epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гігевіч

Карабель

Слова ад аўтара
ДЗЁННІК ЁХА
  Ноч першая
  Ноч другая
  Ноч трэцяя
  Ноч чацвёртая
  Ноч пятая


 

Слова ад аўтара

Прашу прабачэння ў шаноўнага чытача за невялічкую прадмову, бо, па сакрэту прызнаюся, я і сам не надта люблю чытаць прадмовы, тлумачэнні да аповесцяў, раманаў, тым болей калі іх пішуць аўтары... Прадмову гэту я проста-такі змушаны напісаць, бо многія таварышы, якім паказваў запісы Ёха, не вераць у іх рэальнасць, сцвярджаюць дружна, што запісы Ёха — фальсіфікацыя, мая выдумка. Таму ўрэшце мне нічога іншага не заставалася, як напісаць над запісамі Ёха звыклы многім падзагаловак фантастычная аповесць, хоць, паўтаруся, усё, што Вы, шаноўны чытач, прачытаеце ніжэй, ніякая не аповесць і нават не фантастыка.

Чаму я так сцвярджаю?

Шмат год назад у сібірскай тайзе ў раёне ракі Тунгуска адбылося здарэнне, якое і па сённяшні дзень застаецца загадкаю як для салідных вучоных, так і для звычайных аматараў розных здарэнняў. Відаць, і без мяне многія ведаюць, што там здарылася, але, на ўсякі выпадак, коратка скажу і я. У паветры над глухой тайгою выбухнула невядомае цела, альбо, як яшчэ яго называюць вучоныя, балід... Гэты белы балід бачылі некаторыя жыхары, што жылі ля ракі Тунгуска, — агромістым вогненным шарам мільгануў у небе... Выбух быў настолькі магутны, што ў радыусе многіх кіламетраў тайга была спалена, паветраную хвалю зафіксавалі метэастанцыі розных краін. Кажуць, што некалькі сутак пасля выбуху ночы былі надзвычай светлыя, — такія ночы бываюць пасля паветраных ядзерных выбухаў... У шматлікіх артыкулах, кнігах, у многіх выступленнях вучоных прапаноўваліся і па сённяшні дзень прапаноўваюцца розныя цікавыя гіпотэзы, якія тлумачаць прыроду выбуху. Штогод у раён ракі Тунгуска, накіроўваюцца навуковыя экспедыцыі, каб там, на месцы выбуху, знайсці сляды альбо асколкі загадкавага цела, што ўварвалася ў зямную атмасферу з бязмежнага космасу.

Што ж магло ўзарвацца над зямлёю: метэарыт, камета альбо, як сцвярджаюць некаторыя вучоныя, касмічны карабель? Як і многіх, мяне таксама зацікавіла загадка выбуху невядомага цела. Некалькі год назад падчас паездкі ў Сібір мне давялося трапіць у тыя мясціны, дзе некалі быў выбух. Канечне, як і чакалася, на некалі голай апаленай зямлі выраслі новыя дровы. Доўга блукаў я па тайзе, прыглядаючыся да тоўстых нязвыклых мне піхт, кедраў. Час ад часу я кідаў пільны позірк сабе пад ногі, дзе спадзяваўся знайсці ці ўбачыць тое «нешта», што магло застацца ад невядомага загадкавага касмічнага госця.

Гэта можа здацца камусьці неверагодным, некаторыя нават сцвярджаюць, што я хлушу, але, прашу мне паверыць, шаноўны чытач, нечакана мая нага пакаўзнулася на нечым цёмным і цвёрдым, што было прыхавана мохам. Калі нагнуўся, то ўбачыў невялічкую цёмную плітачку квадратнай формы. Падумалася, што гэта — звычайная дэталь ад якой-небудзь машыны. Я падняў яе і хацеў ужо адкінуць убок, ды, прыглядзеўшыся да плітачкі, убачыў, што яна ўся ў круглых крапінках. Тут жа мне і нагадалася, што падобныя крапінкі я недзе ўжо бачыў. І я ўспомніў: гэткія ж узоры крапінак бываюць на перфастужках электронна-вылічальных машын. Сябры матэматыкі часта паказвалі мне іх.

Уражаны падабенствам, я захапіў плітачку з сабою. Вярнуўшыся з паездкі, я адразу ж паказаў плітачку сябрам-матэматыкам. Канечне, яны таксама здзівіліся, плітачку тую яны забралі, і з паўгода ад іх не было ні слуху ні духу. Нарэшце настаў той дзень, калі яны паявіліся перада мною і паклалі на стол спісаныя лісты.

«Што гэта?» — спытаў я. «Тэкст, які быў на плітачцы. Нам яго ўдалося расшыфраваць».— «Гэтулькі шмат?» — усё здзіўляўся я, не верачы вачам. «Яшчэ і не гэтулькі можна запісаць,— супакоілі мяне сябры матэматыкі, — цэлыя бібліятэкі можна запісаць на адной такой плітачцы...»

Я тут жа пачаў чытаць расшыфраваны тэкст і спачатку мала што ўцяміў; у тэксце было шмат незразумелых слоў, тэрмінаў, прыводзіліся нават формулы, многае звыклае мне называлася зусім па-іншаму. Але сяк-так я зразумеў, што тэкст — дзённік чалавека. Пасля доўгіх ваганняў, надаўшы запісам больш-менш літаратурную форму, назваўшы многія рэчы і з'явы чыста па-зямному, я асмельваюся паказаць іх вам, шаноўны чытач. Я стараўся як мага паўней і дакладней данесці да Вас характар запісаў, увесь час я імкнуўся як мага менш улазіць у тэкст, а тым болей я ніколі не думаў правіць яго на свой капыл...

Праўда, дзе-нідзе я ўсё ж не ўтрымаўся ад заўваг. Адны з іх выкліканы жаданнем растлумачыць паўней некаторыя фізічныя альбо тэхнічныя тэрміны, да якіх часта апеліруе аўтар дзённіка, другія — чыста эмацыянальныя... Чытаць мае заўвагі да дзённіка, канечне, зусім не абавязкова, як звычайна кажуць у такіх выпадках, гэта — усяго толькі заўвагі на палях чужога рукапісу, да якога, у прынцыпе, я не маю ніякага дачынення.

І яшчэ, апошняе... Дзённік гэты зусім не адкрывае таямніцы тунгускага выбуху. Магло так стацца, што плітачка трапіла на Зямлю нашмат раней за выбух, доўгі час праляжала ў глыбіні зямлі, а потым, як гэта часта бывае, яна выпадкова апынулася на паверхні. У археалогіі такое, дарэчы, здараецца вельмі і вельмі часта, як з тымі ж біўнямі альбо шкілетамі мамантаў...

Увогуле, як у запісах Ёха, так і ва ўсёй гэтай гісторыі, да якой мне давялося даткнуцца, яшчэ шмат загадкавага.

 

ДЗЁННІК ЁХА

 

Сакрэтна.

Прачытаўшы, знішчыць.

 

Ёх

 

Ноч першая

Я ўжо стары. Я вельмі стаміўся жыць. Толькі цяпер па-сапраўднаму разумею простыя жахлівыя словы: стаміўся жыць... Цяпер, калі мне вядома таямніца карабля, часта думаю пра тых няшчасных, якія некалі ішлі да драўляных ідалаў, да каменных баб, да царкоўных варот, дзе, апусціўшыся на калені, абліваючыся слязьмі, пачыналі шаптаць, выплёскваючы з сябе нуду і адзіноту, адчай і бяссілле, злосць і нянавісць... Цяпер, калі пражыў адпушчанае, я таксама, як і тыя няшчасныя, гатовы пайсці б туды, дзе, схіліўшы сівую галаву, змог бы аддацца споведзі некаму, каго чалавек прагне адчуваць побач з сабою.

...Ці над сабою.

Ды толькі пайсці мне няма куды і няма да каго, ды і старыя вочы мае ўжо наўрад ці будуць слязіцца падчас споведзі таму некаму, невядомаму і грознаму, які ад першага да апошняга крыку суправаджае чалавека, — адчуваю, як за доўгія гады жыцця штосьці выветрылася з душы маёй, ні адчаю, ні злосці не засталося там, стала ў ёй пуста і стыла, як было пуста і стыла восенню на лузе ў тыя далёкія гады маленства, калі маці выводзіла мяне на ўскраіну пасёлка і мы з ёю моўчкі падоўгу глядзелі на высахлыя за лета, парудзелыя ўжо травы, над якімі паволі цягнула халаднаватым ветрам. Тады яшчэ ўсё для мяне было ўпершыню: і гэты вялікі луг за пасёлкам, і вецер, які нёс здалёку незнаёмыя пахі траў, але ўжо тады я адчуваў смутак чагосьці нявыказанага, нязробленага і таму, калі доўга глядзеў на луг, на далёкі лес, што сінеўся за лугам, то міжволі хінуўся да маці, усё мацней і мацней трымаючыся за яе цёплую шырокую далонь.

— Ты чаго, сынку? — пыталася яна.

— Так, проста мне холадна, — я не ведаў, як выказаць маці пра тое трывожнае, што не давала спакою, як і не ведаю цяпер, што прымушае прачынацца сярод ночы і гадзінамі ляжаць у ложку, чакаючы світанку, таго імгнення, калі ў дынаміку пачуецца гімн карабля.

Што схована ў маім смутку? Што не так зроблена мною?

Не ведаю я гэтага. Відаць, гэтага ніхто, ніводзін чалавек карабля не ведае, і дапамогі мне чакаць няма ад каго, ні ад маці, ні ад бацькі, якія даўно памерлі на першым паверсе, а тым болей мне не дапамогуць ні дактары, ні памочнікі. І нават Вялікі Савет мне нічым не дапаможа.

Кажуць, што старыя людзі маюць звычку сыходзіць з дому, адракаючыся ад набытага гадамі: багацця, славы, абавязкаў, — адракаючыся ад сытасці і спакою, яны памалу блэндаюць на адзіноце па дарогах, не зважаючы ні на людзей, ні на холад, так нідзе і не знаходзячы прытулку і супакаення. Што прымушае іх так рабіць? Няўжо і ў мяне надышоў такі час? І куды я магу пайсці, на якія дарогі?

З хваляваннем я пачынаю пісаць гэты дзённік. Я ведаю, што гэтым парушаю Закон карабля, бо камандзіру карабля забаронена пісаць дзённікі, і між тым гэтак жа пэўна ведаю, што іншага выбару ў мяне пнма. Магчыма, гэты дзённік якраз і будзе маім збавеннем, ён будзе для мяне тым самым, чым некалі для людзей былі драўляныя ідалы, каменныя бабы, цэрквы ці тыя ж белыя бясконцыя дарогі...

Чаму чалавек так баіцца адзіноты? Чаму ўвесь час ён імкнецца адчуваць побач прысутнасць таго некага, каму можна паспавядацца?..

Жыццё чалавечае, як строга ты абстаўлена межамі недазволенага і непазнанага! І як жорстка караецца той смяльчак, які першы спрабуе вырвацца за межы недазволенага і непазнанага, якім холадам і адчаем напаўняецца ягоная душа, калі ён упершыню заглядае туды і на тое, што яшчэ ніхто не бачыў і не ведаў! Але ж не менш жорстка караецца і той чалавек, які гадамі трымае сябе ў межах дазволенага і пазнанага, імкнучыся сытнасцю, ленасцю і спакоем заглушыць у сабе тугу па нязведанаму і непазнанаму! І дзе ж тады выйсце, дзе ж той няўлоўны, найлепшы варыянт для шчасця чалавечага, хто яго ведае, хто можа падказаць?

Калі доўгімі начамі непарушна ляжу ў ложку, усё болей і болей я думаю пра тое размытае і няяснае мне самому, пра што дагэтуль і не задумваўся, займаючы сябе работаю і абавязкам; разумею тады, што жыццё маё — доўгі заблытаны лабірынт, у які я некалі адчайна і смела ступіў і пайшоў, не азіраючыся, не клапоцячыся пра дарогу назад, не шкадуючы пра тое, што пакідаю за спіною...

Што ж я пакінуў за межамі лабірынта? Каго я пакінуў?

Калі пачынаю думаць пра гэта, то найперш успамінаю не сяброў і паплечнікаў, з якімі па той ці іншай прычыне вымушаны быў расстацца, не, я адразу ж успамінаю маленства, Альміну, і не толькі тую, шаснаццацігадовую, якую бачыў апошні раз, а і тую, якой Альміна была ў пяцігадовым узросце, калі яна ўпершыню падала мне сваю далонь і назвала сваё імя: Альміна... — якім загадкавым сэнсам напоўнілася для маёй душы гэтае імя, як часта я паўтараў і паўтараю яго... Я ўспамінаю маці, бацьку, увесь наш пасёлак другога паверха, у якім правёў сваё маленства, той шырокі зялёны луг, што пачынаўся за пасёлкам, куды часта, трымаючы за руку, вадзіла мяне маці.

Усё гэта засталося там, за межамі лабірынта.

Учора, калі мне стала занадта цяжка, я спусціўся па другі паверх, каб паглядзець на вуліцы свайго маленства.

Пасёлак усё гэткі ж: роўныя, па-стандартнаму аднолькавыя рады домікаў, перад вокнамі якіх пышна цвітуць вяргіні і ружы; і іншыя дзеці, трымаючыся за рукі бацькоў, захоплена разглядалі мяне; у вялізным натоўпе, які вітаў мяне на цэнтральнай плошчы пасёлка, я бачыў шчаслівыя радасныя твары, здавалася мне, што нават чуў, як многія маці шапталі дзецям, паказваючы на мяне: «Глядзі, будзеш сябе добра паводзіць і тады зможаш стаць такім жа вялікім і мудрым, як наш камандзір. Ён нарадзіўся тут, у нашым пасёлку, і тое, што ён цяпер спусціўся да нас аж з сёмага паверха — гэта вялікі гонар і вялікае шчасце, не кожны дзень і нават не кожны год такое бывае...»

Я гучна і звыкла гаварыў людзям тыя бадзёрыя словы, якія павінен гаварыць камандзір карабля, і ні голасам, ні жэстам я нікому не намякнуў, што ў гэты час, калі глядзеў на прыціхлы паслухмяны натоўп, я бачыў маленькага хлопчыка, які, трымаючыся за руку маці, ідзе вуліцаю пасёлка да ўскраіны, туды, дзе дамоў ужо няма, дзе наперадзе прасціраюцца агароды, зялёны луг, а яшчэ далей — сінеецца лес... Хлопчыку хочацца пабегаць па лузе, хочацца пабываць у загадкавым лесе, у якім яшчэ ні разу не быў, таму ён спрабуе бегчы ў бок лугу і лесу, ды маці не пускае яго, гаворыць, што туды ісці нельга, туды можна трапіць толькі па пропуску.

Хлопчык нічога не разумее і разумець не хоча, ён пачынае плакаць. Маці суцяшае хлопчыка, выцірае ягоныя слёзы і зноў у каторы раз паўтарае, што ў кожнага жыхара пасёлка свае правы і свае абавязкі, трапіць на луг ці ў лес можа толькі той, хто не парушае Закон карабля і добра сябе паводзіць. І вось калі ён будзе сябе добра паводзіць, калі іх бацька на рабоце не будзе мець заўваг і парушэнняў, то яны могуць атрымаць пропуск у лес1.

Учора пасля ўрачыстага мітынгу я загадаў памочнікам, каб мяне пакінулі на адзіноце. Мне захацелася прайсціся тою дарогаю, па якой упершыню трапіў у лес, — ад свайго былога дому, цяпер ператворанага ў музей, уздоўж другіх дамоў пайшоў я вуліцаю пасёлка да самай ускраіны, затым па вузкай сцяжыне я прайшоў цераз увесь луг і нарэшце ступіў у лес. Памалу пераступаючы нягнуткімі цяжкімі нагамі, я клыпаў па лесе, усё шукаючы тую дзялянку, на якой некалі быў з бацькамі. Канечне, я яе не знайшоў ды і не мог знайсці, — у лесе высечаны новыя дзялянкі, а старыя даўно пазарасталі. Стомлены, прысеў я на пні ў адной з такіх новых дзялянак, і, прыслухоўваючыся да перасвістаў і цвілінькання птушак, азіраючыся на высокія сосны і елкі, я адчуў, што ніякага вяртання не адбылося. І той тугі вецер, які кратаў вяршыні сосен і елак, ніякіх пахаў да мяне не даносіў.

Вяртанне... Адчайна і смела пражыў я сваё жыццё, штогод набіраючыся ведаў, заводзячы новыя патрэбныя знаёмствы, перабіраючыся з паверха на паверх, набіраючы сілу і славу. І рэдка калі ў душы маёй паяўлялася жаданне азірнуцца назад, паўтарыць пражытае і перажытае мною. Я добра ведаў, што двойчы адно і тое ж пражыць нельга і няма чаго вярэдзіць марна душу. Мінулае было, і яго не вернеш, будучае будзе, і яго ніяк не абмінеш, да яго варта быць падрыхтаваным, — вось лозунг, якім я кіраваўся ўсё жыццё. Усё жыццё я адчуваў сябе куляю ў палёце, якая ляціць да невядомай мэты; як часта з пагардаю і смехам глядзеў я на тых, хто ўспамінамі спрабаваў вярнуць сябе туды, у мінулае, у незваротнае мінулае...

Як жа так сталася, што і я цяпер, на фінішы, пачаў шукаць сцежкі маленства?

У мяне ўсё ёсць: і ўлада, і слава, я магу дазволіць сабе тое, што не можа дазволіць ніводзін чалавек карабля, але не магу зрабіць адзінага: не магу вярнуцца туды, у той далёкі вечар, калі бацька вярнуўся з работы радасны, як ніколі. Яшчэ з парога ён усклікнуў:

— Заўтра ў нас свята. Угадайце, якое ў нас заўтра свята?

— Відаць, у цябе будзе выхадны, — сказала маці, падыходзячы да бацькі.

— Не, ты не ўгадала. Заўтра з раніцы мы можам пайсці ў лес на цэлы дзень.

— На цэлы дзень? — не паверыла, перапытала маці. — Самастойна, без экскурсавода?

— Так, самастойна, без экскурсавода мы пойдзем на цэлы дзень у лес. Нарэшце твайму разумнаму мужу выдалі пропуск у лес. Ён такі разумны, паслухмяны і працавіты, што яму трэба было выдаць пропуск у лес.— Бацька абняў маці. — Ты хоць адчуваеш, які ў цябе разумны і дужы муж, адчуваеш, якое гэта шчасце, што ў цябе ёсць такі муж?

— Адчуваю, адчуваю, — з усмешкаю маці біла кулакамі ў грудзі бацьку. — Пусці, дужы муж. Што пра нас сын падумае?

— Сын? — бацька глянуў на мяне. — А вось што ён падумае пра нас, — затым ён адпусціў маці, хутка падышоў да мяне, узяў пад пахі і рэзка падкінуў угору. Я адчуў, што лячу ўгору, а затым пачынаю падаць. Недзе там, угары ля столі, у мяне заняло дыханне ад нязвыклага адчування бязважкасці. Тады я засмяяўся. Гэта было, як на арэлях: уніз-угору, уніз-угору...

Увесь вечар бацькі рыхтаваліся да паходу ў лес: пакавалі тоўсты вялікі рукзак, падбіралі адзенне і абутак. Між імі блытаўся і я, болей замінаючы, чым памагаючы. Але ў гэты вечар бацькі не сварыліся на маю бесталковасць, яны былі настолькі радасныя і ўзбуджаныя, што нават забыліся паглядзець па тэлевізары штовячэрнія навіны карабля, якія звычайна глядзелі перад сном.

Раніцаю, як толькі прагучаў гімн карабля, мы ўтраіх выйшлі з дому. На вуліцы ўбачылі, што з суседняга дома выходзіць сям’я: мужчына, жанчына і маленькая дзяўчынка, мой аднагодак. Апрануты яны былі па-паходнаму, мужчына нёс гэткі ж вялікі рукзак, які нёс бацька.

— Вам таксама выдалі пропуск у лес? — спытала маці ў жанчыны.

— Так, — з гонарам адказала тая. — Майму мужу выдалі пропуск у лес на цэлы дзень.

— Мо пойдзем разам? — прапанаваў мой бацька.

— Што ж, можна пайсці і разам, — адазваўся мужчына.

Маці і жанчына пайшлі побач, мужчыны, крыху адстаўшы ад іх, загаварылі пра работу, гэта я зразумеў па тым, як яны часта ўспаміналі энергаўстаноўку, дзе працаваў бацька. Мне ж нічога не заставалася, як падысці да пяцігадовай дзяўчынкі і спытаць:

— Як цябе завуць?

— Альміна2,— сказала яна, разглядаючы мяне гэтак, быццам ніколі не бачыла пяцігадовых хлопчыкаў.

— А мяне завуць Ёх, — пахваліўся я. — Давай з табою дружыць, Альміна.

— Давай.

З лёгкасцю, якая бывае толькі ў маленстве, мы падалі адно аднаму рукі і пабеглі па сцяжыне паперадзе бацькоў. Нам так хацелася першым ступіць у лес, пра які дагэтуль шмат чулі, які нам часта паказвалі па тэлевізары.

Лес быў вялікі, як мне тады падалося, ён быў бясконцы. Гэтак жа бясконца я мог бы расказваць пра ўражанні ад таго доўгага дня: пра даўгавухага зайца, які, мільгануўшы між кустоў, схаваўся за камлістымі соснамі і елкамі, пра смак кісла-салодкіх чарніц, што хаваліся пад зялёным верасам, пра тое, як прагна мы з Альмінаю шукалі чырвоныя суніцы, што чырванелі на паляне, аточанай з усіх бакоў кустамі і дрэвамі, пра чырвона-бурую вавёрку, што мільганула між сукоў і там, схаваная, нечакана і дзіўна зацокала... О-о, колькі радасці і шчасця было ў нас у той дзень!

Бацькі нашы збіралі ягады, ірвалі травы, якія потым, дома, маглі насушыць, а я і Альміна бегалі па лесе і ўсё ніяк не маглі супакоіцца. Калі мы ўжо занадта дурэлі, хтосьці з дарослых палохаў нас:

— Цішэй, цішэй трошкі, не то вас пачуюць Здані.

Я ўжо ведаў, — невядома, калі ўпершыню я гэта зразумеў, — што Здані — гэта наша жахлівае і злое, іх баяцца нават нашы бацькі, час ад часу Здані паяўляюцца сярод людзей, і тады з імі, людзьмі, адбываецца нешта жахлівае...

Учора, калі я, стомлены, сядзеў на пні, зноў адчуў, што толькі адзінае шчаслівае маленства сагрэе мяне. Я глядзеў на чарнічнік, на сосны і елкі, на зялёныя з доўгім гнуткім веццем бярозы, слухаў птушыныя спевы, — здаецца, усё было, як і некалі, калі, звонка смеючыся, я трымаў цёплую далоньку Альміны, але, як дзіўна — нічога мяне не радавала, нічога не цешыла.

Што ж здарылася са мною за доўгія гады жыцця? Чаму, адкуль у душы маёй паявіўся пастаянны холад? У доўгім бяздумным позірку маім толькі падлізы і падначаленыя бачаць і знаходзяць знакамітую жыццёвую мудрасць, але я-то ведаю, добра ведаю, што ніхто і нішто мяне не хвалюе. І, калі разбіраць далей лагічны ланцуг разважанняў, якім аблытаны ўсё свядомае жыццё, то ўзнікае пытанне: што ж лепей, важней і вышэй: бяздумная наіўная бездапаможная дзіцячая радасць, калі чалавек яшчэ нічога не ведае, ці разважлівая мудрасць старасці, калі чалавеку даступны і слава, і грошы, і ўлада?..

О-о, не, яшчэ раз не, пра гэта лепей не думаць і не разважаць, як не варта цяпер разважаць пра тое, дзе ж схавана прыгажосць: у чалавеку ці ў навакольным свеце?..

Мне і цяпер добра помніцца той далёкі цёплы поўдзень, калі дзвюма сем’ямі мы ўселіся на паляне, каб паабедаць. Маці мая, вымаючы з рукзака яду, ціха сказала:

— Налета, калі наш бацька не атрымае заўваг на рабоце, яму могуць выдаць пропуск на мора.

— Мы таксама яшчэ не былі на моры, — уздыхнула маці Альміны.

— Я помню мора, — гаварыла ціха мая маці. — У маленстве, калі яшчэ не хадзіла ў школу і жыла з бацькамі, я была на моры. Яно добрае, мора, вялікае і цёплае.

— А я ведаю, дзе знаходзіцца мора, — нечакана пахвалілася Альміна.

— Дзе ж яно, падкажы нам, — я ўжо і не помню, хто так сказаў. Дарослыя з усмешкамі глядзелі на шчабятлівую Альміну.

— Яно аж на шостым паверсе. Там ёсць мора і горы. Я сама ўсё бачыла па тэлевізары.

— Так, яно аж на шостым паверсе. Туды не кожны можа трапіць, чым вышэйшы паверх, тым цяжэй туды трапіць, — ціха гаварыў нехта з дарослых. — Некаторыя за ўсё жыццё ні разу не пабывалі на моры.

— І яшчэ я ведаю, — амаль не слухаючы, пра што гаварылі дарослыя, шчабятлівая Альміна старалася выказаць сваё, што яе цікавіла, — калі мы пачнём хадзіць у школу на трэцім паверсе, то зможам пабываць з экскурсіяй па моры. Толькі не ўсе, а тыя, хто будзе добра вучыцца і слухацца настаўнікаў.

— Так, дачка, табе ўжо хутка ў школу. Скончыцца тваё бесклапотнае маленства, — сказала маці Альміны. Чамусьці яна нахмурылася, цяпер яна не ўсміхалася. І дзіўна — я тады яшчэ нічога не ведаў, але адчуваў выразна, што сваім шчабятаннем Альміна нагадала бацькам пра штосьці непрыемнае.

Якраз тады я зрабіў для сябе адкрыццё: бацькі нашы, і мае і Альміны, штосьці хаваюць ад нас.

Нечакана з-за кустоў на паляну выйшлі двое мужчын у аднолькавым адзенні. Гэта былі патрульныя са службы аховы парадку, — у гэткім жа аднолькавым адзенні яны часта праходзілі па вуліцах нашага пасёлка.

— Вашы пропускі, — роўным абыякавым голасам сказаў адзін з патрульных, калі яны наблізіліся да нас.

І мой бацька, і бацька Альміны тут жа падняліся з зямлі, вынялі з кішэняў пропускі і аддалі іх патрульным.

— Што ж, у вас яшчэ тры гадзіны вольныя, — праглядзеўшы пропускі, патрульныя аддалі іх бацькам.— Шчаслівага вам адпачынку.

Гэтак жа нечакана, як і паявіліся, патрульныя зніклі за кустамі і дрэвамі. На іх было зялёнае адзенне, і таму мне падалося, што яны як бы растварыліся ў зеляніне...

Той радасны вясёлы настрой, які быў дагэтуль ва ўсіх нас, чамусьці знік. Мо проста каб перабіць няёмкае маўчанне, а мо і яшчэ чаму, ды маці Альміны сказала:

— Тыдзень назад адна сям’я з суседняй вуліцы без пропуска ў выхадны дзень выправілася ў лес. Не вытрымалі сваёй чаргі, не дачакаліся дазволу.

— Што ж з таго атрымалася? — спытала мая маці.

— Іх, як і нас сягоння, сустрэлі патрульныя і запатрабавалі пропуск. Потым, вы, можа, самі чулі пра гэта, быў суд паверха. Цяпер тая сям’я адбывае пакаранне на першым паверсе.

— Няшчасныя, — сумна сказала маці. — Там, кажуць, такое цяжкае паветра, там трэба працаваць без выхадных... І яшчэ кажуць, што больш пяці год на першым паверсе ніхто не вытрымлівае — паміраюць ад розных хвароб.

— Цішэй ты, разгаварылася надта,— бацька мой азірнуўся на сосны і елкі, за якімі толькі што зніклі патрульныя. — Вечна ты не тое, што трэба, гаворыш. Ніякія яны не няшчасныя, проста яны недысцыплінаваныя. Ім трэба было добра і сумленна працаваць і дачакацца сваёй чаргі на пропуск. Толькі і ўсяго. Мы ж то — дачакаліся. Што ты думаеш, нам не хацелася пайсці ў лес? Толькі ім? Калі кожны жыхар паверха, а тым болей усяго карабля, пачне хадзіць без пропуска па лесе, то ад нашага лесу нічога не застанецца. Тады людзі не толькі ўсю траву вытапчуць, усіх птушак і звяроў распалохаюць, а могуць разбалансаваць экалагічную сістэму карабля. А гэта ўжо — не жартачкі. Не будзе лесу, не будзе і чыстага паветра, гэта — пагібель для карабля і ўсіх нас. Яны не падумалі, што на нашым караблі ўсё ўзаемазвязана, дык вось цяпер, на першым паверсе, у іх знойдзецца час пра ўсё гэта падумаць.

— Там у іх па гэта часу знойдзецца, — здавалася, што маці і не чула голасу бацькі — гаварыла пра сваё: — Там у іх будзе час толькі на яду ды на кароткі сон. А ўсё астатняе — брудная бяздумная работа, якая адбірае здароўе і нічога не дае душы.

— Работа гэта — на карысць нашага карабля, не забывайцеся пра гэта. Некаму трэба рабіць і брудную работу. Туды, на першы паверх, сцякаюцца і звозяцца адыходы з усяго карабля; а іх, не мне цябе вучыць, трэба камусьці пераапрацоўваць, — зноў неяк занадта гучна прагаварыў бацька. Ён усё азіраўся на сосны і елкі, што акружалі паляну.

— Канечне, ты ў нас разумны, ты ў нас усё можаш апраўдаць, і работу на першым паверсе, і...— маці не дагаварыла, заціхла.

Ва ўсёй іх гаворцы было для мяне штосьці незразумелае, недасказанае.

Абед быў скончаны. Усе падняліся, зноў пачалі збіраць ягады і травы. Я і Альміна бегалі па лесе, гулялі ў хованкі, крычалі і слухалі, як з глухога лесу вяртаецца да нас рэха — як быццам нехта дражніў нас. Мне, ды, відаць, і Альміне клопаты бацькоў здаваліся сумнымі і недарэчнымі, нам удосталь хапала той беспрычыннай радасці, якая паяўлялася, калі мы бегалі па лесе, калі зрывалі салодкія ягады, што раставалі ў роце. І таму, канечне, я тут жа забыўся і пра загадкавы першы паверх, і пра тых пакутнікаў, якія вымушаны там жыць і працаваць.

Відаць, так вядзецца ў кожным маленстве.

...Лягчэй крыху. Цяпер, калі пачаў пісаць дзённік, адчуў палёгку. Хоць на кароткія імгненні ды ўсё-ткі я змог вярнуцца туды, дзе шумяць высокія-высокія дрэвы, дзе ярка-зялёная трава на лузе, па якой гэтак лёгка, без ніякага намагання, я магу бегаць, з радасцю ўдыхаючы настоенае на травах паветра...

Я зноў убачыў маці, бацьку, пачуў іх галасы. Зноў я адчуў дотык да маёй рукі мяккай далоні Альміны... Як жа тады было лёгка і радасна жыць!

І зноўку, у каторы раз, мяне трывожыць адно і тое ж: калі цяпер, на старасці год, я так шкадую аб маленстве, . калі цяпер я гатовы прамяняць і славу, і ўладу, і нават веды пра таямніцу карабля на адзін бесклапотны дзень маленства, то гэта значыць, што ўсё набытае мною за пакутлівыя гады — фікцыя, міраж, ілжывыя каштоўнасці, якімі я ўвесь час цешыў сябе, усё далей і далей аддаляючыся ад чагосьці больш важнага, пра што цяпер так шкадую...

І яшчэ я думаю, што, можа, мастацтва і ёсць спроба вяртання да незваротнага?.. І ўсе тыя, хто чэсна пісаў кнігі, хто маляваў карціны, хто ствараў музыку — усе хацелі найперш адзінага: зноўку перажыць тое, што ў звычайным будзённым жыцці перажыць ці то некалі, ці то нельга; адны, як і я гэтай адзінокай ноччу, імкнуліся да свайго маленства, другія — у мінулыя вякі, а трэція — хацелі зазірнуць у будучае. І ў гэтым, можа, самая найбольшая загадка мастацтва?

Тады, калі я стаў камандзірам карабля, я ўсё зрабіў, каб прывучыць людзей да думкі, што бяздумныя жахлівыя відовішчы па тэлевізары, якія бясконца змянялі адно аднаго, магутная бесталковая какафонія гукаў, што вырываецца з электраінструментаў і аглушае чалавека, бязладная мазня фарбаў на палотнах, бесклапотнае гыгыканне з побытавых здарэнняў, што тыражыруецца ў прыгожых кнігах і называецца высокай літаратурай, — толькі гэта і ёсць сучаснае сапраўднае мастацтва. Дзеля гэтага я плаціў вялікія грошы тым людзям, якія стваралі наша мастацтва: сцэнарыстам, рэжысёрам, музыкантам, літаратарам, мастакам і, канечне, разумным адукаваным крытыкам, якія дружна сцвярджалі, што, чым больш бязладнае і бяздумнае наша мастацтва, тым большы сэнс у ім схаваны. І гэтым я хацеў дабіцца адзінага: адвучыць людзей ад сапраўднага мастацтва, не даць чалавеку магчымасць задумацца над сваім лёсам, і таму наша мастацтва было такім крыклівым, яркім, бессэнсоўным...

Пачынае світаць. Вось-вось загучыць знаёмы з маленства гімн карабля. Трэба спыняць свае запісы. Хутка ў мой кабінет зойдзе памочнік, як і звычайна, ён павінен убачыць строгага і сур’ёзнага камандзіра карабля, якому ўсё вядома, нават таямніца карабля. Таму да самага вечара камандзір карабля павінен вырашаць неадкладныя справы, якіх поўна на кожным паверсе.

 

1 Разумею ваша здзіўленне, шаноўны чытач. Я таксама, калі першы раз чытаў дзённік Ёха, вельмі здзіўляўся. З аднаго боку, Ёх гаворыць пра жыццё на нейкім караблі, верагодней за ўсё касмічным, а з другога — вядзецца гаворка пра лясы, лугі, пра работу, пропускі, ніяк не ўпамінаецца электроніка, кібернетыка... Але, паўтараю, гэта — чужыя запісы і я тут не вінен.

2 Сапраўдныя імёны герояў крыху іншыя. Так, напрыклад, як сцвярджаюць сябры-матэматыкі, у арыгінале дзённіка Ёх называўся Іахам. Яны крыху змянілі імёны, падаўшы ім больш зямное гучанне. Думаецца, што гэтыя змены неістотныя.

Ноч другая

Ну вось, нарэшце скончаны цяжкі тлумны дзень. І зноў мяне агортвае цішыня і цемра, перад сабою на стале я бачу разгорнуты дзённік, асветлены белым святлом настольнай лямпы. Сёння днём я праводзіў пасяджэнне Вялікага Савета — цалюткі дзень слухаў даклады старшынь паверхаў, якія апавядалі пра настрой людзей, пра іх мары і расчараванні, пра зробленыя і нязробленыя справы. Мы жывём усё горай —першы паверх перапоўнены тымі людзьмі, што парушаюць Закон карабля.

Чытаючы ў сваёй сакрэтнай бібліятэцы старыя кнігі, у якіх аўтары апісвалі доўгія касмічныя падарожжы, я часта здзіўляўся наіву тых аўтараў, якія ці то не разумелі, ці то свядома ўтойвалі, не хацелі гаварыць, што самае цяжкае для чалавека, дзе б ён ні быў, на планеце ці ў космасе, гэта не барацьба з варожымі цывілізацыямі, а — барацьба з самім сабою і з сабою падобнымі...

У канцы пасяджэння Вялікага Савета, як і звычайна, я зацвердзіў прысуды старшыні паверхаў — адным кароткім росчыркам я пагнаў на першы паверх парушальнікаў Закону карабля, тых людзей, з якімі дагэтуль ніколі не стыкаўся, якіх не бачыў ды, відаць, і не ўбачу, якія асабіста мне нічога благога не зрабілі, а між тым пасля сённяшняга дня яны будуць праклінаць мяне ўсё астатняе жыццё... Улада... Так, гэта яна прымушае мяне не думаць пра лёс асобнага чалавека, яна прымушае мяне думаць пра другое і па-другому... Ніводзін з парушальнікаў не падумае, што я тут не вінен, калі б я нават і захацеў дапамагчы камусьці з тых няшчасных, то я не мог бы гэтага зрабіць, бо я ўсяго толькі — верны служка Закона карабля.

Закон карабля...

Калі ж я ўпершыню пачуў гэтыя словы, якія потым суправаджалі мяне на ўсіх паверхах?.. Калі ж упершыню зразумеў, што Закон карабля гэта не проста словы, гэта нешта большае, што асцерагае і будзе асцерагаць ад усіх згрызот сумлення, што надасць мне веры і ўпэўненасці, без якіх я ніколі не змог бы стаць тым, кім ёсць цяпер?..

Зноў і зноў я раблю падарожжа туды, у далёкае бесклапотнае маленства, да тых дзён, калі надышла пара ісці ў школу і таму мяне забіралі назусім ад бацькоў і пераводзілі жыць на трэці паверх. На радасцях я ніяк не мог зразумець, чаму бацькі мае з кожным днём становяцца ўсё больш сумнымі.

У той апошні развітальны вечар, калі пачаўся прыцемак, маці навяла мяне па ўскраіну нашага пасёлка, куды дагэтуль вадзіла не раз.

— Сын мой, ты хутка станеш дарослы і таму пастарайся запомніць усё, што я табе сягоння скажу першы і апошні раз, бо болей мы наўрад ці сустрэнемся, — пачала яна там са мною дзіўную гаворку. — З заўтрашняга дня ты пачнеш жыць на трэцім паверсе, там у цябе пачнецца вясёлае і цікавае жыццё, там ты ўбачыш і пачуеш шмат чаго новага, чаго ніколі не зведаў бы, калі б жыў тут, на нашым паверсе, але, як бы ты ні жыў далей, пастарайся запомніць на ўсё жыццё, што я раскажу зараз. Потым, у старасці, перадай каму-небудзь мае словы, ці то — сваім дзецям, калі яны ў цябе будуць, ці яшчэ каму.

Маці заціхла, як бы забылася пра мяне. Ззаду за нашымі спінамі мігцелі агні пасёлка, у якім мне была вядома кожная вуліца, кожны завулак, наперадзе была густая цемра, у якой, я гэта добра ведаў, хаваліся і агароды, і луг, і лес... Была ўжо восень, паветра было халаднаватае, хутка павінен быў пайсці першы снег. Я ўжо добра ведаў, што на нашым паверсе бывае і лета, і зіма, на другіх паверхах — усё па-другому, напрыклад, на шостым паверсе — вечнае лета, там — цёплае мора і пальмы з шырокімі лістамі... Угары, як і звычайна штоночы, была цемра, там быў загадкавы для мяне трэці паверх. І ўвесь наш карабель мне ўяўляўся нечым вялізным і неабдымным, якое невядома дзе пачынаецца і невядома дзе канчаецца. Вакол было ціха. Нечакана ўспомніў гаворкі пра жахлівых Зданяў. Мне стала страшна, падалося на міг, што маці знікла, растварылася ў гэтай цёмнай бязмежнай невядомасці, што акружала мяне. Я тут жа прыціснуўся да яе, узяў за руку і таргануў яе:

— Пра што ты хацела сказаць?

— Некалі людзі жылі не на караблі, а на вялікай-вялікай планеце. Яна нашмат большая за наш карабель. Там усё не так, як у нас цяпер. Там таксама ёсць і горы, і лясы, і рэкі цякуць, але там усё нашмат большае. Там людзі гавораць па-іншаму і песні спяваюць іншыя, зусім не такія, якія мы штовечар чуем па тэлевізары. Па тэлевізары ў нас штодзень новыя песні, мы іх нават не запамінаем, мы іх і спяваць не ўмеем, іх спяваюць толькі спевакі цераз мікрафон, а там — другія песні.

— Якія яны, тыя песні? — спытаў я, нічога не разумеючы.

— А вот паслухай, — і тут маці паціху пачала напяваць мне песню, як плакала ўсё роўна... На невядомай мне мове яна працяжна пра штосьці апавядала. Пра што — я не ведаў, бо не ведаў мовы, на якой яна апавядала, адчуваў я толькі, як незразумелы не то смутак, не то ўспамін закрадваецца ў маю душу. Як быццам я ўжо некалі жыў на тон далёкай загадкавай планеце і вось — успамінаць пачаў, як паволі цягне восеньскім ветрам з аголенага лесу, толькі не нашага, а таго, бясконцага... Як быццам я ўжо некалі чуў гэту песню, і вось маці зноўку нагадала мне яе. Штосьці тут жа апала ў маёй душы, стала ў ёй ціха-ціха, як бывала той парою, калі пачынаў ісці першы снег і я цераз акно нашага дома глядзеў на белую вуліцу пасёлка. І я забыўся тады пра ўсё: што заўтра падымуся на трэці паверх, што давядзецца развітвацца з бацькамі — пра гэта я не помніў, і хацелася мне адзінага, каб песня маці ніяк не заканчвалася.

Але нарэшце яна заціхла, а мне падалося, што звон дзіўнай песні ўсё яшчэ лунае ў паветры. Тады я сказаў:

— Гэта няпраўда... Наш карабель — адзіны і найлепшы ў сусвеце. Няўжо ў космасе можа быць нешта лепшае за наш пасёлак, за наш лес, у які мы некалі хадзілі?

— Паслухай, сын мой, — зноў ціха гаварыла мне маці. — Я таксама, як і ты, ніколі не бачыла тых лясоў, тых рачулак, у якіх, як кажуць, плаваюць рыбы... Але я табе кажу толькі тое, што мне сказала мая маці. Я ўсяго толькі выконваю яе наказ. І таму прашу цябе: ты выканай мой наказ. З пакалення ў пакаленне людзі тайком перадаюць дзіўнае паданне. Хоць я таксама ведаю, што гэта — неверагодна, каб людзі маглі жыць без карабля, бо я таксама некалі хадзіла ў школу і вывучала будову карабля, але ў тым паданні гаворыцца, што на той далёкай планеце ўсё-ўсё па-іншаму. Там няма Закону карабля. Там штовечар угары над людзьмі загараліся зоры.

— А што гэта такое: зоры? — спытаў я.

— Я іх не бачыла. Ніхто з нашага паверха іх не бачыў. Адны людзі кажуць, што толькі камандзір карабля ды вучоныя шостага паверха могуць іх бачыць. Ды перад тым, як паглядзець на зоры, вучоныя даюць клятву нікому не гаварыць пра іх. Іначай іх пакараюць Здані. А другія людзі кажуць, што зор няма нідзе, гэта — выдумка.

У тым паданні гаворыцца, што зоры — гэта агеньчыкі, якія штовечар загараліся ўгары. І тыя людзі, якія іх бачылі, станавіліся дабрэйшыя душою, бо яны маглі марыць.

— Наверсе ў нас трэці паверх, ніякіх зор там няма і не можа быць. Ды і што гэта такое — марыць?..

— Ну, гэта, калі думаеш і гаворыш услых пра недазволенае, пра тое, што забараняецца Законам карабля.

— І ніхто тых людзей, якія думалі пра недазволенае, за гэта не караў? — усё больш і больш здзіўляўся я.

— Так, іх ніхто не караў. Марыць можна было пра што хочам. Напрыклад, пра тое, што чалавек можа лётаць у паветры, як птушка. Альбо пра тое, што ён можа плаваць у вадзе, як рыба.

— Дзіўна ты гаворыш, — не верылася мне. — Але ж людзі маглі вытаптаць лес, калі б у іх не было Закону карабля.

— Там лес бясконцы, у ім можна заблудзіць. Там усё не такое, як у нас на караблі. Там было сонца, якое свяціла ўгары штодня. Яно сагравала людзей, яно грэла ўсё жывое, і травы, і птушак. І калі людзі бачылі сонца, яны смяяліся і радаваліся. Там няма паверхаў, няма энергаўстаноўкі, дзе працуе бацька.

І зноў маці заспявала тую дзіўную песню. Тады я адчуў, што з нечым назаўсёды развітваюся. Мне захацелася заплакаць, бо тое незразумелае, з чым я развітваўся, было мне надта дарагім і блізкім. З чым я развітваўся? З маленствам, з маці ці з чымсьці яшчэ?.. Мне захацелася заплакаць. Падумалася, што віною ўсяго — гэта дзіўная песня...

 

І вось — агромністы-агромністы ліфт, у якім мяне разам з маімі аднагодкамі павезлі па трэці паверх. Прагнымі вачыма глядзеў я ўгору, зусім не прыкмячаючы, што ўнізе, на другім паверсе, застаюцца заплаканая маці, нахмураны бацька. Цяпер ужо, пры дзённым святле, усё ўчарашняе, што чуў ад маці, здавалася мне дзіўным, было яно салодкай звабліваю казкаю, зусім пе рэальным жыццём. Побач са мною стаяла Альміна, яна, па маё здзіўленне, не радавалася, яна плакала і глядзела ўніз, дзе засталіся яе бацькі, гэткія ж заклапочаныя і нахмураныя, як і мае бацькі.

Закон карабля, які ж ты мудры і ўсёабдымны!..

Згодна Закону карабля я разам з Альмінаю, як і іншыя мае аднагодкі, павінен быў пайсці ў школу. Каб больш эфектыўным было наша павучанне, бацькі пашы не маглі больш жыць побач, яны хадзілі на працу, займаючыся сваім, дарослым жыццём, а ў нас, на трэцім паверсе, адразу ж з першага дня пачалося сваё жыццё, зусім не такое, якое было на другім паверсе.

— Глядзіце, вось схема будовы нашага карабля, па якім мы ўсе жывём, — я і цяпер добра памятаю тое хваляванне, якое адчуў, калі Настаўнік у класе павесіў перад намі плакат-малюнак, на якім была намалявана схема будовы карабля. Я ўбачыў вялікі-вялікі шар, зверху якога меўся плоскі шчыт-засцерагальнік. Унізе шара змяшчаліся дзюзы энергаўстаноўкі. Сам шар быў разбіты на сем паверхаў. Водзячы ўказкаю па плакаце-малюнку, Настаўнік гаварыў: — Наш карабель настолькі вялікі, што вы яго ніяк не абыдзеце за цэлы месяц. Вы, дзеці, некалі жылі на другім паверсе ў адным з рабочых пасёлкаў. Вось ён, гэты паверх, а вось тут знаходзіцца і ваш пасёлак, — Настаўнік паказаў другі паверх і на ім тое месца, дзе знаходзіўся наш пасёлак. — А цяпер уявіце, што па караблі ёсць яшчэ паверхі і на іх таксама ў пасёлках жывуць людзі. У нас на караблі ёсць лясы, якія даюць нам свежае паветра, у лясах водзяцца звяры і птушкі, а гэта — ежа для нас. На палях і агародах мы вырошчваем збажыну і гародніну. У нас маецца ўсё, каб добра і спакойна жыць.

Чым больш я слухаў Настаўніка, тым выразней успамінаў апошні вечар на другім паверсе,— і той змрок, што ахінаў мяне і маці, калі яна апавядала пра дзіўнае паданне і пяяла працяжную незразумелую песню, ад якой мне хацелася плакаць. Нехта з іх хлусіў, альбо маці, альбо Настаўнік... Таму я падняў угору руку і, атрымаўшы дазвол на запытанне, спытаў Настаўніка:

— А як узнік наш карабель?

Я думаў, што Настаўнік разгубіцца ад майго запытання, але ён чамусьці радасна ўсміхнуўся, як быццам толькі і чакаў таго:

— О-о, я бачу, Ёх, што ты ўжо амаль дарослы, калі пачынаеш цікавіцца такімі складанымі мудрымі пытаннямі. Не кожны хлапчук твайго ўзросту цікавіцца такімі пытаннямі, нават дарослыя і то не ўсе цікавяцца гэтым.

Што ж, я адкажу на тваё запытанне. Наш карабель вечны. Ён вечна быў і будзе вечна. Таму тваё пытанне, як кажуць вучоныя шостага паверха, не мае лагічнага сэнсу.

Во глядзі, Ёх, — Настаўнік намаляваў крэйдаю на дошцы замкнутую лінію. — Скажы мне, дзе пачатак і дзе канец гэтай лініі? Хто з вас, дзеці, можа сказаць, дзе пачатак і дзе канец гэтай лініі?

У класе панавала маўчанне, і мо таму надзвычай гулка і выразна чуліся словы Настаўніка:

— Замкнутая лінія ёсць прыклад бясконцасці ў аднамернай прасторы. Я магу вам прывесці яшчэ прыклады бясконцасці. Вось, напрыклад, глядзіце, — і тут Настаўнік намаляваў на дошцы ліст Мёбіуса1. — Альбо ўзяць паверхню шара — гэта таксама прыклад бясконцасці. Нешта падобнае атрымліваецца і з пытаннем пра з’яўленне карабля.

Ашаломлены пачутым, я маўчаў. Маўчалі і іншыя дзеці. Маўчала і Альміна, якая сядзела побач са мною.

— Якія ў вас яшчэ будуць пытанні? — пытаўся з усмешкаю Настаўнік. Ён быў лёгкі і вёрткі, наш Настаўнік, нечым ён нагадваў фокусніка, які спачатку дэманструе фокусы, а потым раскрывае іх сакрэты. — Не саромцеся, пытайцеся ў мяне пра ўсё, што вам здаецца блытаным і няясным. Толькі дзеля гэтага вас і прывезлі сюды, на трэці паверх, каб вы ўведалі ўсе таямніцы. Ну?..

І гэтым «ну?» Настаўнік як бы падштурхнуў мяне. Я зноў падняў угору руку. І зноў спытаў:

— Скажыце, а навошта на караблі ёсць дзюзы і энергаўстаноўка? Пра іх я часта чуў ад бацькі, калі жыў на другім паверсе. Мой бацька працуе на энергаўстаноўцы.

— Энергаўстаноўка цераз дзюзы ўвесь час надае нашаму караблю паскарэнне каля дзесяці метраў у секунду квадратную. Як толькі перастане працаваць энергаўстаноўка, то не будзе паскарэння і тады на караблі ўзнікне жахлівы гібельны для ўсяго жывога стан бязважкасці2. Гэта — паўтараю яшчэ раз — гібель нашага карабля. Загінуць дрэвы, загінуць звяры і птушкі, мы тады не будзем ведаць, дзе ў нас — верхні паверх, а дзе — ніжні. Вада будзе збірацца вялізнымі кроплямі і лётаць па ўсім караблі. Гэта будзе жахлівы час. Так што і вы, дзеці, павінны добра вучыцца і, калі вырасцеце, зможаце працаваць на энергаўстаноўцы і зберагаць пакой карабля...

— Значыць, наш карабель увесь час рухаецца? — пасля маіх запытанняў асмялела і Альміна. Ад хвалявання яна ўся была пунсовая. Седзячы побач з ёю, я глядзеў на яе прыгожы чысты тварык і адчуваў, што баюся яе позірку. Чаму так было, я не ведаў, але адчуваў, што калі ў гэты час Альміна гляне на мяне, то і мой твар запунсавее гэтак жа, як і яе. Дзіўна, дагэтуль я ніколі не саромеўся яе, а вось цяпер... Я пахіліў галаву і стараўся ўслухацца ў роўны голас Настаўніка:

— Так, мы ўвесь час ляцім у халодным бяздушным космасе, ад якога нас надзейна засцерагаюць тоўстыя сцены карабля і шчыт-засцерагальнік. Вось глядзіце, я паказваю іх вам на схеме, — Настаўнік паказаў гэтыя сцены і шчыт-засцерагальнік. — У космасе няма чым дыхаць, там ёсць толькі адзіны метэарытны пыл, які мы ўлоўліваем шчытом-засцерагальнікам. Бясконца вакол нас прасціраецца мёртвая прастора...

Чамусьці Настаўнік усміхнуўся, відаць, ён быў вельмі задаволены, што мы такія дапытлівыя. Не толькі я і Альміна, а, відаць, увесь клас адчуў, які ён мудры, наш Настаўнік.

— Куды ж мы ляцім? Навошта? — пасыпалася з усіх

— Цішэй, цішэй, дзеці. Не ўсё адразу вы можаце ведаць. — Настаўнік падняў угору руку, каб сцішыць наш гоман і шум. — Дзеля таго, каб вы пра ўсё ведалі, вас і прывезлі сюды, на трэці паверх. Па-першае, калі наш карабель не будзе рухацца, то мы загінем не толькі таму, што на караблі знікне сіла цяжару, а і па яшчэ адной вельмі і вельмі важнай прычыпе.

— Па якой? — зноў дружным хорам усклікнуў увесь клас.

— У нас тады не будзе метэарытнага пылу. Як вы ўсе самі бачыце на схеме, наперадзе карабля ёсць шчытзасцерагальнік, якім карабель ахоўваецца ад пашкоджання і заадно ім жа ловіцца метэарытны пыл. Маючы метэарытны пыл, мы можам мець і ўсё астатняе: і энергію, што выпрацоўваецца на энергаўстаноўцы, і металы для рамонту карабля. Якім бы вялікім карабель ні быў, ды ён не можа мець бясконца шмат паліва. Вот вы самі ўявіце, што кожны з вас яшчэ з маленства вымушаны быў бы насіць з сабою тую ежу, якая спатрэбіцца вам на працягу жыцця. Вы хоць уяўляеце, колькі ежы вам трэба было б насіць з сабою?

Усе ў класе засмяяліся. І Настаўнік таксама засмяяўся. Хтосьці з вучняў выгукнуў:

— А мы б тады нікуды не маглі скрануцца. Сядзелі б каля яе, як ля гары высокай...

— Якія вы ў мяне разумныя і здагадлівыя! — хваліў нас Настаўнік. — Аказваецца, вы і самі ўсё разумееце. Вы рухаецеся і здабываеце сабе ежу. А калі гаварыць дакладней, то ўсе людзі на караблі працуюць і за гэта атрымліваюць ежу. Нешта падобнае адбываецца і з нашым караблём: ён рухаецца і знаходзіць сабе энергію. Метэарытны пыл гэта і ёсць энергія. Вось формула, згодна якой можна атрымліваць энергію з метэарытнага пылу. — Настаўнік намаляваў на дошцы формулу і абвёў яе квадрацікам. Вось так ён зрабіў:

[FORMULA]3

Гэта была першая формула, якую я ўбачыў у сваім жыцці. Колькі ж іх было потым! І як старанна, учэпіста я трымаўся за іх, як жа хацелася мне з іх дапамогаю знайсці апору ў сваім жыцці, бо, як і тая першая формула, усе другія формулы і законы здаваліся мне нечым самастойным, што існавалі самі па сабе і правілі маім лёсам!.. Чамусьці мне стала непрыемна, і таму, каб хутчэй адкаснуцца ад гэтага пачуцця, я зноў спытаў Настаўніка:

— А куды ж мы ляцім?

— Гэта — таямніца. Яе ведае адзін камандзір карабля. І той з вас, дзеці, хто будзе добра вучыцца, хто будзе паслухмяны, будзе выконваць Закон карабля, той зможа стаць камандзірам карабля і тады ўведае гэту таямніцу. — Настаўнік падчас гэтых слоў змяніўся, стаў сур’ёзны і строгі. Чамусьці ён глядзеў на аднаго мяне і гаварыў: — Запомні, Ёх, усё залежыць толькі ад цябе аднаго. Калі і надалей ты будзеш гэткім жа ўважлівым і зацікаўленым у пазнанні ісціны, ты зможаш стаць камандзірам карабля, і тады табе адкрыецца тое, што схавана ад звычайных жыхароў карабля. Тады ты зможаш жыць на сёмым паверсе ў вялізным палацы, штодня купацца ў моры і мець усё, што пажадае твая душа. Увесь карабель будзе да тваіх паслуг.

Адкуль мне было ведаць, што і на гэты раз Настаўнік гаварыў праўду, адкуль мне было ведаць?..

 

Мінуў год, другі...

Я ўсё болей і болей прывязваўся да Настаўніка, які, як мне здавалася, ведаў пра ўсё на караблі; ён, Настаўнік, не шкадуючы свайго часу, займаўся са мною пасля ўрокаў у тыя дні і гадзіны, калі мае аднагодкі бавілі бесклапотна час у парку атракцыёнаў, калі глядзелі займальныя пацешныя відовішчы. Я і цяпер, як жывога, бачу перад сабою не надта старога чалавека, які глядзіць на мяне скрозь квадратныя акуляры і паволі ўнушальна гаворыць:

— Ёх, як ніводзін з вучняў ты здольны да навукі, і таму прашу цябе: займайся ёю. Заадно вучыся жыць сярод людзей і прыслухоўвайся да думак старэйшых, сябруй толькі з тымі, хто мудрэйшы і дужэйшы за цябе — толькі так ты зможаш набірацца вопыту, зможаш стаць мудрым і дужым. І яшчэ, Ёх, прашу цябе, не саромся, пытайся ў мяне пра ўсё, што табе здаецца няясным і заблытаным. Я шчаслівы, што ў мяне нарэшце паявіўся сапраўдны вучань. Павер мне, гэтак жа як вучні часта мараць пра разумнага настаўніка, гэтак жа і настаўнікі мараць пра дапытлівых разумных вучняў. Які сэнс жыцця настаўніка? Якраз у тым, каб як мага паўней перадаць свае веды і свой вопыт вучню. Для мяне заняткі з табою, як споведзь... Якая гэта асалода, калі бачыш і адчуваеш, як прагна ўпіваюцца вучнем твае словы пра ісціну і праўду. Ты, Ёх, нават і не ўяўляеш, наколькі я шчаслівы, што ў мяне нарэшце паявіўся такі здольны вучань.

Як і ў кожнага маладога чалавека, у маім жыцці нарэшце надышла тая нара, калі пачаў задумвацца пра загадку смерці. Не ведаю, чаму і адкуль, ды з маленства ў маёй душы жыло адчуванне вечнасці свайго існавання, мне чамусьці ніяк не верылася, што і я некалі памру ці загіну. Гэтае адчуванне было амаль фізічным, і таму так цяжка і пакутліва я ўспрымаў словы пра смерць, як пра жахлівую неадольную мяжу, якая аднойчы ўсё абрывае ў чалавечым існаванні.

Фізічныя і матэматычныя формулы, законы, веданне лагічных заканамернасцяў пераходу адной формулы матэрыі ў другую — усё тое, што я так старанна вывучаў і запамінаў у школе, упарта сцвярджала, даказвала мне: сапраўды, са смерцю чалавека заканчваецца і ягонае існаванне, і ты, Ёх, тут не выключэнне, і таму ты тут ніяк не выкруцішся... Колькі начэй я не спаў, шукаючы лагічнае выйсце з гэтага безвыходнага становішча, і, канечне, нічога не мог прыдумаць, адчуваў толькі, як з кожным пражытым днём веданне формул, лагічных заканамернасцяў размывае ў маёй душы пачуццё вечнасці свайго існавання, і таму я станаўлюся іншы: маўклівы, замкнуты...

Помніцца, як з Настаўнікам мы наведвалі могілкі трэцяга паверха. Канечне, я ўжо і дагэтуль добра ведаў, што ўсё жывое на караблі ў свой час памірае і становіцца звычайным рэчывам, патрэбным другому жыццю, ведаў я, што звычайна нябожчыкаў апускаюць на першы паверх і што там з імі робяць — нікому невядома, акрамя тых людзей, якія адбываюць пакаранне. Толькі найлепшым людзям карабля ставілі помнікі, — паўтараю, я ўсё гэта ведаў, але, калі Настаўнік прывёў мяне да невялічкай роўнай пляцоўкі, абсаджанай з усіх бакоў клёнамі, засеянай травою, мне чамусьці стала вусцішна. Дзе-нідзе на пляцовачцы выторкваліся з травы невялічкія стандартныя слупкі, пад якімі, я гэта ведаў, пахаваны людзі — іх імёны былі выбіты на слупках.

— А вось і нашы могілкі, — сказаў Настаўнік, калі мы падышлі да той пляцовачкі. — Слупкі, якія ты бачыш — гэта помнікі камандзірам карабля, якія некалі вучыліся ў нашай школе.

— І гэта — ўсё? Больш ад чалавека нічога нідзе не засталося? — спытаў я.

— Так, нічога і нідзе... — паўтарыў як рэха Настаўнік. — Так ужо атрымліваецца, што веды чалавеку не прыносяць радасці. Чалавек памірае, і з ім усё памірае. Ён тады становіцца матэрыяй, бяздумнай звычайнай матэрыяй, якая з адной формы можа пераходзіць у іншую.

Слухаючы словы Настаўніка, я адчуў, што мне холадна. І яшчэ ў каторы раз я адчуў сябе як у замкнутым коле. Чамусьці мне ўспомніўся той памятны ўрок, на якім Настаўнік гаварыў пра круглую замкнутую лінію, як пра прыклад бясконцасці ў аднамернай прасторы. Толькі радасці ў маёй душы цяпер не было.

«Бяздумная матэрыя, бяздумная матэрыя...» — білася ўва мне адно і тое ж. Я глядзеў то на Настаўніка, то на зялёную, роўна падстрыжаную траву, то на клёны з зялёнымі лістамі — усё вакол здалося надзвычай непарушным, застылым навечна, як і тыя невялічкія белыя слупкі. Нечакана ў гэтай непарушнасці мне кінуліся ў вочы два белакрылыя матылі, якія невядома адкуль паявіліся над пляцовачкаю, яны неяк лёгка і бесклапотна віліся адно ля аднаго, то апускаючыся да самай травы, то падымаючыся. Пасядзеўшы імгненне на адным са слупкоў, яны зноў падняліся ў паветра і паляцелі ў бок клёнаў, абганяючы адно аднаго, як бы звязаныя між сабою нябачнай ніткаю...

І тады мне падумалася: ці патрэбны чалавеку тыя веды, якія прыносяць яму адчай і разгубленасць? Мо лепей было б, каб людзі на караблі нічога не ведалі пра смерць?.. Хай бы яны, як і я некалі ў маленстве, верылі і спадзяваліся, што яны — вечныя... І калі б людзі верылі ў сваю вечнасць, то, відаць, жыццё на караблі можна было б пабудаваць па іншых законах. Па якіх, па якіх?..

Нешта няяснае магутнае білася ў маёй душы. Я ўсё хацеў штосьці зразумець, ды ніяк не мог зразумець. Як знарок, як намёк на нейкае выйсце, у маёй памяці ўсё не знікалі гэтыя два белакрылыя матылі, што бесклапотна віліся адно ля аднаго... А потым, каб адагнаць ад сябе ўсё незразумелае, я сказаў Настаўніку:

— Калі чалавек памірае і ад яго нічога нідзе не застаецца, значыць вы, Настаўнік, хлусіце: па караблі няма таямніцы.

— Не, — тут жа запярэчыў ён. — На караблі ёсць таямніца. Без таямніцы не было б і карабля. Чалавек не можа жыць без таямніцы.

— Вы яе ведаеце?

— Паўтараю, — ніхто, апроч камандзіра карабля, яе не ведае і не павінен ведаць. Вучыся, Ёх, і ты ўведаеш таямніцу карабля.

І цяпер мне нічога іншага не заставалася, як цалюткімі днямі прападаць у бібліятэцы, дзе з дапамогаю фізічных і матэматычных законаў, прымяняючы халодныя лагічныя заканамернасці, я спрабаваў знайсці сцежку да таго, ад чаго быў адарваны... І ўжо не цешылі мяне гульні і забавы маіх аднагодкаў. Нават тады, калі з Альмінаю выпраўляўся гуляць у парк атракцыёнаў, нават і тады я не мог забыць любімага Настаўніка, усяго таго, чаму той вучыў. Таму час ад часу, калі я станавіўся занадта маўклівым, Альміна штурхала мяне і пыталася:

— Ёх, што здарылася? Чаго ты так пільна глядзіш вакол сябе, на тыя ж арэлі?

— Я ўсё хачу ўспомніць той закон, згодна якога яны могуць рухацца. Ты не помніш гэтага закону?

— Не, не помню і помніць не хачу. На арэлях проста добра гушкацца. Ты, Ёх, відаць, занадта разумны, каб гушкацца на арэлях. Няўжо гэта так важна: ведаць закон, па якім рухаюцца арэлі?

— Гэта цябе не цікавіць? — у сваю чаргу здзіўляўся я. І дзіўна было: у той час, калі глядзеў на Альміну, адчуваў, што і сапраўды гэта ўжо не так важна, ці ведаю я закон, па якім рухаюцца арэлі.

З некалі маленькай пяцігадовай дзяўчынкі, якую я ўпершыню ўбачыў, Альміна выцягнулася ў прыгожую трынаццацігадовую дзяўчынку; калі я сустракаўся з ёю позіркам, незразумелае хваляванне і сорам апякалі маю душу, адчуваў, што чырванею. І яшчэ адчуваў, што не ведаю чагосьці такога, што вядома Альміне, хоць у школе яна займалася нашмат горш за мяне. Мяне здзіўляла, што яна цікавілася тым, пра што я рэдка думаў.

— Ёх, навошта ты гэтак апантана займаешся навукаю? — магла спытаць яна.

— А што можа быць важнейшае і цікавейшае за навуку? Азірніся вакол сябе, паглядзі: усё, што зроблена на караблі, гэта зроблена з дапамогай навукі: і атракцыёны, і займальныя відовішчы, і энергаўстаноўка — усё-усе..

— Ой, Ёх, я ж не супроць навукі, але ж пе трэба з яе рабіць ідала, іначай сам можаш стаць бяздумным ідалам, — смяялася яна, папраўляючы рукою чорныя валасы. Як і ва ўсіх вучаніц, у Альміны была кароткая стрыжка, але, бадай, ніводная з вучаніц не ўмела так рэзка і хутка адкідваць набок пасмачку непаслухмяных валасоў. Я і цяпер бачу гэты рэзкі імклівы ўзмах рукою, гэты бліскучы агністы позірк з-пад ілба... — Няўжо табе зусім не хочацца ўспамінаць маленства, калі мы яшчэ жылі з бацькамі на другім паверсе? Я дык магу гадзінамі ўспамінаць тое жыццё: і калі ішоў зімою снег, і калі дажджы ішлі, а я, седзячы ля акна, глядзела на лужыны. Гэта здаецца такім дробязным, але яно мне такое дарагое. Ты хоць успамінаеш калі, як мы хадзілі ў лес і там збіралі ягады? Гэта так прыемна і соладка: успамінаць...

Я маўчаў. Калі б толькі Альміна ведала, што сваімі словамі ў каторы раз дакранаецца ў маёй душы да таго таемнага і балючага, пра што нікому не гаварыў, ды і не мог сказаць. Ні ёй, пі нават Настаўніку.

Адкуль яна магла ведаць, што праводзіў цалюткія дні над кнігамі, побач з Настаўнікам толькі дзеля таго, каб уведаць, хто ж з іх хлусіў: ён, Настаўнік, ці маці?.. Ні на дзень я не забываўся пра тыя дзіўныя песні, якія некалі ў вячэрнім змроку пяяла мне маці на невядомай мове. І тады, калі адзін у бібліятэчнай цішыні я прагна чытаў кнігі на гісторыі карабля, калі вывучаў справядлівы Закон карабля, калі гадзінамі распытваў Настаўніка, я ўвесь час думаў, што нехта з іх хлусіў... Як гэта бывае ў маленстве — а мне ў той час было трынаццаць год — душа мая прагла яснасці і катэгарычнасці, я проста не мог жыць з пакутлівым пачуццём нявысветленага; нават жахлівыя загадкавыя Здані мяне цікавілі менш, чым тое дзіўнае паданне, якое расказвала мне маці. Гадзінамі на адзіноце я спрабаваў уявіць, якім яно можа быць, тое далёкае загадкавае жыццё на вялізным-вялізным караблі, што называецца планетаю. І яшчэ мне думалася, — калі маці не хлусіла, калі можа быць нейкае другое жыццё, пабудаванае па іншых законах, то тады чаму не можа быць вечнага існавання ў тым жыцці?..

Калі Альміна знаходзіла асалоду ва ўспамінах пра мінулае, да якога ніяк нельга вярнуцца, то я знаходзіў гэткую ж асалоду ў марах пра недасяжнае будучае, да якога спадзяваўся дабрацца з дапамогаю кніг і падручнікаў, з дапамогаю мудрага Настаўніка.

І яшчэ мінуў год, і яшчэ...

Нарэшце настаў час экзаменаў па спецыялізацыі тых экзаменаў, пасля якіх адны вучні, больш здольныя і кемлівыя да навукі, маглі вучыцца далей, набліжаючыся да спасціжэння таямніцы карабля, другія, з горшымі адзнакамі — а іх, трэба прызнацца, была большасць — пачыналі набываць практычныя спецыяльнасці: энергетыкаў, якія гадамі працавалі на энергаўстаноўцы, забяспечваючы карабель цяплом і энергіяй, металургаў, якія ў вялізных печах выплаўлялі метал, здабыты з метэарытнага пылу, земляробаў і жывёлаводаў, што забяспечвалі ўсіх жыхароў карабля харчам, работнікаў экалагічнай сістэмы, якія ўмела рэгулявалі тэмпературу карабля, ствараючы на кожным паверсе свой мікраклімат, калі — зіму, калі — лета, наганяючы ці разганяючы вільготныя хмары. Шмат, вельмі шмат спецыялістаў патрабавалася нашаму караблю; так склалася, што кожны жыхар карабля добра ведаў і разбіраўся ў сваёй спецыяльнасці і мала што ведаў пра спецыяльнасць другога чалавека,— гэта вузкая спецыялізацыя раздзяляла людзей на асобныя групы, прымушала думаць, што яго спецыяльнасць найгалоўнейшая на караблі. Усе вучні, і я, і Альміна згодна Закону карабля павінны былі прымаць прысягу на вернасць караблю. Штодня слухаючы словы Настаўніка пра чэснасць і праўду, пра ісціну і справядлівасць, перад тым як прымаць прысягу, я не вытрымаў, спытаў Настаўніка пра тое, ад чаго пакутаваў гадамі:

— Настаўнік, ці чулі вы пра дзіўнае паданне, у якім апавядаецца пра тое, што людзі некалі жылі не на караблі?

— А-а, я так і ведаў, я так і здагадваўся, што гэта зараза пранікла ў цябе. Гэта яна тачыла тваю душу гадамі, і таму ты часта быў такі маўклівы. Яна пранікла нават у цябе, майго лепшага вучня... — напачатку я не зразумеў, што ж так абурыла майго Настаўніка, які дагэтуль заўсёды быў стрыманым і спакойным. Ён хадзіў па класе ўзад-уперад перада мною, па сваёй любімай звычцы ён размахваў рукою і больш для сябе, чым для мяне, гучна гаварыў:

— Гадамі ты спазнаваў законы, ты спазнаваў ісціну, і як ты мог усумніцца ў ёй, ты, мой лепшы вучань?.. Гэтулькі год я правёў побач з табою, гэтулькі прачытана кніг і падручнікаў, і вось на табе... Так, Ёх, на караблі яшчэ шмат загадкавага. Але, паўтараю, — на караблі, а не за межамі карабля, там — пустэча, бязмежны бяздушны космас, у якім няма і не можа быць жыцця. Цяпер, калі ты амаль дарослы чалавек, калі я ведаю, што ты, як адзін з лепшых вучняў, будзеш вучыцца на чацвёртым паверсе, я не магу ды і не хачу хаваць ад цябе ўсёй праўды: і я таксама яшчэ шмат чаго не ведаю. Я нават не ведаю, ці ёсць на караблі Здані. Я не ведаю, куды ляціць карабель. Я не ведаю таямніцы карабля. Я не ведаю нават таго, жывы наш карабель ці мёртвы. Адны вучоныя сцвярджаюць, што ён — жывы, амаль што гэткі ж, як і мы, людзі, другія сцвярджаюць, што ён — мёртвы... Пра многае ты, Ёх, даведаешся, калі будзеш вучыцца на чацвёртым паверсе. Але адно я пэўна ведаю: самае шкоднае, пра што ты тут жа павінен забыць і ніколі не ўспамінаць — гэта паданне пра тое, што людзі могуць жыць без карабля. Няўжо я цябе дрэнна вучыў, Ёх? — Настаўнік падышоў да мяне блізка і глянуў у вочы гэтак, што мне стала жудасна. — Скажы, Ёх, чэсна, няўжо людзі могуць жыць без карабля? Калі няма сцен, калі няма паверхаў, няма энергаўстаноўкі, то паветра таксама не будзе, усёўсё разляціцца, тут жа разваліцца ў бязмежным космасе... Не будзе сілы цяжару, і тады загінуць дрэвы, загіне ўсё жывое. Няўжо можна прыдумаць штосьці іншае?

— Так, людзі не могуць жыць без карабля, — ледзь чутна прашаптаў я.

— Тады навошта ты носіш у сабе гэтае паданне, якое разбурае лад у тваёй душы, адымаючы радасць існавання на караблі?

— Не ведаю, я нічога не ведаю, — нечакана для сябе я заплакаў. Я ўспомніў маці, той далёкі вечар.

— Ты павінен быць чэсным і сумленным чалавекам, Ёх. Таму скажы мне: хто табе гаварыў пра гэтае паданне? Перад тым як прымаць прысягу на вернасць караблю, скажы мне пра гэта, Ёх. Гадамі я прывучаў цябе гаварыць праўду, якой бы яна горкаю ні была, але праўду трэба гаварыць, не забывайся пра гэта. Дзеля праўды і справядлівасці ты павінен пайсці па ўсё...

— Маці ў маленстве, — ледзь чутна самі па сабе вырваліся ў мяне словы.

— І яшчэ яна, канечне, прасіла перадаць гэтае паданне тваім нашчадкам?

— Так...

— Я так і ведаў, я так і здагадваўся... — ледзьве не закрычаў Настаўнік. Вочы ягопыя загарэліся халодным агністым бляскам, і зараз перад сабою я нечакана ўбачыў зусім другога, невядомага мне чалавека. І яшчэ ў нейкае апошняе імгненне мне падумалася: што ж такога кепскага зрабіла яму мая маці? Цяпер ужо Настаўнік мною не цікавіўся, ходзячы па класе, ён крычаў і крычаў: — Адтуль, з другога паверха, плыве гэтая зараза, якую мы каторае стагоддзе ніяк не можам выкарчаваць. Адтуль...

Потым ён, як бы штосьці ўспомніўшы, зноў падышоў да мяне і, гледзячы ва ўпор, холадна і ўладна сказаў:

— Што ж, Ёх, ты будзеш судзіць сваіх адсталых бацькоў. Я рады, што мая праца не прапала дарма, я проста шчаслівы, што аказаўся сапраўдным Настаўнікам... І ты аказаўся сапраўдным вучнем. Як лепшы вучань школы на паказальным судзе трэцяга паверха ты будзеш сам судзіць сваіх бацькоў...

 

1 Мёбіуса ліст — прасцейшая аднабаковая паверхня, якая атрымліваецца пры склейванні двух процілеглых бакоў прамавугольніка. (Мяркуючы па запісах у дзённіку, Настаўнік Ёха быў даволі адукаваны чалавек.)

2 На сённяшні стан навукі вучоныя не бачаць прынцыповай розніцы паміж сілаю гравітацыі і той сілаю, якая ўзнікае пры паскарэнні матэрыяльнага цела. Калі касмічны карабель будзе рухацца ў міжзорнай прасторы з паскарэннем 9,8 м/сек2, то на ім будзе гэткая ж сіла цяжару, якая ёсць на Зямлі. Стан бязважкасці, які паяўляецца ў касманаўтаў падчас ваколзямных палётаў, ёсць вынік процідзеяння сілы гравітацыі і сілы паскарэння касмічнага карабля.

3 Сапраўды, такая формула маецца. Законы прыроды ўніверсальныя, і таму на караблі існавалі тыя ж законы, якія існуюць на Зямлі. Е — гэта энергія спакою часцінкі ў сістэме адліку, у якой часцінка знаходзіцца ў спакоі, м — маса спакою часцінкі, с — хуткасць святла ў вакууме.

Ноч трэцяя

І зноў я саджуся пісаць свой дзённік.

Учора, калі напісаў у дзённіку пра тое, як прызнаўся Настаўніку пра паданне, якое ўпершыню пачуў ад маці, я зноў у каторы раз адчуў, што нічога не ведаю. Таму я адклаў дзённік і да самага світанку думаў не столькі пра сваё маленства, а пра іншае, аб чым дагэтуль рэдка задумваўся.

Што ёсць праўда, ад імя якой я суджу і караю людзей, адпраўляючы іх на першы паверх, дзе яны ўрэшце загінуць пакутлівай смерцю?

Што ёсць ісціна, пра якую гэтулькі напісана кніг філосафамі нашага карабля?

О-о, якім болем і горыччу напаўняецца мая душа цяпер, калі разважаю па адзіноце пра сэнс гэтых слоў, якімі прыкрываўся ўсё жыццё, як прыкрываецца наш карабель шчытом-засцерагальнікам ад метэарытнага пылу.

І тады, калі яшчэ вучнем на трэцім паверсе судзіў сваіх бацькоў, і пазней, калі ў філасофскіх семінарах спрачаўся з разумнымі аднагодкамі, і яшчэ пазней, калі на пятым і шостым паверхах вучоныя карабля дэманстравалі жахлівую рэальнасць, што прасціралася як за межамі карабля, так і ў саміх лабараторыях, калі спакойна зацвярджаў прысуды Старшынь паверхаў — увесь час я хаваўся за гучнымі словамі: праўда, ісціна, справядлівасць... І як часта я хлусню прымаў за праўду! Як цяжка адрозніць хлусню ад праўды!

Што ёсць праўда?

Што ёсць ісціна?

Відаць, найлепей будзе, калі дапішу ў дзённіку сваю горкую споведзь. Мо ў гэтым і будзе хоць маленькая кропелька праўды. І зноў жа: чыёй праўды?..

Маёй?..

Загубленых мною бацькоў?..

Нашага з Альмінаю кахання, якое, толькі-толькі завязаўшыся, было мною ж груба растаптана?..

Ды вось пасля тлумнага цяжкага дпя цемра зноў агортвае мяне, перада мною ляжаць на стале чыстыя лісты дзённіка. З чаго ж пачынаць на гэты раз?

...Перад тым як прымаць прысягу па вернасць караблю, усіх выпускнікоў школы сабралі ў актавай зале. На сцэне сярод іншых настаўнікаў я выразна бачыў і свайго любімага Настаўніка. Ён быў чамусьці надта ўсхваляваны... Як і іншыя настаўнікі, ён сядзеў за доўгім сталом і ўсё не знаходзіў сабе месца — то праглядаў паперы, што грудам ляжалі перад ім, то загаворваў з суседзямі, то пільна глядзеў у залу, як бы кагосьці шукаючы. Як лепшы вучань я сядзеў у першым радзе, ведаў, што прысягу буду прымаць першым, і таму думаў, што Настаўнік хвалюецца з-за мяне: ці правільна прыму прысягу.

Нечакана за маёю спіною, дзе на крэслах сядзелі іншыя вучні, я пачуў лёгкі шум. Штосьці здарылася. Азірнуўся. І тады ўбачыў, — па вузкім праходзе між крэслаў да сцэны ішлі двое дарослых. Нешта прымусіла мяне пільна ўглядзецца ў іх. І тады я пазнаў: то былі мае бацькі. Маці пастарэла, і, як мне падалося, яна стала ніжэйшай ростам, на яе бледнаватым стомленым твары былі маршчыны. У бацькі паявілася сівізна, ён быў нейкі нават прыгорблены, — гэта быў ужо зусім не той чалавек, які некалі лёгка падкідаў мяле ўгору... Абое яны на хаду азіраліся, кагосьці шукаючы. І тут я зразумеў, каго яны шукалі. Хтосьці невядомы мне падказаў: «Не забывайся — дзесяць год мінула, дзесяць год... Яны пастарэлі, а ты ўжо — дарослы...»

Я ледзь не ўскочыў з крэсла, каб выкрыкнуць: «Я тут, глядзіце, я ўжо вялікі, ці пазнаяце мяне?»

Бацькі падняліся на сцэну і сталі побач, пільна ўзіраючыся ў залу. Відаць, яны мяне так і не заўважылі, а калі і заўважылі, то не пазналі. Няўжо я так змяніўся!

Дырэктар школы, падняўшыся са свайго крэсла, гучна сказаў:

— Сягоння перад тым, як вы, выпускнікі, пачняце прымаць прысягу на вернасць караблю, у нас адбудзецца вельмі важная падзея. Будзе суд паверха пад тымі бацькамі, якія распускаюць шкодныя плёткі па караблі. Выпускнік Ёх, падыміся па сцэну.

І толькі цяпер я зразумеў жахлівы сэнс слоў майго Настаўніка, калі ён гаварыў, што буду судзіць сваіх бацькоў. Тады, калі ён гэта казаў, я думаў, што суд той будзе чыста маральны, ні ў якім разе я не думаў пра такі суд. Я памалу падняўся на сцэну і глянуў у залу. На мяне пільна глядзелі мае аднагодкі. Дзіўна, яны глядзелі на мяне так, быццам бачылі ўпершыню, быццам мы і не вучыліся разам дзесяць год, быццам вечарамі ў інтэрнаце мы і не спрачаліся пра тое, ці жывы пані карабель, ці ёсць на караблі Здані... І яшчэ мне чамусьці было страшна глянуць на бацькоў, хоць увесь час адчуваў, што тыя не зводзяць з мяне позірку.

— А зараз я прадстаўляю слова Настаўніку Ёха, — сказаў дырэктар і сеў.

— Скажы нам, Ёх, ці гаварылі табе бацькі пра шкоднае паданне, у якім апавядаецца пра тое, быццам людзі могуць жыць без карабля?

І тут я адчуў сябе, як у пастцы. Я не мог хлусіць, ніяк не мог, не меў на гэта права. Я павінен быў быць чэсным, праўдзівым, сумленным. Я першы прымаў прысягу па вернасць караблю, я паказваў прыклад...

Выратавальна я глянуў на бацькоў. Я жахнуўся. Як жа яны змяніліся за некалькі імгненняў!

Маці плакала і скрозь слёзы спрабавала ўсміхнуцца.

І вось гэта яе спроба ўсмешкі праз слёзы працяла мяне так, што мне захацелася тут жа знікнуць, растварыцца ў паветры альбо стаць адным з тых бяздумных бетонных слупкоў, якія каторы год стаяць на могілках, акружаныя клёнамі... Бацька не плакаў, ён суха і здзіўлена глядзеў на мяне, як на чужога невядомага яму чалавека. І яшчэ, як мне падалося, ён штосьці шукаў на маім твары. Адна думка білася, не давала спакою: хай бы цяпер мяне нідзе не было. Пякучы боль працяў маё цела. Я фізічна быў прыдаўлены насцярожанымі позіркамі аднакласнікаў, позіркамі настаўнікаў і, галоўнае, позіркамі маіх прыціхлых бацькоў. Падалося: яшчэ адно імгненне і я не вытрымаю, упаду на сцэне.

Што рабіць, што рабіць?

Абавязак і сумленне... Мы не вучылі ў школе, што такое сумленне, але я адчуваў, што адным словам загублю бацькоў. Усяго адным кароценькім словам. Мне было так шкада іх, ужо састарэлых. Яны, відаць, прывыклі да свайго пасёлка, да таго лесу, у які хадзілі без мяне. І яшчэ яны, відаць, марылі, як я вырасту, і аднойчы некалі вярнуся да іх, і ашчасліўлю. І вось я вырас... І між тым — у гэтым я быў упэўнены — абавязак прымушаў мяне гаварыць праўду. За час вучобы я ўпэўніўся, што людзі не могуць жыць без карабля. Я ўпэўніўся, што паданне і сапраўды шкоднае, бо яно разбурае людскія душы. Калі і людзі пачнуць верыць, што можна жыць за тоўстымі сценамі карабля, то на караблі яны адчуюць сябе, як адчуваюць сябе людзі на першым паверсе. І тады іх ніхто і нішто не спыніць, тады па караблі будзе хаос.

І таму я сказаў тое кароткае жахлівае слова:

— Так.

Адступаць не было як. Ды і не было куды. Заставалася ісці наперад. Толькі наперад, туды, да сёмага паверха, дзе была таямніца карабля.

— Што гаварылі табе бацькі? — уладна і строга звінеў нада мною голас Настаўніка.

— Маці казала, што ёсць зоры, што ёсць вялікая-вялікая планета, на якой некалі жылі нашы продкі. Там усё нашмат большае, чым у нас па караблі. І горы большыя, і мора, і лясы... Там ёсць сонца, якое грэе людзей, і людзі там гаварылі зусім не так, як мы цяпер гаворым. Яны пяялі песні.

— Хто з вас, вучні, можа сказаць, што ўсё гэта — верагодна? — гучна спытаў мой Настаўнік выпускнікоў. Было маўчанне ў зале. Тады Настаўнік павярнуўся тварам да маіх бацькоў і сказаў: — Вось бачыце: вашы дзеці вам не вераць. Вы цяпер самі ўпэўніліся, што ніхто не верыць вашым плёткам. Скажыце нам, суду паверха, навошта вы распускаеце гэту атруту?

Я баяўся глянуць на маці і бацьку. Ніякая сіла цяпер не магла прымусіць глянуць па бацькоў. Толькі па дрыготкаму голасу маці я здагадаўся, што яна плача:

— Не ведаю. Я нічога не ведаю. Я некалі паўтарыла сыну толькі тое, што мне гаварыла мая маці.

— Вы ведалі Закон карабля, згодна якога нельга распускаць шкодныя плёткі?

— Ведала.

— А ці ведалі вы, што згодна гэтага ж Закону вас чакае пакаранне за такія плёткі?

— Ведала.

— Відаць, вам проста надакучыла жыць на другім паверсе. Вам больш не хочацца хадзіць у выхадныя дні па лесе, вам стаў нясмачны наш хлеб, што вырошчваецца на нашых палях. Вам захацелася большага — вам захацелася марыць пра штосьці неверагоднае і зусім нерэальнае, — голас майго Настаўніка станавіўся ўсё званчэй, быццам Настаўнік паступова падымаўся ўсё вышэй і вышэй, і ўжо адтуль, з недасягальнай вышыні, як з сёмага паверха ўсё роўна, я чуў: — О-о, людзі, няўдзячныя людзі, вам вечна не ўгодзіш, вам вечна чагосьці не хапае!.. Тады, калі ў вас няма хлеба, вы гатовы поўзаць па каленях і прасіць яго ў кожнага стрэчнага; не думаючы пра свой гонар, якраз тады вы марыце пра хлеб, як пра адзіную найвышэйшую ўзнагароду, дзеля якой пойдзеце на што хочаш. Камандзір карабля, Вялікі Савет далі вам хлеб, далі вам жытло і работу. Акрамя таго яны далі вам яшчэ і відовішчы, якія вы можаце глядзець у вольны ад работы час. Што яшчэ вам патрэбна?.. Вам гэтага аказалася мала, няўдзячныя, вы ўздумалі марыць пра недазволенае. Сваімі шкоднымі плёткамі вы пачалі разбураць парадак на караблі, і гэтым вы пазбавілі сябе свайго хлеба, свайго жытла, сваёй работы, сваіх відовішч... Што ж, думаю, суд паверха справядліва ацэніць ваш учынак.

А потым я пачуў гучныя словы Старшыні паверха:

— Імем Закону карабля бацькі Ёха накіроўваюцца на перавыхаванне на першы паверх, дзе сваёй самаадданай працаю па карысць карабля паспрабуюць выправіць сваю віну.

Нечакана невядома адкуль на сцэне паявіліся двое патрульных са слуяжбы аховы парадку, амаль гэткія ж, якіх я некалі бачыў у лесе. Стаўшы побач з бацькамі, яны навялі іх са сцэны.

І зноў я пачуў уладны голас Настаўніка:

— Сягоння наш лепшы вучань Ёх паказаў усім нам прыклад сумленнасці і чэснасці. Наперадзе ў вас доўгае жыццё, кожны з вас зможа мець спецыяльнасць, зможа мець сям’ю, дзяцей, хлеб, работу. Але ўсё гэта вы зможаце мець толькі тады, калі штодня, штохвілінна будзеце выконваць Закон карабля, які вывучалі ў школе. І яшчэ ва ўсіх нас ёсць агульная задача — супольнымі намаганнямі трэба выкараняць з людской свядомасці бязглуздае паданне, з-за якога, як самі ўпэўніліся, бацькі Ёха накіраваны на першы паверх. Помніце, што патрульныя са службы аховы парадку добра ведаюць сваю справу. Не забывайцеся і пра тое, што, як сцвярджаюць многія, на караблі водзяцца жахлівыя Здані, якіх хоць і ніхто не бачыў, але пра якіх гэтулькі вядзецца гаворак. Як паказвае статыстыка, Здані ў большасці выпадкаў нападаюць на парушальнікаў Закону карабля. А зараз пачнём урачыстую прысягу. Думаю, што вучань Ёх сваімі чэснымі сумленнымі паводзінамі заслужыў таго, каб не гаварыць тэкст прысягі. Віншуем цябе, Ёх. Сядай.

Я добра чуў свайго любімага Настаўніка. Ведаў, што цяпер трэба спускацца са сцэны ў залу, а маё месца на сцэне зойме другі выпускнік і дрыготкім ад хвалявання голасам пачне гаварыць: «У імя Закону карабля я клянуся быць чэсным, сумленным і працавітым... Калі ж парушу святую клятву...»

Штосьці неверагоднае рабілася са мною, чаго дагэтуль ніколі не было: не мог скрануцца з месца, быццам ператварыўся ў другога невядомага мне чалавека, у якога іншыя думкі, іншыя пачуцці. І яшчэ мне стала боязна гэтага чалавека. Гэтак жа боязна мне было глянуць у залу, дзе прыцішана сядзелі мае аднагодкі. Звычайна ў зале стаяў лёгкі шум, а цяпер была затхлая жахлівая цішыня...

Магчыма, я пішу блытана, бязладна, але гэткімі ж былі тады мае думкі і пачуцці.

— Вучань Ёх, што з табою? — прагучаў голас Настаўніка. І толькі гэты ўладны голас прымусіў мяне скрануцца з месца. Але як толькі я зрабіў крок, нягнуткімі здранцвелымі нагамі, адчуў, што падаю...

 

Апрытомнеў у бальнічнай палаце. Як толькі расплюшчыў вочы, убачыў над сабою белую столь. Як падалося, я апрытомнеў толькі таму, што хтосьці гладзіў маю руку, — лёгкае прыемнае цяпло сыходзіла ад нечай цёплай далоні, яно, гэтае цяпло, напаўняла ўсё цела дзіўным спакоем. І тут я ўспомніў: гэтак жа ў маленстве гладзіла мяне маці, калі я хварэў. Але як толькі я ўспомніў пра маці, перад вачыма адразу ж паўсталі: суд паверха, бацькі, якіх выводзілі са сцэны патрульныя са службы аховы парадку. Успамін быў настолькі цяжкі, што ён нагадаў мне сон, адзін з тых блытаных пакутлівых сноў, якія бываюць падчас хваробы, і таму, каб хутчэй ад яго пазбавіцца, я з цяжкасцю павярнуў галаву. Убачыў Альміну. Гэта яна сядзела побач і гладзіла маю руку.

Не трэба забываць, што нам было ў той час шаснаццаць. Альміна — сапраўдная прыгажуня. Доўгія валасы прыгожа спадалі на плечы, на белых шчоках прабівалася ружовасць, яе поўныя чырвоныя вусны, на якіх, колькі помню, вечна блукала ўсмешка, цяпер былі шчыльна сціснутыя. Заўсёды вясёлыя іскрыстыя вочы на гэты раз свяціліся незразумелым жалем. На імгненне мне падалося, што гэтак глядзела на мяне маці ў дзень суда...

Куды і як схавацца ад успамінаў, якія могуць цешыць і радаваць чалавека, надаючы яму сілу і надзею на лепшае жыццё, і ў той час могуць пякельнай атрутаю выпякаць душу, робячы жыццё немагчымым?..

Дагэтуль я думаў, што чалавек жыве адной падзеяю на лепшае будучае. Заклапочаныя, хто — загадкаю смерці, хто — думкамі аб бессмяроцці, хто — славаю, хто — грашыма, з дапамогаю якіх можна атрымаць асалоду, людзі, як мне думалася, спадзяваліся недзе некалі ў будучым вырашыць свае праблемы, і дзеля гэтага яны гатовы былі пайсці на ўсё, аблытваючы адно аднаго хлуснёю, абавязкамі, абяцаннямі, даўгамі, здрадаю. Дагэтуль я думаў, што ў гэтай хітрай гульні, невядома кім і навошта прыдуманай, і ёсць самая галоўная загадка. І толькі цяпер, калі ўбачыў Альміну, я зразумеў, што чалавек не можа жыць без успамінаў аб перажытым. А калі і зможа, то ці застанецца ён чалавекам?.. Нешта новае адкрылася мне ў гэтае імгненне, быццам я адхінуў заслону, дзе было чужое невядомае жыццё. Але было гэта ўсяго адно імгненне...

Альміна была такая прыгожая і далёкая, што мне стала боязна: як бы не згубіць яе... Падалося, што я зусім не ведаю гэту сумную задуменную прыгажуню. Цяпер я быў гатовы зрабіць усё, каб быць побач з ёю.

Тады, калі я пачаў баяцца, што згублю яе навечна, я зразумеў, што кахаю яе.

Як толькі Альміна ўбачыла, што я расплюшчыў вочы, яна схамянулася і нават паспрабавала ўсміхнуцца:

— Ну вось нарэшце ты і ачуняў. Маё дзяжурства каля цябе заканчваецца. Мне пара.

— Чаму ты сказала: заканчваецца?

— Ты і сам усё павінен ведаць... Дарогі нашы, як табе вядома, разыходзяцца. Ты, як лепшы вучань, перабярэшся жыць вышэй, на чацвёрты паверх, а я, вечная гультайка... — і зноў Альміна дзіўна і балюча ўсміхнулася. Як заплакала...

Тое пакутлівае пачуццё дваістасці, якое адчуваў падчас суда паверха, зноў нахлынула на мяне. Мне падалося, што губляю прытомнасць. Няўжо, няўжо і Альміна навечна знікне? І тады само сабою вырвалася:

— Я кахаю цябе, Альміна. Не пакідай мяне.

— І я цябе кахаю, толькі адзін ты гэтага не бачыў, заняты сваёй навукаю, — ледзь чутна сказала яна і толькі цяпер заплакала. І па яе плачы я зразумеў, што ёсць на караблі Закон карабля, які нікому нельга парушаць, зразумеў, што ўчора зрабіў у сваім жыцці штосьці такое, што ўжо ніхто і ніколі не паправіць, ні я сам, ні Альміна. І ўжо ніколі яна не будзе трымаць сваімі цёплымі мяккімі пальцамі маю руку. Тады я ўпершыню адчуў і зразумеў, якое гэта жахлівае і халоднае слова ніколі...

Мы маўчалі. Альміна ціха скрозь слёзы спытала:

— Навошта ты так зрабіў, Ёх?

— Што? — я нічога не зразумеў.

— Навошта ты загубіў сваіх бацькоў? Навошта ты загубіў наша каханне?

— Альміна, няўжо і ты не верыш мне, што я чэсна імкнуўся ведаць ісціну і праўду?

Тады пачуў ад яе тое, пра што думаю і цяпер, на старасці год:

— Ці можа называцца праўдаю тое, што прыносіць людзям боль і гібель? Праўда без чалавека не бывае. І каб сказаць, што такое праўда, трэба добра ведаць, што такое чалавек. Я не ведаю, Ёх, што такое чалавек. Я не ведаю, дзеля чаго мы жывём на караблі. Не ведаю, куды мы ляцім. Мо ты ведаеш, Ёх?

— Я таксама не ведаю, куды мы ляцім на караблі, — хутка і таропка загаварыў я. — Але я хачу гэта ведаць. І калі я стану камандзірам карабля, то...

— Таму ты загубіў сваіх бацькоў... — Альміна перабіла мяне ледзь чутна, але ад гэтага мне было не менш балюча.

Зноў мы маўчалі. І зноў Альміна першай парушыла бальнічную цішыню:

— Я таксама чула ад сваіх бацькоў пра дзіўнае паданне. Усе вучні нашага выпуску ведаюць пра гэта... Толькі адзін ты... — Альміна заціхла. Яна не пераставала плакаць.

Я чакаў чаго хочаш, але не такога прызнання...

— Няпраўда. Ты знарок хлусіш! Ты знарок так гаворыш!.. — я ледзь не закрычаў. Я ніяк не мог паверыць у толькі што чутае.

Тады Альміна скрозь слёзы заспявала тую дзіўную песпю, якую некалі спявала мне маці, калі мы стаялі з ёю на ўскраіне пасёлка, агорнутыя цішынёю і цемраю.

Зноў я адчуў сябе, як у пастцы. Відаць, на нейкі час я страціў прытомнасць, бо калі зноў глянуў на Альміну. то ўбачыў, што яна ўжо не плакала. І той працяжнай дзіўнай песні скрозь слёзы не спявала.

То была дзіўная гаворка. Мы гаварылі пра рознае, і між тым я адчуваў сябе побач з Альмінаю гэтак, быццам з самага маленства жыў з ёю ў адным доме.

— Як жа нам быць далей? — з жахам спытаў я, не верачы ў тую рэальнасць, якая назаўсёды разлучала нас.

— Я вяртаюся на другі паверх, у рабочы пасёлак, як і іншыя выпускнікі. У мяне будзе сям’я, дзеці. І я перадам ім тое падапне...

— Навошта, Альміна?

— А навошта Законам карабля гэтак жорстка караюцца тыя людзі, якія вераць у паданне? — Альміна заўсёды ўмела задаваць дзіўпыя нечаканыя пытанні, на якія я не мог адразу адказаць. — Чаму людзям карабля забараняецца марыць?

— З мары нараджаецца дзеянне. А ў нас, людзей карабля, усё ёсць: хлеб, работа, спакой...

— Ёх, ты не заўважаеш, што пачынаеш гаварыць са мною гэтак, як некалі гаварыў са мною Настаўнік. Цябе адвучылі думаць. Няўжо людзі карабля — статак кароў?

Памаўчаўшы, яна сказала апошняе:

— Не забывай мяне, Ёх. З гадамі ты станеш іншы. Я бачу, што ты ўжо цяпер іншы. На чацвёртым паверсе рыхтуюць настаўнікаў, вучоных, старшынь паверхаў. Кажуць, што там выпрацоўваецца ў людзей новае мысленне, і таму праз нейкі час жыццё людзей другога паверха табе падасца дзіўным, а мо нават і смешным. Але прашу цябе, не забывай, што там, на другім паверсе, буду жыць я.

Вось і ўсё... Застаецца на сёння дапісаць апошняе.

Цераз два гады Альміну загубілі Здані.

У той год, калі Альміна загінула, Здані нечакана пачалі з’яўляцца на ўсіх паверхах. Яны як павар’яцелі... Нават і ў нас, на чацвёртым паверсе, яны наводзілі жах на людзей. Людзі рабіліся сцішэлымі, разгубленымі і... паслухмянымі.

Я добра помню тое імгненне, калі перад пачаткам заняткаў у аўдыторыю ўляцеў спалатнелы аднакурснік і штосілы залямантаваў:

— Здані, Здані... Яны гналіся за намі...

Ведаючы, што Здані баяцца пападаць на натоўп, мы гуртам высыпалі са школы і там, перад школаю на голым пляцы, убачылі тое жудаснае, пра што дагэтуль чулі калі-нікалі: на асфальце ніцма ляжаў наш аднакурснік.

Мы падышлі да яго. Ён быў падобны да нябожчыка. Хтосьці з нас каля соннай артэрыі заўважыў плямку — адкуль Здані высмакталі кроў няшчаснага. На бледным твары аднакурсніка смяртэльная пакута. Цяпер ужо ніхто з нашых не сумняваўся, што Здані — рэальнасць.

У той дзень лекцыі адмянілі. Мы не адыходзіліся ад свайго сябра, які нейкім цудам пазбег смерці, распытвалі яго пра Здані: якія яны. Але той нічога нам не гаварыў, нават днём ён баяўся адзіноты, увесь час спалохана азіраўся і шаптаў: «Здані, бойцеся іх... Яны жахлівыя!..»

Вечарам нашага аднакурсніка забралі з інтэрната і павезлі ў псіхіятрычную бальніцу. Болей яго ні я, ні другія аднакурснікі не бачылі.

Як потым я ўведаў, Альміна загінула амаль так, як і наш аднакурснік. Казалі, што яна часта хадзіла на ўскраіну пасёлка і бавіла там час на адзіноце. Я ведаў з маленства, што на другім паверсе людзі хаваліся ў дамах, шчыльна зачынялі дзверы і вокны, ратуючыся ад Зданяў. Альміна, як знарок, рабіла ўсё наадварот. І вось там яе насціглі Здані. І яшчэ я ўведаў, што замуж яна так і не выходзіла, хоць да таго часу амаль што ўсе яе аднагодкі мелі сем’і і дзяцей.

 

Ноч чацвёртая

І ў гэту ноч я буду працягваць сваю пакутлівую споведзь. Без ніякай надзеі на адпушчэнне грахоў я буду пісаць горкія праўдзівыя словы, сярод якіх настараюся прыхаваць боль страты, горыч адзіноты — усё тое, ад чаго састарэў раней часу.

Гісторыкі карабля, калі будуць апісваць маю біяграфію, зацікавяцца найперш тымі знешнімі падзеямі, што былі ў маім жыцці. І тут для іх цяжкасці не будзе: у маім жыцці, як і ў жыцці кожнага чалавека, яны знойдуць гэтулькі падзей і здарэнняў, што ў маіх нашчадкаў складзецца ўражанне, быццам і не я кіраваў сваім лёсам, а тыя знешнія падзеі і здарэнні абумовілі ўсё астатняе ў маім жыцці, і калі б хоць адна з падзей выпала з жыцця, то і невядома, кім бы я стаў потым... Я і цяпер магу сказаць, як будзе напісана пра мяне ў падручніку па гісторыі карабля:

— Камандзір карабля Ёх нарадзіўся на другім паверсе ў рабочым пасёлку ў сям’і не надта добрасумленных бацькоў, якія з маленства здзекаваліся з яго, атручваючы ягоную чыстую душу шкоднымі паданнямі. Падчас выдатнай вучобы на трэцім паверсе будучы камандзір карабля, атрымаўшы духоўную загартоўку ад свайго Настаўніка, дзякуючы здаровай атмасферы, што панавала сярод вучняў школы, зразумеў шкоднасць падання і таму, калі быў выпускніком школы, на судзе паверха выступіў абвінаваўцам сваіх неадукаваных бацькоў, паказаўшы прыклад сумленнасці і чэснасці...

І гэтак будуць спісаны цэлыя падручнікі, і ніхто: ні гісторыкі, ні будучыя даследчыкі ні разу не ўсумняцца ў тым, што і мне некалі было цяжка і пакутліва, што і я некалі не ведаў, што рабіць...

Апошнім часам я ўсё часцей і часцей думаю над загадкаю чалавечага жыцця. Як часта дагэтуль, зацікаўлены толькі знешнімі паводзінамі чалавека, я забываўся пра нябачныя свету трагедыі, што адбываюцца ў людскіх душах, і таму з лёгкасцю падпісваў прысуды старшынь паверхаў. Я толькі здзіўлена паціскаў плячыма, калі бачыў, як у аднолькавых умовах людзі паводзілі сябе зусім па-рознаму, адны — парушалі Закон карабля, а другія — былі яўнымі прыхільнікамі і абаронцамі гэтага Закону.

Ці ёсць у чалавека лёс? Што рухае чалавекам, ягонымі паводзінамі: тыя знешнія ўмовы, сярод якіх ён жыве, ці нешта іншае, тое, што даецца яму ад нараджэння?..

Сцвярджаючы, што чалавек — гаспадар свайго лёсу, я пачну хлусіць, бо цяпер, разважаючы над трагічным лёсам маіх бацькоў, над лёсам Альміны, над сваім лёсам, я ў каторы раз упэўніваюся, што ніводзін з нас не хацеў такога фіналу ў жыцці, а між тым, між тым... І ўсё ж хлуснёю будзе маё сцвярджэнне, што ўмовы і абставіны кіруюць лёсам чалавека. Дзесяткі вучняў ведалі пра дзіўнае паданне, ды ніводзін з іх не ўздумаў судзіць сваіх бацькоў...

Але ўсё гэта — агульныя разважанні, да якіх я так прывык на чацвёртым паверсе і якімі супакаення ў душы не знойдзеш, хутчэй наадварот — у каторы раз упэўнішся, што нічога не ведаеш і ведаць не зможаш...

І зноў, пасля гэтага кароткага адступлення, я пачну апавядаць пра тое, што было ў маім жыцці, калі трапіў вучыцца на чацвёрты паверх.

На чацвёрты паверх траплялі адны выдатнікі. Там панавалі свае законы, якія адрозніваліся ад законаў трэцяга, а тым больш другога, паверха. Нас ужо ніводзін з настаўнікаў не называў дзецьмі, мы ўсе былі маладымі людзьмі, якія ў будучым павінны былі кіраваць паверхамі, працаваць на пятым і шостым паверхах у засакрэчаных лабараторыях. Адразу ж, на першых лекцыях, новыя больш адукаваныя настаўнікі нас папярэдзілі, што веды, якія мы атрымаем цяпер, засакрэчаныя, іх ніколі пе могуць і не павінны ведаць людзі ніжэйшых паверхаў, і той з нас, хто выдасць таямніцу, будзе жорстка пакараны. І яшчэ нам казалі настаўнікі, што нашы цяперашнія веды частка той таямніцы, якую ведае камандзір карабля.

Не трэба забываць пра тое, што ў нас, на чацвёртым паверсе, была свая канкурэнцыя, амаль кожны з нас марыў стаць камандзірам карабля.

...Мо таму мы былі такія ганарлівыя і пагардлівыя. Гаворачы гучныя словы пра чэснасць і сумленнасць, мы навучыліся ўтойваць свае думкі і пачуцці, мы навучыліся казаць адно, а думаць — другое...

Цяпер, на старасці, калі я думаю, чаму так сталася, я прыходжу да высновы, што віною ўсяго гэтага была слава і прага ўведаць таямніцу карабля. Так, гэта яна, слава, прымушала нас глядзець па сёмы паверх, як на найвышэйшы цуд па караблі. Слава і пачуццё ўлады прымушалі нас быць хітрымі і лжывымі. Некалькі разоў нас вазілі на сёмы паверх і паказвалі прыгожы, аздоблены золатам палац, у якім жыў камандзір карабля. Цяпер я праклінаю тыя імгненні, калі, затаіўшы дыханне, стаяў ля агароджы, якой быў абнесены палац, і не зводзіў позірку з нерухомых патрульных са службы аховы парадку, што застылі ля галоўнага ўваходу ў палац. Але ўсё гэта — цяпер, а тады, у маладыя гады, усё было зусім не так...

Я і сам пе заўважыў, як сталася, ды на чацвёртым паверсе я думаў пра пасаду камандзіра карабля зусім не так, як думаў пра яе ў маленстве альбо падчас вучобы на трэцім паверсе; калі дагэтуль я быў заклапочаны думкамі пра сэнс жыцця, пра бессмяротнасць, пра дзіўнае паданне, то цяпер, калі на свае вочы бачыў, якою пашанаю і раскошай абстаўлена жыццё камандзіра карабля, мае ранейшыя клопаты памалу страцілі сваю вастрыню, а жыццё камандзіра карабля, паўтараю, ягонае жыццё стала для мяне таямніцаю.

Чаму так сталася?.. Няўжо віною таму быў мой узрост, той узрост сталага чалавека, калі ён цвяроза пачынае разлічваць, што яму выгадна, а што — не?.. Не ведаю. А мо і сапраўды ў мяне памалу выпрацоўвалася тое новае мысленне, пра якое напаследак перад апошнім развітаннем казала Альміна?..

Думаецца мне, што пават тыя засакрэчаныя веды, якія мы набывалі падчас заняткаў, памалу разбэшчвалі нас, прымушалі кожнага жыць на адзіноце, без смеху і жартаў, зусім не так, як жылі людзі другога альбо трэцяга паверхаў, бо ў любы міг магло стацца так, што мае аднагодкі на судзе паверха маглі судзіць мяне гэтак жа, як некалі я судзіў сваіх бацькоў...

...Кінутае мною некалі бумерангам вярталася да мяне.

Хоць знешне наша жыццё было цудоўным, у параўнанні з людзьмі ніжэйшых паверхаў, мы карысталіся вялікімі льготамі, — штотыдня нас падымалі на шосты паверх, дзе было цёплае мора, штодня нам дэманстраваліся тыя салодкія відовішчы, якія ніколі не маглі бачыць людзі ніжэйшых паверхаў, у кожнага з нас меўся асабісты пакой з асабістаю бібліятэкаю, ніколі не клапаціліся пра ежу — яна была дармоваю.

Як часта пасля заняткаў на адзіноце ў асобным пакоі я ўспамінаў словы Альміны: «Ты станеш іншы. Ты ўжо цяпер іншы».

Відаць, я сапраўды мяняўся, я станавіўся іншы, не ведаю, горшы ці лепшы, але іншы... Ды і ці мог я не мяняцца, калі штодня пазнаваў новае невядомае жыццё, пабудаванае па іншых законах?..

Адразу ж на першых занятках новы Настаўнік нам заявіў:

— Маладыя людзі, сёння вам адкрыем часткова таямніцу, якую поўнасцю ведае толькі адзін камандзір карабля, але якой не ведаюць і не павінны ведаць людзі ніжэйшых паверхаў. Сваёю чэснасцю і сумленнасцю падчас вучобы на трэцім паверсе вы заслужылі права ведаць яе. Вось адна з таямніц карабля, запомніце яе:

Тое шкоднае паданне, пра якое дзе хто чуў у маленстве ці на трэцім паверсе — рэальнасць.

О-о, хто ведае, хто можа сказаць, колькі мне давялося спазнаць горычы і расчараванняў на шляху да пазнання ісціны!

Хто ведае, хто можа сказаць, на колькі год я пастарэў пасля гэтых слоў!

Усё разам абрынулася на мяне: і туга па Альміне, па нашым каханні, і боль за бацькоў, якія цяпер дажывалі, пакутавалі на першым паверсе, і, галоўная, страшэнная разгубленасць.

Потым, калі ў вачах маіх пачало трохі яснець, мне падумалася: навошта я трачу сваё жыццё, навошта мне гэты чацвёрты паверх? І сапраўды, відаць, лепей было б, калі б я нічога не ведаў...

З жахам, як на Здань, глядзеў я на Настаўніка, які між тым, як і не заўважаючы нашага здзіўлення, гаварыў і глядзеў неяк адразу на ўсіх:

— Так-так, маладыя людзі, я разумею ваша здзіўленне, разумею вашу разгубленасць... Толькі дзеля таго, каб вы па-сапраўднаму зразумелі і адчулі шкоду таго падання, што існуе сярод людзей ніжніх паверхаў, мы вымушаны сказаць нам, будучым кіраўнікам паверхаў, вучоным засакрэчаных лабараторый, поўную ісціну. І сапраўды, людзі могуць жыць за межамі карабля. Апроч тых законаў, якія вы старанна вывучалі на трэцім паверсе, у космасе ёсць іншыя законы, з якімі пачнеце знаёміцца з сённяшняга дня. Тая сіла, што ўзнікае пры паскарэнні матэрыяльнага цела, не адзіная, у космасе ёсць яшчэ шмат сіл. Адна з іх, найгалоўнейшая, гэта сіла гравітацыі1, пра якую вы дагэтуль ніколі не чулі. Вось яна, я напішу вам яе формулу.

Настаўнік на дошцы напісаў крэйдаю формулу і абвёў яе квадрацікам:

[FORMULA]

Нерухомымі вачыма глядзеў я то на Настаўніка, то на новую формулу і напачатку нічога не мог уцяміць. Адзінае, што адчуў, як быццам усё-ўсё гэта ўжо было ў маім жыцці: і Настаўнік каля дошкі, і формула, і вось цяпер я ўспамінаць пачынаю... Толькі радасці ў маёй душы не было, — там быў халод...

Адно і тое ж білася ў думках: навошта, навошта на караблі такі парадак?..

Відаць, не адзін я быў ашаломлены. Ніхто, ніводзін з нас не сказаў ні слова, і таму голас Настаўніка здаваўся надзвычай звонкім, быццам належаў і не чалавеку:

— Рэальнасць, што акружае чалавека ад нараджэння да смерці, жахлівая. Здані — гэта не самае жахлівае па караблі. Самае жахлівае адбудзецца з чалавекам тады, калі ён уведае горкую праўду, якая сцвярджае, што ў свеце няма нічога рэальнага, усё — міраж2... Чалавек можа вытрымаць існаванне побач з жахлівымі Зданямі, якіх ён можа баяцца, з якімі ён павінен змагацца, але ці вытрымае ён веданне таго, што ён — нішто, бяздумная пылінка ў бязмежным космасе?.. Чалавек можа вытрымаць і холад, і голад, і нават розныя знявагі, але, заўважце, ён вытрымлівае ўсё гэта пры адной умове: калі верыць у сваю каштоўнасць, у каштоўнасць свайго жыцця. Дакажыце чалавеку, што ён — ніхто і нішто, упэўніце яго ў нікчэмнасці ягонага існавання, і вы ўбачыце тады, як, маючы хлеб і адзенне, ён тут жа пачне дэградыраваць, скоціцца ніжэй за жывёлу і загіне... Мо ў гэтым і ёсць самая большая загадка для чалавека. Вось чаму там, унізе пад вамі, простыя людзі нічога не ведаюць і не будуць ведаць, яны вераць у казку, створаную намі, і, паверце, яны шчаслівыя ад гэтага. Яны шчаслівыя ў няведанні рэальнасці, што іх акружае. І толькі вы, прадстаўнікі новага актыўнага пакалення, прайшоўшы выпрабаванні, можаце ведаць сапраўдную гісторыю нашага карабля. Слухайце ж яе.

Згодна розных сіл, і сілы гравітацыі ў тым ліку, у космасе ёсць вялікія-вялікія караблі, што называюцца планетамі. На адной з такіх планет некалі жылі нашы продкі. Яны і пабудавалі наш карабель. Дзеля чаго, навошта? — спытаецеся вы. З бязмежнага космасу да планеты ўвесь час ішлі невядомыя сігналы. Як меркавалі вучоныя планеты, сігналы гэтыя былі штучнымі, яны належалі другой цывілізацыі, якая імкнулася аб нечым папярэдзіць жыхароў планеты. Цывілізацыя знаходзілася ад планеты ў стагоддзях светлавых год3. І вось мы, нашчадкі тых людзей, лепшыя з лепшых, ляцім да той загадкавай цывілізацыі. Ужо каторае стагоддзе цягнецца наша падарожжа, вучоныя нашага карабля ўвесь час працуюць над расшыфроўкаю тых сігналаў. Тое, што расшыфраваў, ведае адзін камандзір карабля. Не будзем хаваць ад вас праўды: гэтак жа, як жыхары ніжэйшых паверхаў не ведаюць рэальнай карціны сусвету, то і вы раней часу не зможаце зведаць расшыфраванага тэксту. Усю праўду ведае адзін камандзір карабля.

Настаўнік замоўк. Я адчуў, што ён глядзіць на аднаго мяне, — відаць, на маім твары была вялікая разгубленасць і пакута. Мо таму ён і сказаў:

— Малады чалавек, Ёх. Я разумею, што адбываецца зараз у тваёй душы. Але цяпер, калі табе часткова вядома таямніца карабля, устань і скажы нам чэсна, ці быў бы ты шчаслівы ў маленстве, калі б табе было вядома, што акрамя нашага карабля ў космасе ёсць вялікая прыгожая планета, на якой ёсць і лясы бясконцыя, і горы высокія, і рэкі, поўныя рыбы?.. Калі б ты з маленства ведаў, што навечна замураваны ў скарлупіну, хай сабе і вялікую, ды ўсё ж — шкарлупіну, за межамі якой вірыць другое, цікавае жыццё і ад яго цябе гвалтоўна, без тваёй волі і жадання адарвалі, бо чалавек нараджаецца без сваёй волі і жадання. Яму не дадзена выбіраць гістарычны час, тое месца, дзе ён нараджаецца. Калі б ты ўсё гэта ведаў, Ёх, то скажы нам чэсна: ці быў бы ты шчаслівы? Ці быў бы ты шчаслівы, калі б ты ведаў, што паданне тваіх бацькоў — рэальнасць?.. Ці змог бы ты тады радавацца ад душы нашаму лесу, хай сабе і невялікаму, ды ўсё ж лесу, нашым паверхам? Ці не падалося б табе наша карабельнае жыццё няволяй?

Я моўчкі ўстаў. Ніхто не ведае, як было мне цяжка. «Чаму, навошта мне гэтыя бясконцыя пакуты?» — думалася мне. У каторы раз адчуў сябе загнаным у пастку4.

Дзе маё выйсце?

У чым яно?

А Настаўнік, здавалася, чытаў мае думкі:

— Табе шкада бацькоў, Ёх. Табе шкада кахання, тых простых уцех, якія задавальняюць людзей ніжэйшых паверхаў... Але чаму ж ты не хочаш пашкадаваць тых, хто застанецца пасля нас? Падарожжа цягнецца стагоддзі. Цэлыя пакаленні ўсё жыццё праводзяць у караблі. Хто дае табе права адбіраць у іх радасць жыцця? Хай сабе і абмежаванага, у нечым жорсткага, ды ўсё ж — жыцця, бо ў людзей карабля ёсць хлеб, што вырошчваецца на палях, ёсць вада, яны маюць пэўную радасць, калі трапляюць у лес, на мора ці глядзяць займальныя відовішчы. На нашым караблі ёсць свая шкала каштоўнасцей, і што пачнецца на караблі, калі мы пачнём бурыць гэтую шкалу каштоўнасцей, сцвярджаючы людзям, што за межамі карабля ёсць цікавае жыццё? Што ж ты маўчыш, падкажы, парай нам, як лепш зрабіць?

У аўдыторыі панавала цішыня. Адзінае, што я чуў — гэта сваё дыханне, якое здавалася надта гучным.

— Сядай, Ёх, — сказаў Настаўнік.

Я моўчкі сеў, адчуваючы страшэнную спустошанасць у сваёй занадта рана састарэлай душы.

Шмат дзён пасля я хадзіў, як у сне; ашаломлены словамі Настаўніка, я адчуваў, што нічога не ведаю як пра сябе, так і пра навакольны свет. Штодня на занятках, калі разбіраўся ў новых складаных формулах і законах, невядомых дагэтуль, калі слухаў засакрэчаныя лекцыі па гісторыі нашага падарожжа, увесь час адчуваў, як штосьці замінае радасна жыць; не толькі днём, а і вечарам, калі глядзеў займальныя відовішчы, і нават падчас экскурсій па паверхах, ад першага да сёмага, падчас тых экскурсій, пра якія гэтак марылася ў маленстве, — увесь час я адчуваў невядомы ўнутраны боль. Як быццам я рабіў штосьці няправільнае, быццам цяперашняю вучобаю я парушаў нейкія законы, невядомыя ні мне, ні нават настаўнікам, і таму станавіўся злым і жорсткім і на людзей пачынаў глядзець, як на статак, які, дзе трэба падганяць з дапамогаю службы аховы, жорсткіх пакаранняў, а дзе — падкармліваць салодкімі відовішчамі...

Праўда, падчас першых экскурсій, калі сутыкаўся з людзьмі ніжэйшых паверхаў, штосьці ўспыхвала ў маёй душы, калі-нікалі я нават шкадаваў іх, простых людзей, якія не ведалі горкай праўды. Але шкадаванне гэтае было нейкае халоднае, бо за гады вучобы, адгароджаны ад іх штодзённых клопатаў сытасцю і ўтулкам, я прывучыўся глядзець на людзей, як глядзіць гаспадарлівы чалавек на дрэвы ў лесе: тое, крываватае і сухое, трэба зрэзаць, бо яно замінае расці іншым, гэтае, таўсцейшае — пакінуць...

Упершыню я адчуў гэтае новае для сябе пачуццё, калі быў на першым паверсе, дзе, як мне ўжо было вядома, загінулі мае бацькі. Разам з сябрамі я ішоў па вузкім калідоры, аплеценым з усіх бакоў тоўстымі і тонкімі бліскучымі трубамі, безліччу правадоў, што віліся бясконцымі змеямі, мінаў вялікія і малыя залы, у якіх ўзвышаліся катлы і цыстэрны, што пыхкалі белаватаю параю, ад якой ва ўсіх нас пяршыла ў горле. Памалу асцярожна ўдыхаў я цяжкое паветра і стараўся не сутыкацца з узбуджанымі галоднымі вачыма ўчарнелых стомленых людзей, якія, рэгуліруючы ў катлах і цыстэрнах тэмпературу і ціск, ачышчалі ваду ад шкодных сумесей і падавалі яе аж на шосты паверх, дзе было мора, і адкуль яна памалу сцякала ўніз, з паверха на паверх, дзе яны насычалі паветра кіслародам.

Вось тады я адчуў, як хтосьці халодны і ўладны загаварыў ва мне:

— Не шкадуй іх, бо яны — злачынцы... Яны хацелі разбурыць карабель, і таму іх не трэба шкадаваць. А тым больш што некаму трэба рабіць гэтую брудную і шкодную для чалавека работу, трэба...

Калі пакідаў першы паверх, я здзівіўся: як жа хітра і складна было спланавана жыццё на караблі!.. Як быццам існаванне злачынцаў было неабходна, карысна караблю...

А яшчэ пазней, калі пасля цяжкой экскурсіі мяне разам з нашымі завезлі на шосты паверх, дзе мы плавалі ў цёплым моры, каб супакоіць нервовую сістэму, мне выратавальна падумалася: тады, як стапу камандзірам карабля, палегчу лёс людзей першага паверха, магчыма нават — абвяшчу ўсім людзям праўду, якая чамусьці каторы год утойваецца5.

Відаць, гэта думка і была маім суцяшэннем падчас вучобы на чацвёртым паверсе.

...І маім апраўданнем.

Я ўсё больш і больш станавіўся маўклівым і задуменным, любімым месцам адпачынку была бібліятэка, дзе, заняты вывучэннем новых заканамернасцяў, я памалу супакойваўся і тады хоць на час забываўся пра той унутраны боль.

Новых сяброў у мяне не было; страціўшы бацькоў, Альміну, я ўвесь час адчуваў адзіноту. Побач са мною былі не сябры, а паплечнікі, гэткія ж, як і сам, маладыя людзі, з якімі я мог рашаць задачы, слухаць лекцыі, з якімі мог спрачацца па некаторых пе зусім ясных пытаннях, ды ўсё гэта было не сяброўствам... Так сталася, што кожны з нашых пасіў свае сумненні пры сабе, усе мы добра ведалі, што можна ўслых гаварыць, а што — нельга, нават падчас палемічных спрэчак мы кантралявалі сяое, гаварылі толькі тое, што можна гаварыць. Навучаны горкім вопытам жыцця на ніжэйшых паверхах, цяпер я ўжо не быў катэгарычны ў ацэнках, — унутрана я быў гатовы да ўсяго, бо адчуваў, што тут, на чацвёртым паверсе, да маіх паводзін, да кожнага майго слова нехта прыглядаецца, прыслухоўваецца. Ад гэтага нябачнага некага залежыць мой далейшы лёс, залежыць, дзе я буду жыць: ці на першым паверсе, ці па сёмым...

Добра памятаю тыя публічныя лагічныя спрэчкі, якія час ад часу праводзіліся ў аўдыторыях. Гэтыя спрэчкі, як гаварылі нам настаўнікі, былі адной з форм навучання. Спрачацца мы мелі права па розных пытаннях, найчасцей за ўсё мы спрачаліся пра тое, ці жывы наш карабель. Дарэчы, і па сённяшні дзень сярод вучоных і філосафаў нашага карабля гэтае пытанне горача дыскусіруецца. Помню, як на першым курсе навучання і я выступіў у адной з такіх спрэчак, — горача стаў даказваць, што наш карабель — усяго толькі складанае механічнае збудаванне, створанае рукамі чалавека па бяздушных законах фізікі і матэматыкі і таму яго ніяк нельга лічыць жывым. Мне здавалася, што я вельмі проста і ясна давёў слухачам сваю думку. І як жа быў здзіўлены, калі пасля майго палкага выступлення на трыбуну падняўся старшакурснік і, гледзячы на мяне з усмешкаю, як на дзіця, гучна спытаў:

— Скажы, Ёх, як ты лічыш, твая рука — жывая альбо мёртвая. Гэтая твая рука, якой ты тут так адчайна махаў перад намі, гародзячы глупства.

— Як зразумець тваё пытанне? — я і сапраўды нічога не зразумеў.

— Паўтараю пытанне: ці можна лічыць органы чалавека жывымі, калі пам добра вядома, што на сённяшні дзень медыкі карабля навучыліся ставіць замест іх штучныя пратэзы з металаў альбо палімераў. Сягоння медыкі нашага карабля могуць замяніць любы чалавечы орган на штучны: сэрца, лёгкія, рукі, ногі... Дык вось, зыходзячы з рэальнасці, я пытаюся ў цябе, Ёх, дзе, па якой лініі праходзіць у чалавеку мяжа паміж жывым і мёртвым?

— Нельга так ставіць пытанне... Органы чалавека нельга аддзяляць ад сутнасці чалавека, — рашуча адказаў я.

— Правільна, няможна... Ты, як я гляджу, вельмі разумны, Ёх, відаць, шмат часу праводзіш у бібліятэцы і мо таму адвучыўся самастойна думаць, — публічна здзекаваўся з мяне старшакурснік. — Але ж чаму ты пачынаеш разглядаць існаванне карабля асобна ад існавання людзей, жывых людзей, якія жывуць на караблі, адгароджаныя ад гібельнага касмічнага холаду і голаду тоўстымі сценамі?.. Без карабля, як табе вядома, людзі не могуць жыць. Але ж і карабель без людзей загіне, бо яго трэба рамантаваць, трэба кантраляваць работу розных сістэм: экалагічнай, энергетычнай і многіх, многіх іпшых. Таму, Ёх, пытаюся ў цябе: ці маеш ты права называць наш жывы карабель мёртвым целам? Наш карабель — неад’емная частка ўсіх людзей, ён выконвае для кожнага чалавека тую ж функцыю, якую выконвае сэрца, лёгкія, рукі, ногі...

Аўдыторыя задаволена ляскала ў далоні, прызнаючы ў публічнай спрэчцы пераможцам старшакурсніка, а я, прысаромлены, не ведаў, куды дзяваць вочы.

Пазней, калі заканчваў вучобу на чацвёртым паверсе, я гэтаксама лёгка, у залежнасці ад патрэб і абставін, мог даказаць, што чалавек — нішто, усяго толькі бяздумны згустак электрамагнітных і гравітацыйных палёў, і больш нічога, а потым, перавёўшы дыханне, я мог тут жа сам сябе аспрэчыць і даказаць процілеглае, мог даказаць, што чалавек — гэта замкнуты невядомы Сусвет з невядомай энергіяй і гэтаму Сусвету падпарадкоўваецца ўсё астатняе: і зоры, і планеты, што кружаць ля іх, а тым болей — наш карабель6.

Паўтараю, я мог даказаць, што хочаш. Падчас публічных лагічных гульняў у доказы я знаходзіў часовае супакаенне ад таго ўнутранага болю, які ўпершыню давялося спазнаць на трэцім паверсе, калі судзіў сваіх няшчасных бацькоў.

 

1 Як ужо адзначалася вышэй, па характару ўздзеяння на арганізм чалавека сіла гравітацыі не адрозніваецца ад той сілы, якая ўзнікае пры паскарэнні цела, канкрэтна — чалавека... Таму між імі можна паставіць знак роўнасці. Як можна меркаваць па запісах у дзённіку, падчас вучобы на трэцім паверсе ад вучняў настаўнікі ўтойвалі існаванне сілы гравітацыі. Улічваючы, што памеры карабля складалі дзесяткі кіламетраў, а таксама той горкі факт, што пра рэальную карціну космасу вучням не паведамлялася, можна ўявіць, што ў свядомасці Ёха, як і ягоных аднагодкаў, складваўся своеасаблівы светапогляд як на сябе, так і на навакольны свет, які абмяжоўваўся памерамі карабля. Можна ўявіць і ягонае расчараванне, калі пачуў пра існаванне сілы гравітацыі...

2 Адразу ж, як гаворыцца, не будзем лішне напускаць пыл у вочы і праяснім ідэйныя пазіцыі... Я вымушаны катэгарычна не пагадзіцца з думкаю Настаўніка і заадно адзначыць, што ягонае выказванне аб нікчэмнасці чалавечага быцця пераклікаецца з выказваннямі некаторых філосафаў, якія сцвярджаюць, што жыццё чалавека — усяго толькі сон, міраж.

3 На ўсякі выпадак растлумачым, хоць, думаецца, многія, вель­мі многія чытачы даўно ведаюць, што светлавы год — адлегласць, якую «праходзіць» прамень святла з хуткасцю 300 000 км/сек на працягу года. Каб уявіць, якая вялікая гэта адлегласць, варта на­гадаць, што касмічны карабель, маючы хуткасць каля 10 км/сек, ляціць ад Зямлі да планет сонечнай сістэмы некалькі год, пра­мень жа святла «праходзіць» адлегласць за некалькі хвілін.

4 Пастка, пастка... Паверце, мне і самому пакрысе пачынае на­дакучаць гэтае слова, якое часта паўтарае Ёх у сваім дзённіку.Ці не служыць яно, гэтае слова, для Ёха апраўданнем свайго кан­фармізму?..

5 О-о, знаёмую, надта ўжо знаёмую песню заспяваў гэты Ёх: маўляў, тады, калі дарвуся да карыта славы, грошай і ўлады, я ўсё зраблю па справядлівасці... Паглядзім, паглядзім, чым усё гэта скончыцца!..

6 Хочацца таго ці не хочацца, а трэба прызнаць, што гэты Ёх быў не дурань... Відаць, падчас свайго доказу ён неяк улічваў той факт, што чым глыбей забіраецца чалавек у таямніцы мікрасвету, тым большую энергію ён там знаходзіць. У прынцыпе, калі чалавеку пры пэўных умовах ўдасца ўзарваць нейтрына, то ў выніку ўзрыву народзіцца Галактыка. I яшчэ думаецца, што падчас вучобы Ёха па чацвёртым паверсе вялікая ўвага ўдзяляецца сафістыцы. Добра гэта ці дрэнна — меркаваць адукаванаму чытачу, мушу толькі адзначыць, што сафістыкаю людзі шмат займаліся ў старажытнасці, кажуць, некалі ў Рымскай імперыі меліся спецыяльныя школы...

Ноч пятая

Каторую ноч я не зводжу вачэй...

Як ні дзіўна, ды стомленасці не адчуваю, відаць, таму, што хочацца як мага хутчэй закончыць сваю споведзь, хоць, можа, яна нікому не спатрэбіцца...

Учора вечарам пасля чарговага пасяджэння Вялікага Савета я выпусціў на свабоду Зданяў.

Іншага выйсця ў мяне не было. Я не мог іх не выпусціць. Старшыні паверхаў патрабавалі ад мяне прыняцця неадкладных мер, бо, згодна іх дакладаў, занадта вольна пачалі адчуваць сябе людзі, і тут найлепшым лякарствам для іх супакаення мог быць жах смерці. Бо нават першы паверх іх ужо не палохае, усюды, і па другім і нават па трэцім паверхах, плодзяцца чуткі пра рэальнасць падання, многія з людзей, не баючыся пакарання, не падпарадкоўваючыся работнікам аховы парадку, у адкрытую патрабуюць вяртання на сваю Радзіму...

Навошта ім гэтая Радзіма? Няўжо ім мала карабля?..

О-о, людзі, яны нічога не ведаюць, не ведаюць таго, што вярнуцца назад мы наўрад ці зможам, бо занадта аддаліліся ад планеты, і доўгім будзе гэтае вяртанне. Не ведаюць яны і таго, што мы ступілі на іншы шлях — на шлях бессмяроцця... Няўжо ім гэтага мала: асабістае бессмяроцце за Радзіму?..

Учора вечарам, седзячы ў сваім кабінеце за пультам кіравання, я памалу набраў шыфравальны код і выпусціў на свабоду галодных Зданяў. На тэлеэкране я ўбачыў, як адсунуліся тоўстыя дзверы звышсакрэтнай лабараторыі, той лабараторыі, пра існаванне якой не ведаюць нават старшыні паверхаў, і адтуль адна за адной вылецелі Здані — з ашчэранымі пашчамі, махаючы крыламі, выставіўшы кіпцюры чатырох лап. Яны хутка і бязгучна расталі ў начным змроку. І хоць я добра ведаў, што адгароджаны ад Зданяў тоўстымі сценамі, работнікамі службы аховы парадку, ды ўсё ж адчуў жах. На імгненне мне ўявілася, як моўчкі яны насцігалі сваіх ахвяр...

Калі ж я пачаў здагадвацца, што Здані — гэта рэальнасць, яны — усяго толькі грубая бяздумная сіла, якая знаходзіцца ў чыіхсьці руках?

Так, якраз тады, калі закончыў вучобу на чацвёртым паверсе і, як выдатнік, у ліку нямногіх трапіў у засакрэчаныя лабараторыі пятага і шостага паверхаў. Там, у клетках, я убачыў вялізных гадаў з трыма змяінымі галовамі і перапончатымі крыламі, у вялізных шкляных колбах кішэлі чорным клубком мікробы, і вучоныя хваліліся, паказваючы мікробаў, што варта іх выпусціць на свабоду, як пад уздзеяннем гэтых мікробаў у выніку генных мутацый на караблі з’явяцца новыя істоты, якіх можна пабачыць зараз у іншых лабараторыях.

І я бачыў іх: не то птушак, не то звяроў, што бегалі ўзад-уперад на чатырох лапах, маючы складныя крылы, яны час ад часу падляталі ўгору і са злосцю спрабавалі перакусіць моцнымі белымі дзюбамі тоўстыя прэнты клетак, бачыў я вялікіх пражорлівых не то рыб, не то гадаў, якія маглі жыць як у вадзе, так і на сушы і ад якіх, як я здагадваўся, ніхто нідзе з жывых не мог знайсці збавення. Ад клеткі да клеткі, ад акварыума да акварыума праходзіў я і ўвесь час, калі глядзеў па пражорлівых злых істот, якія гатовы былі зжэрці адна адну, мяне ніяк не пакідала адчуванне, што ўсё гэта недзе некалі бачыў.

Дзе я ўсё гэта мог бачыць? Калі?

А потым успомніў: пра ўсё гэта я чытаў у старых кнігах, якія меліся ў маёй засакрэчанай лабараторыі. Некалі людзі верылі ў казкі, і вось там, у тых казках, гаварылася пра розных страшыдлаў, якія невядома адкуль з’яўляліся на планеце і нападалі на людзей...

На нашым караблі казкі сталі яваю...

Вось тады я і здагадаўся, што Здані — тыя істоты, якіх вывелі вучоныя шостага паверха. І я ўбачыў іх, гэтых жахлівых стварэнняў, якія карміліся людской крывёю...

Прыгнечаны і разгублены, я выйшаў з лабараторый. Што мне заставалася рабіць пасля заканчэння вучобы на чацвёртым паверсе, куды падацца? Там, па ніжніх паверхах, у мяне нікога пе было, нішто там мяне не сагравала, а тым болей цяпер, пасля таго, што ўбачыў і што ўведаў. У мяне заставаўся адзін шлях — туды, да таямніцы карабля. Пра многае я ўжо здагадваўся, я ведаў і адчуваў, як сябе паводзіць, каб мяне абралі камандзірам карабля. Усё болей і болей я ўпэўніваўся, што той невядомы «нехта», які ўвесь час цікуе мяне, ухваляе мае паводзіны і таму ўсё робіць так, каб я стаў камандзірам карабля.

I я свайго дабіўся. Дзе — жорсткасцю, дзе — хітрасцю, дзе — маўчаннем, якое можа быць жахлівей здрады, я прабіў сабе дарогу на сёмы паверх, наіўна цешачы сябе надзеяю, што тады, як стану камандзірам карабля, я ўсё перайначу — усё зраблю так, што на караблі не будзе пакрыўджаных, сам перапішу Закон карабля, забараню жахлівыя доследы вучоных пятага і шостага паверхаў, а Зданяў, якія загубілі гэтулькі нявінных людзей, я загадаю замарыць галоднай смерцю.

Як цяпер помню той урачысты дзень, калі члены Вялікага Савета адзінагалосна абралі мяне камандзірам карабля. Помню тыя гучныя ўрачыстыя словы:

— Давяраем табе, Ёх, лёс карабля. Ты прайшоў выпрабаванні і стаў адзіным, хто мае права кіраваць караблём. Мы ведаем, што ў тваім жыцці было шмат пакутаў: горыч расчаравання, страта бацькоў, — але ты перамог свае слабасці стараннасцю, працавітасцю, вернасцю Закону карабля, прагаю спазнаць ісціну і праўду ты даказаў сваё права кіраваць намі. Зараз ты падымешся на сёмы паверх і ўведаеш тое, што схавана ад нас, звычайных смертных.

Прызнаюся, мне было чамусьці жахліва, калі ўпершыню уваходзіў у свой цудоўны палац на сёмым паверсе. Здавалася, што ўжо ніхто і нішто мяне не зможа спалохаць і здзівіць, але чамусьці ў мяне трымцелі калені і дрыжэлі рукі. Я памалу ішоў па чырвонай дарожцы да свайго агромністага кабінета, бачыў схіленыя галовы членаў Вялікага Савета, бачыў маладых, спецыяльна падабрэлых работнікаў службы аховы парадку, якія ўсе былі аднаго росту і з адным выразам твару, як манекены якія, і ўсё большы і большы жах апаноўваў мяне.

Чаго я баяўся? Што чакала мяне наперадзе?

І вось нарэшце ўсё засталося ззаду, і нерухомыя патрульныя, і члены Вялікага Савета, я застаўся адзін у вялізным кабінеце, перада мною быў агромністы пульт кіравання, на якім здалёку бачыў тую загадкавую засакрэчаную кнопку, якую найперш павінен быў націснуць. Асцярожна ўсеўся я на крэсла перад пультам кіравання і, затаіўшы дыханне, паціснуў тую кнопку.

Роўны, нейкі нават нечалавечы металічны голас пачуўся з дынаміка, што меўся па пульце кіравання:

— Вітаем і віншуем цябе, новы камандзір карабля! З сённяшняга дня ты пачнеш кіраваць лёсам дурных людзей, продкі якіх некалі жылі на планеце ў нашай самай-самай справядлівай краіне. У нашай самай-самай справядлівай краіне ўсе людзі павінны былі жыць згодна Закону Стандарту. Дзе б яны ні жылі і чым бы яны ні займаліся, яны павінны былі гаварыць на адной мове, яны павінны былі насіць аднолькавае адзенне, мець аднолькавыя звычкі. Усе людзі — абсалютна роўныя! — мы кіраваліся гэтым справядлівым лозунгам і ўрэшце дабіліся гэтага. Тых жа людзей, якія не падпарадкоўваліся Закону Стандарту, мы адсялілі на касмічны карабель і накіравалі ў бязмежны космас. Хто трапіў сюды, на карабель? Усе тыя, хто не захацеў гаварыць на адзінай мове, хто імкнуўся захаваць мову сваіх неадукаваных продкаў; усе тыя, хто адрозніваўся ад стандартнага колеру скуры, ад стандартнага росту, ад стандартных разумовых здольнасцяў. Перавыхоўвай іх, гэтых цёмных дурных людзей, камандзір карабля, і ведай, што ніякіх сігналаў з космасу няма. І яшчэ ведай, што ты, як лепшы з лепшых, як здольнейшы з людзей, ты атрымаў узнагароду за душэўныя пакуты. Акрамя славы, улады, грошай ты атрымаў права на бессмяроцце. На пятым і шостым паверхах ты бачыў істот, створаных вучонымі. Ведай жа яшчэ і тое, што з адной клеткі вучоныя могуць вырошчваць новых істот1 ты адзіны з людзей карабля можаш скарыстацца новым дасягненнем вучоных, можаш паўтарыць самога сябе. Таямніца бессмяроцця ў тваіх руках.

Цябе здзіўляе, хто з табою гаворыць. Гэта і ёсць галоўная таямніца карабля. Таемны Савет будзе ўвесь час кантраляваць тваю работу. Як толькі ты парушыш Закон карабля, ты адразу загінеш. Нябачныя, мы ёсць усюды. Запомні апошняе: ніхто не павінен ведаць таямніцы карабля, ніхто...

Голас заціх. Не буду апісваць, што тварылася ў маёй душы. Скажу толькі, што мне стала холадна.

З таго часу мне ўвесь час холадна. Я кіраваў паседжаннямі Вялікага Савета, я быў верным служкаю Закону карабля, я нічога не мяняў ды і не мог змяніць, не марыў Зданяў галоднай смерцю, не паляпшаў жыццё людзей першага паверха — усё рабіў так, як рабілі да мяне папярэднікі — камандзіры карабля, і цешыў сябе надзеяю на бессмяроцце.

Ды апошні год у мяне з’явілася дзіўнае адчуванне,— быццам я ўсяго толькі бяздумная цацка ў руках Таемнага Савета. Як той бяздумны аўтамат я з раніцы да вечара выконваю адно і тое ж, адно і тое ж.

Нават калі на адзіноце я пачынаю цешыць сябе марамі пра бессмяроцце, я пачынаю ў нечым сумнявацца, ды і той прагі жыць вечна, якая была ў мяне некалі ў маленстве, у мяне ўжо няма. Чамусьці часта мне ўспамінаецца маленства, бацька, Альміна... Я магу мець бессмяроцце, але іх я ўжо ніколі не ўбачу і не сустрэну.

Чаму ж мне так сумна жыць? Нішто мяне не радуе, ні грошы, ні слава, нішто не сагравае... Усё болей і болей я прыходжу да высновы, што недзе некалі я зрабіў вялізную памылку2. Дзе, якую?

Пачаўшы пісаць дзённік, я парушыў Закон карабля, цяпер у мой кабінет у любое імгненне могуць уварвацца жахлівыя Здані, якія акрамя мяне падпарадкоўваюцца Таемнаму Савету... Ды нават і гэта мяне не хвалюе.

З маленства да самай старасці я разгадваў таямніцы карабля, многія з іх я ўведаў, ды ці стаў шчаслівым ад гэтага? Ці не ёсць шчасце чалавека ў нечым іншым?..

Нейкая дзіўная сягоння ноч. На пачатку гэтай ночы я спусціўся па шосты паверх, дзе вучоныя падвялі мяне да ілюмінатараў, за якімі я ўбачыў зоры. Я доўга глядзеў на іх роўнае белае святло3. Наш карабель нёсся з агромністай хуткасцю, штосекундна пакідаючы пасля сябе сотні вёрст прасторы, але тут, ля ілюмінатара, гэта хуткасць не адчувалася, здавалася, што і карабель, і зоры наўкола — усё навечна застыла...

У каторы раз мне ўспомнілася маленства, тыя даўнія словы маці, што гучалі ў цемені. І яшчэ мне ўспомнілася тая дзіўная незразумелая працяжная песня. Тады штосьці пачало раставаць у маёй душы. Самі па сабе паявіліся слёзы. Спачатку я іх не заўважыў, толькі потым, калі адчуў, што шчокі мае мокрыя, я пачаў паволі выціраць іх...

Моўчкі, не ведаючы што рабіць, стаялі за маёй спіною патрульныя са службы аховы парадку. Моўчкі побач са мною стаялі вучоныя. Тады я, гледзячы на непарушныя зоры, спытаў:

— А ці можна вярнуцца?

Відаць, вучоныя і самі думалі пра гэта неаднойчы, бо тут жа прагучала ў адказ:

— А што параіць вам Таемны Савет?

Калі б я загадзя ведаў, што на караблі ёсць Таемны Савет, то... Калі б я ведаў! Як мне абрыдла блукаць у лабірынце загадак! У мяне ўжо няма ні сіл, ні жадання разгадваць таямніцу Таемнага Савета.

Баліць сэрца. Можна хоць сёння аддаць свае клеткі вучоным, бессмяроцце побач, ды яно мне не трэба... Толькі цяпер я разумею, што бессмяроцце — гэта не колькасць пражытых гадоў, гэта штосьці зусім іншае, ад чаго я ўсё жыццё аддаляўся.

Трэба заканчваць свае запісы, а мне ніяк не хочацца іх заканчваць. Як быццам тады, калі спыню свае запісы, здарыцца нешта неверагоднае.

...Я бачу, як памалу адчыняюцца дзверы кабінета. Гэта яны, так, яны... (запісы абарваныя)4.

 

 

1 Відаць, тут маецца на ўвазе метад планіравання, які дазваляе з адной жывой клеткі ўзнавіць цэлы арганізм.

2 І ён яшчэ пытаецца пра памылку!.. Не ведаю, што вы думаеце, шаноўчы чытач, а ў мяне проста слоў не хапае ад абурэння. Бацькоў на першым паверсе загубіў, фактычна зламаў жыццё Альміне, і ён, праведнічак, яшчэ пытаецца...

3 Мігценне зор адбываецца з-за таго, што Зямля акружана тоўстым слоем паветра. У космасе святло зор роўнае.

4 Хочацца скіраваць увагу на наступнае. Калі меркаваць па тым, што дзённік Ёха апынуўся на Зямлі, то гэта значыць, што на караблі адбыліся нейкія вельмі і вельмі важныя падзеі, у выніку якіх карабель быў скіраваны да адной у планет. Пра што гэта сведчыць?


1988?

Тэкст падаецца паводле выдання: Гігевіч В. Мелодыі забытых песень: Аповесці, раман, апавяданне. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1988. – 335 с.
Крыніца: скан