epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Ткачоў

Пост

1
2
3
4
5
6
7
8


1

 

Калі з'явіўся тут гэты пост - дакладна ніхто не помніць. Адны кажуць, што пасля чарнобыльскай аварыі, іншыя сцвярджаюць, пазней - калі разваліўся СССР: побач мяжа з Расеяй, дык каб прыглядаць за рухам людзей з адной краіны ў другую. Руху, праўда, тут асаблівага няма, бо ўвесь транспарт, вядома ж, ідзе па галоўнай магістралі, якая адсюль кіламетрах у пятнаццаці. Але ёсць будка, на пастку дзяжураць некалькі міліцыянераў, побач стаіць легкавік, і калі з'яўляецца рэдкая аўтамашына, з будкі выходзіць - як на гэты раз - сяржант Філанчук, нібы не ведаючы, куды прытыкнуць жазло, гуляе ім, быццам яно для яго не зусім абавязковая і патрэбная рэч, і толькі калі аўтамашына пад'язджае зусім блізка, тады ён надзіва энергічна, лёгка, прывычна і спрактыкавана пускае жазло ў ход: стоп, разумнік, куды сабраўся! Аўтамашына спыняецца, міліцыянер падыходзіць да акенца, з якога выглядвае кудлатая галава кіроўцы Сірацюка - той, крыху запунсавелы ад хвалявання, стараецца паказаць яму рэдкія зубы.

- Дакументы! - працягвае руку да акенца міліцыянер, а сам адвярнуўся, не глядзіць нават на кіроўцу, і дарэмна той стараўся-паказваў яму рэдкія зубы - а больш і не было, пэўна ж, чаго. - Куды едзеш?

- Дак у пуцявым напісана ж...

- Папрашу не дакаць, я з табой дзяцей не хрысціў.

- Выбачайце.

- Калі даведаюся, што праедзеш у Расею - пяняй на сябе. А пакуль давядзецца аштрафаваць...

- За што?

- Хіба ж няма за што? Машына ёсць - знойдзем.

- Толькі з рамонту...

- А ты, бачу, разгаворлівы. Вылазь з кабіны. Хутчэй, хутчэй! - міліцыянер раптам перадумаў, не стаў лазіць на сядзенне, каб праверыць тармазы, як спярша хацеў, а толькі загадаў: - Налі бензіну. - І, не дачакаўшыся адказу, гукнуў у бок будкі: - Косцік, нясі каністру!

Косцік, заспаны і не менш кудлаты, чым гэты кіроўца, выкуліўся з будкі, зашоргаў у іх бок, шырока пазяхаючы.

- Няма ў мяне бензіну, - баючыся, што гэта можа кепска для яго скончыцца, прашаптаў кіроўца. - Толькі даехаць... Там абяцалі наліць...

- Маць тваю, га! І паспаць не дадуць! - Косцік мацюкнуўся, плюнуў і падаў каністру напарніку. - На. Ды спярша ўзнавай, ёсць паліва ці не, а тады трывож.

- Цэлы будзеш - не здохнеш, - узяў каністру міліцыянер, паглядзеў на кіроўцу. - Назад ехаць гэтай дарогай будзеш?

- Не ведаю, - неакрэслена павёў плячыма кіроўца.

- Будзеш! На зваротнай дарозе нальеш. І бяры там пабольш. Ясна?

- Быццам што і так, - ціха прамовіў кіроўца. - Дак што мне, ехаць?

- Ну, раз усё зразумеў правільна... Трымай дакументы.

Ужо калі грузавік крануўся з месца, міліцыянер, бы схамянуўшыся, махнуў жазлом, каб спыніўся, перакінуў праз борт каністру: "Хай толькі не верне мне яе. Поўную". А сам зайшоў у будку, неўзабаве вярнуўся з шыльдай, прымацаваў на кол, дзе чорным па белым было напісана: "Небяспечная зона. Грыбы і ягады збіраць забаронена!" З усяго размаху ўторкнуў кол у зямлю і гыркнуў Косціку, якога не было відаць з будкі:

- Для якога хрэна пісаць было? А калі хто прыпрэцца ў грыбы? Што тады, пень?!

Косцік паказаўся ў дзвярах і, падцягнуўшы штаны, паглядзеў у бок лесу, перад якім стаяў, крыху нахіліўшыся, усё той жа кол з шыльдай, папярэджваючай, што нельга збіраць у лесе.. І спытаў сам у сябе:

- Нешта іх доўга няма? Засранцы!..

 

2

 

Яўген Паўлавіч Атрохаў збіраўся ў грыбы. Была не раніца, самы спрыяльны час для грыбнікоў, не - дзень якраз пакаціўся недзе на другую палову. Тут сказалася прафесійная звычка, мусіць: гэты чалавек усё жыццё працаваў настаўнікам, апошнія дзесяць гадоў быў дырэктарам школы, а збіраць грыбы не заўсёды выпадала... Зранку - школа, хапала клопату. Аднак усё ж не мог жыць Атрохаў, каб не ўзяць кошык і не збегаць у лес. Хоць некалькі разоў на тыдзень. Асабліва, калі была залатая пара восені - бабіна лета. Як вось і цяпер. Грыбы клікалі. І хоць жонка, дабрэйшая і мудрая Вольга Пятроўна, таксама настаўніца-пенсіянерка, палохала яго высокай радыяцый і папярэджвала, што ў лес яго ніхто не пусціць, бо, чула, там выставілі міліцэйскі пост, ён не паслухаўся. "Хто гэта мяне не пусціць у мой лес?" Накінуўшы на плечы лёгкі дажджавічок, Атрохаў узяў свой грыбны кошык, чамусьці толькі сёння агледзеў, што ён у яго нікуды няварты, трэба сплесці новы, і паціху пасунуўся ў напрамку Плоскага - калі і ёсць грыбы, то толькі там. Надзіва грыбная мясціна.

А вунь - і праўда! - будка нейкая стаіць, падобная на вагончык. Побач таўчэцца міліцыянер. Жонка ведала, што казала: "Але навошта ён тут? Хіба няма куды міліцыянтаў падзець? Напладзілі іх, канешне, багата... Заняць жа нечым трэба. Месца ў нас тут ціхае, глухамань. Даішнікі? Дык які тут рух - з дзесятак машын за дзень, мусіць, і пройдзе. Калгасныя стаяць - няма паліва і запчастак. Прыватнікі таксама не багачы - паліва многім з іх, зноў жа, не па кішэні. Дзіўны пост. А, можа, яны, міліцыянеры, у ролі мытнікаў ці пагранічнікаў? Побач жа - Расея... Паспрабуй тут зразумей".

Атрохаў вырашыў абмінуць гэты пост, хоць яму і карцела спярша бліжэй падысці да будкі, папытаць у міліцыянераў, навошта яны тут, але ён цвяроза падумаў, што яны ўсё роўна яму праўду не скажуць, і махнуў рукой: пайду міма, наўскасяк, а то, чаго добрага, і сапраўды пачнуць чапляцца і не пусцяць у лес. Ды не там было - міліцыянер, што таптаўся каля будкі, заўважыў яго, гучна крыкнуў: "Сюды!" І трошкі цішэй: "Куды прэшся, казёл?!" Але Атрохаў пачуў і апошнія словы, павярнуў галаву на крык, тыцнуў сабе ў грудзі пальцам, папытаў на ўсялякі выпадак, хоць было і так усё зразумела: "Я?" Міліцыянер не прамарудзіў з адказам: "А хто яшчэ тут ёсць? М... мудак?"

Давялося звярнуць да будкі.

- Ну і куды, дзед, топаеш? - сустрэў яго, набычыўшыся, сяржант Філанчук.

- У грыбы.

- Куды, куды? - нахіліў галаву наперад сяржант Філанчук.

- А вы што, кепска чуеце? - глянуў на каржакаватага сяржанта Атрохаў і раптам насцярожыўся: - Філанчук? Вы, прабачце, Філанчук?

Насцярожыўся і міліцыянер:

- Дапусцім. Але гэта да справы не адносіцца. Паварочвай, дзед, назад. Чуў?

Не, якраз гэтага ён і не чуў. Перад вачыма, як вось і цяпер, стаяў гэты самы Філанчук у яго кабінеце, шморгаў носам і раз-пораз выціраў нос рукавом кашулі. На дырэктара не падымаў галавы.

- Скажы мне, Міколка, навошта ты залез у стаматалагічны кабінет і забраў там усе цацкі? - спытаўся тады ў яго Атрохаў. - Сабраўся, відаць, зубным доктарам стаць?

- Не-е...

- Дык а з якой мэтай ты пайшоў у гарпасёлак за дзесяць кіламетраў, разбіў шкло, залез у кабінет, выграб усе інструменты, якімі доктарка лечыць людзям зубы?

- Не ведаю... Палез...

Больш размаўляць з ім не было патрэбы. Паабяцаў, праўда, Атрохаў, калі такое паўторыцца, асабіста надраць яму вушы, ды і выпусціў з кабінета. Ці не ў пятым класе тады вучыўся гэты самы Міколка Філанчук? Бацькі яго потым набылі ў гарпасёлку дамок, пераехалі, а дзеці жартавалі: гэта каб Кольку было бліжэй да зубнога кабінета.

І вось гэты самы Філанчук не пускае яго, былога дырэктара, у лес. Атрохаў кашлянуў. Філанчук зрабіў выгляд, што не чуе. Што ж, нічога не паробіш: такі, значыць, ён чалавек - не прызнае земляка і дырэктара. Гэта бывае... Атрохаў і раней заўважаў, што бывае - асаблівыа тады, калі былы двоечнік ці проста паскуднік ўварвецца ў такое асяроддзе, дзе не трэба вялікага розуму, а дастаткова ўсяго папкі ў руках ці пагонаў на плячах... У такіх выпадках Атрохаў хацеў сказаць ім, каб пачулі, але не хапала смеласці, і ён задавольваўся ўнутраным гневам: "Дурні! Усё ж гэта пройдзе... Усё гэта часова... Ды і навошта ж так думаць пра сябе звысоку, быццам ты ўзяў Бога за бараду. А што да галавы, то яна на плячах застанецца. Яна - не пагон: той або сарвуць, або прымусяць гэта зрабіць... Галаву пашкадуюць, пэўна ж: і дурню яна патрэбна, галава. Замест яе качан капусты не ўсторкнеш. Але ж колькі фарсу ў чалавека, колькі пыхі! Гляньце хоць бы на гэтага Кольку, на гэтага "стаматолага"!

- Дык мне што, ісці ў лес? - спытаў Атрохаў.

- Не паложана, я сказаў! - сяржант Філапчук сплюнуў, чамусьці дастаў пісталет з абшарпанай кабуры, пакруціў яго і так, і гэтак перад тварам, зазірнуў у вочка ствала, фукнуў туды. - Не паложана! Я, здаецца, панятна выражаюсь? А? Ну, і чаму ж маўчыце?

Перш, чым нешта сказаць гэтаму Філанчуку, Атрохаў зноў успомніў яго малым недарэкам, калі той напрасіўся на лета даглядаць школьных трусоў - адзін час модна было ў школах трымаць гэтых вушастых прыгажунчыкаў. Атрымлівалася няблага: і дзеці былі заняты справай, не туляліся без занятку ўсё лета, і - зноў жа - маглі зарабіць і для сябе нейкую капейчыну, і для школы. Травы ж хапае. Усё ішло добра, а пазней, перад новым навучальным годам, на школьнай ферме забілі трывогу: пачалі прападаць трусы. Спярша адзін, потым другі, трэці... Хто паквапіўся? Дзверы ж на ноч зачынены. Ключ ад замка толькі ў настаўніка Шульгі. Шыбка ў акенцы, што перад самым падстрэшкам, цэлая. А потым самі ж дзеці і за руку зламысніка: хадзі сюды, хлопча! Гэта быў усё той жа Міколка, яшчэ, праўда, не стаматолаг, але недалёка ад таго... Дык як жа ён іх краў? Побач з хляўчуком зрабілі прыбіральню - глыбокую, з пагабляваных дошак, - да новага навучальнага года. Вось ён і выкарыстоўваў туалет - непрыкметна, пакуль кармілі трусоў аднагодкі, ухітраўся засунуць аднаго з іх у кош, вынесці ў туалет, апусціць у яму, а ўвечары, калі зусім цямнела, шчаміўся ў ачко, выцягваў труса і нёс дахаты. І так тры разы. Пакуль не ўцікавалі...

І вось цяпер ён, гэты трусалоў - "стаматолаг" не пускае яго, Атрохава, у лес. Хоць што ён можа зрабіць, калі і не паслухаецца, калі не будзе звяртаць увагі на ягоныя крыкі-пагрозы? Страляць пачне? Наўрад. Хоць, магчыма, і асмеліцца... Каб жа ведаў, якая ў яго інструкцыя. Ды і чаму гэта раптам міліцыя не пускае ў лес? Што ёй у рэшце рэшт, больш няма чаго рабіць? Вунь колькі гвалтаванняў, разбояў... нават у вёсцы стала небяспечна жыць, асабліва старым людзям - урываюцца ў хаты падонкі ў нейкіх шкарпэтках на мордах, забіраюць пенсіі. Яшчэ падзякуй Богу, калі толькі забяруць, калі не да крыві даходзіць... Цяпер час жудасны. А ў тых, старых, і моцы няма адбіцца, як і няма каму заступіцца за іх. Міліцыя тут вось, на гэтым пасту, а ў вёсцы, каб абараніць чалавека, старога і нямоглага, іх і повідам не відаць. Тэлефонаў таксама няма - як правіла, заўсёды не хапае колькі метраў нейкага там кабелю альбо двух слупоў.

- Я сказаў: не прайдзеш! - сяржант Філанчук схаваў назад у кабуру пісталет, і на ўсялякі выпадак падсунуў яго траха бліжэй да жывата, а потым адвярнуўся ад Атрохава, прыбіў прыдарожны пыл, і ўжо калі павярнуўся да Атрохава, зашпільваў прарэху на штанах. - Мне за вас адказваць не хочацца. Я салдат: сказалі не пускаць у лес, я і не пускаю. Скажуць пускаць, я і пушчу. Я, можа, даражу. Яны на дарозе не валяюцца. А ты, дзед, хочаш сказаць, што мяне ведаеш?

- Я ж Атрохаў... Яўген Паўлавіч.

- Нешта чуў. Было.

"Можа, нагадаць яму пра зубны кабінет?!" Але гэтую думку Атрохаў адагнаў ад сябе, справядліва падумаўшы, што лепш не напамінаць чалавеку, калі ён у пагонах, аб такіх ягоных, а то яшчэ, чаго добрага, не так зразумее. Адметнае ж, нешта значнае пра Міколку нічога не прыгадвалася, як ні стараўся. Тады ён сказаў коратка і зразумела:

- Дырэктар школы з Асінаўкі.

Сяржант Філанчук не адразу прызнаўся, што помніць, што ведае... Чамусьці ён саромеўся гэтага, нават стараўся не сустракацца з Атрохавым позіркам, і ўсё паглядаў і паглядаў на той слуп з шыльдай, дзе было напісана, што грыбы і ягады збіраць забаронена. Прапанаваў нават закурыць, але Атрохаў падзякаваў і не ўзяў з пачка, працягнутага ў ягоны бок, цыгарэту. Філанчук закурыў сам. Пыхкаў дымам, керхаў, бы стары дзед, а сказаў надзіва спакойна і ветла:

- Паколькі вы мой былы дырэктар... цяпер я ўспомніў, хоць, маць часная, і пастарэлі вы, скажу праўду!.. То тым больш прапусціць вас у лес не магу. Здароўе, дарагі мой, на першым плане, і хто, як не я, ваш былы вучань, павінен дбаць пра гэта, вот скажыце мне? Ніхто не ходзіць у лес і вам не раю.

- А каму ў нас хадзіць? - паглядзеў на Філанчука Атрохаў. - Адзін я і застаўся, хто на нагах больш-менш. Ёсць, праўда, чалавекі два мужчыны маладзейшыя за мяне але яны ніколі ў той лес па грыбы не хадзілі і да радыяцыі.

- І жывуць жа! - ухапіўся за пачутае ад Атрохава Філанчук.

Былы дырэктар адказаў не адразу:

- Жыць можна па-рознаму. Але ж, схадзіўшы ў лес, не памру і я. Колькі прайшло пасля аварыі гадоў? Правільна: багата. А што ядом? Што? Нам чыстыя прадукты прывозяць? Хто? Калі? Пакажыце мне таго чалавека, я расцалую яго. Пакажыце. Усё з агарода, з пашы нашай жа, што побач з лесам. І грыбы я кожны год збіраю. А калі збіраю, то і ем. Ды і чаму ж вы цяпер сталі тут? Дзе раней былі? Хто гэты пост прыдумаў? Так што, Міколка, дазволь мне...

Філанчук, убачыўшы, што былы дырэктар памкнуўся было ісці ў лес, зароў не зусім чалавечым голасам, на шыі ажно выперліся жаўлакі, а вочы набрынялі чырванню, роўна як і шчокі:

- Стой!

Атрохаў, хоць і быў атэістам, усё ж на ўсялякі выпадак перахрысціўся:

- Даруй, госпадзі!.. Што гэта з чалавекам?

Нечакана паказаў рукой на лес:

- Там нехта крычыць, Філанчук! Чуеце! Дзяўчына! Кліча на падмогу!..

Філанчук жа нават не глянуў у той бок, адкуль данесліся абрыўкі мальбы аб дапамозе, а сказаў, нібы ён служыў не ў міліцыі, а дзе-небудзь у далёкім ад яе ведамстве:

- З майго боку ў лес ніхто не заходзіў. Я пільна стаю. Пра другіх не ведаю. А калі хто, можа, і прадраўся, што я не ўмеціў, то няхай цяпер пакрычыць.

- Дык радыяцыя не кусаецца, не драпаецца, таварыш Філанчук? - тузануў сяржант за рукаў Атрохаў. - Што вы скажаце? Вы ад мяне не адварочвайцеся, не адварочвайцеся!..

Філанчук рашуча павярнуўся, дыхнуў гарачынёй у твар былому дырэктару:

- А ў нас - і кусаецца, і драпаецца! Так што шуруй адсюль, дзед, пакуль не позна! Я табе зразумела гавару?! А пра школу мы потым пагаворым. Бяры свой кошык і знікай, а то позна будзе.

 

3

 

Як не кожнага дня на пост прыходзіла бабка Сцепаніда. Амаль бяззубая, маленькая, заўсёды мурзатая, яна віталася з першым патрапіўшым на яе вочы міліцыянерам, ставіла на ганак вядзерца, папраўляла хустку на ўскудлачанай галаве. Міліцыянер паглядаў на вядзерца, паціраў далонямі, усмешліва пераводзіў позірк на старую:

- Пароль?

Сцепаніда ўсіхалася - падобна на тое было, што гульня з паролем ёй падабалася, - і прыгадвала, які ж ён, той пароль. Ага, так-так-так: можна называць.

- Дзесяць яек, - прыгадвала Сцепаніда. - Больш не было. Адно сама выпіла. Па дарозе. Дужа піць захацелася. А было адзінаццаць. Таму не так скора назвала пароль. Пакуль палічыла.

- Усё роўна малайчына, цётка, - міліцыянер браў вядзерца, знікаў з ім у вагончыку, неўзабаве вяртаў яго, а як толькі Сцепаніда папытала, калі ж яны разлічацца за яйкі, што прыносіла раней, міліцыянер супакоіў: - За гэта, бабка, не хвалюйся. Прынось яшчэ. Адразу і разлічымся.

- Прынясу. Можа, хлопцы, у вас якая газета старая ёсць? - нясмела папытала Сцепаніда. - На растопку.

- Знойдзем, - сказаў мілцыянер і схаваўся ў вагончыку, але неўзабаве вярнуўся, падняў руку з газетай над сабой. - А за газету, цётка, разлік асобны.

- Што трэба? - не разумела, чаго патрабуе міліцыянер Сцепаніда.

- Праспявай пару прыпевак, га? - разяўляў рот міліцыянер і клікаў напарніка. - Сярога, выходзіць! Ой, умора зараз будзе. Толькі што-небудзь новенькае давай. Без халтуры. Ну, смялей, смялей. Слухаем.

Старая, відаць, лічыла за гонар, што гэтыя высокія людзі хочуць паслухаць не каго-небудзь, а менавіта яе, таму забывалася пра плату за яйкі, якія выдурваюць у яе нахабныя гаспадары гэтага вагончыка, і калі з'яўляўся напарнік, шамкала бяззубым ротам:

 

Што ж вы, дзеўкі, не паёце?

Я стара і то пяю.

Што ж вы, дзеўкі, не даёце?

Я стара і то даю.

 

Сцепаніда часта міргаючы вейкамі, смяялася разам з міліцыянерамі, смаркалася ў падол сукенкі.

- Прымаецца! - задаволена фырчэў міліцыянер. - Ну, што там у нас далей? Дамаўляліся на дзве прыпеўкі. Напамінаю: толькі не паўтарацца. Цяпер газеты дарагія, так проста не адробішся. Паехалі!

- Не трымае мая галава ўжо нічога, маладыя начальнікі, - гаварыла Сцепаніда. - Думала, думала, што ж праспяваць яшчэ - і не магу прыдумаць. Хоць во! Слухаеце?

- Давай, давай!

- Пра любоў, - Сцепаніда паправіла хустку, узяла вядзерца ў рукі, быццам падрыхтавалася даваць лататы, калі прыпеўка не будзе даспадобы. - Пра любоў. Слухаеце? Пачынаю: "І тут баліць, і там баліць... Толькі там не баліць, дзе мой мілы шавяліць".

- Сышоў, - прызнаецца Сцепаніда. - Даўно сышоў. У белы свет. Дзяцей не было па яго віне, я папракаць пачала, ён не вытрымаў і прапаў. Кажуць, недзе ў Сібіры... А чаго ён туды запёрся? Калі ж і яго, Лісаўца майго, вінаваціць не трэба было з-за дзяцей. На трахтары рабіў і ўвесь час бочку з ядахімікатамі цягаў. Усё ён ды ён. І паразіўся. Не спасобны стаў. А тады тую бочку ніхто з трахтарыстаў не браў - баяліся. Во не помню, ці ўгаварылі каго? Мусіць, і не.

Той, што Сяргеем зваць, дапытваецца, як жа яна, Сцепаніда, жыла без мужыка, а старая толькі смяецца сваім бяззубым ротам і хітра адказвае:

- Жыла...

- А ці быў у цябе, бабка, мілы? - смеючыся, пытаюцца міліцыянеры.

Першы міліцыянер - для Сцепаніды яны ўсё аднолькавыя - нарэшце паглядзеў на гадзіннік, загадаў старой:

- Ідзі, цётка, дахаты. А праз два дні прыходзь. Можа, грошы выдадуць нам. - І ён падміргвае Сяргею. - А то начальнік прыедзе, угрэе нам. Начальнік у нас стро-о-гі.

Сцепаніда тупае ў вёску, на самым ускрайку сустракаецца з Атрохавым - той хадзіў па старых могілках (яшчэ пры Пятры I, кажуць, там хавалі салдат пасля бою са шведамі, а цяпер на тых ледзь прыкметных узгорках раслі рэдкія дрэвы - колькі бярозак і ялін) і шукаў, няйначай, грыбы. Сцепаніда павіталася з ім, ёй таксама цікава стала, што ж гэта ён робіць там, Паўлавіч. Падышла, папытала. Сакрэту не было, як не было тут і грыбоў, якія ён шукаў... Калі Сцепаніда задаволілася пачутым і сабралася ўжо ісці, Атрохаў папрасіў яе затрымацца, доўга глядзеў ёй у вочы - Сцепаніда ажно міргаць пачала, часта-часта, - і сказаў шчыра і пранікнёна:

- Больш яйкі на пост не насі, Міканораўна. Лепш сама з'еш. А пра пост той я ліст, куды трэба, напісаў...

Сцепаніда залякнулася ажно, пачуўшы пра яйкі, прыкінулася дзівачкай:

- А хто вам сказаў, Паўлавіч, пра тое?

- Людзі ўсё, дзякаваць Богу, ведаюць. Не сляпыя. Так што паслухайся мяне. Не насі больш яйкі. Не трэба. А то панясеш, а іх ужо няма... Беражы абутак.

 

4

 

У вагончыку іх было двое: сяржант Філанчук і Косцік, таксама сяржант. Трэці, аматар папіць чужыя курыныя яйкі міліцыянер, прозвішча якога было Халікаў, пацёгся ў лес, але не грыбы збіраць...

Ці то мясцовыя шафёры ведалі пра сцежкі-дарожкі і абміналі яго, а такіх магчымасцей у іх мелася нямала, усе сцежкі-дарожкі яны ведалі, ці нешта іншае, але з самай раніцы ніякага руху на дарозе не было, і паставыя сумавалі. Філанчук зрэдку выходзіў на дарогу, чакаў хоць нейкую аўтамашыну, але прагрукатаў толькі дзядок на калёсах. Сяржант хацеў зрабіць яму заўвагу, каб трымаўся правага боку, а тады перадумаў, махнуў рукой і зацёгся ў вагончык. Косцік ляжаў на тапчане, самгнуўшы вочы: драмаў.

- Спіш? - папытаў Філанчук.

Косцік не адказаў - не хапіла, відаць, сілы: навальваўся на яго, мусіць, самы што ні ёсць сон, і ён баяўся, паварушыўшы губамі, спужнуць яго.

- Спі, - дазволіў Філанчук, пасядзеў трохі на табурэце, пагартаў кніжку вершаў, маленькую і тонкую, і прапанаваў Косціку, які, мабыць, і не чуў яго. - Хочаш, я табе вершы прачытаю? Не? Не буду. Калі не хочаш... Не свярбіць, то навошта часацца? У мяне сусед - паэт. Яго раней па тэлевізары паказвалі, а тады перасталі: нешта не тое, кажуць, ляпнуў. Прагналі. А ён можа! У газеце рабіў, і калі адзін заваліў яго сваімі опусамі, дык мой сусед не вытрымаў, шпурнуў тыя вершы яму ў морду і прагнаў з кабінета: лепш пі гарэлку, толькі не пішы! Можа так сказаць, сусед мой, што паэт? Ці прыдумалі? А я думаю, што можа. Я, праўда, з ім блізка не трымаюся, але тады-сяды вітаемся. Ён на мове размаўляе - па-беларускаму... - Філанчук пагартаў кніжку, паглядзеў на Косціка, які драмаў і пыхкаў, бы імбрык. Захроп! Добра, пахрапі, а я на дарозе буду...

Філанчук чамусьці зноў, як перад Атрохавым, выцягнуў з кабуры пісталет, круціў яго на ўказальным пальцы, наводзіў на вагончык, на шыльду, што забараняла ісці ў лес грыбнікам і ягаднікам, і яму так карцела пастраляць, што прама няўсцерп. Ён жадаў нават, каб нехта паспрабаваў напасці на гэты пост, і тады б Філанчук паказаў, дзе ракі зімуюць!..

Аднак ахвотнікаў напасці на пост не знаходзілася, і гэтая акалічнасць пачынала раздражняць Філанчука, бо надта свярбелі рукі, а як пачасаць іх - ён, бедалага, не ведаў.

 

5

 

Кіроўца Сірацюк прыехаў у сваю вёску Антонаўка з фіктыўным пуцявым лістом. Добра, што на пасту сяржанту патрэбны быў бензін, таму асабліва не прыглядаўся. І цяпер вось у кузаве "газона" ляжала парожняя каністра на дваццаць літраў, і Сірацюк, кроў з носу, пастарацца абавязкова напоўніць яе палівам, іначай... Ён нават не хацеў уяўляць, што тады будзе яму - страшна падумаць. Тыя хлопцы жартаваць не любяць. Але ж не так проста расстарацца сёння ў Антонаўцы на паліва: дэфіцыт. На калгаснай запраўцы робіць, праўда, сваячка Каця, але яна баіцца згубіць сваё: старшыня паабяцаў, калі хоць адну кроплю пусціць налева, адкруціць галаву, што азначала - пакладзі ключы. Старшыню зразумееш - на паліва няма грошай, калгасу багата хто павінен за малако і мяса, але доўг вяртаць ніхто і не думаў, а тут заканчваецца ўборачная, яна пажэрла ўсё, што толькі было можна, далёка наперад. Так што на сваячку Сірацюк не разлічваў. А яшчэ ж трэба было і ў сваю машыну нешта заліць - не вада ж колы круціць. І чаго, папытаць бы, не заехаў на заправачную, што пры выездзе з горада? Гэта цяпер лёгка дакараць сябе, а тады проста пашкадаваў грошай, захацеў зэканоміць - у вёсцы, палічыў, можна ў мясцовых шафёраў купіць паліва значна танней, і ён рабіў так часцяком. Ды яшчэ гэтыя нахабныя: калгас упершыню застаўся без паліва, якое раней лілося тут ракой. А бензін патрэбны - для таго і прыехаў на машыне, каб зрабіць пару рэйсаў у лес па дровы, бо старым трэба дапамагчы, каб узімку было ім цёпла ў хаце. На машыне ці без яе, але дровы - ягоны клопат, так ужо сталася. А тут не тое што вярнуцца назад у горад праблема, у лес не з'ездзіш: міліцыянеры чакаюць жа сваю каністру, і не паражняком, вядома. Сірацюк думаў-гадаў, што гэта там за паставыя такія - даішнікі, падобна а мо і не, можа які экалагічны пост ці яшчэ што там, цяпер навыдумлялі гэтых міліцыянтаў процьму - і не мог даўмецца, але ў адным быў цвёрда перакананы: школа ў іх адна, таму экзамен трэба ўсё ж здаваць, не ўвільнеш. Каб яшчэ хоць гэтую каністру не падсунулі... бляха-муха!

У каго не пытаўся наконт бензіна Сірацюк, чуў адно кароткае, але пякучае, бы з патэльні знятае, слова: няма! Не мог выручыць і бацька, толькі паціскаў плячыма, чухаў патыліцу. Але не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Прыехаў у Антонаўку бліжэй к вечару таксама на службовым "газоне" сусед Валік Семчанка, у адным горадзе жывуць і працуюць, і сур'ёзна зламаўся: паляцела хадавая. А бак поўны. Дамовіліся зліць бензін, а пакуль Семчанка будзе рамантавацца, што-небудзь прыдумаюць. А з'ездзіўшы ў лес, Сірацюк дапаможа яму. Можа і так атрымацца, што давядзецца ехаць у горад па паліва, аднак жа пропускам туды павінна стаць поўная каністра. Хоць можна было і аб'ехаць. Можна - іншым, таму ж Семчанку, толькі не Сірацюку, бо трапіў у сіло моцна. Не, каб жа аб'ехаць, як іншыя. Дурань! Пцьфу!..

У лес рашылі ехаць на грузавіку, адразу пілаваць і загружаць дровы, ды там хапае і гатовага ламачча, будзе відаць, а потым адна брыгада павязе лес у вёску, а другая будзе нарыхтоўваць. Паехаць у лес падахвоцілася некалькі мужчын, якія туляліся без занятку, таму рабочых рук хапала.

І паехалі.

 

6

 

Можна сказць так пра гэты пост: ён створаны для таго, каб людзі бачылі, што ёсць міліцыя, што яна працуе... каб, як кажуць, карась не драмаў. Так, браткі, так. Нават дзед Міхей, збіраючыся ў бальніцу да сваёй бабкі, паглядзеў, ці ёсць затычкі ў колах, праверыў, ці ўсе спіцы. Адной, праўда, не было, аднак стары махнуў рукой: а мо і не звернуць увагі на пасту, не грузавік жа! А калі набліжаўся Міхей да вагончыка, адчуў, што хвалюецца. Во, хвароба на яго, як чалавек гэты злеплены! Ну хто ён міліцыі? Пенсіянер, бяззубы і сухі, як трэска, у чым толькі і душа трымаецца, тут і жыць засталося... А як убачыў міліцыянера каля вагончыка, затрымцелі лыткі. Стары паспачуваў шафёрам: тым і сапраўды не пазайздросціш. Гэта ж трэба мець такую моц той міліцыі, што баішся яе страшней, чым смерці. І праўда ж: скажы, што заўтра загавееш, Богу душу аддасі, і толькі паціснеш плячыма, уздыхнеш-выдыхнеш: пара дык пара. І ўсяго. А тут - лыткі трымцяць!..

Калі дзед Міхей наблізіўся да паста, сяржант Філанчук паказаў яму знак рукой: стоп! Стары паслухаўся, а сам падумаў: "Што яму, анціхрасту, трэба?" Міліцыянер загадаў пад'ехаць бліжэй. Пад'ехаў. Ні слова ні паўслова не сказаўшы, сяржант агледзеў калёсы, на якіх сядзеў, падклаўшы пад мяккае месца бярэмя сена, Міхей.

- Твой транспарт трэба, - сказаў сяржант, узяў у старога лейцы. - Адпачні пакуль, дзед.

Міхей заўпарціўся:

- Э-э-э, куды!? Мне некалі! У бальніцу еду, да бабкі сваёй. Аперацыю зрабілі ёй. Вітаміны вязу.

- Бабка пачакае, - сяржант Філанчук сядзеў ужо на месцы дзеда Міхея, а той таптаўся, нічога не разумеючы, каля калёс, атрасаючы рэшткі сена з портак. - Адпачні. Я скора. Пяць хвілін туды, пяць назад... У лес з'езджу. У туалет. А то ў нашым не павярнуцца. Не хвалюйся, стары. Пасядзі. Там, у будцы, Косцік спіць, разбудзі яго, дзед. Разбудзі, чуеш!

Дзед Міхей махнуў галавой і папярэдзіў міліцыянера, каб не замардаваў каня, бо ён для яго - само жыццё, і калі што здарыцца, крый Божа, стары такога не перажыве. Але той нічога яму не адказаў, а шлёгнуў каню па распаранай спіне лазінкай, што тая ажно пераламілася:

- Нэ-э-э!

Косцік, калі яго пакратаў за рукаў Міхей, злёгку здрыгануўся, але не адразу расплюшчыў вочы, а калі глянуў на старога, уставаць не спяшаўся: прыходзіў у сябе, разбіраўся, дзе ён і што ён. Ачуняў нарэшце. Лыпнуў вачыма, ускочыў:

- Выпіць хочаш?

- Вып'ю, - пагадзіўся стары. - Тым больш, што калі баба з бальніцы лаяцца пачне, скажу, што з міліцыянерам піў. Даруе. Гэта з Цімкам ці з суседам Язэпам калі клюкнем, то яна на дыбкі, бывае, становіцца. А з вамі даруе, акурат так. Яшчэ і пахваліць: глядзі ты, і міліцыянер цябе ўважыў! Не абы хто!

Косцік нічога не гаварыў, толькі пазяхаў, шырока разяўляючы рот і дэманструючы белыя, як часнок, зубы, корпаўся ў невялічкай шафцы - неўзабаве на століку з'явілася пачатая пляшка гарэлкі, дзве чаркі, цыбуліна, некалькі яек і скрылікаў сала. Забулькаў у чаркі, загадаў Міхею:

- Куляй, дзед.

- Кульну, - стары, не раздумваючы асабліва, выпіў гарэлку - яна аказалася не з крамы, а была самаробная.

- Пайшла? - праглынуўшы пітво, папытаў у старога міліцыянер.

- Як брахня па сялу... Фу-у! Добрая. І сала смачнае.

- На халяву, дзед, і воцат салодкі. Яшчэ будзеш?

- Доза, доза! - замахаў рукамі на міліцыянера Косціка Міхей. - І за гэтае дзякуй. Колькі і жыву, а з міліцыянерамі п'ю першы раз. Не падпускалі блізка. А на канцы веку, бач ты, і пашэнціла, ядры тваю ў корань! Самасадзіку не пагрэбуеш майго, га?

- Тут не чадзі, - толькі і сказаў Косцік, выйшаў на ганачак, павагаўся на мысках чаравікаў, прычыніў за Міхеем дзверы, які прасунуўся паўзбоч яго, і больш не ўважыў таго ніводным словам.

Маўчаў і стары, толькі раз-пораз паглядаў на лес, дзе колькі часу назад знік сяржант на ягоным кані...

Пакуль не вяртаецца.

Пяць хвілін, мусіць быць, даўно мінула?

 

7

 

У лесе, недалёка адыходзячы ад дарогі, дзятва ўлетку зрабіла будан, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі - у асноўным гарадскія, што прыехалі на вакацыі да дзядзоў і бабуль - бавілі вольны час. Калі яны праектавалі сваё збудаванне, а потым збівалі і звязвалі дротам і драпіравалі духмяным сенам, не думалі, вядома, што робяць секс-шоп для дарослых дзядзькаў. Атрымалася ж так. Першым агледзеў будан усё той жа сяржант Філанчук, калі сярод белага дня ў яго нерат трапіла прыгажуня Волька, якая акурат каля паста вылезла са спадарожнай, што кіравала якраз міма яе Антонаўкі. Дзяўчына падала гаспадару чырвонага "жыгулёнку" грошы, той не ўзяў - не сквапны аказаўся, а мо таму, што да легкавушкі падыходзіў сяржант міліцыі: залякаўся. Гаспадару "жыгулёнка" давялося пачысціць крыху свае кішэні, а потым толькі Філанчук адпусціў яго. Перад гэтым Вольку папрасіў затрымацца... Тая паслухалася. Скончылася ўсё тым, што яны апынуліся ў лесе, сяржант, убачыўшы будан, ад здзіўлення - прыемнага, трэба разумець - ледзь не страціў мову: лепш і не прыдумаеш. На газеціне паскрыліў кілбасу, гурок, дастаў з торбачкі бутэльку віна. Дзяўчына спярша ўпарцілася, а потым забылася, відаць, што і яна ехала дадому... Пасля на змену заступіў Косцік. Затым зноў ён, сяржант Філанчук.

Дзяўчына пайшла дадому ранкам, а Косцік, праводзячы яе вачыма, брыдка плюнуў:

- Прастытутка! Бервяно! Вучыцца яшчэ ды вучыцца!..

Філанчук жа, пачуўшы яго, паабяцаў:

- Навучым!

- Давядзецца-а! - зарагатаў Косцік і падказаў Філанчуку ўбіць кол з шыльдай, якая б забараняла збіраць у лесе грыбы і ягады, а то, маўляў, сам разумееш, не дзіця, пра будан шмат людзей будуць ведаць, ды і зазірнуць цікаўныя ў самы непатрэбны момант могуць - што тады? Такога нельга дапусціць! Будан - наш!

У той дзень да будана сяржант Філанчук пад'ехаў на кані, а Сцяпан Пырх, чалавек сталага веку, разважлівы і адумны, які падмеўся бацьку Сірацюка дапамагчы прывезці з лесу дроў, прытупаў на сваіх дваіх: спазніўся на грузавік. Ідучы паўз будан, Пырх убачыў каня дзеда Міхея, паклікаў старога, але замест яго з будана выглянуў сяржант Філанчук, спадылба глянуў на Пырха:

- Вон адсюль! Ну!

Пырх, хоць і не з палахлівых, але з міліцыяй вырашыў не звязвацца, нічога не адказаў, а моўчкі пашоргаў па жухлай восеньскай лістоце на тое месца, дзе павінен быць грузавік з людзьмі. Аднак яго слых, колькі ішоў, рэзаў прыцішаны дзявочы воклік, які ўхапіў ён краем вуха пры падыходзе да будана, і быццам бы яшчэ наступныя словы: "А, між іншым, ты мне згвалтаваў... Ты!.." Голас той яму здаўся знаёмы, ён недзе чуў яго, але чый - не мог даўмецца, хоць трэсні. Во каб глянуў на твар дзяўчыны - адразу б сказаў... А так заставалася толькі гадаць-думаць... Вісіць на языку, а сплюнуць не атрымліваецца. Цьфу ты!..

Усё гэта не давала спакою Пырху, і, апынуўшыся на дзялянцы, дзе звінела бензапіла і стукалі сякеры, ён адчуў, што ўзмакрэла спіна, пераняло дых - як не заслупіла.

- Фу-у! - выдыхнуў ён, прыхінуўшыся да сасны. - Мужыкі! Мне здаецца, што ў будане робіцца нешта не тое... Схадзіць трэба. Хто са мной?

Мужчыны насцярожана глядзелі на Пырха, перакідваліся кароткімі позіркамі паміж сабой, і, здавалася, нічога не разумелі. Што ён, Сцяпан, за бязглуздзіцу вярзе? Дык, здаецца ж, цвярозы. А ў будане?.. Праўда, там і раней, кажуць, маладыя людзі цешыліся. Але хто бачыў? Не, трэба, трэба нарэшце падпаліць гэты будан к чортавай матары, ды і ўся размова на тым!

- Што, смелых няма? - зноў глядзеў на мужчын, чакаючы, Пырх.

- Схадзіць яно можна... - неяк няпэўна зморшчыўся яго равеснік Котаў. - Дык а дровы? Чаго мы ў лес прыехалі? Буданы пільнаваць?

Пырх не здаваўся:

- Дровы пачакаюць.

- Дык як, мужыкі? - папытаў Котаў.

Нехта прапанаваў перакурыць, а жадаючыя, калі такія ёсць, могуць схадзіць сабе і на экскурсію да будана. На здзіўленне Пырха, за ім пайшлі ўсе, акрамя бацькі Сірацюка: ён застаўся пры машыне і торбе з выпіўкай і закуссю. З машынай нічога не здарыцца, а вось торбу могуць прыхапіць...

Каля будана па-ранейшаму стаяў конь, прывязаны лейчынай да дрэва, а з міліцыянераў нікога відаць не было. Вусцішна. Але цішыня трымалася нядоўга, яе парушыў гнеўны голас сяржанта Філанчука - з будана:

- Вон адсюль, я сказаў! Ну-у! Пальну-у!

Людзі не рухаліся, стаялі, думалі, што ім рабіць далей. Няўжо і сапраўды можа стрэліць? Гэта справа няхітрая. Але ж за страляніну без дай прычыны па галоўцы не пагладзяць. Ці могуць прапусціць міма вушэй і вачэй? Але і стрэліць можна па-рознаму - у паветра, у чалавека. Няўжо... у чалавека асмеліцца? Але за што?

Патрабаванне з будана паўтарылася:

- Вон адсюль! Тры разы не паўтараю-ю!..

Сірацюк памахаў на мужчын рукой, каб схаваліся, а сам падкраўся да будана ззаду і чыркнуў запалкай - полымя адразу ж пачало лізаць вострымі язычкамі сухое сена, шуганула ўгору, і не паспеў Сірацюк падбегчы да мужчын, як завішчэла ў будане дзяўчына, а неўзабаве выскачыла адтуль у чым маці нарадзіла, губляючы транты, на якія наступала нагамі, бо тыя, наспех схопленыя, цягнуліся па зямлі... Дзяўчына спалохана зіркала па баках, а калі зразумела, што нікога паблізу няма, похапкам пачала апранацца. За ёй выляцеў з будана сяржант Філанчук, але ён быў апрануты па ўсёй выпраўцы - не мітусіўся і таму паспеў зацугляць сябе нават у партупею. Адразу ж адвязаў каня, ускочыў на калёсы і агрэў жывёліну лейчынай на баку:

- Нэ-э!

Дзяўчына кінулася ўслед, на хаду трапляючы нагой у чаравік:

- А я?! Пашка-а! А я?!

Сяржант Філанчук нават не азірнуўся. Пырх жа сказаў у бок дзяўчыны з непрыхаванай непрыязню:

- Сука! А я чакаю яе дома бульбу капаць... Няхай бяжыць услед. Пайшлі, мужыкі, лес пілаваць... на дровы...

 

8

 

Пост ліквідавалі ў тую ж восень. Калі былы школьны дырэктар ішоў ужо з новым кошыкам па апошнія восеньскія грыбы, то прачытаў на вагончыку напісанае вялікімі аршыннымі літарамі - белым колерам: "Прыбралі сабак - прыбярыце і будку!"


1993

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая