epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Гардзей

Дынамік на школьным коміне

 

 

Усе суседзі ведалі, што Рэня прыняла сабе прымака.

— Не мела баба клопату — купіла парася,— сказаў першы.

— Ну, што вы! Як жа з такім калекаю жыць? — сказаў другі.

— Не ваша дзела! — сказала, як адрэзала, Рэня.— Я, можа, на руках яго буду насіць.

Доўга і цярпліва прывыкаў Рэнін запусцелы двор да новага гаспадара. Над гнілой канавай, што цякла блізка каля хаты, над пахілымі вербамі і алешнікам праляцела, як адзін дзень, чарада гадоў, і даўно ўжо можна было забыць чарнявага і рослага Альбіна, які пайшоў калісьці ў польскія салдаты, а вярнуўся толькі пасля вайны, ды і то не адразу — на трэцяе лета. Альбін змяніўся. Яго доўга не маглі пазнаць ніцыя вербы і зруднелы алешнік. Па Рэніным панадворку хадзіў чужы, невясёлы і вельмі ж няўклюдны чалавек. Убачыўшы яго, з-пад ганка ўроссып разляталіся куры, бо ўжо не раз было, што гэты няўклюдны, зарана пасівелы чалавек наступаў ім на хвасты.

— Асцярожней, Альбін,— прасіла Рэня.— Пастой, я карыта прыму. Упадзеш — нос расквасіш.

— Мілая, не турбуйся. Я ўжэ добра ведаю, дзе сцежка.

Першыя дні Альбіна з хаты выводзіла Рэня. Але, ужыўшыся ў нязвыкла горкую цішыню двара, ён пачаў прагульвацца без павадыра. Хадзіў адзін — ад хаты да хлява, ад варыўні да калодзежа. Старонні чалавек мог бы западозрыць у Альбіна шляхецкую пыху і ганарлівасць, бо хадзіў ён з высока паднятаю галавой, прамы, як палка, быццам нёс перад сабою налітую з беражкамі талерку. Але гэтая ўяўная ганарлівасць была ад слепаты. У Альбіна былі ўстаўныя вочы, і ён хадзіў так, як ходзяць сляпыя: асцярожна, навобмацак, баючыся спатыкнуцца і ўпасці.

Дактары ўдала падабралі Альбіну вочныя пратэзы. Яго страшнае калецтва не заўважалася з першага позірку. Толькі добра прыгледзеўшыся, можна было з жахам убачыць, што вочы ў Альбіна пустыя, халодныя, без ніякага намёку на пробліск жывой думкі. Альбін агрубеў з твару за доўгія гады салдатчыны. Над брывамі і дзе-нідзе на шчоках з’явіліся прадаўгаватыя, як ад гарачых пырскаў, рубцы. Якраз яны і прыдавалі твару веліч і суровасць, веялі на людзей глыбокай тайнай, якую Альбін, мусіць, і не збіраўся нікому расказваць. Ён хадзіў па двары задуменны, самотны, перажываючы на адзіноце сваю трагедыю.

— Прагнала б ты мяне з хаты,— ці то жартам, ці то ўсур'ёз сказаў аднойчы Альбін.— Які цяпер з мяне памочнік?

— Ці ж можна казаць такое? — пакрыўдзілася Рэня.— Пражывём як-небудзь.

— Пенсію мне, мабыць, дадуць.

— Шурыка падгадуем. Ты хоць не злуешся, што ў мяне Шурык е?

— Што ты, Рэня! Дадуць пенсію, то «Арлёнка» Шурыку куплю.

— Ну во! Балаваць ужэ пачаў.

Альбін гаварыў мала. Рэня помніла яго вясёлым, гаваркім хлопцам, а зараз Альбін болей маўчаў — хадзіў па двары, панура звесіўшы голаў, і маўчаў. Ён, здаецца, быў нават рады, што яму не задаюць ніякіх пытанняў пра жыццё на чужыне.

— Не хочаш расказваць пра сябе, дык і не трэба,— прымірэнча сказала Рэня.— Думаеш, мне вельмі цікава, як тыя снарады людзей калечаць?

— Праўда, мала цікавага.

— То ж і майго Хведара снарадам парвала.— Рэня праслязілася, ражком хусткі выцерла звільжэлыя вочы.— Я табе нічога не гаварыла пра майго Хведара?

— Не, здаецца, не гаварыла.

— Забіла ж яго. Як Познань бралі. Шурык во застаўся.

— Выгадуецца, не бядуй.

Рэня доўга чакала Альбіна. Яны гадаваліся па суседству, часам нават елі з адной міскі. І калі Альбін пайшоў у салдаты, Рэня чакала яго. Чакала лістоў, хацела, каб ён хутчэй вярнуўся з войска. Разумны і службісты, Альбін неспадзявана праславіўся тым, што ўшанаваў сябе чынам паручніка. Лісты Рэні пайшлі радзей. Потым Альбін і зусім перастаў пісаць. Рэня зазлавала і, насуперак свайму жаданню, выйшла замуж за Хведара Краўцова. Тады яшчэ ніхто не ведаў, што вайна жорстка назбыткуе з людзей.

— Не думай, Альбін, нічога,— падымаючыся з табурэткі, папрасіла Рэня.— Я і Хведара помню, і цябе буду добра глядзець.

І ўсё сапраўды было б ціха і добра, калі б са шпіталя не вярнуўся пакалечаны Дзям’ян Заяц. Ён прынёс з сабою жахлівую і недарэчную вестку. Калі верыць ёй, то Альбін зусім і не быў на фронце. Вочы яшчэ да вайны яму быццам бы высмаліла кіслатой раўнівая каханка з Варшавы. Рэня, вядома, не паверыла яўнай бязглуздзіцы, але з большай трывогай пачала ўглядацца ў Альбінаў твар, у ледзь прыкметныя рубцы вакол невідушчых вачэй.

Прыкрая хлусня ці горкая праўда, хто ведае, як яно там было, пякучай стрэмкай упілася ёй у сэрца. Рэня саромелася людской спагады і здалёк абмінала шумныя бабскія зборні. І калі ўжо трываць не хапала сіл, калі абрыдла лавіць на сабе спачувальныя жаночыя позіркі, яна набралася храбрасці і папытала:

— Альбін! Тут людзі пра цябе баюць такое, што і слухаць не хочацца. Бытта на фронце ты не быў і бытта вочы табе не снарадам высмаліла?

Альбін як прастагнаў — сказаў глуха, з болем:

— Калі гавораць, то, значыць, праўда.

— Ой, Альбін! Маўчы лепей. Не палохай мяне.

— Чаго таіцца. Вінаваты я,— уздыхнуў Альбін, і яго пальцы нервова забарабанілі па стале.— Адна толькі намова, выдумка... Быў я на фронце, ваяваў.

— Забудзь, не ўспамінай ліха.

Рэня ўжо не саромелася суседзяў, не абыходзіла бокам шумныя людскія зборні. Тая навіна, якую прывёз Дзям’ян Заяц, аказалася з добрым дамешкам хлусні, і таму Альбінава ганьба не выглядала ўжо такой прыкрай і страшнай. Рэня з дня ў дзень тупала каля хаты, палола градкі, сушыла зелле, але крыўда, што ўпілася ў сэрца, не праходзіла. Магчыма, гэта была нават не крыўда, а рэўнасць. Рэня раўнавала Альбіна да незнаёмай паненкі, што так жорстка, не па-чалавечы абышлася з ім. Альбін, канечне, вінаваты сам: выслужыў афіцэрскі мундзір, дык трэба было пасцерагчыся, не лезці сляпіцай да маладых дзяўчат. І гэтая здагадка хвалявала Рэню, не давала спакою. Пасярод ночы Рэня разбудзіла Альбіна і, не тоячы сляпой рэўнасці, спытала:

— Скажы, Альбін, а яна хоць прыгожаю была?

— Хто — яна? — не зразумеў заспаны Альбін.

— Паненка твая варшаўская?

— Што цяпер гаварыць? Я ўжэ не помню яе.

Было відаць, што Альбін хлусіць, што яму не хочацца ўспамінаць сваю ганьбу, і Рэня сказала без горычы:

— Спі ўжэ, не хвалюйся. Я ж нічога не хацела. Я хацела толькі спытаць, ці прыгожаю яна была — тая твая паненка?

— Рэня, мілая. Ты харашэйшая за яе. Калі б не вайна, то адразу да цябе вярнуўся б.

— Спі, галубок. Хутка світаць пачне.

Рэня прытуліла голаў на Альбінавым плячы і заснула. І спала яна спакойна, і, калі прачнулася, рэўнасць ужо не мучыла яе.

— Не крыўдуй, Альбін, за ўчарашняе. Што дурной бабе ў галаву не ўзбрыдзе?

Альбін прыжыўся ў Рэнінай хаце, зусім асвойтаўся з чужым дваром. За зіму неспадзявана высветлілася, што Альбін не развучыўся трымаць у руках сахор і сякеру. Увесну, хоць Рэня пратэставала і праганяла, ён выкідаў з хлява гной, потым навобмацак наладзіў стары, струхлелы плот. Неўпрыкмет Альбін налаўчыўся калоць дровы. Рэня радавалася такой помачы, але на дрывотню не хадзіла: баялася глядзець, як вострае лязо ўпіваецца ў дрэва побач з Альбінавымі пальцамі.

Рэнін двор таксама прызнаў Альбіна за свайго. Куры ўжо не ўцякалі з-пад ног, а карова, убачыўшы гаспадара на сцежцы, падыходзіла і торкалася пысай у жывот, каб гаспадар чухаў яе каля вушэй. Альбін спытаў, якой масці карова, і калі пачуў, што карова чорная, як галка, чамусьці ўсцешыўся. Яго любімым цяпер быў чорны колер. Але на свеце было мноства іншых дзівосных фарбаў, і Альбін не хацеў іх забываць. Ён часам прасіў Шурыка нарваць лугавых кветак і, перабіраючы іх у руках, па паху вызначаў, якія гэта кветкі.

— Медуніца! Ах, як пахне! А гэта рамонак. Пах у яго нейкі прэсны,— Альбін усміхнуўся, шчыра радаваўся.— Скажы, што не рамонак? Рамонак! А ты, Шурык, мусіць, рыжы, як сланечнік?

— Рыжы! А вы адкуль ведаеце? — спалохаўся Шурык.— Хіба вашы вочы пачалі бачыць?

— Дзе там бачыць. Проста я твайго бацьку, Хведара Краўцова, ведаў. Рыжы ён быў, як сланечнік.

Рэня радавалася, што Альбін і яе сын умеюць так хораша дружыць і цэлыя дні праводзяць разам. Шурык вадзіў Альбіна ў ляшчыннік, а назад яны цягнулі поўную торбу спелых арэхаў. Увосень, калі ў садку капалі бульбу, Альбін насіў цяжкія мяшкі, і ён не баяўся ўпасці, зачапіць галавой яблыню, таму што ў варыўню яго за руку вёў Шурык. Рыжы сланечнік ахвотна хадзіў з айчымам у магазін, бо вясковы крамнік, калі да яго прыходзілі Альбін з хлопчыкам, кожны раз бяднеў на вялікі куль цукерак-падушачак. А яшчэ абое яны — і стары, і малы любілі тыя дні, калі з шумам і грукатам у вёску прыязджала кінаперасоўка.

Клуб толькі пачаў будавацца, і кіно да пары да часу ставілі ў старой школе. Калі ісці нацянькі, то гэта і не далёка ад Рэнінай хаты. Трэба толькі выбіцца на поплаў, перайсці па кладцы гнілую канаву, прабегчы паўз Куксачоў плот, і вось яна — школа. Але школа — гэта не магазін які, і Шурык звычайна не браў айчыма з сабою. Што там рабіць з устаўнымі вачыма? І Альбін заставаўся дома. Ён падоўгу прастойваў каля весніц, абапёршыся грудзьмі на частакол і з ледзь улоўным хваляваннем прыслухоўваўся да навакольных гукаў. Галасы, шум і песні, што чуліся каля школы, цераз поплаў даляталі на Рэнін панадворак.

Песнямі здагадлівы кіншчык завабліваў гледачоў у школу. Праславіўшыся незвычайнай кемлівасцю, прапаганду кіно ён вёў на самым высокім узроўні, які толькі можна было прыдумаць. Спачатку дынамік стаяў на ганку школы, потым вісеў на збуцвелым шуле, але галава кіншчыка была шчодрай на выдумкі, і ён, калі дазваляла надвор’е, заносіў вялікі, як чамадан, дынамік на комін школы. З даху злазіў шчаслівы, бы сам цудатворац, уключаў грамафон, і над прыціхлымі хатамі і садамі грымеў, разлягаўся ўладны і поклічны голас нейкага дужа шаноўнага спевака.

Альбін любіў такія падвячоркі, калі на коміне школы па-звярынаму роў дынамік, склікаючы людзей на вячэрні сеанс. Альбіну ніхто не перашкаджаў. Рыжы сланечнік круціўся дзесьці каля школы, а Рэня, длубаючыся на градах, не падыходзіла блізка: хай слухае музыку, хай цешыцца чалавек, бо не багата выпадае яму радасці ў той сваёй прыкрай чарнаце. Альбін стаяў каля весніц, і твар яго ажываў, святлеў, свяціўся лагодай і ўцехай. Рэні ўжо і самой хацелася, каб кіншчык у вёску прыязджаў часцей, і ў тыя падвячоркі, калі нема завываў школьны комін, ёй таксама было весела. Яна не хацела турбаваць Альбіна, спакойна шчыпала на градцы раннюю салату, але тут прыбег Шурык і так злякаў маці, што кволыя лісцікі салаты зялёнымі матылькамі выпырхнулі з пальцаў і пападалі ў разору.

— Мама, ты хіба не бачыш? — азіраючыся на двор, спалохана прашаптаў Шурык.— Дзядзька Альбін стаіць каля брамкі і плача.

— Авой! Ды што з ім такое?

— Відаць, у кіно хоча,— здагадаўся Шурык.

Альбін стаяў на тым жа месцы, каля брамкі, і не ведаў, што за ім сочаць дзве пары растрывожаных, спалоханых вачэй. Ён не пачуў шоргат босых ног па траве і таму не выцер на шчоках буйныя, як пацеркі, слязінкі. Ён бы і не падаў выгляду, што плача, калі б мог бачыць у сябе за спіной Рэню і Шурыка. Але з усіх бакоў Альбіна асланяла шчыльная, густая, цёмная ноч, і ён, не баючыся нікога, плакаў, сумаваў па чымсьці далёкім і незабытым, і плечы яго ўздрыгвалі, а сам Альбін увачавідкі падрабнеў і сутуліўся. Рэня не магла зразумець, чаму плача дарослы чалавек, і з трывогай прыслухоўвалася да журлівай мелодыі, што далятала сюды з гарластага дынаміка на коміне школы.

— Альбін, хадзі вячэраць,— блізка не падышла, а паклікала здалёк Рэня.— Салаты во нарвала. Халадніку смачнага зраблю.

— Рабі. Я іду ўжо,— сказаў глуха Альбін і правёў рукавом пінжака па мокрых шчоках.

Рэня адразу і забыла б пра дзіўныя, незразумелыя Альбінавы слёзы, але і ў другі раз, калі на школьным пляцы паспешліва застракатаў рухавічок кінаперасоўкі, Альбін зноў стаяў каля весніц, і плечы яго ўздрыгвалі ад плачу. Што ўспаміналася яму, якія думкі мроіліся ў пасівелай галаве? Рэня перапалохалася, бо і спаў цяпер Альбін дрэнна — усхліпваў у сне, скрыгітаў зубамі. І ўжо зусім збянтэжылася Рэня, калі сярод ночы побач з сабой — як гром з яснага неба — пачула жаночае імя.

— Прачніся! — затрасла яна Альбіна за плячо.— Ты ж скрыгічаш у сне і нейкую Караліну клічаш.

— Падалося табе, мілая. Нікога я не клікаў.

— Хто яго ведае, можа, і падалося? Спала ж на левым баку.

Рэня здагадвалася, чаго плача і трызніць начамі Альбін. І ў грудзях пасяліўся боль, яшчэ вастрэйшая, чым раней, стрэмка ўпілася ў сэрца. Цішком назіраючы за Альбінам, Рэня дакладна ўлавіла час, калі ён пачынаў плакаць, сумуючы, відаць, па далёкіх гарадах, па сваім паручнікаўскім мундзіры. Хто паверыць, што столькі бяды нарабіла адна жменька самых просценькіх слоў, падсалоджаных журлівай, дасціпнай мелодыяй? Тую журлівую песню гарлаў чорны чамадан на коміне школы:

Не могу я тебе в день рождения Дорогие подарки дарить,

Но зато в эти ночи весенние Я могу о любви говорить...

І тады, калі кіншчык па некалькі разоў за падвячорак круціў грампласцінку з гэтай няхітрай песенькай, у Альбіна па шчоках спаўзалі слязінкі, а сам ён мізарнеў, сутульваўся — стаяў каля весніц, нічога не чуючы, апроч любімай мелодыі:

Я могу в ожиданьи свидания До зари простоять под окном...

Рэня зненавідзела кіншчыка, не ўзлюбіла яго чартоўскія песні, са страхам глядзела па гарласты школьны комін. Яна не жадала, каб Альбін пакутаваў з-за нейкай малёванай шалахвосткі. От бо ўрэдзіна: і чалавека скалечыла, і іншым жыццё каламуціць! Але Рэня не такая, каб даць сябе ў крыўду, каб Альбінавы пакуты засталіся без помсты. Рэня не спала адну ноч, не спала другую, а на трэцюю ноч, сто разоў пакруціўшыся з боку на бок, яна прыдумала, што ёй трэба рабіць.

Раніцай, на хвіліну заглянуўшы ў кладоўку, Рэня бразнула весніцамі і выбегла на поплаў. Падсыхала трава, не блішчэла сярэбранай расой, і гэта значыла, што Рэні варта спяшацца. Яна бегла цераз поплаў, і ёй было цяжка бегчы, потым яна пераходзіла кладку на канаве, і тут ёй трэба было ісці асабліва асцярожна, каб не ўпасці, не шуснуць у халодную ваду. Бегчы Рэні перашкаджаў нязвыкла вялікі жывот, але яна паспела на школьны пляц акурат у той час, калі кіншчык — малады і рухавы — ужо грузіў на воз драўляныя скрынкі з апаратурай. Тут быў і жахлівы чорны дынамік, які нахабна і бесцырымонна трывожыў спакой Рэнінага двара.

— Ад'язджаеш ужэ? — запыніла Рэня кіншчыка каля ганка.— А пласцінкі дзе твае? Тыя, што граюць?

— Вунь у скрынцы ляжаць,— паказаў кіншчык і здзіўлена паглядзеў на Рэню.— Навошта яны вам?

— Ты аддай мне адну, дзе пра любошчы пяюць.

— Дык у мяне ўсе такія пласцінкі.

— Я ж не за так прашу,— сказала Рэня і адхіліла крысо шэрага сачыка, паказаўшы зялёную пляшку.

Кіншчык пракаўтнуў сліну.

— Скажыце, як хоць называецца?

— Там якісьці жабрак дарунка не мае за што купіць.

— А-а! Ё ў мяне такая песня.— Бялявы хлопец з аблупленым ад сонца носам пакалупаўся ў скрынцы з пласцінкамі і выцягнуў бліскучы чорны дыск.— Во яна. Бярыце, калі так патрэбна.

Рэня як не подбегам бралася паўз Куксачоў плот, і грампласцінка, схаваная пад сачыкам, прыбаўляла ёй злосці і рашучасці, ужо нішто не магло б выратаваць жывы чалавечы голас, які прытаіўся ў гэтым чорным дыску. Апынуўшыся на поплаве, Рэня азірнулася, нікога побач не ўбачыла — ні каля трухлявага плота, ні каля пахілых вербаў, выхапіла з-пад сачыка ненавісную грампласцінку і з усёй сілы шпурлянула вобзем.

Павесялеў поплаў, варухнулі абвіслым веццем зялёныя вербы над канавай. З двара, дзе ля весніц маўкліва горбіўся Альбін, ветрык данёс церпкі пах яблыневай і вішнёвай квецені. Сад цвіў, стаяў як абліты малаком, і Рэня адчула яго ачмурэлы веснавы пах. Яна грабянула нагой чорныя ашкалёпкі, азірнулася на пусты школьны комін і пайшла цераз поплаў — цяпер ужо марудней, спаважна. Ёй, тоўстай і непаваротлівай, зноў давядзецца пераходзіць гнілую, з рыжымі п'яўкамі, канаву, дык трэба адпачыць, набрацца сілы, каб не спатыкнуцца і не ўпасці на коўзкай кладцы.


1980-1981?

Тэкст падаецца паводле выдання: Гардзей В. Дом з блакітнымі аканіцамі: Аповесць і апавяданні. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1984. - 256 с.
Крыніца: скан