epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Гардзей

Сенька і галубы

 

Цэлая вуліца бязбацькавічаў.

Стасевага бацьку забілі на Вісле, Міколкавага — пад Берлінам, Цімкавага тату замучылі бандыты, якія пасля вайны хаваліся ў Машукоўскім лесе. Не памятае свайго і Сенька Марыльчын. Яго бацька, гвардыі сяржант Хведар Дрозд, таксама не вярнуўся з фронту.

Але на сірочай вуліцы болей за ўсіх не пашанцавала Тэклінаму Алёшку. У яго і бацькі няма, і сам калечка. Ходзіць Алёшка на арэхавых кійках: адзін зашчэмлівае пад пахай, а на другі — карацейшы — апіраецца правай рукой. Гэтак і ходзіць — кульгець, кульгець. Ступак левай нагі ў Алёшкі дзіўна завернуты набок, а сама нага тоненькая, аж свіціцца. Нарадзіўся такім. Алёшка не гуляе ў хованкі, не папускаецца, як гранатамі, кукурузнымі катахамі — абедзве рукі ў яго заўсёды заняты. А старая Тэкля глядзіць на свайго калечку, і на вачах у яе слёзы.

Стась з дзядзькам Міхалем драпае кукурузу, Міколка пасе статак на выгане, Цімка яшчэ з раніцы пабег у лес — там сама што паспелі чарніцы. Сенька па-свойму зарабляе працадні. І толькі адзін Алёшка нідзе не ўладкаваны. Вадзіць каня, як Стась, ён не здолее, за каровамі не ўбяжыцца, нават у лес па ягады яго не возьмеш — адстане. Хай бы Алёшка лепш і не прыходзіў на калгасны двор, не глядзеў зайздросна, як Стась запрагае Каштанчыка.

Алёшка пастаяў каля свірна, уздыхнуў і, налягаючы на свае арэхавыя хадулі, паклыпаў дахаты. А Сенька застаўся. Яму трэба быць на службе. Сеньку наняў сам кладаўшчык Генюсь Пакумейка. Хто ведае, які ён гаспадар у свірне, а на выгляд Генюсь — чалавек самавіты. Ходзіць у зялёным галіфэ і такой жа зялёнай гімнасцёрцы. У Генюся густы рыжы чуб, рыжыя бровы, і, каб не гэтае рыжоцце, то і наогул ён не меў бы сабе раўні. І чаму толькі дзяўчатам падабаюцца ўсе высокія і рыжыя? Не проста ж так сабе лупіць на Генюся зекры гэтая губатая Манька Тадорчына. Яна памагае наводзіць парадак у свірне, мые арфу, раз-пораз зыркаючы на рыжага Генюся, а на Сеньку нават і не гляне.

Сеньку дзявочая няўвага мала абыходзіць. Хай ужо рыжы Генюсь цешыцца сваёй Манькай. Сеньку абы працадні ішлі. Кладаўшчык цэлую кучу іх наабяцаў. Праўда, не адразу ён рашыўся аддаць столькі багацця ў хлапечыя рукі, яшчэ і перапытаў:

— Ты вушлы хлопец, Сенька?

— Але, дзядзька Генюсь. Вушлы, вушлы! — паспешліва адказаў Сенька і, дзеля нагляднасці, памацаў свае вушы.

— Сам бачу, што вушы ў цябе, як талеркі,— зморшчыўся рыжы Генюсь.— Я не пра тое. Я пытаю: ці хітры ты?

Сенька ўспомніў, што Тадорка, Маньчына маці, і да гэтага часу не ведае, хто зняў з шула дзіравы алюмініевы саганок і прадаў у краму на цукеркі, і адказаў без ашуканства:

— Хітры, хітры!

— Я-то і бачу,— зусім задаволена ўсміхнуўся рыжы Генюсь і ўзяў Сеньку на работу.— Калі будзеш старацца, то можаш зарабіць мяшок збожжа. Працадні ў мяне не палявыя — асаблівыя. Па тры кіло жыта буду даваць.

Гэта яшчэ і як добра, што працадні ў рыжага Генюся такія жытныя. Кепска другое: служба Сеньку трапілася сядзячая. Трэба сядзець на памосце каля свірна, глядзець у неба, і — усё, і ніякіх больш табе клопатаў. Хопіць ужо, што губатая Манька бегае па свірне за дваіх. Яна памыла арфу, прыбрала на праходзе, а цяпер мокрай анучай працірае дошкі ў засеках, усё далей адыходзячыся ў глыб шэрай будыніны.

Пры Маньцы рыжы Генюсь як перарадзіўся: вельмі стаў рухавы і шустры. То быў павольны, як мул, а тут і спрыт аднекуль узяўся. Зялёная гімнасцёрка не адыходзіцца ад Манькі — падасць то анучу, то вядро з вадою. А калі Манька лезе абмятаць павуцінне са сцен, Генюсь трымае лескі, каб не ўпала. Вясёлая ў іх работа. Манька смяецца на ўвесь свіран, а рыжы Генюсь, відаць, любіць яе смех: раз за разам казыча Маньцы босую пятку, каб памочніца яшчэ больш смяялася.

— Ой, не казычыся, Генюсь! — просіцца Манька.— Не казычыся, а то ўбрыкну.

Аднаму Сеньку сумна. Перакінуцца слоўцам няма з кім, і гуляць не пабяжыш, бо выгодную службу страціш. Трэба цярпець, калі ўзяўся за гуж. Але ж і абед ужо хутка. У бязвоблачным небе прашмыгнула чародка галубоў, недзе ў застрэшку чырыкнуў верабей. У свірне, як мыш, піскнула Манька і адразу заціхла. І добра ж ён памагае рыжы Генюсь! Яны, мусіць, і не думаюць пра абед? Не, думаюць. Першай выбегла з дзвярэй Манька — румяная, вясёлая, паправіла хустку і хуценька спусцілася на прыступках з памоста. Рыжы Генюсь выйшаў павольна, на хаду папраўляючы гімнасцёрку. Убачыў Сеньку, сказаў:

— Ідзі ўжэ і ты абедаць.

Бегчы дахаты Сеньку ўсяго некалькі хвілін. За сталом ён сядзіць, нібы турэцкі султан. Падавай, маці, хутчэй яечню! Бачыш, як нарабіўся твой сын. Але яечню маці не падае: нясе шчаўе, засмачанае смятанай. Сенька бярэ лыжку, акраец хлеба.

— Еш памочнічак мой,— глядзіць збоку маці.— Стаміўся, нябось.

На ўслоне каля акна сядзіць Тэкля. У яе вечна чаго-небудзь не хапае: соль пазычае, па запалкі прыходзіць. А калі зойдзе ў хату, то можа прасядзець цэлы дзень.

— Дзіва што стаміўся,— кажа Тэкля.

— А вось і не стаміўся,— пярэчыць ёй Сенька, адарваўшыся ад міскі.— Я цяпер на штатнай рабоце. У свірне я цяпер. Сам кладаўшчык наняў.

— І што ты там робіш, Сенька? — дзівіцца маці.— Жыта арфуеш?

— Якое ж сёння жыта? — пацепнуў плечукамі Сенька.— Вераб'ёў і галубоў пільную, каб не ляцелі ў свіран. Генюсь там парадак паводзіць, а пташкі, самі ж ведаеце, што могуць... От і пільную.

— Нявеж праўда? — падсунулася да стала Тэкля.— Галубоў пільнуеш? І толькі ўсяго?

— Трэба мне хлусіць,— пакрыўдзіўся Сенька.— Генюсь наняў. Ён мне за гэта яшчэ і працадні піша. У яго нейкія асаблівыя працадні — не палявыя. Па тры кіло жыта будуць даваць за кожны.

— Тры кіло? — здзівілася Тэкля.

— Ну, я пайшоў, мама,— падняўся з-за стала Сенька.— Генюсь, напэўна, без мяне свіран не адчыняе.

Тры хвіліны лёту, і — Сенька на службе. Манька шаруе засекі, бразгае вядром. Сенька сядзіць на памосце, пільнуе галубоў. А рыжы Генюсь зноў стаіць у парозе свірна і задае ўсё тое ж пытанне:

— Пільнуеш, Сенька?

— Пільную, дзядзька Генюсь.

— Глядзі ж, не праваронь. Каб ні адзін голуб у свіран не заляцеў. Чуеш?

— Чую, чую.

— Я там буду мяшкі зашываць. Калі пакажацца хто блізка, таксама не забудзь свіснуць.

— Свісну, свісну!

Сенька стараецца, добра пільнуе галубоў, і нечакана яму прыходзіць думка, што ці варта было б плаціць столькі жыта за такую марную работу? Птушкі, хоць ты плач, не ляцяць у свіран. Мабыць, здагадваюцца дармаедкі, што збожжа тут і каліва няма. Хоць бы той абшчыпаны верабейчык прыляцеў, які перад абедам чырыкаў у застрэшку. Але што гэта? Невысока над свірнам пракрулявала чародка галубоў. Няўжо і гэтыя праляцяць міма? Такога здзеку над сабой Сенька не дапусціць. Пальцы самі просяцца ў рот, а калі пальцы ў роце, то і свістаць трэба. Сенька свішча — раз, другі. Свісту, аднак, мала, і Сенька ў дадатак яшчэ і крычыць:

— Эге-ге-гей, галубы! Эге-ге-гей!

У свірне гудзе падлога, дрыжаць сцены, звіняць вёдры. Спатыкаючыся ўпоцемках, тупаціць ботамі рыжы Генюсь. Як жа ён, бедненькі, спалохаўся Сенькавага свісту! Выбег у расхрыстанай гімнасцёрцы, без папружкі, з растрапаным рыжоццем на галаве.

— Што, дзе? — дрыжыць у Генюся голас.— Хто там ідзе?

— Ніхто не ідзе,—смяецца Сенька.—Галубы вунь кружацца.

Дзіўна, што Генюсь не сварыцца на Сеньку: задзёр голаў у неба, убачыў там галубоў і адразу палагаднеў, уздыхнуў з аблёгкай:

— Ат, хай сабе кружацца. Столькі тут бяды. А ты, хлопча, не свішчы без патрэбы.

Сенька чырванее. Цяпер ён не будзе з-за дробязі палохаць рыжага Генюся — хай ужо спакойна зашывае свае мяшкі. А тым больш і свістаць няма на каго, бо галубы падражніліся з хлопцам і прапалі за засмужаным лесам. Ад суму можна памерці.

Але Сенька не памірае, а ўсяго толькі дрэмле, прыгрэўшыся каля сцяны. Сенька дрэмле і не ведае, што трэба свістаць, спіць, бядак, і не бачыць, што каля свірна мільганулася квяцістай хусткай старая Тэкля. Вось яна высунулася з-за вугла, вось ужо, цяжка сапучы, падымаецца па скрыпучых прыступках на драўляны памост. За рукаво Тэкля цягне свайго няздалага Алёшку. Ён упіраецца, хныча, грукаючы аб дошкі арэхавымі кійкамі. Ад скрыпу і шуму Сенька прачынаецца.

— Цётка, куды вы?

— Генюся шукаю,— азірнулася Алёшкава маці.— Дзе ён тут? Дальбо, нічога не бачу.

Сенька свішча.

— Ды сціхні ты! Свістун мне знайшоўся,— абураецца Тэкля.— Іш, як ён працадні зарабляе! Дрыхне сабе, як паўпанак.

Зноў гудзе падлога, бразгацяць вёдры. У гэты канец свірна з-за арфы бяжыць рыжы Генюсь. Пакуль ён мыляе губамі, дзівячыся, адкуль тут з'явіліся госці, старая Тэкля водзіць вачыма па столі, па сценах, выцягваючы шыю, зазірае ў засекі.

— Праўду Сенька казаў. Анбар прыбралі, як да вялікадня. І галубоў не відаць.

— Якіх галубоў? — не разумее рыжы Генюсь, ужо крыху супакоіўшыся.— Нешта верзяце вы.

Цётка Тэкля падазрона глядзіць на кладаўшчыка.

— Бытта ён не ведае! Іш, хітрун! А Сеньку дзеля чаго наняў? Каб галубоў у свіран не пускаў. Во!

Цяпер чырванее рыжы Генюсь. Ён то хавае рукі ў кішэні, то вымае назад і, здаецца, з лютай нянавісцю глядзіць на Сеньку.

— Слухай, міл-чалавек,— лагаднее цётка Тэкля.— Наняў аднаго, то і другога вазьмі. Алёшку я прывяла. Не глядзі, што калечка. Будзе добра на галубоў свістаць.

— Жарт гэта. Нікога я не наймаў,— разводзіць рукамі кладаўшчык.— Яй-богу, пажартаваў.

— Добрыя жарты, калі па тры кілі жыта даеш за выхад.— Не верыць цётка Тэкля.— Чуеш, вазьмі Алёшку!

Рыжы Генюсь разгублена лыпае вачыма:

— Узяў бы, каб льга было. Пакпіў я з Сенькі. Ну, чэснае слова, пакпіў.

Старая Тэкля ўжо і сама бачыць, што кладаўшчык не хлусіць. Які момант яна стаіць змрочная, расчараваная. Потым хапае з Алёшкавых рук арэхавы кіёк і тыцкае ім перад самым носам рыжаму Генюсю.

— Акаянец ты! — крычыць Тэкля.— Зладзюга рыжы! Ці ж можна з дзяцей збыткаваць?

— Не хацеў жа я,— спрабуе абараніцца Генюсь.— Само ўсё выйшла.

— Ды я ж табе бельмы выкалю...

Цётка Тэкля гоніць перад сабой рыжага Генюся — тупаціць нагамі, трасе кіем. Генюсь адступае ў цёмны канец свірна, засланяецца далонямі. Звініць пад ботамі вядро. З-за арфы на шум выглядвае Манька Тадорчына і тут жа хаваецца назад. Толькі на міг паказаліся зіркатыя вочы, але і гэтага хапіла Тэклі, каб убачыць і пазнаць Маньку.

— Не хавайся! Бачу, бачу! — свішча ў паветры арэхавы кіёк.— Іш, ты! Хаваецца...

Рыжы Генюсь, збялеўшы, мабыць, ад страху, мінуў ужо арфу, і цётка Тэкля апынулася акурат каля раскудлачанай Манькі, якая, спрабуючы падняцца з наўколенцаў, хуценька папраўляе валасы. Разгневаная Тэкля зыркае то на Маньку, то на Генюся, і нейкая здагадка асвятляе яе маршчыністы твар.

— Ага, вось як вы анбар мыеце! І Сеньку яшчэ нанялі...

— Цётачка, не кажыце мацеры! — галосіць Манька.— Яна ж заб'е мяне...

Тэкля стаіць каля арфы — немаладая, спрацаваная кабета, і гнеў у яе праходзіць, гасне румянец, які кружкамі выступіў на абветраных шчоках. Яна глядзіць на Маньку, глядзіць на Генюся і раптам пачынае смяяцца:

— Ха-ха-ха! Д альбо, не магу. Гэта ж так рассмяшылі. Ха-ха-ха!

Смех у Тэклі нервовы, нейкі траскучы, з перахліпамі.

— Гы-гы-гы! — выйшаў з утрапення і ўслед за цёткай забухаў, як у бочку, рыжы Генюсь.— Гы-гы-гы !

Манька глядзіць, глядзіць на іх і таксама пачынае смяяцца. Смяецца Манька, смяецца Сенька, усміхаецца Алёшка.

— Ха-ха-ха! — рагоча чысценькі, падмецены, вышараваны свіран.

— Ой, дайце радачкі! Бокі баляць,— выцірае нарэшце слёзы цётка Тэкля.— Пайду я. Якое мне дзела да вас.

Яна бярэ Алёшку за рукаво, цягне на выхад. Ужо каля парога азіраецца, ківае пальцам рыжаму Генюсю:

— А Сеньку дарма ты ашукаў. Ды што Сенька! Я і сама, дурніца, паверыла.

Трэба ўжо ўцякаць і Сеньку. Рыжы кладаўшчык, напэўна, зараз, як абцугамі, ушчаперыцца пальцамі за вуха. Ён бокам ціснецца да дзвярэй, не зводзячы вачэй з ашуканца. Але дзіўна: той не бяжыць, не даганяе хлопца.

— Сенька, куды ты? — кліча рыжы Генюсь, і голас у яго нейкі ціхі, вінаваты.— Ідзі сюды.— Я табе працадзень запішу.

— Не пайду!

Рыжы Генюсь выцягвае з халяўкі бота згорнуты ў трубку сшытак і, схіліўшыся над арфай, нешта крэмзае ў ім.

— От глядзі — запісаў...

Але паказаць працадзень няма каму — Сеньку як вецер вымеў са свірна. Ён бяжыць паўз трухлявыя платы і яшчэ не ведае, ці варта яму крыўдзіцца на Генюся. Жаніцца, мабыць, будзе рыжы падманшчык. Таму і наблытаў з гэтай Сенькавай службай.

Сенька думае пра сваю крыўду і нечакана прыцішвае крок.

Уперадзе перад ім па няроўнай вуліцы ідуць цётка Тэкля і яе кульгавы Алёшка. Тэкля спяшаецца, ідзе порстка, пылячы босымі нагамі, але і Алёшка не адстае. Кульгець, кульгець — толькі арэхавыя кійкі мільгаюць. Тэкля нешта гаворыць сыну, і Алёшка ў адказ ківае галавой.

Сеньку не хочацца даганяць іх.


1980-1981?

Тэкст падаецца паводле выдання: Гардзей В. Дом з блакітнымі аканіцамі: Аповесць і апавяданні. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1984. - 256 с.
Крыніца: скан