейка.

Хлапецкае жартаваннейка.

Годзе табе ў мамкі жыці.

Годзе табе ў мамкі жыці

Ды вяночкі ўсё віці,

Ды вяночкі ўсё віці,

Ды таночкі вадзіці,

Ды таночкі вадзіці,

Йдзі свякрусе служыці.

 

Усе выходзяць на двор, адкуль чуваць званкі, музыка, тупат коней, выгукі «тпру».

Жанчыны (спяваюць).

 

Ехала Грыпінка да вянца,

Забылася хустачкі, грабянца.

— Падай, мамачка, грабянец,

Расчасаць косачкі пад вянец.

 

Паехалі. Поступова заціхаюць званкі, музыка, песня. Уваходзяць Цімох, Матруна і старэйшы сват.

Цімох. Што ж гэта, сват Архіп надумаў надзець на нас торбы?

Старэйшы сват. А вы не давайцеся.

Цімох. Як цябе зразумець, Антон? Архіп жа твой швагра.

Старэйшы сват. А хоць бы і родны брат.

Цімох. Не жартуеш?

Старэйшы сват. Якія тут жарты, калі акула чалавека праглынае.

Цімох. Ты прасцей скажы, Антон: як бы ты зрабіў?

Старэйшы сват. Не мяне ж бяруць за гарляк.

Цімох. А каб бралі?

Старэйшы сват. Я кусаўся б.

Цімох задумаўся.

Матруна. Аддай дачку і амаль усю гаспадарку.

Цімох. Не аддам жарабка!

Старэйшы сват. Правільна зробіш.

Матруна. Ды Лявон ад Грыпіны адмовіцца.

Старэйшы сват. І чаму ваша адзіная дачка стала вам цеснай? Чаму вы стараецеся як мага хутчэй выжыць яе з роднага дома?

Матруна. Трэба ж яе замуж аддаць, а тут трапіўся хлопец прыгожы, багаты.

Старэйшы сват. Які хоча зрабіць вас старцамі. Цімох, а ці задумаўся ты над тым, што ідзеш па дарозе Архіпа?

Цімох. Я?!

Старэйшы сват. Ты. Вось слухай. Вы аддаяце Грыпіну за Лявона толькі таму, што ён багаты. Не відаць, каб ваша дачка вельмі гарнулася да яго. А чаму б не зрабіць так: даць поўнае права Грыпіне распарадзіцца сваім лёсам. Знайшоўся б малады чалавек па сэрцу, а не па кішэні. Жылі б вы разам і на старасці год гадавалі б унукаў. Скажаце, дзе ўзяць такога? І шукаць доўга не трэба. Чым дрэнны Васіль Дрозд? Адзін час, наколькі памятаю, Грыпіна мілым вокам глядзела на яго. А Васіль і зараз уздыхае па ёй. Для яго гэта вяселле — мука. Што ж, Васіль галяк, не пара. Ой, глядзіце, не раз пакаецеся, але позна будзе.

Матруна. Ужо позна.

Цімох. Антон, як у цябе ўсё проста і ясна выходзіць. Дзе ты быў раней са сваёй разумнай галавой?

Старэйшы сват. І ў цябе такая ж галава, толькі яна стала схіляцца ў бок Архіпавай. Ну, я пайшоў. Скора павінны прыехаць з вянца. (Пайшоў.)

Цімох (б'е кулаком па стале). Жарабка не аддам!

 

КАРЦІНА ДРУГАЯ

У хаце Архіпа. Архіп, Зося, Параска, старэйшы сват.

Зося. Я прачакалася ўжо сваёй нявехны. Кажуць, ганарлівая. Хаця б патрапіць гаварыць з ёю.

Параска. І як гэта так гаварыць пра чалавека, якога яшчэ добра не ведаеш. Мала чаго набрэшуць людскія языкі. Вядома, кожнаму хацелася б мець Лявона сваім зяцем. Пазнаёміцеся бліжэй, тады будзеш і гаварыць.

Старэйшы сват. Мне вельмі спадабалася Грыпіна. Прыгожая, здаровая, ветлівая. І жне, і косіць, і за плугам ходзіць.

Архіп. Во, нам такая і трэба, каб усю гаспадарку пыніла.

Старэйшы сват. Узрадаваўся... Думаеш замяніць ёю ўсіх сваіх парабчанак?

Зося. А што ж, пасадзім яе, як ляльку, на покуце ды будзем любавацца? У нас дармавога хлеба няма. Хай ведае, што свякруха — не родная маці, а свёкар — не родны бацька.

Старэйшы сват. Эх, не зайздрошчу я Грыпіне.

Параска. І я не жадала б быць на яе месцы.

Архіп. Вас паслухаць — дык да Архіпа і цераз парог не пераступай.

Старэйшы сват. З гэтым жарабком вы нарабілі прыкрасці.

Архіп. Якой?

Старэйшы сват. Калі Лявон патрабаваў у пасаг і жарабка, Цімох і Матруна быццам громам былі аглушаны. З якім болем вырвалася ў Цімаха з грудзей: «Няма ў вас сэрца!»

Архіп. Цімох так і сказаў?

Старэйшы сват. А што? На яго месцы я мацней сказаў бы.

Зося. Смачан жабе гарох, ды зубоў бог не даў.

Старэйшы сват. Хоць ты мне і сястра родная, але скажу: не вельмі трывалыя і твае зубы, бо вельмі хутка і няпраўдаю нажываліся.

Архіп. Як гэта няпраўдаю? Хіба ўсё мне з неба звалілася? Альбо крадзенае? Нарабаванае сярод белага дня?

Старэйшы сват. Так, нарабаванае... І сярод белага дня, і сярод цёмнай ночы, і на золаку, і на змярканні.

Архіп. Ты гэта што, швагра? Ці не задумаў ворагам маім стаць?

Зося. Антон, ты звар'яцеў? Мала мы табе дапамагаем?

Старэйшы сват. Дзякую, сястра, але гэта дапамога ваша ў тры столкі мне абыходзіцца. Лепш не дапамагайце.

Архіп. Ад каго ж гэта і калі ты такога розуму набраўся?

Старэйшы сват. Само жыццё вучыць. Няўжо вялікая навука патрэбна, каб бачыць, як чалавек з худой гніды паступова ператвараецца ў тлустую вош. Чужыя сокі гэтаму спрыяюць. Яны жывяць вош, якая ўпілася ў чужое цела.

Архіп. Э-э, ды цябе не зразумець.

С т а р э й ш ы сват. Скажу прасцей: тлустая вош — гэта ты, а чужыя сокі — гэта пот і праца тваіх парабкаў, загубленай Ганны, а хутка нявесткі Грыпіны ды, можа, і свата Цімоха і свацці Матруны.

Архіп. А хіба сам я і мая сям’я не працуем?

Старэйшы сват. Вы толькі камандуеце і спажыву падлічваеце. Нябось нашы сыны на фронце немаведама за што кроў праліваюць і вошай кормяць, а твае пад бацькавым крылом песцяцца. Вяселле спраўляеце, а скажыце, дзе вашы госці?

Архіп. На полі жнуць.

Старэйшы сват. На чыім полі?

Архіп. Ну, на маім.

Старэйшы сват. Спужаўся, што задарма вып’юць па чарцы і закусяць кавалкам хлеба?

Зося. А хто іх пасылаў? Я толькі пабедавала, што збожжа сыплецца.

Старэйшы сват. І хітранька падшапнула, ці не пажалі б, пакуль частавацца?

Параска. Некаторыя госці зусім уцяклі.

Зося. І няхай едуць. Толькі і бяды. (Глянула ў акно.) Вось і госці з’яўляюцца. Пайсці даць ім памыцца.

Архіп і Зося выходзяць.

Старэйшы сват. Чым там у Цімоха сёння скончыцца?

Параска. Чаму?

Старэйшы Ды ўсё з-за жарабка.

Параска. Няўжо аддасць?

Старэйшы сват. Будзем бачыць.

Параска. Цікава.

Уваходзяць Архіп і Зося.

Зося. Кума, давай закуску насіць на сталы!

Архіп. А мы, швагра, гарэлку расстаўляць.

Ставяць на сталы бутэлькі і чаркі.

Старэйшы сват. Ды трэба спяшацца, бо ў Цімаха прачакаюцца.

Зося. Не вялікія шышкі.

Уваходзяць Лявон, Васіль і Мікалай з гармонікам.

Зося (ціха да Лявона). Многа нажалі?

Лявон (таксама ціха). Дзесяць коп.

Зося (радасная). Архіп, кліч з двара гасцей.

Архіп выходзіць.

Васіль. Лявон, трэба цукерак хунты два.

Лявон. Гэта твая справа.

Васіль. І тут хочаш прыбытак мець?

Уваходзяць Архіп, Ціт, некалькі мужчын і некалькі жанчын.

Зося. Сядайце, госцікі, за сталы. Пара ўжо сілкавацца.

Усе садзяцца за сталы.

Архіп (да старэйшага свата). Антон, вядзі парадак.

Старэйшы сват. Госцікі, хлеб-соль на стале, рукі свае, налівайце, піце і закусвайце на здароўе. Не саромейцеся, усё, што на сталах, вамі зароблена.

Усе выпіваюць, закусваюць. Робіцца шумна.

Жанчыны (спяваюць).

 

Маладзенькі Лявонка

У дарожку выбіраецца,

У дарожку выбіраецца,

У мамачкі ды пытаецца,

У мамачкі ды пытаецца:

— Мамачка мая родная,

Ці мне там начаваці?

Ці мне там начаваці?

Ці дадому прыязджаці?

Ці дадому прыязджаці?

— Дзіцятка маё маладое,

Дзіцятка маё маладое,

Не рабі няславаньку,

Не рабі няславаньку,

Прыязджай ты дадоманьку

Хоць уночы, упаўночы.

Хоць уночы, упаўночы,

Хоць ды к беламу свету,

Хоць ды к беламу свету,

К майму познаму абеду.

 

Мікалай грае марш. Уваходзяць поп Дармідон і Сямён.

Дармідон. Мір дому сему.

Сямён. Добры дзень.

Архіп (кідаецца да папа). Просім, просім, айцец Дармідон.

Зося. Чаго ж спазніўся, сынок?

Дармідон (сеўшы за кутні стол). Вып’ем малую таліку за здароўе маладых. І пажадаем, каб яны размножыліся, акі пясок зямны.

П’юць.

Сямён. А я, мамаша, не мог раней прыбыць. Знаходзіўся пры выкананні службовых абавязкаў.

Старэйшы сват. Дзе-небудзь скуру спускаў з нашага брата?

Сямён. Дзядзька Антон не памыліўся. Рабілі аблаву на дэзерціраў. Узялі моду з фронту ўцякаць. Пяцёх злавілі. Эх, і пацешылі рукі! (Пацірае рукі.) Накіравалі ў франтавы трыбунал.

Дармідон. Якая разбэшчанасць! А прысягалі за цара-бацюхну і Русь-матухну ваяваць.

Старэйшы сват. Калі служыў матросам на Балтыйскім флоце, нам разумныя людзі казалі, што ёсць дзве Расіі: Расія цара, капіталістаў, памешчыкаў, паноў і Расія працоўных. Дык не варта за вашу Расію нам галовы свае класці.

Дармідон. О, што вушы мае чуюць?! Ды гэта ж крамола!

Сямён (ускочыў на ногі, увесь дрыжыць). Дзядзька Антон, я павінен цябе арыштаваць.

Старэйшы сват (устае). Рукі кароткія, небажок. Спачатку смаркачы сабе вытры, а потым дзядзьку Антона арыштоўвай.

Сямён накіроўваецца да Антона. Васіль і Мікалай устаюць і становяцца па баках старэйшага свата.

Васіль. Тады прыйдзецца амаль усю вёску арыштаваць, бо дзядзька Антон выказаў агульную думку народа.

Лявон. Папрашу дзядзьку ў нашай хаце рэвалюцыі не разводзіць.

Старэйшы сват. А, і вы тут... Аднаго поля ягадкі.

Зося. Сыночкі, супакойцеся! Дайце вяселле дагуляць.

Архіп. Давайце вып’ем. Налівайце.

Сямён. Толькі з-за павагі да бацькоў...

Садзяцца. Усе п'юць.

Параска. Пара ўжо Лявона падстрыгаць ды ў дарогу выпраўляць. Вылазь, Лявонка, з-за стала.

Лявон выходзіць на сярэдзіну хаты, дзе ставяць дзяжу, пакрытую кажухом шэрсцю наверх. На дзяжу садзіцца Лявон. Параска бярэ тры звязаныя поясам свечкі — грамніцы, запальвае іх, абносіць вакол Лявонавай галавы.

Параска. Бацька і маці, добрыя людзі, благаславіце маладога падстрыгаць!

Усе. Бог благаславіць!

Параска (выразаючы паймінку валасоў). Другі раз!

Усе. Бог благаславіць!

Параска (робячы тое самае ). Трэці раз!

Усе. Бог благаславіць!

Параска трэці раз выразае валасы.

Жанчыны (спяваюць у час падстрыгання).

 

Падстрыгайся, Лявонка,

Пры родзе, пры племені,

Пры родзе, пры племені,

Пры трайчастай свячыцы.

Пры трайчастай свячыцы.

Ды пры роднай сястрыцы,

Ды пры роднай сястрыцы.

Годзе табе хлопцам быці,

Годзе табе хлопцам быці,

Пара гняздзечка звіці,

Пара гняздзечка звіці,

Малых дзетак набыці.

 

Лявон. Васіль, ідзі коней запрагаць.

Васіль выходзіць.

Зося. Кума Параска, хадзем па каравай.

Выходзяць.

Дармідон. Чады мае вазлюбленыя, вып’ем за поспехі нашага хрысталюбівага воінства.

Старэйшы сват. Якое ўжо не існуе.

Дармідон (паказвае на Антона). Гэта не чалавек, а Вельзевул. Історгнуць бы язык з вуснаў яго.

Старэйшы сват. Паспрабуйце.

Сямён. Дзядзька Антон, чаго ты козырам ходзіш?

Старэйшы сват. Бо цябе не баюся.

Сямён. Ой, пабаішся.

Старэйшы сват. Спазніўся. Раю пашукаць дзірку, каб было дзе схавацца.

Архіп. Піце, піце, госцікі, закусвайце.

Жанчыны (спяваюць).

 

А ці ведаеш ты, Лявонка,

Што табе мамачка казала,

Што табе мамачка казала:

— Не пі першага кубачка,

Не пі першага кубачка,

А ўзлей коніку на грыўку.

А ўзлей коніку на грыўку,

Каб яго грывачка заззяла,

Каб яго грывачка заззяла,

Каб цябе цешчухна пазнала,

Каб цябе цешчухна пазнала

Ды зялёным віном вітала.

 

Дармідон (да Алены). Радуйся і весяліся, дшчэр мая вазлюбленная, паеліку персі твае, акі хлебы пшанічныя, уста гараць, акі ружы квяцістыя. (Хоча абняць.)

Алена. Як вам не сорамна, бацюшка?

Б’е яго па руках, але той не здаецца.

Зося і Параска ўносяць на веку каравай і кладуць на стол.

Зося. Што, бацюшка, гарэлка падаграе кроў?

Дармідон. Кіпіць, Архіпіха, кіпіць!

Параска. Алена, адсунься дальш. Можаш на старасці скалечыць нам бацюшку.

Дармідон. Я і так калека, праваслаўныя.

Параска. А што ў вас не ў парадку, бацюшка?

Дармідон. Я ўдавец.

Параска. Ну, па гэтым дзеці будуць.

Зося. Ды кіньце вы, грахаводнікі. Давайце сватоў выпраўляць да маладой, а то сват Цімох яшчэ сам прыбяжыць.

Старэйшы сват. А праўда, сваткі, трэба-такі збірацца, бо бацькі маладой будуць злавацца.

Усе вылазяць з-за сталоў. Мікалай грае барыню. Усе пайшлі ў скокі. Шум, тупат, пад’яхкванне. Параска бярэ каравай, старэйшы сват біклагу, і ўсе выходзяць. На дварэ звіняць званкі, грае музыка. Паступова ўсё сціхае. У хаце засталіся поп і Алена.

Дармідон. Змірыся, дшчэр мая, і пашкадуй бацю.

Цалуе Алену, тая рагоча і кудлаціць яму валасы, ён прыціскаецца да Алены і ад выпітай гарэлкі і ад моцнага ўзбуджэння траціць прытомнасць. Алена з піскам выбягае з хаты. Поп, увесь расхрыстаны, ляжыць на падлозе каля стала. У хату ўваходзяць Архіп, Зося і Сямён.

Зося (паказвае на папа). Во, нарэзаўся.

Архіп. Рад, што нарваўся на дармаўшчыну.

Сямён. Яго трэба адсюль забраць. Нядобра — свяшчэннаслужыцель.

Архіп і Сямён валакуць папа ў другі пакой, ён спявае: «На рэках Вавілонскіх тама сядохам і плакахам...» Архіп і Сямён хутка вяртаюцца.

Сямён. Скажыце, як дзядзька Антон паводзіць сябе з сялянамі?

Архіп. Хіба сам сёння не пераканаўся?

Сямён. Па інструкцыі яго трэба арыштаваць.

Зося. Сынок, не чапай. Хай ён апрача нашых рук задавіцца. Хаця б не вяселле.

Сямён. А што гэта вы палезлі ў радню да Цімаха? Хіба не было лепшага выбару?

Зося. Ды гэта ўсё Лявон.

Архіп. Ён у нас з галавою. Грыпіна адна ў Цімаха. Лявон і думае з цягам часу стаць гаспадаром дзвюх гаспадарак. Ты ведаеш, які пасаг ён бярэ за Грыпінаю?

Сямён. Цікава.

Архіп. Самую лепшую карову, паросную свінню, дзве авечкі і жарабка. Ну што, які твой брат малодшы?

Сямён. Можа, і сваё не міла будзе.

Архіп і Зося ўстрывожаныя.

Архіп. Што ты ведаеш, Сямён?

Сямён (закурвае). Пакуль што цяжка сказаць што-небудзь пэўнае, распаўзліся гэтыя бальшавікі. Да царскага прастола падбіраюцца. Вядуць работу сярод рабочых, сялян і салдат. У акопах братанне паміж рускімі і немцамі. Крычаць: «Далоў вайну! Далоў (аглядаецца, ціха) цара!»

Архіп. Ах, недавяркі! На цара-бацюхну руку падымаць!

Зося. Што толькі робіцца!

Сямён. Яны думаюць яшчэ далей пайсці. Скінуўшы цара, узяцца за фабрыкантаў, памешчыкаў, за такіх, як вы.

Архіп. А як вы?

Сямён. У першую чаргу.

Архіп. Дык вось чаму Антон такі смелы?

Сямён. Я да яго дабяруся! Не палічуся, што родны дзядзька!

Зося (хрысціцца). Святая дзева Марыя-траяручніца, абарані нас прачыстым пакровам сваім!

Архіп. Майго дабра лёгка не возьмуць. Калі да гэтага будзе даходзіць, усё пушчу з дымам!

Сямён. Можаш не наспець, баця.

Архіп (з крыкам). Ды што ты ведаеш? Кажы, сукін сын!

Зося. Прычакалі абароны! (Плача.)

Сямён. Адкасніцеся! Мне самому трэба будзе надзейную шчыліну шукаць!

 

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

 

КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

У Цімаховай хаце. Праз адчыненае акно відаць частка двара. Сталы застаўлены бутэлькамі з гарэлкаю і талеркамі з закускаю. За сталамі госці частуюцца. Тут Цімох, Матруна, Прузына, Грыпіна ў вянку, Марыля, іншыя дружкі, Зяноўя, Ева, Марцэля, Язэп і іншыя. Шумна.

Прузына. Мяне нешта мой Янка кліча. (Крычыць у акно.) Зараз, сынок!

Матруна. Што там у кума здарылася? Хаця б усё добра было.

Дружкі (спяваюць).

 

Сядзіць Грыпінка за сталом,

Ды бягуць слёзачкі ручаём.

Ды бягуць слёзачкі ручаём,

А на яе мамачка пазірае,

А на яе мамачка пазірае,

Як боб, слёзачкі раняе.

Як боб, слёзачкі раняе.

— А дзіцятка маё маладое,

А дзіцятка маё маладое,

Я ж цябе расціла, гадавала,

Я ж цябе расціла, гадавала,

А такой жаласці не знала.

 

Уваходзіць Прузына.

Матруна. Што там у вас, кума?

Прузына. У нас усё добра, але на сяле чаго што. Паслухаць, дык вушы вянуць.

Галасы. Ды што там?

— Цягне цётка Прузына!

— Гаварыце!

Прузына. Мой Янка ішоў з грыбоў і бачыў: у Архіпавых госці жыта жнуць.

Усе здзіўлены.

Галасы. Цётка Прузына, відаць, не пачула нечага.

— Няма ў людзей сумлення!

Цімох. Гэта ж сорам, ды годзе: запрасіць людзей на вяселле, а потым прымусіць жаць!

Язэп. Во, вучыся, Цімох, у свата. Адразу разбагацееш.

Марыля. Я пра гэта ведала, ды не хацела казаць, каб настрой не псаваць гасцям. Некалькі чалавек з Падліпак уцяклі дамоў, а не пайшлі жаць.

Прузына. Во, Архіп... Нават з вяселля захацеў мець карысць.

Ева. Няўжо і Лявон згадзіўся?

Зяноўя. Якое дрэва, такі і клін, які бацька, такі і сын.

Матруна. Зараз сватоў не дачакаешся: да вечара дацягнуць.

Марыля. Вось дзіва. Пакуль госці пачысцяцца ды голад прагоняць.

Прузына. А можа, галодных гасцей і сюды прыпрэ? Кум Цімох і кума Матруна, майце на ўвазе.

Цімох. А, годзе ўжо аб гэтым. Лепш частуйцеся.

Голас з вуліцы. Сваты едуць!

— Ужо блізка!

Усе замітусіліся.

Цімох. Мужчыны, бяжыце вароты запірайце!

Усе рынуліся на двор. Да варот пад’язджаюць сваты.

Чуваць званкі, музыка і песня.

Усе (спяваюць).

 

А ў гордае цешчы,

А ў гордае цешчы

Стой, зяць, за варотамі.

Стой, зяць, за варотамі,

Стой, зяць, за цясовымі.

Стой, зяць, за цясовымі,

А на зяця ды мяцель мяце.

А на зяця ды мяцель мяце,

А на зяця ды мяцель мяце,

А на зяця дробны дождж ідзе.

А на зяця дробны дождж ідзе,

А на зяця дробны дождж ідзе.

Укрыйся, зяцю, укрыйся,

Укрыйся, зяцю, укрыйся,

Укрыйся, зяцю, укрыйся

Ды кунямі ўбярыся.

Ды кунямі ўбярыся,

Ды кунямі ўбярыся,

Ды кунямі, бабрамі

Ды кунямі, бабрамі,

Ды кунямі, бабрамі,

Чорнымі ды сабалямі.

 

Праз адчыненае акно відаць, як размаўляюць сваты.

Старэйшы сват. Людцы добрыя, ці не пусцілі б пераначаваць?

Цімох. Здалёк жа самі?

Старэйшы сват. З Падкапытава. А хто такі, што запытвае?

Цімох. Бацька той ягамосці, што прыязджалі ўчора ў госці.

Старэйшы сват. О, дык мы ж знаёмыя. Дарогі нашы вядомыя. Дык адчыняйце хутчэй дзверы, бо прысталі мы без меры.

Цімох.

 

Замкі нашы паржавелі,

Даўно сала ўжо не елі.

Ім патрэбна ўжо падмочка,

Не агорне тады ночка.

Старэйшы сват.

Ну, трымайце свае чаркі,

Каб у нас не было сваркі.

Хай лепш будзе ўсё гладка,

Дык куляйце чарку, сватка.

 

Налівае, выпіваюць. Адчыняюць вароты. Усе, што на дварэ, ідуць у хату. Маладая і дружкі садзяцца за кутні стол. Матруна з бутэлькаю і чаркаю, а Прузына з караваем падыходзяць да дзвярэй, у якія ўваходзяць Лявон і Параска з караваем.

Матруна (налівае чарку). Ну, зяцька, віном і хлебам цябе вітаю і шчасця жадаю.

Падае Лявону чарку. Той выпівае, кідае ў чарку сярэбраны рубель і вяртае цешчы.

Прузына. А зараз караваі падымаем і маладым здароўя жадаем.

Прузына і Параска падымаюць караваі. І вось пайшла барацьба: чый каравай наверсе апыніцца. Ля акна на дварэ і каля расчыненых дзвярэй у сенцах многа людзей. Усе захоплены барацьбой каравайніц.

Крыкі. Не паддавайся, Прузына!

— Параска, падцягніся, калі ласка!

Параска, вышэйшая ростам і спрытнейшая, перамагла: каравай маладога апынуўся наверсе.

Крыкі. Лявонаў верх!

— Вось знайшоў дзіва, вядома, Лявонаў!

Смех.

Хата напаўняецца людзьмі.

Дружкі (спяваюць).

 

Ой, сватове-гардове,

Чаго вы спазніліся?

Чаго вы спазніліся?

Ці сабак бараніліся?

Ці сабак бараніліся?

Ці свата ды не ведалі?

Ці свата ды не ведалі?

У чужы хлеў ды заехалі?

У чужы хлеў ды заехалі?

А быку руку далі.

А быку руку далі,

Казе шапку вы знялі.

Казе шапку вы знялі.

З свіннёю павіталіся.

З свіннёю павіталіся,

Пра здароўе папыталіся.

 

Старэйшы сват. А вы, шчабятушкі, усё спяваеце і нас да сябе заклікаеце?

Марыля. Не, мы вас не клікалі. Нам і адным добра.

Старэйшы сват. Сапраўды? Ой маніш, дружка, маніш. А можа, яшчэ што дабавіш?

Марыля. А тое дабаўлю: не падлабуньвайцеся, бо нас гэтым не купіце.

Старэйшы сват. Вось дык зеллейка папалася мне ў гэта вяселлейка. Ну, хлопцы, самі тупайце каля іх, а я пайду да старых.

Адыходзіць да жанчын, з якімі паціху размаўляе.

Васіль. Хіба вы нас не пазналі? Мы ўжо старыя знаёмыя. Дык пусціце нас да сябе ў кампанію.

Марыля. Заплаціце, тады сядзеце.

Лявон. Няўжо і Грыпіна мяне не пазнала? Здаецца, учора мы так блізенька пазнаёміліся.

Марыля. Можа, Грыпіне і пажадана было б, каб Лявон блізенька каля яе сеў, але зараз не яе воля, а наша. Думаеце, мы маладую вам задарам аддамо?

Васіль. А вы хіба такія дарагія? Многа грошай, здаецца, вы не здолееце палічыць?

Марыля. Ну добра, давайце нам грошы датуль, пакуль мы здолеем палічыць.

Васіль (дастае грошы і падае). Вось маеце.

Дружкі (спяваюць).

 

Ой нашто нам гэта,

Вазьмі сабе гэта,

Ідзі ты на места,

Купі сабе мыла,

Памый сваё рыла,

Каб жонка любіла,

Каб дзеці пазналі,

Каб бацькам назвалі.

 

Васіль. А хіба я запэцканы?

Марыля. Вазьмі люстэрка ды паўглядайся.

Васіль. Баюся, яшчэ за гэта грошы папросіце.

Марыля. Але ж, відаць, і багаты наш бруснік: толькі аб грошах і гаворыць, а як прыйдзецца даць, дык лепш галаву яму зняць!

Смех.

Васіль. Хто грошы ў кішэні носіць, той есці не просіць!

Марыля. Ого, добры з цябе гаспадар будзе. Дзяўчаты, трэба мець на ўвазе!

Смех.

Васіль. Вы дорага цэніце сваю маладую, не горшы і наш малады.

Дружкі (спяваюць).

 

Ваш малады — пень гарэлы,

Наша малада, як сыр белы.

Ваш малады, як засланка,

Наша малада, як ластаўка.

Лявонка на коніку,

Як таракан ў апалоніку.

Лявонка на пасадзе,

Як жаба ў расадзе.

 

Марыля. Ну, хопіць ці яшчэ падсыпаць?

Да стала вяртаецца старэйшы сват.

Старэйшы сват. Ну што, пагадзіліся? Глядзіце, каб не памыліліся.

Марыля. Не бойцеся, сват, тыя грошы, што яны нам давалі, і сляпая курыца палічыць.

Старэйшы сват. Ах, блазны вы, блазны! Вось я чалавек адважны. Палажу на брата па дваццатцы, годзе ўжо тут нам матацца.

Марыля бярэ грошы.

Дружкі (спяваюць).

 

Сват-біклага дукаван,

У жоўты каптан адзяван.

Боты яго скрыпяць хораша,

Ад яго гарэлкі горача.

 

Старэйшы сват. Калі пахвалілі маю сівушку, дык трэба даць вам па кілішку. (Дае дружкам гарэлку.) А зараз, здаецца, з вамі квіты? Во, і я шчэ не спавіты.

Грыпіна і дружка вылазяць з-за стала.

Цімох. Проша за сталы, сватове.

Старэйшы сват і тыя, хто з ім прыехаў, садзяцца за сталы. Шумна.

Старэйшы сват. Э, сват і свацця, так не гадзіцца. Спачатку трэба пахмяліцца. Потым будзем хлеб-соль мяці ды сватоў успамінаці. (Налівае тры чаркі. Адну бярэ сам, а дзве падае Цімаху і Матруне.)

Дык трымайцеся, сват і свацця,

Няхай шчасце жыве ў хаце.

Цімох. Піце і закусвайце, сваткі, на здароўе.

Жанчыны (спяваюць).

 

Ой, чочу-чочу, я гарэлкі хочу,

Нямножкі — трошкі —

З апалонік ложку.

Хоць я не ўп’юся — развесялюся,

З добрымі людзьмі разгаманюся.

Наша свацця дамавая —

Мядзведзіца лугавая,

Яна, ходзячы мармоча,

З намі гаварыць не хоча.

 

Матруна. Я ж, здаецца, свацейкі, як найлепш.

Параска. Вядома, свацейка, напіліся і плятуць абы-што. (Спявае.)

 

А ўсё няпраўда людская,

Ды казалі — свацця гордая.

Ды казалі — свацця гордая,

Ажно наша свацця — вішанька.

Ажно наша свацця — вішанька,

Прыступілася блізенька.

Прыступілася блізенька

Ды гаворыць з намі харашэнька.

 

Вып’ем, свацця.

Усе. Вып’ем за сваццю!

Усе п’юць.

Старэйшы сват. Во, гэта дык вяселле, а ўсё робіць гэта вось зелле (паказвае на бутэльку з гарэлкаю).

Жанчыны (спяваюць).

 

Ой сват свацці

Паплёў лапці

З тоўстых лык,

Ходзіць свацця

Абдуўшыся, як індык.

 

Старэйшы сват.

 

Нам мала цікава,

Якая свацця старая.

Справа цікавейшая,

Якая гаспадыня маладзейшая.

 

Усе. Просім сюды маладую! Хай прывыкае да нас!

Уваходзяць Грыпіна і дружкі. Яны садзяцца за кутні стол, Грыпіна поплеч з Лявонам.

Старэйшы сват. Як Грыпіна прыйшла, быццам зорачка ўзышла.

Жанчыны (спяваюць).

 

А казалі, сват наш вельмі харош,

А ў свата доўгі, буслаў нос.

А ў свата лыса галава

Ды казліна рыжа барада.

Барадою, сватка, патрасі,

Маладзіцам чаркі паднясі.

Калі, сват, гарэлкі не дасі,

Караваю трасцу ты з’ясі.

 

Старэйшы сват.

 

  Вось дык дачакаўся сват пашаны.

Сват-біклага апляваны.

Дасталося носу, барадзе.

Хто ж мне дапаможа ў бядзе?

 

Марыля. Не бядуй, сват, дружкі выручаць.

Старэйшы сват. Дык трымайце чаркі, шчабятухі, дам вам горкае сівухі.

Налівае дружкам.

Марыля. Праўда, горкая сватава гарэлка! Горка!

Усе. Горка! Горка!! Горка!!!

Усе глядзяць на маладых. Грыпіна апусціла галаву. Крыкі ўсё настойлівей. Лявон і Грыпіна цалуюцца.

Марыля (прабуе гарэлку). Ой, салодкая! Ну што, сват, выручылі?

Старэйшы сват. Дзякую вам, дружкі. Вось вам шчэ на стужкі. (Дае грошы.)

Параска. Наш музыка заснуў.

Старэйшы сват. Рэж, Мікола, на ўсе застаўкі,

Хай праветрацца нашы ластаўкі.

Мікола іграе кадрылю, моладзь танцуе. Потым пераходзяць да «Мяцеліцы», да «Юрачкі».

Язэп. Ану, блазнота, расступіцеся! Дайце месца старым!

Музыка іграе барыню. Язэп танцуе, потым ідзе ўпрысядкі і расцягнуўся сярод хаты.

Марцэля. Ану, шантрапа, шырэй круг Марцэлі! (Сама прыпявае, сама і скача, махаючы хусцінкай.)

 

Ой ты стары, я молада,

Вядзі мяне да горада.

У горадзе прадасі,

Балабушак пад’ясі.

Ой, дзедка мой, ты затула мая.

Я за цябе затулюся

Ды нікога не баюся.

Ходзіць бусел на балоце,

Выглядае чаплю,

Ці ўночы, ці ўпаўночы

Да мілага траплю.

 

Смех, шум.

Выкрыкі. Вось дык Марцэля!

— Маладых за пояс заткнула!

— Ды яны з Язэпам добрая пара.

Язэп. А мо не? Я паваліўся, бо за штаны свае зачапіўся. (Смех.)

Ева. Як гэта можна за свае штаны зачапіцца?

Язэп. Ты не зачэпішся, бо ў цябе іх няма.

Ева. Ёсць!

Язэп. На табе?

Ева. На мне.

Язэп. Пакажы!

Накіроўваецца да Евы, тая з крыкам хаваецца сярод жанчын, рогат.

Старэйшы сват.

 

Ну, годзе ўжо жартаваць,

Пара і аб доме падбаць.

Трэба нам ужо збірацца,

Бо будуць людзі з нас смяяцца,

Што гэтак тут мы загуляліся,

Шчэ падумаюць, што дому ацураліся.

Гэй, свацці, рабіце што трэба з маладою

Ды паедзем дамоў вечарыною.

 

Прузына ўносіць каравай і кладзе яго на стол.

Язэп (сядае за стол каля каравая). Дзе тыя бацька і маці, браты і сёстры, дзядзькі і цёткі, дзяды запечныя, бабулі стрыечныя, суседзі жанатыя і нежанатыя, хоць трохі і скупаватыя,— просім, каб яны ласкавы былі ды сюды прыбылі — маладую адарылі.

Да стала падыходзяць Цімох, Матруна, Прузына, Зяноўя, Ева, радня, суседзі.

Дружкі (спяваюць).

 

А казалі — ў бродзе

Ды вадзіцы многа,

Сталі коні паіці,

А няма вадзіцы.

Дзе ж тая вадзіца

Ды падзявалася?

Па ўсіх крыніцах

Парасцякалася.

Казалі — ў Грыпінкі

Ды радзіны многа,

Сталі каравай дзяліці,

А няма нікога.

Дзе ж тая радзіна

Ды падзявалася?

Па ўсіх куточках

Ды пахавалася.

 

Цімох. Дару вас, дзеці, чым змога: кароваю, параю авечак і свіннёю. Разжывайцеся на здароўе і нас, старых, не забывайце.

Лявон. Пачакайце, а дзе жарабок?

Цімох. А з чым жа мы застанёмся?

Лявон. Не мая справа.

Старэйшы сват. Кінь, Лявон. Пасаромейся людзей.

Лявон. Я ад свайго не адступлюся.

Цімох. Лявон, Грыпіна ў нас адна. Усё наша вам застанецца.

Лявон. Тады тое і будзе.

Цімох. Як хочаш, а жарабка я не аддам.

Лявон. Тады не трэба мне ваша дачка. Пусціце!

Выскоквае з-за стала і амаль выбягае з хаты. Усе як громам аглушаныя. Грыпіна вылазіць з-за стала.

Матруна (кідаючыся да дачкі). Дачушка мая, абняславіў ён цябе. (Плача.)

Грыпіна. Пакінь, мама. Уцёк — туды яму і дарога. Лепш буду дома вам памочніцаю, чым у Архіпавых парабчанкаю.

Матруна. Дык вы ж павянчаныя.

Грыпіна (зрывае з галавы вянок і кідае). Вось мы і развенчаны!

Усе аслупянелі.

Прузына. Няскончанае вяселле.

 

КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ

У Цімаховай хаце. Васіль, Грыпіна.

Васіль. Грыпіна, скажы мне хоць адно слоўка. (Грыпіна маўчыць.) Тады глянь на мяне хоць адным вокам.

Грыпіна (смяецца). А як гэта глядзець адным вокам?

Васіль. Я і сам не ведаю.

Грыпіна. Гэта, знаць, адно вока трэба закрыць? Вось зараз я пагляджу на цябе адным вокам. (Закрывае адно вока і глядзіць на Васіля.) Ды ты ж той самы: прыгожы, любы, з пакручастым чубам.

Васіль. А цяпер я пагляджу адным вокам. (Глядзіць.) Няпраўда, ты яшчэ прыгажэйшая, мілейшая.

Грыпіна. Дзе ж ты раней быў? Чаму я табе да сённяшняга дня не была такой?

Васіль. Для мяне ты заўсёды такая.

Грыпіна. Чаму ж маўчаў?

Васіль. Баяўся спужаць сваё шчасце.

Грыпіна. Баяўся, а яно ўзяло ды спужалася.

Васіль. Гэта часова. Я веру, што яно яшчэ больш расквітнее.

Грыпіна. Звязаў ён мяне, агіднік, гэтым шлюбам.

Васіль. Бяры развод.

Грыпіна. Дзе? У каго?

Васіль. Дык абыдземся і без разводу.

Грыпіна. Абняславіў ён мяне. А зараз распускае хлусню, што жыў са мною, як з жонкаю.

Васіль. Але ж гэта няпраўда?

Грыпіна. А каб была праўда? (Глядзіць Васілю ў вочы.)

Васіль. Усё роўна ты мне дарагая.

Грыпіна. Няпраўда гэта, Васіль. Павер мне.

Васіль. Веру... (Прыціскае Грыпіну да грудзей і цалуе яе.)

Грыпіна. І як гэта ў нас выйшла, не магу апамятацца.

Васіль. Вельмі проста. Багацце Лявона асляпіла цябе і тваіх бацькоў. Памятаеш, што было на гулянках? Лявон заўсёды прыходзіў гэтакім зухам. Ва ўсім новым, крамным, пазалочаны ланцужок ад гадзінніка, каляровы насавічок у кішэньцы на грудзях да паловы выцягнуты; як люстэрка, хромавыя боты са скрыпам. Трымаў сябе гаспадаром. Толькі ён заказваў танцы, на якія запрашаў пераважна цябе... Ці ж да Васіля было, які ў лапленай жакетцы і ў дзіравых ботах стаяў недзе ў кутку і пакутаваў.

Грыпіна. Усё праўда, Васіль. Нейкі туман заслаў быў мне вочы. Хіба я не вылучала цябе з усіх хлопцаў? Яшчэ коні вадзілі пасвіць, ты падабаўся мне. Мы выраслі. Ты пачаў часта адлучацца з дому: то аратым быў у пана, то плытагонам. А тут пачаў прыставаць ён... Заўважылі гэта мае бацькі і давай нашэптваць мне, што ў Архіпавых будзе рай. Васіль, ты зараз мяне павінен ненавідзець.

Васіль. Я? Цябе? За што?

Грыпіна. Дык глядзі ж, ніколі не ўздумай упікаць мяне гэтым, бо ведай, што ты мне ўсадзіш нож у сэрца.

Васіль. Выходзіць, ты не верыш у маю шчырасць? Так? Гэта мне балюча.

Грыпіна. Веру, веру, родны мой! (Абвівае рукамі яго шыю.) Ой, нехта ідзе! (Адскочыла ад Васіля і папраўляе на галаве хустку.)

Уваходзіць Матруна.

Матруна. Я думала, што нікога няма, а тут аж двое. Добры дзень, Васілька.

Васіль. Добры дзень, цётка Матруна.

Матруна. Дзякуй, што нас не мінаеш.

Васіль. А чаму гэта я павінен вас мінаць? Хіба вы мне дрэннае што зрабілі?

Матруна. Яшчэ якое!

Васіль. Плюньце і растапчыце.

Матруна (паказвае на дачку). Вось ні дзеўка, ні замужняя. Хто яе зараз возьме?

Васіль. Я вазьму. Абы згадзілася Грыпіна. А дзе дзядзька Цімох?

Матруна. Ён у гародзе. Зараз прыйдзе.

Васіль. Я пачакаю.

Матруна. Ён табе патрэбен?

Васіль. Вельмі.

Матруна. Па якой жа гэта справе?

. Васіль. Пакуль сакрэт.

Грыпіна. А я дагадваюся.

Васіль. Ніколі не адгадаеш.

Грыпіна. А я ўжо адгадала!

Васіль. Няпраўда!

Грыпіна. Адгадала!

Васіль. Не адгадала!

Грыпіна (закрывае Васілю рот). Адгадала.

Васіль адмоўна трасе галавою. Матруна з вялікаю ўцехаю глядзіць на іх. Уваходзіць Цімох.

Цімох. Дачушка, завошта ж ты яго так?

Грыпіна адкрывае рот Васілю.

Цімох. Добры дзень, Васіль.

Васіль. Добры дзень, дзядзька Цімох.

Цімох. Сядай, госцем будзеш.

Васіль. Я не хачу быць толькі госцем.

Цімох. Нешта я цябе, дзяціна, не разумею. Кажы ясней.

Васіль. Дзядзька Цімох і цётка Матруна, я прыйшоў прасіць, каб вы аддалі за мяне Грыпіну.

Цімох. А як Грыпіна?

Грыпіна (усміхаючыся). Аддавай, татка, будзеш мець добрага зяця.

Цімох. Абы быў добры муж.

Васіль. Дык ваша слова?

Цімох. Благаслаўляю вас, дзеці.

Матруна. Хай будзе шчаслівая ваша доля.

Цімох. А як з вяселлем?

Васіль. Вяселля не будзе. У маіх бацькоў, ведаеце, якія дастаткі. Хлеба ніколі не хапае да новага. Яны будуць настойваць, каб зрабіць усё, як людзі, але мне не хочацца залазіць у кабалу да багацеяў.

Матруна. Хіба думаеце жыць без вянца?

Цімох. Каб абвянчацца, спачатку трэба развесціся. А хто табе дасць той развод?

Грыпіна. Што мне даў вянец? Адну ганьбу і няславу. Пражывём і без вянца.

Матруна. Дык гэта ж мудрэй, як усе людзі. Цімох, чаго ж ты маўчыш?

Цімох. А што мне казаць? Ім жыць.

Матруна. Што ж людзі скажуць?

Грыпіна. Ды яны ўжо кажуць, каб я пераходзіла жыць да Лявона. Згодна, мама?!

Матруна. Да Лявона? Не, маё дзіцятка, хутчэй вось гэтымі рукамі, якія насілі і пеставалі цябе маленькую, задушу, чым пойдзеш да Архіпавых. Жывіце як знаеце.

Цімох. Вось што я вам скажу, дзеці: мы ўжо старэем. Грыпіна ў нас адна. Так што, сынок, пераходзь назаўсёды да нас, і гаспадарце на здароўе. І нашу старасць дагледзіце.

Грыпіна (кідаецца да бацькі і абнімае яго). Татачка, родны, якая я шчаслівая! (Потым бяжыць да маці і ад радасці плача ў яе на грудзях.)

Васіль стаіць разгублены.

Цімох (да Васіля). Чаго ж ты стаіш, як сіраціна? Ідзі да мяне.

Васіль падыходзіць да Цімаха і цалуе яму руку, потым цалуюцца.

Васіль. Дзякуй вам, тата.

Падыходзіць да Матруны і прарабляе тое самае.

Дзякуй, мама.

Цімох. Распранайся, малады гаспадар. А вы, гаспадыні, нясіце на стол усё, што ёсць.

Дастае з шафы бутэльку і ставіць на стол. Жанчыны прыносяць закуску.

Матруна. Зяцёк, залазь за стол, ты ж дома.

Усе садзяцца.

Цімох (налівае чаркі). Дык хай будзе згода і шчасце ў вашым жыцці, дзеці.

Васіль. Хай я буду добрым мужам для Грыпіны, а для вас — добрым сынам.

Уваходзіць Лявон. Усе здзіўлены.

Лявон. Ці не вяселле канчаеце?

Цімох. Спачатку прывітайся як чалавек.

Лявон. Нешта ты, Васіль, па-гаспадарску рассеўся за сталом?

Васіль. Бо маю на гэта поўнае права. А табе зайздросна?

Лявон. З якога ж гэта часу ты займеў гэта поўнае права?

Васіль. З сённяшняга дня.

Лявон. Праўда, Грыпіна?

Грыпіна. Праўда: Васіль — мой муж.

Лявон. Жартуеш, маладзіца: твой адзіны муж — во! (Паказвае на сябе.)

Грыпіна. Ніколі ты ім не быў і не будзеш.

Лявон. Мы ж венчаныя.

Грыпіна. Я лічу сваім мужам таго, хто сабе за жонку бярэ мяне, а не пасаг.

Лявон. Ого, якая ты стала разумная!

Васіль. А ты думаў, што толькі Архіп з сынамі разумныя?

Цімох. Чаго ты прыйшоў, Лявон?

Лявон. Я прыйшоў да сваёй жонкі.

Грыпіна. Пашукай з двума жарабкамі.

Лявон. Мне даспадобы ты.

Матруна. Позна, чалавеча, адумаўся. Вось наш зяць (паказвае на Васіля).

Лявон (рагоча). Зяць... Зяць — старац. Ды ў яго ж хаце не будзе дзе ложак паставіць.

Цімох (паказвае вакол). Месца хопіць.

Лявон (уражаны). Ён у вас будзе жыць?!

Цімох. Усё наша — іх. Хай жывуць нам на радасць і сабе на ўцеху.

Лявон (злосны). Не, гэтаму не быць!

Цімох. А хто ты такі? Што за гэрц такі?

Лявон. Лявон Архіпавіч Галын, ваш шаноўны зяць!

Цімох (паказвае на Васіля). Вось мой сапраўдны шаноўны зяць.

Лявон (сунуўся да Васіля). А ты мне папярок дарогі не станавіся!

Васіль. Нашы дарогі розныя, і сысціся яны не могуць.

Лявон. Дык чаго лезеш на маю?

Васіль. Дарога кулака мяне не цягне. Ідзі сабе па ёй, пакуль ідзецца.

Лявон. Гэта пагроза?

Васіль. Напамінак.

Лявон (устрывожаны). На што?!

Васіль. Што гэта ваша дарога прывядзе да пагібелі.

Лявон (у шаленстве). Дык хутчэй жа ты здохнеш!

Хапае нож са стала і замахваецца на Васіля, але той маланкава хапае Лявона за паднятую руку вышэй локця і так сціскае, што нож падае на падлогу. Перапуджаныя жанчыны бегаюць па хаце. Цімох стаіць разгублены.

Васіль. Э, дык ты гэтак? Зараз мой чарод. (Адной рукой трымае за каршэнь Лявона, а ў другую бярэ нож.) Кажы, падлюга, ёсць кашуля на смерць?

Грыпіна. Васілёк, родны мой! Не азмрочвай нашай радасці. Адштурхні ад сябе гэту погань!

Цімох. Так, Васіль, не пэцкай сваіх чэсных рук. Прыйдзе і на іх час.

Васіль. Пакуль прыйдзе той час, дык бачыце, што яны думаюць з намі зрабіць.

Штурхнуў Лявона так, што той пляснуўся аж каля парога. Грыпіна засланяе Васіля, які асцярожна адводзіць яе ўбок. Лявон падымаецца з падлогі. Ён аж пазелянеў і ад злосці, і ад абразы, і, магчыма, ад болю. Скрыгануўшы зубамі, ён выходзіць, моцна грукнуўшы дзвярамі.

Матруна. Нібы страшэнны сон прысніўся.

Грыпіна. Васіль, яны табе адпомсцяць!

Васіль. Трэба быць асцярожным. Ды ты не бойся. Чаго ўся дрыжыш? (Прыгарнуў яе да сябе.)

Цімох. Яшчэ і гэты сабака Сямён накасаўся.

Васіль. Як дзядзька Антон кажа, ён з’явіўся падрыхтаваць сабе дзірку.

Уваходзяць Архіп і Зося.

Архіп. Дзень добры ў хату.

Цімох. Добры дзень.

Архіп. Што гэта вы нешта ўзрушаны? Як пеўні пасля бойкі. І Лявон пабег як ашпараны.

Цімох. Прыйшоў у чужую хату і хваліцца, што можа быць бандытам.

Архіп. Хто?

Матруна. Ды ваша золата.

Архіп. Лявон? Дык ён жа прыйшоў не ў чужую хату, а як зяць.

Цімох (паказвае на Васіля). Вось наш зяць.

Архіп. Ён ваш зяць?

Рагоча, Зося таксама.

Цімох. Смейцеся сабе на здароўе. Васіль, ідзі жарабка пакармі.

Васіль. Тата, а што яму даць?

Цімох. Усып з гарнец аўса.

Васіль выходзіць.

Архіп. Вы не жартуеце?

Цімох. Якія там жарты.

Архіп. А царква?

Зося. А вянчанне?

Цімох. А жарабок?

Матруна. А здзек з нас?

Архіп. Даўно ён у вас жыве?

Цімох. З сённяшняга дня.

Архіп. Ну і добра. (Задаволены.) Сват, ёсць адна важная справа.

Уваходзіць Васіль. Архіп змоўк.

Цімох. Ніякі я вам не сват і прашу мяне так не зваць. Можаце гаварыць пры Васілю, бо ён наш сямейнік.

Архіп. Цімох і Матруна, паслухайце, што я вам скажу: бярыце да сябе Лявона. Мы ўпрыдачу дамо валоку зямлі і пяць дзесяцін лесу. Хай жывуць і нашу дабрату ўспамінаюць.

Грыпіна. А з кім жа Лявон будзе жыць?

Архіп. У яго ёсць жонка.

Грыпіна. Цікава, калі гэта ён яе набыў?

Архіп. Як шлюб браў.

Грыпіна. Ён жа ад яе збег і гэтым шлюб скасаваў.

Цімох. Пачакай, Грыпіна. Жонка і дачка, якое шчасце валіць да нас! Хутчэй у ногі дабрадзею!

Архіп і Зося прымаюць усё гэта за праўду. Яны рады.

Матруна, Грыпіна і Васіль разгублены.

Цімох. Ага, вы рады! Думаеце, што Цімох паквапіцца на вашу зямлю і лес? Не патрэбны яны нам! Давіцеся імі самі!

Васіль. Хітра прыдумана. Відаць, і Сямён дапамагаў? Вы дагадаліся, куды яны гнуць? Аддамо валоку зямлі і пяць дзесяцін лесу за Лявонам, а там, калі прыйдзе час разлічвацца ім за свае грахі, яны прыкінуцца авечкамі і прабляюць: «Якія ж мы кулакі? Паглядзіце, людзі добрыя: і зямлі ў нас не больш, як у некаторых іншых, і ні з кога мы крыві не смакталі». Праўда, дзядзька Архіп?

Архіп. Ды гэта ж рэвалюцыя!

Уваходзіць Сямён. Усе здзіўлены.

Сямён (не прывітаўся, да сваіх). Хутчэй дадому!

Васіль. Ведайце, дзядзька Архіп, ніякія выкрунтасы вам не дапамогуць. Вы асуджаны гісторыяй.

Сямён. Што такое?

Архіп. Рэвалюцыю разводзіць.

Сямён (да Васіля). Ты арыштаваны.

Убягае Прузына.

Прузына. Цара скінулі!!

Усе. Цара?

Прузына. Міколку!

Сямён. Ты арыштавана.

Уваходзіць Антон.

Антон. Чулі? Рэвалюцыя!!

Сямён. Дзядзька Антон, ты арыштаваны.

Цімох. Гэта ўжо трэці.

Антон. Не, небажок, скончыўся ваш час. Настала наша пара. (Выхапіў з кішэні наган і настаўляе на Сямёна.) Рукі ўгору!

Архіп і Зося. Швагра, ты звар’яцеў! А братачка, а родненькі! Што ты надумаў!

Антон. Калі за трэцім разам не падымеш рук, буду страляць. Раз, два...

Зося. Сынок, падымай!

Сямён падымае рукі.

Антон. Васіль, абяззброй яго!

Васіль здымае з Сямёна кабуру.

Заслона.

1920


1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбацэвіч В. Чырвоныя кветкі Беларусі : П'есы. Мінск, «Мастацкая літаратура», 1983. - 194 с.
Крыніца: скан