epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Зуёнак

«Дала прырода мне ваду і цвердзь...»

Дала прырода мне ваду і цвердзь,

Дала агонь, каб не блукаў я слепа,

Дала жыццё, а з ім дала і смерць...

Дала зямлю — а я глядзеў у неба...

 

А каб агонь свяшчэнны не патух,

Каб зноў не захлынуўся чорнай багнай,

Дала прырода мне высокі дух.

А я ствараў багоў — я неба прагнуў...

 

Я шмат чаго тады не разумеў,

Я і цяпер, бадай, не разумею.

Я іх ствараў, і з імі я старэў.

Як і цяпер ствараю і старэю.

 

Усё, што сёння ісцінай слыло,

Назаўтра толькі рэхам адгукнецца.

I сіняй птушкі сіняе крыло

Кавалкам неба ў сэрцы разаб'ецца.

 

Загадкі непазнаных берагоў...

Адказ — адна ў мяне самаахова.

Адказу не было — ствараў багоў,

Каб потым іх забыць і ўславіць новых.

 

Бог — невядомасць. Вечны вораг мой.

Яго ствараю і яго звяргаю.

Бясконцы з ім і ўсеадольны бой.

Яго кляну, яму ж і прысягаю.

 

Быў атам — «непадзельны» — атам-бог.

Цяпер — цяпер ажно дыханне зойме,

Калі ступаю праз яго парог —

Галактыку адкрыць у пі-мезоне*.

 

Якое неба заўтра засялю?

З якіх арбіт пабачацца мне цуды?

Не ведаю. Адно скажу: зямлю —

Вось гэту, грэшную, ніколі не забуду.

 

Як ёсць яна — я сэнс вышынь лаўлю,

Ствараю неба — сонечны паганец**.

А дайце неба — я ствару зямлю,

I пойдзе ўсё зваротнымі кругамі.

 

* Пі-мезон — элементарная часціца (фіз.).

** Сонечны паганец — тут: прыхільнік язычніцкіх вераванняў, адухаўлення прыроды.


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Лазарук, М.А. Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 8-га кл. устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / М.А.Лазарук, В.І.Русілка, І.М.Слесарава. – Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2011.
Крыніца: скан