За лагоднасць, за спагаду
У пашане ён.
Спаць залегчы быў бы рады,
Так гарнула ў сон -
Налучылася нагода,
Упрасіў народ:
- Трэба перад Новым годам
Нам правесці сход.
Слова мудрае нам скажаш,
Ну, а потым спі.
Да вясны сабе заляжаш,
Сёння - пацярпі:
Засталося ў лесе мала
Знаных пасялян.
Дарагі Міхал Міхалыч,
Ты ў нас - ветэран.
За турбацыю, за небыт
Ты ўжо, брат, даруй
І па форме ўсёй, як трэба,
Намі пакіруй.
Дзень апошні ў гэтым годзе
З намі памадзей,
Каб і ў нас было на сходзе
Так, як у людзей.
Чухае Мядзведзь за вухам,
Пачынае сход:
- От, скажу вам, заваруха,
Гэтулькі турбот,
А яшчэ і незадача,
Недаглядка вось -
Я сакратара не бачу...
Нехта крыкнуў: - Лось!
Лось стары сказаў: - Ласіха,
Ў нас яна адна.
Болей сарамлівай, ціхай
Над яе няма...
Тут Ліса Лася ўкалола:
- Гэта ж - сваяўство!
Я складу вам пратакола,
Скажаце ўсе - во!
Выскачыў Казёл, галёкнуў,
Стаўшы ў першы рад:
- У мяне непадалёку
Лепшы кандыдат,
А праўдзівей, кандыдатка,
Незвычайны дар.
А грызе, а піша гладка -
Во дзе сакратар!
А як знаецца на нотах,
Як яна пяе!
Кожны дзень добраахвотна
Слухаю яе.
Можа сам Мядзведзь засведчыць,
З ёй мы - не радня.
Далучы сваё славечка,
Браце-старшыня.
- Нежывога ты расчуліш,
Аж нагнаў слязу...
Ты каго нам прапануеш?
- Я ж сказаў - Казу.
- Падтрымаць Казу гатовы?
Можа, ёсць адвод?
Паспускаў уніз галовы
І ні слова - сход.
- Калі згодны - падымайце
Дружна капыты,
Капытоў не маеце,
Можна і хвасты.
Сціхніце, я сам маўчу,
Бачыце - лічу, лічу...
Усе аднагалосна - «за»,
Перамагла Каза!
І Каза з ухмылкай кволай
Свой займае стол,
Апусціўшы вочы долу,
Піша пратакол.
- Ну, а хто ж... - акінуў зборню
Вокам старшыня, -
Нам даложыць па ўсёй форме
Распарадак дня,
А ці ёсць у нас дакладчык,
Як вядзецца скрозь?
І гукнуў з трыбуны Зайчык:
- Я ўжо тут! Я - ёсць!
Выхапіў з-пад лапкі папкі,
Разгарнуў даклад.
Як рвануў - мільгаюць пяткі
На ўвесь кругагляд.
Гэтакі палёт фантазіі -
Рогам не дастаць,
Пагражае ў кожным сказе
Некага «таскаць».
Але стаў найболей храбры
І хвастом затрос,
Як хапіў за рогі кадры -
«Кадравы вапрос».
Разлажыў усіх на спісы
І пералічыў:
У адным асобна - пысы,
У другім - лычы.
Каму ў лес, каму - па дровы,
Угару, наніз...
Каб ты, зайчык, быў здаровы,
Каб ты, браце, скіс.
Доўга калупаў бы ў носе,
Каб не слухачы:
- Заяц, годзе, Заяц, досыць -
Сціхні, памаўчы!
І такі падняўся лямант
Аж з усіх радоў:
- Кончыўся даўно рэгламент,
Касавокі, до!
- Вы дакладчыка не лайце, -
Кажа старшыня, -
Просіць нас таварыш Зайцаў
Даць яшчэ паўдня.
А на сонца паглядзеўшы,
Так зазначыў сам:
- Не паспаўшы, не паеўшы,
Цяжка будзе нам.
Да таго ж і часу вобмаль,
Нават у абрэз.
...Заяц павярнуў аглоблі
І з трыбуны злез.
- Дык якія прапазіцыі
Мае хто дадаць?
Нехта крыкнуў: - Пагадзіцца!
Хтось сказаў: - Паспаць.
Старшыня паспаць бы рады,
Выткнуўся Янот:
- Не дазнаўся я з даклада -
Калі ж Новы год?
Старшыня скрывіўся: - Дзіўна,
Ты ж у лесе рос.
Роўна цераз паўгадзіны
Прыйдзе Дзед Мароз.
- Цераз колькі, цераз колькі?! -
Аж зароў Бабёр. -
Застанемся мы без ёлкі -
Я згубіў тапор...
Крот у лапы як заплешча:
- Чуеце? Ур-ра!
Можа, скончыцца нарэшце
Ўлада тапара!
Хіба вам глядзець не горка,
Як рыдае бор,
Калі цягнуць ёлку ў норку
Кожны ліс і тхор?
Дай абавязкова ёлку
Кожнай Мышцы, нават Воўку...
- Стойце, дайце мне славечка,
Дайце мне сказаць!
Ёлка - гэта не авечка,
Нават не каза.
Зразумеў даволі колкі
Тонкі ваш намёк,
Але ж я ніводнай ёлкі
З лесу не звалок,
На мяне дарма памоўка... -
Ён сказаў і змоўк.
І шкада ўсім стала Воўка -
Горка плакаў Воўк.
Ноч насоўвалася глуха,
Выплыў маладзік.
Чуйна натапырыў вуха,
Лыч наставіў Дзік.
- Я такой зімовай цішы
Ў лесе не люблю,
Ад марозу нават мышы
Лезуць у зямлю.
Спяць сабе або паціху
Лушчаць арахі...
Пачакайце, што за ліха,
Што там за «хі-хі»?
- Хі-хі, - сказала Мышка, -
І я прыйшла на сход.
Не сплю, чытаю кніжку
Якраз пра Новы год.
Вось дзе цуды і дзівосы,
Вось дзе весялосць:
Бураціна з доўгім носам
І Мядзведзь наш ёсць...
- Га, дык гэта ж... гэта ж - маскі! -
Выгукнуў Мядзведзь. -
З даўняй навагодняй казкі -
Нечага глядзець!
- Нечага? - сказала госця. -
Гэта вы - дарма. -
І паклала ў кнігу хвосцік: -
Дагляджу сама.
Але кожны лез да Мышкі:
- Мой!
- А мой партрэт?!
Мыш схавала кніжку нішкам.
- Што, сакрэт?
- Сакрэт.
Толькі ўсе сакрэты блізка,
Цуды, што ні крок...
- Дзе? - не вытрывала Ліска.
- Тут, непадалёк.
Не за борам, не за морам,
Побач акурат
Казачная ёсць кантора
«Маскі напракат».
І якую хто захоча -
Тую і бяры...
- А ці справімся да ночы?
Гэй! За мной, сябры!
Як сігане Лісіца,
За ёю следам - Зай.
Давай усе прасіцца,
Хоць сход ты закрывай.
Сказаў лагодны Міша
З дакорам: - Ну, народ!
Яшчэ ж і час не выйшаў,
А ўвесь разбегся сход.
Услед самотна глянуў,
Не цямячы, ў чым соль:
- Сабрацца на паляне
Роўна - у ноль-ноль!
Зірнуў на сакратарку
І так сказаў Казе:
- Пасада не па карку
І воз не па вазе.
Кіруюць хай другія,
Болей не магу -
Так мучыць настальгія
Па роднаму лагву.
Наверсе я прасіўся,
Не вызваляць - памру.
- Перадасі Ласісе?
- Сказалі, што Зубру.
Турбот залішне многа,
Не для мяне яны.
Кладуся ў лечбярлогу
Да будучай вясны.
А тым часам ля канторы
«Маскі напракат»
Не пазнаеш: хто - каторы,
Чысты маскарад!
З пашчы кракадзілавай
Выскаліўшы клык,
Зачараваны дзівамі,
Стаяў на ганку Дзік.
Кружылі ў пары згодна,
Нібы адна сям'я, -
Алень Высакародны
І Дзікая Свіння.
А што перад люстэркам -
Не павярнуць лыча!
Занятыя прымеркай,
Хто рохкаў, хто мычаў.
Пантофлі Бегемота
Казлу не па назе,
А вось Катовы боты
Былі якраз Казе.
Спакойная за ножкі,
Уміг яна знайшла
Імпартныя рожкі
Для свайго Казла.
Адкуль і спрыт,
І імпэт -
Ах, імпарт,
Імпарт,
Імпарт!..
Але найбольшы клопат
Быў з маскаю слана:
Адны цягнулі хобат,
Другія - ўсю спаўна.
Фарсіў не па сезону
Посвісцел-русак
Пры барадзе Бізона
І ў Тыгравых вусах.
А вожыкі заўзята
Прыкідвалі на трох
Даволі цяжкаваты
Насарогаў рог.
Па сціпласці пасаду
Аблюбаваў Хамяк
І адпаведна заду
Дабраў зуброў сваяк.
Адна старая Выдра
Прыбралася Куной.
І Воўк абнову выбраў,
Якой шукаў даўно.
Яна прыйшлася бліжай
Да душы Ваўку:
Берэт з чырвоным крыжам
І сумка на баку.
Шорты-безразмернікі
Ухапіў Барсук,
А Лісіца - пеўніка,
Перніка - Япрук.
Пасля Ліса шукала,
Перапарола склад:
- Ці ёсць партрэт Шакала?
Ён - мой замежны брат.
Дзе бачна і дзе відна,
Каб крыўдзілі сястру, -
Далі парык Яхідны
І торбу Кенгуру.
Важным элегантам
Пахаджаў Пацук
У бліскучай мантыі
Доктара навук.
Крот быў кандыдатам,
Але йшоў наніз,
Хоць капаў выдатна -
Вельмі слаба грыз.
Быў рады акулярам
Падслепаваты Крот...
- А вунь што за пачвара? -
Насцеражыўся сход. -
З хваста нібы Зубрыха,
З рагоў - Ласю раўня...
І раптам:
- Хопіць, ціха!
Я - ваш старшыня!
Я пакажу вам форму -
Забудзеце парток! -
Як грукнула платформай,
От гэта капыток!
Сам волат бурай масці
Стаяў - гарой гара:
Спадчынніца ў масцы
Была страшней Зубра.
Яшчэ адна падзея
Успалашыла сход.
- Мае калегі, дзе я? -
З нары спытаўся Крот. -
У Афрыцы ці ў Азіі, -
І атарапеў:
- Што гэта за аказія,
Адкуль узяўся Леў?
Зірніце, што за грыва,
А як хрыбціну гне!
Вунь лыпнуў вокам крыва -
Дальбог жа, на мяне.
- Разводзіш тары-бары! -
Сказаў Янот стары. -
Здымі лепш акуляры
Або чысцей пратры.
Тут дадала і Выдра,
Сказала: - Галава,
Слухаць мне абрыдла -
Ну, дзе ты бачыў Льва?
- Я маю дома кніжку,
Там ён - цот у цот!
- Схлусіў са страху лішку, -
Кальнуў Крата Янот.
- Ну і нагнаў ты жаху,
Дзе Леў? - спытаўся Дзік.
- Вунь, з папкаю пад пахай
Якраз на нас глядзіць.
Дзік галавой панік,
Прапала нават злосць:
Непадалёк на пні
Стаяў нязнаны госць.
Магутны, як у казцы,
Застылы на скаку.
- А можа, ён у масцы?
У львіным парыку?
Гадаць было запозна -
З нацятай цішыні
Пачуўся раптам грозны
Голас старшыні:
- Ты вельмі слаба петрыш,
Ты слаба сочыш, Дзік.
Да нас прыехаў з цэнтра,
З цырка прадстаўнік...
- Прабачце, недабачыў, -
Спалохаўся Япрук.
Не рохкае, а плача,
Выгнуўшыся ў крук:
- Яшчэ з часоў Мядзведзя
Такое - першыня,
Каб я ды не дагледзеў, -
Даруйце, старшыня...
Пагардліва зірнула
Зборня на Дзіка,
Але тут пачула
І прадстаўніка.
- Нармальна, мальна, мальна, -
Прамовіў ён і змоўк.
А Дзік пачуў: «Пахвальна» -
І падступіў на крок.
А потым бліжай, бліжай
Стаў рыць наўкола пня.
Замарачыўся рыжы -
Ледзь галаву падняў:
- Дазвольце - перарыю
Я ўсю перыферыю.
Я рыць - тварыць прывык, -
Зірніце на мой клык!
Хваліцца не хачу,
Што ўсё мне па лычу,
Але ж і мне, і Свінцы
Тут цесна ў правінцыі...
І Леў Дзіка вітае,
Ажно чуваць здаля,
Што цвёрда абяцае
Нават медаля.
- Цьфу, гэтак агінацца! -
Не вытрываў тут Воўк. -
Вы не пазналі Зайца? -
І - цап таго за бок. -
Ну, што - папаўся, шэры?
Кінь, болей не дуры...
Сцураўся Зай кар'еры
З той сумнае пары.
Ён знае абавязкі
І спраўна іх нясе,
Для лесу і для казкі
Працуе пакрысе.
Многа нарабілася
Падзей у тую ноч -
Траха не перабіліся
Усе, хто быў ахвоч.
Ледзь не дайшло да згубы -
Так енчыў бор густы:
Даліся ў знакі зубы,
А болей - капыты.
Хто ныў, хто выў, хто плакаў,
Было і смехаты -
Глядзелі разявакі
І рвалі жываты.
Хто ў куст зашыўся сціхам,
А хто ў нару запоўз.
І ледзьве старшыніха
Свой адшукала хвост.
А як далей там пойдзе,
Пасля такіх падзей?
Не так, як на тым сходзе,
А так, як у людзей.
Цяпер і ў лесе судзяць
Пасля прыгоды той:
Няхай заўсёды будзе
Кожны сам сабой.
1975