epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Вітка

Вавёрчына гора

Казка пра Веру-вавёрачку,

Пра яе гора-горачка,

Пра яе маленькіх дочак,

Пра вавёрчын малаточак,

Пра птушынага пасла -

Даўганосага бусла,

Пра жыццё-быццё лясное

І яшчэ пра тое-сёе.

 

 

 

Забалелі ў вавёрачкі зубкі,

Не можа раскусіць арэхавай шкарлупкі.

Плача Вера-вавёрачка:

- Ой, гора маё,

Горачка...

 

Сабралася ўся вавёрчына радня.

Думаюць, гадаюць усю ноч да дня:

Як тут быць,

Што рабіць?

Прыкладаюць дочкі

Мамачцы прымочкі,

Грэюць унучкі

Бабульцы анучкі.

Яшчэ болей баляць вавёрчыны зубкі -

Не можа крануць арэхавай шкарлупкі.

 

Вестку паслалі старэйшаму сыну,

Той адразу ўсе справы пакінуў,

І праведаць хворую маці прыехаў,

І прывёз поўны мех ёй арэхаў.

Ён не знаў, што баляць у вавёрачкі зубкі,

Што не можа крануць яна імі шкарлупкі.

 

Госцю маці гаворыць:

- Сыночак,

Ты прывёз бы мне малаточак.

Не трудзіла б я зубкі,

Не верадзіла,

Малатком бы шкарлупкі

Біла.

 

- Што ж, - кажа сын, -

У маёй старане

Ёсць каваль - лепшы мой друг,

Ён можа скаваць для мяне,

Што я захачу, - нават плуг.

 

- Мне плуг не патрэбен, сыночак,

Хай зробіць ён мне малаточак.

 

- Мама, -

Гаворыць ёй сын у адказ, -

Я дам тэлеграму,

Ён зробіць ураз.

 

Сарваў сынок

Дубовы лісток -

Тэлеграма гатова:

«Я жывы і здаровы.

Толькі баляць у мамачкі зубкі -

Не можа кусаць арэхавай шкарлупкі.

Прашу, дружок,

Зрабі малаток».

 

Сказалі сёстры брату:

- Навошта

Табе самому хадзіць

На пошту?

Мы самі знаем, дзе стары граб.

Даўно мы хацелі

Збегаць на тэле...

Даўно мы хацелі

На тэле-

Граф.

 

- Ну, што ж, імчыце, -

Сказаў браток, -

Занясіце лісток,

Вазьміце квіток.

- Нясіце, - сказала мама, -

Каб сёння ж

Дайшла тэлеграма,

Няхай сам начальнік на бланку

Паставіць пячатку,

Што гэта «маланка».

 

Імчацца шустрыя сёстры,

Мільгаюць дрэвы

І вёрсты.

Прымчаліся

Ў самы гушчар.

Што тут такое?

Пажар!

 

Усё ў агні - і лісцё, і галіны,

Але здагадаліся сёстры,

Што гэта -

Прыбеглі

На самы разгар лета

І палаюць агнём

Не галіны,

А спеюць

Чырвоныя арабіны.

 

Імчацца далей сёстры няспынна,

Мінаюць гушчар

І пажар арабінны.

І вось перад імі

Новая пацеха:

Дрэва,

А на дрэве - арэхаў, арэхаў!

А спеленеча-ча-ча-чкія,

А жоўценеча-ча-ча-чкія,

А поўненеча-ча-ча-чкія,

А на вяршэча-ча-ча-чку, -

Шкада,

Не ўзялі з сабою

Мяшэчачка.

 

І тут яны ўспомнілі,

Што баляць у матулі зубкі,

Што не можа яна раскусіць арэхавай

Шкарлупкі.

Хутчэй жа,

Хутчэй,

Хутчэй туды,

Туды,

Дзе растуць

Старыя дубы!

 

Лістамі сцежку

Сцеле

Граб,

Прыбеглі сёстры

На тэле-

Граф.

 

Шматпавярховы дом -

Высознае дрэва

З акном-дуплом,

Уваход налева.

Калі ўмееш - чытай сам,

Што напісана пад аконцам:

«Прыём тэлеграм

Да захаду сонца».

 

Вавёрка ў дупло

Лапкамі: стук-стук,

А ім у адказ:

- Хто тут?

Хто тут?

Не лезьце ў дупло -

Ужо сонца зайшло!

 

Сталі сёстры прасіць:

- Дзядзюхна начальнік,

Тэлеграму трэ адбіць,

Гэтак мы імчалі,

Гэтак беглі

Праз гушчар,

Праз агонь,

Праз пажар...

Хворая ў нас маці,

Дзядзюхна дзяцел...

 

Падабрэў начальнік,

Непрыступны маўчальнік,

Акуляры надзеў,

На лісток паглядзеў.

- Добра, - кажа, - пашлю

Заўтра ўранку кавалю.

 

- Як гэта заўтра ўранку?

Нам загадала мама,

Каб вы паслалі з маланкай

Нашу тэлеграму.

 

- З маланкай? - здзівіўся дзяцел. -

А дзе ж яе ўзяці?

Не працуе бесперастанку

У мяне на пасылках маланка.

Бывае

І яна выхадная.

 

- Хай тады кавалю на дом

Заімчыць тэлеграму гром.

- Гром? - усміхнуўся начальнік. -

Гром?

Ён толькі з работы

І спіць

Непрабудным сном.

 

- Хто ж перадасць тэлеграму,

Хто ж?

- Дождж, - сказаў ім начальнік, -

Дождж!

І застукаў

Начальнік,

Непрыступны

Маўчальнік,

Дзюбаю: тук-тук!

Тоўстаю: ток-ток!

І з лістка

На лісток

Пацёк

Ручаёк...

 

Бягуць вавёркі дадому

І чуюць,

Як іх тэлеграму

Кроплі друкуюць:

«Тук-ток,

Кавалёк,

Прышлі маме

Малаток.

Разбалеліся ў мамачкі зубкі,

Не можа раскусіць арэхавай шкарлупкі».

 

Паплыў паток,

Пагнаў лісток,

Панёс удаль,

Дзе жыве каваль -

Стары воран,

Як вугаль, чоран.

 

Прыйшла тэлеграма якраз у час,

Кавалю не дае спакою заказ.

Сон яго не бярэ,

Яда не лезе:

Як зрабіць малаток -

Няма жалеза.

 

- Знайсці жалеза я бяруся, -

Сказаў кавалю даўганосы бусел.

Ён абуў чырвоныя боты

І палез

У балота.

 

А праз гадзіну ўжо бусел

Вярнуўся:

- Так і так.

Ляжыць у канаве «тыгра» -

Нямецкі танк.

 

Пайшоў каваль

З прыладамі, -

Чоран воран, -

Паставіў кавадла,

Распаліў горан,

Скінуў кажух,

Надзеў хвартух,

Узяў абцугі,

Прайшоў раз-другі.

Жалеза не відаць -

Гара іржы.

- З чаго мне каваць

Малаток -

Скажы?

 

Падумаў бусел:

«Прыйдзецца, мусіць,

Самых дужых звяроў склікаць,

Каб забітага «тыгра»

Па костачках разабраць».

 

Прыйшоў мядзведзь,

Злуецца, равець,

Прыйшоў воўк -

Зубамі шчоўк-шчоўк,

Прыйшоў бабёр -

Хвастом пацёр.

Доўга так раўлі і вылі

І нічога

Не зрабілі.

Беглі ў гэты самы час

Маленькія зайкі,

Узяліся і - ураз

Развінцілі гайкі.

 

Тады гусі і сініцы

Знялі вежу,

Гусеніцы.

Наскублі яны так-сяк

З паганага «тыгра» шэрсці шматок.

Вось табе і хвалёны танк -

Ледзь хапіла вавёрцы

На малаток.

 

Добра сказаць -

Заказ гатовы,

А як паслаць

Яго ў бор сасновы?

 

Другі дзень вавёрка малатка чакае,

Можа, яна, бедная, з голаду канае.

Гэтак моцна баляць у вавёрачкі зубкі,

Што не можа крануць арэхавай шкарлупкі.

 

Апусціліся галовы ніц

І ў зайцоў,

І ў сініц.

Сядзяць у скрусе

Бусел

І гусі.

Стаў ад гора

Воран

Яшчэ болей

Чоран.

 

Паўзе крот,

Зямлі повен рот:

- Ду-ду-ду, ду-ду-ду,

Я вашу бяду

Адной лапай

Развяду.

Сталі ўсе яго прасіць:

- Краточак,

Крот,

Браточак

Фядот,

Ты можаш зрабіць

Самалёт?

- Угу.

Я магу.

 

- Нам трэба, браточак,

Паслаць малаточак...

 

- Добра, - кажа ім крот, -

Я зраблю самалёт.

Скідай, каваль,

Свой чорны хвартух,

Прынясі мне

Шырокі лапух,

А вы, зайкі, травы нарвіце,

Вяровачкі звіце,

Малаток

У вузялок

Завяжыце.

 

- А цяпер, -

Кажа крот, -

Я буду галоўны пілот.

Мяне вы прасілі.

Падымай, бусел, крыллі,

Бяры ў дзюбу лапух -

Павязём малаток мы

Удвух:

Верхам сяду ў цябе я на шыі,

Паляцім мы пад хмары густыя,

Будзеш ты

Крыламі махаць,

А я

Буду табой кіраваць.

 

- Дзякуй, - бусел яму ў адказ. -

Гэта раз.

Памагла нам твая галава -

Гэта два.

Ну, а болей не гавары -

Гэта тры.

Памагатых такіх мне

Не трэба.

Калі ж хочаш

Пабачыць ты неба

І зайздросціш адно нам,

Буслам, -

Паспрабуй

Узніміся

Сам!

 

Цвёрдае слова -

Слова буслова.

Ўзяў лапух у дзюбу ён.

Варухнуў крыламі -

І ляціць наш паштальён

Лугамі,

Лясамі.

А куды ён ляціць -

Можа, боты шыць,

Можа, ніткі віць? -

Адкажыце

Самі.

 

Ну, вядома,

Ляціць да вавёркі-галубкі,

Вельмі ж моцна баляць яе зубачкі-зубкі.

Ён нясе ёй вузялок,

Там завязан малаток,

Каб вавёрка зубоў не трудзіла,

Каб арэхі малаточкам біла...

 

У вавёрчынай жа хаце

Поўна шуму, весялосці,

Перадаў ім вестку дзяцел,

Што ляціць сам бусел ў госці.

Вось унучкі

Сталы засцілаюць,

А дачушкі

Пачостку стаўляюць,

Сын

Пясочкам ля самага дома

Высыпае пляцоўку

Аэрадрома,

Каб птушыны пасол мог спусціцца,

Паміж соснаў густых

Прызямліцца.

Гасця сустракаці

Выходзіць маці:

 

- Што на белым свеце чуваці -

На балоце,

На сенажаці?

 

- Ат, якія ў нас навіны, -

Ёй адказвае бусел, -

Вы ж самі ведаць павінны,

Што ўсе мы ў самоце і скрусе.

Як прыйшла тэлеграма,

Што баляць у вас зубкі,

Не спалі мы цэлыя суткі,

Не зналі шчаслівай мінуткі.

Цяпер я спакойны

За ваш раток, -

Вось вам бранябойны

Малаток.

 

- Ай-яй-яй! - дзівяцца сёстры. -

Які ён цяжкі,

Які ён востры...

Мы хацелі другую адбіць

Тэлеграму,

Што даўно не баліць

Раток у мамы...

І няхай будзе сказана толькі між намі -

Лепей грызці арэхі сваімі зубамі.

Мы хацелі,

Мы вельмі хацелі

Зноў збегаць

На тэле...

На тэле...

- Перастаньце! - на дочак

Прытупнула маці. -

Малаточак

Спатрэбіцца ў хаце...

 

Доўга ў іх ішла бяседа-

Гаворка.

Ўсе суседзі

Былі

У вавёркі.

 

Стары дзяцел

З сваім зяцем,

Тры сініцы-сястрыцы,

Цётка Гануля -

Шэрая зязюля,

Пяць зайцоў-малайцоў,

Удод-удавец -

Слаўны на дудзе ігрэц,

Два глухія глухары

Білі ў бубен

Да зары.

 

І я там быў

За тым сталом

І еў і піў

Разам з буслом.

Што там было весялосці

І смеху.

 

Папаелі госці

Грыбоў і арэхаў.

Былі мёд і квас там,

Бульба, селядзец.

Хто праслухаў казку -

Той маладзец.

 

1947

 


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая