epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гігевіч

Крышталь

РАЗМОВА
АЛЯКСЕЙ ІВАНАВІЧ
ПЛАН І ЛЮДЗІ
ПРАПАНОВА
СТАРЫ КАВАЛЬ


 

РАЗМОВА

Мой новы знаёмы пытаецца:

— І дзе ж ты працуеш?

Пачуўшы адказ: «На шклозаводзе»,— ён нейкі час маўчыць, а пасля задае новае пытанне:

— А крышталь у вас вараць?

— Так, у нас і крышталь вараць.

Цяпер мой знаёмы маўчыць удвая больш, чым першы раз.

— Вось скажы ты мне,— уздыхнуўшы, працягвае ён,— чым крышталь адрозніваецца ад звычайнага шкла?

— Шкло бывае рознае, вараць яго з пяску, соды і іншых матэрыялаў, крыштальнае шкло — таксама з гэтых жа матэрыялаў, толькі яшчэ вокіс свінцу дабаўляюць.

— А-ага-а! — гаворыць мой новы знаёмы, цяпер яму нібы ўсё ясна, і ён надоўга змаўкае. І я таксама.

Мне ўспамінаюцца людзі, з якімі працую, бачу, як яны, трымаючы доўгія тонкія трубкі, падыходзяць да акон шклаварнай печы, апускаюць у акно канец трубкі, чапляюць там, у гаршку, камок беларужовай масы, адыходзяць ад акна і пачынаюць дзьмуць. Працуюць яны ля печы на прыўзнятым над зямлёю памосце, быццам на сцэне — адны нахіляюць трубку ўніз, да зямлі, другія падымаюць угору,— тады шкладувы падобны да тых гуцулаў, якія на гарах і паланінах іграюць на сваіх доўгіх-доўгіх трубах, толькі замест тужлівага і працяжнага гуку на канцы трубкі пачынае расці белы шарык. Трубку круцяць між далоняў, ізноў датыкаюцца вуснамі да верхняга канца яе; здаецца, робіцца гэта няспешна, але кожны рух і імгненне тут разлічаны. Штосьці падобнае бачыў я ў маленстве, калі бацька хапаў з прыпечка чырвоны вугаль і, перакідваючы яго з рукі на руку, прыкурваў і кідаў вугаль зноў у агонь. Кожны рабочы працуе па-свойму: адзін сур’ёзна і стрымана, другі — нібы забаўляецца... Вось гэты шарык на канцы трубкі апускаюць у драўляную альбо жалезную форму, ізноў круцяць трубку між далоняў, нарэшце... бачыш, як плыве па канвееры на апрацоўку штосьці падобнае на вазу.

Я бачу машыны, іх чамусьці завуць разумнымі, быццам яны могуць самастойна думаць,— чмокаючы, абліваючы сябе вадой, жалезнымі пальцамі бяруць яны шкламасу з печы і, амаль таксама, як і рабочыя, вырабляюць шклянкі; стаіш, здзіўлены і горды за розум людзей, якія стварылі гэтыя машыны.

Зноў чую я гул полымя ў печы, гул вентылятараў, машын і думаю, што вельмі ўжо прывык да сваёй работы, да свайго завода.

Некаторыя з маіх новых знаёмых заводзяць са мной больш сур’ёзную размову і тады пытаюцца:

— Ну і як, падабаецца табе работа?

Я маўчу — не ведаю, што казаць. Работа мая няцяжкая, плацяць нядрэнна, на заводзе паважаюць — што больш трэба? Праўда, за дзень стамляюся. І ў абедзенны перапынак сяджу ў сталоўцы, назіраю за рабочымі, якія, паабедаўшы, тут жа, за сталамі, вядуць размовы пра план, пра блізкіх, пра свае адносіны. Чамусьці ў той абедзенны перапынак я лічу сябе не такім, як астатнія, хоць я —таксама рабочы. Потым я думаю пра сябе: чаму я працую тут доўгі час — і раблю адкрыццё. Я прыйшоў сюды, на завод, з васьмігадовай адукацыяй, вучыўся ў вячэрняй школе, потым завочна, цяпер — майстар; і ўвесь час мяне не пакідае пачуццё, што можна працаваць лепш... Можа, гэта і ёсць прыкмета таго, што работа мне падабаецца.

А пасля абеду я зноў іду ў цэх, дзе клопаты навальваюцца на мяне, і да канца змены ўжо няма часу падумаць ні аб чым іншым, акрамя работы... Учора шкламаса была дрэннай якасці, і невядома, хто вінаваты: састаўны цэх ці шклавары. Многа браку на апрацоўцы — шукаеш прычыну... І калі вечарам, стомлены, вяртаешся дамоў, апаноўваюць цябе нейкі спакой і задаволенасць, бо пачынаеш адчуваць — адчуваць, а не разумець,— што зрабіў за дзень нешта патрэбнае і важнае.

І на пытанне, ці падабаецца мне работа, я звычайна адказваю так:

— Можа, і падабаецца, не ведаю, тут цяжка сказаць адразу. Работа мяне хвалюе — прыносіць і радасць, і засмучэнне, і нават непрыемнасці.

 

АЛЯКСЕЙ ІВАНАВІЧ

На заводзе ёсць адзін чалавек, якога нават дырэктар пабойваецца. Завуць гэтага чалавека Аляксей Іванавіч, працуе ён слесарам у механічным цэху, год яму ля шасцідзесяці, росту невысокага, хударлявы, падобны на хлопца-падлетка, у цёмна-сіняй спяцоўцы, заўсёды ў летняй, з доўгім казырком шапцы, са зморшчанай у гармонік скурай на лбе, з пільнымі шэрымі вочкамі, ён нагадвае нейкую птушку, якая ўсё нечага выглядае і выглядае... Калі заўважаюць які-небудзь непарадак, звычайна кажуць: «Не ведае пра гэта Аляксей Іванавіч, ён бы разабраўся...»

Аляксей Іванавіч — чалавек пануры і нават крыху рэзкаваты ў меркаваннях, можа, таму ён не ўсім падабаецца — чамусьці атрымліваецца, што такім людзям жыць у калектыве намнога цяжэй, чым іншым, тым, каго завуць добрымі, якія ніколі не маюць ворагаў, але і блізкіх сяброў таксама.

Аляксей Іванавіч заўсёды мае якое-небудзь грамадскае даручэнне, ён пастаянны ўдзельнік усялякіх камісій, падкамісій, прытым не проста ўдзельнік, а, можна смела сказаць, адзін з галоўных выканаўцаў тых рашэнняў і пастаноў, якія прымаюцца на шумных сходах ці ў светлых, прыгожых кабінетах. Выконваць грамадскія даручэнні Аляксею Іванавічу не лёгка.

Таму часта можна ўбачыць, як ходзіць Аляксей Іванавіч з аддзела ў аддзел і просіць выдзеліць яму ў дапамогу чалавека хоць бы на паўдня, каб зрабіць якую праверку ці скласці акт. Начальнікі аддзелаў ветліва яго выслухоўваюць і разводзяць рукамі — вольных ад работы людзей у аддзеле няма. І разбярыся тут, ці так ужо ўсе людзі занятыя.

Але ўпарты Аляксей Іванавіч — быццам яму за гэта грошы плацяць — усё ж дабіваецца свайго; і вось ужо бачыш, як трое ці чацвёра людзей на чале з невысокім, здаецца, усім не задаволеным чалавекам ходзяць па цэхах, па ўсіх закутках, размахваюць рукамі і нешта запісваюць.

Не бывае на заводзе сходу, на якім бы не выступаў Аляксей Іванавіч. Для Аляксея Іванавіча сход — урачыстасць. Прыходзіць ён на яго ў чыстым чорным касцюме, хоць і не вельмі добра адпрасаваным, у белай кашулі з крыху прымятым каўняром. Садзіцца з боку ад галоўнага прахода, дзесьці на пярэдніх радах, і ўважліва слухае прамоўцу.

І вось, нарэшце, пасля выступлення якога-небудзь паважанага на заводзе таварыша, чуецца ў зале голас: «Можна, я скажу?» І, не дачакаўшыся дазволу, Аляксей Іванавіч устае і выцягвае з кішэні невялічкую запісную кніжачку, вядомую ўсім на заводзе. «Аляксей Іванавіч, вы сюды, да трыбуны, падыдзіце»,— кажуць яму з прэзідыума. На гэта Аляксей Іванавіч махае рукой: «Я ненадоўга... Я толькі некалькі слоў скажу»,— і пачынае гартаць сваю кніжачку.

Успамінае Аляксей Іванавіч тыя дні і вечары, калі ён хадзіў па тэрыторыі завода і назіраў за людзьмі, за іх працай — бачыў тую дарагую машыну, што ржавее пад адкрытым небам і нікому да яе няма справы: ні загадчыку склада, ні начальству — невядома, навошта грошы трацілі; бачыў кучу смецця ў механічным цэху, пра гэта ён як член санітарнай камісіі ўжо казаў начальніку цэха — а з таго, што з гуся вада... Многа што ўспамінае Аляксей Іванавіч у той час, калі перагортвае старонкі сваёй запісной кніжачкі.

І не тое загадчык аддзела забеспячэння кажа: трэба палепшыць службу аховы. Не тое кажа — у другім трэба выйсце шукаць. Трэба за іншым глядзець, за свядомасцю рабочага. Як гэта можа быць — свой жа рабочы суседа не паважае? Значыць, на нашым заводзе і з працоўнай дысцыплінай непарадак, і нечага на кагосьці ўсю віну звальваць...

Па-рознаму слухаюць гэтага чалавека: адны баяцца, што ён вось-вось назаве іх імя і прозвішча — аўтарытэтаў для Аляксея Іванавіча няма і не было ніколі,— гэтыя людзі неяк уціскаюцца ў крэслы і апускаюць позіркі, нібы вінаватыя вучні перад настаўнікам, другія стараюцца запомніць усё, аб чым гаворыць прамоўца, каб пасля, дзесьці ў зацішным кутку, смеючыся, казаць: «Во даваў... Во даваў Аляксей Іванавіч! Купляеце, кажа, а яно без толку ржавее, а ўсё таму, кажа, што не з свае кішэні...» — такія размовы будуць весці тыя, добранькія, якія ніколі не маюць ні ворагаў, ні блізкіх сяброў; трэція думаюць, што кажа чалавек праўду, можа, трохі і перабольшвае — не адзін жа ён за агульную справу хварэе. Але ж сёй-той стараецца адказваць толькі за сваё, а што ў суседа робіцца — яго не цікавіць. Некаторыя ж проста не разумеюць яго — думаюць: што трэба гэтай старэчы, чаго суе нос усюды. Але ўсім прысутным робіцца ў той жа час няёмка, нешта абуджаецца ў думках: можа, тое, што называюць сумленнем, можа, яшчэ нешта. І кожны пачынае разумець: мог бы ён зрабіць штосьці большае для завода, але — хто з ленасці, хто з самаўпэўненасці — не робіць.

Запісваецца ў пратакол сходу выступленне Аляксея Іванавіча, а раз запісваецца — хочаш не хочаш, а тыя недахопы, пра якія казаў Аляксей Іванавіч, трэба выпраўляць.

Пасля сходу Аляксей Іванавіч ідзе дадому. Ён адчувае лёгкасць, бадзёрасць, нібы памаладзеў пасля сходу; ідзе, думае; успамінаецца, відаць, яму маладосць; і можна заўважыць тады, як Аляксей Іванавіч варушыць вуснамі, быццам размаўляе з кім.

 

ПЛАН І ЛЮДЗІ

Вось вы кажаце: план, план... А я скажу так: калі да рабочага падыход знайсці — ніякі план не страшны будзе. Скажыце вы мне — адкуль найбольш сварак, непаразуменняў, бед усялякіх? Адкуль яны ідуць? Я так думаю — усё гэта ад таго, што мы не заўсёды стараемся зразумець чалавека.

Быў у нас на заводзе ўчастак, на які ўжо ўсе рукой махнулі. Што там ні рабілі: і прэміяльныя здымалі, і брыгадзіра лаялі... Паслалі мяне.

Прыйшоў я, паглядзеў. Людзей у брыгадзе нямнога: кавалі, слесары. Рашыў з кожным пагутарыць.

Выклікаю да сябе Махайлава — слесарам працуе. Малады хлопец, гадоў дзевятнаццаць, знешне — копія такога, якіх у «Вожыку» малююць: валасы па шыю, кашуля наросхрыст, на ўсё — гы-гы ды гы-гы. Што ты хочаш — малады зусім. Дык вось, прыходзіць да мяне — я пытаю:

— Ты колькі ў месяц зарабляеш?

Глядзіць на мяне, вочы вылупіўшы. Ён ужо прывык, што яму ўсякія выгаворы ды натацыі, што на яго, як на пудзіла агароднае, пальцам паказваюць. Мусіць, думаў, што і я з ім гэтаксама буду.

— Ну, шэсцьдзесят.

— Вось давай з табой дамовімся,— кажу яму,— будзеш добра працаваць — заробіш у месяц сто шэсцьдзесят.

— Гы-гы,— смяецца,— кіньце вы. Мне больш васьмідзесяці ніколі не плацілі. Я ж — прагульшчык.

— Кажу табе яшчэ раз, будзеш добра працаваць і не заробіш у месяц сто шэсцьдзесят — прыйдзі і плюнь мне ў вочы.

Змоўк мой Махайлаў. Глядзіць. Задумаўся.

— Добра,— кажа,— буду рабіць.

І смяецца.

— Не,— адказваю,— так не пойдзе. Я табе не хлопчык. Ты мне слова дай, тады я паверу.

— Даю слова,— ізноў смяецца Махайлаў.

Прынёс я на другі дзень заданне, ён аж свіснуў:

— Гэта ж на тыдзень!

— А ты што думаў — грошы самі да цябе паплывуць?

Дні чатыры працаваў Махайлаў добра. На пяты бачу — п’яны Махайлаў, што зямля. Я кажу хлопцам, адвядзіце вы гэта гора ў тэрмічку — пакойчык невялічкі ў нас ёсць, ніхто чужы туды не заглядвае,— хай праспіцца. Завялі хлопцы.

Дзесь перад абедам ідзе начальнік цэха.

— А Махайлава няма сягоння, зноў загуляў?

— Ды тут,— кажу,— некуды выйшаў.

Пайшоў начальнік.

— Пастаўце,— да хлопцаў звяртаюся,— хоць загатоўку ў яго станок.

Паставілі. Пасля абеду зноў падыходзіць начальнік цэха. Работа, кажа, тэрміновая ёсць. Дае чарцяжы. А ў мяне планавая работа яшчэ не зроблена.

Махайлаў спіць. Гадзіны ў чатыры прадзірае вочы, выходзіць з тэрмічкі. Падыходзіць да станка.

— А хто на ім рабіў? — пытае.

— Ніхто,— адказваю.— Начальства цябе шукала — трэба было вочы адвесці.

Глядзіць ён на мяне, не чакаў такога павароту.

— Вось што, друг сітцавы,— кажу яму,— на табе чарцяжы, і сёння каб усё было зроблена. Не забудзь, што і старая работа не скончана.

— Сцяпанавіч, не падвяду.

Астаўся ён на другую змену. У той жа вечар з заводакіраўніцтва рабілі праверку — ці ўсе на сваіх рабочых месцах. Прыходжу я назаўтра, а мне кажуць: «Хто-хто нас здзівіў бы, ды не Махайлаў. Адзінаццаць гадзін, нікога ў цэху няма, а ён адзін на двух станках працуе».

Зарабіў ён усё ж такі за месяц свае сто шэсцьдзесят рублёў.

Тады з кавалямі... У іх заўсёды спрэчкі з брыгадзірамі былі. Ім здавалася, што запісваюць ім менш, чым яны зарабляюць. Ну, вы самі разумееце, што такое кавальская справа... За малыя грошы там ніхто рабіць не стане. Я і кажу ім: вось бланкі, вядзіце разлік самі — што зарабілі, тое і запісвайце. Людзі вы дарослыя і граматныя, правяраць я вас не збіраюся. Дамовіліся. Прарабілі яны паўмесяца — прыходзяць. Падлічылі мы разам — не надта. Кавалі мае і рукамі развялі. А я кажу: самі ўлік вялі — самі. Я тут — ні пры чым. «Ну, Сцяпанавіч, мы звальняцца будзем,— кажуць,— ты ж бачыш, як мы робім».

— Бачыў. Давайце дамовімся так: працуйце, як працавалі, а я пастараюся што-небудзь зрабіць.

Забраў я нарады ды ў планава-тэхнічны аддзел.

Скажу па праўдзе: пабегаў я з тымі нарадамі, але ўсё ж дабіўся свайго — змянілі нормы.

Праўда, калі чалавек зусім апусціўся і разумець цябе не хоча, дык, па-мойму, і цацкацца з ім доўга не трэба. Аднаго я такі выгнаў. Я яму адразу, як і Махайлаву, сказаў: «Хочаш рабіць — рабі, а не — разыдземся». Тры разы я яго папярэджваў, а тады напісаў дакладную.

Я зноў хачу паўтарыць тое, з чаго пачаў: павярніся тварам да чалавека, і ён, калі гэта чалавек, таксама тварам павернецца. Вазьміце такі прыклад. Ідзе начальнік цэха. Падыходзіць да яго рабочы з якой-небудзь скаргай — загатоўкі няма ці яшчэ чаго... Што б на месцы начальніка цэха зрабіць лепш за ўсё? Спытаць у рабочага: «Ты да майстра звяртаўся?» Вось з гэтага пачаць. А тады ўжо размову весці. А як часам бывае?

Начальнік цэха адразу: «Майстра сюды!» Бягуць, вядуць майстра. Начальнік цэха тут жа, перад рабочымі, майстру разгон дае: ты, такі-сякі, чаму работай не забяспечыў... Вы думаеце, будзе пасля гэтага ў майстра аўтарытэт? Захочацца яму рабіць у такога начальніка? А ў самога начальніка цэха аўтарытэт будзе? А калі б ён, гэты гора-начальнік, сустрэўся адзін на адзін з майстрам — хай сабе майстар і вінаваты, але ж не трэба забываць, што яму працаваць кожны дзень з людзьмі,— тады б зусім іншая размова вялася.

Кажаце, што з людзьмі цяжка працаваць. Цяжка таму, хто разумець іх не хоча. Крыкні на чалавека раз-другі, а на трэці ён збярэцца і пойдзе ад цябе — рабі сам. Рабочых рук цяпер амаль на кожным заводзе не хапае — вунь аб’яў колькі. А за грошы, за адны грошы працаваць таксама дужа ніхто і не кінецца.

 

ПРАПАНОВА

Інжынер сядзеў над чарцяжамі і разлікамі каля тыдня. Тую невялічкую высокатэмпературную печ, якую збіраўся рабіць, інжынер добра ўяўляў: яна павінна мець форму цыліндра, унутры якога будзе ўкладзена спіраль з тугаплаўкага дроту. Усё было разлічана: і даўжыня спіралі, і форма печы, і нават сістэма рэгулявання тэмпературы — аставалася адно: зрабіць печ.

На заводзе быў керамічны цэх, і думалася спачатку, што ніякіх цяжкасцей не ўзнікне: зробіць па чарцяжах драўляную загатоўку, абмажа яе спецыяльнай глінай, высушыць, у час абпальвання загатоўка згарыць, і печ амаль гатовая — пакладзі толькі спіраль. Так і было: чарцяжы, драўляная загатоўка, абмазка глінай... Але пры сушцы гліна давала ўсадку, печ трэскалася — і ўсе чарцяжы, разлікі прападалі. Спачатку інжынеру здавалася, што ва ўсім вінавата спецыяльная гліна, потым думаў, што вельмі хутка сушаць, а тады... рукі апусціў.

Печ была яму вельмі патрэбна, праўдзівей, не яму, а заводу, і ён ужо даўно збіраўся зрабіць яе, бо ў серыйнай вытворчасці такіх печаў не было. Хмуры і злосны на ўвесь свет, і на сябе, што не можа знайсці выйсця з гэтага становішча, і на сваю работу, сядзеў ён у керамічным цэху, штосьці ляпіў і ўжо сам не ведаў што.

Інжынера добра ведалі ў керамічным цэху, ведалі, што ён робіць і што ў яго не атрымліваецца.

І тады да яго падышла пажылая жанчына, якая ўсё жыццё працавала ў гэтым цэху.

— А мы вось так зробім... Вось глядзіце... Вакол драўлянай загатовачкі абкруцім гумавы жгут — на яго месцы і ляжа спіралька, а потым мы зможам выцягнуць з гліны загатоўку і жгут таксама. І не будзе печ трэскацца...

Калі інжынер афармляў рацыяналізатарскую прапанову, побач са сваім прозвішчам ён паставіў прозвішча той пажылой жанчыны з керамічнага цэха.

 

СТАРЫ КАВАЛЬ

Аставалася месяцы тры да пенсіі, як ён застудзіўся — відаць, прахапіла сырым вясеннім ветрам, калі ўспацелы круціўся ля горна. Спачатку каваля палажылі ў гарадскую бальніцу, а тыдні праз два перавялі ў абласную. Там ён праляжаў з месяц, і, нарэшце, яго выпісалі — знайшлі адну з тых хвароб, што не вылечыць. Схуднелага — адна скура ды косці — прывезлі каваля дамоў. Блізкія і знаёмыя яго не пазнавалі. Да хваробы гэта быў вельмі спакойны, поўны чалавек, з вялікім, як бочка, жыватом. Ніхто ніколі не бачыў каваля сумным — здавалася, галоўным заняткам гэтага чалавека быў смех, і, можа, таму невялічкі будынак, дзе размяшчалася кузня, быў на заводзе месцам адпачынку. Сюды часта заходзілі рабочыя ў вольны ад работы час, каб «пачасаць» язык, згуляць у абедзенны перапынак у даміно. А вось цяпер з бальніцы прывезлі нейкага скурчанага, зморшчанага дзядулю.

Ён ужо аб усім здагадаўся, хаця б па тым, што выпісалі з бальніцы, дазваляюць есці ўсё, што душа пажадае, нават па тым, як глядзяць родныя. За два месяцы ён навучыўся, як кажуць, чытаць думкі па тварах і таму злаваў на людзей, што з ліслівымі ўсмешкамі падыходзілі, супакойвалі — хутчэй сябе, чым хворага,— і, хаваючы вочы, хуценька выходзілі... Паступова ён звыкся з гэтым — тады як бы прыўзняўся над зямлёю і адтуль, з недасягальнай вышыні, пачаў разглядаць жыццё чалавечае.

Шасцідзесяцігоддзе каваль сустракаў у ложку. Раніцай сабраліся жонка і дзеці, якія папрыязджалі з розных куткоў вялікай краіны,— у тыя дні яны ценямі хадзілі па хаце, не ведаючы, да чаго прыкласці рукі. Да ложка падсунулі стол, селі вакол яго, застаўленага ядою, першымі ў гэтым годзе кветкамі — пралескі цвілі ўжо. Пыталі ў бацькі: можа, вып’е трошкі ці з’есць чаго... І суседзі прыйшлі б, ды не хацелі турбаваць яго.

Ён бачыў і разумеў, што сям’і цяжка, але прытварацца, рабіць вясёлы выгляд у яго не было сіл. Ды і не хацелася. Нават крыўда брала — чаму падманваюць: кажуць адно, а думаюць другое.

Вясёлага сняданку так і не выйшла: паспрабавалі весяліцца — не атрымалася, і таму хутка разбрыліся па кутках.

У хаце зноў стала ціха.

Абедам застукалі нагамі ў сенцах, забубнелі: нехта прыйшоў. Жонка спытала, ці пускаць — з завода. Каваль кіўнуў — было ўсё роўна.

Прыйшлі начальнік цэха, у якім працаваў каваль, парторг завода і гадоў дзевятнаццаці, непрыгожы, увесь у рабацінні, рыжы хлапчына. Хлапчына ўвалок вялізны, ледзь не з метр, пакет, загорнуты ў паперу.

— Максімавіч, дзень добры! — на хаду распранаючыся, гучна і весела гукнуў парторг, жвавы па натуры чалавек.— А ты,— тут жа звярнуўся да хлопца,— разгортвай.

Начальнік цэха — чалавек ціхі, ніколі ні з кім у яго не былі ні сварак, ні непрыемнасцей; ён і цяпер увайшоў, кіўнуў галавою кавалю, як гэта рабіў раней, калі ўсё было добра, і застыў моўчкі ля дзвярэй.

Пачулася шастанне паперы — парторг памагаў хлопцу. Начальнік цэха ўсё стаяў, чамусьці разгублены, не ведаючы, што рабіць — памагаць ці распранацца.

— Распранайся, Іван Пятровіч,— сказаў слаба каваль. Яны ў адзін час, пасля вайны, прыйшлі на завод, адзін аднаго добра ведалі, можна сказаць, сябравалі.

Прыходам і мітуснёй людзі патрывожылі каваля — ніякай радасці, новых хваляванняў не ўзнікла, ён спакойна глядзеў на знаёмыя твары, на вельмі прыгожую вазу, мусіць, спецыяльна для яго зробленую. Такую вазу не на кожнай выстаўцы ўбачыш. У нізе вазы золатам былі адліты словы: шаноўнаму... у сувязі...

Нарэшце ваза была поўнасцю распакавана, парторг узяў яе аберуч, павярнуўся тварам да каваля:

— Ну, Максімавіч,— відаць, ён хацеў сказаць: «Ад імя калектыву і па даручэнню... дазволь мне...» — але, сустрэўшыся з позіркам каваля, замоўк і нават разгубіўся. А пасля, ужо другім тонам, сказаў:

— Ты сам ведаеш, Максімавіч, што я хачу сказаць. Павер, ад усяго сэрца... Раней не маглі прыйсці — цэх новы пачалі, сам разумееш, што гэта...

Толькі цяпер каваль заўважыў пад вачыма парторга сінякі, падумаў, што непрыемнасці па адной не бываюць...

Начальнік цэха дастаў аднекуль бутэльку віна і, падсунуўшы з дапамогай хлопца стол да ложка, стаў паціху гаспадарыць: пайшоў у другую палавіну хаты да жонкі каваля, і тая хутка пачала насіць на стол закуску. Відаць, начальнік цэха асвоіўся, бо рабіў усё спакойна, як у сваёй хаце. Хлапчына таксама круціўся ля стала, нешта ставіў, перастаўляў.

— А гэта хто такі? — спытаў каваль у начальніка цэха, ківаючы на хлопца, калі ўжо ўсё на стале было гатова і госці, жонка, дзеці сядзелі на крэслах наўкруг стала.

— Ды гэта Коля... Як прыйшоў на завод, даведаўся, што ў кузню вучань трэба, дык, пакуль не паставіў,— не адчапіўся. Тры дні папрацаваў, а на чацвёрты рукі абсмаліў, тыдзень на бальнічным лісце... А вось цяпер да цябе напрасіўся... Гэта Ко-оля! — шматзначна працягнуў начальнік цэха і паглядзеў на хлопца. Той засаромеўся, нібы дзяўчо-падлетак, заліўся чырванню і схаваў рукі ў кішэні.

Каваль падумаў, што гэтае рыжае хлапчаня, відаць, дастаўляе многа клопату начальніку цэха, але чамусьці начальнік цэха любіць яго.

— Як гэта ты ўмудрыўся? — нечакана для сябе спытаў каваль.

— А-а я-я з-за-гат-тоўку п-пад-няў,— хлапчына быў заіка, стаў гарачыцца, стараючыся як найлепш растлумачыць кавалю, ён нават паказваў, як падымаў загатоўку.

У людзей, што сядзелі за сталом, з’явіліся ўсмешкі, а каваль у гэты час успомніў кузню, уявіў, як гэты небарака-хлапчына бярэ абцугамі з горна белую загатоўку, нясе яе да молата, тут загатоўка падае...

— В-во якія...— з гонарам нечакана тыцнуў хлопец кавалю пад нос далоні з чырвонай скурай, якая толькі што загаілася.

Каваль паглядзеў у вочы хлопцу, вялізныя і адкрытыя, і адчуў раптам, што ў грудзях ягоных нешта расплываецца... Ён апусціўся на падушкі, павярнуўся тварам да сцяны і ўпершыню заплакаў.

Госці пайшлі з хаты. Яны яшчэ ніколі не бачылі, каб мужчына так плакаў; моўчкі, не гледзячы адзін на аднаго, дайшлі яны да скрыжавання вуліц і разышліся.

 


1970-1976?

Тэкст падаецца паводле выдання: Гігевіч В. Спелыя яблыкі. Апавяданні. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1976. – с. 30-44
Крыніца: скан