epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Гардзей

Наводшыбе

Цераз поле, яшчэ не ўзаранае і не засеянае пасля жніва, марудна сунецца Жыбуртовічава хата — растрыбушаная, з выдзертымі вокнамі, без дзвярэй і без коміна. Над гонтавым дахам, збуцвелым і пабурэлым ад старасці, курыцца пыл, кружацца саломінкі, шматкі паперы. Дзень сыры, непагодлівы, і вецер, залятаючы ў пусты зруб, варушыць на гарышчы розны друз, выдзьмухвае праз дзіркі, разносіць над шэрым полем.

Наваколле аж скаланаецца ад рокату магутнага трактара з шырокімі — ледзь не метровымі — гусеніцамі-балотаходамі. Збоку здаецца, што Жыбуртовічава хата не вытрымае гэтага шалёнага грукату — паваліцца, рассыплецца на плашчакі, вылужацца з гнёздаў кроквы, і дах пахіліцца, з’едзе на здратаваную каровамі пожню. Але хата, зрубленая калісьці з баравога стрыжняку, не рассыпаецца, стаіць чэпка на дубовых палазах-валакушах.

У лагчынах палазы глыбока ўразаюцца ў сырую зямлю, і тады трактар натужваецца з усіх сіл, захліпаецца матор, а трасы напінаюцца, як струны,— вось-вось пэнкнуць, парвуцца, што ніткі. Ад пастаяннага тузання вуглы хаты патрэскваюць, пагрозліва рыпяць кроквы.

— Гэй ты! Не рві, як стаеннік! — крычыць, бялеючы, Жыбуртовіч і махае кулаком трактарысту Юзіку Лойку, які праз задняе акенца раз-пораз выглядвае з кабіны.— Дом разбурыш, гіцаль етакі!

Жыбуртовіч, каржакаваты, ужо немаладых гадоў мужчына, спатыкаючыся ідзе побач з хатай, абурана хітае галавой. Мінаючы чарговую лагчыну, трактар тузаецца асабліва рэзка, зноў рыпяць і стогнуць кроквы, трашчаць сцены. Жыбуртовіч мітусліва хапаецца за рог хаты, як быццам і праўда можа нешта зрабіць, калі яна раптам пачне бурыцца. З-пад кусцістых, выцвілых брывоў выблісквае ваўкаваты позірк, ад страху абвісае ніжняя губа — сіняя, бы пераспелая сліва.

— Юз-зік, цішэй ты!

— Не чуе трактарыст, крычы, хоць лопні,— спаважна, як самому сабе, гаворыць Гаўрыла Трафімчык.— Дзіва, такі грукат. А ты, Мікалай, і не бядуй дужа. Не разваліцца твой палац.

— Уга, не бядуй! Страха ж ледзьве ліпіць.

Трафімчык, высокі і худы, як цыбук, ідзе крыху зводдаль — слініць «прыміну», жмурыць хітраватыя вочы. Жыбуртовіч нервуецца, а Гаўрылу, мусіць, і клопату мала, што Юзік так неасцярожна гоніць трактар і што старая хата трашчыць, хістаецца на дубовых палазах. Увесь свой век Гаўрыла Трафімчык меў справу з сякерай, долатам, гэблем, і Жыбуртовіч, калі наважыўся перабірацца ў вёску, ведаў, каго ўзяць сабе ў помач.

— Дзела надумаў, братка,— хваліць Гаўрыла Жыбуртовіча.— Што ты бачыў на сваім хутары? Цемра, гразь. А тут, у сяле, зажывеш па-гарадскому. Усё ж у хаце: і радзіва, і кіно сваё.

— З торбай па свеце пайду з-за гэтых пярэбараў,— хмурыцца Жыбуртовіч.— Добра, хоць хату даўмеўся на валакушу паставіць. Усё менш выдатку.— Пачуўся горкі ўздых.— Во і ён, Юзік шалапутны, сама меней дваццатку здзярэ за трактар.

— І дасі — дзе ж дзенешся? Грошай тых у цябе, мабыць, і куры не дзяўбуць.

— Якія грошы, якія куры? — прытворна жаліцца Жыбуртовіч.— Дачка, як замуж выходзіла, усе шклункі выцягнула. А яшчэ сыны, трасца іх матары...

— Не паверу, Мікалай. Ты ж на такой выгодзе жыў. Там табе і паша, і лясок. А якая картопля! А жыта! І ўсё — нялічанае.

— Думаеш, калі жыў на хутары, то і злодзеем быў?

— Я і не кажу, што ты злодзей,— хіхікнуў Гаўрыла.— Але ж нечым карміліся твае каровы і свінства.

— Скулле лопала, пакуль навыбіваю па кустах лішні абярэмак сена. Зноў жа, як толькі восень, дык з лесу не вылазіў — жалуды збіраў. Затое, праўда, галодным ніколі не сядзеў.

Над Жыбуртовічавай хатай пішчаць, ходзяць кругамі патрывожаныя вераб’і. Ад самага хутара яны гоняцца за трактарам, не баючыся шалёнага грукату, шмыгаюць у хату і з дзікім вэрхалам вылятаюць назад. На гарышчы, пад латай ці яшчэ ў якім закутку, мусіць, прыляпілася вераб’інае гняздо, у гняздзе маглі быць познія птушаняты, і таму вераб’і пішчаць, трывожацца, не адстаюць ад трактара. Яны не разумеюць, з якой яшчэ прычыны хата раптам зрушылася з месца і пасунулася немаведама ў якую далеч. Вераб’ям няўцям, куды і навошта іх утульнае і цёплае гняздо цягне гэтая жалезная пачвара, якая лапоча на ўсё поле і страляе, перхае горкім, смярдзючым дымам.

— Добрага гаспадара і вераб’і не пакідаюць. Ляцяць, як прывязаныя.

— Табе б усё кпіць, Гаўрыла.

Жыбуртовіч не ведае, чым яго ў наступны раз падколе языкаты Трафімчык, і тужліва азіраецца. Ззаду, цераз усё поле, цягнуцца глыбокія сляды ад дубовых палазоў. У лагчынах, дзе зямля сырая, сляды блішчаць, як зашклёныя. Хутара адсюль не відаць. Падгалле заслонена рудым алешнікам, шэрай смугой. На хутары засталася адна Мар’я. Цяпер яна корміць парсюкоў, робіць вобмешку бычку. Радуецца, нябось, старая выжла. То ж з дня ў дзень скрэндзіла, не давала праходу: сумна тут, на хутары, ад газоўкі вочы аслеплі, ад работы курч у рукі ўбіўся. Жыбуртовіч лічыў сябе спраўным гаспадаром, чалавекам, якому бог не пашкадаваў розуму, але, гледзячы на штодзённыя згрызоты, усё ж не стрываў — рашыў перабірацца з хутара, бліжэй да людзей, бо, калі сказаць па шчырасці, яму і самому абрыдла жыць каля лесу, у прыкрай адзіноце.

— Ну во, галубіца, будзе табе і радзіва, і електрыка,— падумаў Жыбуртовіч пра сваю Мар'ю і не заўважыў, што сказаў гэта ўслых.

— Што, што? — наструніў вушы Гаўрыла.

— Ат, нічога.

— Бачыш, Мікалай, што нарабіў хутар,— пахітаў галавой Гаўрыла.— Сам з сабой пачаў гаварыць.

Над полем па-ранейшаму разлягаецца басавіты рокат матора, патыхае смуродным дымам. Трашчаць сцены, рыпяць кроквы. Старая хата паслухмяна, як цяля на вяровачцы, сунецца за трактарам, пакідаючы на пожні глыбокія разоры ад палазоў. Па-ранейшаму над дахам курыцца пыл, кружацца саломінкі, пішчаць, непакояцца патрывожаныя вераб’і.

Дзень сыры, ветраны.

Трактар на момант спыняецца, і з кабіны, ляснуўшы дзверцамі, высоўваецца Юзік Лойка.

— Дзядзька Мікалай, паказвай, дзе пляц?

— Бытта я не паказваў? Ля Сцёпкі Бондара стань. Вокнамі да вуліцы. Чуеш?

Новая вуліца, якая толькі пачала забудоўвацца, Жыбуртовічу падабалася мала. Пустая ж, голая копань: ні бычку папасвіцца, ні качцы ў вадзе паплюхацца. Жыбуртовіч круляваў тут і дзень, і два, дахаты вяртаўся пахмуры, прыгнечаны і нарэшце рашыў сяліцца насупраць Сцёпкі Бондара. Ля яго сядзібы хоць зямля ніштаватая: уродзяць і бульба, і гурок. Ды і сам Сцёпка чалавек памяркоўны, ціхі — будзе добрым суседам. Жыбуртовіч падновіць хату, перасыпле варыўню і хлявец, пасадзіць малады садок. Хоць на старасці зажыве як людзі.

— Лепей бы ты новы дом паставіў,— ні з таго ні з сяго параіў Гаўрыла.— Развязаў бы панчоху, га? Не будзе гэтая развалюха глядзецца ў сяле. Зрублена яшчэ па-даўнейшаму.

Уперадзе, за шэрым полем, пачынаецца вёска — вялікая, як зачапіцца воку, з новымі і старымі хатамі, з гонтавымі і шыфернымі дахамі, з зялёнымі яшчэ садамі і прысадамі. Наводшыбе, крыху зводдаль ад сяла, сіратліва туляцца тры сядзібы. Уласна кажучы, гэта і ёсць новая вуліца. Яе забудоўваюць такія ж, як і ён, Жыбуртовіч, перасяленцы, былыя хутарчукі. Першым на копані атабарыўся Сцёпка Бондар: выштукаваў дом як ляльку, перавёз хлеў і варыўню, выкапаў калодзеж. У другім, таксама спраўным, дамку жыве Андрэй Макавец. Трэцяя хата, маленькая, з падслепаватымі вокнамі, наспех пацягнутая жоўтай охрай, належыць удаве Вольцы Ціхановіч. Уздоўж вуліцы, далёка ў поле, бягуць роўным строем чорныя электрычныя слупы. Правады дрыжаць ад ветру, звіняць і гудуць, як быццам хочуць папярэдзіць людзей: выходзьце хутчэй на двор, хлебам-соллю сустракайце свайго дарагога суседа.

— Ашалюю хату, паквэцаю хварбай — будзе яшчэ стаяць,— трохі памаўчаўшы, адказаў Жыбуртовіч.— Я ўжо і дошак на шалёўку прыстараўся.

— Ну, калі так, то будзе глядзецца.

— Хопіць з мяне і етава жытла.

Жыбуртовіч увачавідкі павесялеў, усміхнуўся сам сабе, вышэй падняў голаў. Хата ўдала перанесла падарожжа: ці не паўтары вярсты ехала цераз поле, але, на шчасце, не рассыпалася на плашчакі. Трактар, грабучы бліскучымі гусеніцамі зямлю, разварочваецца ўжо з другога боку новай вуліцы. Юзік Лойка, прымяркоўваючыся паставіць хату вокнамі акурат да вуліцы, робіць шырокі круг. Жыбуртовіч забег паперад трактара, нервуецца, махае рукамі — паказвае Юзіку, дзе яму спыніцца. Вераб’і спалохаліся крыку, шалёнага грукату і кудысьці зніклі.

Трактар нарэшце спыніўся. Юзік Лойка ляснуў дзверцамі і з гусеніцы саскочыў на зямлю.

— Буду адчапляцца. А ты, дзядзька, вымай кашалёк. Брыгадзір шкуру спусціць, калі ўведае пра калым.

— Хто ўведае — Алесь Крывулька? — перапытаў Жыбуртовіч, корпаючыся ў кішэні.— Не бойся ты яго. То ж і на тым тыдні Алесь у мяне дома быў.— Жыбуртовіч выняў пухнаты кашалёк і адразу нахмурыўся.— Колькі ж табе?

Але Юзік не паспеў адказаць. Гулка, як стрэл, ляснулі спружынай весніцы, і са свайго дварышча выйшаў Сцёпка Бондар. Трактарны гул, відаць, застаў яго за сталом, бо Сцёпка на хаду выцірае рукавом тлустыя губы. Жыбуртовіч адразу заўсміхаўся. Што ні кажы, а добрага суседа займеў. Бачыш, не даеў, лыжку кінуў, а выбег сустракаць яго, Жыбуртовіча. З такім суседам на якое свята і па чарцы не грэх будзе выпіць.

Сцёпка Бондар павітаўся з кожным за руку, потым, як бы саромеючыся, з-пад нізу заглянуў у вочы Жыбуртовічу.

— І ты, Мікалай, перасяляешся? Даўно пара. А скажы, хто табе гэты пляц паказаў?

— Сам выбраў,— адказаў Жыбуртовіч.— Доўга хадзіў, прыглядаўся.

— Шкада, Мікалай, але ты не будзеш тут будавацца.

— Чаму гэта — не буду?

— Сын жа ў мяне жаніўся — мо чуў? Дык дзе яму гняздо віць, як не ля бацькі? Для сына я гэты пляц бярог.

Жыбуртовічу стала горача, дрыготкімі пальцамі ён расшпіліў гузікі пінжака, потым зноў зашпіліў.

— Мне сам старшыня сельсавецкі сказаў: дзе хочаш, Акімавіч, там і сяліся.

— Тады дзе майму Славіку скажаш будавацца? — зазлаваў ужо і Сцёпка Бондар.— Дзе па-твойму?

— Як дзе? — перапытаў Жыбуртовіч і павёў вокам вакол сябе рукою.— Вунь колькі поля гуляе.

— Дык сам і цягні сваю туды хату,— рашуча сказаў, як загадаў, Сцёпка.— А гэты пляц я не дам. Сын жа ў мяне, разумееш?

Спрэчка пакуль што не сварка, але і да сваркі ўжо недалёка. Трафімчык стаіць збоку, сусліць цыгарэту, прыслухоўваецца і, калі мужчыны пачынаюць пырскацца слінай, вырашае, што і яму пара ўмяшацца, падаць свой голас.

— Мікалай, паслухай мяне, старога і неразумнага,— разважліва гаворыць Трафімчык.— Нашто табе станавіцца Сцёпку ўпоперак дарогі? Гэта ж як добра, калі дзеці жывуць побач. Ці захварэе хто, ці што пазычыць, падсабіць — не бегчы ж за свет.

— I праўда, што мне каштуе перацягнуць хату вунь да таго слупа? — не стрымаўся і Юзік Лойка.

— Насупроціў Андрэя Макаўца пляц тэж добры,— радуецца такой нечаканай падтрымцы Сцёпка Бондар.— Далібог, я б і не пярэчыў, каб сын, Славік мой, не жаніўся. Ляснік ужо і лесу на хату адбіў.

Жыбуртовіч трохі паспакайнеў, пастаяў, падумаў і, нарэшце, крыўдліва, з прыкрасцю махнуў рукой.

— Так і быць, уступлю пляц. Каму другому — не, а табе, Сцёпка, уступлю. Разам жа на хронце былі.

Натужна гудзе трактар, дрыжыць зямля — Жыбуртовічава хата зноў сунецца ўздоўж вуліцы. Насупраць сваёй сядзібы стаіць Андрэй Макавец з жонкай Анэляй. Яны зводдаль азіраюць Жыбуртовічаву хату, перамаўляюцца, а калі трактар спыняецца каля іх, адразу змаўкаюць.

— Здароў, сусед,— ступіла насустрач Жыбуртовічу Анэля.— Даўно тут стаім, чакаем.

— Мо помач якая трэба? — падае руку і Андрэй.

— Дзякуй, якая тут помач? — спрабуе ўсміхнуцца Жыбуртовіч, але ўсмешка выходзіць змушанай, вымучанай.— Я таго і гляджу — ці не сабраліся і вы мяне прагнаць, як Сцёпка Бондар?

— Ціпун табе на язык! — пляснула рукамі Анэля.— Мы так рады, так рады.— Яна павярнулася да Андрэя, шукаючы падтрымкі.— Праўда ж, Андрэй, мы так чакалі, так чакалі.

— Але, чакалі.

— Чалавек я памяркоўны,— пахваліўся сваёй дабратой Жыбуртовіч.— Уступіў плац Сцёпку Бондару. Але нашто яго Славіку хата? Сёння жаніўся — заўтра развядзецца. Маладзёж цяпер кручаная пайшла.

— Хто ведае, мо і будуць жыць,— паціснула плячыма Анэля.— Славік сваю Гэльку любіць бытта. То ж і ўчора, падвячоркам, цалаваліся каля хлява.

Жыбуртовіч убачыў, што да гэтага часу трымае пухнаты кашалёк, і хуценька апусціў руку ў кішэню.

— Знацца, суседзямі будзем.

— На ўлазіны прыйдзем,— усміхнуўся Андрэй Макавец.— Вядома, калі паклічаш.

— А хіба ж не! Добра пагуляем. Я і гарманіста сышчу.

Анэля паправіла на галаве хустку, агледзела поле і, сярдзіта зыркнуўшы на Андрэя, сказала як да сябе:

— Пляц бытта выгодны. Адна бяда, што зямля тут пустая, нішчымная.

— Адкуль табе ведаць, што пустая? — насцярожыўся Жыбуртовіч.

— Як жа, дарагі сусед, не ведаць? Летась во на гэтым грудку капусту пасадзіла. Усё лета рачкавала, а што вырасла? Шулячкі адны. Нават шаткаваць не было чаго.— Наском сандалета Анэля накалупала зямлю.— Сам жа ткале глядзі — пясочак, мылец.

Жыбуртовіч маўчыць, разгублена талопіць вочы ўніз. Зямля з-пад Анэлінага сандалета выграблася сапраўды марная — жаўцяк, голы пясочак. Шкуру парвеш, а ці вырасце тая капусціна або агурок?

— Каля Волькі Ціхановіч зямля куды цікавейшая,— як бы незнарок абмовіўся Андрэй Макавец.— Картопля ажно градусы распірае.

— Няўжо праўда? — дзівіцца Жыбуртовіч.— Што ж мне рабіць? Мо бліжэй да Волькі пасунуцца?

— Табе жыць, сам і выбірай, дзе сяліцца.

Жыбуртовіч не на жарт задумаўся. Сіняя губа-сліва зноў адвісла, пальцы на руках прыкметна падрыгваюць. Нарэшце ён рашаецца:

— Такі праўда — пасунуся да Волькі. Ты ўжо не гневайся, Анэля. І ты, Андрэй. Зямля ж, халера яе...

— Ой, што ты, Мікалай,— засмуцілася Анэля.— Мы так рады былі, так рады.

Жыбуртовіч павярнуўся, вачыма пашукаў Юзіка, папрасіў хораша:

— Тузані яшчэ хату. Акурат напроціў Вольчынага двара стань. Добра, га?

— Ніяк табе, дзядзька, не ўнаровіш.

— Дык я ж не за так прашу.— Жыбуртовіч выразна, каб бачыў Юзік, паляпаў па кішэні.— Не заесць цябе твой Крывулька. Скажаш, у мяне быў.

Юзік Лойка ўскочыў у кабіну, трактар стрэліў сінімі колцамі дыму, і Жыбуртовічава хата, пакалыхваючыся на дубовых палазах, слухмяна папаўзла цераз поле. Жыбуртовіч і Трафімчык прыпусцілі ўслед. Ніхто не бачыў, як хітра пераміргнуліся Анэля і Андрэй. Але выгляд у іх быў такі засмучаны, быццам толькі што яны страцілі самага дарагога чалавека.

Мусіць, ад сырасці лабавое шкло ў трактары запацела, кепска відаць. Юзік працёр шкло анучкай і зніякавеў, убачыўшы прама перад гусеніцамі Вольку Ціхановіч. Яна стаіць, абапёршыся на сухаваты кій,— мажная, высокая, у шэрым каптане і квяцістай хустцы. Гэтая таксама, мусіць, рада новаму суседу. Дзіўна толькі, што выйшла сустракаць Жыбуртовіча з сукаватым кіем. Трактар вось-вось наедзе на Вольку, але яна і не думае саступаць з дарогі.

— Уцякай, цётка, а то расплюшчу, як жабу! — крыкнуў Юзік у акенца і з усёй сілы націснуў на тормаз.

Волька, спатыкаючыся ў разорах, падбегла бліжэй, тузанула за дзверцы, парнула ў акенца кіем.

— Заварачвай аглоблі!—скамандавала Юзіку.— Каму кажу! Заварачвай. Каб і духу твайго тут не было.

Жыбуртовіч, яшчэ нічога не разумеючы, з трывогай паглядзеў на Трафімчыка.

— Што яна там размахалася?

— Падыдзем, пабачым.

Раз’ятраная Волька тым жа сукаватым кіем спаткала і Жыбуртовіча.

— Ідзі, ідзі! Даўно чакаю. Бач, што надумаў — каля мяне будавацца!

— Здурэла ты, ці што? — наблізіўшыся, зласліва сказаў Жыбуртовіч.— Блёкатам, відаць, аб’елася.

— Будзеш каціцца покатам, як я аб’елася блёкатам! — Волька расчырванелася, чорныя з сярэбранымі пасмачкамі валасы выбіліся з-пад хусткі.— Лепш пайду ўтаплюся, чым такога суседа мець. І не думай нават.

Жыбуртовіч, просячы падмогі, разгублена пазірае то на Трафімчыка, то на Юзіка, які ўжо вылез з кабіны і стаіць побач.

— І чаго етая кудла да мяне вяжацца?

Волька абаперлася на кій і не варухнецца — стаіць чырвоная, потная, злосная. Зараз яе, здаецца, і трактар не зрушыць з месца.

— Не дам, каб ля мяне сяліўся. Не дам і — усё тут.

— Ета чаму — не дасі? Па якому праву?

— Спрацівеў ты мне. Вочы б мае цябе не бачылі! — выгукнула Волька.— Хіба забыў, як я ў цябе наймічкай была. Дзве зімы тваіх дзяцей гадавала, хоць свае ў нішчымніцы сядзелі. А ты, ваўкалак, што мне даў? Паўмяшка жыта і — прагнаў з двара.

— Калі тое было,— паспрабаваў апраўдацца Жыбуртовіч.— Леташні снег успомніла.

Волька зашчаміла кій пад пахай, паправіла валасы, каб не лезлі ў вочы. З выклікам і нянавісцю зірнула ў твар Жыбуртовічу:

— Ды ў цябе ж зімой і снегу не выпрасіш. Помніш, аднойчы напрадвесні ў мяне сена ні каліўца не асталося. Прыйшла да цябе. І што? Ты ж, скупердзя, нават гаварыць не даўся. От як! — Волька па-мужчынску цыркнула слінай скрозь зубы.— А то ж буракі брыгадныя. Сам пакраў, а ўсю бяду на мяне зваліў. Добра, што ў праўленні разабраліся, хто злодзей, а хто — не.

Жыбуртовіч збялеў, памкнуўся да Волькі, злаўчыўшыся, хапіў за канец кія, але Волька спрытна вывернулася, кій балюча торкнуўся Жыбуртовічу ў пухлы жывот.

— Сыдзі з дарогі, а то абязвечу,— засыкаў ён, як гусак.— Іш, звадыяш!

— Чаго сліву адвесіў? Думаеш, баюся? — Волька перад самым носам Жыбуртовіча патрасла сваім грозным дрынам.— Як сперажу паўз плеч, то і духу не ўкажаш. Нават каўкнуць не паспееш.

Гаўрыла Трафімчык, не ўмешваючыся ў сварку, моўчкі стаіць побач. Юзік Лойка, прыкрываючы рот даланёй, захіхікаў.

— Што тут смешнае ўгледзеў? — крута павярнулася да яго Волька.— Ану марш у кабіну!

— Нікуды я не палезу,— бокам адступаючыся ад Волькі, сказаў Юзік.— Мне ўжо на балота трэба.

— Ах, ты — гэт-так!

Нечалавечая сіла раптам падхапіла Юзіка за папружку, тузанула, і не паспеў ён ачомацца, як апынуўся ў кабіне трактара, плюхнуўшыся на сядзенне.

— Ты што, цётка, цыбулю ела?

— І не рэкні, мурзач! — Волька пабарабаніла па кабіне кіем.— Круці свае жалезкі. І хутчэй, пакуль я добрая.

Юзіку было балюча, было сорамна, аднекуль нахлынула злосць, і ён хапіўся за рычагі.

— А хоць пазабівайцеся тут!

Трактар шалёна зароў, рэзка рвануўся з месца, аж скаланулася Жыбуртовічава хата, жаласна зарыпелі кроквы. Волька, кінуўшы кій, крутанулася ўбок, каб не зачапіла зрубам.

— Куды ты?!—нема закрычаў Жыбуртовіч і пабег следам за трактарам.— Стой, кажу!

Але Юзік, аслеплены крыўдай і злосцю, нічога не чуе і не бачыць. Трактар прэцца па ямах і буграх, хата хістаецца, трашчыць, ледзь не развальваецца.

— Стой, гіцаль, стой!

У канцы новай вуліцы, каля апошняга электрычнага слупа, Юзік спыніўся. Пакуль дабег Жыбуртовіч, ён паспеў адчапіць трос, ускочыў у кабіну, і трактар, выхапіўшы гусеніцамі пласт зямлі, крута развярнуўся, загрукатаў па вуліцы.

— Трасцу ж я табе заплачу,— падбягаючы, выгукнуў Жыбуртовіч. Згарнуў знакамітую фігуру з трох пальцаў, паказаў у спіну Юзіку.— О дзе твой калым...

Трактар ужо мінуў Бондараву сялібу, праехаў паплоўчык, выбіўся на прасёлак. Жыбуртовіч зморана апусціўся на парог. Паволі, не спяшаючыся, падышоў Гаўрыла Трафімчык, без шкадобы і спачування паглядзеў на былога хутарчука. Усміхнуўся, але ўсмешка тут жа прапала.

— От дык Волька! Стала, як салдат са штыхом. І чаго яна чэпіцца да цябе?

— Кадук яе ведае. Нейкае жыта прыпляла, буракі. Пайду на пошту, патэлефоню, каб забралі Вольку ў той дом, дзе дурныя.

Жыбуртовіч сядзіць на вышчарбленым парозе, суцішаны, пакрыўджаны. Сядзіць, хмурыцца. Успомніў родны хутар, Падгалле, сварлівую Мар’ю, і з языка міжволі сарвалася:

— Ах Мар’я, Мар’я! Ета ж так падвяла пад дурнога хату...

Неспадзявана вярнуліся Жыбуртовічавы вераб’і. Яны аблёталі ўсе суседскія двары, выведалі, дзе тут можна разжыцца чарвякамі і мошкамі, перазнаёміліся з тутэйшымі родзічамі, і новае знаёмства, пэўна, прыйшлося даспадобы, таму што на гарышчы ўсчаўся вясёлы і свавольны птушыны гвалт. Вераб’ёў ужо не палохае, не трывожыць тая жалезная пачвара, якая, дыхаючы смуродным дымам, прыцягнула іх цёплае і ўтульнае гняздо на гэтае пустое, халоднае і не абжытае яшчэ поле.


1983?

Тэкст падаецца паводле выдання: Гардзей В. Карані вечнага дрэва: Аповесць, апавяданні. — Мн.: Маст. літ., 1988. — 254 с.: іл.
Крыніца: скан