epub
 
падключыць
слоўнікі

Вячаслаў Адамчык

Ці ён адзін ?..

Ён — невысокі, з размашыстай не па росту хадою, некалі у пасляваеннай вёсцы наш сусед і сірата з няспраўджанай марай выбіцца ў людзі, самы, пэўна, мудрэйшы і здольны да навукі сярод двух сваіх братоў, што засталіся з хвораю, разбітаю раматусам маці, пазней — адутлаваты і апушчаны, у белавата-злінялым, нібы абсыпаным мучным пылам касцюмчыку, у замусоленай цёмна-сіняватай кепачцы, з ліловым набрынялым носам і штодзённаю тужліваю прагай у чырвоных запухлых вачах, каб дзе пахмяліцца.

З усіх сваіх братоў ён застаўся, як кажуць у нас, самы няварты: хата ў яго па-даўнейшаму — не абгароджаная, з нізкімі малымі вокнамі, затуленая ад вуліцы развесістаю дзічкаю-грушаю і шапаткім топалем, што вышугаў над калодзежам у выноснае, крохка-слабое дрэва, якое любіць расці на нашай пясчанай зямлі.

Са свайго старога гнязда — той трухлявай, уцепленай пад вокны пухкай кастрыцай хаты,што стаяла па-суседству з нашай, — яны выбіраліся па чарзе. Першы, жаніўшыся ў дзевятнаццаць, яшчэ пры маці, аддзяліўся, пайшоў з хаты старэйшы брат. Ён, селядоршы — гэта значыць сярэдні — Федзя, вярнуўшыся з вайсковай службы, адкуль прынёс не знанае яшчэ ў вёсцы захапленне футболам, жыў у трухлявай прадзедавай хаце, што дзівам уцалела ў ваенным пажары, занадта доўга, ужо нават ажаніўшы і аддзяліўшы малодшага брата і пахаваўшы маці.

Паслухаць трансляцыю футбольнага матча, асабліва калі гуляла тбіліскае «Дынама» (Федзя служыў у Грузіі), ён бегаў ажно за чатыры кіламетры ў мястэчка на чыгуначную станцыю, дзе на слупе вісела і не выключалася, пачынаючы з шасці гадзін раніцы і канчаючы боем курантаў, серабрыста-белая труба гучнага рэпрадуктара.

Вёска ведала, чула і бачыла гультаёў ды махляроў, карцёжнікаў ды канакрадаў, разумела, што мужчына можа ўцягнуцца, ці, як казалі ў нас, уружыцца ў гарэлку, прапіць усе заробленыя мазалём грошы, нават астатнюю сарочку, ды ці мала да якога граху можа дайсці чалавек, але каб сталаму хлопцу мець інтарэс да футбола, да мячыка, за якім бегае басата, то такога дзіва яшчэ ніхто не бачыў і ўсе ніякавата паціскалі плячыма: «Ну, чакай ты ўжо з яго дабра».

Але сапсаваў Федзю не футбол, а стайня, што спачатку, калі арганізаваўся калгас, была ў нашым гумне і куды сагналі ўсіх вясковых коней і дзе Федзя даглядаў іх — паіў і карміў.

Яго прыхільнасць і любоў да коней не мела нічога супольнага з ганарыстасцю і форсам, каб праскакаць на дагледжаным, выпешчаным стаенніку, гэта была простая чалавечая замілаванасць да жывёлы, калі не сказаць — язычніцкая пашана ці нават пакланенне ёй.

Яна пачалася з вайны, калі ён прывёў у свой плецены з трысця хлеў бельгійскую з параненай нагою каштанавую кабылу, якую, адступаючы, у алешніку пакінулі немцы і ад якой ён выгадаваў жарабятка, а потым ужо і святлейшую буланую жарабіцу, прыгожую і статную, і таму, пэўна, шкадуючы яе і баючыся пакінуць на іншых, Федзя папрасіўся ў конюхі, каб ужо даглядаць самому.

А дзе коні, там і людзі, і не толькі тады, у даўняй вёсцы, а і цяперашняй, — раненька з ліслівым словам, а вечарам ужо з пачастункам і абавязкова сівухай, а як жа без гэтага — уважыў, даў каня вывезці гной ці пасадзіць картоплю.

Ды не толькі частавалі, давалі яшчэ, каб не даткнуўся, і з сабою. І Федзя хадзіў, кісла і асалавела пасміхваючыся, не толькі вечарам, а ўжо нават і зранку.

Новы, ці не трэці ўжо, дырэктар саўгаса здаў коней на мясакамбінат, з трыццаці пакінуўшы толькі пяцёра для падсобнай работы на ферме, і Федзя, парабіўшы простым рабочым у саўгасе не больш як год, перакінуўся ў мястэчка грузчыкам на перавалачную базу. Работа там была не лёгкая, але там быў, як кажуць, свой навар — шафёры з далёкіх раёнаў, што прыязджалі па шыфер, цэмент, шкло, клікнуўшы на помач грузчыкаў, мусілі раскашэліцца, бо грузчыкі, як вызначылі самі, «адвячалі» за базу — выгружалі толькі з вагонаў у склад ды парадкавалі ў складзе. Тады-сяды іх пасылалі памагчы сельпоўскай загадчыцы Тані, якую чамусьці асабліва прывячаў высокі і не брыдкі з твару загадчык перавалачнай базы. Гэта я ўжо ведаю з апавяданняў бацькі, які працаваў там на базе ў пазаведамаснай ахове.

Рыжавата-агністая, спакусліва-паўнаватая Таня была развадная — кінула мужа і цішком займала маладых мужчын і хлопцаў.

Грузчыкі, калі не было чаго рабіць, лавілі местачковых коз, што прыходзілі сюды на перавалачную базу, залазячы на складзены пад навесам шыфер, на бочкі з селядцамі, на цэмент, і прывязвалі ім да хваста бляшаную банку, абавязкова з каменьчыкамі. Бляшанка бразгацела, і перапуджаная каза ляцела стрымгалоў, не помнячы ўжо і сама, куды ляціць, нават пад таварняк, што, не спыняючыся і трохі сцішыўшы ход, мінаў станцыю, і на дзіва ўсім выскоквала з-пад яго жывая.

Вагоны пад разгрузку, бывала, не падавалі суткамі і пасля нуднай лежні ў халадку на мураве пад старымі клёнамі, што наўкруга сябе рассцілалі варухлівы цянёк, хто-небудзь з грузчыкаў здымаў зашмуленую кепачку і пускаў па крузе, і ўсе з нейкай радаснай ухмылачкай абмацвалі кішэні, дастаючы пакамечаныя рудаватыя рублі, а потым крадком беглі да Тані на гарэлачную базу. Прыносілі пад поламі пінжакоў, падтрымліваючы пад дно, тры гусакі, або, як казалі, тры паўтаракі віна.

Схаваўшыся за награмоджаныя пустыя скрынкі ў сутачках між складаў, пілі спачатку там, закусваючы якімі-небудзь сушкамі хлеба, што астаўся ад полудня, і добра хмялелі, а надвячоркам ішлі дабавіць у чубе да старой Казмерчыхі, што, задраўшы чырвоны аблуплены нос і мільгаючы худымі выпетранымі нагамі, шмыгала то ў сенцы, то з сянец, носячы заткнутыя папяровымі размоклымі заткаламі бутэлькі слабенькай, што нават і не гарэла, самагонкі, якую яна перакупляла ў вясковых маладзіц, што прыбягалі ў мястэчка, накінуўшы на плечы вялікія хусткі, і пад гэтымі хусткамі прыносілі карзіны з цяжкімі трохлітровымі слоікамі.

Пасля такога гасцявання, а калі яно здаралася пасля палучкі, дадому Федзя прыходзіў без рубля ў кішэні. Непадступна-маўклівы, яшчэ не вычханы ад перагару, злы, крыўдны на сябе і на цэлы свет, ён толькі і чакаў, калі адзавецца, акажацца яго нязграбна-высокая сутулаватая Люба, каб схапіць што-небудзь падхватнае ў руку і вытурыць яе з хаты, і не проста вытурыць, але яшчэ прабегчы за ёю ўпагон праз усе вясковыя агароды; у Любы тады быў адзін ратунак — дабегчы да блізкага, што ўжо зліўся з мястэчкам, хутара, да стрыечнай сястры і там засунуць дзверы.

Назаўтра ж уся наша вёска траслася ад нечаканай навіны — сустрэўшыся на вуліцы або пры калодзежы, жанчыны перапытвалі адна ў адной: «Людцы, ці ж бачылі, як учора Федзя гнаўся за сваёю, балазе не злавіў, а то знявечыў бы. Гэтакі шалёны быў».

Любу сваю, ад бядоты ды нэндзы схуднелую панурую маладзіцу, якую ўзяў з суседняй вёскі разам са старою зрубленаю на даўнейшы лад, але яшчэ моцнаю хатаю, Федзя не любіў.

Калі ж мая маці сарамаціла яго, што ці варта гэта біцца, каб людзі потым смяяліся і каб самому брыдка было, Федзя цвёрда, па-цвярозаму ўжо злосна і, не тоячыся, адказваў: «Цётка Броня, ну не люблю яе. Збрыдзела яна мне. І смярдзіць, не падысці».

Пэўна ж, грузчыкам на перавалачнай базе Федзя доўга не ўтрымаўся. Астаўшыся без работы і без рубля ў кішэні, ён трохі прыпыніўся і перастаў піць.

Стоячы неяк на местачковым рынку каля каляскі з яблыкамі, нарванымі, пэўна, недзе ў сваякоў, ён павітаўся са мною і тады ж пасля нашай нязначнай гутаркі з роспытамі пра жыццё ды здароўе, са смуткам прызнаўся: «Цяпер не п'ю — грошай вобмель».

Але гэтая яго смутная радасць, якою ён дзяліўся з усімі для адводу вока, каб неяк супакоіць сябе і іншых, была, вядома, кароткай, усяго покуль не прадаліся дробныя, пабітыя паршою яблыкі і ў руцэ не замуляў рубель.

Бо варочаючыся дадому, я ўбачыў яго пры грудку збоку не вельмі яшчэ бойкай тады і не заасфальтаванай шашы: ён ляжаў на сваёй двухколцы, упёртай прастакутнікам ручкі ў жвірыстую сцежку пад сухім, сцішным шэптам адзінокай бярэзіны.

На другі год, у пачатку кастрычніка, у пору бабінага лета, калі ў нас яшчэ, бывае, дакошваюць атаву, калі стаяць ціха — прымружаныя і зацягнутыя сіняватай смугою дні і свецяцца жоўтай яснасцю шурпата-калючыя дзічкі на затравелых узмежках поля, дык на другі год, прыехаўшы дадому, я пачуў нечаканую вестку, што працяла шчымлівым болем маё сэрца: памёр Федзя, во нядаўна, на тым тыдні.

Перад гэтым Федзя ўжо рабіў на базе шклатары, прымаючы бутэлькі, якія тады, асабліва ад «чарніла», здавалі цэлымі мяхамі, падвозячы на веласіпедах. Там, на базе шклатары, ён і параніў сабе нагу. Рана разгнаілася, але ён маўкліва трываў, покуль нага не распухла і покуль яго не паклалі ў бальніцу, збіраючыся ўжо нават рабіць аперацыю — у яго пачыналася гангрэна... Ён, вядома, не даўся і ўцёк дадому.

Прыцікаваўшы ды падпільнаваўшы, што і дзе робіцца ў вёсцы: хто перастрэшвае хату, хто перасыпае хляўчук ці муруе склеп, ён кульгаў туды і самапростам рваўся памагаць, больш замінаючы, пэўна ж, і перашкаджаючы ў рабоце. Ён нейкім сваім нюхам чуў, дзе будзе чарка.

Потым знайшлася справа ўжо нібы і па ім — адспеўваць са старымі бабамі нябожчыкаў. Федзя дастаў недзе пад чужою бэлькаю стары, падточаны моллю каталіцкі малітоўнік, і ўжо нібы замяніў арганіста, былога валютчыка, што быў нават і сядзеў, за тое, што хітравата, нават не сам, а праз іншых, нібыта на спрат, у старых бабак, што ў святыя дні, не могучы, але прыпаўзалі да касцёла, вымагаў залатыя, яшчэ мікалаеўскія пяцёркі ці дзесяткі, а цяпер, вярнуўшыся з турмы і перабраўшыся ў далёкі Слонім, і па хваробе ды па колькасці пахаванняў не паспяваў прыехаць.

Бліжэйшыя вёскі пачалі запрашаць Федзю — ён быў нават выгаднейшы: не трэба столькі плаціць, хіба ўжо рубель, адно, вядома, пасадзіць за жалобны стол, дзе перад першаю памінальнаю чаркаю Федзя яшчэ зацягваў кароткую малітву.

Аде нялечаная нага ўзяла сваё, і Федзя злёг, цярпліва, у муках пераносячы боль — адгнівалі пальцы, і гэтак цярпліва і ўпарта, нібы на злосць, на помсту, на дакор усім, з гнеўным адчаем чакаючы смерці.

— У труне ён ляжаў, як жывы, — расказвала мне маці. — Тыдзень, як пахавалі. Во малітоўнік у мяне забыўся. — І яна дастала тоўстую кніжку ў лакіраванай вокладцы.

Мне ўспомніўся нечакана далёкі дзень лета, пясчаная дарога, на якой яшчэ не высахлі дажджавыя лужыны, і ён, Федзя, босымі нагамі падганяе, таўчэ ў чэрава сваю бельгійскую кабылу, поруч з якой тупае цыбатымі ножкамі палавое, з кучаравым хвастом, палахлівае жарабятка.


1987

Тэкст падаецца паводле выдання: Адамчык Вячаслаў. Развітальная аповесць: Аповесць, апавяданні, дзённікі. - Мн.: Маст. літ., 1999 - 448 с.