epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Вітка

Азбука Васі Вясёлкіна

А
Б
В
Г
Д
Е Ё
Ж З
І Й
К
Л
М
Н
О
П
Р
С
Т
У Ў
Ф
Х
Ц
Ч
Ш
Ы
Ь
Э
Ю
Я


Рашыў Вясёлкін Вася:

- Сам адкрываю школу.

Збіраю ў першым класе

І птушак, і жывёлу,

Усіх звяроў на свеце.

 

І вы прыходзьце, дзеці.

Ў мяне такая кніжка ёсць,

Што рады будзе кожны госць.

Я літары вам пакажу,

Пра ўсе малюнкі раскажу.

 

Глядзіць Васіль наўкола:

Хто ж першы прыйдзе ў школу.

А тут з двара:

- Здароў, Вясёл!

- А ты хто будзеш?

- Я асёл.

 

Стаіць і дзівіцца Васіль:

- Нашто аслу аўтамабіль?

Куды вязеш ты агуркі?

 

- А гэта звычай мой такі, -

Яму адказвае асёл. -

Саджуся з кнігаю за стол -

У рот адразу ж агурок.

- Нашто?

- Каб ведаць лепш урок.

Давай, вучы мяне, Вясёл,

Саджай хутчэй за парту.

Ты ж ведаеш, сярод жывёл

Я самы, брат, упарты.

 

- Па-першае, я не Вясёл, -

Сказаў Вясёлкін Вася, -

А па-другое, стаўлю кол

За панібрацтва ў класе.

 

Тут школьны празвінеў званок.

Настаўнік абвясціў урок:

- Упартасць ты адразу кінь,

Калі яна была.

З чаго пачнём мы азбуку?

Сказаў асёл:

- З асла.

 

А

 

- Буквар мы пачынаем з А,

І я заўважыць мушу:

Не вельмі цяміць галава,

Хоць і даўгія вушы.

Хапае слоў апроч асла,

Што пачынаюцца на А:

Арол, акварыум, алень,

Аса, акула, авадзень,

Авёс, алмаз, атара,

Алена і Алеся

І нават акуляры,

Што ты на нос павесіў.

 

Як закрычыць асёл: - Браткі,

Вось для чаго мне агуркі!

Ў мяне іх - цэлая гара.

За розум брацца мне пара.

Як з'ем апошні агурок -

Урок засвою назубок.

 

Б

 

А гэта, дзеці, што за франт:

Завіты ўвесь, на шыі - бант

І так ілбом у бубен б'е:

- Прыміце ў клас,

Я знаю: Бэ-э-э!

Прыняць выдатніка, прыняць!

Ён заслужыў адразу 5.

 

В

 

Хто гэта лісця нанізаў

На вострыя іголкі?

А вожык Васю так сказаў:

- Вітаю вас, Вясёлкін.

- Я рад, - прызнаўся Вася, -

Ды чым жа ты заняўся?

Навошта льеш, пытаю я,

З вядра ваду на вераб'я?

 

- Мы з вераб'ём у пары

Збіралі вам гербарый.

Дружок мой запыліўся,

Хачу, каб ён памыўся.

 

Сягоння ўсе глядзяць на нас,

Бо мы прыйшлі ж у першы клас.

 

Г

 

Напэўна, дзеці, вы змаглі б

І пасмяяцца: гляньце - грыб.

І прозвішча, як у людзей,

У вучня - Баравік.

А ён у школу ўжо ідзе,

Выдатнік-нулявік.

 

Хай невялік, хай невысок,

А ведае здавён

І той лясок, і верасок,

Дзе нарадзіўся ён.

 

Д

 

І дзяцел ведае свой дом

На дрэве са старым дуплом.

Калі і непагадзь - ну што ж,

Не страшны дзецям снег і дождж.

Як добра ў дзятла пад крылом,

Калі такі выдатны дом!

 

Хто знае Дэ знайсці нам дзе?

Пытайце ў бацькі, ў маці,

Шукайце ў дзятлавым гняздзе -

Падкажа добры дзяцел.

 

Е Ё

 

А за дзвярыма: тук-тук-тук.

Пытае Вася: - Што за стук?

Зноў дзяцел? Не, зусім не ён -

Прыйшоў у школу паштальён:

 

- Вам тэлеграма ёсць адна.

Здзівіўся Вася: - Ад каго ж?

- Напэўна, што з рачнога дна,

Бо тут унізе подпіс: Ёрш.

 

- Ну што ж, якраз да часу.

Чытайце ўсяму класу.

Ш-ша, слухайце, што піша ёрш:

«Жыву за іншых я не горш.

Малым паставіў ёлку.

Выпісваю «Вясёлку».

Ды вось бяда: сыны мае

Не ведаюць ні Ё, ні Е.

 

Да вас у школу трэба плыць,

Але парайце, як нам быць.

Калі паступім мы туды,

Дык жа загінем без вады...»

Сказаў Вясёлкін: - Точна,

Хай вучацца завочна.

 

Ж З

 

Тут Вася адчыніў акно:

- А гэта што там за яно -

Ці не пад'ёмны гэта кран?

Зірні на вуліцу, баран.

 

Зірнуў баран, спужаўся:

- Яно з хвастом, з нагамі,

З вушамі і рагамі,

Пад стол хавайся, Вася,

А я залезу ў шафу!..

 

Вясёлкін рассмяяўся:

- Дык гэта ж, брат, жырафа.

Яна паспела ў самы раз.

Прашу, прашу, заходзьце ў клас.

Сядайце, калі ласка, ў нас!

Жырафа рада б сесці,

Ды ў школу ёй не ўлезці.

 

Заўважыў заяц звера,

Збялеў і - шмыг за дзверы,

Па калідоры - скок-скок-скок.

Ён думаў, што з'явіўся воўк.

 

На парту ўскочыў з перапуду:

- Вучыцца болей я не буду! -

Хапіў адзін, другі званок:

- Хутчэй канчай, Васіль, урок!

 

Цягнуўся цэлы месяц

У класе перапынак,

Шукалі зайца ў лесе

Ля ўсіх дубоў, асінак.

Уцёк са школы Зай, уцёк.

- Што ж, без яго пачнём урок, -

Сказаў Вясёлкін Вася

І за журнал узяўся,

Бо цвёрдую меў звычку -

Штодня вёў пераклічку.

 

І Й

 

- Індык, - спытаўся Вася, -

А ты куды сабраўся -

Ў гурток шыцця і кройкі?

Дзеля чаго ў запасе

Ў хвасце ў цябе іголкі?

Чаго ты так надзьмуўся,

Ад вучняў адвярнуўся?

 

- Хаджу я важна па зямлі, -

Затрос індык бародкаю, -

Бо ведаю, што ёсць два І:

І доўгае, й кароткае.

 

Усё я ведаю, пытай.

Напрыклад: іней, гай і май,

Ігнат, Іван, Іран...

 

- А бэ-э-э? - не вытрываў баран. -

Не паважаю я цябе,

Бо ты сказаць не ўмееш: бэ!

 

Спакойна Васіна рука

Лягла на дзённік індыка.

 

- Ты адказаў мне бойка, -

Сказаў настаўнік Вася, -

Але я стаўлю тройку,

Каб больш не зазнаваўся.

 

К

 

А качаня і кацяня

Паміж сабою як радня.

Усюды разам, удваіх,

Не разальеш вадою іх.

 

У клас увойдуць, знімуць шапкі,

Пасядуць і - угору лапкі,

Бо качанятка і каток

Заўсёды ведаюць урок.

 

Выдатнікам настаўнік рад.

А хто іх выхаваў?

Дзетсад.

 

Л

 

- А што нам скажа ліска?

- Нічога не скажу.

Не падыходзьце блізка:

Вы ж бачыце, сяджу

Ўвесь дзень перад люстэркам,

Занятая прымеркай.

Напэўна, што завузка

Нейлонавая блузка,

А модная спадніца

Так цісне ў паясніцы...

 

- Ліса і лісяняткі,

Пакіньце вы заняткі!

У вас, у модніц, - свой прыцэл.

Мы вывучым і самі Л.

 

М

 

Зірнуў Васіль у кніжку:

- А дзе маленькі Мішка?

 

- А вунь на школьным ён двары,

Сам у акно пабач.

Прыйшоў да нас мядзведзь стары,

Купіў унуку мяч.

 

Старому сумна ў лесе

На персанальнай пенсіі.

Сюды штодня хадзіць ён рад

Насіць малому мармелад.

 

Такі ж ужо чуллівы дзед,

Вунь прывалок веласіпед:

«Бяры веласіпедзік,

Катайся, мой мядзведзік!»

 

Сказаў настаўнік: - Ой, дзяды,

Нямала мне ад вас бяды.

Так песціце вы ўнукаў -

Зрываеце навуку.

 

Н

 

Навуку любіць насарог,

Калі здалёк прыехаць мог,

Аж з Афрыкі, Нігерыі.

Але ступіў ён на парог -

Не можа ўлезці ў дзверы.

 

Жырафа рада земляку:

- Жаданы мой, чаканы...

 

- А ты, жырафачка, адкуль?

- Твая суседка - з Ганы.

 

- Канікулы, - сказаў Васіль, -

Браткі, не пашкадуем сіл.

Пашырыць трэба школу,

Пляцоўку для футболу,

А для гасцей замежных

Паставіць клас сумежны.

- Ура! - абрадваўся баран. -

Я зараз намалюю план.

І пачалася праца,

Рад кожны быў старацца.

 

Стаў за учотчыка індык,

Сам працаваць ён не прывык.

Пляцоўку расчышчаў асёл,

Бо вельмі ж ён любіў футбол...

- Ёсць разгарнуцца дзе цяпер! -

Сказаў мядзведзь-пенсіянер.

Стаў пілаваць бярвенні.

Ён пільшчык быў адменны.

Уважліва сачыў унук,

Каб не парваць пілы аб сук.

Знайшлі і вучні-малышы

Сабе занятак па душы.

Тут завіхаліся штодня

І качаня, і кацяня.

 

І нават зай-зайчына

Вярнуўся, малайчына,

І стаў на дапамогу

Самому насарогу.

 

Пыхцеў,

Стараўся

Насарог,

Ажно пацеў

І нос,

І рог.

 

Жырафа следам бегла

І падавала цэглу.

Упраўна брала з долу

Яна любыя высі...

 

Пабудавалі школу -

Спыніся і дзівіся,

Якія гмахі ўзніклі.

Вось гэта дык канікулы!

 

О

 

І зноў увесь сабраўся клас.

Зірнуў у кнігу Вася.

- На чым спыніліся той раз? -

Ён у крата спытаўся.

Разявіў крот шырока рот

І прастаяў бы, можа, год.

 

Была ў гасцях у школе

З дзетсада ляля Оля.

Сама не знаючы таго,

Яна і падказала: О!

 

Адкрыла лялечка раток -

Маленькі, роўненькі кружок.

І насарог адкрыў свайго,

Жахнуўся клас увесь: - Ого!

 

П

 

- Навошта пеўню парасон,

Чаго стаіць на плоце ён

Якраз ля нашых жа акон?

 

- Схаваўся, дзеці, я ў цянёк,

Каб добра вывучыць урок.

- Скажы нам літару сваю!

- Не, дзеці, лепей я спяю.

 

Хоць з граматаю не ў ладах,

Але спяваю па складах.

Ніхто так на маім вяку

Яшчэ не пеў: ку-ка-рэ-ку!

 

- Ты ўмеў бы значна болей,

Калі б вучыўся ў школе.

Прыходзьце, пеўні, ўсе вы

Да нас у клас на спевы.

 

Р

 

- Паслухайце, здаецца,

Хтось ля дзвярэй шкрабецца.

Чакайце, сам праверу.

 

Зірнуў Васіль за дзверы:

- Дык гэта ж рак.

Адкуль, бядак?

Чаго такі распараны,

Як кіпенем абвараны?

 

Падняўшы стрэльбу ў клюшні,

Рак адказаў: - Мне душна.

 

- Нашто ж ты стрэльбу ў клас валок?

Яшчэ націснеш на курок.

 

- Так, - адказаў ён горда, - так,

Я - лепшы паляўнічы...

 

Нічога дзіўнага, што рак

У школу не залічан.

Калі не верыш, дык правер,

Пакуль у рэчцы мелка.

 

С

 

- А хто ў нас на чарзе цяпер?

Сказалі дзеці: - Стрэлка!

- А дзе яна ў нас, дзеці?

 

- У космасе, ў ракеце!

Абкружыць сонца сорак раз

І прыляціць ізноў у клас.

 

Т

 

- Я добра бачу па ўсіх вас,

Ваш пазнаю характар -

Нам тэхнікай заняцца час,

Прыйшоў якраз і трактар.

 

А гэта вось механік сам,

Славуты на ўсім свеце,

Пакажа ўсе машыны вам,

Пракаціць на ракеце.

 

Наўрад ці ёсць яму раўня -

Паважны і вусаты...

Падняла лапку кацяня:

- Дык гэта мой жа тата!

 

Механік тут сынка абняў:

- Як вучышся, дзіцятка?

І адказаў сыночак: - М-мяў,

А я - выдатнік, татка...

 

І загадала татку

Кацяня загадку:

 

У Ў

 

- У галаве У доўгае,

Кароткае ў хвасце.

Выкручваецца, поўзае

На тоўстым жываце.

Уміг жывога зайца

Глыне - і не падавіцца.

Ну, што? Не адгадаў?

Я падкажу - удаў.

 

Такая ўродзіна удаў,

Убачыш - зойме дух.

Каб ты, пачварына, прапаў,

Так напалохаў - ух!

Яго не пусцім мы ў свой клас,

Бо праглыне ўсіх нас за раз,

І стол, і школьны глобус,

І новы наш аўтобус.

На чым жа мы, татуся,

Паедзем на экскурсію?

 

І вось ужо завёў матор

Механік дзядзька Коця.

Ён вельмі строгі быў шафёр,

Суровы на рабоце.

 

І да сябе ў кабіну

Не ўзяў ён нават сына:

- Мне на машыне не радня

Ні свет, ні брат, ні кацяня.

 

Ф

 

Сказаў Вясёлкін Вася:

- Хвалю за дысцыпліну.

Мой клас увесь сабраўся.

Гані, шафёр, машыну...

 

Ляціць аўтобус па шашы.

Глядзяць з акенца малышы.

Мігцяць фіранкі, як флажкі,

І шоўкавыя фартушкі,

І новыя фуражкі.

Лагодна і пакорна,

Адзетыя па форме,

Сядзяць індык з барашкам.

А за машынай пеша

Услед жырафа чэша,

А за жырафай - ох, ох, ох -

Цялёпкаецца насарог,

Ажно дрыжыць пад імі дол.

- А вы куды?

- Мы на футбол.

- А хіба ў нас сягоння матч? -

Спытаў шафёр з кабіны.

 

- А вы - балельшчык, Кот-вусач?

Дык самі знаць павінны,

Што ў нас на стадыёне

Выдатны дзень сягоння:

Аслам забілі гол зайцы.

Вось малайцы дык малайцы!

 

Як усхапіўся тут асёл:

- Шафёр, вязі нас на футбол!

Хутчэй, хутчэй на стадыён! -

Зароў ад горкай крыўды ён.

 

Ды што паробіш: плач не плач -

Ганебна скончыўся той матч.

Асёл як апантаны

Не мог утаймавацца...

 

- На плошчу да фантана

Фата-графа-вацца,

Увесь мой клас, збірайся! -

Паклікаў вучняў Вася...

Фацэтны выйшаў здымак -

Цудоўны напамінак

Настаўніку і вучням

Аб дружбе неразлучнай.

 

Х

 

Хаця хітрун-хамелеон

Не сапсаваў ледзь ўвесь фасон.

То з галавы да самых пят

У хатні хутаўся халат,

То захінаўся ў хусту,

Халву з капустай хрумстаў,

Высоўваў доўгі свой язык,

Лізаў жырафе чаравік

І, хвалячы свой спрыт і рух,

Хапаў па-заліхвацку мух.

 

І ў колерах мяняўся,

І гэтак надзімаўся,

Што ўсе не клаліся траха

Ад смеху ўпокат: ха-ха-ха!

 

Аб Васілёвай школе

Прачула ўсё наўколле.

Да нашае экскурсіі

Прыбіліся тры гусі,

Два худыя харты -

Валацужныя браты,

Варона-пабіраха,

Шакал і чарапаха.

 

Ц

 

Прыцялёпкала здаля

Адно пацешнае цяля:

- А я ў цырку пабывала,

Я прынесла вам цымбалы.

Залічыце ў клас мяне,

Я ўсё на свеце знаю: м-м-мэ!

 

Васіль сказаў: - Пабачым.

Задам табе задачу:

 

На градзе яна расце,

Пачынаецца на Цэ.

Аж падскочыла цялятка:

- Знаю, знаю - шакаладка!

 

Засмяяўся Вася:

- Падумай, не спяшайся.

Я лічу да трох: раз, два...

- Ах, я ўспомніла - халва!

 

- Памыляешся, красуля, -

На градзе расце цыбуля.

І хоць яна не шакаладка,

А есці трэба для парадку,

Бо ўсе мы знаем як адзін,

Што Цэ - найлепшы вітамін.

 

Ч

 

Вось чарапашычын сынок

Есць і цыбулю, і часнок.

Няхай яшчэ сыночак

На выгляд - чарапочак,

Затое ў нас у школе ён

Ужо вядомы чэмпіён.

 

Малы чарапашонак

Не носіць распашонак.

Выходзячы на шпацыр,

Ён надзявае панцыр.

Таму не гнецца пад мячом,

Не хіліцца пад молатам,

Расце выдатным сілачом

І незвычайным волатам.

 

Ш

 

Мы не змаглі б вучыцца

Ні з воўкам, ні з ваўчыцай.

А вось прыйшоў да нас шакал

І ледзь усіх не ашукаў.

 

Ён доўга носам шморгаў

І Васіля ўгаворваў,

Нібы прасіўся ў школу,

А сам пры шаблі, ў шпорах

Прынёс дзве торбы толу,

Шнур, дынаміт і порах.

 

Не, ашуканец шэры,

Табе не будзе веры.

Ты з выгляду - лагоднік,

А сам - шпіён і шкоднік.

 

Ы

 

Ёсць літары у буквары,

З іх не пачнеш ты слова.

Але запомніце, сябры,

Вы іх абавязкова.

Ну, хто мне іх напіша?

 

- МЫ, - адказалі мышы. -

Каб не было на свеце Ы, -

Запелі хорам мышкі, -

Былі б мядзведзямі ўсе мы,

Нас дзеці б звалі - мішкі.

 

Была дзяўчынка ў нас адна,

Рукамі пляснула яна,

Прызналася ўсім шчыра:

- Як добра, што я - Іра!

 

Ь

 

Каню прысніўся страшны сон,

Што ён не конь, а кон.

 

Перапалохаўся, бядак:

- Куды падзеўся мяккі знак?

Мне без яго жыцця няма...

Прыбег задоўга давідна

Да нас буланы госць:

- Ці мяккі знак яшчэ ў вас ёсць?

 

Яму сказаў Вясёлкін так:

- Вось, калі ласка, мяккі знак.

Яго сабе ты забірай,

Бяжы і весела гуляй.

 

І так быў рады, небарак,

Што зноў знайшоў свой мяккі знак.

 

Э

 

- Эх, - спахапіўся Вася, -

Экскурсія ўдалася,

Ды час дамоў збірацца,

Зноў за навуку брацца.

 

Я заказаў вам эшалон.

Сядайце кожны ў свой вагон.

 

Купэ - для насарога,

Жырафу - на платформу.

Адзеньцеся ў дарогу

У школьную ўсе форму...

 

Гудуць па рэйках колы.

Дадому едзе школа.

Ад песень і ад смеху

Чуваць далёка рэха.

Мільгнуўся элеватар,

А вунь - электрастанцыя,

Торф рэжа экскаватар

На рэчцы Балачанцы.

 

Між родных сосен і бяроз

Імчыцца наш электравоз.

 

Ю

 

Вучыцца зноў прыйшла пара.

- Ура! - гучыць сярод двара.

 

На выстаўку юннаты

Выносяць экспанаты:

Капусту,

               рэпу,

                        буракі,

Фасолю,

               моркву,

                            агуркі.

 

Зірніце на цыбулю!

Яе расціла Юля!

 

Умела пастарацца

Яна на школьнай градцы.

Цяпер усе мы як адзін

Цыбулю Юліну ядзім.

 

Я

 

А вось малая Ядзя

Сабрала ў нашым садзе

Пад яблыняю ягады -

Не паядзім за два гады.

 

Так вучыцца, стараецца

Дружная сям'я.

На гэтым і канчаецца

Азбука мая.

 

1963

 


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая