epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гігевіч

Ганна

 

Калі нявестка, жонка Валодзі, сказала: «Ідзі з дому, каб вочы мае цябе не бачылі»,— Ганна моўчкі сабралася. А што там было збіраць: пашпарт, кніжка пенсійная, дзве кофтачкі, спадніца — і ўсе зборы. І пайшла. Спачатку зайшла ў садок пчол паглядзець.

...І праўда, чаго яна тут будзе, дакуль з нявесткай грызціся?

Пчолы яе жылі не ў доміках, а ў калодах. Кніжак пра пчол Ганна не чытала, глядзела пчол неяк па-свойму, праўдзівей будзе сказана — зусім не глядзела. Пчолы ў яе неяк самі вяліся, людзі казалі, што рука ў Ганны лёгкая: калі раіліся пчолы, рой далёка не ляцеў, а дзе-небудзь тут жа, у садку, на суку яблыні і садзіўся. Ганна ў гэты момант, крыху папырскаўшы на пчол вадою, венічкам змятала чорны клубок у пасудзіну, а пасля садзіла рой у пустую калоду. Пчолы Ганну рэдка кусалі, даглядала яна іх без дымара і маскі. На зіму калоды Ганна не хавала, а толькі, прыкрыўшы лёткі, прысыпала снегам.

У суседзяў пчолы даўно павыміралі, ці ад хімікатаў, якія сыпалі на калгаснае поле, ці яшчэ ад чаго, а ў старой Ганны пчолы вяліся. Гледзячы на калоды, на пчолак, Ганна пашкадавала пчол, хто іх даглядаць будзе, а затым накіравалася на вуліцу. Яна не думала яшчэ, куды пойдзе, ведала адно — дома начаваць не будзе.

І ўсё было б ціха, каб не малыя. «Бабка! Бабка!» — учапіліся ў спадніцу, зараўлі. І тады Ганна не вытрымала. Па маршчыністым твары пацяклі слёзы, бяззубы рот пры размове ледзь-ледзь адкрываўся. Ганна гладзіла светлыя галовы дзяцей шэрымі, як перасохлая зямля, рукамі, казала, каб малыя слухаліся Галю.

Каб людзі не бачылі, пайшла Ганна не вуліцай, а гародамі. Вёсачка была невялікая, навокал яе стаяў глухі лес. Чужы чалавек здзіўляўся, як можна жыць у такой глушы — да райцэнтра сорак вёрст і нават у цэнтр калгаса праз лес паўтара кіламетра цягніся.

Калісьці гэты край быў партызанскім. І здавалася, людзі, якія больш за іншых пакутавалі, павінны цяпер жыць лепш за ўсіх. Але скончылася вайна, мяняліся, як надвор’е ўвосень, старшыні калгаса, нават электрычнасць правялі сюды ў апошнюю чаргу, калі ва ўсім раёне гарэла святло. І ўсё ж будаваліся новыя бялюткія дамы, расла чарга ля калгаснага касіра ў дзень палучкі — не дужа хацелася ісці на тыя вялікія і лёгкія заработкі ад гэтай зямлі, гэтага лесу, які калісьці карміў, паіў і хаваў.

Ганна ішла міма дамоў, знаёмых з самага маленства. Ад нараджэння яна нікуды далей райцэнтра амаль не ездзіла, і вось цяпер, на старасці, трэба плесціся ў белы свет. Хутка хаты засталіся ззаду, і дарога павяла Ганну па тых мясцінах, дзе ледзь не застрэлілі Валодзю. Ён быў яшчэ падлеткам, калі немцы ўзялі яго, як і другіх нявінных, заложнікамі, павялі на расстрэл. Валодзя ўцёк, па ім стралялі, але не трапілі. Знайшоўшы Валодзю, Ганна два тыдні хавалася ў лесе, елі траву, мох, блукалі да таго часу, пакуль не трапілі да партызанаў.

У знаёмым, як свая далонь, лесе Ганне ўспаміналася жыццё. Ніколі яна не адпачывала, не ездзіла на курорты, нават пахварэць — і то некалі было.

Блуканне па лесе, страляніна дарма Валодзю не прайшлі. Ён стаў ціхі і худы. Пасля вайны адразу ж ажаніўся. Ён не хацеў жаніцца на гэтай ведзьме, але Ганна тады сама настаяла, упрасіла Валодзю.

Як чула Валодзева душа... І пазней, калі пачаліся сваркі, ён спачатку спрабаваў мірыць іх, а потым махнуў рукой, тым больш што здароўе яго пагаршалася.

Першы раз завезлі Валодзю ў бальніцу, калі Галі было тры гады, а Зіна зацяжарыла ўжо Колькам і Андрэйкам. Валодзя падлячыўся крыху, а праз два гады яго зноў завезлі ў бальніцу. Вядома, каб быў у хаце спакой, каб дыета была — можа, і жыў бы яе сын. А якая ў тыя гады дыета? Праўда, быў мёд — любіў і ўмеў Валодзя за пчоламі глядзець...

Апошні раз, калі прыйшла Ганна ў бальніцу да Валодзі, спрабавала казаць сыну штосьці вясёлае, многа смяялася. І Валодзя смяяўся, але ў вочы маці не глядзеў. І калі ўжо занадта разышлася Ганна, пачала казаць, як яны пачнуць жыць, калі Валодзя выпішацца з бальніцы: у сельсавеце лесу выдзелілі, хату ператрасуць, купяць маладую карову, а то гэтая старая... Валодзя нечакана паглядзеў Ганне ў вочы. Той як мову адняло: такі сум, адзінота былі ў яго позірку... «Навошта гаварыць пра гэта... На, вось, аддай дзецям»,— ён працягнуў Ганне змейку, зробленую з кавалачкаў дрэва і пафарбаваную зялёнай фарбай. Змейка, як жывая, варухнулася ў яго белых тонкіх пальцах. Пасля гэтага Ганна нічога не магла сказаць, яны моўчкі сядзелі, глядзелі, як круціцца змейка.

Ішла Ганна да сястры, якая жыла таксама ў вёсцы. Трэба было ісці спачатку праз лес, а затым праз поле, якое называлі Ракаўцамі. Да вайны на гэтым полі стаяла вёска з такою назваю, а пасля таго, як людзей і хаты начыста спалілі, на месцы Ракаўцаў нічога не асталося — адна старая дарога, паабапал якой ляжала каменне. Ніхто ў гэтым месцы і не сяліўся. Праходзячы праз Ракаўцы, Ганна ўспомніла знаёмых, якія калісьці жылі тут, а цяпер іх няма, як і не было ніколі. Спалілі людзі людзей. І за што?

Ганна прыцягнулася да сястры вечарам. Яны пагаравалі ўдзвюх і парашылі, што лепш будзе, калі Ганна пойдзе ў дом пенсіянераў. Не хочацца ісці, а што ж зробіш... Прыняць яе прымуць: муж на фронце палажыў галаву, адзіны сын памёр.

Была б Ганна ў доме пенсіянераў, але трэба ж так здарыцца, прыехаў у той жа вечар дамоў Сымон, сын сястры. Паглядзеў ён на Ганну, паслухаў, ды і кажа:

— Куды ты, цётка, паедзеш? Паедзем са мной, дзяцей у нас няма, нядрэнна табе ў мяне будзе: ванна, два пакоі — дзе ты ў вёсцы такое знойдзеш? Як бы добра сярод чужых людзей ні было, сярод сваіх лепш.

І патарабаніў на другі дзень Сымон Ганну ў горад. Працаваў ён там нейкім начальнікам, жыў добра.

 

Прачыналася Ганна рана-рана, толькі світаць пачынала, падымацца было няёмка — людзей у такую рань разбудзіш. Яна доўга варочалася ў мяккім ложку, але заснуць не магла. Тады пачынала ўспамінаць, што звычайна рабіла ў такі час дома: летам ішла даіць карову, зімой падпальвала ў печы. Быццам увачавідкі Ганна бачыла — вось корміць дзяцей, падмятае падлогу, а вунь і двор іх, і хата...

Днём Ганне работы амаль не было — якая ў тых двух пакоях работа?

...Калі пайшоў першы снег, яна ўвесь дзень прасядзела ля акна, глядзела, як прамерзлая зямля засцілаецца беллю. А ноччу ёй прыснілася, што ў калодах забылася закрыць лёткі, мерзлі пчолы, і нікому не было да іх справы.

Не пайшла Ганне ні смачная яда, ні спакой, ні цукеркі, якія купляла жонка Сымона.

... — Баба! Баба прыехала! — кінуліся ёй насустрач унукі, як толькі згледзелі яе прыгорбленую постаць.

Яна пачула, як па шчоках папаўзлі гарачыя слёзы.

— Пчолкі вы мае... Валодзечка...— шаптала яна штосьці незразумелае.

 


1970-1976?

Тэкст падаецца паводле выдання: Гігевіч В. Спелыя яблыкі. Апавяданні. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1976. – с. 70-74
Крыніца: скан