epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Вітка

Дударык

 

Сеў у полі на каменьчыку,

Узяў дудку на раменьчыку.

 

Ду-ду-ду - дуда гудзе,

Полем водгалас ідзе.

 

Надакучыла іграць,

Каля дуба лёг паспаць.

 

Вісіць дудка на суку,

Спіць дударык на баку.

 

Павярнуўся дагары

І так моцна ён захроп -

 

Скалануўся дуб стары,

Дудка - бух у самы лоб.

 

Тут яму і сон не ў сон,

На ілбе гудзе ўжо гуз.

 

Не сабраў і трэсак ён,

Бо ад дудкі - толькі друз.

 

Падняў хлопец паясок,

Пайшоў з плачам у лясок:

 

- Куды дзецца мне цяпер?

Цікаваць буду цяцер.

 

Спадцішка пад куст падпоўз

І цяцёрку - хоп за хвост.

 

З пёрка выразаў дуду:

- Ой, зайграю, загуду.

 

Што было, тое сплыло,

Пайду з дудкаю ў сяло.

 

Я пад першы парог,

А мне з хаты - пірог.

 

Я на дудцы: ту-гу-гу -

Ўсе нясуць па пірагу:

 

Мне і матка - пірог,

Мне і татка - пірог,

 

Мне і дзядзька - пірог,

Мне і цётка - пірог,

 

Мне - дзедка - пірог,

І суседка - пірог,

 

І браценік - пірог,

І пляменнік - пірог.

 

Назбіраў я пірагоў

Сорак восем карабоў.

 

Каб яшчэ адзін пірог,

Я зусім бы абнямог.

 

Перастань, дуда, дудзець!

Дзе мне пірагі падзець?

 

Сабралася ўся радня,

Памагчы ўсе рады мне.

 

Запрагаюць каня -

Ён і воза не скране.

 

Падагналі грузавік,

Для яго груз вялік.

 

Папрасілі самазвала,

Ў самазвала сілы мала.

 

Залучыў я камара,

Магутнага званара.

 

Той адразу ўзяў мой воз,

Пірагі мае павёз.

 

Ай камар-маладзец!

Тут і казцы канец.

 

1962

 


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая