epub
 
падключыць
слоўнікі

Вячаслаў Адамчык

Альціст з местачковай аркестры

Помніцца, мне, дзесяцігадоваму падлетку, падабаўся не той старэнькі жоўта-залацісты, пацямнелы альт з нізкавата-здушаным і непрыемным гукам, а аркестровая труба, здаецца, пасярэбраная, з трыма «помпачкамі» (мы гэтак называлі стаячую галасавую машыну) зграбна-інтэлігентнага выгляду з яркім, можа, нават рэзкім тэмбрам.

Яна, гэтая элегантная, з люстраным водсветам труба, яшчэ польская, прызначалася майму аднакласніку, цыбатаму, з доўгай шыяй і сіняватаму, як старая вантрабянка, Костаку Левандоўскаму, пасля таго як мы сабраліся на другія ці трэція заняткі музычнага гуртка, і сіваваты, у чорным фрэнчы польскага чыгуначніка Юзік Тулейка праслухаў нашы галасы.

— Запомні, — ты альт! — узняўшы палец, сказаў ён, па-школьнаму, Іосіф Казіміравіч, калі я праспяваў нешта ўжо ім самім падказанае.

Што мне дасталася менавіта памутнелая глухаватая труба, я ўпэўніўся тады, калі, купіўшы ў культмагу танны, з рыжаватымі картоннымі вокладкамі і жаўтлява-порыстаю папераю блакнот, як нараіў гэта зрабіць той жа Іосіф Казіміравіч, зайшоў у недагледжаны, аселы ад старасці яўрэйскі дом, у другой палавіне якога стаяла машына, дзе местачкоўцы ціснулі льняное семя, і ад дома заўсёды пахла цёплым духам алею.

Першую, ад вуліцы, і меншую палавіну дома займаў ён, Юзік Тулейка, былы польскі чыгуначнік і даўнейшы дырыжор местачковай аркестры, што была пры пажарнай стражы, цяпер — загадчык гаспадаркі ў нашай школе і адначасова кіраўнік музычнага гуртка. Духавыя інструменты — залаціста- і цёпла-бліскучыя барытоны, валторны, кларнеты, басы, альты, што належалі калісьці пажарнай, праз усю вайну збярог ціхаваты, па-татарску жаўтлявы з твару, як усе брунеты, гэты польскі чыгуначнік.

Пасля вайны, робячы ўжо загадчыкам гаспадаркі і займаючыся болей нарыхтоўкай дроў, ён, мусіць, самапростам, каб не прападалі марна інструменты і яго ўласны дар музыканта, арганізаваў пры школе аркестравы гурток. Хоць ён, гурток, фармальна лічыўся пры школе, але навучаліся мы найбольш у Тулейкі на кватэры.

Сарамяжа і ніякавата памарудзіўшы на гнілым, пачарнелым ганку, засыпаным краплістым і гаркавата-пахучым лісцем ад блізкага сохараня, я нарэшце зайшоў у сені, а адтуль, пастукаўшы, — у прадаўгаваты пакой, у якім з розных куткоў і сценаў, як у касцёле, фігуркі святых, здзіўлена і прыгожа паблісквалі залацістыя трубы рознай канфігурацыі і памеру. А на стале, засланым засіненым абрусам, ружова-пярловымі планкамі адсвечваў трафейны акардэон. На маё дзіва і недаўменне, гаспадаром у пакоі, а можа, і ва ўсёй кватэры, аказаўся Костак Левандоўскі. На стале перад ім двума стосамі ўзвышаліся гэтакія самыя, як і мой, танныя, у рудаватых картонных вокладках, набухлыя блакноты. З аднаго стоса Костак браў таўставаты блакнот, разгортваў яго і, высунуўшы на верхнюю губу ружовы кончык языка, выводзіў на чыстым лістку металічнаю машынкаю з рубцаватымі колцамі, абмокнутымі ў густое залаціста-ліловае чарніла, дзе раўней, а дзе трохі коса, прыгожыя пяцілінейныя стужкі. Нотных сшыткаў у тыя гады ў нас не было.

— Давай свой блакнот! — ён з пыхлівым, непадступна-ганарыстым выглядам, нібы робячы вялікую ласку, кінуў чужы блакнот на другі стос і выцягнуў руку з упэцканымі ў чарніла пальцамі.

Машынка, як дыскавая барана, разоў з чатыры праехала па рыжаватым полі майго блакнота, пакінуўшы раўнюткія кропачныя стужкі-барозны.

— А труба якая ў цябе? — спытаў Костак, неяк брыдліва адсоўваючы блакнот і папярэдзіўшы, каб я не загортваў — няхай высыхае чарніла.

— Мусіць, альт, — з няпэўнасцю адказваю я.

— Во, ён вісіць, — умазаны ў фіялетавае чарніла Костакаў палец тыцнуў на заклееную зялёнымі шпалерамі сцяну, дзе якраз вісела шырокім раструбам уніз памутнелая, працёртая да цемнаватых плямаў старая труба.

— А ў цябе іншая? — з няменшай цікавасцю і інтарэсам спытаў я.

— Гэ-э, — разявіўся шыракаваты, таўстагубы Костакаў рот. — Во-о, глядзі! — і той жа ж ліловы ад чарніла палец паказаў на невялікую і танюткую, як маладое дзяўчо ў доўгай сукенцы, ясна-серабрыстую помпавую трубу, што ўладарна і звабліва зіхацела на чорнай старой камодзе. І нарэшце ўдакладніў з неабвержным гонарам:

— Гэта труба майго бацькі.

— А хіба твой бацька граў у аркестры?

— Дзіва, нават вядучым, — і Костак не забыўся пахваліцца нават сваёю дасведчанасцю. — Сольныя партыі выконваў.

І ўжо прыглушаным ад балючых, пэўна, спазмаў, цяжкім голасам выдыхнуў:

— Яго ж уласаўцы закатавалі.

Я прыгадаў вялікую з двума крыжамі, каталіцкім і праваслаўным, абгароджаную невысокім штыкетавым плотам доўгую магілу, што свежым пяском жаўцела на развілцы вуліц насупроць касцёла, у якую звозілі і хавалі, адшукваючы ў шасэйных канавах, у раўках, на прыдарожным полі забітых у вайну. Сюды ж перанеслі трупы дваццаці мужчын, якіх закатавалі ў гумне, на недалёкім ад мястэчка хутары, ужо адступаючы, раз'юшаныя і помслівыя за сваю здраду былыя палонныя, якія апынуліся ў радох уласаўцаў і ваявалі на баку спрадвечных рускіх ворагаў — немцаў. Я ж не ведаў, што паблізу касцельнага плота, у свежай магіле ляжаў Костакаў бацька.

— Праз аркестру мой тата і згінуў, — сутаргава ўздыхнуўшы і нарэшце перамогшы свой шчымлівы і неаднойчы перапакутаваны ўжо боль, загаварыў прыцішана-задуманы Костак. — Не пайшоў граць жалобны марш, як хавалі ўласаўца, што падарваўся гранатаю, глушачы ў завоінцы рыбу, — ператрымаў яе ў руцэ...

Вострым локцем Костак адсунуў рыжаватыя блакноты. Устаў з-за стала і, падышоўшы да старой, сточанай шашалем камоды, уладарна узяў праваю рукою серабрыстую трубу.

— Ну, зайграй, — падахвоціў я.

— Без муштука? — ён крадком азірнуўся на мяне і пастукаў тым жа ўмазаным у чарніла пальцам па вузкім кончыку трубы. — Муштук тут павінны быць. Ты што, першы раз бачыш трубу?

— Ну, не першы, але ў руках не трымаў.

— На, паглядзі, — Костак нібы зжаліўся нада мною.

Элегантна-прыгожы інструмент даверліва і чуйна халадзіў мне рукі. Я з узнёслай радасцю прыклаў да губ вострую без муштука рульку і пальцамі правай рукі націснуў на гузікі вентыляў. Але заміж чаканага прыемнага гуку з трубы пачулася непрыемна густое шыпенне.

— Слухай, — разгневаны Костак раптам выхапіў з маіх рук трубу. — А можа, ты разам са мною будзеш вучыцца граць на акардэоне? Нас ужо ёсцека двое — ты будзеш трэці. Я скажу дзядзьку Юзіку. Плата невялікая — маці прынясе колькі яек ці асялок масла.

Праўда, я ўжо бачыў, як іншы раз у суботнія ці нядзельныя вечары старэйшыя местачковыя хлопцы, заклаўшы за плечы перакупленыя ў кагосьці трафейныя акардэоны, пад'язджалі на веласіпедах пад прапахлы алеем Тулейкаў дом.

Я ледзьве ўпрасіў маму, каб пусціла мяне ў музычны гурток ці, як яна казала, аркестру, а тут яшчэ вучыцца на акардэаніста ды за плату?

— Не-е, — пакруціў я галавою, горка расчараваўшы ўзнёсла-разгарачанага Костака Левандоўскага. — Мама не пусціць.

— Мама, мама, — перакрывіў і перадражніў мяне Костак і неяк горка скрывіў свае тоўста-сіняватыя пухлыя губы. — Але ж твая маці не пасылала цябе на чыгуначную станцыю па вугаль. А мне во трэба збегаць і з дэпоўскага склада накрасці яго. Дроў жа ўдома нямашака.

Ён, азірнуўшыся наўкруга сябе, знайшоў нарэшце на абслізганым табурэце, што стаяў пры дзвярах, парудзелы, скручаны ў сувой стары мех.

— Хадзем разам, — сцішаным і падабрэлым ужо голасам папрасіў ён. — Мне смялей будзе. Ты пастаіш, папільнуеш, каб часам хто не надышоў. Я пабойваюся гэтых «ястрабкоў» — страляюць як шалёныя. Чуў? Днямі застрэлілі дэзерціра, проста на парозе ў хляве — ішоў паіць каня.

Тыя два ці тры пасляваенныя гады ў нашай старане былі досыць неспакойныя: яшчэ не выйшлі з лесу і не склалі зброю ўсе партызаны і, прывучаныя да гвалту і рабавання, начамі зноў грозна пастуквалі прыкладамі ў вокны баязліва-сцішэлых вясковых хатаў; яшчэ там-сям туляліся акоўцы — нядаўнія польскія партызаны, якіх цяпер выпорвалі з хутароў войскі НКВД. Ім у помач арганізоўвалі «истребнтельные батальоны», куды з дзіцячаю ахвотаю запісваліся местачковыя падшыванцы.

Заміж нямецкіх магістратаў цяпер гарэлі сельсаветы, свецячы сярод глухое ночы пурпуровым страхатлівым агнём. Навучаныя падпільноўваць і караць спадцішка колішніх вясковых старастаў ці старшыняў управы, начныя госці праз вакно ці з якога-небудзь схрону стралялі савецкіх упаўнаважаных, наезджых актывістаў і ўжо тых, хто першым падаваў заяву ў калгас. Наша, як тады казалі, Заходняя Беларусь як магла і чым магла ратавалася ад саветаў ці, праўдзівей, ад усяго прымусова-савецкага: непасільных пазыкаў, бясконцых падаткаў, незлічоных паставак і абагульнення зямлі, гаспадарчага рыштунку і гумнаў. Якая патаемна-нясцерпная нянавісць жыла, пераварочвалася тады балючым клубком у кожнай душы! Да гэтай нясцерпнай чалавечай крыўды далучаўся і чуйны дзіцячы боль.

Помніцца, як з нашага чацвёртага класа, — калі туды ўвайшоў невысокі даўганосы хлопец у шарым картовым касцюме і тутэйшая, трохі малахольная дзяўчына з пакамечаным, неадпрасаваным гальштукам, што па-мужчынску, брылём назад надзеўшы кепку, ганяла па местачковых вуліцах на зялёным трафейным веласіпедзе, мы ўсе цішком пачалі ціснуцца да дзвярэй і адзін за адным выскокваць на калідор, — у піянеры тады запісаўся ці ён, дарэчы, піянерам ужо быў, недарослы, злосна-худзенькі сын прыезджага, тоўстага, мусіць, ад сардэчнай хваробы, дзяжурнага па чыгуначнай станцыі і перарослая, сарамліва-прыгожая дачка даўнейшага, яшчэ перадваеннага савецкага міліцыянта, што вярнуўся з фронту ранены ў плячо і рабіў ваенруком у нашай школе.

Цяпер якраз, калі мы, выйшаўшы з Тулейкавай хаты, наўпрасты праз іржавыя, недагледжаныя пуці чыгуначнай станцыі накіраваліся да вугальнага склада, абгароджанага едка-пахучымі ад крэазоту старымі шпаламі, ён і трапіўся нам на вузкай, зарослай бязлістым цыкорыем сцежцы.

— Пад вугальны склад, хлопцы, не ідзіце, — па рудаватым мяху, што куксаю вытыркаўся ў Костака з-пад пахі, ён, пэўна, здагадаўся, куды мы ідзем. — Там чырвонапагоннікі і ястрабкі. Раю вярнуцца назад, каб часам чаго кепскага не выйшла.

Мы, паслухаўшыся, вядома, вярнуліся, але не дадому: брала цікавасць — што ж там папраўдзе робіцца. Прайшоўшы трохі за ваенруком, мы няўзнак завярнулі назад. Тулячыся каля даўнейшых зеленавата-шэрых нямецкіх складаў, ад якіх цяпер густа пахла прыпсаванымі селядцамі і разлітым віном, і перабегшы адзінаццаць, як не раз падлічылі, пуцей нашай чыгуначнай станцыі, спадцішка падкраліся бліжэй да вугальнага склада, абгароджанага на стаяка чорна-рудаватымі шпаламі. Недалёка ад гэтай рудаватай, едка-пахучай сцяны, пад шурпатым тоўстым камлём самотна ўзнёслага топаля, чорнага ад злеценых нанач гракоў, на белаватых мяхах і клунках гаротна туліліся жанчыны з дзецьмі. З някрытага грузавіка, з дашчанай яго скрыні туды, пад топаль, выгружалася яшчэ адна сям'я: даўгарукі, прыгорблены мужчына насіў, ускінуўшы на спіну, вялікія клункі, увязаныя ў паласатыя малінавыя радзюжкі. Нізкарослы баец у ватняй куртцы і выцвілай пілотцы ссаджваў на зямлю басаногую дзяўчынку.

— Некага вывозяць ці што? — я азірнуўся на пудка прыціхлага Костака.

— Ну, пэўна ж, калі там салдат завіхаецца, — неяк нібы адчэпна і злосна варухнуў плечуком Костак. — Вугалю не набяру. А можа, падкрадземся з другога боку!

— Да склада не падкрадзешся. Бачыш, наўкруга ястрабкі, — і я паказаў на падлетка ў вайсковых галіфэ і ў вялікім, з чужога пляча кіцелі, што ішоў якраз на нас, трымаючы на плячы за брызентавы пасак доўгую вінтоўку.

— Ведаю гэтага зноска, — задыхнуўся ад злосці Костак. — Вераціла, прыдсядацелеў сын. Урэдны, падла, мяне ўжо лавіў. Уцякайма, покуль не позна.

І Костак першы з нейкім ласіным храпам і быстрынёю завярнуў за дашчаны доўгі склад. Я рвануўся ўслед за ім. Шыбануўшы ў патайны і вузкі завулак, што ўшчаміўся між збуцвелых, пахіленых платоў і смярдзючых ад гною хлеўчыкаў, у якіх сыта парохквалі і рахмана чухаліся дужыя падсвінакі і ўспуджана ўскрыквалі насцярожаныя пеўні, мы спакваля ўжо дайшлі да невысокае пабеленае хаткі, што сонна стаілася пад мякка і сцішана шапаткімі хвойкамі. За імі строма і палахліва абарваўся пясчаны бераг гнілога азярца, зарослага сівым высокім, як сцяна, непралазным гляжджаем. На азярцы іншы дзень спраўны ва ўсім Костак зграбаў для рабое свінні зялёную раску.

— Дзе ж цябе халера носіць? — перастаўшы стракатаць швейнаю машынкаю і перакусіўшы нітку, што цягнулася з іголкі, павярнулася да нас Костакава маці. — Крапівы свінцы трэба было б нарваць.

— Я па вугаль хадзіў. Няхай скажа ён, — гнеўна і недавольна зморшчыўся пакрыўджаны Костак.

— І дзе ж ён, твой вугаль?

— Дзе-дзе? — перадражніў яе Костак і кінуў на заслон у прыходзе пусты згорнуты мех. — Ястрабкі там круцяцца, людзей вывозяць.

— Добрых не павязуць, — як мне здалося, нават з непрыхаванай радаснай злосцю адказала Костакава маці і, згробшы з прыполу нацярушаныя хвосцікі нітак і рознакаляровых лапікаў, паднялася над прыгожай швейнай машынкай, што нагадвала мне тулава чорнага з белаю галавою каня.

Дарэчы, чорнага з белаю я не бачыў, а каштанавы з белаю храпай і белым жыватом быў у местачковага майстра, які, маючы металічныя формы, рабіў тутэйшым заказчыкам калодзежныя трубы і пустацелыя цэментныя блокі, ці, як у нас іх называлі, — пустакі. З гэтакіх шурпатых пустакоў быў складзены за Костакаваю хатаю невысокі хлявок, у якім раздражнёна мігітала чорная з сівою барадою каза і, заплюшчыўшы вочы, салодка чухалася рабая свінка. А поруч, з высокае, на ножках, клеткі, чуйна падымаючы доўгія вушы, чырвонымі вачмі свяцілі белыя ангорскія трусы, для якіх Костак нібы касіў ухватнаю жменяю і таптаў у гэты руды і вечны свой мех разучую, як пілка, плашчугу [Мяшэй] і халодна-росную макрыцу.

Наслухаўшыся нуднага і балючага, як стрэмка, упікання, мы, нібы ад навальнага дажджу, уцякаем у блочны шурпата-шашачны хлеў: я — каб стаць пры адчыненых дзвярах і сцерагчы, каб часам не вышмыгнула на двор аблезлая гарбатая труска, а ён, Костак, каб узяць за вушы і падняць трапяткое трусяня, што бездапаможна боўтае доўгімі заднімі лапамі, шукаючы апоры.

— Маеш рубель ці не? — спадцішка пытае Костак і, прыклаўшы да грудзей цёпла-даверлівае трусяня, гладзіць яго па лабатай галаве і гарбатай спінцы.

— А нашто табе? — насцярожваюся я.

— Ты скажы, маеш ці не? — прыстае Костак зноў, відаць, прыдумаўшы якое-небудзь штукарства ці зманвае на нешта несусветна брыдкае, накшталт таго, каб мы надвячоркам у жаночы дзень зазірнулі ў местачковую лазню, дзе старэйшыя падшыванцы на зафарбованых шыбах прадрапалі таемныя і спакуслівыя дзіркі.

— Не, не маю, — пакорна ўздыхаю я.

— Ато збегалі б да салдата, што вартуе аптэчныя склады, і выстралілі б з вінтоўкі.

— Так ужо і выстралілі б, — здзекліва ўжо ўсміхаюся я, успамінаючы вахлакаватага салдата з доўгай рускай вінтоўкай.

— За так не выстраліш, а за рубель — можна, — прымружвае адно вока Костак.

Там, дзе зарослая прыгаслым расходнікам і бязлістым цыкорыем іржавая ветка адыходзіць ад шырокай пасмы пуцей і бяжыць за калючы дрот яшчэ не знятага загарада даўнейшага яўрэйскага гета, у перабудованых драўляных хатах і ўжо новых шчытавых бараках, ад якіх пахне смуроднай камфарай, знаходзяцца аптэчныя склады вайсковага шпіталя. Іх вартуе заморана-худы, нібы хворы на язву, рослы салдат у дзіравым, патрапаным шынялі і ў выцвілых абмотках.

Кожны раз, калі я мінаў высокі калючы загарад і доўгія за ім хаты са шчытавымі баракамі, мне чамусьці думалася, што вайсковая часць забылася пра свае бінты, лякарствы і гэтага ссутулена-адзінокага салдата, што з нейкім пакорным, нібы сабачым адчаем паглядаў з-за дроту на ўсіх прахожых.

Аднойчы, у нядзельны сумны надвячорак, заўважыўшы на ружаватым бруку нас з Костакам, ён падаўся да калючага дроту і падмахнуў рукою:

— Несите, ребятушки, по рублику, дам стрельнуть, — і, паказваючы жаўтаватыя ад курыва зубы, кісла ўсміхнуўся, а потым паляпаў пяцярнёю па цёмна-карычневым прыкладзе доўгай мосінскай вінтоўкі. — Ей бож дам.

Костак, як ашалелы, вопрамеццю рвануўся дадому і, выпрасіўшы ў мацеры, прынёс макраваты ад поту, скамечаны рудаваты рубель і, расчыніўшы жменю, паказаў яго здзіўлена-набычанаму павесялеламу салдату.

— Заходи, — салдат прыадчыніў фортку пры вялікай жалезнай браме, прапусціўшы за калючы дрот аднаго толькі Костака.

Ціхенька, па-зладзейску азіраючыся, яны зайшлі ў сутокі між зялёных шчытавых баракаў, і неўзабаве адтуль пачуўся тупы, кароткі стрэл.

У мяне, вядома, рудаватага, як тытунёвы ліст, рубля не знайшлося, і я застаўся злосна-абыякавы да гэтага непатрэбнага стрэлу, што з лопатам падняў над складамі грумадку пудкіх галубоў.

Я нават не спадзяваўся і не цешыў сябе, што выпрашу ў мацеры грошы, — мы з мамаю жылі з мізэрнай гаспадаркі, сплочваючы бясконцыя сталінскія падаткі і здаючы за карову малако, а за дзве шарыя авечачкі — воўну і мяса. Костакава ж маці была краўчыхаю, яна абшывала местачковых спекулянтак, што разам з інвалідамі гандлявалі на рынку дражджамі і самагонам, савецкіх жанчын, што ўслед за афіцэрамі і чыгуначнікамі прыехалі ў мястэчка, яна магла зарабіць такі-сякі грош, таму ў Костака ў кішэні шапацеў папяровы рубель, а то нават адшкадаваны траяк.

— Значыцца, не маеш, — Костак нібы з нейкім здзеклівым нада мною свіргатаннем і рыпам зачыняе ў хлеўчуку дзверы і, якую хвіліну стоячы пры іх, задумліва кажа: — Трэба было б у краснапагоннікаў украсці карбіду — я ведаю, дзе ён ляжыць. Там, за іхняю канюшняю, у паветцы стаяць бочкі з карбідам.

— А нашто ён табе? — пытаю я, пазіраючы, як на сцішэлае мястэчка цярушыцца вечаровы змрок, і як бясконцым шлейфам з мяккім шоргатам крылляў плывуць пацяжэлыя пад восень гракі, — мне пара ўжо дадому.

— Пытае, нашто? — Костак зубамі падкусвае сваю таўставатую верхнюю губу. — Рыбу глушылі б і ластавак з-пад карчоў выгналі б. Ты ці ведаеш, што яны зімуюць у рэчцы? Счэпяцца лапкамі і вісяць вяночкам, зачапіўшыся за корч у бухце.

— А не ляцяць у вырай? — пытаю, спатажаны нечаканым Костакавым адкрыццём.

— Як і жаваранкі, — цвёрда, з усёй грунтоўнасцю вялікага знаўцы заўважае Костак.

— Махлюй болей, — я пачынаю хмыкаць недаверлівым смяшком.

— Каб я з гэтага месца не сышоў. Мой дзед расказваў: пайшоў аднаго разу лавіць рыбу і выцягнуў вянок сонных ластавак. Закінуў сетку пад корч і якраз натрапіў на іх. Але ты, бачу, не даеш веры і па карбід не пойдзеш, — сонна і расчаравана пазяхае Костак.

— Ага, пара дадому, забавіўся я.

Костак яшчэ падводзіць мяне да невысокіх весніцаў і, абапершыся локцем на іх, сурова ўжо, як памочнік у дзядзькі Юзіка, папярэджвае:

— Ты ж не забудзься заўтра прыйсці да Тулейкі: Іосіф Казіміравіч будзе раздаваць інструменты, — атрымаеш свой альт.

— А ты пасярэбраную трубу з «помпачкамі»? — з нецярплівай рэўнасцю адказваю я.

— Ну-у, зраўняўся, — разяўляецца і ганарыста задзірае свой наздраваты нос зняважаны Костак.

Але назаўтра нас чакала горкае і неспадзяванае расчараванне: як я не атрымаў свой стары памутнелы альт, так ён — сваю новую пасярэбраную трубу са стаячымі помпачкамі.

На збуцвелы да чарнаты, гадоў колькі не фарбованы ганак, дзе сабраліся мы ўсе, чакаючы покуль выйдзе і запросіць нас у кватэру заўсёды ціхаваты і нязлосны Юзік Тулейка, з-за дзвярэй высунула сіняваты, нібы змерзлы нос яго мажная, галарукая Анця і, хаваючы гэтыя голыя рукі пад квяцісты пярэднік, здзівілася:

— Вой, вы ж, пэўна, не ведаеце, што Юзік паехаў хаваць савецкага актывіста. Кажуць, яго ўчорачы ўвечар праз акно застрэлілі. А гэтакая пашана — хаваюць з аркестрам. Загадалі знайсці ўсіх, хто граў у польскай аркестры, і павезлі на самаходзе.

Яна яшчэ абвяла нас вялікімі шара-зеленаватымі вачыма і, кашкануўшы нагою чорнага з белымі лапкамі катка, што ўслед за ёю высунуўся з сенцаў, схавалася за дзвярыма.

Мы, смутныя, як прадчуваючы благое, разышліся па хатах. Заняткі духавога гуртка аднавіліся толькі праз тыдзень. Іосіф Казіміравіч прыйшоў на іх яшчэ больш пацішэлы, сумны, нібы адрошаны. Разам з разлінованым уручную рыжаватым блакнотам я атрымаў залаціста-памутнелую трубу.

Я нёс яе дадому, трохі саромеючыся сустрэчных, асабліва сваіх зайздросна-помслівых равеснікаў.

Дарэчы, я хаваў яе і ад зіркатых вачэй суседак, што амаль кожнае раніцы прыбягалі да мацеры разгадваць свае бясконцыя сны, як і ад свайго меншага брата, што без спросу адчыняў і перапорваў чорны шкапчык, перагароджаны палічкаю, дзе ляжалі мае сшыткі і кніжкі, праўда, усяго адзін падручнік па геаграфіі, бо іншыя раздавалі толькі ў школе — па адным на парту, каб пасля ўрокаў забраць назад, — таму я свой альт запхнуў на палок за печ.

— Ну во, знайшоў спрат, — не залюбіла і маці, згледзеўшы ў запечку залацістую трубу. — І занясі гэтую забаўку назад.

Ёй быў не даспадобы ні мой музычны гурток, ні тое, што я прыходжу дахаты на шарай гадзіне. Восеньскія дні імкліва карацелі. Прадчуваючы блізкі зазімак, ужо з трывожным голасам невысока над мястэчкам двума клінамі ў вырай праплывалі асветленыя вечаровым сонцам шара-серабрыстыя журавы. З Тулейкавага дома, прапахлага духам алею, я пачаў варочацца нават глухаватаю цемнатою.

Праўда, яна тым часам ратавала ад зласліўцаў, што, перастрэўшы мяне на вуліцы, наўздагон крычалі:

— Метак, ну затрубі!

А што я мог затрубіць, калі мы пачыналі з нотнай азбукі; ды хіба ж яны ведалі, што труба, на маё таксама горкае расчараванне, была толькі часткаю цэлага вялікага аркестра, што яна магла іграць у спалучэнні і суладдзі з іншым духавым інструментам, а ў асобку ў яе быў натужны, нібы здушаны тэмбр, не тое, што ў элегантна-зграбнай аркестравай трубы, якая чаравала мяне ясным, меладычным гукам і якая ашчаслівіла майго аднакласніка і сябра Костака Левандоўскага.

З чалавечай зычлівасцю і разуменнем мяне і мой стары, пацямнелы альт прывітаў хіба адзін толькі Ігнат Данілавіч Скрыбец, настаўнік беларускае мовы. Па-вясковаму праставаты ў сваім цянюткім, зношаным і нібы даматканым касцюмчыку, былы дырэктар нашай беларускай школы яшчэ пры немцах цяпер, здаецца, не пасаваў, не падыходзіў, вылучаючыся сарамяжай шляхетнасцю перад прыезджымі і дэмабілізаванымі з войска савецкімі настаўнікамі ў доўгіх афіцэрскіх шынялях, у цёмна-сініх гімнасцёрках і гэтакіх самых галіфэ.

А яго дачкою, вірлавокай і танканогай, як сарна, дзяўчынай у капялюшыку і тугаватай кароткай спаднічцы, нечым падобнай да польскіх гімназістак, я таемна і несвядома яшчэ захапляўся. Я ўжо наровіў сумысле прайсці міма белай мураванкі з чорнаю прорваю верхняга акна, дзе была рэдакцыя раённай газеты і дзе, казалі, яна рабіла карэктарам — спецыяльнасцю неразгадана-таямнічаю тады для мяне.

— Надта ж граматная Скрыбцова дзяўчына, — помніцца, незнарок пахваліла яе заўсёды зласлівая і абгаворлівая Костакава маці, але тут жа не ўпусціла, каб усё ж не ўпікнуць. — Багатыя, таму і іхняя верхнасць была.

Між драбнаватых і круглатварых, як матрошкі, савецкіх кабет, што з'явіліся ў мястэчку ў тоўстых вязаных хустках, у цяжкіх ботах і валёнках без галёшаў, яна папраўдзе выдавала шляхетнай паннай.

І як я спатажыўся і зніякавеў, калі надвячоркам на вуглу сельмага, асветленага ці не адзінай на вуліцы лямпачкай, трымаючы пад пахаю свой альт, выскачыў ёй насустрач, — яна ішла пад ручку з бацькам у ганарыста набакір пасаджаным капялюшыку з пярынкай.

Згледзеўшы маю замешку і разгубленасць, Скрыбец паблажліва ўсміхнуўся:

— Ну, што, альціст? — і, адарваўшыся ад дачкі, заступіў мне дарогу. — Запісаўся ў духавы гурток?

Я, маўчучы, стаяў і чуў толькі адно, што побач яна.

— Гэта выдатна, будзеш напачатку ведаць хоць элементарную нотную грамату. Я ж яе во, — ён варухнуў вострым плечуком у бок дачкі, што прыстакнула зводдаль і, развёўшы локці, трымала рукі ў цёплай муфце з залацістым замочкам, — вучыў іграць на скрыпцы, нават з помаччу зычлівых людзей у Варшаўскую кансерваторыю паслаў, але ўсё перайначыла вайна.

— Тата! — пад пляскатым, пасаджаным набакір капялюшыкам злосна зморшчыўся яе курносы носік.

— Ну, добра, не буду болей пра цябе, — ён парывіста ўзмахнуў галавою ў шырокай кепцы з зашпіленымі наверсе вушкамі. — Пахвалю сябе, бо таксама іграў у аркестры і спярша, як ты, на альце.

І яго рука пацягнулася да мае трубы.

— Тата, вы як маленькі, — з муфты раптам высунулася танюткая рука і схапіла бацьку за локаць. — Не смяшыце людзей!

— Ну во, не даюць чалавеку ўспомніць маладосць, — Скрыбец шырока раскінуў рукі і сарамяжа ўсміхнуўся, свецячы залатою каронкаю, і пайшоў услед за дочкаю, — худы, драбнаваты, усяго ёй па плячо ростам.

Я пазіраў ім услед, стоячы тут, каля сельмага пад рассеяным святлом лямпачкі і бачачы, як іх ахутвае, паглынае мяккі ліловы змрок. Мне тады, вядома, не думалася, што гэта быў ужо змрок неразгаданай і нераспазнанай вечнасці. Пасля таго ветранага кастрычніцкага вечара мы з Ігнатам Данілавічам больш ніколі не спатыкаліся.

Бо назаўтра раненька, калі па першаму чуйна-хрумсткаму, шапаткому прымаразку я забег да Костака Левандоўскага, каб паклікаць яго ў школу, яго невысокая, кароценька-таўставатая маці з чорнаю, як падведзенаю вугольчыкам, наміткаю пушку на верхняй губе, павярнулася ад пліты, дзе нешта шыпела і булькала ў вялікім алюмініевым сагане, нібы абязвечыла мяне, падняўшы белаватае вока і варухнуўшы губою з лёгкім пушком:

— Не чуў, мусіць? Вашага вучыцеля, гэтага здыхляка Скрыбца сёнячы ноччу заарыштавалі. Вунь жонка ад памяці адыходзіць, і дачка раве, як карова.

Непрыхаваны гнеў, нават помслівая злосць чуваць была ў яе трохі хрыплаватым голасе. Я ж не здагадваўся, што крыўда, перамешаная з болем, сачылася з яе душы пэўна таму, што нехта з мужчын, перабыўшы вайну, жыве, а яе мужык, застрэлены маладым, парыць зямлю недалёка ад свае пабеленае хаты, на развілцы вуліц пад двума ўзнёслымі крыжамі, каталіцкім і праваслаўным, пад якімі хавалі тых, хто быў закатаваны ў вайну.

— Краснапагоннікі заарыштавалі, — удакладняе яна, абхапіўшы аберуч каравымі анучамі вялікі саган. — Таямнічую арганізацыю выявілі, пабяруць яшчэ.

У класе, куды мы ўвайшлі трохі прыпазніўшыся і перапоўненыя таямнічаю местачковаю навіною, каб расказаць яе на здушаным паўшэпце, усе неяк падазрона, чуйна і нацята стаіліся, пэўна, ужо ведаючы без нас пра гэты начны арышт, тым больш меўся быць урок беларускай мовы, і клас, асабліва ўстрывожаныя дзяўчаткі, з затоеным страхам і кабечай нецярплівасцю чакалі, хто з настаўнікаў заменіць Ігната Данілавіча.

З размаху рвануўшы дзверы, у клас спярша зазірнуў і неяк збянтэжана падаўся назад расчырванелы, як пазней мы заўважылі — ад нашча перакуленае чаркі, дырэктар школы, а потым, трымаючы наперавес перад сабою вінтоўку, увайшоў рослы, з упалымі шчокамі, ваенрук.

Ён уладна паклаў яе на стол і, азірнуўшы клас, сарамяжа ўсміхнуўся:

— Хлопцы, хто з вас паможа мне прынесці яшчэ некалькі вінтовак?

І, напэўна, паўкласа, зарыпеўшы і загрукаўшы лаўкамі, на шырокі ўзмах ваенруковай далоні падбегла да дзвярэй.

Мяне, адапхнуўшы набок, апярэдзіў Костак Левандоўскі. А тыя, каго ўжо, прапускаючы паперадзе сябе на калідор, адабраў ваенрук, праз хвілін пяць, узбуджаныя і задыханыя, прынеслі ў клас едка-пахучыя ад ружэйнай змазкі, пацямнелыя, з чорным рабаціннем даўняй іржы сапраўдныя вінтоўкі.

На нашу лаўку Костак кінуў ажно дзве.

Уважліва і замілавана-радасна разглядаючы сваю, я з нечаканым дзівам і адначасна з балючым расчараваннем убачыў на ствале, вышэй замка, высвідраваную чорную дзірачку.

— Што гэта? — недаўменна павярнуўся я да Костака.

— Дзірка, хіба не бачыш?

— А ў тваёй?

Костак прыўзняў сваю, нашмат навейшую, без крапінак іржы, з жаўтлявай ложай вінтоўку, і я з тым жа ж здзіўленнем убачыў, што ў ёй таксама чарнела, нібы ў дупляным зубе, глыбокая свідравінка.

— Зрабілі наўмысна, каб не стрэліла вінтоўка. Спытай, калі хочаш, у ваенрука.

— Так-так, — пачуўшы перашэпты і на іншых партах, пацвердзіў ваенрук.

Вядома ж, гнеў наш і расчараванне былі немалымі, але не меншаю, здаецца, была і радасць — паляскаць замком і прыцэліцца, адчуўшы ў руках зваблівую вагкасць сапраўднай зброі.

У кожным чалавеку, тым болей у дзесяці ці дванаццацігадовым падлетку віруе спрадвечнае злосна-спакуслівае імкненне, гэты неадольны магнэз страляць, біць, крышыць, рушыць. Благое ў чалавеку нараджаецца разам з ім, і чалавек заражаны ім на ўсё свядомае жыццё. Кожны з нас у патэнцыі сваёй — забойца, толькі не кожны здзяйсняе тое, што ў ім жыве.

— Скажыце, — не прывабленыя ўсё ж вінтоўкамі, мусіць, хутчэй раўнадушныя і абыякавыя да іх дзяўчаткі нарэшце, не ўтрымаўшы, спыталі ў ваенрука. — А дзе наш Ігнат Данілавіч? Кажуць, што яго арыштавалі. Няўжо праўда?

Узнёсла-бесклапотны, нават вясёлы, з іскрамі смеху ў блакітных, нібы дзіцячых вачах ваенрук раптоўна схмурнеў, нацяўся ўвесь і, заліўшыся чырванню да самых вушэй, смешна адтапыраных на сіва-лысаватай галаве, зусім марудна, цягнучы слова праз слова, адказаў:

— Не, нічога не ведаю, не чуў нават. Я, як вам сказаць, не быў, лічыце, нават знаёмы з ім. Ну, шапачна, як гаворыцца...

— Як?! — некаторая з дзяўчынак нават успляснула рукамі. — Вы з ім і ў школьнай канцылярыі за руку не віталіся?

— Ну, ведаеце... — нешта невыразнае і няпэўнае мямліў ваенрук.

— Чуеш? — востры Костакаў локаць балюча штырхнуў мне ў рабро. — Во, як баіцца Сталіна.

— А хіба ж Сталін арыштоўвае? — я з недаўменнем азірнуўся на Костака.

— А то хто ж бярэ ўсіх за жабры? Ён!..

Разабраўшы ў вінтоўках замкі, а потым

ужо з помаччу ваенрука сабраўшы іх, мы выйшлі на хмураваты асенні двор, засыпаны жоўта-бардовым лісцем са старога, сумна нахіленага над школаю клёна, каб ужо навучыцца па камандзе ваенрука браць вінтоўку «на плечо!», а потым — «к ноге!». Непадступна-злосных і загневаных дзяўчатак, даўшы ім нейкае заданне, ваенрук пакінуў у класе.

Астатнія ўрокі цягнуліся для мяне з абрыдлаю і непераадоленаю нудою, мне не хацелася рашаць блытаныя задачы або адказваць да тупасці завучаныя арфаграфічныя правілы. Я, пэўна, як і ўсе ўражлівыя і нервовыя дзеці, пакутаваў ад дзіслексіі. Дарэчы, нелады з правапісам дадаюць мне нямала клопату і сёння, у сталыя гады.

Але, на шчасце, у нас пачалася геаграфія, якую вяла ружовашчокая, трохі скуластая, з запухлымі вочкамі, нядаўна прысланая маладая настаўніца са смешнаю і незразумелаю для мяне мянушкаю — крэолка. І кручаны, непаседлівы Костак Левандоўскі, мусіць жа, таксама ад невыноснага смутку, нарэшце ўспомніў, што ў яго ў кішэні муляе муштук ад трубы. Спадцішка забаўляючыся ім і падзьмухваючы ў яго, ён несумысна, але моцна свіснуў, ажно ўскрыкнула ад неспадзяванасці і выпусціла з рук указку перапуджаная геаграфічка і ад крыўды, сораму і злосці паказала паднятаю ўказкаю ўжо на дзверы. Костак, дзіка і ашалела ўсміхаючыся, выйшаў у калідор. Але прастаяў ён там не болей як хвіліны дзве ці тры, бо, трымаючы за каўнер і нават прыпадымаючы, як малое шчаня, яго ў клас увапхнуў раз'юшана-злосны, што ледзьве не ўпаў, зачапіўшыся пляскатым чаравікам за парог, дырэктар школы.

— Я пытаю, як яго прозвішча і што гэта за лайдак?! — трымаючы за каўнер, не выпускаючы Костака, што палахліва згорбіўся, злосна, праз зубы цадзіў дырэктар. — Чаму шлындае па калідоры?!

Ссутулена прыўзняўшыся над столікам, спатажаная настаўніца не магла растлумачыць, што зрэшты адбылося.

— Ён свіснуў у муштук ад трубы, — падказала ціхавата-цягучым голасам злосная худзенькая Костакава суседка з блізкае парты, якую ён без дай чаго любіў штурхануць. — Ён вучыцца ў духавым гуртку ў Юзіка Тулейкі і носіць з сабою муштук ад трубы, і б'ецца ім...

Дырэктар пераступіў з нагі на нагу ў гэтых сваіх пляскатых і сашчэпленых дротам, як свінячыя лычы, неваксованых чаравіках і сказаў зноў з прыцішанай злосцю:

— У нашай школе не было духавога гуртка, гэта была правакацыя Тулейкі!

І раптам сашчэпленыя дротам чаравікі крохка, як па намерзлым снезе, зарыпелі і наблізіліся да парты, за якою насцярожана сцішыўся я:

— І запомніце, у школе не было духавога гуртка, і мы не дазвалялі розным фашысцкім прыхвасням калечыць дзіцячыя душы!

Дырэктар яшчэ ўзняў свой жоўты ад курыва палец і тройчы патрос ім:

— Запом-ні-це!

Забыўшыся ўжо, мусіць, пра Костака Левандоўскага, дырэктар бокам, парыпваючы сваімі пляскатымі чаравікамі, вышмыгнуў за дзверы.

— Во як баіцца Сталіна, — зноў паўтарыў сваё, прысеўшы каля мяне на парту, разгневаны Костак Левандоўскі. — У школу прыйшлі энкавэдзісты. Я бачыў: двое іх. Некага заарыштуюць яшчэ...

— Няўжо Тулейку? — задыхнуўся ад здагадкі я.

— Можа, і яго, — павярнуўшы набок голаў, па-петушынаму, адным вокам, зіркнуў на мяне Костак. — Чуў, як у дырэктара ад злосці рыпелі звязаныя дротам чаравікі і як ён называў дзядзьку Юзіка прыхвастам. А сам што — цэлы хвост?

— Левандовский и Борейшик, вы снова... — пачула здушаны Костакаў шэпт геаграфічка.

Мы, вядома, прыціхлі, каб пасля ўрока загаварыць зноў пра духавы аркестр і лёс Юзіка Тулейкі.

— А што, на нямецкія святы і ён граў маршы, — нібы між іншым заўважыў Костак.

Мы збегалі нават на дрывотню — дашчаны склад, дзе поруч з нарыхтаванымі паленамі ляжалі ўзваленыя пірамідамі старыя парты і дзе звычайна можна было заспець дзядзьку Юзіка, а потым абабеглі драўляны, без аднаго крыла, будынак яшчэ польскай недакончанай школы, каб падступіцца на ржавы коўш ад ваганеткі, што стаяў пад акном канцылярыі, поўны забросненай вады, і зазірнуць сцішком у ніжнюю шыбу, — але Іосіфа Казіміравіча папраўдзе нідзе не было.

Нарэшце, перастрэўшы на калідоры, адважыліся спытаць у настаўніка малявання — тоўстага, з адвіслым падбароддзем былога дзяка з нашае местачковае цэрквы, што рабіў цяпер у школе і, апярэджваючы званок, з вялікім драўляным цыркулем ішоў у клас.

— Не, не ведаю, не бачыў, — ён уважна і з падазроным дзівам азірнуўся на нас.

— Ого, тут нешта не тое, — нарэшце па-сапраўднаму захваляваўся Костак Левандоўскі. — Можа, сходзім і зірнём да дзядзькі Юзіка ў хату?

Нервова-ўзбуджаныя і па-сталаму ўжо занепакоеныя, мы бегма праз чужыя двары пусціліся да недалёкай ад школы Тулейкавай хаты і выскачылі на скрыжаванне вуліц, блізка ад чыгуначнага пераезда, дзе іншы раз спыняліся выпадковыя грузавікі ці паштовая крытая машына, каб за пакамечаную пяцірублёўку ўзяць спадарожнага пасажыра. Каля варухлівых, запаленых агнём восені, светла-залацістых ясеняў у апалым, чуйна-шапаткім лісці стаяў баец у шарым даўгаватым шынялі, абняўшы скачанелымі рукамі вінтоўку, і поруч з ім зябка сутуліўся, усунуўшы рукі ў кішэні чорнага польскага фрэнча, і палахліва зіркаў наўкруга сябе знябожаны дзядзька Юзік.

З-пад пляскатай кепачкі растапыранай стрэшкай на каўнер лезлі яго сівавата-чорныя, даўно не стрыжаныя валасы.

У мяне ў грудзях нешта балюча турзанулася і пахаладзела. Ад нечаканасці спатыкнуўся і Костак Левандоўскі.

Змеціўшы нас, дзядзька Юзік нібы трохі выпрастаўся і падняў галаву, уважна і з нейкім маўклівым запытаннем з-пад свае кепачкі глянуўшы на нас.

— У мяне ёсць пяць рублёў. Можа, аддаць яму? Падыдзем бліжай, — і, падштурхнуўшы мяне, Костак наблізіўся пад разрослы ясень, што ажно свяціўся мярцвяна-жоўтым, смутным святлом.

Убачыўшы нас, баец, агніста-рыжаваты, з рабаціністым тварам, насцярожана павярнуўся і разняў над вінтоўкаю схаладзелыя бурачковыя рукі, але прамаўчаў ці не паспеў штось сказаць, калі да Тулейкі ўміг падбег і, ткнуўшы яму ў руку разгорнутую паперку, уміг адскочыў увішны Костак.

Тулейка, палахліва і з запытаннем азіраючыся на вартавога, скоранька скамячыў яе і запхнуў у кішэню. Задзіраючы пляскатую кепку, панура паглядзеў на нас, нарэшце, уздыхнуўшы, папрасіў:

— Накажэця, хлопчыкі, маёй Анці, каб перадала мне што-небудзь з цяплейшага.

— Аз трубамі, з гуртком што? — выцягнуў сваю худую сіняватую шыю Костак.

— Трубы няхай будуць у вас. Я вярнуся, і будзе зноў духавы гурток. Хіба ж я вінаваты ў чым? — і дзядзька Юзік зноў з палахлівай таямнічасцю скасіў рудаватыя вочы на агніста-рыжага рослага салдата. — Я ж неўзабаве вярнуся...

Невядома аднак было, каго ён суцяшаў — сябе ці нас? Бо вярнуўся ён не скора. Ці не праз дзесяць гадоў, пасля ўжо вядомых хрушчоўскіх указаў аб амністыі. Помніцца, у нашым новым прамтаварным местачковым магазіне неяк на згоне зімы я ўбачыў прыгорбленага хударлявага дзядка ў зашмальцаванай, як у рамонтніка з чыгуначнай станцыі, даўгаватай ватовай куртцы, ватовых сцёганых штанах і ў вялікіх, не па назе ўжо, кірзавых ботах. Трымаючы на локці новае цёмна-сіняе, здаецца, бобрыкавае паліто, ён стаяў каля карычневага полага завешанай шырмы, чакаючы, мусіць, сваёй чаргі, — саромеўся ці што зняць перад усімі злінялую, зашмальцаваную куртку. Каб не даўгатварая, сутулая Анця, што, прыгнуўшыся нешта казала яму на вуха, я і не здагадаўся б, вядома, што перада мною быў Юзік Тулейка — так змяніла і заўчасна састарыла яго жорсткая і нялітасцівая савецкая турма.

Я падышоў да яго і павітаўся, падаўшы руку, але ён мяне, мусіць, не пазнаў і не ўспомніў, хаця згодліва ківаў галавою, учуўшы маё прозвішча. Карычневы полаг за яго спіною нечакана адшморгнуўся, і пагаварыць мы не паспелі — ён, бяззубы, па-дзіцячы ўсміхаючыся, схаваўся ў прымерачную. Ды наўрад ці варта было расказваць яму, хоць мне і карцела, як праз дзён колькі пасля яго арышту нам загадалі вярнуць прыгожыя залацістыя трубы і мы, уражаныя і здзіўленыя, кінулі іх у той самы дрывяны склад ці дрывотню, дзе ўжо ляжалі знятыя з нашага касцельнага аргана медныя доўгія трубкі, нечым падобныя да мінных снарадаў, толькі без апярэння, і дзе валяліся чорныя касцельныя лаўкі, пазакіданыя абы як адна на адну. Масіўныя дубовыя ці ясеневыя лаўкі, трохі перабіўшы і адрамантаваўшы, паставілі потым у вакзальнай пачакальні. Дзе падзеліся арганныя трубкі і трубы з даўнейшай польскай аркестры, я не ведаю. Таемна перашэптваліся, што іх здалі на металалом, але мне сапраўды не верыцца.

Як не верыцца, што дадому не вярнуўся выкладчык беларускай мовы, былы дырэктар сямігадовае школкі ў часе вайны Ігнат Данілавіч Скрыбец. Ішла погаласка, што ён памёр дзесьці ў Казахстане.

Праз месяц ці два ўслед за ім арыштавалі танюткую, як сарна, інтэлігентна-прыгожую, у клятчастым паўпаліто і чорным, ганарыста пасаджаным набакір капялюшыку і з муфтаю на залацістым замочку, яго дачку, — аказалася, што ў часе вайны яна працавала ў павятовым гэбітскамісарыяце машыністкай. Дзе падзелася хворая, з апухлымі нагамі Скрыбцова жонка, мне невядома. Зрэшты, можа, і чуў і ведаў у тыя далёкія пасляваенныя гады, але з цягам часу многае сплывае з памяці.

Але калі іграе духавы аркестр ці, як мы даўней казалі, — аркестра, калі я чую суладна-магутнае і ўзнёслае гучанне медных трубаў, а разам з імі — змрочны і грозны грым барабанаў, калі бачу іскрыста-святочнае ззянне сярэбраных ці залачоных інструментаў, тады з далечыні гадоў выплывае драўляная, без аднаго крыла, недабудаваная, яшчэ польская школа, а разам з ёю — чорная яўрэйская хата, што пахла алеем, цесная кватэра і ў ёй на сценах — залаціста-жоўтыя аркестравыя трубы. Ад іх ішла ўрачыстая святнасць, як ад разных і размалёваных фігурак у залацістым касцёле, напоўненым арганнай музыкай.

І мая памяць маланкай выкрасае яшчэ хударлявага з уважнымі карымі ці нават зеленаватымі вачмі і чорна-пасярэбранымі валасамі, заўсёды ў прыталеным, з накладнымі кішэнямі, фрэнчыку яшчэ польскага чыгуначніка ціха-прыветнага дзядзьку Юзіка, дырыжора даваеннай пажарнай аркестры і зберажоны ім праз усю вайну стары, памутнелы альт.


1994

Тэкст падаецца паводле выдання: Адамчык Вячаслаў. Развітальная аповесць: Аповесць, апавяданні, дзённікі. - Мн.: Маст. літ., 1999 - 448 с.