epub
 
Падключыць
слоўнікі

Васіль Каваль

Як вясну гукалі

А лесу, мой лесу, што ты не зялёны?

А як жа мне, лесу, зеляному быці:

Сколькі было птушак - усе паляцелі,

Толькі засталася шэрая зязюля, -

Й тая кукавала - к сялу прылятала...

Вясновая песня

 

Па бруднай вясковай вуліцы гаварліва разбегліся павадкі. Снег на палёх растаў, толькі ў далінах застаўся ляжаць шэрым насцілам. Вуліца ў неўгамонным разводдзі раскідвае ў бяздонную сінь розныя зыкі - чыстыя, па-свойму зразумелыя ў тактах сэрцабою. Вуліца скажа табе роднае і ласкавае слова, абойме цябе сваім чуццём да вясны - і пабягуць думы па ўсіх дарогах, зарунеюць, як зелень збожжа ў полі...

Хаты ад сонца пачарнелі, зажурыліся і павесялелі. Узімку былі снегавыя сцюжы, вясною - цяплынь сонца.

Праз вясковыя праслы ідуць ачорненыя сцежкі да ракі. Яна цяпер пэўна шуміць крыгамі; грудзяцца крыгі адна на другую і гоняцца, як у вадаспадзе.

Над ракой, вышэй, яшчэ малады лес - жаўтаваты, не абдзёрты ад леташняга сівога моху і шышак - кудлатымі хвоямі звоніць праўдзівую казку пра вясну. У сінім моры, над лесам, носяцца чорныя птушкі, а малы вецер галузае з верхавінамі ялін... Тут праўда крыецца ў зелені, у жыватворчым росквіце маладых сіл.

У лесе белыя, прыгожыя, першыя кветкі - пралескі - зацвілі слаўным цветам...

Так вось хочацца думаць, а думы абвіваюцца зялёнай дзеразою і губяцца ў прасторы.

Пайшоў бы, здаецца, далёка па роўнаму шляху, а тады азеленымі сцежкамі пад ясным сонцам і сінім небам - ды ўсё б думаў, што было, што будзе, і тады б выявіліся пачуцці - як прастор шырокімі, як думы - вольнымі, як званы - гучнымі...

- Эх, жыццё!.. Эх, вясна!..

Неба, далёка-бяздоннае, сіне-бялёсае, зацягнулася смугой, а сонца квола грэе ў спіну і кудлачыць салому, растрасаючы яе па дварэ.

Сяджу на прызбе пад суседавай хатай. Гнілая салома валіцца са страхі, таму што гніе хата, вуглы абвальваюцца. Пры сонцы і вясне выглядае вясёлай, хоць вокны ў хаце плачуць, як у хворага старца вочы...

Сягоння першы раз будуць гукаць вясну.

А калі вясна і сонца, тады пяюцца журліва-вясёлыя песні аб вясне, тады нейкая маладая радасць, быццам поўніцца ў жыцці тое, што было важнага незапоўненым.

Упарта звоняць над вёскай мілагучныя вясновыя званы. Ціхі ды ласкавы рытм пра свята - вясну жыцця. І радасць - і сум... А можа, гэта ад таго, што і ў жыцці вялікая радасць заўжды мяжуецца з незразумела-ціхай, салодкаю журбой?

Над вокнамі шумяць бярозкі...

Апусціўшы лахматую галаву ўніз, прайшоў па вуліцы ўжо немалады хлапец Даніла - смутны ад нечага. 3 год як жаніўся ён. Была з жонкаю асабовая сямейная драма, і яны разышліся. Жыве адзін, дык забірае з душою чалавека гэта сумотнасць. Ды к таму бацька гоніць яго з сваёй хаты. І ходзіць чалавек з нязведанымі думамі, з адзнакай на твары мукі і пакоры перад жыццём... Вясна - не вясна, радасць - не радасць чалавеку, - бо сэрца прасякнута перажыткам душэўна-нутраной драмы...

У канцы вёскі, дзе хаты гурбою неяк прытуліліся адна к другой, а вуліца зусім звузілася, грамада дзяўчат ішла па вуліцы ў другі канец вёскі ды пела прыпеўкі. У вясеннім разліве гэтыя прыпеўкі няможна было развязаць, толькі прыпеў вясёла гучаў, сярэбрана.

Цётка Марына выйшла з варот насустрач дзеўкам і глядзіць то на сонца, то на поле. Сіні андарак яе з белымі поперак палосамі блішчыць па-святочнаму. На плячах чырвоны кабат з нейкімі пазалочанымі абшыўкамі - гэта старамоднае, - мусіць, засталося ад дзявоччыны яшчэ. Настроі ў яе вясёла-вясновыя, смяецца і крычыць дзяўчатам:

- Дзеўкі... а дзеўкі! Што гэта вы не йдзіцё вясну гукаць?..

- А ты, цётка Марына, чаго стаіш?

- А-ах, дзеўкі. А ці ж я вам пара? У такую пару, бывала, як была маладзейшаю, выйдзеш на загуменне, як запяеш вясновую з падругамі, аж паветра дрыжыць... А ці ж вам не сорамна?..

Цётка Марына склала на грудзях рукі, круглы твар яе кпіць над дзяўчатамі, а тыя пасталі ў беспарадку ды смяяліся над упартасцю цёткі. Толькі адна Пёкла, што жыла з Данілам, засмяецца ціха, неўпапад і перастане скора ізноў.

У знямозе зайграў, заліўся гармонік, ахоплены пачуццём - гэта ішлі чарадою хлопцы і п'яны гарманіст нешта распяваў. Тады дзяўчаты ўрассыпку кінуліся на зялёны курган к рацэ. Расселіся там на ўзвышшы, на праслах - браць першыя пацалункі радаснай вясны, каб акунуцца ў вясновай песні.

Цётка Марына падышла да дзяўчат і з дакорам параіла:

- Давайце, дзеўкі, вось гэту песню... Гэта пра вас, пра маладух, каму надоечы замуж трэба выходзіць, а бацькаў двор шкода пакідаць... Добрая песня, забірае проста ў сэрца... Ну, пачынайце...

 

Сяло ж, маё ся-а-ло-о,

Што ты невясёла-а?..

 

Пачала сіплым, але моцным голасам, а вясёлая ды бойкая дзяўчына Малання падхапіла звонкім высокім голасам, як пералівы жалейкі на зары.

 

А як жа мне, сялу,

Вясёламу быці? -

Сколькі было дзевак -

Усе замуж выйшлі,

Толькі засталася

Молада Маланка-а...

 

І нейкі жаль праносіўся ў грудзі за ўсё тое, што ў песні. Заборыстыя ды маладыя дзявочыя галасы цягнулі прыпеў роўна, з пералівамі, калыхаліся неадрозненыя словы.

Песня апавядала пра долю-шчасце.

 

Молада Маланка

К татухну хадзіла,

Молада Маланка

Татухну прасіла:

«Аддай мяне, татка,

Аддай мяне, родны,

Недалёчка замуж -

Страха ды з страхою,

Мяжа ды з мяжою...

Э-эй... мяжа ды з мяжою!..»

 

Дзяўчаты маладыя, у разнаколерных хустках. Яшчэ амаль не было вясны, а твары іх ад прыпёку загарэлі і кажуць аб першых кветках вясны - пралесках.

А Пёкла стаіць у чарадзе дзяўчат і сумуе - гора яшчэ не зажыло. Даніла ходзіць па беразе ракі ды пільна глядзіць, як сплываюць з трэскам крыгі, знянацку пазіраючы на карагод дзяўчат...

Пелі яшчэ шмат песень.

Помню я іншыя песні. Пелі гэтую песню дзеўкі ў супрадках, пад грабянямі, і матыў яе быў такі журботна-вясельны, што і цяпер, калі чую песні вясны, застаўся ў памяці, пранік у істоту душы ды ўзварушыў успаміны...

 

...Ой ды карчо-о-мачка пры дарозе...

Ой, мілы мой, любы мой,

Куды едзе, куды йдзе-ець -

Карчо-о-мачкі не міне-э-ць...

 

Тады шэрань вісела кавалкамі на цёмных вокнах, а за акном ляжаў белы-белы снег. Усхліпваючы, гарэў аганёк лучыны... Спявалі шмат песень - і ўсе пра цьмянае жыццё вёскі, пра ціхія ласкі ды радасць жыцця.

І, здаецца б, вечна слухаў іх.

Яны гавораць такое блізкае, такое роднае.

А то яшчэ - стаялі дні прыгожага лета. Белабрысае сонца рагатала ў небе і спускалася на зямлю жоўта-чырвонымі каснікамі. Запляталіся каснікі ў касу маладзіцы-восені. Калыхаліся соннай смагай кудраватыя бярозкі, разам з песняй жней гулі жніўныя песні. А песня дзіўна-чароўная, вясёлая, з таемным смуткам...

Калыхаў зорны вечар думкі.

А гэта было вясною. Можа, і таму весялей здавалася песня?

Яны гукалі вясну ў жыцці - яшчэ лепшую, прыгажэйшую вясну... Адлець пелі песні - гукалі вясну. На просты лад-матыў хвалілі ды ганьбілі тое, што было хараством і нянавісцю. У стара-непазбыўнай песні было і прыгнечанне, і ядраныя жаночыя слёзы, як журавіны, і пракляцце ўсяму старому. Тады была перамога ў песні, як новая мелодыя асыпала ваколле прыгажэйшымі словамі.

Дзяўчаты гулялі ў карагоды, званчэй быў іх смех, забывалася, мусіць, нешта цяжкае, а верх брала чыстая радасць, як дзявочы смех. І сонца ж было такое ласкавае і неба такое ж бялёсае.

- Эх, вясна!.. Эх, песні!..

Хочацца мне цяпер думаць думы шырокія, вольныя, ды бегчы ўдаль па бяскрайняй зямлі. На прыполе слухаць вялікую, дзіўную музыку жыцця.

 

1926

 

 

Каментары

 

Упершыню - газ. «Савецкая Беларусь», 30 мая 1926 г.

Паводле выд.: Каваль В. Выбранае. Мінск, 1959.

 




Крыніца: Расстраляная літаратура. Менск, Кнігазбор, 2008.
Беларускі Кнігазбор: http://bk.knihi.com

Беларуская Палічка: http://knihi.com