epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гігевіч

Шпілька

 

 

У маленстве бывае такі ўзрост, калі нечакана пачынаеш асабліва баяцца цемры, — тады, у тым узросце, здаецца, што ў цёмных закутках сядзіць нешта жывое, гэткае ж цёмнае, кудлатае і страшнае, яно можа існаваць толькі ў цемры і таму, як толькі цябе ахутае змрок, яно тут жа асмялее, хутка-хутка да цябе наблізіцца і... Нават і ўявіць жахліва, што тады можа адбыцца. І таму, як можаш, стараешся быць бліжэй да яркага зыркага святла і ўсё скоса насцярожана пазіраеш на цёмныя закуткі.

Потым, праз гады, гэты жах цемры памалу адсоўваецца халодным лагічным разуменнем таго, што нічога і нікога страшнага ў цемры само па сабе не бывае і быць не можа, у адных гэта адбываецца хутчэй, у другіх не так... І толькі калі-нікалі ў дарослым самастойным жыцці душу тваю, як напамін на далёкае недасягальнае маленства, а можа, і не на маленства, можа, і на штосьці іншае, нечакана міжвольна працінае гэты незразумелы жах цемры. Часцей за ўсё то бывае, калі адзінокі заблудзіш ноччу ці то ў лесе, ці то ў полі. І вось там, пад агромністым зорным небам, сярод маўклівай цішы, як пад вадою ўсё роўна, разглядаючы цёмныя прыдарожныя кусты ці дрэвы, што здаюцца казачнымі прывідамі, усёй душою адчуваючы нязвыклы касмічны холад, які ліецца і ліецца бесперастанку зверху, з той зорнай мігатлівай бездані, табе, адзінокаму, нягледзячы на адукаванасць, стане страшна, гэтак нязвыкла, што тут жа начыста ад цябе адлятаюць немаведама куды прачытаныя талковыя кнігі, якія амаль усё на свеце растлумачваюць, адлятае той шумны, заліты агнямі горад, дзе нядаўна весяліўся, тая ўтульная кватэра з мяккім святлом таршэра, дзе прыемна бавіць час. І тады захочацца крыкнуць на ўсю моц і крыкам сваім суцешыць сваю адзіноту.

Быў такі перыяд маленства і ў Івана Макаравіча. Жыў ён тады ў вёсцы, і, як гэта вялося ў тыя часы, вечарамі пры лямпе без зыркага салодкага тэлевізара надта доўга не заседжваліся, а стараліся хутчэй укладвацца спаць.

Зімою ён любіў спаць на цёплай печы. Калі, пасля доўгай беганіны на холадзе, соладка зліпаліся веі, ён бачыў у апошнія імгненні дошкі плота за акном хаты ў агародзе. Няроўна абрэзаныя, яны здаваліся людзьмі, што пасталі ў рад і моўчкі разглядалі яго, малога. Яму тады станавілася страшнавата, ён сціскаўся ў камячок і саўсім заплюшчваў вочы. Але дзіўна, ні тады, у маленстве, ні потым, дарослы, ён так нікому і не гаварыў пра тыя прывіды, якія штовечар паяўляліся за акном.

Быццам бы гэты жах быў неабходны ў ягоным маленстве, без якога ён так ніколі і не адчуў бы слодыч хрусткага снегу, які так сінее вечарамі, гэтага халаднаватага ветру, ад якога пальцы і твар робяцца адзеравянелымі...

Потым, дарослы, пасля смерці бацькоў, перагароджваючы плот, Іван Макаравіч думаў пра далёкія жахі маленства і ўсміхаўся. Адрываючы дужай рукою ад падгнілых жэрдак учарнелыя дошкі, ён ўспамінаў той даўні снег, які так прыцягальна сінеў надвячоркам і на якім гэтак хацелася пакінуць свой след, хруст пад валёнкамі, густую цішыню, якой, як вядро вадою, да самага краю была некалі напоўнена душа... Але ўсё гэта было далёка, даўно, як чужое ўсё роўна як ні ўспамінаў Іван Макаравіч, ніводнае з тых даўніх пачуццяў так і не вярнулася, і таму нічога іншага не заставалася, як адрываць і адрываць тыя ўчарнелыя падгнілыя дошкі.

Іван Макаравіч быў неблагі, талковы чалавек, які сам, без нічыёй дапамогі, выбіўся ў людзі і цяпер крочыў па жыцці спакойна і ўпэўнена. Звычайна пра такіх, як Іван Макаравіч, гавораць, што яны нарадзіліся ў сарочцы.

Адразу пасля школы ён здолеў паступіць у інстытут, закончыў яго і тут жа пайшоў у аспірантуру. Інстытут быў складаны, з тэхнічным ухілам, паступіць было нялёгка, не лягчэй было і вучыцца, многія не вытрымлівалі, адсяваліся, але Іван Макаравіч удала прайшоў скрозь частае сіта залікаў і экзаменаў. Як і многія аднагодкі, Іван Макаравіч у дваццаць пяць жаніўся, стаў жыць на прыватнай. Жонку ён узяў не гарадскую, вясковую, і многіх былых аднакурсніц гэта здзівіла, бо хлопец ён быў відны, не промах, і дагэтуль яго часта бачылі то з адной расфуфыранай гарадской прыгажуняю, то з другой.

Студэнтам Іван Макаравіч быў вясёлы, кампанейскі, ад яго першага можна было пачуць: «Ну што, хлопцы, скінуліся?» — і не ў каго-небудзь, а ў яго першага можна было перахапіць пяцёрку да стыпендыі. «Толькі з аддачаю», — даючы грошы, звычайна дабаўляў Іван Макаравіч і неяк з ацэнкаю прыжмурваў хуткія вочы, у якіх ужо тады паяўлялася нешта пільнае і ўчэпістае, тое, што, кажуць, гэтак памагае выстаяць у жыцці.

Ён быў здольны да навукі, у гэтым многія прызнаваліся, але здольнасці ягоныя былі не чыста абстрактна-разумовыя, а з нейкім практычна-жыццёвым ухілам. І таму Іван Макаравіч праявіў сябе як удалы эксперыментатар.

Скончыўшы аспірантуру, Іван Макаравіч зрабіў самастойна серыю ўдалых эксперыментаў, вынікі якіх для многіх салідных вучоных былі і нечаканыя, і непажаданыя, разгарэлася нават спрэчка, тая ціхая нябачная старонняму воку спрэчка, якая, бывае, усчынаецца час ад часу ў вузкіх прафесійных колах. Як маладога і перспектыўнага Івана Макаравіча падтрымалі зверху, і вось, гады праз два пасля аспірантуры, Іван Макаравіч абараніў кандыдацкую, атрымаў двухпакаёўку, балазе ў яго да таго часу быў сын.

У дваццаць сем ён пачаў паўнець, уваходзіць, як прынята казаць, у самы смак жыцця — твар пакруглеў, паружавеў, плечы сталі пакатыя, паходка больш павольная. Позірк ягоных вачэй стаў яшчэ болей няўлоўны, многія, хто з ім гаварыў, пасля так і не маглі ўспомніць выразу вачэй Івана Макаравіча. У трыццаць год ён быў загадчыкам аддзела і сам у эксперыментах амаль і не ўдзельнічаў, але і тут, на новай пасадзе, Іван Макаравіч удала сарыентаваўся, ён даволі лоўка выбіраў тэмы і накірункі даследаванняў, неяк так сталася, што ў яго завяліся новыя знаёмыя, і само сабою стала ясным, што Іван Макаравіч замахнецца на доктарскую.

Увогуле, гэта ягоная якасць — выбіраць найлепшы варыянт ці то ў жыцці, ці то ў рабоце, многіх проста-такі здзіўляла, і, як вядзецца, дзе-хто ўціхую пускаў розныя плёткі, а дзе-хто і зайздросціў. Нельга сказаць, што Іван Макаравіч лістом асеннім слаўся начальству пад ногі, не, такога не было, але неяк заўсёды так атрымлівалася, што Іван Макаравіч сябраваў з тымі, хто займаў пасаду крышку вышэйшую, чым займаў сам. І калі ягоны сябар злятаў з пасады — чаго ў гэтым складаным жыцці ні бывае, — то так атрымлівалася, што і сяброўства з тым чалавекам не тое што разладжвалася, а проста на яго не хапала часу. Хоць пры патрэбе Іван Макаравіч не забываў былых сяброў і нават мог дапамагчы. «Але ў меру сіл і магчымасцей», — так звычайна гаварыў Іван Макаравіч і ўсміхаўся амаль гэтак жа, як і некалі ў маладосці, калі гаварыў: «Толькі з аддачаю».

Сямейнае жыццё ў Івана Макаравіча было ціхае і спакойнае, а тым болей мала хто мог пахваліцца частым гасцяваннем у Івана Макаравіча. Жонка ў яго была негаваркая і, як гэта часта бывае ў сем’ях, год праз пяць пасля замужжа стала нечым падобная на Івана Макаравіча: і той жа паўнатою, і нетаропкімі жэстамі, і скупасцю ў словах.

У трыццаць год Іван Макаравіч ледзь было не развёўся. Было гэта нечакана нават і для яго самога усё адбылося за два тыдні, пра якія пасля Іван Макаравіч успамінаў са здзіўленнем, быццам у тыя дні гэта і не ён быў, а другі невядомы мужчына.

Тая дыпломніца знешне амаль нічым не адрознівалася ад другіх студэнтак, якія штогод па вясне рабілі ў інстытуцкіх лабараторыях дыпломныя работы. У світэры, у вузкай і кароткай спаднічцы — джынсы ў тую пару толькі-толькі ўваходзілі ў моду — з пару месяцаў бегала яна ля прыбораў, паслухмяна робячы тое, што загадвалі рабіць штатныя супрацоўнікі, — як звычайна жартавалі ў інстытуце, гэтыя дыпломнікі былі бясплатнай рабочай сілаю, якую трэба ўмела скарыстоўваць. Іван Макаравіч не першы год бачыў такіх дыпломніц і, калі глядзеў на гэту дыпломніцу, думаў, што ў навуцы яна зробіць гэткі ж рашучы пераварот, які зрабілі другія прадстаўніцы прыгожага полу...

Неяк у канцы дня, калі перад абаронаю дыпломнай трэба было тэрмінова напісаць заключэнне, Іван Макаравіч затрымаўся з ёю ў лабараторыі адзін на адзін. Слова за словам, — у той дзень у яго быў неблагі настрой, і, як гэта ў яго часта атрымлівалася, ён тут жа паспрабаваў гаварыць з ёю тым лёгкім насмешліва-паблажлівым тонам, якім звычайна гавораць дарослыя з дзецьмі. Але нічога не атрымалася, — яму чамусьці стала няёмка ад яе спакойнага нетаропкага позірку, які, здавалася, пачаў адчуваць кожнаю клеткаю цела. Такога з Іванам Макаравічам не было, і таму, каб рэзка абарваць гэту нітку, што звязвала іх і ад чаго Іван Макаравіч адчуваў сябе няёмка, яму захацелася сказаць штосьці колкае і нават абразлівае, калі на тое пайшло.

Але што, што ён мог сказаць у гэты, як разумеў, апошні дзень?

— Дык, можа, за горад заўтра махнём? — аддаючы ей падпісанае заключэнне, ён адкрыта з усмешачкаю глянуў ёй у вочы.

Але яна зусім не разгубілася, не адвяла позірку, толькі чырвань густа палыхнула на шчоках.

— Паедзем, — сказала яна так, быццам ужо колькі разоў ездзіла з ім разам.

Ён ішоў з інстытута і, гледзячы сабе пад ногі на шэры асфальт, усё бачыў яе чарнявы твар і гэта тонкае пераноссе, і вузкія, шырока разведзеныя бровы, і вочы, спакойныя вялікія вочы, чорныя, нейкія аксамітавыя, у якіх па-маладому штосьці прыцягальна блішчэла, тое, чаго ўжо не бывае пасля, у трыццаць ці сорак год.

Была вясна, была пятніца, хмельнае цёплае паветра добра-такі прагравала зямлю, снегу даўно нідзе не было, дрэвы і кусты распускаліся пахкай зеленню, і Івану Макаравічу ўявілася, як будзе заўтра за горадам, дзе няма асфальту, шуму, тлуму.

...Гэткай вясенняй парою звычайна ранкам ідуць лёгкія цёплыя дажджы. Успомнілася сваё студэнцтва той першы курс інстытута, калі тайком даводзілася жыць у інтэрнаце і спаць на адным ложку з такім жа, як і сам, вясковым хлопцам, бо грошай на прыватную ў яго не было. Ранкам яны бегалі на лекцыі праз парк, — вось гэтак жа ярка біла ў вочы зялёнае лісце, блішчэлі люстэркамі лужыны па асфальце, туманілася пахкае паветра ўдалечыні між сосен, і ён, зялёны нявопытны студэнт, аб нечым вельмі-вельмі шкадаваў. Але не тым змрочным безнадзейным шкадаваннем, якое час ад часу навальваецца цяжкім каменем на душу ў сталасці, а тым лёгкім светлым шкадаваннем, якое бывае толькі ў маладосці. Аб чым ён тады шкадаваў? Аб каханні, якое, як думалася, абмінула яго. І яшчэ аб чымсьці нават самому незразумеламу.

А цяпер ужо ўсё, ці амаль што ўсё, ёсць: і жонка, і дзіця, і пасада, і ўсё далейшае, да канца самага, як у цягніка, што па рэйках нясецца... Чаму, адкуль жа ў душы гэтае забытае пачуццё, амаль такое ж, як і тады, у студэнцтве?

Нечакана шкадаванне чагосьці навек страчанага апякло Івана Макаравіча, і ён аж прыпыніўся на люднай вуліцы, усё гледзячы на шэры асфальт, які шчыльна і, відаць, навечна прыхаваў зямлю.

Іван Макаравіч не надта ўлягаў за жанчынамі, але да жаніцьбы ён сустракаўся з дзяўчатамі, сёе-тое добра ведаў і таму, перад тым як несці ў загс заяву, не глядзеў на жонку, як на штосьці адзінае, без чаго і нельга пражыць на свеце. Яна, жонка, была звычайная жанчына, са сваімі слабасцямі, магчыма, яна была найлепшым варыянтам, які ён у той час мог выбраць. Але ўсяго толькі — варыянтам.

І пра гэта Іван Макаравіч ніколі не забываў.

Праз пару дзён, выціраючы слёзы, папраўляючы блытаныя валасы, тая дыпломніца сказала: «Альбо мы сыходзімся, альбо разыходзімся назусім. І ты мяне больш ніколі не пабачыш. Толькі будзеш шкадаваць пасля». І ён нічога не мог сказаць, ашаломлены, ён і сапраўды адчуваў: яшчэ які адзіны міг, імгненне, і ён падасць заяву на развод, можа, нават паляціць з пасады і замест таго, каб займацца навукаю, схопіць гаспадарчую сумку і пачне штовечар бегаць па магазінах, штовечар будзе гадзінамі прападаць на кухні. Нават падлогу пачне праціраць.

І радавацца будзе. Ён зробіць усё, як яна пажадае.

Так, відаць, гэта і было каханне, можа, нават і тое, пра якое ён дагэтуль столькі марыў, але як гэта ўсё было не так, няправільна... Ён чамусьці ніколі і не думаў, што каханне можа быць такім... І ці добра гэта, ці прынясе яно шчасце?..

Гэта было цяжка, а можа, нават і немагчыма — вось так, адразу, без падрыхтоўкі павярнуць жыццё на сто восемдзесят градусаў. «Пачакай, дай апамятацца»,— папрасіў тады дыпломніцу, дзівячыся яе кволасці, слёзам і гэтай невядомай незразумелай яе ўпэўненасці ў чымсьці такім, у чым ён ужо не мог быць упэўнены. «Усяго толькі тыдзень», — сказала яна так, як некалі: «Паедзем».

Жонка адразу ж усё адчула — не было ні папрокаў, ні слёз, толькі, як магла, падсоўвала пад рукі сына і сама не вытыркалася з кухні. І яшчэ яна сказала ў тыя дні, што зацяжарыла.

Потым, калі ўсё было скончана, Іван Макаравіч зноў стаў дзелавіты, спакойны і ўраўнаважаны, і адзінае, што ў ім змянілася — новае адчуванне, што ў свеце стала пуста, па-восеньскаму стыла і няўтульна. Ён часта нечакана ні з таго ні з сяго замаўкаў, заціхаў, як бы прыслухоўваючыся да чагосьці, а потым, схамянуўшыся, станавіўся ранейшы.

Пасля гэтага, гады праз тры, Іван Макаравіч першы раз паехаў у адпачынак на мора. Так склалася, што дагэтуль Іван Макаравіч ні разу не пабываў на моры — штогод ездзіў у вёску да бацькоў, пасля ладзіў дачу, потым дачка нарадзілася.

Там жа, на моры, ён навучыўся добра, па-спартыўнаму плаваць. Як і ў любой справе, за якую даводзілася брацца, Іван Макаравіч і тут усё зрабіў дзелавіта і грунтоўна: дастаў кніжку, у якой апісвалася тэхніка плавання, і стаў вучыцца. У канцы першага ж адпачынку ён рытмічна раўнамерна ўзмахваў рукамі, гэтак жа рытмічна выдыхаў у ваду паветра, адчуваючы, як ад напружання ўсё цела выцягваецца ў нітку, што праразае густую ваду.

Спачатку, у першы год адпачынку, Іван Макаравіч плаваў недалёка ад берага, як і большасць адпачываючых, але потым, на другі-трэці год ён рабіў большыя заплывы, уздоўж чырвоных буёў і яшчэ далей, дзе быў «дзікі» пляж і дзе над берагам высіліся абрывістыя шэрыя скалы.

Пасля заплыву ён садзіўся на беразе, вымаў з поліэтыленавага мяшэчка кавун і нож... Цёплае паўднёвае сонца тут жа сушыла цела — ён любіў гэтыя імгненні адзіноты і расслабленасці, прыемную стому, калі затуманеным позіркам глядзеў удалеч, дзе гайдалася і гайдалася вада, дзе высіліся непрыступныя абрывістыя скалы, уздоўж якіх толькі што плыў. І тое, што ён толькі што ў адзіноце плыў ля высачэнных непрыступных скалаў, напаўняла душу спакоем і невядомай ціхай асалодаю.

Там, на поўдні, у Івана Макаравіча нікога не было, ён і не цягнуўся надта да людзей, ён нават газеты ленаваўся чытаць. Гады праз два ён прывык да невялічкага паўднёвага гарадка і прыязджаў туды, як у сваю вёску вяртаўся.

Да сям’і Іван Макаравіч вяртаўся загарэлы, пахудзелы і тут жа адразу ж браўся за работу, яшчэ болей чэпка, яшчэ больш дзелавіта у навуковых часопісах паяўляліся ягоныя артыкулы, у выдавецтве ляжаў рукапіс кнігі, даводзілася ездзіць на канферэнцыі, шмат часу забірала бібліятэка, дзе чытаў у арыгінале замежныя часопісы — ён ужо стаў паказвацца ў прэзідыумах сходаў. Праўда, пакуль што садзіўся ён дзесьці апошні ў апошнім радзе, пільна і цвяроза гледзячы на першыя рады прэзідыума.

З жонкаю таксама наладзіліся адносіны — без ляманту і лішніх слоў, як бы па маўклівай дамоўленасці пра штосьці ніколі не ўспамінаць і не папракаць адно аднаго. Ва ўсім гэтым было шмат ад таго, што бывае і ў другіх сем’ях — ніколі не гаварыць між сабою пра тое, пра што ніхто, ніводзін старонні чалавек не ўведае. Жонка нават загадвала, камандавала Іванам Макаравічам — тое прынясі, гэтае дастань, і ён паслухмяна слухаўся. Увогуле, у гасцях ці прымаючы гасцей, жонка неяк аж расцвітала. І толькі калі-нікалі, раз ці два ў месяц нечаканым незразумелым бляскам загараліся вочы Івана Макаравіча, і жонка, убачыўшы гэты бляск, тут жа сціхала, гаварыла: «Ну, добра, добра, хай па-твойму будзе. Загарэўся ўжо...»

Сын і дачка падрасталі, Іван Макаравіч любіў іх тым здаровым прыродным пачуццём, якое само сабою ўзнікае ў бацькоў да сваіх дзяцей. Часта Іван Макаравіч думаў, што калі б не дзеці, то ён, можа, і павярнуў бы штосьці рэзка ў сваім жыцці, назусім абрываючы гэтыя шматлікія ніткі абавязкаў, правоў, якія — гэта ён добра адчуваў — з кожным годам усё больш і больш апляталі яго.

Але ён тут жа работаю адганяў ад сябе ўсё гэта няўпэўненае, зыбкае, якога шмат у жыцці сучаснага чалавека, — як пра збавенне Іван Макаравіч стараўся думаць пра лета, пра адпачынак ля мора...

І гэта яму ўдавалася.

Яшчэ некалі, маладзейшы, ён з незразумелым жахам і нават болем думаў пра смерць так, быццам яна была побач, быццам тады, у тыя васемнаццаць год, ён павінен быў памерці. Ён днямі і тыднямі разважаў пра сэнс і бяссэнсіцу чалавечага быцця, а потым, за пару тыдняў да жаніцьбы, усё гэта не тое што знікла назусім, а неяк адсунулася работаю, сямейнымі клопатамі, зусім нечаканымі і шматлікімі, кандыдацкай, рукапісам кнігі, артыкуламі, будучай доктарскай. У рэшце рэшт ён прывык цвяроза думаць, што раз усе мы тут, як у коле, з якога пры ўсім жаданні ніяк не выберашся, то на немагчымае і замахвацца не варта, трэба рабіць усё, што можна, цяпер, не выпускаючы з рук найлепшага варыянту, бо другога разу не будзе.

І таму, калі бывала, што Івану Макаравічу даводзілася хаваць інстытуцкага супрацоўніка — звычайна ён станавіўся з чырвонай павязкаю на рукаве ў ганаровай вахце — то і тады ён, канечне, смуткаваў, нагінаў уніз галаву, але між тым адчуваў: каму-каму, а сабе ён мог у гэтым прызнацца, што ягоныя хваляванні — усяго толькі хваляванні душы, а сапраўдны боль і жах смерці так і не працінаў Івана Макаравіча, і таму ён роўным планёрачным голасам мог гаварыць пра чэснасць, прынцыповасць і дзелавітасць калегі, які заўчасна пайшоў і справу якога мы павінны працягваць.

Бо зверху над усім гэтым — і словамі, і труною з нежывым незнаёмым целам, і схіленымі галовамі супрацоўнікаў — было цвярозае разуменне таго кола, з якога нікому яшчэ не ўдавалася вырвацца.

І таму ці варта, ці варта попусту надрываць сваю душу?

Сярод зімы Іван Макаравіч хадзіў раз у тыдзень у фінскую сауну з басейнам. Хадзіў не адзін, з двума-чатырма таварышамі па рабоце, гэткімі ж па ўзросце, як і сам. У люксавым нумары пасля парылкі яны бухаліся ў басейн, потым цадзілі нетаропка піва і тут жа, як гэта вядзецца, гаварылі пра работу, дружна абмываючы костачкі начальству, адчуваючы, што на месцы начальства кожны з іх паводзіў бы сябе больш разумна і больш талкова.

Нарэшце выйшла кніга ў выдавецтве, і адусюль пасыпаліся віншаванні, нечакана завялося многа знаёмых, у трыццаць восем Іван Макаравіч абараніў доктарскую і цяпер ужо садзіўся ў прэзідыумах сходаў у першым радзе, балазе стаў намеснікам дырэктара інстытута.

Новыя сябры паявіліся ў Івана Макаравіча, з новымі знаёмымі ён хадзіў у фінскую сауну, але адзіным і нязменным заставаўся адпачынак ля мора. Іван Макаравіч стараўся не гаварыць пра мора, гэта было ў ягоным жыцці штосьці такое асабістае, пра што нікому не трэба гаварыць.

Як і пра тую дыпломніцу, якая цяпер невядома дзе жыла.

Кожную восень у адну і тую ж пару ён выбіраўся з дому, каб паехаць туды, да мора. Плаваў ён добра і доўга, ён памалу пераадолеў у сабе жах глыбіні, гэтак жа, як і раней работаю, штодзённымі клопатамі і радасцямі ён навучыўся адганяць ад сябе думкі пра смерць, пра сэнс і бяссэнсіцу жыцця, то і цяпер, заняты рэзкімі ўзмахамі рук, рытмічным глыбокім дыханнем, своечасовым паваротам галавы, ударамі выцягнутых ног па вадзе, — заняты ўсім, што непрыкметна давала асалоду, Іван Макаравіч забываў пра той тоўсты зеленаваты пласт вады, што ляжаў пад ім. Плаваў Іван Макаравіч па некалькі разоў на дні, заплывы былі па гадзіне, а то і болей. Цяпер ён аблюбаваў сабе пастаяннае месца для плавання — у канцы гарадскога пляжа, дзе ўжо не было буёў. Звычайна ён плаваў уздоўж дзікага берага і, калі паварочваў галаву, набіраючы ў лёгкія паветра, бачыў зблізку надзвычай абрывістыя высокія, да самага неба, скалы, у трэшчынах якіх раслі яркія, як намаляваныя, сосны. Апошні заплыў Іван Макаравіч рабіў вечарам, той ціхай бязветранай парою, калі нагрэтае паветра застывала над зямлёю і морам, а вада ля скал станавілася, як шкло. У такую пару ён з асаблівай вастрынёй адчуваў слодыч вады, якая ўшчыльную абцякала кожную клетку напружанага, нацягнутага цела. І яшчэ адчувалася прыгажосць гэтых маўклівых высачэзных скалаў, у трэшчынах якіх ляпіліся немаведама як зялёныя сосны.

Надвячоркам у глыбокім бясхмарным небе свяціў бляклы светлаваты месяц — гэта напамінала маленства, тую пару, калі ён выбягаў з хаты на двор, у холад і снег, і бачыў там сярод агромністай бездані зор жаўтаваты выпуклы месяц. Ён застываў, углядаўся ў месяц — бачыў там як бы нейкія горы, даліны, думалася, што там, на Месяцы, ёсць нейкае другое, казачнае жыццё, у якое ніколі не ступіш, а вось можаш толькі паглядзець... Ён плыў і плыў, то апускаючы твар у ваду, то прыпадымаючы, паварочваючы галаву набок, і тады, пасля зеленавата-цьмянай паласы, як з небыцця, асабліва ярка паўставалі сосны ў скалах, светлаваты празрысты серп месяца. І ўсё ніяк не адыходзілі ад яго светлыя імгненні, калі трэба было бегчы ў хату, бо ён ужо зусім застываў на двары ад холаду, але ўсё ніяк не мог адвесці вачэй ад зор, ад жаўтаватага месяца, бо адчуваў тады, яшчэ зусім малы — яшчэ які адзіны міг і ён, шчаслівы, усё на свеце зразумее, усё зможа спалучыць у штосьці адзінае, суцэльнае: і сябе, і бацькоў, і гэты іскрысты з сіняватым адлівам снег, на якім гэтак хочацца пакінуць свой след, і гэту звонкую цішыню... І ўсё тады стане такім простым...

Якое потым, праз гады, ужо ніколі не станавілася, наадварот, чым болей жыў, чым больш адчайна кідаўся ў навуку і ў само жыццё Іван Макаравіч, тым усё больш і заблытана адчуваў усё ў свеце.

Як здаўна вядзецца, не заўсёды і не ўсё гладка ідзе ў гэтым жыцці. Неяк Івану Макаравічу давялося пабачыць тапельца, — сіняе, жахлівае ў сваёй бездапаможнасці і аголенасці цела маладога, год трыццаці, мужчыны людзі дасталі са дна недалёка ад пляжнага вечна люднага берага. Было гэта сярод дня, адразу ж на беразе ля тапельца сабраўся натоўп, падышоў туды і Іван Макаравіч.

Глянуўшы на тапельца, на ягоныя шчыльна самкнутыя пачарнелыя вусны, на заплюснутыя вочы двое мужчын дзелавіта рабілі штучнае дыханне: адзін разводзіў і зводзіў рукі, а другі рытмічна націскаў на грудзі і ўсё камандаваў: раз-два, раз-два... — Іван Макаравіч тут жа пашкадаваў, што падышоў. У натоўпе нейкая жанчына з пышнымі завітымі валасамі на галаве, з вогненнымі ад памады вуснамі, круцячы наўкруг галавою, гучна невядома каму гаварыла, што гэты чалавек толькі сягоння прыляцеў з Поўначы, падпіў з радасці і, добра разагрэўшыся, палез у мора... А там, відаць, сутарга і схапіла яго.

Саступаючы месца, Іван Макаравіч пачаў выбірацца з натоўпу. Разам з ім пайшоў пажылы, год пяцідзесяці, мужчына. Мяркуючы па ладнаму жывоціку, па спакойным немітуслівым позірку, мужчына той быў самастойны, пры пасадзе добрай, яны пайшлі побач, звязаныя тым пачуццём еднасці і разумення, якое калі-нікалі паяўлялася ў Івана Макаравіча да незнаёмых людзей, і тады міжвольна завязвалася гаворка, здавалася тады, што незнаёмага ведаеш даўным-даўно.

— Я дык во шпільку ўвесь час з сабою нашу, — нечакана ні з таго ні з сяго загаварыў незнаёмы. На хаду ён нават адвярнуў плаўкі, і Іван Макаравіч на фоне палоскі белага незагарэлага цела ўбачыў невялічкую прадаўгаватую бліскучую шпільку, што была прышпілена да плавак. Як і не прыкмячаючы здзіўленага позірку Івана Макаравіча, незнаёмы працягваў: — Калі сутарга і схопіць, трэба ўкалоцца. І ўсё пройдзе. А так у вадзе з ёю адзін на адзін можаш не справіцца.

Іван Макаравіч слухаў незнаёмага і думаў, што той гаворыць пра сутаргі, як пра штосьці жывое, што да пары да часу хаваецца ў глыбокай зеленаватай вадзе.

І тут яму ўспомніліся вочы сваёй сакратаркі — адзінокай пажылой жанчыны, якая мінулай зімою пахавала старэнькую маці. Сакратарка вярнулася з вёскі, дзе было пахаванне, заплаканая, учарнелая. Седзячы за машынкаю, яна гаварыла спакойна:

— Я перад гэтым сон сасніла. Быццам сплю я, як заўсёды, у сваёй спальні. І чую — званок у дзверы. Падымаюся я тады з ложка і да дзвярэй іду. Адчыняю дзверы — гэта я ўсё ўва сне раблю — і гляджу на лесвічную пляцоўку. А там — пуста, нікога няма. І цёмна-цёмна, хоць вока калі. І вецер цягне немаведама адкуль, як з-пад зямлі ўсё роўна. І яшчэ чую я, як нешта па лесвіцы ўніз спускаецца: топ, топ, топ... Тады ўжо, як я прачнулася ўся мокрая, я зразумела, што гэта яна прыходзіла. Я тады адразу пра гэта падумала.

— Хто — яна? — спытаў, помніцца, Іван Макаравіч, хоць ужо і здагадваўся пра адказ.

— Смерць, хто ж яшчэ? — спакойна, як дзіцяці неразумнаму, гаварыла сакратарка з такой упэўненасцю, ад чаго ўнутры Івана Макаравіча ўсё пахаладзела. Ён нейкі час моўчкі нерухома глядзеў у вочы сакратарцы, зразумеў адзінае — нічым і ніколі не пераканае сакратарку, хутчэй за ўсё яна пераканае яго ў тым, што смерць і сапраўды прыходзіла...

У той дзень больш Іван Макаравіч не плаваў. Адчуваючы нейкую разбітасць ва ўсім целе, ён доўга попусту туляўся па цэнтральнай вуліцы гарадка, схадзіў на рынак, пабываў нават у кінатэатры, дзе штогод, калі ні прыязджаў, бачыў на афішы нязменных «Чатырох мушкецёраў».

Пад самы вечар у магазіне Іван Макаравіч купіў шпільку.

Пасля, праз дзень-другі, Іван Макаравіч зноў плаваў, і зноў ён быў, здавалася, гэткі ж, як і дагэтуль, толькі ў час заплыву калі-нікалі рукою праводзіў шчыльна ўздоўж цела, дзе цяпер была прышпілена да плавак яна, шпілька...

Але цяпер штосьці замінала Івану Макаравічу — не так лёгка і глыбока дыхалася, не такімі зялёнымі здаваліся сосны ў скалах, нейкімі большымі сталі хвалі, і вада ўсё часцей і часцей трапляла ў рот. Увогуле ў час заплыву думкі цяпер міжвольна павярнулі на другое — думалася чамусьці, што гэтае плаванне не мае ніякага сэнсу і лепей заняцца нечым іншым, што мае пэўны акрэслены сэнс. І таму Іван Макаравіч часта падоўгу сядзеў нерухома на беразе, як бы намагаючыся штосьці ўспомніць, глядзеў на ваду, на маўклівыя непрыступныя скалы.

У той год Іван Макаравіч упершыню паехаў ад мора нечым расчараваны. Седзячы ў мяккім утульным крэсле самалёта, ён глядзеў праз ілюмінатар на белыя, як камячкі ваты, аблачынкі, між якімі бачылася зямля з ніткамі дарог, гнуткія рэкі, маленькія прамавугольнічкі палёў і лясоў, гарадскія і вясковыя дамы, падобныя на рассыпаныя па зямлі запалкавыя карабкі ён глядзеў на ўсё гэта, што некалі радавала і здзіўляла, і думаў, вось вернецца дамоў і адразу ж пачне лячыць зубы. Даўно пара.

Няўжо ён старэе? Няўжо жыццё так і працякае непрыкметна, азірнуцца нават не паспяваеш?

Але зноў пачалася работа, зноў Івана Макаравіча ўшчыльную ахінулі тыя шматлікія інстытуцкія справы, якія, здавалася, калі ён не вырашыць, то і ніхто не вырашыць. Зноў былі пасяджэнні вучонага савета, канферэнцыі, на якіх галоўным было — новыя патрэбныя знаёмствы, артыкулы ў часопісах, новы рукапіс кнігі, фінскія лазні, тэлевізар вечарамі, без якога неяк ужо было і цяжка ўявіць тыя пустыя доўгія гадзіны пасля работы, жонка і дзеці... Жонка яшчэ болей распаўнела і зараз амаль нічым не нагадвала тую тонкую смяшлівую дзяўчыну, з якой некалі было так прыемна бавіць час. У сына ўжо добра чарнелі вусы, хоць і хадзіў у дзесяты клас, ростам ён быў вышэй за Івана Макаравіча, увесь час пацягваючыся, прахаджваючыся з пакоя ў пакой, час ад часу стукаючы рабром далоні ці то па сцяне, абклеенай дарагімі фінскімі шпалерамі, ці то па паліраваным стале, сын з незразумелай асалодаю паўтараў і паўтараў па складах: «Ка-ратэ...» Чамусьці ў тую зіму Івана Макаравіча асабліва злавала гэтае сынава «каратэ», гэтая юнацкая нечаканая парывістасць і рэзкасць, гэты агністы бляск у вачах. Дачка, наадварот, была занадта ціхая і паслухмяная, у яе, так атрымлівалася, не было вольнага часу — пасля заняткаў у школе спяшалася ў музычную, затым басейн, дамашнія заданні. Калі Іван Макаравіч глядзеў на бледны твар дачкі, яму станавілася шкада яе, але што ён мог зрабіць: і школа, і музыка, і той жа басейн — усё было патрэбнае, неабходнае нават, без чаго ў сучасным свеце цяжка абысціся.

І толькі калі-нікалі ў Івана Макаравіча паяўлялася пачуццё, што яму штосьці ці то замінае, ці то нейкая нязробленая работа маецца. Гэтае пачуццё паяўлялася і тады, калі слухаў, як дачка іграе на піяніна, і пазней, вечарам, калі лажыўся спаць.

Але што, што яму замінала? Што ў яго заставалася нязробленым?

Ён думаў пра жонку, пра дачку і сына — усё было нармальна, як і год, як і тры назад, і жонка, і дзеці прывыклі, змірыліся, што Іван Макаравіч штогод адзін ездзіў у адпачынак — адпачынак павінен быць сапраўдным адпачынкам, яму і сапраўды хоць раз у год ды патрэбна адпачыць ад важнай адказнай работы, якая гэтулькі забірае сіл, бо, хочаш не хочаш, не хто-небудзь, а ён, Іван Макаравіч, адзін з адказных кіраўнікоў інстытута, і дзякуючы ягонай рабоце сям’я адчувае сябе, як за каменнай сцяною.

У тую зіму Іван Макаравіч часта ні з таго ні з сяго прачынаўся сярод ночы і, паляжаўшы з паўгадзіны, калі засынаў — спалася зусім не соладка, зусім не так, як некалі ў маленстве, — а калі падымаўся. Тады ішоў на кухню, дзе піў ваду, зноў лажыўся і доўга глядзеў у цемру, адчуваючы непатрэбнае цяпло жончынага разагрэтага цела.

Яму трэба было нешта ўспомніць. Толькі вот што?

І яшчэ ў тую зіму Іван Макаравіч пачаў лячыць зубы.

Увогуле тая зіма была нейкая пераломная ў жыцці Івана Макаравіча. Як ніколі востра ён адчуваў, што трэба нешта змяніць у сваім жыцці, рэзка, неадкладна, бо час няўмольна коціць і коціць, а ён... Вось ужо сёмы год на адной і той жа пасадзе, другія пайшлі вышэй, а пра яго як забыліся... Як гэта, відаць, заўсягды вядзецца, калі дрэнны настрой, то адразу ж немаведама адкуль пачынаюць сыпацца непрыемнасці. Малады кандыдат навук зрабіў эксперыментальнае даследаванне, вынікі якога зусім падрывалі той кірунак даследаванняў, што развіваў і падтрымліваў Іван Макаравіч. Трэба было нешта рабіць, альбо закрэсліць дзесяць год работы, альбо... Малады кандыдат навук быў, як і ўсе маладыя, нявопытны, гарачы, тут жа пачаў абвінавачваць дзейнасць адміністрацыі ўсяго інстытута, — а з гэтым ужо ніяк нельга было пагадзіцца, і таму маладому кандыдату нічога іншага не заставалася, як правяраць свае далейшыя эксперыментальныя даследаванні ў другім інстытуце.

Бяда, як гаворыцца, адна не ходзіць, за сабою дзвюх прыводзіць. Былы аднакурснік, з якім некалі Іван Макаравіч спаў у інтэрнаце на адным ложку, увязаўся публічна ў спрэчку з вядомым акадэмікам. Іван Макаравіч адчуваў, што сваім аўтарытэтным імем мог падтрымаць аднакурсніка, але спрэчка была блытаная, незразумела было, чым яна магла скончыцца, як на яе маглі паглядзець наверсе, як і незразумела было, навошта, дзеля чаго аднакурсніку трэба было нажываць сабе зацятага ворага. Іван Макаравіч так і не падтрымаў публічна аднакурсніка, хоць пры сустрэчы паляпваў аднакурсніка па плячы, даваў парады. Аднакурснік зацяўся, дружба неяк сама сабою распалася, і яшчэ болей адзінока стаў адчуваць сябе Іван Макаравіч. Увогуле Івану Макаравічу здавалася, што з гадамі ў душы ягонай, як лісце з дрэва асенняй парою, штосьці ападае і ападае, і таму цверазей і правільней, без лішніх гарачых неабдуманых эмоцый ён мог глядзець на сваё і чужое жыццё. І таму амаль на ўсе выпадкі жыцця ў Івана Макаравіча быў свой даволі катэгарычны погляд, здавалася, як ён думае і робіць гэта найлепшае ў той ці іншай сітуацыі.

Як бы там ні было, але снег урэшце сагнала не раней і не пазней звычайнага, зубы былі добра-такі падлечаны, і сам Іван Макаравіч пасля надзвычай доўгай непрыемнай зімы, пахудзелы крыху, неяк аж памаладзеў і вясёлымі бліскучымі вачыма пазіраў наўкола.

За гэту зіму тое, што ўвесь час замінала Івану Макаравічу, адпала, знікла назусім, як бы другая маладосць пачалася ў яго — Іван Макаравіч часта жартаваў як з мужчынамі, так і з жанчынамі, у фінскай лазні, калі пасля парылкі і басейна садзіўся за столік, застаўлены бутэлькамі з півам, ён разам з другімі цяпер менш гаварыў пра работу, а ўсё болей пра тыя бытавыя анекдатычныя здарэнні, якіх шмат у жыцці знаёмых. «Трэба прымаць жыццё такім, якое яно ёсць, а ўсе гэтыя талстоўскія вучэнні да дабра звычайна не даводзяць», — часта гаварыў Іван Макаравіч і белай мяккай рукою браўся за бутэльку з півам. Увогуле цяпер ён стаў занадта гаваркі — неяк у сауне ён прыглушаным ціхім голасам расказаў свайму шэфу пра гісторыю з дыпломніцай, пра адпачынкі ля мора. Шэф слухаў, згодна ківаў галавою і гаварыў, пацягваючы піва: «Бывае, браце, па сабе ведаю, як бывае. Жанчыны, браце, такія адчайныя трапляюцца. Я вот табе пра сябе раскажу», — ва ўсім гэтым было нешта такое яднаючае з шэфам, што, здавалася, цяпер ніякай вадою не разальеш.

Як і звычайна, на пачатку верасня Іван Макаравіч узяў білет на самалёт. З чыстай душою ў вясёлым настроі ён выбраўся з дому. Увогуле на пачатку той паездкі Івану Макаравічу неяк надта ўжо шанцавала. Яшчэ ў аэрапорце ён заўважыў год трыццаці жанчыну, якая вельмі нагадвала тую дыпломніцу. Іван Макаравіч аж здзівіўся, наколькі была падобная гэта жанчына. Яны рэгістраваліся на адзін рэйс. «Ты сядзеш побач, ты абавязкова сядзеш побач»,— з нейкай незразумелай і самому дзіцячай забабоннасцю шаптаў Іван Макаравіч і ўсё не зводзіў вачэй з твару жанчыны. Жанчына часта азіралася, чамадан у яе быў вялікі — відаць, таксама выбралася адпачываць.

Ці то дапамагло шаптанне, ці то гэта быў проста шчаслівы выпадак, але месцы іх у самалёце аказаліся побач. І тады, як селі ў самалёце, як магутна загудзелі маторы, як у імклівым разбегу самалёта іх злёгку адкінула назад, на спінкі сядзенняў, у Івана Макаравіча адразу ж аднекуль паявілася ўпэўненае прадчуванне, што ён абавязкова сыдзецца з гэтай жанчынаю і на гэты раз...

І вось — зямля далёка ўнізе і ўсё тое, што на ёй некалі было — таксама далёка ўнізе, а цяпер пакуль — асцярожнае слова, усмешка, за якой — гэткі ж мяккі асцярожны позірк то ў адкрытыя чорныя вочы, то на левую руку, дзе жаўцеў пярсцёнак.

Яе звалі Адаю, і яна ехала, праўдзівей, ляцела першы раз на поўдзень пасля абароны кандыдацкай, бо дагэтуль то часу не было, то магчымасцей... Яна штосьці недагаворвала, і ў гэтым для Івана Макаравіча была свая асалода, як свая асалода была і ў нязвыклым імені, у яе нізкім хрыплаватым голасе, да якога Іван Макаравіч адразу ж прывык, гэтак жа, як адразу ж паявілася боязь згубіць яе, Аду... «Ада, Ада», — паўтараў ён яе кароткае дзіўнае імя, і ў той жа час самі сабою сыпаліся лёгкія жартаўлівыя словы, якія неяк бяздумна, без ніякага намагання паяўляліся і паяўляліся...

Усё павінна было быць цудоўна, — гэтае прадчуванне, што ён сыдзецца з Адаю, усё мацнела, Іван Макаравіч адчуваў гэта і па позірку Ады, і па яе недагаворанасці, і па той сарамлівай густой чырвані, якая час ад часу паяўлялася на шчоках Ады. І яшчэ было адчуванне, што нехта як знарок узяў ды і звёў іх... Няўжо, няўжо і сапраўды прырода, сляпы бяздумны выпадак могуць паўтарыць у жыцці тое, што, здавалася, навечна страчана?

Спускаючыся з трапа самалёта і ўдыхаючы вільготнае марское паветра, Іван Макаравіч адчуваў такую ўзбуджанасць, якой даўно не адчуваў, ён разумеў, што на гэты раз ён не ўпусціць свайго варыянту, не задумваючыся паедзе туды, куды паедзе Ада. Але Ада ехала першы раз на поўдзень, і ёй было усё роўна, куды ехаць...

І там, у сваім знаёмым звыклым гарадку, куды яны прыехалі, было ўсё добра на пачатку верасня, калі адны раз’ехаліся з дзецьмі, а другія яшчэ не прыехалі, вольных кватэр было шмат, яны тут жа знайшлі сабе ў адной гаспадыні два пакойчыкі, безумоўна, асобныя, і яму і ёй... І ўсё не сыходзіла твару Івана Макаравіча шчаслівая ўсмешка; дом, работа, дзеці, жонка,— усё гэта стала нечакана далёкім і дзіўным, як з другога невядомага жыцця, расказанага некім... Наперадзе быў месяц, цэлы месяц.

У той жа вечар яны пайшлі да мора. Дарогаю Іван Макаравіч таксама шмат гаварыў і гаварыў, невядома, адкуль што бралася...

Плавала Ада ўсяго толькі ля берага — па-жаночы шырока разводзячы рукамі, стараючыся не мачыць твару. І ў гэтай яе няўмеласці Івану Макаравічу бачылася прыгажосць. Стоячы на беразе, ён даваў парады, Ада спрабавала слухаць іх, ды нічога ў яе не атрымлівалася.

— Ну, а цяпер мая чарга плаваць, — сказаў Іван Макаравіч, калі Ада выйшла з вады. Валасы яе ўсё-такі намоклі, і яна ішла па беразе, схіліўшы галаву набок і выціскаючы абедзвюма рукамі ваду з валасоў — як дзяўчынка, як тая дыпломніца... — Ты пачакай пакуль. Глядзі, гэта так проста...

Ён зайшоў у цёплую ваду, адштурхнуўшыся нагамі ад пакатага берага, які тут жа апускаўся туды, у невымерную глыбіню, звыкла паклаў сваё цела амаль гарызантальна, апусціў твар у ваду і рэзка ўзмахнуў рукою...

Спачатку ён не адчуваў стомы, перад вачыма ўсё яшчэ стаяла Ада, як яна ішла па беразе, схіліўшы галаву набок і выціскаючы ваду з намоклых цяжкіх валасоў, але потым, калі нечакана заўважыў, што апошні чырвоны буй далёка ззаду і шэрыя абрывістыя скалы са знаёмымі соснамі аказаліся зусім побач, ён адчуў, што не хапае паветра, і тады стаў радзей узмахваць рукамі. Быў гэткі ж бляклы месяц ў небе, як і мінулыя разы, гэткае ж адчуванне нацягнутасці свайго цела, гэткае ж чаргаванне паласы цёмна-зялёнай вады і светлага вячэрняга неба.

Калі ўжо думаў паварочваць назад да берага, Івану Макаравічу падалося, што левая нага анямела. Пачынаючы ад пальцаў, яна як бы пачала дзеравянець. Тут жа Іван Макаравіч мацней забіў нагамі па вадзе — не, усё было нармальна, ногі згіналіся так, як і дагэтуль. Але пачуццё жаху перад марской глыбінёю невядома адкуль запаўзло ў душу, і цяпер ён ужо толькі і думаў, каб хутчэй дабрацца да берага. Успомнілася мінулагодняя размова з пажылым невядомым чалавекам, звыклым натрэніраваным рухам рукі Іван Макаравіч правёў па плаўках.

...Шпількі не было. Ён забыў пра яе. Заняты радасцю, ён забыў пра шпільку...

І як толькі Іван Макаравіч зразумеў гэта, ён чамусьці спалохаўся яшчэ болей, як нядобры знак ці намёк быў у тым, што ён забыў шпільку. І калі б побач быў чалавек, але побач нікога не было, адны дзікія, непрыступныя, маўклівыя скалы.

Звыклы рытмічны рух цела быў парушаны, і, можа, ад гэтага, а можа, і ад пачуцця жаху нечакана Іван Макаравіч і сапраўды адчуў, што нагамі не можа паварушыць — штосьці мёртва сцэментавала іх, і калі ён з усяе сілы спрабаваў разагнуць ногі, невыносны, нясцерпны боль працінаў усё цела. «А-а, гэта яна, сутарга», — ён глянуў на выратавальны бераг — далёкай-далёкай вузкай, у палец, недасяжнай палоскаю быў ён цяпер. І калі ён крыкне, то ці пачуе хто адгэтуль?

«Што ж гэта я нарабіў? Чаго я спалохаўся? Калі б я не спалохаўся, то ўсё было б нармальна... І чаму, чаму ўсё гэта зараз, цяпер, так нечакана? Чаму гэта са мною, у чым я правінаваціўся? Навошта, навошта ўсё так няправільна, незапланавана і няправільна? Шпілька, няшчасная, і з-за яе... Як жа я забыў пра яе? Што ж гэта такое?..»

Цела дзеравянела ўсё вышэй і вышэй, быццам нехта нябачны ўпіваўся ў непатрэбныя цяпер ногі і цягнуў, цягнуў уніз, у тыя цёмныя, невымерныя марскія глыбіні... І цяпер Іван Макаравіч ужо не плыў, цяпер ён стараўся ўтрымацца толькі на паверхні вады, ведаў, што яшчэ праз якія імгненні сутарга можа схапіць вышэй, і тады ўжо... І самае жахлівае, што пры ясным розуме Іван Макаравіч нічога не мог зрабіць.

«Навошта, навошта ўсё так хутка і няправільна?» — адно і тое ж магутна білася ў ім, шукала выйсця. І самае пакутлівае, што выйсця нідзе не было. І шкадаванне чагосьці навек страчанага, і жахлівасць невымернай марской глыбіні перапляліся ў ім. Чамусьці ні з таго ні з сяго нечакана ўспомніліся дошкі ў плоце, якія некалі палохалі, — як даўно гэта было!.. Івану Макаравічу захацелася ўсё, што было ў ягоным жыцці, звязаць у нешта адно, суцэльнае, але нічога не атрымлівалася, наадварот, усё, што дагэтуль здавалася цэльным і ясным, рассыпалася, развальвалася. А часу падумаць, апраўдацца ці абвінаваціць — на гэта часу не было, сутарга цягнула і цягнула яго ўніз, туды, дзе, здавалася, не было ніякага дна. І, відаць, не столькі ад нясцерпнага болю, а як ад гэтага — што часу не было, што ўсё на свеце рассыпалася, ад свайго бяссілля звязаць усё ў сваім жыцці ў штосьці суцэльнае — Іван Макаравіч крыкнуў на ўсю моц. Раз, другі...

— Памажыце, — адзінокі голас адбіўся ад скалаў і паляцеў уздоўж іх туды, да люднага пляжнага берага. Ці выйшла адтуль, ад выратавальнай станцыі, маторка, гэтага ўжо Іван Макаравіч не бачыў.


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Гігевіч В. Астравы на далёкіх азёрах: Аповесці, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1984. - 334 с.
Крыніца: скан