epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Гардзей

Сельскі карэспандэнт Саўка Халецкі

Калгасны паплаўнічы Саўка Халецкі сельскім карэспандэнтам стаў пры дзіўных абставінах. Аднойчы на пачатку вясны, калі лазовыя кусты ўздоўж канаў спрэс абсыпаліся жоўтымі пушыстымі коцікамі, а хлопцам і дзяўчатам, трошкі здзічэлым пасля зацяжной зімы, няўсцерп захацелася пусціцца ў скокі, загадчык клуба Раман Раманавіч Лівашоў разгарнуў свежы нумар раённай газеты «Савецкае Палессе» і аж пачырванеў ад гневу і абурэння. На другой старонцы знізу, у падборцы пісьмаў чытачоў, была надрукавана заметка пад знішчальнай назвай «Замок вісіць, загадчык спіць». Лівашоў як толькі зірнуў на загаловак, дык адразу падумаў, што ў газеце, мабыць, напісалі пра яго. Ён і не памыліўся — чула сэрца бяду.

«Гадоў колькі таму назад у Малым Сяле стары будынак пачатковай школы прыстасавалі пад даволі прыстойны клуб,— упіўся вачыма ў газетныя радкі Раман Раманавіч.— Памяшканне адрамантавалі, зашклілі вокны, уставілі новыя дзверы. Але радасць моладзі была заўчасная. Кожны вечар, а то і ўдзень наш клуб стаіць на замку. Загадчык Р. Р. Лівашоў, відаць па ўсім, любіць паспаць. Нядзіўна, што ў нас няма мастацкай самадзейнасці, не працуюць творчыя гурткі, даўно чыталіся лекцыі і даклады...»

У заметцы было яшчэ напісана пра танцы, якія бываюць гады ў рады, пра аддзел культуры і праўленне калгаса «Партызан», якія ніяк не прыструняць гультаяватага работніка культуры. Заметку, аднак, Лівашоў не дачытаў да канца, таму што друкаваны тэкст дражніўся, збыткаваў, калоў у вочы. Як тут не апраўдвайся, што ні выдумляй, сораму цяпер не абярэшся — абняславілі на ўвесь раён. Яно, канечне, і пра замок на дзвярах, і пра пустую сцэну — усё правільна; тут, як кажуць, не адбрыкнешся, але загневаўся Раман Раманавіч за другое: хто бачыў, каб ён калі-небудзь спаў, дрыхнуў, як пан, сярод белага дня? Іш ты, замок вісіць — загадчык спіць!

Ды болей за ўсё абурыла Лівашова тое, што скаргу ў рэдакцыю падаў самы блізкі яго сусед, стары чалавек Саўка Халецкі. Во яшчэ пісака, укусі яго сабака! Цэлымі днямі, з ранняй вясны да позняй восені, паплаўнічы, высокі і худы, як жэрдка, валачыўся па лугах і палях, ганяў хлопцаў з гароху і сланечніку, круціў пастушкам вушы, калі чыя карова ці авечка заблытаецца ў шкоду. Меў ён гадоў пад шэсцьдзесят, з суседзямі з-за сваёй прыкметнай у вёсцы пасады знаўся мала — усё бачком, усё ваўчком, апрача таго, грамата ў яго, як кажуць, кульгала на абедзве нагі, таму было вельмі дзіўна, што гэты непісьменны мармоль нашкрабаў відавочны паклёп у газету.

— Бач ты яго! — кіпеў ад злосці Раман Раманавіч.— Танцаў аблезламу казлу захацелася, лекцыі, даклады яму падавай!

Разгневаны Лівашоў выразаў паганую заметку пра сваю гультайскую работу, а газету з асалодай выкарыстаў дзеля вельмі пільнай патрэбы і, пастаяўшы добра за хлявом, падвячоркам усё-такі даждаўся Саўку Халецкага, калі той задворкамі вяртаўся з абходу палёў. Стары паплаўнічы не здагадваўся, што дома яго чакаюць непрыемнасці, не ўяўляў, які люты бывае ў гневе звычайна ветлівы сусед Раман Лівашоў, ён нічога гэтага не ведаў і таму ішоў смела па леташнім бульбяніку, бядуючы, што так хутка нахапілася вясна, увачавідкі зашумела азіміна і цяпер спасу не будзе ад згаладалых за зіму кароў. Саўка, унураны ў свае думы, нават не прыкмеціў, як ад хлява мільгануўся цень, і праз момант сцежку яму перагарадзіў шчуплы і чорны, як грак, загадчык сельскага клуба.

— Здароў, Саўка! З поля, знацца, дыбаеш? — зыркаючы злоснымі вачыма, спагадліва спытаў Раман Раманавіч.— Не стаміўся? Ногі не ўвярэдзіў за дзень?

— Халера іх не ўзяла, не баляць,— буркнуў паплаўнічы і здзіўлена глянуў на суседа:— А табе, Раманавіч, што за турбацыя?

— Хачу ў клуб запрасіць. Хутка дзяўкі прыбягуць, танцы пачнуцца. Магнітафон уключу — от ужо наскачашся да пакоту.

— Ці не кпіш ты, Раманавіч, ці не збыткуеш з мяне, нямоглага? Якія дзеўкі, якія танцы? Я і ў маладосці, бывала, па кутках ашываўся.

— Заладзіў — Раманавіч ды Раманавіч! — яшчэ больш ускіпеў Лівашоў.— А хто ж, калі не ты, на гэтага Раманавіча паклёп узвёў? Ды не выпучвай вочы, анёлак нявінны.

— Не разумею, што ты вярзеш, суседзе? — збянтэжана развёў рукамі Саўка Халецкі.— Душою перад табою не паступіўся.

Лівашова ад абурэння аж трасца брала: ну, ці не бачылі, людцы добрыя, які манюка, які хлус, які нахабнік гэты даўгалыгі Саўка! Ашальмаваў, абылгаў на ўвесь белы свет і стаіць сабе быццам не лысы. Але пачакай жа, танцор чортаў: не адкруцішся, не адмахнешся рукамі! Пырскаючы слінай, Лівашоў палапаў у кішэні, выцягнуў адтуль шматок паперы і тыцнуў ім пад самы нос старому паплаўнічаму.

— Во глядзі! Заметка з газеты. Між іншым тваім прозвішчам падпісана: «С. Халецкі, селькор, калгаснік калгаса «Партызан».

— Але, бытта і праўда,— вытрашчыў выцвілыя, белыя вочы паплаўнічы.— Дзіва, дый годзе. Нічога ж я ў рэдакцыю не падаваў. Унукамі паклянуся, што невінаваты.

— Эх ты! Выліў цэбар гразі і, як заяц,— у кусты,— паківаў пальцам Лівашоў і, сабраўшыся ісці на свой панадворак, з’едліва падкалоў разгубленага суседа:— А ты ўсё ж завітай у клуб. Збэцаеш полечку. Вядома, калі нешта ў портках не памяшае.

Ад вялікага здзіўлення і збянтэжанасці ў Саўкі Халецкага адняло мову, і ён, быццам верставы слуп, яшчэ доўга, да самых прыцемак, стаяў каля хлява з абрыўкам газеты ў дрыготкай руцэ. У хаце, не верачы надрукаванаму, паплаўнічы перачытаў заметку, нават паглядзеў на яе праз святло электралямпачкі, але подпіс «С. Халецкі» не прападаў і, як ні дзіўна, прыемна лашчыў вока. Калі па шчырасці, думалася яму, то гэта, канечне, добра, што ў газетцы падсыпалі перцу гультаяватаму клубнаму граку, з другога ж боку, непакоіла пытанне, адкуль у рэдакцыі даведаліся, што ў Малым Сяле жыве такі талковы чалавек Саўка Халецкі? Сам ён і праўда заметку ў газету не пасылаў. Дзівячыся такой таямніцы, новаспечаны селькор не спаў бадай усю ноч: думаў, разважаў і нарэшце прыйшоў да высновы, што так, відаць, і трэба, калі крытычную заметку падпісалі яго прозвішчам.

— Ёсць разумныя людзі на свеце,— сказаў сам сабе паплаўнічы і пад раніцу моцна заснуў.

З Раманам Раманавічам ён цяпер стараўся не сустракацца, «збэцаць полечку» ў клубе таксама не рашыўся. Здавалася б, просценькая заметка ў газеце, а колькі перамен нарабіла яна ў жыцці Слаўкі Халецкага. На пажылога селькора спачатку суседзі пачалі паглядваць з асцярогай, потым яго паклікаў да сябе ў кабінет старшыня калгаса Алег Іванавіч Лебяда, пасадзіў у мяккае крэсла, распытаў пра сёе-тое і зусім неспадзявана выпісаў ніштаватую прэмію. Але болей за ўсё Саўку Халецкага здзівіў маласельскі паштальён Іван Муха. Аднае раніцы, можа, праз месяц пасля таго, як з дзвярэй клуба нарэшце знік пудовы замок, на заляпаным гразёю мінскім матацыкле ён падкаціў да Саўкавай хаты, каля варотцаў папіпікаў, выклікаючы на двор гаспадара, і калі той выглянуў з дзвярэй, пачаў звыкла расшпільваць тоўстую паштарскую сумку.

— Бяжы, браце, сюды,— весела вышчарыў паштальён жоўтыя ад табакі зубы.— Палучыш руп на хлеб ды на суп.

— Не разумею, які руп, адкуль? — спалохаўся Саўка, адчыняючы варотцы.— Ці не з неба зваліўся?

— Не з неба, а Гарбуз, рэдактар раённай газеты, прыслаў,— растлумачыў Іван Муха.— Ты ж пра нашага Лівашова напісаў? Дык вось за тую заметку табе ганарар выпісалі. І не руп, а цэлыя тры. Так што распісвайся і палучай грошыкі, багацей.

Саўка Халецкі не прытворна, па-сапраўднаму абураны напамінкам пра заметку ў газеце, левае брыво ў яго нервова торгаецца, і, незразумела ўсміхаючыся паштальёну, ён пачынае апраўдвацца:

— Не пісаў я нічога ў газету — колькі ўжо разоў казаць? Верыш, Антонавіч, не пісаў!

— Але ж не мне, а табе ганарар прыслалі,— разважліва нагадаў Іван Муха.

— Ну і што? Усё адно не пісаў. Гэта ж нейкі зламыснік падаў заметку ў газету, а мяне падпісаў. Знарок, нягоднік, ашальмаваў пажылога чалавека. Падумай сам: наліха мне здаліся яны: і чартоўскі клуб, і гэты грак Раман Лівашоў?

— Ты ці не ты, а грошы, калі ласка, палучы,— Іван Муха ўважліва прасачыў, каб Саўка акуратна распісаўся, сказаў зусім сур’ёзна: — Здаецца, я ведаю, хто накрэмзаў у раёнку пра наш клуб.

— Хто ж, Антонавіч, гавары хутчэй?

— Ты Пецю, Мікалая Дразда хлопца, прашчупай. Помніцца, акурат на згоне зімы ён цераз мяне пісьмо ў рэдакцыю падаваў.

— Гэта той малы падшыванец, што ў школу ходзіць?— недаверліва перапытаў Саўка Халецкі.— Ну і ну! Хто б падумаў, што ў Мікалая Дразда такі грамацей з’явіўся!

— Ты нішкам, спотай падкаціся — авось і прызнаецца.

— Дзякуй, Антонавіч, я яму, пісаку гэнаму, усе вушы аблаташу.

Іван Муха спяшаўся, яго чакала багата такіх кліентаў, як Саўка Халецкі, пухнатая брызентавая сумка ажно адцягвала яму плячо, і, падаўшы зніякавеламу селькору руку, паштальён шустра застракатаў на сваім цягавітым матацыкле ўздоўж пахілых вясковых платоў. Застаўшыся адзін, паплаўнічы доўга разважаў, што рабіць з зялёнай траячкай: ці то спажыць як-небудзь з розумам, ці то выкінуць у крапіву? Ён ад прыкрасці нават скамячыў новенькую хрусткую паперку, але потым адумаўся, на шуле разгладзіў грошы рабром далоні, а праз колькі часу амаль подбегам ужо спяшаўся ў магазін. Купіў тут паўсеткі сваіх любімых цыгарэт «Прыма», падзівіўся з мноства тавараў на паліцах і ўжо зусім супакоены выйшаў на двор. Кіраваўся дахаты, раз-пораз акідваючы позіркам багатую пакупку, і нечакана яму падумалася, што быць сельскім карэспандэнтам зусім няблага — і ганарова, і грашавіта. За кароценькую заметку, бачыш, прыслалі аж тры рублі, а што было б, каб напісаць на цэлую старонку? Зноў жа Алег Іванавіч нездарма прэмію падкінуў, ды і тут, у магазіне, Алена Кавальчук абслужыла як найлепш: прапусціла без чаргі, выбрала сухой, не пакамечанай «Прымы».

Яшчэ паўгадзіны таму назад Саўка Халецкі так і кіпеў, каб накруціць вушы паганцу Пецю Дразду, а выходзіць, дзякаваць хлопца трэба. Гэта ж так добра ўдружыў: у Саўкі і аўтарытэт нейкі займеўся, і курыва, бадай, хопіць на месяц. Паплаўнічы нездарма адбухаў на свеце столькі гадоў, каб што-небудзь разумець у жыцці, і калі падыходзіў да сядзібы Мікалая Дразда, што тулілася ў засені старых яблынь і сліў, то ў яго было ўжо абдумана, як найлепей скарыстаць гэтага няздалага смаркатага пісарчука.

— Эге ж, хлопча, так і быць, не буду круціць табе вушы,— сказаў услых Саўка, адчыняючы тугую брамку.— Дарую свой сорам, сваю ганьбу.

Пеця быў дома — сядзеў за сталом, нешта спісваў у сшытак з тоўстай кнігі, прыслоненай да сцяны, рыхтаваўся, відаць, да ўрокаў. Хлопец убачыў паплаўнічага і раптам пачырванеў як бурак, заморгаў вейкамі, захліпаў носам, і здагадлівы госць адразу ззорыў гэтую яго разгубленасць, зразумеў, чаго затурбаваўся Пеця: чуе коцік, чыё сала ўходаў.

— А дзе ж бацькі? — бесцырымонна сядаючы на табурэтку, папытаў Саўка Халецкі і паклаў на калені сетку з «Прымай».— Мусіць, на рабоце?

— Ага, на рабоце,— пацвердзіў Пеця і яшчэ больш пачырванеў.— Тата на свінаферме, а мама цялятам пайшла даваць.

Светлавалосы, шчуплы хлапчук неспакойна круціўся на крэсле, не падымаў галаву, таму што яму, мабыць, сорамна было глядзець у вочы старому чалавеку.

— Навогул, я не да бацькоў прыйшоў, а да цябе, Пятро,— сказаў паплаўнічы.— Ды не круціся ты, бо порткі прадзярэш. Думаеш, я не ведаю, хто заметку падаў пад маім прозвіскам? Прызнавайся — ты?

— Я,— яшчэ ніжэй прыгнуўся да стала Пеця.— Сам не ведаю, як гэта выйшла.

— Не бойся, караць не буду, бо анічуць не крыўдую. Усё ж здорава мы з табою гэтага чорнага грака, заўклуба, прапясочылі! Да мяне прыбягаў, аж слінай пырскаўся. Ха-ха-ха!

Саўка Халецкі, здавалася, лопне ад гучнага рогату, так яму было смешна з таго несусветнага лодыра Рамана Лівашова, які яшчэ і сёння воўкам глядзіць на свайго суседа. Стары паплаўнічы быў маўклівы па натуры, і Пеця, ведаючы гэта, глядзеў на яго здзіўлена і спалохана. Хлопец не здагадваўся, чаго заявіўся ў хату незвычайна вясёлы чалавек, і толькі часта-часта лыпаў вачыма. Нарэшце Саўка Халецкі вырагатаўся, выцер слязу, што скацілася па шчацэ, і ўжо сур’ёзна загадаў Пецю:

— А зараз бяры, хлопча, ручку і чысты ліст паперы. Паколькі я ўжо законны сельскі карэспандэнт, то напішам з табою яшчэ адну заметку ў газету.

— Узяў,— пакорліва сказаў Пеця.— Пра што ж пісаць? Можа, пра лазню? Зусім жа яна разбурылася.

— Пра лазню — другім разам. А напішам мы пра наш магазін.— Саўка Халецкі зручней усеўся на табурэтцы, наморшчыў высокі лоб.— Я буду нагаворваць словы, а ты пішы. Адно каб без памылак было.

— Дыктуйце тады.

— Значыць, так. Стаў загаловак, ці як там называецца: «Гаспадыня за прылаўкам». Напісаў? Цяпер шуруй далей. У нашай вёсцы прадаўцом сельскага магазіна робіць ветлівая і сардэчная жанчына Алена Кавальчук. Усе калгаснікі адносяцца да яе з вялікай павагай...

Пеця Дрозд яшчэ не ведаў, што надоўга трапіў у кабалу да хітрага паплаўнічага, і таму, высалапіўшы язык, шчыра стараўся выкупіць сваю віну. Акуратна, без памылак, як ніколі, бадай, не шчыраваў і ў школьных сшытках, ён пад чужую дыктоўку апісаў заслугі Алены Кавальчук перад вёскай: і якая яна добрая, і якая працавітая ды паслухмяная, хоць сярод ночы падымі — прыйдзе ў магазін і адпусціць усё, што хочаш. Затым Пеця падрабязпа выклаў на паперы пра чысціню і парадак у магазіне, а ў канцы, са слоў свайго мучыцеля, пажадаў прадаўшчыцы доўгіх гадоў жыцця, моцнага здароўя і толькі тады, з палёгкай уздыхнуўшы, паставіў апошнюю кропку.

— Што, ужо кончыў? Які малайчына! — пахваліў Саўка Халецкі.— Калі так, то зноў падпішы маё прозвіска. Хай чытаюць людзі, хай радуюцца.

— Падпісаў,— сказаў Пеця і неўзаметку выцер узмакрэлы лоб.— Дзядзька Саўка, я магу вам і канверт даць.

— Але ж праўда, канверта ў мяне няма.

— Які вам — з кветачкай ці з самалёцікам?

— Карбунец яго ведае. Бадай, хай будзе з самалёцікам — мо хутчэй дойдзе.

Пакуль Пеця пісаў адрас рэдакцыі і заклейваў канверт, Саўка Халецкі важна сядзеў па табурэтцы і, гледзячы, як спрытна ходзіць пяро ў хлопцавых руках, думаў, што ў Малым Сяле наогул багата шустрых падшыванцаў, але такіх кемлівых і разумных, як Пеця Дрозд, бадай што і не знойдзеш. Бачыш, які пісар талковы: колькі таго часу змарнаваў, а заметку ў газету быццам памаляваў — спісаў аж дзве старонкі. Калі надрукаваць усю, то задрыпанай траячкай тут, мабыць, і не пахне.

— Вазьміце, дзядзька Саўка,— падаў Пеця акуратна заклеены канверт з самалёцікам і, ужо крыху павесялелы, пажартаваў: — Паштальён, шырэй крок, калі можна — дык бягом!

— Ага, добра ты пра паштальёна напомніў,— замест падзякі сказаў паплаўнічы.— У другі раз пададзім у газету, чаму ў нашай вёсцы пошты няма. Не маладзён жа я, каб так шыбка за Іванавым матацыклетам бегаць.

Заметку пра Алену Кавальчук надрукавалі роўна праз тыдзень, і шчаслівы Саўка Халецкі, выхапіўшы з рук Івана Мухі раённую газету, надоўга забыў, што ён ужо даволі пажылы чалавек, і да самага вечара як ашалелы насіўся па Малым Сяле, кожнаму сустрэчнаму тыцкаў у нос сваёй новай заметкай. Але ўсё паўтарылася, як і ў першы раз: хто пахваліў, хто паглядзеў скрыва, з насмешкай, а Раман Лівашоў зусім сур’ёзна распусціў чутку, што яго сусед здзяцінеў, звіхнуўся з розуму. Праўда, і Алег Іванавіч больш не запрасіў у свой старшынёўскі кабінет і не выпісаў прэмію, затое Алена Кавальчук, радасная, нібы дзеўка перад вяселлем, завяла яго ў бакоўку і паказала дэфіцыты — пляскатыя батарэйкі для кішэннага ліхтарыка, будзільнікі, бензапілу, сарочку з нейкім нянаскім надпісам.

— Выбірай, Сідаравіч, што душа пажадае.

— Навошта мне гэтая дрэнь? — закапыліў губу Саўка Халецкі, відаць, вырашыўшы, што як селькор мае права на капрыз.— Можа, на ёй, на кашулі заморскай, штось паганае напісана?

Ён выбраў сабе сіні будзільнік — стары даўно сапсаваўся, купіў дзве батарэйкі — ноччу, бывае, трэба выйсці на двор, памацаў з усіх бакоў пафарбаваную на чырвонае бензапілу «Дружба», пацмокаў языком і важна пакінуў магазін, нечакана выявіўшы, што гэта дужа прыемна, калі дзверы табе пачціва адчыняе сама прадаўшчыца. Поўны пыхі, што завалодала ім яшчэ там, у бакоўцы з дэфіцытамі, Саўка Халецкі няспешна ішоў па вуліцы, і калі хто сустрэчны вітаўся, то ледзь прыкметна ківаў галавою ў адказ. Адно засмучала яго: у рэдакцыі заметку скарацілі на добрую палову, а значыць, прапала надзея на вялікі ганарар, за які, прынамсі, можна было б прыдбаць ужо поўную сетку «Прымы».

— Іш ты, гарбузаўцы! Ім бы ўсё рэзаць ды рэзаць,— услых палаяў паплаўнічы раённых газетчыкаў.— На вожыка пасадзіць бы каторага за такія штукі.

Але смуткаваў ён нядоўга, бо новы будзільнік спраўна звінеў уранку, а ліхтарык са свежымі батарэйкамі свяціў надта ярка, і, прачнуўшыся сярод ночы, стары чалавек падоўгу перабіраў у памяці вясковыя навіны, якія маглі б зацікавіць рэдакцыю. Цяпер, як і ўсякаму творчаму чалавеку, яму кепска спалася, ён пакутаваў, ажно пахудзеў ад процьмы планаў і задум. З ганарару, што прыйшоў за Алену Кавальчук, падумаўшы, замест курыва купіў цэлы пачак канвертаў і як не кожны дзень, то цераз дзень валокся ў хату Мікалая Дразда і, калі дома не было дарослых, няшчадна эксплуатаваў паслухмянага Пецю. Адукаваны нявольнік, маючы за плячыма шэсць класаў, даволі талкова, часам без чужой дыктоўкі, пісаў заметкі, а Саўка Халецкі ў вялікім захапленні ад такога яго ўмельства забіраў тоўстыя канверты і перадаваў у рукі Івану Муху. Разам з Пецем яны напісалі крытыкулы, як называў заметкі стары паплаўнічы, і пра пошту, і пра разбураную лазню, і багата яшчэ пра што. Заметкі рэдакцыя друкавала, часам прыходзілі адмоўныя адказы, але гэта ўжо не засмучала Саўку Халецкага, таму што пісьмы ў газету з Малога Сяла ляцелі суцэльнымі касякамі. У Пеці, вялікага нявольніка і пакутніка, на пальцах з явіліся мазалі, яму даўно апрыкла ўся гэтая пісаніна, і аднойчы, убачыўшы ў акне знаёмую постаць, хлопец адным махам апынуўся пад ложкам і прытаіўся там як мыш. Саўка Халецкі патупаў па хаце, падзівіўся, чаму ў пакоях пуста, раптам убачыў на стале кнігі і сшытак, на якім яшчэ не засохла чарніла, і адразу даўмеўся, што тут да чаго. Ён нагнуўся, падняў коўдру і за нагу выцягнуў з-пад ложка свайго замардаванага памочніка.

— Не дурэй, хлопча,— павучаў паплаўнічы, ведучы Пецю да стала.— Сам жа ўблытаў мяне ў гэтую справу. Сядай, бяры лісток і шкрабай. Пра што ж гэта я маракаваў? Ага, дзеля справядлівасці трэба чыркнуць крытыкул пра нашу вуліцу. І Лебяда, і Лелес з сельсавета ездзяць, а ніхто не бачыць, што гразюка па калена.

Пра гразкую вуліцу Пеця, аднак, напісаў заметку з ахвотай, таму што яму і самому надакучыла абмінаць глыбокія калюжыны, прабіраючыся паўз платы, але тым не менш хлопец усё больш пачынаў ненавідзець старога паплаўнічага, свайго мучыцеля і прыгнятальніка. Маючы вялікі запас канвертаў, той кожны раз знаходзіў прычыну спатрэбіць іх на «апшчэсценную», як казаў, справу. Слава сельскага карэспандэнта, а так нязменна падпісвалі яго заметку ў газеце, надавала Саўку Халецкаму небывалага гонару, і, па свайму абавязку абыходзячы калгасныя палеткі, ён уважліва прыглядаўся да ўсяго, што варта было б пакрытыкаваць. Як толькі прыносілі свежы нумар раёнкі, Алег Іванавіч Лебяда ўжо і сам выхопліваў яе з рук паштальёна, ліхаманкава праглядаў ад першай да апошняй старонкі, шукаючы заметак з калгаса «Партызан». Старшыня не менш, чым Пеця Дрозд, ненавідзеў цяпер паплаўнічага і дужа шкадаваў, што ранняй вясной выпісаў яму прэмію.

Саўка Халецкі, паверыўшы ў сваю бязгрэшнасць, добра-такі ўкусіў калгаснае начальства: першы раз напісаў, што грэчку ў калгасе пасеялі няроўна, з агрэхамі, а потым, ужо па пачатку лета, паведаміў у рэдакцыю, што бурачныя плантацыі густа зараслі свірэпкай, і гэтыя дзве заметкі ў газеце надрукавалі пад рубрыкай «Трывожны сігнал». Забіраючы з Пецевых рук чарговы канверт з крытыкулам, асцярожны паплаўнічы кожны раз прасіў, каб той, абрунь бог, не сказаў нікому, што піша заметкі за Саўку Халецкага, але нейкім чынам, ці то прагаварыўся сам селькор, ці то яго тайну выдаў вушлы паштальён Іван Муха, пра незвычайную эксплуатацыю чалавека чалавекам у Малым Сяле даведаўся Алег Іванавіч Лебяда. Будучы па справах у маласельскай брыгадзе, старшыня калгаса, мужчына грузны і тоўсты, як снежная баба, напаткаў на вуліцы Пецю, усёй сваёй магутнай масай прыціснуў беднага хлопца да збуцвелага плота і прачытаў натацыю.

— Шалапут ты гэтакі, смаркач! За каго пішаш? За гэтага абібока Халецкага? Ды яго ж самога даўно трэба раздраконіць у газеце. От скажу твайму бацьку, хай папругу возьме за такое дзела,— Лебяда страшна вытрашчыў круглыя, як шары, вочы, думаючы да паўсмерці напалохаць Пецю, але раптам палагаднеў, падабрэў і ўжо спакойным, нават ліслівым голасам папрасіў: — Ладна, пра папругу я гэта так, да слова. Але вось што, Пеця. Калі Саўка Халецкі зноў пачне мудрыць заметку пра непарадкі ў калгасе, скажам, пра сенакос ці пра тую ж свінаферму, дзе твой бацька робіць, дык ты, браток, мне перадай.

— Добра, перадам,— згадзіўся Пеця.— Калі што якое, адразу да вас у праўленне прыбягу.

Старшыня калгаса пасля гэтай сустрэчы паспакайнеў, ужо без ранейшага страху браў у рукі раённую газету, але дарма ён паглядаў у акно, марна ўзіраўся ў кожнага хлапчука. Пеця Дрозд у праўленне не бег, і ў гэтым, як высветлілася, у яго не было патрэбы. Неўпрыкмет надышло гарачае лета, скончыліся заняткі ў школе. Амаль паўмесяца Пеця яшчэ хадзіў у вучнёўскую вытворчую брыгаду — разам з сябрамі палоў кукурузу, прарывалі буракі, а потым стаў вольны як птах. На лузе за вёскай стракаталі касілкі, трактарысты акучвалі бульбу, непадалёк ад вясковага выгану пяшчотным блакітам разліўся лён, жоўтым полымем ускінуўся лубін — адцвіў і дружна пайшоў у струкі. Пеця куляўся ў копах сена, весяліўся як хацеў, калі ж прыходзіла чарга, пасвіў на выгане кароў і дужа радаваўся, што цяпер Саўка Халецкі радзей дакучае яму. З надыходам лета ў паплаўнічага прыбавілася турбот, паменела вольнага часу, але і Пеця стаў хітрэйшы і разумнейшы. Убачыўшы, што брамку адчыняе яго мучыцель, хлопец ужо не хаваўся пад ложак — стрымгалоў вылятаў у сенцы і па драбінах хуценька, як малпа, карабуліўся на гарышча. Паплаўнічы звыкла тупаў па хаце, заглядваў ва ўсе закуткі, Пецю, вядома, не знаходзіў і вяртаўся дамоў з путым канвертам за пазухай.

І ўсё ж Пеця не ўсцярогся, не ўпільнаваў Саўку Халецкага: той застаў яго знянацку ў самым нечаканым месцы — на вясковым выгане, дзе хлапчук адпасваў чаргу. На пашы, мокрай ад расы і ўчарашняга дажджу, яшчэ стаяў густы туман, каровы, згаладалыя за ноч, папоўніцы хапалі ядкую траву, а пастушок, утульваючы галаву ў каўнер курткі, ад сырасці і ранішняй прахалоды хаваўся ў зацішак каля пахілых кустоў алешніку. З сівога туману, якім быў спавіты і травяністы поплаў, і лубінавы палетак непадалёку, раптам выплыў нейкі высозны прывід і, гучна лаючыся, пачаў набліжацца да кустоў. Пеця прыгледзеўся і з жахам пазнаў у ім старога паплаўнічага. Пастушку хацелася схавацца, уцячы куды-небудзь, праваліцца хоць у прорву, але ён успомніў пра статак і застаўся на месцы.

Саўка Халецкі падышоў бліжэй, прыпыніўся і здзіўлена паглядзеў на Пецю. Твар у паплаўнічага быў чырвоны ад злосці, Саўка стомлена пахістваўся на цыбатых нагах, у руцэ ён трымаў вялікі лазовы кош, ледзь не ўкоптур напоўнены зялёнымі, яшчэ дробнымі струкамі лубіну.

— Пішы, Пятро, пішы! — мала што не закрычаў чырвоны і потны Саўка Халецкі, трасучы кашом, а другою рукою корпаючыся за пазухай.— Вось табе лісток, вось канверт, вось аловак. Пішы, Пятро, пра старую Вінцю, зладзейку несусветную. Ведаеш, учора я быў у хворага пляменніка, заначаваў, бо звечара ліў дождж, а сёння іду паўз палетак і чую — шум у лубіне! Падкраўся, а гэта Вінця струкі шчыпае. Забраў крадзенае, і вось добра, што цябе сустрэў.— Паплаўнічы паставіў кош пад альховы куст і зноў пачаў патрабаваць: — Пішы, Пеця! Хоць Вінця мая далёкая сваячка, а ўсё адно пішы. Як гэта сваіх парасят карміць народным лубінам?

Саўка Халецкі ледзь не лопаў ад злосці — ятрыўся, на чым свет стаіць лаяў Вінцю, нарэшце, змогся, уціхамірыўся і, забыўшы кош з лубінам, зняможана паблытаўся дахаты па роснай траве. Туман пачаў ужо радзець, расплывацца па нізках. Паказалася з-за лесу невысокае яшчэ сонца, і адразу пацяплела, Пецю перасталі браць дрыжыкі. Крыху сагрэўшыся, ён пакінуў алешнік і зайшоў ад лубіну, каб каровы не лезлі ў шкоду. Стаяў на абмежку, пільнаваў чараду, не ведаючы, што рабіць з Саўкавымі пакамечанымі паперкамі і лазовым кашом. Старая Вінця, канечне, кепска зрабіла, але ж не прападаць дабру. Пеця падазваў сваю Падласку, паставіў ёй пад самую пысу кош, бо звычайна за такі вось ласунак ёй часта перападае дубцом альбо пугай па крутых баках.

Пасвіць статак Пеця наогул не любіў: зараз вышэй падымецца сонца, наляціць заедзь, і самыя маладыя шалапутныя каровы пазадзіраюць хвасты — не набегаешся тады за імі. Аваднёў і сляпнёў яшчэ не было чуваць, але ён з трывогай паглядаў на сонца, часта мераў крокамі свой цень, нецярпліва чакаючы поўдня, калі чараду можна будзе гнаць дадому. Цень укарочваўся марудна, на шчасце, і заедзь мала дакучала — ці то яе патруцілі гербіцыдамі, ці то гэтая погань яшчэ не ажыла пасля ўчарашняга дажджу, затое, ужо дзесьці пад самы абед, Пеця з нянавісцю зноў убачыў Саўку Халецкага. Раз-пораз спатыкаючыся па ямках і купінах, ад канцавых хат Малога Сяла той амаль подбегам кіраваўся проста сюды, на выган, які ўжо абсох ад расы і нават як быццам пасівеў на сонцы.

— Ты, гэта самае, не пісаў яшчэ пра Вінцю? — падбегшы на абмежак, спытаў паплаўнічы, раззяханы, ліслівы і ўжо не такі чырвоны, як уранку.— Не пісаў? То і добра. Чаго з дурной галавы не натворыш.— Ён азірнуўся вакол сябе, нешта шукаючы вачыма. — А дзе ж кош? Пайду мірыцца з Вінцяй. Якая ні ёсць, а ўсё-такі радня.

— Вунь кош пад алешынай,— паказаў Пеця, адчуваючы ў сабе незвычайную смеласць.— І канверт свой забярыце... А лубін я Падласцы скарміў.

— Мне не шкада — хай спажывае на здароўе,— махнуй рукою Саўка Халецкі.— Мне абы ціха было.

Паплаўнічы, нейкі згорблены і сагнуты, падыбаў мяжою паўз лубін, а Пеця з радасцю паглядзеў яму ўслед і, памераўшы свой — кароценькі ўжо — цень, хуценька пагнаў чараду з пашы. Кожны, хто добра ведае хлопца, напэўна, падзівіўся б, што ідзе ён за каровамі чамусьці спахмурнелы, вельмі сур’ёзны, натапыраны, калючы, як вожык. Сёння Пеця ўспароўся рана, у абед пастушок меў законнае права паспаць гадзін колькі, але замест гэтага ён зачыніўся ў пакоі і пачаў нешта хуценька страчыць на лістку паперы, вырваным са сшытка. Калі скончыў, ажно пасвятлеў з твару, усунуў напісанае ў канверт і выйшаў на вуліцу — акурат у гэты самы абедзенны час Іван Муха развозіў свежую пошту. Яго сіні пашарпаны матацыкл трашчаў ужо зусім блізка, і калі паштальён спыніўся каля брамкі, дастаючы з сумкі газеты, Пеця падаў яму заклеены і акуратна падпісаны канверт.

— Дзядзька Іван, аддайце на пошту.

— Што, яшчэ адзін селькор паявіўся? — хітра падміргнуўшы, спытаў паштальён.— Па-мойму, у Малым Сяле хапіла б і Саўкі Халецкага.

— Ды не, там пра кветачкі, пра птушачак,— збянтэжыўся Пеця.

— Ладна ўжо, аддам.

Аднак і добрыя ж былі гэтыя кветачкі і птушачкі, калі праз колькі дзён раённую газету ў Малым Сяле як не вырывалі адзін у аднаго з рук. Газету зачытвалі да дзірак, людзі хвалілі Пецю Дразда, а праходзячы паўз хату паплаўнічага, з’едліва пасміхаліся, сёй-той не цырымонячыся нават паказваў пальцам на яго вокны. Не разумеючы, з чаго б такое вяселле і адкуль у суседзяў набралася столькі смеху, Саўка Халецкі таксама торкнуўся носам у газету і адразу ж адкінуў галаву, як апёкся. На самым відным месцы, у сатырычным аддзеле «На сучок», была надрукавана заметка пра яго самога — хабаршчыка, зласліўца, несумленнага чалавека. Не шкадуючы фарбаў, раёнка распісала ўсе яго грахі: пра тое, як дзесьці валачыўся ўсю ноч, як злавіў сваю сваячку ў лубіне, але начальству не заявіў, нават было і пра тое, як Саўка ўпотай хадзіў у магазін і браў у Алены Кавальчук дэфіцытныя тавары. Побач з заметкай красаваўся яшчэ і дужа смешны малюнак: цераз лубінавае поле ідзе Саўка Халецкі, адвярнуў голаў убок і быццам не бачыць, што мардатая кабета абшчыпвае ў велізарны кош струкі лубіну.

— Ах гіцаль, ах нягоднік!

Стары паплаўнічы, ашалелы ад злосці і сораму, парваў газету на шматкі, шчыльна завесіў фіранкі на вокнах, разумеючы, што ніякай славы і павагі цяпер яму не будзе. Суседзі ўпотай, а то і адкрыта кпілі, пасміхаліся з Саўкі Халецкага, заметку пра яго з вялікай прыемнасцю чытаў і перачытваў старшыня калгаса, а Раман Раманавіч Лівашоў ажно падскочыў ад радасці, траха не абамлеў ад шчасця, калі ўбачыў у «Савецкім Палессі» трапную карыкатуру на свайго блізкага суседа і найпершага ворага. Загадчык клуба выразаў малюнак з газеты, павесіў навідавоку, і кожны, хто заходзіў у калідор, адразу бачыў на сцяне намаляванага чалавека з незвычайна доўгімі нагамі, пукатымі вачыма і булаватым носам.

Пасля гэтых падзей Пеця Дрозд, баючыся помсты, доўга не рашаўся выходзіць на вуліцу, а калі зноў адпасваў чаргу, то глядзеў кароў асабліва пільна, таму што паблізу ў кустах шастаў паплаўнічы Саўка Халецкі, былы селькор, былы эксплуататар і прыгнятальнік, цешачы сябе надзеяй на чырвоны мак аздобіць Пецевы вушы, калі якая неразумная рагуля залезе ў калгасныя пасевы і наробіць глуму.


1985-1988

Тэкст падаецца паводле выдання: Гардзей В. Карані вечнага дрэва: Аповесць, апавяданні. — Мн.: Маст. літ., 1988. — 254 с.: іл.
Крыніца: скан