epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Вітка

Казкі і краскі

 

З чаго пачынаецца сонечны дзень?

Вядома, што з новае казкі.

Зірніце, ледзь дакрануўся прамень

Лясной серабрыстае краскі -

 

Зазіхацелі кроплі агню,

Апошнія пацеркі ночы,

І праз настылую цішыню

Выбіўся кволы званочак.

 

Ашчадна жамчужную іскарку дня

Ландыш нясе у далонях.

Спіць яшчэ ўся палявая радня,

Накрыўшыся коўдрай зялёнай.

 

Першы прачнуўся Дзядоўнік стары,

Але не ўстаюць без прынукі

Дзеці, што любяць паспаць на зары,

І асабліва - унукі.

 

Цяжка, вядома, што ні кажы,

Бачыць старому без жалю,

Як тоненькі Дрыжнік спрасонку дрыжыць,

Як туліцца Піжма ў піжаму.

 

Даўно ўжо з далёкай дарогі прыйшлі

Зачараваныя Брат-і-Сястрыца

І ў захапленні глядзяць на палі,

На хвалі густое пшаніцы.

 

Маці-і-Мачыха над ракой

З дачкой абнялася няроднай.

Не знае, якой прытуліцца шчакой -

Цёплай ці халоднай.

 

Прачнуўся касматы, нячэсаны Сон,

Вылез з начное кашулі.

Сее зязюля на купіне Лён,

Гусі саджаюць Цыбулю.

 

У кожнага клопат пра свой агарод,

Кожны свае даглядае расліны:

Казёл з казою - Казлабарод,

Свіння - Свінакроп, журавель - Журавіны.

 

Век не было гультаёў у бары,

Ахвотнікаў на дармоўку.

На расцяробах самі зубры

Сеюць сваю Зуброўку.

 

Дружна ўзяліся расці Львіны зеў,

Конскае шчаўе, Каціная мята,

А Кураслеп адцвісці паспеў -

Будзе ўраджай багаты.

 

Будуць ад працы і плён, і спор,

Калі гаспадар харошы.

Не налюбуюцца мышы з нор

На сіні Мышыны гарошак.

 

Добра ўрадзіла з самай вясны

Сёлета ў зайца Капуста.

Рад, як ніхто, агароднік лясны -

Грады буяюць густа,

 

А качаны так і гоніць у рост,

Толькі сабраць бы удала...

Глянуў, а за кустом - Лісахвост!

Спалохаўся заяц - і драла.

 

Умее хавацца ў пушчы мядзведзь,

Пытай - не падкажуць і птушкі.

Не давядзецца самога сустрэць,

Зірні на Мядзведжыя вушкі.

 

У лапцях хадзілі калісьці ваўкі,

Зараз - у чаравіках,

Але застаўся ўспамін на вякі -

Барвовае Воўчае лыка.

 

Ёсць Воўчыя ягады і грыбы.

Іх людзі прыдумалі лоўка,

Абы каб самім іх не есці, абы,

Як кажуць, на воўка памоўка.

 

Аднак жа ад ядавітых траў

Трэба умець бараніцца.

А ты, каб убачыў, ты б іх пазнаў:

Вароняе вока, Куколь, Чамярыцу?

 

А ты на двары каля дому гатоў

Адрозніць ад красак увесну:

Блёкат, Цыкуту, Балігалоў,

Люцік, Паслён і Пярэсну?

 

А ці пазнаеш на пустках, ля ям,

Без імянных таблічак,

Як буйна бушуе пан Дурнап'ян,

А побач - паніч Дурнічнік?

 

Кветкі людскія імёны бяруць,

Ёсць Васількі, Маргарыткі.

Наша здароўе яны берагуць,

Нашы шануюць здабыткі.

 

Бывае, і паджартуюць парой

Над слабасцю чалавечай.

Зёлка па імені Зверабой

Нікога не б'е, не калечыць.

 

Прастудзішся - заварыць папрасі

Маліны, Дзіванны, Руты,

Усім прыбаўляе сіл Дзівасіл,

А Валяр'ян у нас доктар славуты...

 

Вірыць над Сланечнікам радасны рой,

Смокчуць салодкае сонейка пчолы,

І чмель з неразлучнай чырвонай трубой

Вандруе ў паход свой вясёлы.

 

Адзін авадзень ашалела гудзе

І вывіжоўвае вокам -

Якую хутчэй яму высачыць дзе

Ахвяру непадалёку.

 

Іван ды Мар'я аднойчы ўвесь дзень

Марна шукалі сыночка.

Бачылі, як ухапіў авадзень,

Хацеў ухапіць ён і дочку.

 

Анюта на тую хвіліну якраз

Зёлкі на поплаве рвала.

Ад крыўды зрабілася кветкаю ўраз,

Што брата не ўратавала.

 

І хоць яна голасу не падае

Ні ў лузе і ні ў лясочку,

Але хто ні гляне - убачыць яе,

Пазнае Анюціны вочкі.

 

У казках ігрушы растуць на вярбе,

Грамаце вучыць варона сароку.

Гавораць, знайшоўся адзін верабей,

Што возера выпіў у спёку.

 

Ад спёкі ў гаі дзяды-салаўі

Ратуюцца Іван-чаем.

Норма ў іх - самавар на дваіх,

Асушаць, другі закіпае.

 

Тым часам зямлю ўжо ахутвае змрок,

Клубіцца туман на балотах.

Пара маладым салаўям на урок -

Новыя песні развучваць па нотах.

 

Весела дзённая казка ідзе,

Бае, што бачыць і чуе,

І за сабою сябровак вядзе -

Вячэрнюю і начную.

 

Гэтак за днём і мінаецца дзень,

Ночкай змяняецца ночка.

Строга трымаецца ранні прамень

Малога свайго званочка.

 

Толькі кранецца раніцай ён

Лясной чарадзейнай краскі -

Звоніць сярэбраны тэлефон:

Слухайце, слухайце казкі!

 

1978

 


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая