Гэта будзе доўгая казка.
А пакуль што на некалькі слоў
Адкажыце вы мне, калі ласка,
Хто з вас бачыў белых буслоў,
Іх старую дамоўку на вязе,
На драўляным шырокім коле,
Можа, з вас хто туды нават лазіў,
Аглядаў з вышыні наваколле,
Пазнаёміўся з буслам, бусліхай?
Калі не, ну дык слухайце, ціха.
Ціха так,
Хоць сей ты мак.
Я сяджу ў градзе гароху.
Рву сабе стручкі патроху,
А паблізу, на аселіцы,
Нехта цвеліцца і цвеліцца:
То ляскоча безупынна,
То сакоча
Гэтак шпарка,
Як матор якой машыны
Ці калгасная жняярка,
Раз-паразу: чах-чах-чах.
Што такое?
Проста страх.
Толькі глянуў я на вяз,
Што за вуліцай у нас, -
Зразумеў, адкуль той клёкат:
У гняздзе навідавоку
Стары бусел суча ніткі,
Будзе шыць ён дзецям світкі.
Выткала бусліха кросны,
Разаслала ранкам росным
Доўгія свае палотны
Па лугах усіх балотных...
Я на дрэва ўзлезці б рад
Адным махам без аддыху,
Паглядзець на буслянят,
Пазнаёміцца з бусліхай
І праверыць, як ідзе
Лад-парадак у гняздзе.
Сёлета ў чацвёрты клас
Пераведзены я ў школе,
На ўсё лета маю час
Пагуляць у лузе, ў полі.
Маю ў сшытку я заданне -
Даць прыроды апісанне.
Сцеражыся, горды бусел,
Да цябе я дабяруся.
Пагляджу, як сучаш ніткі,
Як ты шыеш дзецям світкі,
Стану на тваё я кола
І пабачу ўсё наўкола:
Свет птушыны, свет раслінны
І наогул - белы свет,
Выведаць я ўсё павінны,
Апісаць усё як след.
Вось пайду і ўміг, ураз
Ўзлезу на высокі вяз.
Вы мо скажаце - не ўмею
Я дабрацца да вяршыні?
Ўмець умею, толькі млею,
Калі гляну ўніз з галіны.
Падрасту, а там пабачу,
Можа, будзе яшчэ ўдача.
А пакуль, як пугай ляснуць
Мне па лужы, па траве, -
Пра буслоў складу я казку,
Ёсць і думка ў галаве.
Пра буслоў, дык пра буслоў,
Толькі дзе набрацца слоў?
Сеў ля самага я вяза
І пачаў тых слоў шукаць.
І адразу сказ за сказам
Спрэс спісаў старонак пяць.
Што з таго, што я не ўзлез
На бусліны вяз той,
Мне ў адказ гудзе ўвесь лес,
Калі пугай лясну.
І сціхаюць у гняздзе
Галасы бусловыя,
Толькі водгулле ідзе -
Высякаю словы я,
Словы адмысловыя.
Сам вачам сваім не веру,
Ўсё так складна на паперы:
Побыт бусла да драбніц
Апісаў шырока,
Як ён спіць і што ён сніць,
Як ён з выраю ляціць -
Нізка ці высока,
Як ён суча тыя ніткі,
Як ён шые дзецям світкі,
Як ён там абедае,
Варыць як вячэру -
Ўсё як быццам ведаю,
Хоць наўрад ці веру.
Нада мною ластаўкі
Пэўна што смяюцца.
І ўсё просяць: - Баста, кінь!
І ля вуха ўюцца.
Ластаўчыну мову
Я таксама знаю
І ад слова ў слова
Так перакладаю:
«Шатавіла-матавіла
Па-нямецку гаварыла,
Пела па-турэцку,
Плакала па-грэцку.
З носіка - шыльца,
З хвосціка - вільца,
Спадыспаду - палатно,
На апашках шоўк, шоўк.
Зазірнула я ў гумно,
Дзюбачкай шчоўк-шчоўк.
Як у вырай адлятала,
Шмат дабра вам пакідала,
Не ўзяла ні жменькі.
Прыляцела, паглядзела -
Няма нічагенькі:
Усё чыста пералушчылі,
Перацёрлі, ператрушчылі.
Што нажалі, накасілі -
Без мяне памалацілі.
Ці-лі, ці-лі,
Ці-лі...»
Прыцемак спусціўся
На траву, на краскі,
Так я захапіўся
Сваёй байкай-казкай.
Чараду прыгналі з пашы,
За вячэру селі нашы,
У паветры стала золка,
Выйшла першая зара,
І крычыць мне перапёлка:
- Спаць пара! Спаць пара!
Каб у тайне ўсё было,
Што пішу я ў сшытку,
Пакладу яго ў дупло -
Папрабуй знайдзі-тка.
І вас таксама я прашу,
Сябры, - ні слова, ні гу-гу,
Пакуль што памаўчыце,
Якую казку я пішу,
Я толькі вам сказаць магу
І перапёлцы ў жыце.
Сакрэт я вам даверу,
Вы толькі дайце слова,
Я прынясу паперы
І новы свой аловак
І заўтра зноў уранку
Прадоўжу пра буслянку,
А то і маці мне з двара
Гукае ўжо, што спаць пара.
Ледзь я прычакаў світанку,
Каб пад вяз пабегчы зранку,
Праварочаўся ўсю ноч,
Не прыплюшчыў нават воч -
Не давала мне спакою
Ўсё гняздо буслова тое,
Што далей пісаць мне ў казцы,
У яе наступнай частцы.
Калі ўзяўся, брат, за гуж,
Дык не жалься, што не дуж.
Калі даў сваё ты слова
Апісаць жыццё буслова,
Дык выконвай абяцанне...
Я падняўся на світанні
І - бягом на ўскрай сяла,
Потым трохі ўзяў налева,
Да знаёмага вам дрэва,
І адразу ж да дупла.
Сунуў я руку ў дупло -
І аж мову адняло,
Стаў нямілы белы свет:
Хто... Хто выкраў мой сакрэт?
Можа, сто разоў адразу
Абабег вакол я вязу,
Кожную агледзеў жылку
Пад карой і на кары,
Кожную абмацаў шчылку
На бусліным тым двары -
Хочаш вер ты ці не вер,
А няма маіх папер.
Знік пачатак маёй казкі.
А з чые нядобрай ласкі?
Мне сняданне не ў сняданне,
І абед мне не ў абед.
Кіну ўсё - усё дазвання,
Буду дзень шукаць і месяц,
Буду год, а то і дзесяць,
А знайду я казкі след.
Сцежкі выбраць мне якія,
Пошукі з чаго пачаць?
Месцы знаю я глухія,
Дзе лясы, дзе сенажаць,
Дзе дрыгва і дзе імшары,
Дзе глыбокія выгары.
І туды я нават траплю,
Дзе жыве старая чапля.
Выйду на рачную мель,
Дзе гуляе журавель.
Мне туды якраз з рукі,
Дзе начуюць два ваўкі.
Добра знаю я дарогу
У мядзведжую бярлогу.
Знаю горы я кратовыя,
Знаю норы я лісовыя...
Толькі вось з чаго пачаць?
А мо лепей легчы спаць,
Сіл набрацца, падрасці
І тады ўсё абысці?
Не, вы лепш і не кажыце,
Што слабы і што малы я
І спужаюся нібыта
Я ваўка, што ўночы вые.
Не ўздыхайце, не тужыце,
Як на сумных тых памінках...
Я дубовага ўзяў кія
І пайшоў сваёй сцяжынкай.
А куды пайшоў?
У жыта.
Хай сабе не блізкі свет,
Хай у ногі колка.
Знаю, хто адкрыў сакрэт,
Знаю -
Перапёлка.
Гэта ўчора ўсё яна
Ад цямна і да відна,
На хвілінку б сціхла хоць,
Звала ўсё: «Ідзі палоць!»
А ля самага двара
Ўсё крычала: «Спаць пара!»
Сама ж не палола,
Ножак не калола,
Усю ноч не спала
І мне не давала.
Лёгка мне знайсці яе,
Бо гнязда ж яна не ўе
Ні ў дупле і ні ў галлі -
Зробіць ямачку ў зямлі,
Высцеле травою -
Вось і ўсе пакоі.
Да зямлі ўсё туліцца,
Дзюбай жыта чэша,
А лятаць лянуецца,
Болей ходзіць пеша.
Я ўсё жыта абышоў
І гарахавішча,
Так яе і не знайшоў -
Не відно і не чутно,
Не пяе, не свішча.
Спіць яна цалюткі дзень,
А як ляжа ночы цень,
Выйдзе першая зара,
Закрычыць тады яна:
- Спаць пара! Спаць пара!
А сама не спіць адна
Аж да самага цямна.
Падаюся ў бок другі,
Праз папар, праз мурагі,
На прырэчныя лугі.
Раптам нізка нада мной,
Па-над самай галавой:
- Чый ты, чый? Кі-гі, кі-гі!
- Я-то свой, а ты чыя,
Кнігаўка самотная,
Птушка пералётная?
Калі зробіш ласку,
Знойдзеш маю казку -
Буду век удзячны я.
- Чый ты, чый? Адкуль такі?
Дзе жыву я - не скажу
І гнязда не пакажу...
І вядзе ўсё ад ракі,
Ад высокай асакі
І крылом над вухам: ж-жу!
А ля самае дарогі
Кідаецца мне пад ногі,
Скокам-бокам адпаўзае,
Ну, здаецца, памірае,
Папрабуй жа дагані -
Не дагоніш на кані.
Мне гняздо тваё не трэба,
Ні твае малыя дзеці.
Лётай з ранку і да ранку
Пад высокім добрым небам,
Пацяшай людзей на свеце,
Ашуканка, ашуканка...
Каля лесу недалёка
Скача з куста ў куст сарока,
На мяне ўсё паглядае
І трашчыць як завадная:
- За папер-ку
Дай цукер-ку...
- Што? Дык казку ты украла
І ў гняздзе сваім схавала,
Нарабіла шуму-крыку,
А цяпер табе дай выкуп?
Не, зладзейка-дабрадзейка,
Зараз я зраблю праверку
І такую дам цукерку -
Растрасу тваю сямейку!
Мне адказвае сарока:
- Да гнязда майго высока.
Праўда, што люблю я красці,
Але ж рэчы дарагія -
Срэбраныя, залатыя,
Лыжкі, гузікі, пярсцёнкі,
Што здалёку ўсім відны,
Густ на іх у мяне тонкі.
А якое з казкі шчасце?
Ёй няма ў мяне цаны...
Я падумаў: за прызнанне
Памяншаюць пакаранне.
У гняздо я не палез,
А далей падаўся ў лес.
- Цвінь-цвень! Пінь-пень!
Добры дзень! Добры дзень!
Хто гэта мяне вітае -
Ці шчыгол, ці слаўка гэта?
Не, вось блізка падлятае,
На сасновы сук садзіцца.
Углядаюся ў прыкметы,
Трэба ж так мне памыліцца -
Не пазнаў сваёй сініцы.
У мяне яна ўсю зіму
Зімавала ў цёплай хаце,
І аўса, можа, асміну
Аддала ёй мая маці.
Так яе мы ўсе любілі,
Так кармілі, так паілі.
Быць не можа, каб за ласку
Яна ўкрала маю казку.
- Цвінь-цвень! Пінь-пень!
Добры дзень! Добры дзень!
- Добры дзень, мая сініца,
Як я мог так памыліцца?
Пэўна, вы вясною чулі,
Як на дрэве, на суку
Кліча на ўвесь лес зязюля:
- Ку-ку! Ку-ку!
Я ў зязюлі запытаю,
Можа быць, яна што знае,
Куды знік з дупла мой сшытак.
- Родненькая, адкажы ты.
Калі што табе вядома,
Ты адкрый мне тайну тую -
Я ўжо цэлы дзень як з дому,
Пад сабой зямлі не чую,
Я ўжо з голаду канаю,
Ледзьве ногі валаку.
А зязюля мне: - Не знаю.
Ку-ку!
Крыллямі залапацела
І ў асіннік паляцела.
Тут я ўспомніў: гэта ж птушка,
Што малых не любіць гушкаць,
Ні спяваць ім калыханкі
І ні ў ладкі з імі пляскаць,
Ні вадзіць на пагулянкі,
Ні расказваць байкі-казкі,
Бо яе малыя дзеці
Раскіданы па ўсім свеце.
Іх чужыя кормяць маткі,
Даглядаюць і гадуюць,
А зязюля і палаткі
Ім на лета не будуе.
Так яна свой век вякуе -
Ні двара і ні кала,
Век сваё «ку-ку» кукуе -
Рада, што дзяцей збыла.
У зацішку вербалозаў ніцых,
Дзе лясная сочыцца крыніца,
Я вады халоднае напіўся,
Стала на душы мне весялей.
Срэбранаю пацеркай на нітцы
Затрымцеў і песняю разліўся
У альховым кусце салавей.
Дасціпны, увішны,
Слаўны ён спявак -
Светлая манішка,
Поверх - доўгі фрак.
Пэўна, што заслужаны,
Хоць на выгляд шэры ён,
А голас не застуджаны,
І сам без фанабэрыі.
Браў свабодна трэлі,
І нізы, і высі ён,
І скроні не макрэлі,
Не цёр хусцінкай лысіны.
Спяваў і па-французску,
Спяваў другімі мовамі,
А больш - па-беларуску,
Але сваімі словамі:
- Як у лядзе-лядзе
Пастух сала пёк-пёк,
Як прысядзе-сядзе
На пянёк-пянёк-пянёк,
Як пакр-руціць ён ражэньчык, -
Ах, каб цябе, каб...
Сквар-ка: тр-р, кап-кап...
І няма: ўсё з'еў агеньчык...
- Салавей, мой любы браце,
Я хачу ў цябе спытаці:
Можа, чуў ты, хто між вас тут
Пераказваў маю казку?
А салоўка мне ў адказ:
- Гэта не цікавіць нас.
Што твая мне казка тая,
Я ж яе не заспяваю.
У мяне свае турботы -
Салаўю патрэбны ноты.
Лёг на травы доўгі цень,
Росны і халодны,
Прабадзяўся я ўвесь дзень
Стомлены, галодны.
А не піўшы і не еўшы -
Хто расказваць будзе вершы?
Добра, што мая сініца
Завяла мяне ў суніцы,
А спагадлівая пліска
Паказала шчаўе блізка.
Пражывіў я трохі душу
І ні з чым дадому рушу.
Адчыняю дзверы ў хаце
І спыняюся ў парозе.
Рукі ў смутку ломіць маці,
У адчаі і трывозе:
- Ой, мой сынку, мой сыночак,
Дзе ж ты знік, мой галубочак?
Выплакала я ўсе слёзы,
Вытаптала я ўсе лозы,
Вытаміла свае ногі,
Выглядзела ўсе дарогі
І ля лесу, і ля лугу,
Ля сасонак і асінак -
Дзе ж блудзіў ты, валацуга,
Што абдзёрся ўвесь і вымак?
- Не плач, мама, - я даў слова
Апісаць жыццё буслова
І цяпер па абавязку
Пра яго складаю казку,
Толькі вось сакрэт адкрыты -
Нехта ўкраў з дупла мой сшытак.
Выхадзіў я лес і поле,
Апытаў каго дзе мог,
А куды пайсці мне болей,
Я і так ужо знямог,
Абышоў, напэўна, свет -
Не напаў нідзе на след.
- Сынку, шмат дарог на свеце,
Знойдзеш ты спагаду, ласку.
Хто яшчэ знаў аб сакрэце,
Што пачаў складаць ты казку?
- Хто яшчэ знаў аб сакрэце?
Мама, зналі яшчэ дзеці.
- Пэўна, дзеці і забралі,
Прачыталі і парвалі.
Праўду, праўду кажа маці -
Любіце вы кніжкі рваці.
Калі ж казку вы забралі,
Прачыталі, не парвалі,
Дык прашу вас - і не рвіце,
Мне хутчэй яе вярніце.
Зноў прыходжу я пад вяз,
Над пустым стаю дуплом
І якраз у гэты час
Сустракаюся з буслом.
Ён ступае гэтак важна,
На мяне глядзіць уважна,
Асцярожна падыходзіць
І гаворку так заводзіць:
- Ты чаго такі пануры,
У самотнасці і скрусе,
Як пасля якіх хаўтураў? -
Так пытае ў мяне бусел.
- Ой, таварыш дзядзька бусел,
Другі дзень я ўжо снуюся
І, як рыба аб лёд, б'юся:
У мяне такое гора -
Сшытак мой укралі ўчора.
Апісаць я быў павінны
Свет птушыны, свет раслінны
І наогул белы свет -
Наскладаць хацеў я казак,
Як падняць - вялікі вязак,
Бо на тое ж я - паэт.
Усміхнуўся стары бусел:
- Дай я толькі разбяруся.
Напісаць ты казку марыш?
Што ж, пішы, калі паэт,
Але знай, я - не таварыш
І не дзядзька, я ўжо - дзед.
Я калісьці з тваім дзедам
У далёкай маладосці
Самым блізкім быў суседам
І яго найлепшым госцем.
На страсе старое хаты
У той час была буслянка,
З тваім дзедам я да ранку
Вёў гаворку, нібы з братам.
Ён - на прызбе, я - ў гняздзе
Кожнай ночы гаманілі,
Покуль возьмецца на дзень,
Ўсё махоркаю дымілі.
- Ой, са смеху я зайдуся -
Што ты кажаш, дзеду бусел!
Як жа ты ў сябе пад носам
Трымаў тую папяросу?
Узлаваў на мяне бусел:
- Разбярыся ж ты як след,
Горкі дым глытаць я мусіў,
А курыў, вядома, дзед.
Нельга ж нам, буслам, курыць -
Можна так гняздо спаліць.
Слухаць бусла то я слухаў,
Але ўсё ж часаў за вухам.
Хоць цікаўны быў без меры,
А ўсяму не мог даць веры:
- А як вы, дзеду, з той кватэры,
Што была на хаце ў нас,
Пераехалі на вяз?
- Вельмі проста, - сказаў бусел, -
У адзін пазвязваў вузел
Лыжкі, міскі і пасцель я -
Вось і ўсё тут наваселле.
Стала ўміг наўкола гола,
Як мы там і не былі...
- Ну, а кола? Як жа кола
Вы на дрэва паднялі?
Буслоў, пэўна, дваццаць пяць
Трэба, каб яго падняць?
Стары бусел тут са смеху
Як стаяў, так і паехаў:
- Трэба ж вымудрыць такое,
Проста мне бяда з табою.
А яшчэ ж узяўся людзям
Ты расказваць пра нас,
Гэта ж сорам табе будзе,
Як дазнаюцца падчас,
Прачытаюць дзеці ўслых,
Што нібыта мы, буслы,
На вяршыну дрэва цугам
Цягнем кола саматугам.
Дзякуй, што павесяліў,
Але ж ты перасаліў.
Не прыйшлося таго кола
Нам цягнуць на стары вяз -
Гэта ўсё зрабіў за нас
Мой дружбак, твой дзед Мікола.
А цяпер і ты смяешся,
Я ж ні кроплі не схлусіў,
Як жа, хлопча, ты завешся?
І я вымавіў: - Васіль.
- Ну, дык вось што, брат Васіль,
Набярыся моцы, сіл
І прыходзь да нас пад вечар
На сяброўскую сустрэчу.
Пазнаёмішся з бусліхай,
Паглядзіш на буслянят,
Пасядзім парою ціхай,
Буду вельмі табе рад.
Дапаможам твайму гору,
Аб усім там пагаворым.
Сам убачыш, адным словам,
Ты жыццё наша, буслова, -
Афармляй камандзіроўку.
Захапі з сабой вяроўку.
Прывяжу я на вяршыне
І спушчу табе канец -
І тады, як на машыне,
Знізу ўверх ляці, хлапец!
Я падзякаваў старому
За разумную параду
І пабег хутчэй дадому
На сямейную нараду.
- Мама, мамачка, - прашу я, -
Дай мне чыстую кашулю.
Прыбяруся і памчуся -
Запрашае мяне бусел.
У гняздзе я сам павінны
Побыт вывучыць птушыны
І пачаць спачатку казку
Пра бусла, пра яго ласку.
Стары бусел - малайчына,
Кемлівая галава!
Я вазьму з сабой ляйчыну,
Ён прычэпіць за вяршыну,
І я - ж-жах, як на машыне,
Да буслоў па той вяроўцы.
Там прабуду тыдні два,
На гняздзе ў камандзіроўцы.
Я пісаць пра ўсё не стану -
Адбылося ўсё па плану.
Браўся ўжо на захад дзень,
Як з'явіўся я ў гняздзе.
Першы раз я ўбачыў свет -
І далёка, і шырока,
Пэўна, ні адзін паэт
Не ўздымаўся так высока.
Сеў з бусліхай і буслом
Я за круглым іх сталом.
Пачалі яны падрад
Мне паказваць буслянят.
Кожнае з іх уставала
І на ножках прысядала.
Вось што значыць - выхаванне
І старэйшых шанаванне.
Кожнае запомніў я,
Яго выгляд і імя.
Слаўныя былі ў іх дочкі:
Сакатуха і Ласуха,
І пацешныя сыночкі:
Даўгахвосты і Бязвухі.
Перад тым як за стол сесці,
Кожнае памыла лапкі,
Ну, а потым сталі есці
Хто смятану, хто аладкі.
Праўда, там былі другія
На стале яшчэ прысмакі:
Рыба, яшчаркі жывыя,
І гадзюкі, і вужакі.
Чаго хочаш у той місе -
Еш, брат, хоць расперажыся!
Добра, што якраз, на шчасце,
Калі маці выпраўляла,
Не забылася пакласці
Мне ў дарогу хлеба, сала
І абручык каўбасы,
Нават памідораў ранніх -
Мог я доўгія часы
Быць на ўласным утрыманні.
А ўсё ж, будучы на чэсці,
Каб не крыўдзіць дом гасцінны,
Пару рыбак мусіў з'есці
І падзякваў гаспадыні.
І, як звычаем прынята,
Калі госць што-небудзь дорыць,
Я малым даў буслянятам
Кожнаму па памідору.
І было ж, было там смеху,
Як яны з імі гулялі,
Дзюбамі ўсім на пацеху
Замест мячыкаў качалі.
Як малых паклалі спаці
І заціхла ўся буслянка,
Доўга ім спявала маці
Сваю песню-калыханку:
- Спіце, дзеткі, лю-лі, лю-лі,
Вераб'і даўно паснулі.
Ад іх шуму дзень у дзень
Галава ажно гудзе.
Колькі бацьку я прасіла:
Тут твая улада, сіла -
Выкінь ты з гнязда іх транты,
Нам не трэба кватаранты.
Нанасі ты з лесу вецця
І залатай плот дзіравы,
А то вельмі ж нашы дзеці
Любяць смелыя забавы.
Проста і не зводзь з іх вока -
Забываюць, што высока,
Могуць скінуцца дадолу.
Трэба дом зрабіць нам шырай
І, як скончаць дзеці школу,
Рыхтавацца ўсім у вырай,
Каб тут мерзнуць не прыйшлося,
Як надыдзе тая восень.
Стануць мае дзіцяняткі,
Стануць мае бусляняткі
Хутка на даўгія ногі,
Каб шукаць свае дарогі.
Цераз моры, цераз рэкі,
Цераз горы і даліны
Шлях пракладзены спрадвеку,
Доўгі, цяжкі шлях бусліны.
Дзе цячэ блакітны Ніл
У спякотлівым Егіпце,
Нас глытае кракадзіл,
Тыгр хапае ў свае кіпці.
Гіне шмат буслоў на свеце,
Але мы і нашы дзеці
Вернемся ў сваю хаціну,
Прыляцім зноў на радзіму...
Моцна спалі бусляняты
У цяпле бацькоўскай хаты.
Веяў з цёмнае дубровы
Лёгкі ветрык вечаровы
І спакойны сон бусліны
Калыхаў на верхавіне.
Добра мне адсюль відно,
Што ўжо свеціцца акно
У маёй далёкай хаце,
І чутно - гукае маці:
- Дзе ты дзеўся, сынку, дзе?
- Мама, я сяджу ў гняздзе.
Я твой голас добра чую,
Але тут пераначую,
Бо мой шлях далекаваты
І занадта сукаваты.
Ты, мамуся, не турбуйся,
Мне пасцель рыхтуе бусел.
Запаліла ноч ліхтар
І павесіла на вязе,
Ззяе лесвіца да хмар -
І туды б, здаецца, злазіў.
І такая відната,
Хоць сабе рыхтуй урокі,
І такая ціхата -
Увесь свет чуцён далёкі.
Быццам тонкая струна
Загула ў мяне над вухам.
Аж да самага відна
Я старога бусла слухаў:
«Шмат прыйшлося мне спазнаці,
Але крыўды я не ведаў.
Перабыў аднойчы ў хаце
Я ўсю зіму ў твайго дзеда.
Яшчэ ў пер'е не ўвабраўся,
Нахапілася ўжо восень,
Захварэў я і застаўся.
Вылецець не давялося.
І якраз, нібы на грэх,
Выпаў вельмі ранні снег.
Замяло лугі, дарогі,
Скачанелі ў мяне ногі,
Ледзь даклыпаў да сядзібы
І, не знаючы, што будзе,
Бразнуў дзюбаю у шыбу:
- Выратуйце мяне, людзі!
Пляснуў у далоні дзед:
- Беднае маё дзіцятка!
Маці, даставай абед -
Гэта ж наша буслянятка.
Угарнулі кажухом,
І на печ мяне ўссадзілі,
І гарачым малаком
З лыжачкі малой паілі.
Ўратавалі змоладу
З холаду і голаду.
Ну, а цёплаю вясной
Зноў сустрэўся я з сям'ёй,
Але покуль жывы буду,
Я той ласкі не забуду».
- Дзеду бусел, - спытаў я, -
А чаму ваша сям'я
Перабралася на вяз?
І пачуў такі адказ:
- А прычына, брат, адна,
Што на дрэве навасельцы мы, -
Тут у нас прайшла вайна,
Сталі ўсе мы пагарэльцамі.
Покуль людзі будаваліся,
Покуль з гора выбіваліся,
Дзед Мікола
Знайшоў кола,
Сам аблюбаваў для нас
Вяз.
Пасля я ўжо стаў без ляйчыны
Узлазіць на тую вяршыну.
Ў гняздзе сустракалі бусліным
Мяне быццам роднага сына.
Там шмат я цікавага ўбачыў
На даўнім драўляным тым коле,
З малымі бусламі задачы
Рашаў у буслінай я школе.
Калі ж маладыя пілоты
Здавалі экзамен па лёту, -
Было там і гора і смеху
Старым і малым на пацеху.
- Я першы, - сказаў Даўгахвосты, -
Лячу, бо ўжо выраслі крылы!
І скочыў з гнязда, як з памоста,
З усёй заліхвацкае сілы.
Дзівіліся бусел з бусліхай:
- Ну, гэты сам выб'ецца ў людзі!
- Такі не спужаецца ліха!
- Адважным ён лётчыкам будзе!
А сын, даляцеўшы да самае высі,
З-пад хмары нырца даў і сеў на пагорку.
Было аднадушным рашэнне камісіі:
- За храбрасць паставіць... чацвёрку!
Другім стартаваў у паветра Бязвухі.
Ён добра абдумаў усе свае рухі.
Агледзеў, праверыў ён кожнае пёрка,
А потым узняўся над полем, над лугам,
Па небе выводзіць стаў роўныя дугі.
І яму па лятанню,
Як па чыстапісанню,
Пастаўлена цвёрдая ў дзённік пяцёрка.
А за сынамі Даўгахвостым, Бязвухім
Чарга падышла да дачкі - Сакатухі.
Ну і смеху ж было,
Што гняздо ўсё гуло,
Я за бокі узяўся
І аж покатам клаўся.
Сакатуха, Сакатушка -
Баязлівая ж ты птушка.
Высунула з гнязда дзюбу:
- Нізашто лятаць не буду!
А як глянула за край:
- Ай, трымайце мяне, ай!
Крыллямі залапатала
І траха з гнязда не ўпала:
- Ой, звалюся!
Ой, заб'юся!
Хутчэй дайце парашут,
Бо канец мне будзе тут!
Угаворвала бусліха
І па-добраму, паціху,
І прасіла просьбаю,
І гразіла грозьбаю,
Абяцала рыбы мерку
І наверх яшчэ цукерку,
Перабрала ўсе прысмакі,
А карысці - аніякай.
Узлаваў тады стары
І сапхнуў дачку з гары.
Як дала ж яна са страху
Крыллямі такога маху,
Што ўсю вёску абляцела
І на нашай хаце села.
Потым на балоце, у лазе,
Церпяліва выстаяла стойку
Мо з гадзіну на адной назе -
Нацягнула ўсё ж такі на тройку.
А Ласуха за ласунак
Лётала б бясконца.
Толькі дайце пачастунак -
Паляціць да сонца.
І ёй так сказала маці:
- Мілая дачушка,
Вырасла ўжо з птушаняці
Ты вялікай птушкай.
Калі ж будзеш за лятанне
Ты прасіць аплаты,
Можаш сабе да змяркання
Не вылазіць з хаты.
Як галоднай пасядзіш -
І без цукеркі паляціш.
Здаў і я экзамен у той школе -
Не баяўся вышыні ніколі.
На цямочку, цёплым раннем,
Пайшлі буслы на паляванне.
Паперадзе дыбаў сам бусел,
Вёў буслянят ён на экскурсію.
Ішла за ім уся сям'я,
А ззаду назіркам - і я.
Сыны і дочкі на балота
Прыйшлі ў чырвоных новых ботах
І кожны з дзюбаю вялікай -
Такою вострай, быццам піка,
І толькі я між іх быў босы,
Не меў буслінага я носа,
Таму з сабой узяў я вуду -
Лавіць я рыбу вудай буду.
Закінуўшы ў ваду кручок,
Я сеў ля рэчкі на пянёк,
Сядзеў-сядзеў, можа, з гадзіну,
Рука знямела ад вудзільна,
А на кручок, на чарвяка
Мне не трапляла і малька.
Тады сваю я вуду кінуў
І сам падаўся ў гурт бусліны.
У іх ішла спарней работа,
Аж і мяне ўзяла ахвота.
Сам бусел кіраваў рыбалкай:
Ён тоўстай дзюбаю, як палкай,
Муціў ваду пад берагамі,
Таптаў цыбатымі нагамі,
Пакуль праз вадзяныя шыбы
Святла не бачылі ўжо рыбы,
Не ведалі, куды ім плыць, -
Тады ён браўся іх лавіць.
Хапаў ён рыб
За чорны хіб,
Кідаў на бераг раз-паразу,
Лавілі дзеці іх адразу,
Пасля да бацькі ў рэчку лезлі,
З вады цягалі рыбу самі
І грукалі па дне насамі -
Іх носікі ў вадзе не мерзлі!
Не шанцавала толькі мне,
Хоць бы ляжаў адзін на дне
Ў вядры маім які шчупак,
Дурны карась ці нават рак -
Дзеля прыклёпу, проста так,
Бо я ж хваліўся, што рыбак.
Я ўжо не ведаў, куды дзецца,
Схаваў ля берага вядзерца,
Падаўся на сухі грудок,
Лёг пад вярбою у цянёк.
Спачну тут, думаў, у цішы.
Аж раптам куст як зашуршыць,
І нечакана паўз мяне,
Паўз вуха штось як шугане,
А потым - цішыня, ні гуку.
Я глянуў і знямеў: гадзюка!
Яна праз лісце і траву
Як высунула галаву,
Так і застыла нада мной.
Я закрычаў:
- Ра-атуйце!
О-о-й!
Напэўна б, я там і загінуў,
Ды бусел у бядзе не кінуў -
Адразу голас мой пачуў,
Шырока крыллямі ўзмахнуў
І апусціўся над вярбой,
Прыціснуў гадзіну нагой
І піку вострую звысоку
Уткнуў у самае ёй вока.
Тут прыляцелі бусляняты
І ўвесь абшарылі грудок.
Было спажывы ім багата -
Гадзюк знайшлі цэлы клубок.
Як адлягло ад страху сэрца,
Я ўспомніў пра сваё вядзерца.
І толькі падышоў пад бераг,
Дык і вачам не мог даць веры:
Было паўнюткім да краёў
Вядро ўюноў, язёў, лінёў.
- Адкуль жа гэта? - я здзівіўся.
- Пайшлі дамоў, - сказаў мне бусел.
Мы сёння шмат іх налавілі
І пра цябе, брат, не забылі.
Не ўсё абышлося пасля палявання
Шчасліва, як думаў у тое я ранне.
Назаўтра
Трывожны быў дзень
У гняздзе.
Яшчэ апаўночы пачуліся ўздыхі,
Прыйшло да буслоў нечаканае ліха:
Знянацку
Дачушка
Ласушка
Схапілася лапкай
За правае вушка:
- Ой, мамачка, коле, так коле -
Зайдуся, памру я ад болю.
Усё спрабавала
Бусліха:
І клала
На вушка
Падушку,
І брала
На рукі пагушкаць,
Спявала
Ёй песні паціху -
Стогне і енчыць Ласушка,
Слязамі сыходзіць дачушка.
І ледзь толькі золак заняўся -
Раіцца стала сям'я ўся.
І я тут з'явіўся, як ведала сэрца,
Што сябрына у бядзе-паняверцы.
Гасцінцаў наклалі мы ў торбу
Аж з коптарам,
І сыны паляцелі па доктара.
І той адразу ж, з паўслова,
Скеміў няшчасце буслова.
Вось што значыць
Спецыяліст!
А нядаўна ж быў проста
Тэлеграфіст!
Нічога не ўзяў доктар дзяцел,
Нават сушанай рыбы вязку:
- Драць я з хворых не здацен,
Я адразу ж лячу
І лячу
Па свайму абавязку.
На тым часе да нас
І з'явіўся ён на вяз,
Ўвесь як на партрэце:
Ў чырвоным берэце,
Ў зялёным халаце -
На пуху, на ваце,
З доктарскай трубкай -
Чорнаю дзюбкай.
Пад крылом адразу знік
У Ласушкі градуснік -
Перад тым як даць мікстуру,
Трэба зняць тэмпературу.
Ён абмацаў ёй жывоцік,
Злазіў лыжачкай у роцік
І сказаў: гэк-гэк, кіп-кіп...
І мы падумалі, што грып.
Ведаў клёкат ён бусліны
І сказаў усім адкрыта:
- Не, няма ў яе ангіны
І няма прыкметы грыпа.
Мы ўсе ў трывожным хваляванні
На дзятла вочы паднялі.
- А вы былі на паляванні?
- Былі.
Яна укушана гадзюкай -
Так мне падказвае навука.
- Ай-ай! - прамовіла паціху
І ледзь не ўпала тут бусліха. -
Адкуль на нас такое ліха?
Ой, доктар, я са страху млею -
Ці ёсць якая хоць надзея?
Дзяцел усміхнуўся
І сказаў услых:
- Не ўміраюць ад гадзюк буслы.
Засаб можна глытаць іх па сто штук -
Так гаворыць мудрасць ўсіх навук.
Якая радасць там была
Для ўсяе сям'і бусла!
Не зналі мы, што гаварыць,
Куды нам дзятла пасадзіць,
Якою ласкай прывячаць,
Як дзякаваць, як частаваць.
А Ласушка, з'еўшы рыбы вязку,
Стала, як назола, прыставаці:
- Раскажыце, доктар, казку,
Раскажыце, мілы дзяцел.
Многа вы лятаеце,
Многа казак знаеце.
- Так, лятаю
Многа я па свеце,
Добра знаю -
Любяць казкі дзеці.
Добра знаю, ну але
І казку маю пра запас.
Я знайшоў яе ў дупле,
Тут вось блізка каля вас.
А стары мне бусел кажа:
- Гэта, брат, твая прапажа.
Як падскочу я ў гняздзе:
- Дзе ж яна? Скажыце дзе?
Дзяцел проста аж здзівіўся:
- Ты чаго так усхапіўся?
Мне ж прызнацца нават брыдка,
Быў я рад, што згінуў след,
Бо пісаў у тым я сшытку,
Выхваляўся, што паэт...
А тым часам добры дзяцел
І дамоў паспеў злятаці.
Падае мне маю казку:
- Вось вазьмі, брат, калі ласка.
Доўга мы слібізавалі -
І суседзі ўсе,
І самі -
Сэнс глыбокі ў ёй шукалі
І дайшлі аж да паловы...
Ты даруй нам, што насамі
Выдзеўблі твае ўсе словы,
Што пасля з тваёй паперы
Змайстраваў сабе я дзверы,
Каб не дзьмуў у хату вецер,
Як былі малыя дзеці,
Потым здаць хацеў на ўціль...
- Ой, Васіль, ой, Васіль!
Заскакалі бусляняты. -
Мы не пусцім цябе з хаты,
Пакуль нам не прачытаеш
Казку, што ад нас хаваеш!
Разгарнуў я сшытак свой -
Не панік, не ўныў душой,
Хоць і праўда, што ад казкі
Ані знаку,
Ні завязкі, -
Нездарма я ўсё ж хадзіў
Па вясёлым свеце,
Наглядзеўся розных дзіў,
Так патрэбных дзецям,
І цяпер зноў па парадку
Ўсё магу пачаць спачатку.
У мяне даволі слоў,
І, калі хто хоча,
Баяць казку я гатоў
Аж да самай ночы.
1957