epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Вітка

ППШ

 

Я спытаўся ў малыша:

- Што такое - ППШ?

 

Доўга думаў малыш:

- Ну й загадку задалі ж...

 

Думаў дзень, думаў два -

Забалела галава.

 

Вас цяпер я папрашу:

Памажыце малышу.

 

Хто адразу адгадае,

Хай руку ён падымае

 

І гаворыць: - Я гатоў

Растлумачыць тайну слоў...

 

Нешта ж доўга я чакаю...

Што? І з вас ніхто не знае?

 

Рук паднятых я не бачу.

Сам тады вам растлумачу:

 

Першым П стаіць вышыннае

І чытаецца: ПТУШЫНАЯ,

 

П, што выгнута падковаю,

Азначае: ПАЧАТКОВАЯ,

Ну, а што такое Ш -

Ясна і для малыша.

 

Пойдзеш з намі ў ППШ,

Ўсё, што ўбачыш, апішы.

А то, можа, ты ляўша,

Дык дзяцей лепш не смяшы.

 

Навучыся правай перш,

Тады сілу папрабуй.

 

Хоч - пішы адразу верш.

Хоч - ракетаю кіруй.

 

- А хіба мы на ракеце?

Не, давайце пехатой.

Бачыце, як блізка свецяць

Літары на школе той,

На ўсю браму:

ППШ.

 

З-пад свайго капелюша

Пазірае на нас, дзеці,

Сам дырэктар, слаўны Пеця,

 

Пётр Пятровіч ён для вучняў,

Для мяне друг неразлучны.

 

- Здароў, Пеця-Певунец,

Бурштыновы грабянец!

 

Ты даруй, брат, што я мусіў

Да цябе прыйсці з экскурсіяй.

 

Можа, мы прыйшлі зарана,

Што яшчэ ў вас не прыбрана,

 

Не расстаўлены і парты

І не вывешаны карты?

 

- Ат, - махнуў крылом дырэктар, -

Так бывае ў нас нярэдка.

 

Празвінеў даўно званок,

Не прыйшоў ніхто на ўрок.

 

Я прачнуўся на зары,

Сабраў сшыткі, буквары,

 

Па надворку пахадзіў,

Потым вучняў пабудзіў,

 

Па чарзе пачаў пытаць:

- Як умееце чытаць?

 

І ніводзін мой сынок

Не знаў ўрока назубок.

 

Ні адной задачкі

Не рашылі качкі.

 

Дзюбаю вадзіла гусь

І па карце лазіла,

 

Ўсё шукала Беларусь

Ў Афрыцы і ў Азіі.

 

Так шукала ўпарта -

Выдзеўбла ўсю карту.

 

А дачушка курачка,

Як зляцела з седала,

 

Выбегла на вулачку:

- Я ж яшчэ не снедала.

 

А ў нас сёння бліны,

Тата, дай мне выхадны.

 

Тары-бары, растабары:

Ты купі мне акуляры,

 

А то я не бачу,

Як рашаць задачу.

 

- Ты, малая, не хітры,

Не гуляй у жмуркі.

 

Колькі будзе 2 + 3? -

Я спытаўся ў куркі.

 

Адказала курка: - 7.

Збегаю дамоў, пад'ем.

 

А пасля прыйду з дружком,

З выдатнікам індыком.

 

А выдатнік індык,

Ён старацца не прывык

Ні лічыць, ні пісаць

І не знае 5 + 5,

Толькі ўмее балбатаць:

 

«Блу-блу-блу,

Блу-блу-блу -

Вельмі ж я чытаць

Луб-лу».

 

Пяты год буквар дзяўбе,

А запомніў:

А і Б.

 

- Грамацей, грамацей,

Ты парадуй нас, гасцей.

 

Калі знаеш А і Б,

Дам загадку я табе:

 

Дзве сястрыцы А і Б

Добра гралі на трубе.

 

Памагчы заўсёды рад

Быў сястрыцам меншы брат.

 

Сам залез ён у трубу

І як крыкне: - Ту-бу-бу!

 

Чуюць сёстры - гук не той.

Ах ты, жэўжык, ну пастой!

 

А браток з трубы - скок, скок,

І няма - прапаў браток.

 

Папрабуй улаві

І самога назаві.

Назаві, назаві!

Хто адкажа, дзеці?..

- І!

 

А выдатнік індык

Сюды - пык, туды - мык:

- Брата іх не бачыў я.

Я не знаў яго імя,

Я не быў у трубе,

Знаю толькі А і Б.

 

Вось прывёў дырэктар нас

У свой самы лепшы клас.

 

- Гэта самы клас культурны.

Хто сягоння ў нас дзяжурны?

 

- Я, пляменнік ваш, Яўтух.

- А прозвішча?

- Пі-я-тух.

 

Чаму стол на адной ножцы?

І адкуль у вас на дошцы

Тут кляновыя лісты?

Растлумач, дзяжурны, ты.

 

Нешта я не разбяруся:

Палачкі, кручкі, калябкі...

- Пётр Пятровіч, гэта ж гусі

Малявалі свае лапкі!

 

- Дзе сціралка?

- Украла галка.

 

- Бачыш, пылам клас пакрыты?

А чаму ты сам не ўмыты?

Непарадак, Піятух!

 

А Яўтух той - хітры зух:

- Пётр Пятровіч, скажу вам,

Дык я ж - сан і ўсюды сам:

 

Я ж і тут, я ж і там,

Хоць вазьмі ты разарвіся...

 

- А які ж у цябе сан?

- Старшыня ж я

Сан-

Камісіі.

 

От якая ППШ,

Лепш маўчыце, дзеці, ша.

Нізашто больш не вазьмуся

Я туды вадзіць экскурсіі.

 

Даў зарок

І падпісаўся:

Ваш дружок -

Вясёлкін Вася.

 

1962

 


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая